ПАУСТО́ЎСКІ (Канстанцін Георгіевіч) (31.5.1892, Масква — 14.7.1968),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Кіеўскім (1911—13), Маскоўскім (1914) ун-тах. Пасля 1917 супрацоўнічаў у газетах, «Окнах РОСТА», ТАСС. Падарожнічаў па краіне, быў на Беларусі. Друкаваўся з 1912. Першы раман «Рамантыкі» (1916—23, апубл. ў 1935). У ранніх творах (зб-кіапавяд. і нарысаў «Марскія эскізы», 1925; «Сустрэчныя караблі», 1928; раман «Зіхатлівыя воблакі», 1929) востры дынамічны сюжэт, героі — летуценнікі, якія прагнуць рамант. прыгод. Аповесці «Кара-Бугаз» (1932), «Калхіда» (1934) пра этычныя праблемы пераўтварэння навакольнага асяроддзя. Карціны рус. прыроды ў аповесці «Мяшчорская старана» (1939), апавяд. (зб. «Летнія дні», 1937) і інш. У аўтабіягр. эпапеі «Аповесць пра жыццё» (ч. 1—6, 1945—63) шмат раздзелаў прысвечана Беларусі («Карчма на Брагінцы», «Мястэчка Кобрын», «У балотных лясах», «Гнілая зіма» і інш.). Аўтар нататак пра пісьменніцкую працу «Залатая ружа» (1955), гіст. аповесцей «Лёс Шарля Лансевіля» (1933), «Паўночная аповесць» (1938; аднайм. фільм 1960), біягр. аповесцей пра людзей мастацтва «Ісак Левітан» (1937), «Тарас Шаўчэнка» (1939), п’ес «Паручнік Лермантаў» (1941), «Наш сучаснік (Пушкін)» (1949), кніг гіст.-біягр. нарысаў «Блізкія і далёкія» (1967), успамінаў, казак, кінасцэнарыяў і інш. Прозе П. ўласцівы лірызм, эмацыянальнасць, рамант. ўспрыняцце жыцця, паэтычнасць мовы. П’еса «Пярсцёнак» паст. Брэсцкім т-рам драмы і музыкі (1976). Асобныя яго творы на бел. мову пераклалі Я.Брыль, А.Кучар, А.Марціновіч, Л.Салавей і інш.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—9. М., 1981—86;
Бел.пер. — Кара-Бугаз. 2 выд.Мн., 1935;
Калхіда. Мн., 1935;
Чорнае мора. Мн., 1938;
Аповесці. Мн., 1957;
Белая вясёлка: Аповесці і апавяданні. Мн., 1976.
Літ.:
Левицкий Л.А. Константин Паустовский. 2 изд. М., 1977;
Кременцов А.И. К.Г.Паустовский: Жизнь и творчество. М., 1982;
Воспоминания о Константине Паустовском. М., 1983;
Измайлов А.Ф. Наедине с Паустовским: К.Г.Паустовский — прозаик, публицист, критик, драматург.Л., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЗУНЫ́, рэптыліі (Reptilia),
клас вышэйшых пазваночных (амніёт). Вядомы з сярэдняга карбону (каля 300 млн.г. назад). Паходзяць ад стэгацэфалаў; мелі 2 гал.эвалюц. ствалы — зверападобных (далі пачатак млекакормячым) і дыяпсід (архазаўраў і лепідазаўраў, якія далі пачатак птушкам). Найб. разнастайныя былі ў мезазойскую эру (каля 200—150 млн.г. назад), калі сярод іх з’явіліся марскія (іхтыязаўры і інш.) і лятаючыя (птэразаўры) формы. 4 сучасныя атр.: кракадзілы, лускаватыя, чарапахі і дзюбагаловыя; больш за 8 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей, найб. у тропіках і субтропіках. Жывуць у розных біятопах: ад сухіх адкрытых месцаў да рознага тыпу лясоў, балот і вадаёмаў. Некат. ўпадаюць у зімовую або летнюю спячку. Каля 150 відаў і падвідаў у Чырв. кнізе МСАП. На Беларусі 7 відаў: вераценніца ломкая, гадзюка звычайная, мядзянка, вуж звычайны, чарапаха балотная, яшчаркі жывародная і порсткая. Мядзянка і чарапаха балотная занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. ад некалькіх сантыметраў (некат. яшчаркі) да 10 м (некат. змеі), маса ад некалькіх грамаў да 500 кг і больш (некат. кракадзілы, чарапахі). Цела ўкрыта рагавой луской, пласцінкамі або панцырам. Канечнасці пяціпальцыя, у некат. відазмененыя (марскія чарапахі, хамелеоны) або рэдукаваныя (змеі, некат. яшчаркі). П. — пайкілатэрмныя жывёлы. Сэрца трохкамернае (у кракадзілаў чатырохкамернае). У галаўным мозгу — зачаткавая кара (неапалеум). Сярод змей і яшчарак ёсць ядавітыя. Пераважна драпежнікі, некат. чарапахі і яшчаркі расліннаедныя. Раздзельнаполыя. Размнажаюцца яйцамі, многім уласціва яйцажыванараджэнне і жыванараджэнне; некат. змеям і яшчаркам уласцівы партэнагенез. Асобныя віды — аб’екты промыслу. Прэпараты змяінага яду выкарыстоўваюцца ў медыцыне. Вывучае П. герпеталогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАКЛАДНА́Я АПО́ВЕСЦЬ,
адзін з асноўных жанраў старажытнабеларускай літаратуры 15—17 ст., які аб’ядноўвае розныя апавядальныя творы замежнай літаратуры, перакладзеныя на бел. мову. Вядома з часоў Кіеўскай Русі (гл.Аповесць старажытнаруская); яе ўзнікненне звязана з пашырэннем культ. узаемасувязей Беларусі з замежнымі краінамі і з завяршэннем фарміравання ў 15 ст. старабел. літ.пісьмовай мовы. Большасць П.а. паявілася на Беларусі з заходнееўрап. узораў праз зах.-слав. і паўд.-слав. пасрэдніцтва. Вылучаюць рэлігійныя і свецкія П.а. Рэлігійныя падобныя да апокрыфаў («Страсці Хрыстовы», «Жыціе Аляксея, чалавека божага», «Аповесць пра трох каралёў», «Аповесць пра Таўдала»). Да свецкіх належаць рыцарскія раманы, якія на Беларусі называліся аповесцямі («Аповесць пра Трышчана», «Аповесць пра Баву»), гіст. аповесці («Александрыя», «Гісторыя пра Атылу», «Мамаева пабоішча», «Троя»), дыдактычныя і жартоўныя маст. творы. Змяшчаліся ў зб-ках «Вялікае зярцала» і «Рымскія дзяянні» (напр., «Гісторыя пра Апалона Цірскага»), у хроніках-зводах і хранографах (гл.«Вялікая хроніка», «Хроніка ўсяго свету»), У П.а. часам свядома пашыраўся ці скарачаўся тэкст, уключаўся мясцовы матэрыял, узмацняліся ідэі гуманізму, беларусізаваліся імёны і інш. (напр., «Аповесць пра Трышчана» — варыянт рыцарскага рамана пра Трыстана і Ізольду). П.а. лічацца некат. біблейскія кнігі, перакладзеныя і выдадзеныя Ф.Скарынам («Юдзіф», «Эсфір», «Руф» і інш.). П.а. напісаны жывой гутарковай мовай. Яны ўзбагацілі і паўплывалі на развіццё арыгінальнай бел. л-ры (асабліва празаічных жанраў), на станаўленне бел. белетрыстыкі. Некат. аповесці пранікалі праз бел. пасрэдніцтва на Украіну і ў Расію, што ўмацоўвала культ. ўзаемасувязі паміж народамі.
Літ.:
Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 3, вып. 2. Пг., 1921;
Кузьмина В.Д. Рыцарский роман на Руси. М., 1964;
Кривчик В.Ф. О словарном составе белорусских переводных повестей второй половины XVI в. // Уч. зап. БГУ. Сер. фил. Мн., 1956. Вып. 27;
Гісторыя беларускай літаратуры: Сгаражытны перыяд. 4 выд.Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЛЁТЫ ПТУ́ШАК,
штогадовыя рэгулярныя масавыя перамяшчэнні птушак з гнездавання ў месцы зімовак і наадварот; адна з форм міграцыі жывёл. Склаліся гістарычна і генетычна (спадчынна) замацаваны. Маюць зменлівы характар: папуляцыі аднаго віду могуць быць пералётнымі і аселымі (напр., галка ва Усх. Еўропе аселая, у Сібіры пералётная). Асн. прычыны П.п. — змена сезоннай і сутачнай фотаперыядычнасці, змены т-ры, прыстасаванне да сезонных ваганняў клімату і залежных фактараў (забеспячэнне кормам і інш.). Адлегласці, шляхі і скорасці П.п. розныя: ад 400 км (дразды, пуначкі і інш.) да 30 тыс.км у крачкі палярнай; за суткі пераадольваюць ад 30 км (сініцы) да 300 км (мухалоўкі, сітаўкі і інш.). На Беларусі сістэм. назіранні за П.п. вядуцца з 1960-х г.
Месцы гнездавання і зімовак птушак пастаянныя. Большасць еўрап. відаў зімуе ў Паўд, Паўд.-Зах. Еўропе і Афрыцы, заходнесібірскіх — у Зах. Азіі і ва ўсх.ч. Афрыкі, усходнесібірскіх і далёкаўсходніх — у Індыі, Аўстраліі, Амерыцы. У арыентацыі птушак вял. значэнне мае рэцэпторная сістэма, пачуццё геагр. размяшчэння, звязанае з магн. з’явамі на Зямлі і інш П.п. адбываюцца ўдзень (берасцянкі, буслы, жураўлі, шпакі), уначы (валасянкі, некат. кулікі, пастушкі), удзень і ўначы (гагары, гусі і інш.). Большасць птушак ляціць чародамі рознай канфігурацыі (гусі — ключом або клінам, жураўлі — клінам, качкі — шарэнгай, шпакі — шматслойнай чарадой), некат. віды — па адной ці невял. групамі. У час пералётаў птушкі ляцяць на выш. ад 100 да 1000 м, зрэдку большай. Вясной птушкі ляцяць хутчэй, чым восенню. Вывучаюць П.п. метадамі кальцавання птушак, радыёлакацыі, тэлеметрыі і інш. На пералётах мае вял. значэнне міжнар. ахова птушак.
Літ.:
Дольник В.Р. Таинственные перелеты. М., 1968;
Михеев А.В. Перелеты птиц. 2 изд. М., 1981;
Карри-Линдал К. Птицы над сушей и морем: Пер. со швед.М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШЫ ПАДЗЕ́Л РЭ́ЧЫ ПАСПАЛІ́ТАЙ.
Ажыццёўлены Рас. імперыяй, Прусіяй і Аўстрыяй у 1772. Непасрэднай падставай падзелу паслужыла дзейнасць Барскай канфедэрацыі, фактычнай — імкненне дзяржаў-суседзяў да пашырэння сваіх тэрыторый за кошт аслабленай унутр. сваркамі Рэчы Паспалітай. Праекты падзелу разглядаліся Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй з 1763; у 1772 яны прыйшлі да згоды. У дэкларацыі да польск. караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і «рэспублікі» (Рэчы Паспалітай) рас. імператрыца Кацярына II паведаміла, што 3 дзяржавы заяўляюць «свае старажытныя правы і законныя прэтэнзіі на ўладанні рэспублікі, прычым кожная дзяржава гатова падтрымаць свае патрабаванні дакументамі і трывалымі довадамі». Не чакаючы падпісання дакументаў пра падзел, 8.6.1772 Кацярына II загадала стварыць Пскоўскую губ. з Пскоўскай, Велікалуцкай, Дзвінскай, Полацкай правінцый (губернскі цэнтр г. Апочка) і Магілёўскую губ. з Магілёўскай, Аршанскай, Віцебскай (пазней у Пскоўскай губ.), Рагачоўскай правінцый (губернскі цэнтр г. Магілёў). 5.8.1772 у С.-Пецярбургу падпісана канвенцыя паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй пра частковы падзел Рэчы Паспалітай. Да Рас. імперыі адышло Інфлянцкае, б.ч. Полацкага (па правым беразе Дзвіны), амаль усё Віцебскае, Мсціслаўскае ваяв., усх.ч. Рэчыцкага пав. Мінскага ваяв. з гарадамі Полацк, Віцебск, Магілёў, Орша, Прапойск, Мсціслаў, Рагачоў, Гомель, Чачэрск і інш. Аўстрыя захапіла зах.ч. Украіны з Львовам і паўд.ч. Польшчы (ваяв. Рускае, ч. Белзскага, Кракаўскага, Сандамірскага, ускраіны Валынскага, Падольскага); Прусія заняла паўн.зах. ч. Польшчы [Вармія, ваяв. Паморскае (без Гданьска), Мальбаркскае, Хэлмскае (без Торуня), частку Інавроцлаўскага). Войскі 3 дзяржаў акупіравалі далучаныя тэрыторыі. 29.9.1773 паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай падпісаны трактат «Пра аднаўленне міру паміж абедзвюма дзяржавамі і пра далучэнне да Расіі некаторых ад Польшчы зямель». У «асобным акце», прынятым 26.3.1775, Расія гарантавала Рэчы Паспалітай захаванне кардынальных правоў (шляхецкіх вольнасцей). 11.4.1775 гэты акт і дагавор пра падзел атрымалі фармальную санкцыю сейма ў Варшаве.
Літ.:
Соловьев С.М. История падения Польши. М., 1863;
Костомаров Н.И. Старый спор: Последние годы Речи Посполитой. М., 1994;
Анішчанка Я.К. Беларусь у часы Кацярыны II (1772—1796 гг.). Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАТАНІ́ЗМ,
у вузкім сэнсе — кірунак стараж.-грэч. філасофіі 1 ст. да н.э. — пач. 3 ст.н.э.; у шырокім сэнсе — усякі філас. кірунак, які абапіраецца на вучэнне Платона.
У антычнасці П. быў прадстаўлены філосафамі Акадэміі платонаўскай (Спеўсіп, Ксенакрат, Аркесілай, Карнеад і інш.). У духу стаіцызму трактаваў вучэнне Платона Пасідоній; створаны ім стаічны П. знайшоў апору ў багаслоўі Філона Александрыйскага, у гнастыцызме, у — герметызме і ва ўсёй данікейскай патрыстыцы, а ў 2—3 ст.н.э. ў Нуменія, настаўніка Плаціна і Арыгена, які выступаў за сінтэзаванне П. і арыстоцелізму. Гэта садзейнічала пераадоленню элементаў натуралізму, характэрнага для эпохі элінізму, і складванню ў 3 ст.н.э. асноў неаплатанізму. Інтарэс да П. адрадзіўся пасля аднаўлення ў Фларэнцыі філосафам М.Фічына платонаўскай Акадэміі (1459), адкуль ён праз кембрыджскую школу распаўсюдзіўся ў Англіі. Пад уплывам англ. філасофіі і дзякуючы ням. ідэалізму П. і неаплатанізм адрадзіліся ў Германіі, аднак толькі з Г.Лейбніца пачалося гіст. разуменне першапачатковага П.
Неабходны элемент П. — проціпастаўленне пачуццёвага свету свету ідэй. Паводле гэтай канцэпцыі, не ідэя ўтварае сабой адлюстраванне матэрыі, а матэрыя ёсць адлюстраванне і выцяканне ідэі. Платонаўскую ідэю ў П. разглядаюць як родавае, гранічна абагульненае і жыццёва важнае лагічнае паняцце, якое змяшчае ў сабе прынцып канструявання сутнасці рэчы і, значыць, самой рэчы, утварае субстанцыянальную рэчаіснасць і яе мэту. Дамінуючую ролю ў гісторыі П. адыгрывала разуменне дыялектыкі як метаду, заснаванага на ўстанаўленні адзінства процілегласцей. Пры дапамозе такога разумення былі распрацаваны 3 асн. іпастасі (Адзінага, Розуму і Сусв. душы), выяўленне якіх заўсёды складала асн. змест П. (разам з вытлумачэннем матэрыяльнага космасу). Адной з асн. канцэпцый П. з’яўляецца вучэнне аб бессмяротнасці душы і цела, або аб кругавароце душ, г. зн. аб іх пераўвасабленні і перасяленні (сам Платон лічыў, што пасля смерці цела душа пераходзіць у другое цела або функцыянуе ў космасе).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАТО́НАЎ (Расціслаў Пятровіч) (н. 15.4.1930, г. Слуцк Мінскай вобл.),
бел. гісторык, публіцыст. Д-ргіст.н. (1982), праф. (1984). Скончыў БДУ (1955). Працаваў у друку, камсам. і парт. органах, мінскіх ВНУ. У 1973—80 сакратар Мінскага абкома КПБ, у 1980—91 дырэктар Ін-та гісторыі партыі пры ЦККПБ. З 1992 у Бел.НДІ дакументазнаўства і архіўнай справы, з 1999 нам. дырэктара ін-та, старшыня Археагр. камісіі Дзяржкамархіва Рэспублікі Беларусь, з 2000 гал. рэдактар «Беларускага археаграфічнага штогодніка». Даследуе праблемы дзярж. будаўніцтва, паліт. гісторыі Беларусі, КПБ, барацьбы бел. народа супраць ням.-фаш. захопнікаў у Вял.Айч. вайну. Працуе ў галіне крыніцазнаўства і практычнай археаграфіі. Адзін з аўтараў калектыўных прац: «Усенародная барацьба ў Беларусі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны» (т. 1—3, 1983—85), «Старонкі гісторыі Кампартыі Беларусі: меркаванні, аргументы, факты» (1990), «Нямецка-фашысцкі генацыд на Беларусі (1941—1944)» (1995), «Дзяржаўнасць Беларусі: Праблемы фарміравання ў праграмах палітычных партый» (1999), «Вышэйшыя органы дзяржаўнай улады і цэнтральнага кіравання БССР (1965—1991 гг.)» (ч. 1—3, 2000), «Беларусь на мяжы тысячагоддзяў» (2000) і інш.Дэп. Вярх. СаветаБССР у 1980—89.
Тв.:
Пропаганда научного атеизма: Ист.-социол. исслед. на материалах Компартии Белоруссии. Мн., 1982;
Авангардная сила советского общества. Мн., 1986;
На крутом переломе: Очерк основных направлений деятельности Компартии Белоруссии по осуществлению перестройки Мн., 1989 (разам з Ю.П.Смірновым);
Палітыкі. Ідэі. Лёсы: Грамадзян. пазіцыі ва ўмовах нарастання ідэолага-паліт. дыктату ў Беларусі 20—30-х гг.Мн., 1996;
Лёсы: Гіст.-дак. нарысы аб людзях і малавядомых падзеях духоўнага жыцця ў Беларусі 20—30-х гг.Мн., 1998;
На крутым павароце: Ідэолага-паліт. барацьба на Беларусі ў 1929—1931 гг.Мн., 1999;
Белоруссия, 1941-й: известное и неизвестное. Мн., 2000.
Літ.:
Р.П.Платонаў: (Да 70-годдзя з дня нараджэння): Бібліягр. паказ. Мн., 2000;
Міхальчанка А. і інш. Вучоны, грамадскі дзеяч, журналіст // Бел.гіст.часоп. 2000. № 2.
расійская артыстка балета, балетмайстар. Жонка Р.Шчадрына. Нар.арт.СССР (1959). Герой Сац. Працы (1985). Скончыла Маск. харэаграфічнае вуч. (1943). У 1943—90 — салістка Вял.т-ра ў Маскве. У 1983—84 маст. кіраўнік балетнай трупы Рым. опернага т-ра, у 1988—90 — «Тэатра лірыка насіяналь» (Мадрыд). Творчасці П. уласціва спалучэнне традыцый рус. харэаграфічнай школы з наватарствам сучаснага балета. Яе выканальніцтва вызначаецца шырокай палітрай харэаграфічных фарбаў ад лірызму да бурных парываў, стыхійнай непасрэднасці. Стварыла шырокія па дыяпазоне тэхнічна дасканалыя вобразы, якія вызначаюцца гераічнай патэтыкай, драм. экспрэсіяй, псіхал. глыбінёй. Сярод лепшых творчых дасягненняў: «Паміраючы лебедзь» (К.Сен-Санса), «Кармэн-сюіта» (Дж.Бізэ — Шчадрына), «Пагібель ружы» (Г.Малера), «Балеро» (М.Равеля). Выканала партыі: Кітры («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Адэта — Адылія («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Жар-Птушка («Жар-Птушка» І.Стравінскага), Мехменэ Бану («Легенда пра каханне» А.Мелікава), Лаўрэнсія («Лаўрэнсія» А.Крэйна), Гаспадыня Меднай гары («Каменная кветка» С.Пракоф’ева) і інш. Паставіла балеты: на сцэне Вял.т-ра — «Ганна Карэніна» (1972; сумесна з Н.Рыжэнка і В.Смірновым-Галаванавым), «Чайка» (па матывах аднайм. п’есы А.Чэхава, 1980), «Дама з сабачкам» (1985; усе Шчадрына), у якіх выканала гал. партыі; у Оперным т-ры ў Тэрмах Каракалы ў Рыме — «Раймонда» (1984) і інш. Здымалася на тэлебачанні і ў кіно («Вайна і мір», 1966). Аўтар кн. «Я, Мая Плісецкая...» (1994). Яе творчасці прысвечаны дакумент. фільмы «Мая Плісецкая» (1964, 1973, 1974), «Балерына» (1969), «Мая Плісецкая. Знаёмая і незнаёмая» (1987). У 1994 прайшоў першы міжнар. балетны конкурс «Мая» (С.-Пецярбург). Прэмія Г.Паўлавай 1962 (Парыж). Ленінская прэмія 1964.
Літ.:
Рославлева Н.П. М.Плисецкая. М., 1968;
Львов-Анохин Б. Мастера Большого балета. М., 1976;
М.Плисецкая: [Фотоальбом]. М., 1980;
Фирер А. «Талант — единственная новость...» // Муз. жизнь. 1994. № 1;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛУТО́Н,
дзевятая па адлегласці ад Сонца і апошняя з вядомых планет Сонечнай сістэмы. Астр. знак ♇. Адкрыты К.Томба (1930, ЗША). Існаванне П. тэарэтычна памылкова прадказаў амер. астраном П.Ловел (1915) з аналізу ўзбурэнняў, якія П. быццам аказвае на рух планеты Нептун. Вывучэнне арбіты П. паказала, што Ловел памыліўся ў разліках і адкрыццё П. было выпадковым.
Бляск П. 14,7 візуальнай зорнай велічыні (простым вокам не назіраецца). Абарачаецца вакол Сонца па вельмі выцягнутай арбіце з перыядам 247,7 зямнога года і сярэдняй скорасцю 4,7 км/с; перасякае арбіту планеты Нептун. Сярэдняя адлегласць ад Сонца 39,4 а.а. Мае вял. спадарожнік Харон, параўнальны па памерах з П., таму сістэму П. — Харон наз. падвойнай планетай. Яны знаходзяцца блізка адзін ад аднаго і першапачаткова пры назіранні зліваліся ў адно цела (памеры П. былі завышаныя). Пры дапамозе касм. тэлескопа імя Э.Хабла (1995, НАСА) атрыманы відарысы П. і Харона; вызначаны дыяметры П. — 2320 км і Харона — 1270 км, радыус арбіты Харона 19 130 км; перыяд абарачэння спадарожніка роўны перыяду вярчэння самога П. — 6,387 зямных сутак (сінхронная арбіта). Сярэдняя шчыльнасць П. 2,06∙103кг/м³, Харона 2,18 ∙103кг/м³. Абодва целы складаюцца ў асноўным з лёду; спектраскапічнымі метадамі на паверхні П. выяўлены замёрзлы метан; т-ра паверхні каля -228 °C Маса П. каля 1,79∙1022кг. У 1999 Міжнар.астр. саюз перавёў П. у разрад планет-астэроідаў з прысваеннем парадкавага нумара астэроіда і з захаваннем статуса планеты Сонечнай сістэмы.
Літ.:
Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ.М., 1984;
Гребеников Е.А., Рябов Ю.А. Поиски и открытия планет. 2 изд. М., 1984;
Маров М.Я. Планеты Солнечной системы. 2 изд. М., 1986.
А.А.Шымбалёў.
Планета Плутон і яе спадарожнік Харон (касмічны тэлескоп імя Э.Хабла, 1995, НАСА).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІСЕМІ́Я (ад полі... + грэч. sēma знак),
мнагазначнасць, наяўнасць у моўнай адзінкі (слова, фразеалагізма і інш.) некалькіх звязаных паміж сабой значэнняў. Адрозніваюць першасныя (асн., гал., прамыя) і другасныя (вытворныя, пераносныя) значэнні, што ўзнікаюць і развіваюцца на аснове першасных.
Канкрэтнае значэнне мнагазначнага слова вынікае з яго семантычных сувязей з інш словамі ў межах словазлучэння, сказа ці больш шырокага моўнага кантэксту («лясная дарога — жыццёвая дарога», «несці рэчы — несці страты»), Многія словы маюць да 10 і больш значэнняў (напр., значэнні слоў «зямля», «хлеб», «жыццё», «добры», «ведаць» і інш.). Нягледзячы на сэнсавыя адметнасці ва ўжыванні такіх слоў, паміж іх значэннямі існуе пэўная семантычная сувязь, што аб’ядноўвае і дазваляе лічыць іх значэннямі аднаго і таго ж слова ў адрозненне ад аналагічных па форме слоў-амонімаў. П. можа ўзнікаць на сэнсавых сувязях адпаведных слоў («сцяна будынка — сцяна лесу») і на асацыятыўных уяўленнях пра пэўныя прадметы, з’явы рэчаіснасці («цень дрэва — цень смутку»); на аснове падабенства прадметаў па форме, колеры, функцыі, размяшчэнні ў прасторы («ножка стала», «залатая восень»), пераносу адзнак, уласцівых чалавеку ці інш. істотам, на прадметы нежывой прыроды («лагодны вецер, «спіць рака»), назваў матэрыяльных з’яў на сац., маральныя («грамадская думка», «моцная дружба») і інш. (гл.Метафара); на аснове сумежнасці прадметаў ці з’яў рэчаіснасці («уважлівая аўдыторыя», «чытаць Купалу»; гл.Метанімія); у выніку суаднесенасці назваў цэлага прадмета з яго ч.: «У сям’і пяць ратоў» (К.Чорны) і інш. (гл.Сінекдаха). У працэсе гіст. ўжывання некат. слоў другасныя значэнні, што ўзніклі і развіваліся на базе першасных, пачынаюць выступаць у ролі асноўных (параўн., напр., семантычнае выкарыстанне слоў «багатыр», «будзень» і інш. у сучаснай бел. мове).
Літ.:
Красней В.П. Лексіка і фразеалогія беларускай мовы. Мн., 1982;
Абабурка М.В. Беларускае слова і яго вывучэнне. Мн., 1986;
Старычонак В.Дз. Полісемія ў беларускай мове (на матэрыяле субстантываў). М., 1997.