Ангора, горад, сталіца Турцыі і адм. ц. аднайменнага іля. 2,56 млн.ж. (з прыгарадамі каля 3,2 млн.; 1990). На выш. 848 м у катлавіне Анаталійскага пласкагор’я ў месцы зліцця рэк Чубук і Анкара. Адзін з важнейшых прамысл. і гандл. цэнтраў краіны. Блізкасць Анкары да металург. базы (з-д у г. Карабюк), каменнавугальнага бас. Зангулдак і крыніц с.-г. сыравіны спрыяе развіццю разнастайнай прам-сці: металаапр., маш.-буд. (авіяц., электратэхн., трактаразборачны і інш. з-ды), хім., цэментнай, шыннай, харчасмакавай, паліграфічнай. Рамесная вытв-сць — вырабы з воўны ангорскіх коз (тыфтык), ткацтва дываноў і інш. Чыгункі і аўтатрасы звязваюць Анкару з асн.прамысл. цэнтрамі і партамі краіны, праз міжнар. аэрапорт — з многімі краінамі свету.
Засн. ў 7 ст. да н.э. фрыгійскім царом Мідасам. Уваходзіла ў Рымскую імперыю, Візантыю, з 14 ст. ў Асманскую імперыю. У стараж. і сярэднія вякі — важны цэнтр караваннага гандлю ў Анатоліі. Каля горада адбылася Анкарская бітва 1402. Анкара — цэнтр нац.-вызв. руху 1918—22, рэзідэнцыя Прадстаўнічага к-та, з 23.4.1920 — Вял.нац. сходу Турцыі і створанага ім урада. З 1923 сталіца Турцыі.
У Старым горадзе з вузкімі вулачкамі — храм Аўгуста і Ромы (засн. ў 2 ст. да н.э.), тэрмы (канец 2 ст. — пач. 3 ст.), калона Юліяна (4 ст.), сцены цытадэлі (эпоха Аўгуста), мячэці Алааддзіна (1178), Арслан-хана (1210, перабудавана ў 1330), крыты рынак Махмудпашы (паміж 1464 і 1471). У Новым горадзе (развіваецца з 1920) рэгулярная планіроўка, шматпавярховыя дамы, катэджы, комплекс мін-ваў і новага меджліса, маўзалей Атацюрка (1953, арх. Э.Анат, А.Арда, скульпт. З.Мюрыдаглу і інш). Помнік Атацюрку (1971, скульпт. Х.Гезер). 3 ун-ты, кансерваторыя, 6 дзярж. тэатраў. Археал. і этнагр. музеі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУХАРА́,
горад ва Узбекістане, цэнтр Бухарскай вобл., у даліне р. Зераўшан. 224 тыс.ж. (1994). Чыг. станцыя. Лёгкая (каракулевая, бавоўнаачышчальная, швейная, трыкат., шоўкаматальная), харчасмакавая (маслаэкстракцыйная, малочная, кандытарская і інш.), мэблевая прам-сць. Старадаўнія маст. промыслы (залаташвейны, шаўкаткацкі, чаканка па медзі і інш.). Пед.ін-т. Тэатр.
Засн.каля 1 ст.н. э. У 709 заваявана арабамі, значны гандлёва-рамесны і культ. цэнтр Сярэдняй Азіі. У 9—10 ст. сталіца Саманідаў дзяржавы, у канцы 10 ст. захоплена качэўнікамі, у 1220 Чынгісханам, у 1370 Цімурам, на пач. 16 ст. качэўнікамі-узбекамі, увайшла ў склад Шайбанідаў дзяржавы і стала яе сталіцай. З сярэдзіны 16 ст. сталіца Бухарскага ханства. З 1868 у складзе Расіі. У 1920—24 сталіца Бухарскай народнай савецкай рэспублікі, з 1925 ва Узбекістане, цэнтр Зераўшанскай акр., з 1938 Бухарскай вобл.
Бухара горад-музей, у якім захавалася каля 140 помнікаў архітэктуры. Найб. значныя: маўзалей Ісмаіла Самані (9—10 ст.), медрэсэ Улугбека (1417), ансамбль медрэсэ Міры-Араб (1535—36) і саборнай мячэці Калян (1514) з мінарэтам (1127), медрэсэ Абдулазіз-хана (1651—52). У 18—19 ст.маст. традыцыі захоўвала нар. дойлідства. Горад значна захаваў арх.-планіровачную структуру абкружанага сцяной Старога горада з магутнай цытадэллю (18—19 ст.) і традыц. жылымі дамамі з разьбой і размалёўкай у інтэр’ерах. Сучаснае буд-ва не закранае ансамбль Старога горада. Сярод помнікаў у наваколлі Бухары: мячэць-намазга (1119—20), ханакі Файзабад (1598—99) і Бехаўдзіна (1544—45), мемарыяльны ансамбль Чар-Бакр (мячэць, ханака і медрэсэ, 1560—63), палац эміраў Сітараі-махі-хаса (канец 19 ст. — 1918).
Да арт.Бухара. Медрэсэ Улугбека. 1417.Да арт.Бухара. Керамічная абліцоўка медрэсэ Кукельташ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗААЛАГІ́ЧНЫ ПАРК, заапарк,
навукова-асветная ўстанова, у якой у няволі трымаюць дзікіх жывёл для дэманстрацыі, вывучэння, захавання і ўзнаўлення. Адрозніваюць З.п. стацыянарныя, дзе жывёл трымаюць у клетках, вальерах або на вял. агароджаных плошчах (напаўвольна), і рухомыя — выстаўкі (філіялы). У некат. З.п. дэманструюць пароды свойскіх жывёл і бат. калекцыі (зоабат. паркі, напр., у Будапешце, Казані, Парыжы і інш.); бываюць камерцыйныя, у якіх праводзяць паказальныя выступленні з удзелам жывёл. Асн. задачы З.п.: захаванне калекцый дзікіх жывёл (асабліва рэдкіх і знікаючых відаў) мясц. і сусв. фауны ў штучных умовах (напр., у З.п. былі выратаваны ад знікнення алень Давіда, гавайская казарка, конь Пржавальскага і інш.); правядзенне н.-д., вучэбнай і навук.-асв. работы ў галіне заалогіі і аховы прыроды (напр., акліматызацыя жывёл, вывучэнне хвароб і метадаў лячэння, расплоджванне жывёл, правядзенне лекцый, экскурсій і інш.).
З.п. існавалі ў старажытнасці, напр. у Стараж. Рыме, Азіі і Афрыцы, дзе дзікіх жывёл трымалі з дэкар., рытуальнымі і інш. мэтамі; у Стараж. Егіпце, Кітаі З.п. пад назвай «Сады ведаў» існавалі 3 тыс. гадоў назад; у Еўропе вядомы з 14 ст. (у т. л. на Беларусі пад назвай «Мядзведжая акадэмія» існавалі ў гарадах Нясвіж, Смаргонь і належалі Радзівілам). Большасць З.п. заснаваны ў 19 ст.: у Лондане (1828), Берліне (1844), Мадрасе (1855), Мельбурне (1857), Парыжы (1858), Франкфурце-на-Майне (1858), Капенгагене (1859), Гамбургу (1863), Нью-Йорку (1865), Калькуце (1875). У 1990 у свеце было каля 850 З.п. (у т. л. ў Расіі каля 15, самыя старыя ў Маскве і С.-Пецярбургу). Буйнейшыя — Берлінскі ў Германіі і лонданскі Рэджэнспарк.
На Беларусі працуюць Гродзенскі заалагічны парк і Мінскі заапарк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫЯ́НА (Indiana),
штат на Пн ЗША, паміж воз. Мічыган і р. Агайо. Пл. 93,4 тыс.км². Нас. 5840 тыс.чал. (1996). Адм. ц. — г.Індыянапаліс, найб. гарады: Форт-Уэйн, Гэры, Эвансвіл, Саўг-Бенд, Хаманд. Рэльеф раўнінны, на Пд узгоркі выш. да 383 м. Клімат умерана вільготны. Сярэдняя т-растудз.каля -4 °C, ліп.каля 25 °C. За год выпадае ад 890 мм (на Пд) да 1120 мм (на Пн) ападкаў.
Індустр.-агр. штат. Вядучая галіна гаспадаркі — апрацоўчая прам-сць. Развіты чорная металургія, вытв-сцьтрансп. абсталявання, аўтамаб. і авіяц. рухавікоў, разнастайных прамысл., электронных і эл.-тэхн. вырабаў, цэменту, нафтапрадуктаў, хімікатаў, харч. прадуктаў, у т. л. дзіцячага харчавання. Здабыча нафты і каменнага вугалю. У сельскай гаспадарцы пераважае раслінаводства (62% даходаў). Штат размешчаны ў кукурузным поясе, с.-г. ўгоддзі займаюць больш за 75% тэрыторыі. Вырошчваюць кукурузу, сою, пшаніцу, сеяныя травы, агародніну, тытунь. Цяплічныя гаспадаркі.
Садоўніцтва. Мясная жывёлагадоўля. Пагалоўе (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлы — 1,15, свіней — 3,75, курэй — 26,2, індыкоў — 14. Густая сетка аўтадарог і чыгунак. Суднаходства па воз. Мічыган і р. Агайо.
Тэр. І. здаўна насялялі індзейцы. У 1670-я г. адкрыта еўрапейцамі (першым лічыцца француз Р. Ла Саль). З канца 17 — пач. 18 ст. каланізавана французамі (ч. Новай Францыі). Паводле Парыжскага мірнага дагавора 1763 пад уладай Вялікабрытаніі. Пасля вайны за незалежнасць у Паўн. Амерыцы 1775—83 адышла да ЗША і стала часткай іх паўн.-зах. тэрыторый (1787). З 1809 прыблізна ў сучасных межах У ходзе засялення еўрапейцамі мясц. індзейцы, якія супраціўляліся каланізацыі (апошняе буйное паўстанне адбылося ў час англа-амер. вайны 1812—14), знішчаны або выцеснены са сваіх зямель. З 1816 штат ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРЛА́НДЫЯ (Ireland),
востраў у складзе Брытанскіх а-воў, другі па велічыні пасля в-ва Вялікабрытанія. Большую ч. вострава займае дзяржава Ірландыя, на ПнУ — тэр. Вялікабрытаніі (Паўночная Ірландыя). Абмываецца Атлантычным ак., аддзелены ад в-ва Вялікабрытанія Ірландскім м. і пралівамі Паўночным і Св. Георга. Пл. 84 тыс.км². Працягваецца з Пн на Пд на 450 км, з 3 на У — каля 300 км. Нас. 3,5 млн.чал. (1993) у Ірландыі і 1,6 млн.чал. (1991) у Паўн. Ірландыі. Усх. берагі пераважна нізінныя, паўд. — мелкабухтавыя, зах. — парэзаны глыбокімі залівамі са шматлікімі прыбярэжнымі скалістымі астравамі У цэнтр. раёнах пераважаюць нізіны, на Пд і каля ўзбярэжжаў — глыбока расчлянёныя нізкагор’і і сярэднягор’і з найвыш. гарамі Керы (г. Карантуіл, 1041 м). Геал. будова б.ч. тэрыторыі І. прадстаўлена сістэмай брыт. каледанід і складзена з метамарфічных парод дакембрыю (крышт. сланцы, гнейсы, мігматыты, граніты) і неметамарфічных парод ніжняга палеазою (пясчанікі, сланцы, кангламераты, туфы). На ПнЗ і крайнім Пд развіты герцыніды дэвону і карбону (пясчанікі, кангламераты, сланцы, вапнякі і вугляносныя пароды). На ПнУ пашыраны мезазойскія марскія адклады і палеагенавыя платобазальты. Радовішчы поліметалічных руд, каляровых металаў, фасфарытаў, каменнага вугалю, вял. запасы торфу. Клімат умераны акіянічны. Сярэднія т-ры студз. 5—8 °C, ліп. 14—16 °C. Ападкаў 700—1500 мм, у гарах месцамі больш за 2000 мм за год. Густая сетка паўнаводных рэк (найб.р. Шанан), шмат азёр і балот. Тарфянікавыя і верасовыя пусткі, гаі з дубу, бярозы, хвоі. Вял.ч. тэрыторыі займаюць лугі. На землях, што пад ворывам, вырошчваюць пшаніцу, ячмень, авёс, цукр. буракі, бульбу. Рыбалоўства. Нац. паркі Гленвя, Кіларні. Некалькі рэзерватаў. Найб. гарады Дублін (Ірландыя) і Белфаст (Паўн. Ірландыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЫ́ЛЬСКАЯ ГРАДА́,
краявое ледавіковае ўтварэнне на ПдЗ Беларусі. Займае тэр. Нясвіжскага, Клецкага, Капыльскага і Слуцкага р-наў Мінскай, Баранавіцкага і Ляхавіцкага р-наў Брэсцкай абласцей. Належыць да паўд. адгалінавання Беларускай грады. На Пд абмежавана Баранавіцкай і Слуцкай раўнінамі, на З пераходзіць у Навагрудскае ўзв., на У працягваецца ў выглядзе ізаляваных канцавых утварэнняў. У субшыротным напрамку цягнецца амаль на 100 км, у субмерыдыянальным — на 45—50 км. Выш. да 243 м над узр. м. Адносная выш. да 84 м. Частка гал. водападзелу бас. Чорнага і Балтыйскага мораў. Рэльеф цэнтр. часткі згладжаны, на ўскраінах значна расчлянёны. У К.г. ўваходзяць больш дробныя канцова-марэнныя грады: Юшавіцкая, Скабінская, Браткаўская, Старасельская і шэраг участкаў з узгорыста-ўвалістым рэльефам у наваколлі в. Сноў Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. Да схілаў і міжградавых дэпрэсій прымеркаваны камы і камавыя масівы. Маюць месца папярочныя скразныя даліны, якія былі лагчынамі сцёку расталых ледавіковых вод і наследаваны сучаснымі рэкамі бас. Прыпяці (Нача, Лань, Морач, Лакнея) і бас. Нёмана (Ведзьма, Уша, Выня). К.г. прымеркавана да Бабаўнянскага выступу крышт. фундамента Бел. антэклізы, пароды якога ў некаторых месцах перакрыты толькі адкладамі плейстацэну. На перыферыі выступу ў асадкавай тоўшчы сустракаюцца адклады верхняга дэвону, мелу, палеагену і неагену. У будове плейстацэнавай тоўшчы прымалі ўдзел ледавіковыя ўтварэнні (марэнныя супескі, флювіягляцыяльныя пяскі, жвір і інш.) 4 зледзяненняў, а таксама перыгляцыяльныя і міжледавіковыя пароды (торф, гітыі, сапрапеліты, лёсы і інш.). Карысныя выкапні: буд. пяскі, жвір, торф, гліна. Глебы дзярнова-падзолістыя моцна ападзоленыя на павышаных участках, дзярнова-балотныя і тарфяна-балотныя ў далінах і лагчынах. Пад лесам каля 20% тэр., пад ворывам — да 60%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́НФ (Korinthos),
горад у Грэцыі, на Пн в-ва Пелапанес. Адм. ц. нома Карынфія. Каля 30 тыс.ж. (1996). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на Карынфскім канале (вываз разынак, аліўкавага алею). Буйнейшы ў краіне нафтаперапр.з-д. Перапрацоўка с.-г. прадукцыі.
У старажытнасці — горад-дзяржава (поліс). Засн., верагодна, у 9 ст. да н.э.дарыйцамі. У 8—7 ст. да н.э. буйны гандл. і рамесніцкі цэнтр (вырабы з бронзы і керамікі), стварыў калоніі Сіракузы, Керкіра, Патыдэя і інш. У 7—6 ст. да н.э. дасягнуў найб. росквіту. У канцы 6 ст. да н.э. ўступіў у Пелапанескі саюз, удзельнічаў у грэка-персідскіх войнах 500—449 да н.э. Супярэчнасці паміж Афінамі і К. былі адной з прычын Пелапанескай вайны 431—404 да н.э. Вёў Карыкфскую вайну 395—387 да н.э. У 243 да н.э. ўвайшоў у Ахейскі саюз. У 146 да н.э. захоплены і разбураны рымлянамі, у 46 да н.э. адбудаваны, з 27 да н.э.гал. горад рым. правінцыі Ахая. У 51 н.э. заснавана першая хрысц. абшчына. У 395 разбураны вестготамі, у 521 — моцным землетрасеннем. Пасля аднаўлення (522—523) — крэпасць. З 1205 пад уладай Візантыі, у 1455—1822 у складзе Асманскай імперыі. Сучасны К. адбудаваны за 6 км на ПдЗ ад старажытнага пасля моцнага землетрасення 1858. З 1896 вядуцца рэгулярныя археал. раскопкі. Захаваліся: храм Апалона (каля 550 да н.э.), рым. агара (15 н.э.), грэч. і рым. жыллёвыя кварталы, храмы, адэон, тэатр рым. часоў; ант. і сярэдневяковыя ўмацаванні на гары Акракарынф; руіны свяцілішча Пасейдона (5 ст. да н.э.), стадыёна пач. 4 ст. да н.э., рым. тэатра і тэрмаў; крэпасць Юстыніяна 6 ст., рэшткі ант. і сярэдневяковых абарончых збудаванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛА́ЙСКІ АРХІПЕЛА́Г,
найбуйнейшая група астравоў на Зямлі паміж Азіяй і Аўстраліяй. На М.а. тэр. Інданезіі, Малайзіі, Філіпін, Брунея, Усх. Тымора. Каля 10 тыс. астравоў, агульнай пл. больш за 2 млн.км². Уключае Вялікія Зондскія астравы, Малыя Зондскія астравы, Філіпінскія астравы, Малукскія астравы і інш.Найб. а-вы Калімантан, Суматра, Сулавесі, Ява. Пераважаюць сярэдневышынныя і нізкія горы выш. да 4101 м (г. Кінабалу на в-ве Калімантан). Ёсць узгорыстыя раўніны і нізіны, складзеныя з алювіяльных і марскіх адкладаў. Горы познакайназойскай і сучаснай складкавасці. Складзены пераважна з неагенавых абломкавых тоўшчаў, прарваных гранітнымі інтрузіямі (на в-ве Калімантан — з палеазойскіх парод). Каля 400 вулканаў, у т. л. больш за 100 дзеючых (найб. вядомы вулкан Кракатаў). Радовішчы волава, нафты, газу, баксітаў, медных, нікелевых, жал., марганцавых руд і інш. Клімат экватарыяльны і субэкватарыяльны. На раўнінах т-ры на працягу года 23—26 °C, ападкаў 2000—4000 мм; у гарах т-ры 15—17 °C, ападкаў больш за 5000 мм за год. Рэкі кароткія, мнагаводныя. 65% тэрыторыі ўкрыта вільготнымі трапічнымі лясамі, якія з’яўляюцца найстараж. лясной фармацыяй Зямлі. Характэрны высокі эндэмізм і велізарная відавая разнастайнасць флоры і фауны. У субэкватарыяльным поясе ўчасткі саваннаў. У гарах вышынная пояснасць. Трапічнае земляробства: на схілах узгоркаў вырошчваюць рыс, батат, земляны арэх, кукурузу; на нізінах — плантацыі гевеі, хіннага, кававага, гваздзіковага, кардамонавага дрэў і інш. Рыбалоўства.
М.В.Лаўрыновіч.
Герб і сцяг Малайзіі.Да арт.Малайзія. Ансамбль урадавых будынкаў у г. Куала-Лумпур.Да арт.Малайзія. Музей культуры г. Малака.Да арт.Малайзія. Музей культуры г. Куала-Лумпур.Да арт.Малайзія. Панарама г. Куала-Лумпур.Да арт.Малайзія. Будынак парламента ў г. Куала-Лумпур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́САВАЕ ДЗЕ́ЙСТВА,
тэатралізаванае відовішча з удзелам вял. колькасці выканаўцаў і гледачоў, звязанае са святкаваннем памятных гіст. падзей і юбілейных дат. Звычайна наладжваецца на плошчах, вуліцах, у парках, на стадыёнах. Элементы М.дз. мелі тэатралізаваныя гульні і абрады першабытных народаў. Існавалі ў Стараж. Грэцыі (культавыя святы, Алімп. гульні і інш.), у Англіі 17 ст. (нар. гульня пра Робіна Гуда), Германіі (масленічныя гульні і кірмашовыя святы), у Расіі (звязаныя з сельскімі святамі і нар. творчасцю, у т. л.русаллі). У 15—16 ст. М.дз. былі часткаю царк. набажэнства. У 18 ст. Пётр I увёў маскарады. Новыя формы М.дз. ўзніклі ў час франц. рэвалюцыі канца 18 ст., Парыжскай камуны 1871. У Расіі найб. пашыраны ў 1918—27, у т. л. «Да сусветнай камуны» і «Узяцце Зімняга палаца» (1920, Петраград), а таксама ў Маскве, Іркуцку, Кіеве і інш. Сярод рэжысёраў К.Марджанішвілі, М.Ахлопкаў і інш.
На Беларусі найб. вядома М.дз. «Праца і капітал», адбылося 8.5.1921 у Мінску ў гар. парку (аўтары сцэнарыя і пастаноўшчыкі Л.Літвінаў, Е.Міровіч і Бейтлер). У ім удзельнічала каля 1 тыс. чалавек — вайск. злучэнні Мінскага гарнізона, аб’яднаны хор пад кіраўніцтвам У.Тэраўскага, драм. артысты і балетная трупа Бел.дзярж.т-ра, самадз.драм. гурткі мінскіх клубаў, аб’яднаны духавы аркестр, каля 10 тыс. гледачоў. З 1950-х г. пашыраны тэматычныя М.дз. на стадыёнах, звязаныя з гіст. падзеямі рэспублікі і бел. гарадоў. Уключалі аб’яднаныя адной тэмай фізкульт. і танц. паказы, выступленні хар. калектываў, зводных духавых аркестраў, тэатралізаваныя шэсці, феерверкі. З 1990-х г. у буйных гарадах Беларусі праводзяцца святы горада з М.дз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МІНСК»,
1) лідэр эскадраных мінаносцаў Балт. флоту, экіпаж якога вызначыўся ў Вял.Айч. вайну. Пабудаваны ў 1934—39 на Балт. з-дзе ў Ленінградзе; спушчаны на ваду ў 1935 у прысутнасці дэлегацыі з Мінска, якая ўзяла шэфства над караблём. Меў на ўзбраенні гарматы розных калібраў, зеніткі, кулямёты, тарпедныя апараты, бомбакідальнікі, міны; экіпаж 343 чал. Удзельнічаў у баях у сав.-фінл. вайну 1939—40, у абароне Таліна ў пач.Вял.Айч. вайны. 28—29.8.1941 пры прарыве караблёў Балт. флоту з Таліна ў Кранштат быў флагманскім караблём атрада прыкрыцця, адбіў некалькі атак герм. тарпедных катэраў, падарваўся на міне, але экіпаж ліквідаваў пашкоджанні і дайшоў да Кранштата. 23.9.1941 патоплены ням. авіяцыяй. У 1942 падняты і зноў уведзены ў строй. З 1959 быў вучэбным караблём.
2) Былы авіянясучы процілодачны крэйсер Ціхаакіянскага флоту, адзін з найбуйнейшых сав. баявых караблёў. Пабудаваны на верфі ў г. Мікалаеў (Украіна), уступіў у строй у 1978.
Меў на ўзбраенні 21 карабельны верталёт, 12 самалётаў-штурмавікоў з верт. узлётам і пасадкай, процікарабельныя і зенітныя ракеты, водазмяшчэнне каля 40 тыс.т, экіпаж каля 1 тыс.чал. (разам з лётным персаналам; значную ч. экіпажа складалі ўраджэнцы Беларусі, у т. л. Мінска). З сак. 1989 у рамонце.
У 1993 карабель выключаны са складу флоту, потым з яго знята баявое і навігацыйнае абсталяванне, у 1999 ён прададзены Расіяй Кітаю. Былі аднатыпныя з «М.» крэйсеры «Кіеў» (на Паўн. флоце) і «Новарасійск» (на Чарнаморскім флоце). Іл.гл. пры арт.Крэйсер.
Літ.:
Розанов М. Лидер «Минск»: (Материалы к истории лидера «Минск» эскадры КБФ). Таллин, 1946;
Тыцких В. На крейсере «Минск»: Заметки из дальнего похода // Звезда. 1985. №5;
Полюхов А. Авианосный металлолом // Новое время. 1993. № 7.