род кветкавых раслін сям. лілейных. Больш за 130 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі, а таксама ў Паўн. Афрыцы. На Беларусі трапляюцца 8 відаў. Найб. вядомыя і пашыраныя гусіная цыбуля жоўтая (G. lutea) і малая (G. minima). Растуць пераважна ў вільготных лісцевых і мяшаных лясах, хмызняках, садах і парках. Рэдка трапляюцца: гусіная цыбуля зярністая (G. granulosa), пакрывальцавая (G. spathacea), Пачоскага (G. paczoskii). Толькі па звестках навук. л-ры вядомы гусіная цыбуля лугавая (G. pratensis), нізенькая (G. pusilla) і чырванеючая (G. erubescens).
Невысокія шматгадовыя травяністыя расліны, ранаквітучыя цыбульныя эфемероіды (улетку надземныя часткі адміраюць) з 1—3 цыбулінамі (іншы раз каля асновы гал. цыбулін развіваецца шмат дробных цыбулінак). Прыкаранёвы ліст 1, зрэдку 2. Кветкі дробныя, жоўтыя (рознага адцення), радзей белаватыя, зеленаватыя ці чырванаватыя, у раскідзістых гронка-парасонападобных суквеццях. Плод — трохгнездавая каробачка. Лек., харч., кармавыя, меданосныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛАМІ́Т (ад прозвішча франц. мінералога Д.Далам’ё),
1) мінерал класа карбанатаў, карбанат кальцыю і магнію, CaMg(CO3)2. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Крышталі ромбаэдрычныя, прызматычныя, таблітчастыя. Агрэгаты грубазярністыя да шчыльных мас. Колер шаравата-белы, часам з жаўтаватым, бураватым, зеленаватым адценнем. Бляск шкляны. Паўпразрысты да празрыстага. Цв 3,5—4. Шчыльн. 2,9—3,2 г/см³. Пашыраны пародаўтваральны мінерал пераважна асадкавага, радзей гідратэрмальнага паходжання, трапляецца і як жыльны.
2) Асадкавая карбанатная горная парода, якая складаецца на 95% і больш з Д. Асн. прымесі кальцыт, ангідрыт. Нярэдка складае глыбока расчлянёныя горныя хрыбты і масівы (напр., Даламітавыя Альпы ў Італіі). Здольная да карставання. Радовішчы вельмі шматлікія. На Беларусі выяўлена 10 радовішчаў Д. з агульнымі запасамі каля 1 млрд.т. Выкарыстоўваецца як вогнетрывалы матэрыял і флюс у металургіі, як сыравіна ў хім. і шкляной прам-сці, сельскай гаспадарцы (для вапнавання глеб) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМА́НАВІЧЫ,
вёска ў Калінкавіцкім р-не Гомельскай вобл., каля аўтадарогі Мінск—Мазыр. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 31 км на Пн ад Калінкавіч, 151 км ад Гомеля, 7 км ад чыг. ст. Халоднікі. 808 ж., 301 двор (1997).
Узнікла не пазней пач. 16 ст. У інвентары Мазырскага замка 1552 упамінаецца як сяло, цэнтр «нядзелі» (адм.-тэр. адзінкі ў складзе воласці), 35 двароў. З 1565 у Мазырскім павеце, дзярж. ўласнасць. У 17—18 ст. цэнтр староства. З 1793 у Рас. імперыі, у Рэчыцкім пав. Да 1861 ва ўладанні памешчыка Міхайлава і яго нашчадкаў. Мелася праваслаўная царква. З 1861 цэнтр воласці Рэчыцкага пав. У 1924—35 і з 1960 у Калінкавіцкім р-не, у 1935—60 у Даманавіцкім раёне. У 1971 — 779 жыхароў.
Агароднінасушыльны з-д. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНЖО́Н (франц. donjon),
галоўная шмат’ярусная вежа феад. замка, якая служыла месцам апошняй абароны і сховішчам пры нападзе ворага. Адначасова была назіральным і камандным пунктам у часы ваен. дзеянняў, магла выконваць функцыі аўтаномнай цытадэлі, дзе захоўваўся запас правіянту, ваен. рыштунку. Д. ў Еўропе будавалі ў 9—10 ст., пазней вядомы ўсюды, у т. л. на мусульм. усходзе і ў Закаўказзі На Беларусі былі пашыраны ў 13—17 ст. Вядомы Д. ў Брэсце, Тураве, Гродне, Навагрудку, Полацку, Шклове і інш. Уцалела вежа-данжон у Камянцы (гл.Камянецкая вежа).
Д. размяшчаліся пры гал. браме, непасрэдна каля ўезда ў замак або ў цэнтры ўмацаванняў. У плане маглі быць круглыя, авальныя, прамавугольныя, шматвугольныя. Стральба вялася праз байніцы, разлічаныя на кругавую абарону, з баявых балконаў, верхніх баявых пляцовак з-за зубцоў і праз машыкулі.
Літ.:
Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕО́РГІЕЎСКІ ФЛАГ,
адзін з флагаў ВМФ Расіі (калект. ўзнагарода) у 19 — пач. 20 ст. Уяўляў сабой белае прамавугольнае палотнішча, перакрыжаванае па дыяганалі сінім Андрэеўскім крыжам, у цэнтры якога змяшчаўся чырв. геральдычны шчыт з выявай св. Георгія Перамаганосца. Уведзены 5.6.1819 імператарам Аляксандрам I у гонар бітвы каляКульма, дзе вызначыўся Гвардз. флоцкі экіпаж. Быў флагам адміралаў на суднах Гвардз. флоцкага экіпажа, з 1903 і на караблях чарнаморскіх флоцкіх экіпажаў, адзначаных у 1856 Георгіеўскім флагам за абарону Севастопаля. Як кармавы флаг выкарыстоўваўся на караблях «Азоў» (вызначыўся ў Наварынскай бітве 1827) і «Меркурый» (вызначыўся ў рус.-тур. вайну 1828—29). Георгіеўскі флаг уздымалі і на суднах з назвамі «Памяць Азова», «Памяць Меркурыя». Да лета 1918 Георгіеўскі флаг выкарыстоўвалі на баявых караблях Сав. Расіі, да канца 1924 на караблях ВМФ белагвардзейцаў (эскадра, эвакуіраваная ў 1920 у порт Бізерта, Туніс).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІБІ́СКУС (Hibiscus),
род кветкавых раслін сям. мальвавых. Каля 300 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных, радзей ва ўмераных абласцях зямнога шара. На Беларусі як рэдкая занесеная аднагадовая расліна трапляецца гібіскус трайчасты (H. trionum). Многія віды вырошчваюць у адкрытым грунце, у аранжарэях і пакоях. Найб. вядомыя гібіскусы: кітайская ружа, або клянок (H. rosa-sinensis), — доўгаквітучая пакаёвая расліна; гібрыдны (H. x hybridus) — уключае шматгадовыя буйнакветкавыя полігібрыды; у Крыме, на Каўказе і ў Сярэдняй Азіі культывуюць гібіскус сірыйскі (H. syriacus). Гасп. значэнне мае каштоўная тэхн. расліна гібіскус каноплевы (H. cannabinus), вядомая пад назвай кенаф, і гібіскус ядомы, або бамія (H. esculentus).
Шматгадовазялёныя або лістападныя дрэвы і кусты, таксама шмат- ці аднагадовыя травяністыя расліны. Лісце пераважна пальчаталопасцевае, кветкі звычайна двухполыя, буйныя, яркаафарбаваныя. Плод — каробачка. Дэкар., харч. і тэхн. (валакністыя, алейныя) расліны, некат. віды выкарыстоўваюць на выраб валакна і паперы, у ежу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ШНЕЎСКІ МЕТАЛУРГІ́ЧНЫ ЗАВО́Д.
Дзейнічаў у 1780—1870 у мяст. Вішнева Ашмянскага пав. (цяпер вёска ў Валожынскім р-не Мінскай вобл.). Засн. Храптовічам як мануфактура. Працаваў на мясц. балотнай рудзе і драўняным вугалі. У першыя гады выраблялася за год 352—368 т жалеза (з-д працаваў па 40 тыдняў у год). У 1794 каваў зброю для паўстанцаў А.Т.Касцюшкі. У 1828 дзейнічалі плюшчыльная (пракатная) машына, ліцейня для плаўкі чыгуну, вадзяныя машыны, 2 вадзяныя молаты, 5 чыгунных кавадлаў і інш. Вырабляў сашнікі (5 тыс. штук у 1823), паласавое жалеза, адліўкі для с.-г. інвентару і пліт. У 1860 працавалі 2 домны, 3 вагранкі, 8 кавальскіх горнаў і інш., выраблена 160 т чыгуну; агульная колькасць апрацаванага металу каля 1 тыс.т. Працавалі ад 20 (канец 18 ст.) да больш за 200 (1853) рабочых. У сувязі з вычарпаннем радовішчаў мясц. руды і канкурэнцыяй у 1870 закрыты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЙСТАМ,
вёска ў Смаргонскім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 20 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Смаргонь, 241 км ад Гродна. 255 ж., 114 двароў (1996).
Упамінаецца з 1460 пад назваю Ушакова. З пач. 16 ст. вядома як Войстам. У канцы 15—19 ст. належала С.Ядалговічу (Радзівілу), Буцвіловічу, Зяневічам, Карэйвам, Храпавецкім, Бужынскім, Пшаздзецкім і інш. На карце Т.Макоўскага (1613) пазначана як мястэчка. З 1795 у складзе Рас. імперыі, у Ашмянскім, з 1842 у Свянцянскім пав. Віленскай губ. У 1880-я г. 189 ж. З 1922 у Свянцянскім пав. Віленскага ваяв. Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Смаргонскага р-на. У 1970 — 306 жыхароў.
Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — касцёл (пач. 20 ст.). Каля вёскі гарадзішча 7 ст. да н.э. і селішча 6—8 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛАК, волакі,
старажытнаруская назва месца найб. збліжэння 2 суседніх суднаходных рэк, дзе карацейшым шляхам перацягвалі (валаклі) па сушы судны і грузы з аднаго воднага басейна ў другі. Па пісьмовых крыніцах («Аповесць мінулых гадоў», Дагавор 1229 і інш.) вядомы волак паміж верхнім Дняпром і левымі прытокамі Зах. Дзвіны, яе правымі прытокамі і Ловаццю, што злучалі адрэзкі шляху з «варагаў у грэкі». Адлегласць паміж канцавымі пунктамі волака звычайна не перавышала 20—30 км. На тэр. Беларусі адзначана каля 20 сярэдневяковых волакаў, якія злучалі таксама левыя прытокі Прыпяці і правыя Дняпра з прытокамі Зах. Буга і Нёмана. Дадатковыя звесткі пра існаванне волакаў даюць археал. і нумізматычныя матэрыялы (рэшткі стараж. паселішчаў і курганныя могільнікі, грашова-рэчавыя скарбы). На месцах волакаў узнікалі вёскі (напр., Волак, Завалочча, Пярэвалачня на Беларусі), гарады (Валакаламск, Вышні Валачок у Расіі) і інш. Волакі выкарыстоўваліся таксама княжацкімі дружынамі ў час паходаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОЛЬФ ((Wolf) Хуга) (13.3.1860, г. Славенградзец, Славенія — 22.2.1903),
аўстрыйскі кампазітар, муз. крытык; прадстаўнік позняга рамантызму, адзін з буйнейшых майстроў камерна-вак. жанру 19 ст. Вучыўся ў Венскай кансерваторыі (1875—77), займаўся самастойна. Выступаў з артыкуламі ў абарону новай музыкі, у прыватнасці Р.Вагнера. Стварыў новы тып песні (усяго каля 300), вызначаў яго як «вершы для голасу і фартэпіяна». Звяртаўся да ням., ісп. і італьян. паэзіі. У некаторых песнях відавочная цікавасць да муз.т-ра. Сярод яго твораў: опера «Карэхідор» (1896), муз. драма «Мануэль Венегас» (1897, незак.), сімф. паэма «Пентэсілея» (1885), «Італьянская серэнада» для сімф.арк. (1892); для голасу з фп.: «Вершы Э.Мёрыке» (1888), «Вершы І.В.Гётэ» (1889), «Іспанская кніга песень» (1890), «Старадаўнія напевы. 6 вершаў Г.Келера» (1890), «Італьянская кніга песень» (1896), «3 вершы Мікеланджэла» (1897).
Літ.:
Вульфиус П. Гуго Вольф и его «Стихотворения Эйхендорфа». М., 1970;