рускі цар [1645—76]. З дынастыі Раманавых. СынМіхаіла Фёдаравіча. Выхоўваўся баярынам Б.І.Марозавым, які з 1645 фактычна правіў у Маскве. Аляксей Міхайлавіч пачаў правіць краінай з 1648, калі паабяцаў маскоўскім паўстанцам адхіліць Марозава ад спраў. Удзельнічаў у складанні і зацвярджэнні Саборнага ўлажэння 1649. Для ўзмацнення цэнтралізацыі кіравання дзяржавай у 1654 стварыў «Прыказ тайных спраў». Правёў пасадскую (1649—52), царкоўную (гл.Раскол), мытныя (гл.Гандлёвы статут 1653, Новагандлёвы статут 1667), грашовую (1654—63) і інш. рэформы, рэарганізаваў узбр. сілы, прыцягваў на службу іншаземцаў. Пры ім адбыліся паўстанні гараджан у Ноўгарадзе і Пскове (1650), Салавецкае паўстанне 1668—76, Сялянская вайна 1670—71. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 на чале адной з армій заняў у 1654—56 каля 200 бел. гарадоў, мястэчак, замкаў, у т. л. Вільню, пасля чаго стаў тытулаваць сябе «ўсяе Вялікія, Малыя і Белыя Русі самадзержцам»; раздаваў бел. землі рас. дваранам і баярам, прымусова перасяляў жыхароў Беларусі (асабліва рамеснікаў) у Расію. Вёў таксама вайну Расіі са Швецыяй 1656—58 і інш. Аўтар няскончаных мемуараў пра вайну 1654—67.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРНУ́ЛІ (Bernoulli),
сям’я швейц. вучоных 17—18 ст.
Якаб Бернулі (27.12.1654, г. Базель, Швейцарыя — 16.8.1705), матэматык. Праф. Базельскага ун-та (1687). Развіў метады злічэння бесканечна малых Г.Лейбніца; у тэорыі імавернасцяў даказаў самы просты выпадак закону вял. лікаў (тэарэма Бернулі); разам з братам Іаганам заклаў асновы варыяцыйнага злічэння. Іаган Бернулі (27.7.1667, Базель — 1.1.1748), матэматык. Праф. Гронінгенскага (1695) і Базельскага (1705) ун-таў. Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1725). Працы па злічэнні бесканечна малых і варыяцыйным злічэнні.
Данііл Бернулі (29.1.1700, г. Гронінген, Нідэрланды — 17.3.1782), механік і матэматык. Сын Іагана. Замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1733), дзе працаваў у 1725—33, чл. Балонскай (1724), Берлінскай (1747), Парыжскай (1748) АН, Лонданскага каралеўскага т-ва (1750). Працы па фізіялогіі, медыцыне, матэматыцы і механіцы. Распрацаваў метад лікавага рашэння алг. ураўненняў з дапамогай зваротных шэрагаў, вывеў асн. ўраўненне стацыянарнага руху ідэальнай вадкасці (Бернулі ўраўненне), працаваў над кінетычнай тэорыяй газаў.
Якаб Бернулі (17.10.1759, Базель — 3.7.1789), механік. Унук Іагана. Акад. Пецярбургскай АН (1787). Асн. працы па дыферэнцыяльных і інтэгральных ураўненнях, механіцы, муз. акустыцы.
Літ.:
Никифоровский В.А. Великие математики Бернулли. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫН (Аляксандр Сцяпанавіч) (сапр.Грынеўскі; 23.8.1880, г. Слабадскі Кіраўскай вобл., Расія — 8.7.1932),
рускі пісьменнік. Сын ссыльнага ўдзельніка паўстання 1863—64. Шмат вандраваў па Расіі; неаднойчы арыштоўваўся, быў у ссылцы. Першае апавяданне «Заслуга радавога Панцялеева» (1906) было канфіскавана і знішчана. Напісаў больш за 350 апавяданняў, аповесцей, вершаў, паэм, сатыр. мініяцюр. Апублікаваў зб. «Славутая кніга» і «Здарэнне на вуліцы Пса» (1915), «Шукальнік прыгод» і «Трагедыя пласкагор’я Суан» (1916). Грын стварыў свой непаўторны свет, авеяны рамантыкай прыгод, і засяліў яго мужнымі, высакароднымі і свабоднымі людзьмі. У яго творах арганічна пераплецены рэальнасць і невычэрпная фантазія, якая адлюстравала вечную мару пра чалавечае шчасце. Да найб. папулярных належаць аповесць «Пунсовыя ветразі» (1923, экранізавана ў 1961), раманы «Бліскучы свет» (1924, экранізаваны ў 1984), «Залаты ланцуг» (1925), «Бягучая па хвалях» (1928, экранізаваны ў 1967), «Дарога нікуды» (1930) і інш. Яго творчасць доўгі час замоўчвалася і набыла прызнанне ў 1960-я г.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—6. М., 1980;
Собр. соч. [Кн. 1—5]. СПб., 1993—94.
Літ.:
Михайлова Л. Александр Грин: Жизнь, личность, творчество. 2 изд. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯНІ́СІЙ (грэч. Dionysios),
імя правіцеляў-тыранаў (гл.Тыранія) стараж.-грэч.Сіракузаў.
Д. I Старэйшы (каля 432—367 да н.э.), тыран [406—367 да н.э.]. Вылучыўся ў час вайны з Карфагенам (408—405 да н.э.). Захапіўшы ўладу, рэарганізаваў армію і флот, праследаваў паліт. праціўнікаў, разбураў грэч. гарады, прадаваў насельніцтва ў рабства, канфіскоўваў землі. У 398—367 да н.э. (з перапынкамі) вёў войны з карфагенянамі за панаванне на тэр. Сіцыліі, Корсікі, Італіі. Ператварыў Сіракузы ў гандл. і культ.цэнтр. Аўтар шэрагу трагедый, вершаў, песень.
Д. II Малодшы, тыран [367—357 і 346—344 да н.э.]. Старэйшы сын Д. I. Праводзіў курс на ліквідацыю органаў нар. дэмакратыі. Спыніў вайну з Карфагенам, якую вёў яго бацька. Каля 357 змагаўся ў Паўд. Італіі з грэч. гарадамі і плямёнамі луканаў, але ўладу ў Сіракузах захапіў сваяк Дыён. У 346 да н.э. зноў авалодаў Сіракузамі, у 344 да н.э. здаў горад карынфскаму палкаводцу Тымалеёну. Быў жрацом багіні Кібелы. Памёр у выгнанні.
Літ.:
Фролов Э.Д. Сицилийская держава Дионисия (IV в. до н.э.). Л., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМАНЕ́ЎСКІ (Даманоўскі) Язэп
(2-я пал. 16 ст. — 1-я пал. 17 ст.),
бел. мысліцель і гуманіст, паэт эпохі позняга Адраджэння і барока. Сын Ф.Даманеўскага. З пазіцый сацыніянства (гл.Сацыніяне) удзельнічаў у 1594 у Навагрудку ў дыспуце з філосафам-схаластам М.Сміглецкім пра спрадвечнасць Хрыста. У канцы 1590-х г. схіляўся да атэізму, адмаўляў бессмяротнасць душы, існаванне замагільнага свету, за што быў выключаны з сацыніянскай абшчыны. Займаўся паэт. творчасцю, пісаў на польск. і лац. мовах. Свае філас.-этычныя погляды адлюстраваў у вершаваных творах «Жыццё сельскае і гарадское», «Перасцярога і заахвочванне тым, хто многа гаворыць і думае, але нічога не робіць», «Суцяшэнне тым, каму мужы перашкаджаюць паводзіць сябе з годнасцю», «Некаторыя эмблемы», «Афарызмы Саламона ў паэтычным выкладанні» і інш. (1620—23). Апяваў працавітасць, памяркоўнасць, сумленнасць, імкненне да ведаў, чалавечы розум. Ідэалізаваў вясковае жыццё як увасабленне «натуральнага стану» чалавека. Каларытна апісаў жыццё бел. горада пач. 17 ст.
Літ.:
Падокшын С.А. Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́СКІЯ,
бел. мастакі (бацька і сын).
Ксаверы Дамінік (? — 4.12.1764), жывапісец і гравёр. У 1733 — 64 працаваў у Нясвіжскім замку ў кн. Радзівілаў. У 1753 напісаў для гал. алтара Нясвіжскага касцёла езуітаў карціну «Тайная вячэра», пісаў таксама ў ім фрэскі. Стварыў (з Г.Ляйбовічам) шэраг партрэтаў Радзівілаў для альбома (1757). Адзін з аўтараў дэкарацый для «камедыенгаўза» ў Нясвіжы, узораў (кардонаў) для габеленаў, якія ткаліся на мануфактурах у Карэлічах, Нясвіжы, Міры. Часта працаваў з сынам Юзафам Ксаверыем.
Юзаф Ксаверы, прыдворны жывапісец Радзівілаў у Нясвіжы ў 2-й пал. 18 ст. Сярод работ партрэты Міхала, Урсулы, Ганны (усе 1759), Гераніма (1785) Радзівілаў, польскага караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага (1783). Афармляў інтэр’еры нясвіжскіх замка і дамініканскага касцёла (1763). Мяркуюць (У.Сыракомля і інш.), што ён з’яўляецца аўтарам шэрагу карцін для Стаўбцоўскага дамініканскага касцёла («Раздача міласціны св. Антоніем і епіскапам Юльянам» і інш.). Выязджаў для работ у Брэст і Жоўкву (цяпер г. Несцераў, Украіна). Навучаў прыгонных мастакоў Мікалая, Андрэя, Канстанціна і інш.
Да арт.Гескія. Ю.К.Гескі. Партрэт Станіслава Аўгуста Панятоўскага. 1783.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫГІМО́НТ КЕ́ЙСТУТАВІЧ (каля 1365—20.3.1440),
вялікі князь ВКЛ [1432—40]. Малодшы сынКейстута, брат Вітаўта. У час барацьбы за ўладу паміж Вітаўтам і вял.кн.Ягайлам апошнім быў зняволены (1382—84). Удзельнік бітвы на Ворскле 1399, перагавораў і заключэння мірных дагавораў з Тэўтонскім ордэнам 1398, 1411, 1422 і 1431, уній Польшчы з ВКЛ, пачынаючы з 1401, Грунвальдскай бітвы 1410. Пасля смерці Вітаўта і абрання на трон ВКЛСвідрыгайлы ў 1432 удзельнічаў у змове супраць вял. князя. Пасля ўцёкаў Свідрыгайлы ў Полацк Ж. К. абвешчаны вял. князем ВКЛ. Яго ўладу прызналі Літва, Жамойць, Падляшша, Берасцейска-Драгічынская і Менская землі, прынёманскія воласці. Астатнія бел., укр. і рускія землі падтрымалі Свідрыгайлу, які замацаваўся ў Віцебску (гл.Свідрыгайлы паўстанне 1432—39). Каб залучыць на свой бок бел. і ўкр. феадалаў, Ж.К. выдаў прывілей 1434, пачаў вылучаць на дзярж. пасады літ. і бел. баяр, што выклікала незадавальненне буйных феадалаў і князёў. У апошнія гады панавання Ж.К. пачаў аддаляцца ад Польшчы і страціў яе падтрымку. Забіты ў Трокскім замку ў выніку змовы феадалаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРЭ́ЧНЫ (сапр.Рублёў) Цімох Міронавіч
(1909, в. Будзіна Дрыбінскага р-на Магілёўскай вобл. — 1944?),
бел. пісьменнік. Скончыў Мінскі вышэйшы пед.ін-т (1933). З 1928 працаваў у газ. «Савецкая Беларусь». У 1933—35, 1939—41 Бел. радыёкамітэце, у 1936—40 настаўнік у Мінску (адначасова 1936—39 у Ін-це школьнай педагогікі). У час Айч. вайны настаўнічаў у Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. Друкаваўся з 1928. Распрацоўваў жанры фельетона, апавядання, аповесці («Эльбрусы чалавечага шчасця», 1931, «Зямля ў вятрах», 1931, «Маці і сын», 1935, «Андрэй Блажко», 1940), рамана («Белы Камень», 1932). На бел. мову пераклаў раманы Г.Уэлса «Першыя людзі на месяцы», Ф.Беразоўскага «Бабскія сцежкі» (абодва 1931), М.Сервантэса «Дон Кіхот Ламанчскі» (1935), аповесці А.Новікава-Прыбоя «Жанчына ў моры» і В.Фінка «Іншакраінны легіён» (1936) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗЯСЛА́Ў ЯРАСЛА́ВІЧ (у хрышчэнні Дзмітрый; 1024—3.10.1078),
князь тураўскі і вял. князь кіеўскі, старэйшы сынЯраслава Мудрага. Княжыў у Тураве, напэўна, з 1042 (заснавальнік дынастыі Ізяславічаў), а ў 1052 атрымаў і пасад у Ноўгарадзе. Пасля смерці бацькі (1054) стаў вял. князем кіеўскім. У 1058 зрабіў паход і перамог заходнябалцкае племя голядзь. У 1067 з братамі Святаславам і Усеваладам ваяваў супраць полацкага кн.Усяслава Брачыславіча, удзельнік Нямігскай бітвы 1067. У час перагавораў каля Оршы вераломна захапіў Усяслава ў палон і адправіў у цямніцу ў Кіеў. У выніку нар. паўстання ў 1068 І.Я. скінуты з трона. У 1069 з дапамогай польск. караля Баляслава вярнуўся ў Кіеў, прагнаў Усяслава з Полацка і прызначыў на яго месца свайго сына Мсціслава Ізяславіча, а потым — Святаполка Ізяславіча. У 1073 вымушаны пакінуць Кіеў, у 1077 зноў захапіў кіеўскі трон. У Тураў на княжанне паслаў сына Яраполка Ізяславіча. І.Я. загінуў у міжусобнай барацьбе пад Чарнігавам. Адзін са складальнікаў «Рускай праўды». Віслыя свінцовыя пячаткі І.Я. выяўлены пры археал. раскопках у Ваўкавыску, Тураве, Брэсце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІУДЗЕ́ЙСКАЯ ВАЙНА́ 66—73,
антырымскае паўстанне ў Іудзеі. Выклікана злоўжываннямі рым. пракуратара Флора. Паўстанне ўзначалілі рэліг.-паліт. групоўкі: зелоты, якія змагаліся супраць Рыма з пазіцый рэліг. фанатызму, і сікарыі — змагары супраць рабства і за сац. роўнасць. Паўстанцы авалодалі Іерусалімам, уласна Іудзеяй, Галілеяй і інш. тэрыторыямі, адбілі першы карны паход рымлян (ліст. 66). Аднак у 67—68 моцнае рым. войска на чале з Веспасіянам захапіла Галілею і б.ч. Іудзеі. Галілейскі палкаводзец Іосеф бен Матыт’яху (Іосіф Флавій) трапіў у палон і перайшоў на бок рымлян. Правадыр галілейскіх зелотаў Іаханан (Іаан) з Гісхалы са сваім атрадам зрабіўся ў Іерусалім і там узначаліў кіраўніцтва паўстаннем. Пасля абвяшчэння Веспасіяна імператарам (69) на чале рым. войска стаў яго сын Ціт, які выкарыстаў міжусобную барацьбу зелотаў з сікарыямі і ў жн. 70 пасля 5 месяцаў аблогі захапіў Іерусалім. Рымляне поўнасцю разбурылі горад і храм. Палонныя, у т. л. Іаханан, былі ператвораны ў рабоў, правадыр сікарыяў Сімон бар Гіёра пакараны смерцю ў Рыме. У 73 рымляне захапілі апошнюю крэпасць сікарыяў Масаду.