БЕ́ЖАНЦЫ,

асобы, якія пакінулі краіну свайго грамадзянства ці пастаяннага месцажыхарства ў выніку ваен. дзеянняў ці інш. надзвычайных сітуацый або ганенняў па паліт., расавых, рэліг. матывах і не атрымалі грамадзянства інш. дзяржавы. У міжнар. праве паняцце «бежанцы» ўпершыню аформлена пасля 1-й сусв. вайны 1914—18, калі з набліжэннем фронту прымусова высялялася насельніцтва цэлых паветаў і губерняў.

Паводле афіцыйных (далёка не поўных) звестак, на 14.2.1917 у Расіі было 3,2 млн. бежанцаў, з іх зарэгістравана 750 680 з Гродзенскай, 164 351 з Віленскай, 161 453 з Мінскай, 51 954 з Віцебскай, 1654 з Магілёўскай губерняў. Бежанцы з Беларусі былі раскіданы па ўсёй Расіі. Найбольш іх асела ў Тамбоўскай, Самарскай, Калужскай, Казанскай, Курскай, Саратаўскай губернях, у Петраградзе (100 704), Маскве (128 261). Паводле звестак Наркамата ўнутр. спраў РСФСР, на 11.5.1918 у Расіі жыло 2 292 395 бежанцаў з Беларусі, у т. л. беларусаў і рускіх 2 059 857. На працягу 1918—24 у Зах. Беларусь іх вярнулася каля 700 тыс. Першыя бежанцы на Беларусі з’явіліся восенню 1914. Пасля паражэння рус. арміі вясной — летам 1915 і з набліжэннем фронту Беларусь ператварылася ў бежанскі лагер. Бежанскі рух быў стыхійны, ніякага плана эвакуацыі не існавала. Сяляне імкнуліся застацца на сваёй зямлі, але вайскоўцы і выпраўлялі іх у бежанства. 24.7.1915 былі прызначаны Галоўнаўпаўнаважаныя па ўладкаванні бежанцаў на франтах. Беларусь увайшла ў раён дзейнасці Галоўнаўпаўнаважанага па ўладкаванні бежанцаў Паўн.-Зах. фронту. Толькі 30.8.1915 прыняты закон «Аб забеспячэнні патрэб бежанцаў», пры міністру ўнутр. спраў створана Асобая нарада па ўладкаванні бежанцаў. Дабрачыннай дзейнасцю займаўся К-т яе імператарскай высокасці вял. княжны Таццяны Мікалаеўны (Таццянінскі к-т, пасля Лют. рэвалюцыі 1917 пераўтвораны ва Усерас. к-т дапамогі пацярпелым ад вайны). Шырокую дзейнасць разгарнулі нац. дабрачынныя арг-цыі. У крас. 1915 у Вільні створана Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, якое адкрыла шэраг аддзелаў на месцах. У студз. 1916 створана Беларускае таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны. Становішча бежанцаў было надзвычай цяжкім. Высокай была іх смяротнасць. Узнікалі канфлікты з мясц. насельніцтвам. Нягледзячы на гэта, нац. свядомасць бел. бежанцаў значна вырасла. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 сярод бежанцаў дзейнічалі арг-цыі Беларускай сацыялістычнай грамады, Беларускай народнай грамады. У Маскве адбыліся 2 з’езды бежанцаў-беларусаў (7—10.10 і 2—4.12.1917). Пытанне аб бежанцах разглядалася на Усебел. з’ездзе 1917 (даклад А.​Цвікевіча «Бежанскае пытанне і праца бежанскай секцыі з’езда»), на ім створаны к-т па аказанні дапамогі бежанцам. Пазней вырашэннем праблем бежанцаў займалася Рада БНР. Сярод бежанцаў створаны Арэнбургскі гурток беларусаў, Беларуска-ўкраінскі камітэт помачы ахвярам вайны ў Барнауле, Беларуская вучнёўская грамада і Гурток бел. сацыяліст. моладзі ў Калузе, «Беларуская хатка» ў Арле, «Беларус» і Беларуская чыгуначная грамада ў Маскве, «Беларуская хатка» ў Петраградзе, Бел. нац. гурток у Багародзіцку Тульскай губ, Саюз беларусаў у Архангельску і інш. У 1918—19 работу сярод бежанцаў праводзілі Беларускі нацыянальны камісарыят і бел. секцыі РКП(б). У ліп. 1918 у Маскве адбыўся Усерасійскі з’езд бежанцаў з Беларусі. У складзе Наркамата па ваен. справах РСФСР у крас. 1918 створана Цэнтр. калегія па справах палонных і бежанцаў (з мая 1919 у Наркамаце ўнутраных спраў РСФСР).

У пачатку Вял. Айч. вайны з Беларусі амаль 1,5 млн. чал. былі эвакуіраваны на ўсход (на бацькаўшчыну вярнуўся толькі кожны 3-і). У час адступлення з акупіраваных тэрыторый ням.-фаш. армія сілай зброі прымушала мясц. насельніцтва адступаць з ёй з тэрыторый, якія займала Сав. Армія. У выніку на тэр. Беларусі былі сагнаны сотні тысяч бежанцаў з Арлоўскай, Калінінскай, Пскоўскай, Смаленскай і інш. абласцей. У выніку прымусовага вывазу фашыстамі насельніцтва з захопленых тэрыторый у Германію (з Беларусі каля 380 тыс. чал.) узнікла катэгорыя перамешчаных асоб. Пагадненнямі паміж СССР, ЗША і Англіяй (лют. 1945), СССР і Францыяй (чэрв. 1945) прадугледжваліся абавязкі бакоў па аблягчэнні лёсу бежанцаў і перамешчаных асоб, садзейнічанні іх рэпатрыяцыі. З утварэннем ААН гэтыя абавязкі паводле рэзалюцый Ген. Асамблеі ад 12 лют. і 15 снеж. 1946 прымалі на сябе краіны — члены ААН, створана Міжнар. арг-цыя па справах бежанцаў (у 1951 заменена Упраўленнем Вярх. камісара ААН па справах бежанцаў). Былі прыняты міжнар. канвенцыі аб прававым статусе бежанцаў (28.6.1951) і апатрыдаў (28.9.1954), пратакол аб статусе бежанцаў (1967), у якіх дэталёва вызначаюцца і падрабязна трактуюцца правы бежанцаў. Паводле гэтых дакументаў, дзяржава, якая прымае бежанцаў, абавязана прадаставіць ім тыя ж правы, якімі карыстаюцца іншаземцы, што жывуць на яе тэрыторыі, права выбару месца жыхарства і вольнага перамяшчэння па краіне. Забараняецца высылка бежанцаў у краіны, з якіх яны прыехалі і дзе цярпелі ганенні (апошняя норма пашыраецца толькі на паліт. эмігрантаў). Бежанцы могуць быць высланы толькі ў выпадку асуджэння за ўчыненне асабліва цяжкага злачынства, якое пагражае бяспецы краіны. Прававое становішча бежанцаў рэгулюецца таксама нац. заканадаўствам, якое распрацавана ў гэтых адносінах у дзяржавах-удзельніцах канвенцыі аб статусе бежанцаў 1951. Беларусь не з’яўляецца ўдзельніцай гэтай канвенцыі.

З распадам СССР і ўзнікненнем міжнар. канфлікту у краінах — б. саюзных рэспубліках Беларусь стала прытулкам для новай хвалі бежанцаў. Іх колькасць павялічваецца і за кошт грамадзян Азіі і Афрыкі, якія па розных прычынах апынуліся на Беларусі і прэтэндуюць на статус бежанцаў. Усяго на Беларусь за 1992—95 прыбылі больш як 30 тыс. такіх асоб. Беларусь мае закон аб бежанцах (прыняты ў 1995). Пытаннямі бежанцаў на Беларусі займаецца спец. Дзярж. міграцыйная служба (з 1992). Дзейнічае прадстаўніцтва Упраўлення Вярх. камісара ААН па справах бежанцаў (з 1995).

В.​У.​Скалабан (бежанцы 1-й сусв. вайны).

т. 2, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САН-ТАМЕ́ І ПРЫ́НСІПІ (São Tomé e Príncipe),

Дэмакратычная Рэспубліка Сан-Таме і Прынсіпі (República Democrática de São Tomé e Principe), дзяржава на а-вах Сан-Таме (пл. 836 км²), Прынсіпі (пл. 128 км²) і інш. у Гвінейскім зал., каля зах. берагоў Афрыкі. Пл. 1 тыс. км². Нас. 154,9 тыс. чал. (1999). Сталіца — г. Сан-Таме. Дзярж. мова — партугальская. Падзяляецца на 2 правінцыі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (12 ліп.).

Дзяржаўны лад. С.-Т. і П. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1990. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Заканад. орган — Нац. народны сход (55 дэпутатаў), які выбіраецца на 4 гады. Выканаўчая ўлада — Савет Міністраў на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае прэзідэнт.

Прырода. У рэльефе астравоў, складзеных пераважна з базальтаў, вылучаюцца вулканічныя конусы (выш. да 2024 м на в-ве Сан-Таме, да 821 м на в-ве Прынсіпі). На в-ве Прынсіпі клімат экватарыяльны вільготны, на в-ве Сан-Таме — пераходны да трапічнага з дажджлівым (кастр. — май) і сухім (чэрв. — вер.) сезонамі. Сярэднія месячныя т-ры ад 23 да 27 °C. Ападкаў за год ад 1000 мм на ўзбярэжжах да 2000—3000 мм у гарах. Натуральная расліннасць — густыя вільготна-экватарыяльныя лясы з кашт. пародамі дрэў (у т. л. эбенавае дрэва), ёсць другасныя хмызнякі, у вусцях рэк — мангравыя зараснікі. У жывёльным свеце шмат птушак і насякомых. Мора багатае рыбай, ракападобнымі і малюскамі.

Насельніцтва. Жывуць сантамійцы (саманазва тонгаш), нашчадкі афрыканцаў-рабоў, вывезеных у 15—16 ст. з краін Зах. і Паўд. Афрыкі, часткова афрыкана-партугальскія метысы. Ёсць невял. групы партугальцаў і нядаўніх эмігрантаў з краін Зах. Афрыкі. Сярод вернікаў пераважаюць католікі, ёсць пратэстанты; захоўваюцца мясц. вераванні. Сярэднегадавы прырост больш за 3%. Сярэдняя шчыльн. 155 чал. на 1 км². 95% нас. пражывае на в-ве Сан-Таме, дзе на ўзбярэжжы шчыльн. больш за 300 чал. на 1 км² У гарадах жыве каля 40% нас., у т. л. ў г. Сан-Таме каля 50 тыс. ж. Большая ч. насельніцтва занятая ў сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве.

Гісторыя. На момант адкрыцця ў 1470—71 партуг. мараплаўцамі Ж. ды Сантарэнам і П.​Эшкабарам астравы былі незаселены. З 1485 пачалася іх каланізацыя партугальцамі. У пач. 16 ст. тут створаны плантацыі цукр. трыснягу, для працы на якіх прывозілі рабоў з Афрыкі, найб. з Анголы. Рабы часта ўзнімалі паўстанні, найбуйн. з іх адбылося ў 1595—96. Змешанае насельніцтва (мулаты) было свабоднае, але непаўнапраўнае. Пасля скасавання ў 1875 рабства гал. галіной эканомікі стала вытв-сць какавы і кавы. У 1951 астравы атрымалі статус заморскай тэрыторыі, а ў 1972 — мясц. аўтаноміі Партугаліі. У 1953 адбылося паўстанне ў падтрымку незалежнасці краіны, якое было задушана партуг. войскамі. З 1960 барацьбу за незалежнасць астравоў вёў створаны ў эміграцыі К-т за вызваленне С.-Т. і П. (з 1972 — Рух за вызваленне, РВСТП). Пасля рэвалюцыі ў Партугаліі (крас. 1974) новы партуг. ўрад прызнаў незалежнасць астравоў.

12.7.1975 абвешчана Дэмакр. Рэспубліка С.-Т. і П., а лідэр РВСТП М.​Пінту да Кошта стаў яе першым прэзідэнтам. У краіне быў усталяваны аднапартыйны рэжым РВСТП і абвешчаны курс на сацыяліст. будаўніцтва і супрацоўніцтва з сацыяліст. краінамі. Цяжкае эканам. становішча ў 1980-я г. прымусіла ўрад С.-Т. і П. пачаць збліжэнне з краінамі Захаду і лібералізацыю паліт. і эканам. жыцця. У жн. 1990 прынята канстытуцыя краіны, якая ўвяла прамыя прэзідэнцкія выбары, шматпартыйнасць і грамадз. свабоды. На першых свабодных выбарах у студз. 1991 перамагла апазіцыя, лідэр якой М.​Траваада ў сак. 1991 абраны прэзідэнтам краіны. У 1990-я г. ажыццёўлены рынкавыя рэформы ў эканоміцы, але эканам. становішча краіны застаецца складаным. Яна моцна залежыць ад замежнай эканам. дапамогі. С.-Т. і П. — чл. ААН (з 1975). Дзейнічаюць паліт. партыі і арг-цыі: Рух за вызваленне С.-Т. і П., Партыя дэмакр. канвергенцыі — група незалежнае дэмакр. дзеянне, кааліцыя дэмакр. апазіцыі.

Гаспадарка. Слабаразвітая с.-г. краіна монакультурнай арыентацыі. Штогадовы даход на 1 чал. 1100 дол. Сельская гаспадарка дае 23% даходаў краіны, прам-сць — 19%, абслуговыя галіны — 58%. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 40 тыс. га зямлі. Каля 10 тыс. га пастаянна арашаецца. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі, ёсць дзярж. плантацыі. Гап. культура — какава, займае каля 28 тыс. га, штогадовы збор каля 10 тыс. т. Інш. экспартныя культуры: кава, какосавая і алейная пальмы, бананы, ваніль, карыца, перац, кола, хіннае дрэва. На ўласныя патрэбы на невял. плошчы вырошчваюць маніёк, ямс, фасолю, проса, кукурузу, агародніну. Трапічнае садоўніцтва (асабліва хлебнае дрэва і папайя, або дыннае дрэва). Жывёлагадоўля развіта слаба, пад лугамі і пашай каля 1 тыс. га. Пераважае гадоўля буйн. раг. жывёлы (каля 3 тыс. галоў) і свіней. Птушкагадоўля. Рыбалоўства, лоўля чарапах і васьміногаў. З галін прам-сці найб. развіты харч. (мукамольная, алейная, рыбаперапрацоўчая, піваварная), тэкст., мылаварная, лесапільная і дрэваапрацоўчая, буд. матэрыялаў. Вытв-сць электраэнергіі 15 млн. кВт∙гадз (1998) на невял. цеплавых электрастанцыях і ГЭС. Саматужныя промыслы і рамёствы. Транспарт пераважна аўтамабільны і марскі. На астравах 320 км аўтадарог, у т. л. 218 км з цвёрдым пакрыццём. Асн. парты Сан-Таме і Санту-Антонью, 2 аэрапорты, у т. л. міжнар. на в-ве Сан-Таме. У 1997 экспарт склаў 5,3 млн. дол., імпарт 19,2 млн. дол. У экспарце пераважаюць какава (90%), кава, пальмавы алей, копра, рыбапрадукты; у імпарце — харч. і прамысл. тавары, нафтапрадукты. Асн. гандл. партнёры: Партугалія, Нідэрланды, Францыя. Турызм. Краіна атрымлівае эканам. дапамогу ад міжнар. арг-цый і асобных краін, на 1995 яна склала 57,3 млн. дол. Грашовая адзінка — добра.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Сан-Таме і Прынсіпі.
Да арт. Сан-Таме і Прынсіпі. Ландшафт на востраве Сан-Таме.

т. 14, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУНВА́ЛЬДСКАЯ БІ́ТВА 1410,

вырашальная бітва Вялікай вайны 1409—11 паміж Вялікім княствам Літоўскім і Польшчай з аднаго боку і Тэўтонскім ордэнам з другога. Адбылася 15.7.1410 каля населеных пунктаў Грунвальд і Таненберг (цяпер Альштынскае ваяв., Польшча). З’явілася гал. этапам вайны, план якой быў распрацаваны польск. каралём Ягайлам і вял. кн. ВКЛ Вітаўтам на Берасцейскай сустрэчы 1409. У ліп. 1410 войскі саюзнікаў (каля 30—40 тыс. чал.) злучыліся ў раёне Казініц і рушылі на сталіцу ордэна Марыенбург (Мальбарк). 15 ліп. яны былі вымушаны прыняць бой на адкрытай мясцовасці з крыжацкім войскам (каля 15—20 тыс. чал.). Войска крыжакоў (уваходзілі таксама рыцары з Германіі, Англіі, Францыі, Швейцарыі, Чэхіі і інш. краін) складалася з 51 харугвы, войска ВКЛ і Польшчы (уваходзілі таксама татары саюзнага Вітаўту хана Джэлал-ад-Дзіна і наёмнікі) — з 90 харугваў, 40 з іх належалі ВКЛ (Трокская, Гарадзенская, Ковенская, Лідская, Смаленская, Полацкая, Віцебская, Пінская, Новагародская, Берасцейская, Ваўкавыская, Драгічынская, Старадубская, Мсціслаўская і інш.). Крыжакі занялі больш выгадную для атакі пазіцыю на ўзвышшы. Перад баявымі парадкамі крыжакоў стаялі гарматы і арбалетчыкі. Войскі саюзнікаў размяшчаліся трыма лініямі на беразе р. Маршы. Бітва пачалася атакай 1-й лініі крыла Вітаўта і змешчаных на яе правым флангу татар. Атакуючых сустрэлі гарматным агнём, потым супраць іх рушыла левае крыло крыжацкага войска, сітуацыя схілілася на іх карысць. Верныя сваёй улюбёнай тактыцы, татары арганізавалі прытворныя ўцёкі. Услед за імі пабегла 1-я лінія войска ВКЛ, акрамя трох харугваў са Смаленскай зямлі (мсціслаўскай, смаленскай і няпэўнай прыналежнасці) на чале з мсціслаўскім кн. Лугвенам. Націск крыжакоў спынілі 2-я і 3-я лініі войск Вітаўта. Адначасова 1-я лінія палякаў атакавала правае крыло крыжакоў. Атака была няўдалая, крыжакі ледзь не захапілі вял. каралеўскі сцяг. Становішча выправілася з увядзеннем 2-й польск. лініі. Пасля 6 гадз напружанай бітвы сілы ордэна пачалі адкочвацца ад свайго лагера. Імкнучыся пераламіць ход бітвы, магістр ордэна Ульрых фон Юнгінген павёў у наступленне апошнія 16 харугваў рэзерву. Яны прарвалі фронт і выйшлі ў тыл польск. войска, але былі акружаны і знішчаны, загінуў і сам магістр ордэна. У рукі саюзнікаў трапілі ўмацаваны лагер крыжакоў і ўсе іх сцягі. Паражэнне Тэўтонскага ордэна ў Грунвальдскай бітве абумовіла вынік вайны ў цэлым. Паводле Тарунскага міру 1411 ва ўладанне ВКЛ і Польшчы адышлі Добжынская і Жамойцкая землі. Магутнасць ордэна была падарвана. У 1960 на месцы бітвы пастаўлены помнік.

Літ.:

Длугош Я. Грюнвальдская битва: [Пер. с лат.]. М.; Л., 1962;

Stryjkowski M. Kronika Polska, Litewska, Żmódzka i wszystkiej Rusi. Т. 1. Warszawa, 1846;

Ekdahl S. Die Schlacht bei Tannenberg 1410. Quellenkritische Untersuchungen. Bd. 1. Berlin, 1982;

Kuczyński S.M. Bitwa pod Grunwaldem. Katowice, 1987. Nadolski A. Grunwald;

Problemy wybrane. Olsztyn, 1990.

Ю.​М.​Бохан.

Грунвальдская бітва 1410. Літаграфія М.​Басалыгі. 1989.

т. 5, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЙНАЗО́ЙСКАЯ ЭРАТЭ́МА (ГРУ́ПА) КАЙНАЗО́ЙСКАЯ ЭРАТЭ́МА (Э́РА), кайназой, верхняя група агульнай стратыграфічнай шкалы і адпаведная ёй найноўшая эра геал. гісторыі Зямлі. Пачалася каля 67 млн. гадоў назад і цягнецца да цяперашняга часу. Назву прапанаваў англ. геолаг Дж.​Філіпс у 1861.

Падзяляецца на палеагенавую, неагенавую (да 1960 аб’ядноўваліся ў трацічную сістэму) і чацвярцічную (антрапагенавую) сістэмы (перыяды), якія складаюцца з 7 аддзелаў (эпох): палеацэну, эацэну і алігацэну; міяцэну і пліяцэну; плейстацэну і галацэну. У кайназоі адбываліся інтэнсіўныя гораўтваральныя рухі, фарміравалася сучаснае аблічча мацерыкоў і акіянаў, рэльефу і ландшафтных зон. За час альпійскай складкавасці, якая ахоплівае кайназой, утварыліся самыя высокія горныя ланцугі ўздоўж узбярэжжаў Ціхага ак., на Пд Еўропы і Азіі і інш. К.э. (г.) адзначана павелічэннем кантрастнасці паміж кліматычнымі паясамі наступленнем агульнага пахаладання, якое суправаджалася магутнымі мацерыковымі зледзяненнямі Антарктыды (у алігацэне), паўн. ч. Амерыкі, Еўразіі (у міяцэне) і сярэдніх шырот Паўн. паўшар’я (у плейстацэне). Глабальнае пахаладанне аказала істотнае ўздзеянне на фауну і флору зямнога шара. Дамінуючае становішча ў фауне занялі млекакормячыя. У палеацэне з’явіліся першыя прыматы. Але толькі ў адкладах верхняга кайназою знойдзены косці прымітыўных людзей, таму гэты перыяд называюць антрапагенавым. Змены відавога складу флоры на блізкі да сучаснага адбыліся ў алігацэне. Кайназойскія асадкі намнажаліся пад уплывам частых змен марскіх і кантынентальных умоў. Сярод адкладаў кайназою трапляюцца біяліты (паклады э металагенічнымі анамаліямі, багатымі жал. і поліметал. рудамі), тоўшчы алювіяльных і прыбярэжна-марскіх парод з радовішчамі металаў і бурштыну ў россыпах. У покрыўнай тоўшчы палярных і ўмераных шырот значнае месца займаюць адклады, звязаныя з дзейнасцю ледавікоў.

На Беларусі трапляюцца акумуляцыі К.э.(г.) усіх сістэм і аддзелаў. Іх магутнасць дасягае 300—400 м. Палеагенавыя пароды пашыраны на Пд. Яны прадстаўлены марскімі мергелямі, алеўрытамі і пяскамі палеацэну (сумская світа), эацэну (канеўская, бучацкая і кіеўскія світы), алігацэну (харкаўская світа і ніжняя ч. палтаўскай серыі). Неагенавыя кварцавыя пяскі, гліны і буры вугаль таксама часцей трапляюцца ў паўд. ч., хоць маюць кантынентальнае паходжанне. Найб. магутную тоўшчу К.э.(г.) утвараюць чацвярцічныя (плейстацэнавыя) адклады. Па стратыграфічнай паўнаце, магутнасці, разнастайнасці генет. тыпаў, сувязі з сучасным рэльефам, багацці выкапнёвай флоры і фауны чацвярцічныя адклады Беларусі адносяцца да ліку эталонных у Еўропе. Туг пашыраны марэны ўсіх плейстацэнавых зледзяненняў сярэдніх шырот. Вял. плошчы займаюць водналедавіковыя і азёрна-ледавіковыя адклады. Паміж ледавіковымі пародамі трапляюцца міжледавіковыя тарфы, гітыі, сапрапеліты. Плейстацэнавая тоўшча характарызуецца фацыяльнай стракатасцю, хуткай зменлівасцю парод па распасціранні, перарывамі паміж слаямі, звязанымі з размывамі і глыбокімі эразійнымі і экзарацыйнымі далінамі, пераадкладаннем арган. і інш. рэшткаў, моцнай гляцыядыслацыраванасцю і адарванасцю, пераносамі парод былым ледавіком. Завяршае К.э.(г.) эпоха «геалагічнай сучаснасці» — галацэн. Кайназойская тоўшча змяшчае радовішчы бурага вугалю, тугаплаўкіх, вогнетрывалых і керамічных глін, шкловага пяску, буд. матэрыялаў (пяску, жвіру, гліны), торфу, сапрапелю і праяўленні фасфарытаў, глаўканітаў, бурштыну і інш. Паверхня парод К.э.(г.) выкарыстоўваецца ў гасп. дзейнасці чалавека.

А.​Ф.​Санько.

т. 7, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАГЕ́НАВАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), неаген (ад неа... + грэч. genos нараджэнне, узрост),

2-я сістэма кайназойскай эратэмы (групы), адпавядае 2-му перыяду кайназойскай эры гісторыі Зямлі. Назву даў аўстр. геолаг М.​Гёрнес у 1853. У стратыграфічнай шкале размяшчаецца пасля палеагенавай сістэмы (перыяду) і папярэднічае антрапагенавай сістэме (перыяду). Удакладненыя храналагічныя рамкі сістэмы 23,8—1,77 млн. г. назад. Падзяляецца на 2 аддзелы — міяцэнавы аддзел (эпоха) 23,8—5,32 млн. г. назад і пліяцэнавы аддзел (эпоха) 5,32—1,77 млн. г. назад.

У неагене аформіліся сучасныя абрысы сушы і мора, завяршылася гораўтварэнне Альпійскай геасінклінальнай вобласці, узніклі сучасныя астраўныя дугі. Хуткі рост гор суправаджаўся складка- і шар’яжаўтварэннем, вулканічнай дзейнасцю, глабальнымі ваганнямі ўзроўню акіяна. Гэтыя працэсы вызначалі пахаладанне клімату і расшырэнне зледзянення Антарктыды пераважна ў 2-й пал. неагену. Ваганні клімату мелі выразны рытмічны характар (у міяцэне прыкладна з 3,7 млн. гадоў). У раннім міяцэне — моцнае пацяпленне і гумідызацыя клімату Зямлі, максімум якіх адбыўся 17—15 млн. г. назад. Потым узмацнілася тэндэнцыя да пахаладання і арыдызацыі клімату, у 1-й пал. пліяцэну з’явіліся покрыўныя ледавікі ў Паўн. паўшар’і. Зніжэнне т-р выклікала дыферэнцыяцыю ландшафтных зон, якія да канца пліяцэну занялі блізкае да сучаснага становішча. На фарміраванне прыродных умоў Еўропы меў уплыў цёплы акіян Тэціс і звязаны з ім вялізны кантынентальны марскі басейн Паратэціс на Пд сучаснай Еўропы, якія з сярэдняга міяцэну пачалі распадацца, утварыўшы Міжземнае мора, Азова-Чарнаморскі і Каспійскі басейны. Да канца неагену сфарміраваліся сучасныя рысы рэльефу і гідраграфічнай сеткі Зямлі. Адклады неагену трапляюцца на ўсіх кантынентах (пясчана-гліністая, маласавая, наземна-вулканагенная фармацыі) і на дне акіянаў (пясчана-гліністая, карбанатна-абломкавая, біягенная і эвапарытавая фармацыі); уключаюць радовішчы нафты, бурага вугалю, лігнітаў, радзей каменнага вугалю. Есць радовішчы серы, каменнай солі, баксітаў, россыпы рэдкіх металаў, а таксама бентанітавых і палыгарскітавых глін, алунітаў, каалінітаў, галузітаў, буд. матэрыялаў, керамічнай і цэментнай сыравіны, ртуці, волава, свінцу, цынку і інш. У раслінным свеце на сушы панавалі вышэйшыя расліны: пакрытанасенныя і голанасенныя. Ва ўмераных шыротах (у т. л. на тэр. Беларусі) асноўным кампанентам лясной расліннасці былі лістападныя дрэвы. У жывёльным свеце з’явіліся хобатныя, коневыя, бавіды і інш.; адбылося адасабленне сярод прыматаў сям. гамінідаў і роду рамапітэк (14 млн. г. назад), які даў першага прамога продка сучаснага чалавека.

На Беларусі ў міяцэне вылучаны 2 надгарызонты: брынёўскі (уключае смалярскі і букчанскі гарызонты) і антопальскі (бурноскі, лозскі, дзятомлінскі і асоцкі гарызонты), пліяцэн адпавядае калочынскаму надгарызонту (з холмецкім і дварэцкім гарызонтамі). Адклады Н.с.(п.) прадстаўлены кантынентальнымі фацыямі рачнога, азёрнага і балотнага генезісу, займаюць значныя плошчы на Палессі. Месцамі выходзяць на паверхню. Магутнасць адкладаў у Падляска-Брэсцкай упадзіне да 36 м, Прыпяцкім прагіне да 60 м. Пераважаюць кварцавыя пяскі, алеўрыты і гліны (з перавагай каалініту, монтмарыланіту), сярод якіх трапляюцца праслоі і лінзы бурага вугалю. Распрацоўваюцца радовішчы тугаплаўкіх і вогнетрывалых глін, шкловых пяскоў, разведаны радовішчы бурага вугалю (Жыткавіцкае, Брынёўскае і Тонежскае).

Літ.:

Стратиграфия СССР Неогеновая система. Полутома 1—2. М., 1986.

Т.​В.​Якубоўская.

т. 11, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЯНІ́ЗМ (ад назвы ўзгорка Сіён у г. Іерусалім),

ідэалагічны і паліт. рух, разгалінаваная сістэма арг-цый, дзейнасць якіх накіравана на рэалізацыю ідэі адзінай сусветнай яўрэйскай нацыі; у вузкім сэнсе — афіц. палітыка дзяржавы Ізраіль. Сіянісцкі рух актывізаваўся ў 2-й пал. 19 ст., калі ў Еўропе і Паўн. Амерыцы ўзніклі першыя палесцінафільскія арг-цыі: «Сусветны саюз ізраэлітаў» (1860, Парыж), «Камітэт за эміграцыю яўрэяў Расіі» (1882, Парыж), «Таварыства для распаўсюджвання асветы сярод яўрэяў Расіі» (1863, С.-Пецярбург з аддзяленнямі ў Адэсе і Рызе) і інш. З 1880-х г. сіянісцкія групы дзейнічалі ў Кіеве, Львове, Палтаве, Кракаве. У 1882 у Расіі створана група «Ховеве-Цыён» («Сябры Сіёна») з аддзяленнямі ў Францыі, Вялікабрытаніі, ЗША. У ЗША сіяністы стварылі масонскі ордэн «Бнай Брыт» («Сыны Запавету», 1843), «Саюз амерыканскіх іудзейскіх кангрэгацый» (1873), «Цэнтральную канферэнцыю амерыканскіх рабінаў» (1889), «Федэрацыю яўрэйскіх жаночых арганізацый» (1896) і інш. арг-цыі і фонды. У 1897 існавала больш за 450 сіянісцкіх арг-цый у 28 краінах свету, выдавалася больш за 100 газет і часопісаў. У 1897 у г. Базель (Швейцарыя) адбыўся 1-ы сіянісцкі кангрэс, на якім створана Сусветная сіянісцкая арганізацыя, распрацаваны і зацверджаны яе статут і структура, выбраны кіраўнічыя органы, абвешчана праграма, дзе ў якасці першачарговай задачы выступала стварэнне яўр. дзяржавы ў Палесціне. Ідэйным ядром С. з’яўляецца канцэпцыя міру і адзінства ўсіх яўрэяў, незалежна ад іх сац. становішча і месца пражывання, а таксама ідэі «богавыбранасці» і «выключнасці» яўр. народа. Сіяністы выступаюць супраць асіміляцыі яўр. народа, у т. л. шляхам шлюбу з прадстаўнікамі інш. нацыянальнасцей. У межах сваіх канцэптуальных ідэй С. дапускае пэўны ідэалагічны плюралізм, чым абумоўлена неаднароднасць і шматварыянтнасць сіянісцкай ідэалогіі. У С. вылучаюцца кансерватыўная, ліберальная, дэмакратычная, сацыял-дэмакратычная, сацыяліст., камуніст. ідэйна-паліт. плыні, а таксама экстрэмісцкія кірункі: артадаксальна-клерыкальны, расісцкі. Валоданне велізарнымі капіталамі, кантроль над фінансамі, банкамі, страхавымі кампаніямі, вытв-сцю ўзбраення, інфармацыйна-вылічальнай тэхнікі і інш. галінамі прам-сці і сродкамі масавай інфармацыі, а таксама ўваходжанне ў склад паліт. эліты дазваляе прадстаўнікам С. ўплываць на развіццё сусв. эканомікі, эканам. міжнар. адносін. Вядучымі цэнтрамі эканам. і паліт. актыўнасці С. з’яўляюцца ЗША і Ізраіль. У 1975 С. асуджаны ААН як адна з форм расізму, у 1991 гэта рэзалюцыя скасавана.

На Беларусі з пач. 20 ст. дзейнічалі такія сіянісцкія партыі, як Паалей-Цыён (1906), Сіянісцка-сацыялістычная партыя (1904), Яўр. с.-д. рабочая партыя (1905), Мізрахі (сіянісцкая рэліг. арг-цыя, 1902) і інш. З канца 1920 — пач. 1930-х г. дзейнасць сіянісцкіх арг-цый у СССР была забаронена.

Літ.:

Идеология и практика международного сионизма. М., 1978;

Бегун В.Я. Вторжение без оружия. 3 изд. Мн., 1980;

Корнеев Л.А. Классовая сущность сионизма. Киев, 1982;

Джунусов М.С. Национализм: Словарь-справ. М., 1998;

Лакер В. История сионизма: Пер. с англ. М., 2000.

В.​І.​Боўш.

т. 14, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУХАВЕ́НСТВА,

асобная іерархічная карпарацыя прафес. служак культу ў розных рэлігіях, якая выконвае ролю пасрэдніка паміж Богам і вернікамі, ажыццяўляе арганізац., магічна-культавыя дзеянні і прапаведуе веравучэнне пэўнай рэлігіі. Д. сфарміравалася ў стараж. часы на аснове жрэцтва і па сутнасці з’яўляецца прадаўжальнікам яго традыцый. У залежнасці ад свайго становішча і функцыі ў царкве Д. падзяляецца на вышэйшае і ніжэйшае. У некат. рэлігіях прадстаўнікоў вышэйшага Д. шануюць як намеснікаў Бога на зямлі (папа рымскі ў каталіцызме) або як увасабленне бажаства (далай-лама ў ламаізме, кіраўнік секты ісмаілітаў). У шэрагу рэлігій Д. падзяляецца на белае (абслугоўвае прыход, храмы; складаецца з асоб жанатых, што знаходзяцца ў адным шлюбе, неразведзеных) і чорнае (спалучае манаства са свяшчэнніцкім санам, дае зарок бясшлюбнасці, поўнага паслушэнства і г.д.). У першых хрысц. абшчынах Д. не існавала. У 2 ст. склаўся ін-т епіскапаў (кіраўнікоў хрысц. абшчын), у 4 ст. пашырылася манаства, потым на аснове епіскапату ўзнікла папства. Канчаткова ў хрысціянстве Д. сфарміравалася ў 5 ст., пасля таго, як яно стала дзярж. рэлігіяй Рымскай імперыі. У Стараж. Русі, у т. л. і Беларусі, куды хрысціянства прыйшло ў канцы 10—11 ст. з Візантыі, паступова фарміраваліся кадры свяшчэннаслужыцеляў, усталёўвалася выразная царк.-адм. структура, якая складалася з епархій на чале з епіскапамі. Узначальваў іерархію Д. кіеўскі мітрапаліт, што падпарадкоўваўся канстанцінопальскаму патрыярху. У 1448 на чале Рус. правасл. царквы быў пастаўлены мітрапаліт Маскоўскі і ўсяе Русі. У 1589 вышэйшы правасл. іерарх быў пасвячоны ў сан патрыярха. У 14—16 ст. амаль усю тэр. Беларусі ахоплівала Віленскае біскупства (дыяцэз), якое налічвала 259 парафій каталіцкай царквы. Д. тут было прадстаўлена арцыбіскупамі, біскупамі, суфраганамі (памочнікамі біскупаў), плябанамі, вікарыямі і інш. Падобная структура Д. была характэрна і для Беларускай грэка-каталіцкай царквы, якая ўсталявалася ў выніку Брэсцкай уніі 1596. У 1790 у 14 бел. паветах ВКЛ было 143 правасл., 1199 уніяцкіх, 83 рымска-каталіцкія і 16 кальвінісцкіх прыходаў. У канцы 19 — пач. 20 ст. на Беларусі служылі 104 протаіерэі, 1924 святары, 234 протадыяканы, дыяканы і паддыяканы, 1911 псаломшчыкаў, прычэтнікаў, пеўчых і званароў. З 2-й пал. 16 ст. на Беларусі разгарнула дзейнасць і стварыла свае абшчыны пратэстанцкае Д. — кальвіністы, лютэране, антытрынітарыі. Мячэці мусульм. абшчын, якія таксама дзейнічалі на Беларусі, абслугоўваліся муламі (імамамі) і муэдзінамі (памочнікамі).

Рэліг. жыццё і дзейнасць Д. на Беларусі сталі актыўна адраджацца ў 1990-я г. На пач. 1997 зарэгістравана 37 рэліг. канфесій (афіцыйна дзейнічаюць больш як 20), 2120 рэліг. абшчын. Правасл. епархіі ўзначальваюць 2 архіепіскапы і 8 епіскапаў, кіраўніком Беларускай праваслаўнай царквы з’яўляецца мітрапаліт Мінскі, Слуцкі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі Філарэт. У благачынных акругах (аб’ядноўваюць 964 прыходы) служаць больш за 900 свяшчэннікаў. Вышэйшую іерархію каталіцкай царквы (аб’ядноўвае 362 прыходы) з 1994 узначальвае мітрапаліт мінскі і магілёўскі Казімір Свёнтак. Дэкан Бел. грэка-каталіцкай царквы (уваходзяць 11 абшчын) Ян Матусевіч. Розныя катэгорыі Д. абслугоўваюць 332 абшчыны Саюза хрысціян веры евангельскай, 37 — адвентыстаў сёмага дня, 14 — сведкаў Іеговы, 33 — старавераў, 22 мусульм. абшчыны, 15 іудзейскіх абшчын і інш. Падрыхтоўкай Д. на Беларусі займаюцца духоўныя навучальныя ўстановы.

Т.​І.​Адула.

т. 6, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСПА́НСКІЯ РЭВАЛЮ́ЦЫІ 19 СТАГО́ДДЗЯ,

рэвалюцыйныя рухі ў Іспаніі ў 1808—74, накіраваныя на дэмакратызацыю паліт. сістэмы і правядзення ліберальных рыначных пераўтварэнняў. Першая Іспанская рэвалюцыя 1808—14 адбывалася ва ўмовах акупацыі Іспаніі франц. войскамі ў ходзе напалеонаўскіх войнаў (пад націскам французаў прынята Баёнская канстытуцыя 1808), мела пераважна нац.-вызв. характар (герылья, антыфранц. паўстанні ў Мадрыдзе, Сарагосе і інш.). У выніку вызвалення Іспаніі ад французаў (1812—13) прынята Кадыская канстытуцыя 1812, якая абмяжоўвала ўладу манарха. Аднак кароль Фердынанд VII, вярнуўшыся з франц. палону, скасаваў канстытуцыю і ў маі 1814 аднавіў абс. манархію. Штуршком да другой Іспанскай рэвалюцыі 1820—23 стала паражэнне Іспаніі ў вайне за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26, што садзейнічала дыскрэдытацыі абсалютызму і росту ліберальнай апазіцыі. Пачалася ў студз. 1820 з паўстання ў арміі пад кіраўніцтвам Р.Рыега-і-Нуньеса паблізу ад г. Кадыс. У выніку нар. хваляванняў 6—7.3.1920 у Мадрыдзе Фердынанд VII аднавіў Кадыскую канстытуцыю, склікаў картэсы. Аднак з прычыны жорсткай паліт. барацьбы паміж памяркоўнымі лібераламі («мадэрадас», узначальвалі ўрад з сак. 1820), левымі лібераламі («эксальтадас», узначальвалі ўрад са жн. 1822) і найб. радыкальнай рэв. плынню камунерас не ўдалося завяршыць агр. і інш. рэформы, і рэвалюцыя ў крас.—вер. 1823 была задушана каралеўскімі і французскімі (накіраваны ў Іспанію паводле рашэння Свяшчэннага саюза) войскамі. У Іспаніі зноў усталявалася абс. ўлада манарха. Трэцяя Іспанская рэвалюцыя 1834—43 звязана з грамадз. вайной 1833—40 (гл. Карлісцкія войны) і праходзіла пад лозунгамі аднаўлення канстытуцыі 1812, разгрому карлістаў і інш. Рэв. ўрад «мадэрадас» (студз. 1834 — вер. 1835) скасаваў цэхі і абвясціў свабоду гандлю. Яго змяніў урад «прагрэсістаў» (пераемнікі «эксальтадас»), які ў 1835—37 правёў агр. рэформу (адменены маяраты, царк. дзесяціна, баналітэты, прывілеі сеньёраў, асабістыя павіннасці сялян), распрацаваў канстытуцыю 1837 (больш кансерватыўная за канстытуцыю 1812). Пасля паражэння карлістаў (1839—40) рэгентам у 1841 абвешчаны адзін з лідэраў «прагрэсістаў» ген. Б.​Эспартэра, які ўстанавіў дыктатуру. Пасля яго звяржэння зноў утвораны ўрад «мадэрадас» (1843). Чацвёртая Іспанская рэвалюцыя 1854—56 выклікана незадаволенасцю насельніцтва ростам беспрацоўя і падаткаў, дэфіцытам дзярж. бюджэту і інш. сац праблемамі. Пасля выступлення групы апазіцыйных генералаў пад кіраўніцтвам Л.​О’Донеля (чэрв. 1854) і нар. паўстанняў у Барселоне, Мадрыдзе, Малазе, Валенсіі (ліп. 1854) сфарміраваны ўрад на чале з Эспартэра. Аднак ён не здолеў палепшыць становішча працоўных і спыніць рэв. рух; 14.7.1856 О’Донель справакаваў адстаўку Эспартэра і распусціў картэсы. Пятая Іспанская рэвалюцыя 1868—74 пачалася з паўстання ваен. маракоў у Кадысе (вер. 1868) і гараджан у Мадрыдзе і Барселоне. У выніку ўтвораны ўрад з «прагрэсістаў» і прадстаўнікоў Ліберальнага саюза. Паводле прынятай у 1869 новай канстытуцыі Іспанія абвешчана канстытуцыйнай манархіяй (у 1870—73 правіў кароль Амадэй Савойскі). 11.2.1873 пад націскам рэспубліканцаў Іспанія абвешчана рэспублікай. Аднак у выніку кансерватыўнага ваен. перавароту 1874 у краіне адноўлена манархія на чале з каралём Альфонсам XII.

Літ.:

Додолев М.А. Россия и Испания 1808—1823 гг.: Война и революция в Испании и рус.-исп. отношения. М., 1984.

Да арт. Іспанскія рэвалюцыі 19 ст.. Расстрэл іспанскіх паўстанцаў французамі ў ноч на 3 мая 1808 года. Карціна Ф.​Гоі. 1814.

т. 7, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУЧНІ́К,

прадаўгаваты кавалак тканіны абрадавага, дэкар, і утылітарнага прызначэння. Бытуе ў краінах Цэнтр. Еўропы. Шырыня звычайна 25—45 см, даўж. 1—3 м.

На Беларусі вядомы з глыбокай старажытнасці, са з’яўленнем ткацтва. Р.-ўціральнікі служылі для быт. патрэб, у Р.-трапкачах насілі ў поле абед. Да пач. 20 ст. Р. шырока ўжывалі ў дэкар. і абрадавых мэтах. Вернікі Р. прыбіралі абразы; яны былі абавязковым атрыбутам у вясельных, радзінных, пахавальных і інш. абрадах: на іх прымалі народжаных, яны ўваходзілі ў пасаг нявесты, былі неабходнай часткай падарункаў нявесты жаніху, сватам, родным жаніха; іх перавязвалі цераз плячо свата, пасцілалі пад ногі маладым у час вянчання; на Р. апускалі труну ў магілу, іх павязвалі на магільны крыж. У часы засухі, войнаў, эпідэмій жанчыны адной вёскі за дзень ці ноч ткалі Р.-абыдзённік, які вешалі на прыдарожны крыж, абносілі вакол вёскі, праганялі па ім хатнюю жывёлу.

Р. ткалі на кроснах, аздаблялі ўзорыстым натыканнем (браным, пераборным, выбраным, закладным), вышыўкай, вязанымі і плеценымі карункамі, прошвамі, махрамі. Тэхніка выканання, характар дэкору, яго размяшчэнне адметныя ў кожным гісторыка-этнагр. рэгіёне. Традыц. Р. Панямоння пераважна манахромныя, выкананыя шматнітовай тэхнікай: геам. ўзоры, раўнамерна размешчаныя па ўсім полі, утвараюцца чаргаваннем адбеленых і суравых нітак пражы і ўтку. Р. Паазер’я, арнаментаваныя браным ці выбраным натыканнем, вызначаюцца буйным (часам паліхромным) малюнкам з дрэвам жыцця, вазонам, антрапаморфнымі фігурамі (гл. Віцебскія ручнікі); нярэдкія тут і ажурныя вырабы. Асаблівасць Р. Падняпроўя — буйны ромба-геам. дэкор, які шырокімі шчыльнымі палосамі размяшчаецца па канцах і паступова разрэджваецца да сярэдзіны Р. (Пн Падняпроўя) або выразна ад яе аддзяляецца (гл. Неглюбскія ручнікі). Падобны дэкор і Р. Усходняга Палесся; тут таксама пашыраны вырабы з выразнымі папярочнымі палосамі аднолькавай шырыні па ўсім полі (гл. Калінкавіцкія ручнікі). Для Р. Заходняга Палесся (гл. Дадатак) характэрны дэкор з гладкіх палос рознай шырыні, раўнамерна размешчаных па ўсім полі; далікатным дробнаўзорыстым дэкорам з вузенькіх палосак вызначаюцца мотальскія ручнікі. У цэнтральнай Беларусі значную частку складаюць шматнітовыя Р. з буйнарапортным шашачным бела-шэрым малюнкам поля і ўзорыстымі чырв. палосамі таго ж малюнку па канцах. Вылучаюцца капыльска-клецкія Р. з буйным лаканічным арнаментам па канцах, вытканым закладной тэхнікай. У традыц. Р. пераважае спалучэнне чырв. дэкору з белым фонам, з канца 19 ст. дадаўся чорны, з сярэдзіны 20 ст. пануючае становішча заняла паліхромія; ромбагеам. арнаментыка стараж. сімвалічнага характару саступіла месца расліннаму гладзеваму дэкору. На аснове традыц. Р. вырабы падарункавага, сувенірнага, маст. прызначэння ствараюць сучасныя нар. майстры, прадпрыемствы маст. прам-сці (гл. Мастацкіх вырабаў вытворчасць).

Літ.:

Фадзеева В.Я. Беларускі ручнік. Мн., 1994;

Кацар М.С. Беларускі арнамент: Ткацтва. Вышыўка: Пер. з рус. Мн., 1996;

Ручнік у прасторы і часе: Матэрыялы Міжнар. навук.-практыч. канф. Мн., 2000.

Я.​М.​Сахута.

Ручнік. Клімавіцкі раён Магілёўскай вобл. 1960-я г.
Ручнікі з г. Косаў Івана-Франкоўскай вобл. Украіна. 1970.
Ручнік. Пінскі раён Брэсцкай вобл. 1930-я г.
Ручнік. Сяло Верашчакі Бранскай вобл. Расія. 1973.
Ручнік. Капыльскі раён Мінскай вобл. 1950-я г.
А.​Бяляева. Браны ручнік. Сяло Карпагары Архангельскай вобл. Расія. 1976.

т. 13, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНЫ ФРОНТ,

форма аб’яднання шырокіх нар. мас для супольнай барацьбы супраць фашызму, таталітарызму, вайны, за мір, дэмакратыю, нац. незалежнасць, задавальненне жыццёвых патрэб. Сац. склад Н.ф., яго праграма, тактыка мяняюцца ў залежнасці ад гіст. умоў, расстаноўкі класавых і паліт. сіл унутры краіны і на сусв. арэне. Першыя Н.ф. створаны ў 1930-я г. па ініцыятыве камуніст. партый. Іх сац. аснову складаў рабочы клас, яго саюз з сялянствам, дробнабурж. коламі горада і левай інтэлігенцыяй, аснову тактыкі — распрацаваная на кангрэсах Камуністычнага Інтэрнацыянала тактыка «адзінага фронту» працоўных у барацьбе за мір і свае непасрэдныя жыццёвыя патрабаванні. Упершыню Н.ф. створаны ў Францыі ў 1935 (камуністы, сацыялісты, радыкалы і інш.). Перамога на парламенцкіх выбарах 1936 партый Н.ф. і дзейнасць сфарміраваных імі ўрадаў (1936—38, без удзелу камуністаў) далі магчымасць перашкодзіць устанаўленню фаш. дыктатуры і ажыццявіць захады для паляпшэння становішча працоўных. У 1936 Н.ф. створаны ў Іспаніі (камуністы, сацыялісты, рэспубліканцы і інш., гл. Іспанская рэвалюцыя 1931—39), дзе ён атрымаў перамогу на выбарах 1936 і да 1939 узначальваў барацьбу супраць ісп. фашыстаў і герм.-італьян. інтэрвентаў. У 1935—38 у Польшчы і Заходняй Беларусі ва ўмовах пагрозы вайны па ініцыятыве Камуністычнай партыі Польшчы (КПП) і Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ) разгортваўся масавы Антыфашысцкі народны фронт, але гэты працэс стрымліваўся ўрадавымі рэпрэсіямі і быў фактычна спынены роспускам паводле рашэння Камінтэрна КПП і КПЗБ (1938). У Кітаі ў 1937 на аснове саюзу кампартыі з гаміньданам створаны антыяп. Н.ф., які адыграў значную ролю ў вайне супраць яп. захопнікаў. Урад Н.ф. дзейнічаў у Чылі ў 1938—41. У пач. 2-й сусв. вайны 1939—45 у краінах, акупіраваных фашыстамі, а пазней і ў краінах фаш. блока на аснове тактыкі Н.ф. разгарнуўся рух Супраціўлення. У ваен. і пасляваен. перыяд Н.ф. (у некаторых краінах наз. Айчыннымі франтамі) адыгралі значную ролю ў прыходзе да ўлады левых сіл на чале з камуніст. партыямі ў шэрагу краін Еўропы і Азіі (Албанія, Балгарыя, Венгрыя, Румынія, Польшча, Чэхаславакія, Кітай, В’етнам, Югаславія), у заваяванні незалежнасці народамі многіх краін Афрыкі і Азіі. У краінах Азіі, Афрыкі і Лац. Амерыкі Н.ф. звычайна выступаў у выглядзе нац. або патрыят. антыімперыял. фронту, яго кіруючай сілай былі рэв. прадстаўнікі інтэлігенцыі, сялянства, нац. буржуазіі. У шэрагу краін функцыі Н.ф. выконвалі ўрадавыя нац.-дэмакр. партыі. На аснове тактыкі Н.ф. прыходзілі да ўлады і дзейнічалі ўрады Нар. адзінства ў Чылі (1970—73) і Сандынісцкага фронту нац. вызвалення ў Нікарагуа (1979—90).

У канцы 1980 — пач. 1990-х г. узніклі арг-цыі тыпу Н.ф., якія стаялі на антысацыяліст. пазіцыях і з поспехам павялі барацьбу за звяржэнне ўлады камуністаў у Чэхаславакіі (Грамадз. форум), Балгарыі (Саюз дэмакр. сіл), Венгрыі (Дэмакр. форум), Румыніі (Фронт нац. выратавання), Расіі (Дэмакр. Расія) і інш. краінах. Яны выступалі пад лозунгамі дэмакратызацыі грамадскага жыцця і пераадолення эканам. крызісу шляхам пераходу да рыначнай эканомікі. Арг-цыі падобнага тыпу ў нац. рэспубліках СССР (укр. «Рух», літ. «Саюдзіс», Нар. фронт Латвіі, Нар. фронт Эстоніі, Народна-хрысц. дэмакр. фронт Малдовы, Беларускі народны фронт «Адраджэньне», Нар. фронт Азербайджана, Арм. агульнанац. рух, Нар. фронт Грузіі) разам з ідэалогіяй антыкамунізму і антысаветызму шырока выкарыстоўвалі лозунгі нац. незалежнасці, адыгралі значную ролю ў распадзе СССР і стварэнні на яго месцы самаст. дзяржаў на чале з мясц. нац. элітамі.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 11, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)