КАРЫ́НТЫЯ, Карушка,

гістарычная вобласць у Цэнтр. Еўропе, у бас. р. Драва на тэр. сучасных Аўстрыі, Славеніі і Італіі. У 6 ст. каланізавана славянамі (славенцамі). У пач. 7 ст. — 658 уваходзіла ў склад дзяржавы Сама, потым — Карантаніі (гл. ў арт. Славенія, гісторыя). У 11 ст. вылучылася ў асобнае герцагства. З 12 ст. падвяргалася германізацыі. З 1282 у складзе ўладанняў графа цірольскага, з 1335 — імперыі Габсбургаў (з 1804 Аўстр. імперыі, з 1867 Аўстра-Венгрыі). Паводле Сен-Жэрменскага дагавора 1919 б.ч. К. ўвайшла ў склад Аўстрыі (зямля Карынтыя, з 1970-х г. пабрацім Беларусі), паўд.-ўсх. ч. перададзена Югаславіі (з 1991 у Славеніі), невял. раён — Італіі.

т. 8, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПА́ВАЦКІ БОЙ 1942,

бой паміж партызанамі брыгады К.Заслонава і фаш. карнай экспедыцыяй у в. Купаваць Сенненскага р-на Віцебскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Раніцай 14 ліст. буйныя сілы ням. карнікаў пачалі наступаць у раён в. Смаляны Аршанскага р-на і в. Купаваць, дзе размяшчаўся штаб партыз. брыгады і частка партыз. падраздзяленняў Яны скрытна падышлі да вёскі і раптоўна атакавалі. У час жорсткіх баёў загінулі камандзір брыгады Заслонаў і яшчэ 4 партызаны; партызаны з боем адступілі ў лес. Карнікі падпалілі вёску. Партызан, што загінулі ў баі, пахавалі каля вёскі. У 1947 астанкі Заслонава і яго ад’ютанта Я.​Коржаня перапахавалі на чыг. ст. Орша.

т. 9, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНІПУ́Р,

штат на ПнУ Індыі, на мяжы з М’янмай. Пл. 22,4 тыс. км². Нас. 1,8 млн. ж. (1991), больш за 50% — народ маніпуры (мейтхеі). Адм. цэнтр — г. Імпхал. У рэльефе чаргаванне мерыдыянальна выцягнутых хрыбтоў (выш. 2—2,5 тыс. м) і шырокіх міжгорных далін на выш. 800—1000 м. Клімат умерана цёплы. Ападкаў ад 1500 мм у далінах да 2500 мм на схілах гор. На наветраных схілах гор пераважаюць вільготныя трапічныя лясы, на падветраных — лістападныя, якія змяняюцца з вышынёй шыракалістымі і хваёвымі лясамі і лугамі. Міжгорная даліна р. Маніпур — асн. раён рысасеяння. Вырошчванне алейных, тытуню, бавоўны, струковых. Садоўніцтва, шаўкаводства. Развіта ручное ткацтва.

т. 10, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНХА́ТАН, Манхэтэн (Manhattan),

цэнтральная частка г. Нью-Йорк на в-ве Манхатан. Утварае адзін з 5 адм. раёнаў горада, абмежаваны на З р. Гудзон (пратока Порт-Рывер), на У і Пд — пратокай Іст-Рывер, на ПнУ — пратокай Харлем. Пл. 35 км². Нас. каля 1,5 млн. чал. Дзелавы і гандл. цэнтр. Прычалы порта. М. перасякае гал. магістраль — Брадвей. Шмат прадпрыемстваў пераважна лёгкай і паліграф. прам-сці. У Верхнім М. (паўн. ч. М.) — музеі Метраполітэн, Натуральнай гісторыі, «Лінкальн-цэнтр» з Метраполітэн-опера і Нью-Йоркскай філармоніяй. Негрыцянскі раён Гарлем. У Цэнтр. М. — сядзіба ААН, Рокфелер-цэнтр. У Ніжнім М. — Нью-Йоркская біржа, банкі, вуліца Уол-Стрыт.

т. 10, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРАКА́ЙБА НІЗІ́НА,

тэктанічная міжгорная ўпадзіна на ПнЗ Венесуэлы і часткова (на ПдЗ) у Калумбіі. Пл. каля 60 тыс. км². Акружана хрыбтамі Андаў, на Пн выходзіць да Венесуэльскага зал. Карыбскага м. У цэнтры М.н. возера (лагуна) Маракайба. Складзена з мелавых і палеаген-неагенавых нафтаносных пясчанікаў і сланцаў, перакрытых алювіем. Здабыча нафты і газу (Маракайбскі нафтагазаносны раён). Клімат субэкватарыяльны, гарачы. Сярэднегадавая т-ра 28,5 °C — найвыш. ў Паўд. Амерыцы. Ападкаў на Пд 1500 мм, на Пн 500 мм за год. Паўд. ч. забалочана, укрыта вечназялёнымі лясамі, на Пн летнезялёныя лясы і хмызнякі, якія чаргуюцца з саваннамі, у бок Венесуэльскага зал. пераходзяць у паўпустыню.

т. 10, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСВІ́ЖСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў канцы 18 ст. і ў 1920—40. Створаны ў 1793 у межах Мінскай губ. Рас. імперыі. Цэнтр — г. Нясвіж. Скасаваны 12.12.1796. Зноў утвораны 29.7.1920 у Мінскай губ. БССР. Уключаў 12 валасцей: Гавязнянскую, Гарадзейскую, Грыцэвіцкую, Клецкую, Ланскую, Магільнянскую, Пацейкаўскую, Свержанскую, Сіняўскую, Сноўскую, Цімкавіцкую, Цялядавіцкую. 6.8.1920 да павета далучаны Жухавіцкая і Мірская вол. Навагрудскага пав. З 18.3.1921 у складзе Польшчы, за выключэннем Магільнянскай вол., частак Пацейкаўскай, Цімкавіцкай і Цялядавіцкай вал. З 3.12.1939 у БССР, у Баранавіцкай вобл. 15.1.1940 скасаваны, утвораны Нясвіжскі раён, часткі тэр. павета адышлі ў Ганцавіцкі, Капыльскі, Клецкі, Навагрудскі, Стаўбцоўскі і Уздзенскі р-ны.

т. 11, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРМ,

горад, цэнтр Пермскай вобл. ў Расіі. Вядомы з 17 ст. У 1940—57 наз. Молатаў. 1027,8 тыс. ж. (1996). Порт на р. Кама. Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Буйны цэнтр цяжкай прам-сці, пераважна машынабудавання. З-ды: 3 маш.-буд., горна-шахтавага машынабудавання, суднабуд., эл.-тэхн., маторабуд., ракетна-касм. тэхнікі, веласіпедны, тэлеф., кабельны і інш. Развіты паліўная, хім., нафтахім., нафтаперапр., дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая, харч., лёгкая прам-сць. Камская ГЭС. Пермскі навук. цэнтр Рас. АН. 7 ВНУ, у т. л. ун-т. 4 тэатры, у т. л. тэатр оперы і балета. Філармонія. Цырк. Музей. Маст. галерэя. Музей драўлянай архітэктуры.

Горад Перм. Новы раён.

т. 12, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«Рэдкі Рог» (радовішча торфу і торфапрадпрыемства, Бабруйскі раён) 2/48, 49; 12/690

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛАЛА́ЙКА,

народны муз. струнна-шчыпковы інструмент. Мае драўляны корпус (даўж. 600—700 мм) трохвугольнай формы (у 18—19 ст. і авальны), доўгі грыф з крыху адагнутай назад галоўкай, 3 струны. На грыфе 16—24 метал. лады. Настройка — пераважна мажорнае трохгучча (т.зв. гітарная), радзей — 2 струны ва унісон, 1 на кварту ніжэй вышэй (балалаечная). Гук даволі слабы, але звонкі. Балалайка вядома ў многіх слав. народаў з пач. 18 ст., у 1880-я г. ўдасканалена пад кіраўніцтвам В.Андрэева майстрамі Ф.​Пасербскім і С.​Налімавым; створана сям’я мадэрнізаваных балалаек — прыма, секунда, альт, бас, кантрабас. Выкарыстоўваецца як сольны канцэртны, ансамблевы і аркестравы інструмент. Пашырана і на ўсёй тэр. Беларусі.

І.​Дз.​Назіна.

Самаробная балалайка. Любанскі раён Мінскай вобл.

т. 2, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСТЭ́РЫЯ (італьян. osteria),

заезны дом; тып карчмы. Вядома ў Польшчы і на Беларусі з 16 ст., найб. пашырана з 18 ст. Размяшчаліся аўстэрыі звычайна на гандл. плошчах або гал. вуліцах гарадоў і мястэчак. Будавалі іх з дрэва, цэглы, у тэхніцы «прускага муру». У плане пераважала форма прамавугольніка. Уключалі стайні, вазоўні, гасціныя пакоі, каморы. Гасціныя пакоі абсталёўваліся лавамі, сталамі, мелі кафляную грубку для ацяплення памяшкання і мураваную печ для гатавання ежы. Некаторыя аўстэрыі былі складанымі комплексамі, якія ўключалі жылыя, гасп., гандлёвыя і інш. будынкі, згрупаваныя вакол агульнага двара. Аўстэрыі сталі прататыпам для гасцініц і паштовых станцый.

Аўстэрыя ў в. Варняны (Астравецкі раён Гродзенскай вобл.). Агульны выгляд. Фота пач. 20 ст.

т. 2, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)