ДРЭ́ВА шматгадовая расліна з выразным, у рознай ступені адраўнелым гал. сцяблом (ствалом), кронай і разгалінаванай каранёвай сістэмай; пашыраная жыццёвая форма раслін. Адыгрывае гал. ролю ў стварэнні лясных біяцэнозаў. На Беларусі 26 відаў Д. Сярод іх лесаўтваральныя (асіна, бяроза, вольха, граб, дуб, елка, хвоя) і пладовыя (вішня, груша, сліва, яблыня) пароды. Ёсць дрэвы-помнікі. Шэраг Д. інтрадукаваныя (лістоўніца сібірская і еўрапейская, хвоі Банкса, Мурэя, веймутава і інш.).
Д. ўзніклі ў сярэднім дэвоне. Належаць пераважна да хвойных (з голанасенных) і двухдольных (з пакрытанасенных) раслін. Крона ў большасці Д. складаецца з галін і лісця. Ствол захоўваецца на працягу ўсяго жыцця, кожны год дае прырост у таўшчыню, утвараючы гадавыя кольцы. У Д. з класа аднадольных (напр., пальмаў) крона складаецца з разеткі вял. лісця і адсутнічае другасны прырост у таўшчыню. Есць Д. летне-зялёныя (скідваюць лісце з надыходам восені, напр., дуб, вольха) і вечназялёныя (напр., елка, піхта, хвоя). Сярод лісцевых Д. вылучаюць шыракалістыя (дуб, клён, ясень) і драбналістыя (асіна, бяроза, вольха). Адрозніваюць Д. першай велічыні (20 м і больш; дуб, елка, ліпа, хвоя), другой (10—20 м; вольха, груша, рабіна) і трэцяй (5—10 м; глог, яблыня, ядловец). Працягласць жыцця разнастайная, ад 20 да соцень і тысяч гадоў (баабаб, секвоя — да 3—5 тыс. гадоў, дуб — 500—1000, хвоя — 300—350, елка — 250—300, асіна, бяроза — 150—200 гадоў). Д. — адны з асн. прадуцэнтаў кіслароду паветра, даюць драўніну, ядомыя плады, лек., тэхн. і хім. сыравіну; выкарыстоўваюцца для азелянення.
Выкарыстоўваецца са стараж. часоў у архітэктуры (гл.Драўлянае дойлідства), дэкар.-прыкладным і нар. мастацтве, скульптуры. На Беларусі з Д. здаўна вырабляюць хатняе начынне, прылады працы, трансп. сродкі, мэблю і інш. Шырока выкарыстоўвалася Д. ў пернікарстве, набіванцы, іканастасах, абкладах абразоў і інш.Асн. матэрыял дрэварыту. Разьбой па Д. ўпрыгожваюць ліштвы, франтоны, вільчакі, вуглавыя накладкі. Багацце колеравых адценняў, разнастайнасць фактуры і тэкстуры вызначаюць мноства дэкар. эфектаў у вырабах з Д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́НКІ, ihka,
старажытнае індзейскае племя моўнай групы кечуа. У 11—13 ст. жыло на тэр. сучаснага Перу, потым склала пануючы слой у дзяржаве Таўантысую са сталіцай у г. Куска, створанай у 1439 саюзам плямён, больш вядомай пад назвай «Імперыя І.». І. бралі даніну з пакораных плямён, выкарыстоўвалі працу сялян-абшчыннікаў, рамеснікаў і рабоў. Асноўнай сац.-эканам. адзінкай дзяржавы была суседская абшчына. Неабмежаваная, акружаная сакральным арэолам улада належала правіцелю — Вярхоўнаму Інку, ён жа лічыўся ўласнікам усёй зямлі. Першы міфічны правіцель І. — Манка Капак шанаваўся як сын сонца. І. выкарыстоўвалі ірыгацыю, будавалі палацы, храмы, умацаваныя гарады і цытадэлі, вынайшлі сістэму перадачы звестак у выглядзе т. зв. вузельчыкавага пісьма — кіпу, а таксама, верагодна, зачаткавую пісьменнасць, наладзілі хуткую сувязь паміж рознымі часткамі імперыі з дапамогаю скараходаў. Як і інш. плямёны дакалумбавай Амерыкі, І. не ўмелі вырабляць жалезныя прылады і не ведалі агнястрэльнай зброі. У 1532—36 ісп. заваёўнікі на чале з Ф.Пісара захапілі і знішчылі дзяржаву І. разам з яе багатай культурай, забілі апошняга Вялікага Інку Атаўальпу. Пакораныя іспанцамі І. увайшлі ў склад народнасці кечуа.
Архітэктура І. вядома па літ. і шматлікіх археал. крыніцах (рэшткі храмаў, палацаў, абсерваторый, амфітэатраў, крэпасцей). Першапачаткова ўзводзілі цыклапічныя пабудовы 3 агромністых камянёў (крэпасць Саксаўаман каля Куска), пазней — пабудовы з абчасаных блокаў граніту (крэпасці Пісак каля Куска, Мачу-Пікчу). Іх дойлідства вылучалася геам. прастатой прысадзістых форм, трываласцю, амаль поўнай адсутнасцю дэкору. Асн. віды мастацтва — размаляваная і фігурная кераміка з бліскучай чорнай паверхняй, у т. л. пасудзіны з рэаліст. партрэтнымі выявамі («тваравыя пасудзіны»), Вял. майстэрствам вылучаліся творы ювелірнага мастацтва («залаты сад» у храме Сонца «Карыканча» ў Куска з раслінамі, птушкамі, матылькамі, фігурамі з золата і серабра), якія амаль не захаваліся.
Літ.:
Гарсиласо де ла Вега. История государства инков: Пер. с исп. Л., 1974;
Березкин Ю.Е. Инки: Ист. опыт империи. Л., 1991;
Галич М. История доколумбовых цивилизаций: Пер. с исп. М., 1990.
Понча інкаў. 1350—1532.Рытуальны нож інкаў — тумі. Золата, інкрустацыя.Да арт.Інкі. Сцены (злева) і платформы Мачу-Пікчу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАЭЛЕКТРО́НІКА,
галіна навукі і тэхнікі, якая забяспечвае стварэнне і сінтэз мікрамініяцюрных вырабаў рознага функцыянальнага прызначэння для радыёэлектроннай апаратуры (лініі затрымкі, фільтры, прылады ўзмацнення і апрацоўкі радыёэлектронных сігналаў і інш.); асн. раздзел электронікі. На аснове вырабаў М. створаны таксама высоканадзейныя з вял. аб’ёмам памяці камп’ютэры і камп’ютэрныя сістэмы вырашаюцца праблемы стварэння штучнага інтэлекту.
Грунтуецца на дасягненнях фізікі, хіміі, матэматыкі, матэрыялазнаўства і інш. Сярод вырабаў М. найб. пашыраны аналагавыя і лічбавыя інтэгральныя паўправадніковыя і гібрыдныя мікрасхемы (ІС; гл.Інтэгральныя схемы), прыборы з зарадавай сувяззю (напр., ПЗС-матрыца). Вырабы М. бываюць у выглядзе матрыцы (ці некалькіх матрыц) аднатыпных элементаў мікронных і субмікронных памераў. напр., транзістараў розных тыпаў (біпалярных, МДП) і іх эл. злучэнняў; напр., вял. ІС маюць да 10⁴ элементаў, звышвял. — да 106 і ультравял. — больш за 106 элементаў на крышталь. Вытв-сць паўправадніковых ІС ажыццяўляецца з выкарыстаннем сукупнасці тэхнал. працэсаў, заснаваных на фіз.-хім. метадах апрацоўкі паўправадніковых, метал. і дыэл. матэрыялаў, якія складаюць аснову планарнай тэхналогіі, сінтэз гібрыдных мікрасхем праводзіцца на аснове плёначнай тэхналогіі. М. развіваецца ў кірунку змяншэння памераў элементаў (гл.Мініяцюрызацыя), павышэння ступені інтэграцыі (вызначаецца шчыльнасцю ўпакоўкі) і хуткадзеяння (вызначаецца часам затрымкі сігналу) з абавязковай аптымізацыяй логікі работы мікрасхем, удасканаленнем структуры і ўласцівасцей традыцыйных (германій, крэмній) і новых (арсенід галію і інш.) паўправадніковых і дыэл.-матэрыялаў, тугаплаўкіх металаў. Асн. праблемы М. пры павышэнні ступені інтэграцыі звязаны з фундаментальнымі абмежаваннямі, абумоўленымі прыродай матэрыялаў і фіз. прынцыпамі функцыянавання, а таксама праблемамі ўзроўню ўласных шумоў і адводу цяпла.
На Беларусі даследаванні па праблемах М. вядуцца з сярэдзіны 1960-х г. у Фіз.-тэхн. ін-це, Ін-тах фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, электронікі Нац.АН, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, БДУ, НВА «Інтэграл» (у т. л.вытв-сць вырабаў М.) і інш.
Літ.:
Ефимов И.Е., Козырь И.Я. Основы микроэлектроники. 2 изд. М., 1985;
Валиев К.А. Микроэлектроника: достижения и пути развития. М., 1986;
Гурский Л.И., Степанец В.Я. Проектирование микросхем. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯЧО́РЫ,
прыродныя поласці ў верхняй тоўшчы зямной кары, злучаныя з паверхняй адной або некалькімі ўваходнымі адтулінамі. Запоўнены паветрам або інш. газам, вадой, часткова цвёрдымі адкладамі. Паводле паходжання падзяляюцца на першасныя (сінгенетычныя з горнымі пародамі: газавыя пузыры і тунэлі ў лавах, поласці ў рыфах, вапняковых туфах, гіпсаангідрытах) і другасныя (узніклі ў сфарміраванай пародзе ці ледавіку: П. выветрывання, вышчалочвання, выдзімання, суфазійныя, абразійныя на берагах мораў, карставыя, гідратэрмальныя, гляцыяльныя ў ледавіках). Найб. пашыраны карставыя П. (гл.Карст).
П. складаюцца з расшыраных участкаў (галерэі, гроты, залы) і вузкіх (праходы, хады, адвержкі). Часта ўтвараюць складаныя шматпавярховыя сістэмы. Найб. працяглыя П. (карставыя); Флінт-Мамантава (гл.Мамантава пячора, ЗША) — каля 560 км, Хёлах (Швейцарыя) — 133 км, Аптымістычная пячора — 157 км і Азёрная пячора — 107,3 км (Украіна). Найб. глыбокія П. свету (карставыя); Вароння (Абхазія) — 1720 м, Жан-Бернар (Францыя) — 1494 м, В.Панцюхіна — 1465 м і Снежная (Абхазія) — 1370 м, Ільяміна (Іспанія) —1342 м, П’ер-Сен-Мартэн (Францыя, Іспанія) — 1342 м. Для мікраклімату П. характэрны адсутнасць сонечнага святла, пастаянства т-р, высокая вільготнасць, павышаная канцэнтрацыя вуглякіслага газу. У халодных П. намнажаецца шматгадовы лёд. Часта П. ўпрыгожаны рознымі нацечнымі ўтварэннямі, у т. л.сталагмітамі і сталактытамі. Фауна бедная, пераважна беспазваночныя жывёлы, таксама земнаводныя, рыбы. У некат. П. жывуць калоніі лятучых мышэй. Для пастаянных насельнікаў П. характэрны дэпігментацыя, слепата, часам гігантызм, запаволены абмен рэчываў. У П. назіраецца да 90 відаў новаўтвораных мінералаў са слабамінералізаваных пячорных вод, часам з рудаўтваральных і гідратэрмальных раствораў. Найб. пашыраны карбанаты (арганіт, кальцыт, даламіт, магнезіт і інш.) і сульфаты (барыт, цэлесцін, гіпс, мірабіліт і інш.). Муміё П. — прыродная мед. сыравіна. П. выкарыстоўваюцца чалавекам са стараж. часоў. У іх захаваліся касцявыя рэшткі, прылады працы, быту, скульптурныя і наскальныя выявы (напр., П.Альтаміра і Ласко, якія ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны, Капава пячора). Найб. выкарыстоўваюцца П. для падземнага турызму, у некат. з іх пабудаваны навук. лабараторыі, санаторыі, чыгункі, канцэртныя залы, кафэ і інш. П. вывучае спелеалогія.
Літ.:
Дублянский В.Н., Илюхин В.В. Крупнейшие карстовые пещеры и шахты СССР. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУХАВІ́К,
энергасілавая машына, якая пераўтварае энергію рознага віду ў мех. работу або ў кінетычную энергію рэактыўнага струменя. У залежнасці ад тыпу Р. работа можа быць атрымана ад вярчальнага ротара (у ротарных машынах), зваротна-паступальнага руху поршня (у поршневых машын), рэактыўнага апарата і інш. Падзяляюцца на стацыянарныя, перасоўныя і транспартныя. Прыводзяць у дзеянне рабочыя машыны, трансп. сродкі (сухапутныя, водныя, паветраныя, касмічныя), вытв.-тэхнал. ўстаноўкі, камунальныя і быт. машыны і прылады і інш.
Р., якія пераўтвараюць прыродныя энергет. рэсурсы (паліва, энергію ветру, вады і інш.) у мех. энергію, наз.першаснымі Р. Да іх адносяцца цеплавыя рухавікі, гідраўлічныя рухавікі, ветрарухавікі. Другасныя Р. пераўтвараюць у работу энергію, атрыманую ад першасных Р. ці ад пераўтваральнікаў і накапляльнікаў энергіі (сонечных батарэй, інерцыйных і спружынных механізмаў і інш.): электрычныя рухавікі (у т. л.асінхронныя электрарухавікі, сінхронныя электрарухавікі), пнеўмарухавікі, інерцыйныя рухавікі, гіравыя, спружынныя, некаторыя гідраўлічныя і інш.
Першым мех. Р. было вадзяное кола, якое выкарыстоўвалася для падачы вады ў арашальныя сістэмы (краіны Стараж. Усходу, Егіпет, Кітай, Індыя). Ветрарухавікі барабаннага тыпу з’явіліся ў Стараж. Егіпце і Кітаі, з 7 ст. ў Персіі пачалі будаваць больш дасканалыя крыльчатыя, якія з 12—13 ст. пашырыліся ў Еўропе для прыводу ветраных млыноў (гл.Вятрак). З 13 ст. рабіліся спробы стварэння вечнага рухавіка. Цеплавы Р. — поршневая параатмасферная машына пабудавана Т.Ньюкаменам у 1705, універсальны цеплавы Р. — паравая машына — Дж.Уатам у 1784, паравая турбінапрамысл. значэння — Ч.А.Парсансам у 1884, практычна прыгодны рухавік унутранага згарання — франц. механікам Э.Ленуарам у 1860, 4-тактавы газавы Р. — Н.А.Ота ў 1876, дызельны — Р.К.Дызелем у 1897 (гл.Дызель). У 1-й пал. 20 ст. створаны газавая турбіна, рэактыўны рухавік, ядзерная сілавая ўстаноўка. Гл. таксама Авіяцыйны рухавік, Аўтамабільны рухавік, Суднавы рухавік.
Літ.:
История техники. М., 1962;
Радость познания. Т. 4. Человек и машины: Пер. с англ.М., 1986.
У.М.Сацута.
Рухавікі: а — паравы Ньюкамена (1 — бак з вадой, 2 — поршань са штокам, 3 — цыліндр, 4 — упырскванне вады, 5 — паравы кацёл); б — газавы 4-тактны Ота (1 — выхад газаў, 2 — упуск паветра, 3 — упуск газу, 4 — слізгальны клапан, 5 — гарэнне газу, 6 — абалонка з ахаладжальнай вадой, 7 — поршань).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́МСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на ПнУ Украіны. На Пн і У мяжуе з Рас. Федэрацыяй. Утворана 10.1.1939. Пл. 23,8 тыс.км². Нас. 1349 тыс.чал. (1999), гарадскога 60%. Цэнтр — г.Сумы. Найб. гарады: Канатоп, Шостка, Рамны, Ахтырка, Глухаў, Лебядзін.
Большая ч.тэр. вобласці знаходзіцца ў межах Прыдняпроўскай нізіны, на У і ПнУ — Сярэднярускае ўзв. (выш. да 226 м). Паверхня — хвалістая раўніна, парэзаная далінамі рэк, ярамі. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, буры вугаль. фасфарыты, мел, калійныя і каменныя солі, вапнякі, гіпс і інш. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -7 °C, ліп. 19 °C, ападкаў каля 600 мм за год. Рэкі бас.р. Дняпро: Дзясна з прытокам Сейм, Сула, Псёл, Ворскла. У далінах — шматлікія азёры і сажалкі. Глебы на Пн дзярнова-падзолістыя, на Пд — чарназёмы. Пад лесам і хмызнякамі каля 17% тэр., на Пн мяшаныя лясы (хвоя, бяроза, дуб), у цэнтры і на Пд лясы з ліпы, клёну, ясеню. Стэпы пераважна разараныя. У вобласці філіял Укр. стэпавага запаведніка — Міхайлаўская цаліна. Дэндрапарк Трасцянец.
Асн. галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка (абсталяванне для хім. і горнай прам-сці, помпы для цеплавых і атамных электрастанцый, кампрэсары, поршні, паліграф. машыны, электратэхн. і агрэгатныя вузлы, аўтам. тэлефонныя станцыі, электрабыт. прылады), хім. (мінер. ўгнаенні, серная к-та, кіна- і фотаплёнка, гумава-тэхн. вырабы), лясная і дрэваапр., у т. л. мэблевая, лёгкая (тэкст., швейная, гарбарна-абутковая), харч. (цукр., мукамольная, мяса-малочная, алейная), камбікормавая, фарфора-фаянсавая. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Здабыча нафты і прыроднага газу. Вытв-сць электраэнергіі на Сумскай, Ахтырскай, Шосткінскай і Канатопскай ЦЭЦ Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні цукр. буракоў, збожжавых і на мяса-малочнай жывёлагадоўлі. Пасяўныя пл. займаюць 402 тыс.га (1999). Сеюць пшаніцу, жыта, ячмень, кукурузу, цукр. буракі, сланечнік, каноплі. Бульбаводства, агародніцтва. Развіта садоўніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак і коз, птушак. Пчалярства. Рыбаводства. Даўж. чыгунак 823 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём каля 5 тыс.км. Асн. чыгунка Кіеў—Канатоп—Сумы—Харкаў, аўтадарогі Кіеў—Сумы—Курск, Сумы—Харкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАКА́РНАЕ РАМЯСТВО́,
выраб рэчаў быт. і маст. прызначэння на такарным станку. Засн. на апрацоўцы разцом загатоўкі з дрэва, косці, металу, каменю і інш., прыведзенай у вярчальны рух. Часта спалучаецца з разьбой, інкрустацыяй, гравіраваннем, паліраваннем, размалёўкай і інш. Здаўна пашырана ў многіх народаў свету. Шырока вядомы хахламское і полхаўска-майданскае (Расія) Т.р. ў спалучэнні з размалёўкай, гуцульскае (Украіна) — з разьбой і інш.
На Беларусі прасцейшыя такарныя станкі ўвайшлі ў практыку з 11—13 ст., тады ж Т.р. вылучылася ў самаст. рамяство. З дрэва і косці тачылі дробныя прадметы (посуд, гузікі, шахматы, тронкі нажоў і інш.), нярэдка аздаблялі гравіраваным арнаментам. Шмат бел. майстроў-токараў у 17 ст. працавалі ў Маскоўскім Крамлі, дзе яны выраблялі драўляныя дэталі мэблі, арх. ўбранства, шахматы, чарніліцы, парахоўніцы са слановай косці. У 19—1-й пал. 20 ст. Т.р. пашырылася ў нар. побыце; у многіх выпадках было дапаўненнем у сталярным, бандарным, стальмашным рамёствах. Т.р. нярэдка займаліся цэлыя вёскі. Тачылі сталовы посуд (міскі, талеркі, ступкі, сальніцы, бочачкі), быт. прадметы (попельніцы, люлькі, падсвечнікі, бязмены), вытв.прылады (калаўроты, верацёны), дэталі мэблі, трансп. сродкаў, арх. аздаблення і інш.Найб. выкарыстоўваўся даўні варыянт такарнага станка, які ўяўляў сабою 2 стойкі з метал. стрыжнямі, паміж якімі гарызантальна заціскалі загатоўку. Вярчальны рух ёй надаваў шнур (рэмень, вяроўка), што ахопліваў загатоўку і адным канцом мацаваўся ўверсе да спружыністага рычага (жэрдкі, заткнутай за бэльку), другім — да дошкі, што ляжала на падлозе. Націскаючы нагой на дошку, прыводзілі ў вярчэнне загатоўку і апрацоўвалі яе разцом. Дробныя вырабы (верацёны, рукаяткі інструментаў) выточвалі на ручным варыянце станка—смыку. У наш час Т.р. (пераважна з дрэва) развіваецца на некат. ф-ках маст. вырабаў, ім займаюцца нар. майстры, якія вырабляюць рэчы быт., сувенірнага, утылітарна-маст. прызначэння.
Літ.:
Сахута Я. Такарныя вырабы // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1975, №1.
Я.М.Сахута.
Да арт.Такарнае рамяство. Такарны станок.Да арт.Такарнае рамяство. Вырабы з с. Полхаўскі Майдан і с. Круцец Ніжагародскай вобл. Расія. 1970-я г.Да арт.Такарнае рамяство. Вырабы з размалёўкай. Брэсцкая фабрыка сувеніраў. 1980-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЗНАЎЛЕ́ННЕ (эканам.),
пастаяннае паўтарэнне і бесперапыннае аднаўленне працэсаў вытв-сці. Уключае 4 фазы: вытв-сць, размеркаванне, абмен і спажыванне. Зыходным ва ўзнаўленчым працэсе з’яўляецца вытв-сць, іншыя яго фазы залежаць ад яе і ўплываюць на яе. Ва ўмовах рыначнай эканомікі, калі вырабляецца тое, што карыстаецца попытам і канкрэтна спажываецца, роля абмену і спажывання павышаецца і паслядоўнасць фаз мяняецца — за вытв-сцю ідзе абмен, а потым размеркаванне і спажыванне. Па элементах вылучаюць У. фактараў вытв-сці (сродкі вытв-сці, рабочая сіла, прыродныя рэсурсы), У. прадукту, У. вытв. адносін. Напр., У. рабочай сілы таксама носіць пафазны характар і ўключае сістэму адносін, звязаных з яе вытв-сцю, размеркаваннем, абменам і выкарыстаннем. Гэта прадугледжвае захаванне дзеючай рабочай сілы, аднаўленне зрасходаванай рабочай сілы і колькасны прырост занятых у грамадскай вытв-сці, назапашванне ведаў, практычнага вопыту пры навучанні і прац. дзейнасці. Неабходнай умовай грамадскага У. выступае размеркаванне рабочай сілы на аснове прафес. і функцыянальнага падзелу працы. У працэсе абмену ўладальнік рабочай сілы сваю здольнасць да працы прадае ўласніку сродкаў вытв-сці, а пры выкарыстанні (спажыванні) рабочай сілы жывая праца матэрыялізуецца ў вырабленых прадуктах ці паслугах. Паводле эканам. зместу адрозніваюць простае і расшыранае У. Простае У. — паўтарэнне працэсу вытв-сці ў ранейшых памерах; дадатковых сродкаў для набыцця фактараў вытв-сці не патрабуе. Расшыранае У. — паўтарэнне і аднаўленне працэсу вытв-сці з усё большым павелічэннем яе маштабаў. К.Маркс распрацаваў умовы рэалізацыі сукупнага грамадскага прадукту пры простым і расшыраным У. Пры простым У. сукупны грамадскі прадукт толькі кампенсуе спажытыя жыццёвыя даброты, затрачаныя на яго вытв-сцьпрылады і прадметы працы, з прычыны чаго накапленне ў грамадстве адсутнічае. Пры расшыраным У. сукупны грамадскі прадукт не толькі кампенсуе гэтыя затраты, але і забяспечвае іх лішак для расшырэння вытв-сці, стварэння рэзерваў і страхавых запасаў. У тэорыі рыначнай эканомікі падыходамі К.Маркса не карыстаюцца. Макраэканамічная раўнавага вывучаецца на аснове суадносін сукупнага попыту і сукупнай прапановы, але сутнасць У. не адмаўляецца. Лічыцца, што У. — гэта расшырэнне вытв-сці на аснове накаплення і інвестыцый, і ставіцца праблема суадносін спажывання, ашчаднасці і інвестыцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРТАЛЁТ (устарэлая назва гелікаптэр),
лятальны апарат з верт. узлётам і пасадкай, у якога пад’ёмная сіла і цяга гарыз. палёту ствараюцца лопасцямі нясучых вінтоў. Мае фюзеляж, вінтавыя агрэгаты, рухавік, шасі, органы кіравання, навігацыйныя прылады. Рух нясучым вінтам верталёта надаюць поршневыя або турбавальныя (турбавінтавыя) рухавікі (праз сістэму мех. трансмісіі), часам — непасрэдна рэактыўныя рухавікі. Бываюць аднавінтавыя (з рулявым вінтом), двухвінтавыя (сувосевыя, з падоўжным і папярочным размяшчэннем нясучых вінтоў), многавінтавыя і рэактыўныя. Скорасць верталёта да 355 км/гадз і больш, выш. палёту да 12,5 км, далёкасць да 3400 км, грузападымальнасць да 40 т. Выкарыстоўваюцца для пасажырскіх і грузавых перавозак, буд.-мантажных, геолагаразведачных і с.-г. работ, мед. абслугоўвання, тушэння пажараў і інш.Ваен. верталёты падзяляюцца на баявыя (для агнявой падтрымкі войск, процілодачныя, процітанк., трансп.-дэсантныя), баявога забеспячэння (разведвальныя, сувязныя, пастаноўшчыкі мінных загарод, запраўшчыкі і інш.), дапаможнага прызначэння (верталёты-краны, санітарныя і інш.).
Ідэю верталёта распрацаваў Леанарда да Вінчы ў 15 ст. Першы палёт (на выш. да 2 м) ажыццявіў на верталёце француз П.Карню ў 1907. У Расіі (Кіеў) першыя верталёты сканструяваў І.І.Сікорскі ў 1909, верталёт аднавінтавой схемы ўпершыню пабудаваў Б.М.Юр’еў у 1910—12, першы сав. серыйны верталёт — Мі-1 канструктара М.Л.Міля (1948). Вядучыя сав. канструктары: Міль, М.І.Камаў, А.С.Якаўлеў, І.П.Братухін. У 1950—90-я г. пабудаваны верталёты: трансп. двухматорны турбавінтавы Мі-6, верталёт вял. грузападымальнасці В-12 канструкцыі Міля (устанавіў шэраг сусв. рэкордаў), універсальны грузавы верталёт-кран з 2 газатурбіннымі рухавікамі Мі-10К (можа несці груз да 11 т), цяжкі трансп. верталёт для буд.-мантажных работ Мі-26 (падымае груз да 20 т), двухвінтавыя сувосевыя Ка-10, Ка-15, Ка-18, Ка-25, Ка-26, шматмэтавы з 2 газатурбіннымі рухавікамі Ка-32 (грузападымальнасцю 5 т), баявыя Ка-50 «Чорная акула» і мнагамэтавы, начны і ўсепагодны Ка-52 «Алігатар» (аб’ядноўвае якасці самалёта-штурмавіка і верталёта агнявой падтрымкі). Найбуйнейшыя вытворцы сучасных мадэляў грузавых, пасажырскіх і ваенных верталётаў — Расія і ЗША (у іх жа сканцэнтраваны вядучыя канструктарскія і навук.-тэхн. сілы па распрацоўцы верталётнай тэхнікі). Гл. таксама Авіяцыя, Верталётны спорт.
Літ.:
Вертолеты. Т. 1—2. М., 1966—67;
Изаксон А.М. Советское вертолетостроение. 2 изд. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДНЕПРАПЯТРО́ЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
Размешчана на ПдУ Украіны. Утворана 27.2.1932. Пл. 31,9 тыс.км². Нас. 3852 тыс.чал. (1996), гарадскога — 84%. Цэнтр — г.Днепрапятроўск. Найб. гарады: Крывы Рог, Днепрадзяржынск, Нікапаль, Новамаскоўск, Паўладар, Марганец, Жоўтыя Воды, Сінельнікава.
Прырода. Рэльеф пераважна раўнінны, на З Прыдняпроўскае ўзв. (выш. да 192 м), у цэнтр.ч. Прыдняпроўская нізіна, якая на Пд пераходзіць у Прычарнаморскую нізіну, на ПдУ Прыазоўскае ўзв. (выш. да 211 м). Карысныя выкапні: жалезныя, марганцавыя, нікелевыя і тытанавыя руды, каменны і буры вугаль, прыродны газ, графіт, баксіты, вапнякі, граніты, гнейсы, гліны і інш. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад -5 да -6,5 °C, ліп. ад 22 да 23,5 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 450 мм на Пн да 400 мм на Пд. Гал. рака Дняпро з прытокамі Арэль, Самара (злева), Мокрая Сура, Базаўлук, Інгулец (справа). Пабудаваны Днепрадзяржынскае і Кахоўскае вадасх., канал Дняпро—Крывы Рог, вадавод з Дняпра ў Кіраваградскую вобл. Глебы пераважна чарназёмныя, па далінах рэк чарназёмна-лугавыя. Стэп разараны. Лясы займаюць невял. плошчы (дуб, ясень, граб, клён).
Гаспадарка. Д.в. — адна з найб. індустрыяльна развітых на Украіне. Здабыча жал. (Крыварожскі бас.), марганцавых (Нікапальскі бас.), поліметал. руд, каменнага вугалю (зах.ч. Данбаса). Вядучыя галіны прам-сці: чорная (чыгун, сталь, пракат, стальныя трубы і інш.) і каляровая (уран) металургія, машынабудаванне і металаапрацоўка (металургічнае і горна-шахтавае абсталяванне, электравозы, чыг. вагоны. станкі, прэсы, буракаўборачныя камбайны, прылады, радыётэхніка), коксахім., хім. і нафтахім. (азотныя ўгнаенні, пластмасы, шыны, лакі, фарбы і інш.), лёгкая (швейныя вырабы, верхні трыкатаж, абутак), дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая (у т. л.вытв-сць мэблі і паперы), харч. (алей, мука, крупы і інш.). Вытв-сцьбуд. (цэмент) і вогнетрывалых матэрыялаў. Прыдняпроўская, Крыварожская, Днепрадзяржынская і інш.ДРЭС, Днепрадзяржынская ГЭС. Пасевы пшаніцы, ячменю, кукурузы, проса, грэчкі; вырошчваюць сланечнік, сою, цукр. буракі, агародніну, бульбу. Пладаводства, вінаградарства. Мяса-малочная жывёлагадоўля. Рыбалоўства. Буйныя арашальныя сістэмы. Асн. від транспарту — чыгуначны. Чыгункі: Крывы Рог—Днепрапятроўск—Чырвонаармейск, Далінская—Запарожжа і інш.Аўтамаб. транспарт выкарыстоўваецца ў асн. для ўнутр. перавозак. Газаправоды: Шабялінка (Харкаўская вобл.)—Днепрапятроўск—Крывы Рог, Перашчэпіна—Днепрапятроўск, Крамянчуг—Крывы Рог, транзітныя нафтаправоды. Суднаходства па Дняпры. Рачныя парты: Днепрапятроўск, Днепрадзяржынск, Нікапаль. Бальнеагразевы курорт Салёны Ліман.