Склалася на землях Зах. Беларусі, што ў выніку Рыжскага мірнага дагавора 1921 адышлі пад юрысдыкцыю Польскай дзяржавы. Ва ўмовах каланіялісцкай палітыкі польскага ўрада ў дачыненні да бел. этнасу за адносна невялікі гіст. перыяд літаратура Зах. Беларусі развілася ў самадастатковую з’яву нац. культуры, стала арганічнай выразніцай бел. духоўнасці. У ідэйна-праблематычным і эстэт. плане яна складае асобны, самакаштоўны раздзел агульнанац. бел. літаратуры 1-й пал. 20 ст.Літ. працэс у Зах. Беларусі грунтаваўся на бел. ідэі, нац. і сац. самаідэнтыфікацыі народа, яго паліт. разняволення. Заснавальнікамі зах.-бел.літ. традыцыі сталі былыя нашаніўцы А.Луцкевіч, М.Гарэцкі, носьбіт рас. эстэтычнай і філас. культуры У.Самойла, прадстаўнікі маладой генерацыі, якія прыйшлі ў літаратуру ў час 1-й сусв. вайны, Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый, У.Жылка, І.Канчэўскі, М.Краўцоў, Л.Родзевіч. У ліку першых паэтычных зборнікаў, выдадзеных у пачатку 1920-х г. у Вільні, былі «Беларусь» Л.Родзевіча, «Уяўленне» і «На ростанях» У.Жылкі, прасякнутыя пафасам вызваленчага змагання, ідэяй сац. і нац. свабоды бел. народа. Падзел бел. зямель дэтэрмінаваў у паэзіі драматычны матыў Беларусі, штучна парэзанай дзярж. межамі, адначасова ён даў імпульс нац. самасцвярджэнню. Ідэя нац. самаідэнтыфікацыі набыла асаблівую актуальнасць і філас. скіраванасць у эсэістыцы І.Канчэўскага («Адвечным шляхам»), філас. публіцыстыцы У.Самойлы («Гэтым пераможаш!..») і А.Цвікевіча («Аб аргументах ад розуму і аргументах ад сэрца», «Вялікае спрашчэнне, ці вялікае ўдасканаленне»). Надзённым грамадска-паліт. праблемам жыцця Зах. Беларусі пад польскай адміністрацыяй прысвячалася маст. публіцыстыка М.Гарэцкага, асабліва ў рэдагаванай ім газ. «Беларускія ведамасці» («Важны фронт», «Беларусы, бярыцеся за грамадскую работу» і інш.). Гіст. тэматыка малой прозы М.Гарэцкага віленскага перыяду (1920—23) мела зах.-бел. кантэкст, а ў асобных апавяданнях навідавоку зах.бел. рэаліі («Руіны» ў панскай кухні», «Смачны заяц», «Страшная музыкава песня», «Пакінутыя хаты» і інш.). Вопыт 1-й сусв. вайны асэнсаваны Ф.Умястоўскім у апавяд. «Стася». Да жанру малой прозы ў апавяданнях «Маршлют», «Маскалёвы дзеці» звярнуўся М.Краўцоў. Поспехі драматургіі Зах. Беларусі ў пач. 1920-х г. засведчаны п’есамі «Досвіткі», «На Каляды», «ПСХ», «Кавалі» Л.Родзевіча, «Няскончаная драма» Ф.Аляхновіча, «Жартаўлівы пісарэвіч» М.Гарэцкага. У драматургічным жанры на матэрыялах 1 -й сусв. вайны, рэвалюцый і грамадз. вайны асэнсоўваліся праблемы пошуку бел. народам уласных шляхоў, лёс інтэлігенцыі на фоне грандыёзных падзей і катаклізмаў.
У літ. працэсе Зах. Беларусі актыўна развіваліся крытыка і літ.-знаўства — І.Дварчанін, У.Жылка, Р.Зямкевіч, В.Ластоўскі, А.Навіна (Луцкевіч), Я.Светазар (М.Краўцоў), А.Станкевіч, Суліма (У.Самойла); у гэты час М.Гарэцкі апрацоўваў першую канцэптуальную гісторыю бел. літаратуры, змясціў у перыёдыцы шэраг літ. партрэтаў. У сувязі з ростам вызваленчага руху ў яго легальных формах перыяду Беларускай сялянска-работніцкай грамады на старонках перыядычнага друку з’явілася масавая паэзія. З ёю прыйшла новая кагорта пісьменнікаў — М.Васілёк, Х.Ільяшэвіч, М.Машара, А.Салагуб і інш. Для прадстаўнікоў гэтай маладой генерацыі было характэрна ранняе грамадз. ўзмужанне, непрыняцце пануючага рэжыму. Усе яны (акрамя М.Машары) — удзельнікі камуністычнага падполля і зведалі, у т. л. М.Машара, турэмнае зняволенне ў Лукішскай турме. Маст. вобраз пераканаўчага змаганца-палітвязня ўпершыню на зах.-бел. грунце створаны ў сярэдзіне 1920-х г. А.Салагубам у цыкле лукішскіх вершаў. Пазней гэты паэтычны вобраз атрымаў ідэйна-эстэт. завяршэнне ў паэзіі М.Танка і В.Таўлая. Лірычны герой А.Салагуба горды ўсведамленнем, што ўдзельнічае ў камуністычным руху, спадзяецца на планетарна вызваленчыя здзяйсненні. Не пазбаўлены ідэйна-эстэт. пошукавых амбіцый і імкнення ствараць «новы Апокрыф», Х.Ільяшэвіч наследаваў ідэю змагання працоўных, асвойваў тэму працы, распрацоўваў гарадскія матывы (зб. «Веснапесні»). М.Машара ў лірычным зб. «Малюнкі» (1928) сцвярджаў абуджэнне зах.-бел. вёскі да свядомага жыцця. Ф.Грышкевіч пры маст. увасабленні бел. ідэі дзеля пашырэння яе ў масавай свядомасці звяртаўся да творчага пераасэнсавання ў паэзіі вобразаў Усяслава Чарадзея, Вітаўта і інш.гіст. постацей (зб. «Веснавыя мелодыі», 1927). М.Васілёк у зб. «Шум баравы» (1929) адлюстраваў уласцівую для ўсёй бел. літаратуры 1920-х г. ідэю нац. адраджэння, а таксама непрыняцця пануючага ў Зах. Беларусі польскага аўтарытарнага рэжыму. Вобразы сейбіта і барацьбіта-адраджэнца ў яго паэзіі семантычна тоесныя. Асобныя матывы ў паэзіі М.Васілька праменілі аптымізмам, верай у справу нар. вызвалення і адраджэння. Мяккі, лірычны, рамант. пафас у яго паэзіі суседнічаў з матывамі гумару, паказваў зах.-бел. рэчаіснасць у гумарыстычных вобразах і калізіях.
Паэтычны зб. «Світанне» П.Сакола (1929) арганічна спалучаў у сваім змесце сац. і нац. ідэі і матывы. У няскончанай яго паэме «Латгалія» ўдала адлюстраваны некат. сац. рэаліі з жыцця бел. этнасу на яго балта-слав. узмежжы. У 1927 зах.-бел. літаратары зрабілі спробу стварыць на ўзор літаб’яднанняў, што былі ў Сав. Беларусі, прафесійнае пісьменніцкае згуртаванне «Веснаход». Але ў гэты час распачаўся шырокі наступ польскай адміністрацыі на бел. арганізацыі, і аб’яднанне не было зацверджана. У выдадзеным згуртаваннем зб. «Рунь «Веснаходу» акрамя твораў М.Васілька, Х.Ільяшэвіча, якія ўжо грунтоўна заявілі пра сябе ў друку, змешчаны вершы і маладзейшых: Г.Вялецкага, Звестуна (П.Пестрак), Ю.Сергіевіча, В.Шкодзіча і інш.
Гісторыя духоўнага і культ. жыцця Зах. Беларусі ў 1930-я г. мела спецыфіку, абумоўленую найперш грамадска-паліт. ўмовамі, што склаліся ў Беларусі па абодва бакі польска-сав. мяжы. Хоць грамадскае жыццё і літ. працэс у Зах. Беларусі ў 1930-я г. не зведалі такіх радыкальных перамен, як у СССР, аднак яны трапілі падпаліт. ўціск з боку польскай дзяржавы. З пач. 1930-х г. у Польшчы ўзмацніўся аўтарытарны рэжым, што разам з эканам. крызісам ускладняла і культурніцкую сферу жыцця. З разгромам уладамі паліт. арганізацыі «Змаганне» і арыштам дэпутатаў сейма легальныя формы бел. вызваленчага руху ў Польшчы былі ліквідаваны. У 1930 і 1933 былі арыштаваны галоўная ўправа Таварыства бел. школы (ТБШ) на чале з С.Паўловічам, Ф.Стацкевічам, Р.Шырмам, паступова закрываліся павятовыя і нізавыя яго структуры, а ў 1936 дзейнасць ТБІП і Бел. ін-та гаспадаркі і культуры зусім забаронены; закрываліся бел. школы, апошнія бел. гімназіі, а Віленская гімназія пераўтворана ў філіял польскай. Пачалася канфіскацыя перыядычных выданняў, кніг паэзіі М.Васілька, М.Танка і М.Машары, нават бел. буквара С.Паўловіча. Нягледзячы на такія акалічнасці, зах.-бел. інтэлігенцыя праяўляла рэальныя доказы грамадз. жыццяздольнасці. У 1932 выйшла 5 нумароў час. «Нёман», прысвечанага літаратуры, навуцы і мастацтву. У 1935 заснаваны літаратурна-навук. і грамадскі час. «Калоссе». Дзеячы асветы выдавалі час. «Беларускі летапіс» (1933—39) і «Самапомач». Ідэю нац. вызвалення адстойвала газета «Беларускі фронт». Замест заняпалага кааперацыйнага кніжнага Бел. выдавецкага таварыства, прадуктыўнага ў 1920-я г., практыкаваліся прыватныя выданні Р.Шырмы, С.Глякоўскага і Найдзюка, а ў 1937 заснавана выдавецтва «Белпрэс». Існавала Бел. каталіцкае выдавецтва і друкарня імя Ф.Скарыны. У 1-й пал. 1930-х г. лідэрам зах.-бел. паэтаў стаў М.Машара. Выйшлі зб-кі яго лірыкі «На сонечны бераг» (1934), «На прадвесні» (1935); крыху раней напісаная ў Лукішскай турме паэма-сімфонія «Валачобнае» — гімн разбуджанаму нар. духу, натхнёны парывам да свабоды ў час грамадаўскага ўздыму. Місію паэта і сваё асабістае крэда М.Машара бачыў у грамадз. служэнні народу на шляху да яго вызвалення. Мажор яго лірыкі, зрэдку асмучаны нар. нядоляй, гучаў зараджальна, нёс веру ў годную будучыню. Нягледзячы на грамадскія і інш. катаклізмы, яго паэзія і ў 1930-я г. не страціла духу грамадзянскасці, хоць і не мела ранейшага наступальнага тону. У паэтычных рэфлексіях Х.Ільяшэвіча 2-я пал. 1930-х г. прадстае як стратны ў лёсе Беларусі час.
У 1930-я г. ў паэзію Зах. Беларусі прыйшлі А.Бярозка, А.Дубровіч, А.Іверс, С.Крывец, М.Танк, Н.Тарас, С.Хмара. Медытацыі А.Бярозкі пра лёс народа і бацькаўшчыны, надрукаваныя ў час. «Шлях моладзі» і «Калоссе», мелі філас. напаўненне і адметную метафарычнасць. Ракурс бачання зах.-бел. рэчаіснасці ў С.Крыўца сацыяльна завостраны, угрунтаваны на жыццёвым вопыце паэта-рабочага (вершы «Крызіс», «Сыплюць думкі», «Шэрая гадзіна»). Яго паэтычны сінтаксіс вызначаўся сцісласцю фразы, афарыстычнасцю маст. абагульнення думкі. С.Хмара прыйшоў у літаратуру праз грамадаўскі вызваленчы парыў, праз польскія астрогі (зб. «Жураўліным шляхам», 1939). Тэматычна актуальная, яго паэзія вылучалася дынамізмам рытму, моцнай энергетыкай радка. З глыбінь вызваленчага змагання прыйшоў у літаратуру В.Таўлай, актыўны ўдзельнік рэв. падполля. Няшмат яго вершаў (пад псеўданімам П.Сірата) пабачылі свет у зах.-бел. друку ў Вільні. Творы, надрукаваныя ў час. «Калоссе» і «Шлях моладзі», выяўлялі ў паэта эпічны пачатак, прамоўніцкую інтанацыю, спалучаныя з пранікнёнай лірычнасцю. На агульнаеўрап. ўзровень узняў паэзію Зах. Беларусі М.Танк. У грамадз. лірыцы, мадэрністычнай паводле вобразнай фактуры і рэв. паводле ідэйнай накіраванасці (паэмы «Нарач», «Каліноўскі», «Журавінавы цвет»), паэт глыбока па-мастацку узнавіў рэв. сучаснасць і гіст. мінулае Беларусі, стварыў сац. партрэт эпохі. М.Танку ўдалося арганічна паяднаць у бел.маст. слове сінкрэтычнае фалькл. і інтэлектуальна-асацыятыўнае мысленне.
Літ.-маст. развіццё ў Зах. Беларусі 1930-х г. мела і сваю жанравую спецыфіку. Калі ў 1920-я г. паспяхова развіваліся драматургія, лірыка, малая проза, літ.-філас. эсэістыка, то 1930-я г. характарызуюцца акрэсленым дамінаваннем паэзіі і сціплым набыткам прозы (апавяданні Х.Ільяшэвіча пад псеўданімам Дальны). Другое месца пасля паэзіі належала маст. публіцыстыцы (А.Бужанскі, С.Грынкевіч, У.Самойла). Актуальным творам на свой час была аповесць «Царква. Поста. Вязьніца» С.Грынкевіча. У 1930-я г. ён актыўна працаваў у жанры асветна-навук. публіцыстыкі. У артыкулах «Псіхааналіз і праблемы літаратурныя і грамадскія», «Культура і загады нацыянальнае працы», «Гігіена псіхічная як праблема асноўных адносін да жыцця», «Аб тэатры» і інш. ён уздымаў надзённыя і фундаментальныя праблемы літаратуры, культуры, экзістэнцыі грамадства. Крытык і публіцыст А.Бужанскі аналізаваў генезіс рэпрэсій, што абрынуліся ў 1930-я г. на бел. рух, бел. інтэлігенцыю. У.Самойла грунтоўна даследаваў палітыку польскіх улад у дачыненні да беларусаў у сваім публіцыст. эсэ «Курс «новы» і «найноўшы» палітыкі польскай у беларускай справе». Гэтае эсэ было скіравана да дэмакратычнай грамадскасці свету для азнаямлення яе з трагедыяй бел. народа і яго інтэлігенцыі. Развіваліся крытыка і літ.-знаўства. А.Навіна паглыблена даследаваў творчасць бел. класікаў (брашура «Янка Купала — прарок адраджэння», арт. «Да крыніцаў творчасці М.Багдановіча» і інш.). Аналізуючы тыпалогію аповесцей «Дзве душы» М.Гарэцкага і «Прадвесне» С.Жаромскага, ён імкнуўся да метадалагічнага ўзбагачэння айч.літ.-знаўства. У арт. «На шляхах новай беларускай паэзіі», «На парозе новае эпохі ў беларускай літаратуры» С.Станкевіч прагназіраваў новыя тэндэнцыі ў развіцці айч. прыгожага пісьменства. У літ. эсэ «Вялікі скарб нашай старасведчыны» У.Самойла напярэдадні 2-й сусв. вайны раздумваў над векавымі традыцыямі бел. духоўнасці, стараж. літаратурай Беларусі.
Станаўленне і развіццё літаратуры Зах. Беларусі як часткі агульнанац. маст. культуры адбылося на аснове дэмакратычнай і рэвалюцыйна-дэмакратычнай традыцый айч. літаратуры пач. 20 ст. Яна была арганічнай выразніцай дум і памкненняў 3-мільённага этнасу, які не прыняў рэжым даваеннай Польшчы і вёў барацьбу за сваё сац. і нац. вызваленне. У зах.-бел. літаратуры плённа рэалізаваліся ўсе жанры: паэзія ў яе грамадз. іпастасі, драматургія, літ.-філас. эсэістыка, крытычная і літ.-знаўчая эсэістыка. Зах.-бел. літаратура функцыянавала ў агульнаеўрап. кантэксце і каштоўная тым, што паслядоўна адстойвала фундаментальныя чалавечыя каштоўнасці: свабоду народа, свабоду чалавечай асобы, свабодную працу ў свабоднай грамадз. супольнасці і вольнай краіне.
А.С.Ліс.
М.Танк, В.Труцька і Р.Шырма. Вільнюс. 1937.Вокладка першага зборніка вершаў М.Танка «На этапах». 1936.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́РКІ, Рамейкі-Гуркі,
ваенныя і дзярж. дзеячы ВКЛ і Расіі герба «Гурка». Родапачынальнікам лічыцца Гурка (Гурый) Аляксандравіч Рамейка, які ў 1539 быў намеснікам смаленскім. Яго нашчадкі жылі ў Віцебскім ваяв. Праўнук Гурыя Андрэй (н. каля 1600) у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 трапіў у палон і памёр у Маскве, яго лінія згасла ў 19 ст. Нашчадкі Іосіфа Гуркі (брата Андрэя) пасля падзелаў Рэчы Паспалітай перайшлі ў рас. падданства. З іх найб. вядомыя:
Іосіф Аляксандравіч (1782—21.12.1857), ген.-лейтэнант, сенатар (1845).
Уладзімір Іосіфавіч (1795 — 24.1.1852), ген. ад інфантэрыі (1851). Удзельнік вайны 1812 і замежных паходаў рус. арміі 1813. У 1820-я г. на штабных пасадах. Планаваўся яго ўдзел у выступленні дзекабрыстаў у Маскве ў снеж. 1825 (быў пад следствам) У 1830-я г. на камандных і штабных пасадах. З 1845 нач. штаба Асобнага Каўказскага корпуса, з 1851 нач. усіх рэзервовых і запасных войск.
Іосіф Уладзіміравіч (28.7.1828, в. Бурнеўка Круглянскага р-на Магілёўскай вобл. — 28.1.1901), сын Уладзіміра Іосіфавіча. Ваен. і дзярж. дзеяч, ген.-фельдмаршал (1894). Скончыў Пажаскі корпус (1846). Удзельнік Крымскай вайны 1853—56. У рус.-турэцкую вайну 1877—78 на чале Перадавога атрада перайшоў Балканы і вызваліў частку паўд. Балгарыі, аднак быў вымушаны адысці, утрымліваў Шыпкінскі перавал. У вер.—кастр. 1877 нач. кавалерыі Зах. атрада, завяршыў акружэнне Плеўны. У снеж. 1877 на чале 70-тыс. арміі зноў перайшоў Балканы, якія лічыліся недаступнымі зімой, уступіў у Сафію, разбіў турак пад Тышкісенам і Філіпопалем, заняў Адрыянопаль. Часовы ген.-губернатар Пецярбурга (1879—80) і Адэсы (1882—83). У 1883—94 ген.-губернатар Прывіслінскага краю і Варшавы і камандуючы Варшаўскай ваен. акругай. З 1886 чл.Дзярж. савета. З 1894 у адстаўцы.
Уладзімір Іосіфавіч (1863—1931), сын Іосіфа Уладзіміравіча. З 1902 у МУС, таварыш (намеснік) міністра. Пасля 1917 удзельнік белага руху на Пд Расіі, потым у эміграцыі.
Васіль Іосіфавіч (19.5.1864 — 11.11.1937), сын Іосіфа Уладзіміравіча. Ген. ад кавалерыі (1916). Скончыў Акадэмію Генштаба (1892). У час англа-бурскай вайны 1899—1902 ваен. агент пры арміі бураў. Удзельнік рус.-японскай вайны 1904—05. У 1-ю сусв. вайну камандаваў 5-й арміяй Паўн. фронту, Асобай арміяй Паўд.-зах. фронту (з 1916). З ліст. 1916 да лют. 1917 в.а. нач. штаба Вярх. галоўнакамандуючага, у сак.—маі 1917 камандуючы Зах. фронтам. Зняты з пасады Часовым урадам за манархічныя погляды, высланы за мяжу. Аўтар успамінаў.
Дзмітрый Іосіфавіч (5.10.1872 — ?), сын Іосіфа Уладзіміравіча. Ген.-маёр (1915). Скончыў Акадэмію Генштаба (1900). У 1-ю сусв. вайну камандзір гусарскага палка, нач. штаба корпуса, нач. дывізіі. Удзельнік белага руху на ПнЗ, потым у эміграцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫГІМО́НТ IIАўгуст
(1.8.1520, Кракаў — 7.7.1572),
вялікі князь ВКЛ і кароль польскі [1548—72, фармальна з 1529], у ВКЛ Жыгімонт III Аўгуст. Сын Жыгімонта I Старога і Боны Сфорцы. На сейме ВКЛ у кастр. 1529 Ж. II абраны вял. князем пры жыцці бацькі (г. зн. другім вял. князем). 18.12.1529 на польск. сейме Жыгімонт I дамогся абрання сына польск. каралём (каранаваны 20.2.1530). Рэальная ўлада засталася ў руках бацькі. Для ўстанаўлення сяброўскіх адносін са «Свяшчэннай Рымскай імперыяй» Жыгімонт I у 1543 арганізаваў шлюб Ж. II з эрцгерцагіняй Лізаветай, дачкой наследніка імператарскага трона Фердынанда (памерла ў 1545). У 1544 Ж. II фактычна пачаў кіраванне ў ВКЛ, куды Жыгімонт I не прыязджаў, але захоўваў сваё вяршэнства. У 1547 Ж. II ажаніўся з Барбарай Радзівіл. У выніку шлюбу браты Барбары М.Радзівіл Руды і М.Радзівіл Чорны занялі кіруючае становішча ў ВКЛ, пэўны час Ж. II знаходзіўся пад іх уплывам. Супраць шлюбу былі Жыгімонт I, Бона і значная частка польск. магнатаў. Пасля смерці бацькі ў 1548 Ж. II стаў паўнапраўным вял. князем і каралём. Ён заключыў тайны трактат аб узаемнай дапамозе з каралём Чэхіі і Венгрыі Фердынандам Габсбургам. Гэты саюз прадоўжаны, калі ў 1553 Ж. II ажаніўся з эрцгерцагіняй Кацярынай, сястрой сваёй першай жонкі. У далейшым адышоў ад саюзу з Габсбургамі. Знешняя палітыка Ж. II была накіравана на захаванне мірных адносін з суседнімі краінамі. Прусія заставалася васальнай дзяржавай у дачыненні да польск. караля. Адносіны са Швецыяй палепшыліся, калі там у 1568 трон заняў Юхан III, швагер Ж. II. Лівонская вайна 1558—83 выявіла небяспеку з боку Маскоўскай дзяржавы і падштурхнула да заключэння Люблінскай уніі 1569, стварэння Рэчы Паспалітай. Унутр. палітыка Ж. II была накіравана на ўзмацненне правоў сярэдняй шляхты. Садзейнічаў правядзенню валочнай памеры. Пачаў буд-ва ваенна-марскога флоту Польшчы і стварыў Марскую камісію. У час кіравання Ж. II у ВКЛ і Польшчы пашырылася Рэфармацыя ў розных яе галінах. Праводзіў палітыку талерантнасці ў адносінах да ўсіх канфесій. Прывілеем 1563 ураўнаваў паліт. правы правасл. шляхты ВКЛ з каталіцкай. Зацвердзіў Статут Вялікага княства Літоўскага 1566. Пад націскам кіраўніцтва каталіцкай царквы згадзіўся на допуск езуітаў у Польшчу (1564) і ВКЛ (1569), што стала пачаткам контррэфармацыі ў гэтых краінах. Быў мецэнатам, на праўленне Ж. II прыпадае росквіт культуры эпохі Адраджэння ў ВКЛ. На Ж. II скончылася мужчынская лінія дынастыі Ягелонаў.
Літ.:
Kolankowski L. Zygmunt August, wielki książę Litwy, do rołu 1548. Lwów, 1913;
Cynarski S. Zygmunt August. Wrocław etc., 1988;
Sucheni-Grabowska A. Zygmunt August, król polski i wielki książę litewski (1520—1562). Warszawa, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРША́ЎСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
найбуйнейшы навучальны і навуковы цэнтр Польшчы. Засн. ў 1816 у Варшаве паводле загаду рас. імператара Аляксандра I як Аляксандраўскі ун-т (статут зацверджаны ў 1818). Меў ф-ты: юрыд., мед., прыгожых мастацтваў, прыродазнаўча-матэм., тэалагічны. Пасля задушэння паўстання 1830—31 ун-т зачынены. У 1862 аднавіў дзейнасць пад назвай «Галоўная школа». Адыграў выключную ролю ў развіцці польск. культуры і навукі. Сярод яго выхаванцаў Г.Сянкевіч, Б.Прус, Бадуэн дэ Куртэнэ, гісторык матэматыкі С.Дзікштэйн і інш. У 1869 школа пераўтворана ва ун-т з выкладаннем на рус. мове. У 1893—1915 у Варшаўскім універсітэце выкладаў Я.Ф.Карскі. У часгерм. акупацыі 1915—18 фармальна лічыўся ням. ун-там, з 1917 — польскі. У 2-ю сусв. вайну не працаваў. Аднавіў дзейнасць у 1945. У 1995/96 навуч.г. ф-ты: біял., хім., журналістыкі і паліт.Навук. філасофіі і сацыялогіі, фізікі, геаграфіі і вывучэння рэгіёнаў, геалогіі, гісторыі; матэматыкі, інфарматыкі і механікі; эканам.Навук. неафілалогіі, педагогікі, паланістыкі, прававых навук і адміністрацыі, прыкладных грамадскіх навук і рэсацыялізацыі, псіхалогіі, русістыкі і прыкладной лінгвістыкі (мае кафедру бел. філалогіі), кіравання. Філіял ун-та ў Беластоку. Б-ка (засн. 1817).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ТКАЎСКАЯ РАЗЬБА́,
1) аб’ёмна-ажурная пазалочаная разьба, якой у г. Ветка Гомельскай вобл. ў 18—19 ст. аздаблялі ківоты да абразоў. Была высокаразвітым пасадскім ці манастырскім рамяством, працягвала і развівала традыцыі беларускай рэзі. Дэкор уключаў вінаградныя лозы, лісце, гронкі, пазней кветкі і інш. На пач. 20 ст. прыйшла ў заняпад. Калекцыя ўзораў веткаўскай разьбы ёсць у Веткаўскім музеі народнай творчасці.
2) Архітэктурны дэкор, пашыраны ў г. Ветка і навакольных вёсках. Традыцыя ідзе ад перасяленцаў з Цэнтр. Расіі (17—18 ст.). Веткаўская разьба арганічна спалучае бел. і рус. традыцыі нар.арх. дэкору. У 18—19 ст. нескладанай выемчатай разьбой геам. характару аздабляліся пераважна аконныя ліштвы. З сярэдзіны 19 ст.пад уплывам класіцызму дэкор узбагаціўся накладнымі элементамі ў выглядзе ромбаў, прамавугольнікаў, рэечак, такарных дэталей. Верхнія часткі ліштваў набылі форму трохвугольных франтончыкаў з прафіляванымі накладкамі, дэкор карнізаў і вуглоў часам імітаваў элементы мураванай архітэктуры класіцызму. З канца 19 ст. пашырыўся прапілаваны дэкор расліннага характару, якім багата аздаблялі ліштвы, карнізы, ганкі, вароты, а ў наш час і веранды, мансарды, франтоны. Сучасная веткаўская разьба звычайна спалучаецца з паліхромнай расфарбоўкай, вызначаецца павышанай дэкаратыўнасцю, перавагай стылізаваных раслінных матываў, шматпланавасцю кампазіцыі.
Я.М.Сахута.
Фасад дома, аздоблены традыцыйнай веткаўскай разьбой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКІ ТРО́ІЦКІ МАНАСТЫ́Р.Існаваў у 14 — пач. 20 ст. ў Вільні.
Узнік як праваслаўны пры царкве св. Тройцы, пабудаванай жонкай вял.кн.ВКЛ Альгерда Ульянай на месцы гібелі трох віленскіх пакутнікаў, першыя манахі ўпамінаюцца ў 1391. Адным з архімандрытаў быў Макарый (15 ст., пазней мітрапаліт кіеўскі). Спачатку манастыр існаваў на міласціну, потым атрымаў зямельныя ўладанні ад кн. Галоўчынскага і К.Астрожскага. Апошні пабудаваў мураваную Троіцкую царкву (каля 1514), у якой знаходзіўся абраз Маці Божай. У 16 ст. манастыр пад патранатам гараджан, потым — мітрапаліта. Пры царкве з 1589 існавала брацтва, якое мела прывілей на друкарню. У 1609 манастыр стаў уніяцкім, сярод яго архімандрытаў былі дзеячы уніяцкай царквы: І.Руцкі, Л.Крэўза, А.Дубовіч, Ф.Грабніцкі. Ва уніяцкі перыяд Віленскі Троіцкі манастыр атрымаў значныя зямельныя надзелы. У 1-й пал. 17 ст. дзейнічаў базыльянскі навіцыят. Пасля пажару 1706 пабудаваны новы манастырскі корпус.
Пасля Полацкага царкоўнага сабора 1839 манастыр зноў праваслаўны, у 1845 аднесены да 3-га класа, у ім размешчана Літ. духоўная семінарыя, амаль усе зямельныя ўладанні забраны ў казну. Для іканастаса Троіцкай царквы І.Л.Хруцкі намаляваў абразы. У час 1-й сусв. вайны манастыр спыніў існаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЛЬ Мікола (сапр.Гілевіч Мікалай Сымонавіч; н. 15.6.1936, в. Слабада Лагойскага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1959). З 1961 у газ. «Літаратура і мастацтва» (у 1990—96 гал. рэдактар); у 1972—77 у час. «Маладосць». Друкуецца з 1952. Першая кн. апавяданняў «Ранішнія сны» (1973) прысвечана нашаму сучасніку. Героі Гіля звычайна гараджане ў першым пакаленні, таму характары іх выяўляюцца на псіхал. стыку горада і вёскі. У аповесцях «Слабодскі парламент» (1968), «Вяртанне» (1972), «Тацянін чэрвень» (1976), «Тэлеграма з Кавалевіч» (1981), «Дзень пачаўся» (1984) і інш. выяўляе высокія маральныя якасці вяскоўцаў, спрадвечную нар. мудрасць, вернасць роднаму куту. Упершыню ў бел. л-ры ставіць праблему вяртання былога вяскоўца з горада ў вёску. Піша і для дзяцей («На лясной вуліцы», 1975; «Самы галоўны чалавек», 1980; «Ёсць на зямлі крыніца», 1983). На бел. мову пераклаў раман В.Бубніса «Пад летнім небам», аповесці І.Эркеня «Сям’я Тотаў», «Выстаўка ружаў» (з Л.Каўрус), аповесць «Кат» і раман «Карлік» П.Ф.Лагерквіста (з Г.Шупенькам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭТО́Н (Breton) Андрэ (18.2.1896, Тэншбрэ, дэпартамент Орн, Францыя — 28.9.1966),
французскі пісьменнік, адзін з заснавальнікаў сюррэалізму. Па прафесіі ўрач-псіхіятр. Удзельнік дадаісцкага руху (гл.Дадаізм). Тэкст «Магнітныя палі» (1919—20, з Ф.Супо) — першы эксперымент у галіне т.зв. «аўтаматычнага пісьма». У «Маніфесце сюррэалізму» (1924) сфармуляваў базавыя палажэнні сюррэалістычнай паэтыкі: «аўтаматычнае пісьмо», «запіс мрояў», «мроі наяве» і інш. спосабы вызвалення пішучага з-пад кантролю розуму. У «Другім маніфесце сюррэалізму» (1930) засяродзіўся на пытаннях арганізацыйнага, а не літ. характару. У 1938 сустракаўся ў Мексіцы з Л.Троцкім і заснаваў «Міжнародную федэрацыю незалежнага рэв. мастацтва». У час 2-й сусв. вайны жыў у ЗША, у 1946 вярнуўся на радзіму. Аўтар вершаваных зб-каў «Зямны свет» (1923), «Дыханне вады» (1934), рамана «Надзя» (1928), эсэ «Заўвагі пра паэзію» (1936, з П.Элюарам), кн. «Аркан 17» (1945), «Лямпа ў гадзінніках» (1948) і інш.
Тв.:
Рус.пер. — [Стихи] // Поэзия. М., 1990. № 57;
У кн.: Антология французского сюрреализма, 20-е годы. М., 1994;
Называть вещи своими именами: Программные выступления мастеров запад.-европ. лит. XX в. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́СЛІ,
рускі нар.муз. струнна-шчыпковы інструмент. Мае драўляны рэзанатарны корпус розных памераў і формаў (крыла- і шлемападобныя, прамавугольныя), над верхняй дэкай якога нацягнуты жыльныя або метал. струны (ад 5—12 у крылападобных да 66 у прамавугольных). Поўны, яркі і звонкі гук узнікае пры зашчыпванні струн пальцамі, плектрам або брынканні па іх. Гуслі запазычаны рускімі ў балтаў і угра-фінаў, у якіх бытавалі ўжо ў глыбокай старажытнасці (звесткі ў эпасе «Калевала») пад рознымі назвамі (кантэле, кокле, кюсле і інш.). На Русі, паводле сведчання археал., пісьмовых і іканаграфічных помнікаў, гуслі выкарыстоўваліся для сольнай і ансамблевай ігры простымі людзьмі і прафес.нар. музыкантамі-скамарохамі (гуслярамі). Іх рэпертуар гістарычна мяняўся (ад нар. былін, песень і танцаў да твораў кампазітараў). З пач. 20 ст., пасля ўдасканалення і стварэння сям’і гусляў, увайшлі ў «хары гусляроў» і аркестры рус.нар. інструментаў. Зараз нар. гуслі зрэдку сустракаюцца на Пскоўшчыне. На Беларусі, паводле слоўнікаў 16—17 ст. (Л.Зізаній, П.Бярында), «гуслямі» наз. розныя струнныя інструменты (скрыпку, ліру, арфу, цытру), у наш час — некат. нар. духавыя (дудку, парныя дудкі, губны гармонік) і струнныя (цытру) муз. інструменты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎГІ́НАВА,
вёска ў Вілейскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Вілейка—Докшыцы. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 45 км ад Вілейкі, 120 км ад Мінска, 18 км ад чыг. ст. Крывічы. 1419 ж., 596 двароў (1997).
Вядома з пач. 17 ст. як вотчына кн. Друцкіх-Саколінскіх. З 1625 у Ашмянскім пав. Віленскага ваяв. У 1643 мястэчка, цэнтр кірмашовага гандлю. У 1661 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 пад Д. адбываліся жорсткія баі. З 1793 у Рас. імперыі. Да 1866 тут працавала суконная ф-ка. У 1897 цэнтр воласці Вілейскага пав., 3551 ж., школа, 60 крам, паштовая станцыя, Станіславаўскі касцёл. У 1921—39 у Вілейскім пав. Польшчы, з 1939 у БССР, з 1940 у Крывіцкім р-не, цэнтр сельсавета. З 1.5.1940 гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну ў Д. адбыўся Даўгінаўскі бой 1943. З 1954 вёска, з 1962 у Вілейскім р-не. У 1971—1477 ж., 501 двор.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магілы ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры — Станіславаўскі касцёл (19 ст.) і Даўгінаўская Троіцкая царква (2-я пал. 19 ст.). Каля вёскі — гарадзішча штрыхаванай керамікі і банцараўскай культуры.