АФЕ́КТ (ад лац. affectus душэўнае хваляванне, страсць),
моцны кароткачасовы эмацыянальны стан, звязаны з раптоўнай зменай важных для суб’екта жыццёвых абставін. Адрозніваюць фізіял. афект і паталагічны, які ўзнікае ў адказ на цяжкую раптоўную псіхалагічную траўму і праяўляецца кароткачасовым псіхічным расстройствам. Афект суправаджаецца рэзкімі рухамі і зменамі ў функцыях унутр. органаў і праяўляецца моцнымі эмоцыямі — адмоўнымі (гнеў, абурэнне, злосць, жах) або станоўчымі (радасць, захапленне). У аснове афекту — стан унутр. канфлікту чалавека ад супярэчнасці паміж яго ўласнымі схільнасцямі, імкненнямі, жаданнямі і немагчымасцю іх выканання. Крымін. адказнасць за злачынства, учыненае ў стане фізіял. афекту, не выключаецца, але пры пэўных абставінах можа быць змякчана. За злачынства, учыненае ў стане паталаг. афекту, асоба крымін. адказнасці не падлягае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯ́ЧКА (Вячаслаў, лац. Vetske, ? — 1224),
князь Кукенойса (Кокнесе) — крэпасці на Зах. Дзвіне, васал полацкага князя. З 1206 прымаў удзел у паходзе полацкага кн. Уладзіміра супраць ням. рыцараў. У 1207 вымушаны падпарадкавацца рыжскаму епіскапу Альберту, але быў схоплены крыжакамі. У 1208 вызвалены з палону, зноў правіў Кукенойсам. Жыхары горада знішчылі атрад крыжакоў, уведзены ў Кукенойс паводле патрабавання епіскапа. Не дачакаўшыся дапамогі ад полацкага кн. Уладзіміра, спаліў замак і з дружынай перайшоў да наўгародцаў. У 1223 на чале атрада ўсходнеслав. войск (200 чал.) пасланы ў Юр’еў (сучасны г. Тарту), адкуль кіраваў большай часткай зямель эстаў. У 1224 ням. рыцары асадзілі Юр’еў. Вячка з атрадам адмовіўся пакінуць замак, разам з эстамі працягваў абараняцца, пакуль не загінуў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛБІ́ЦА, Галбеіца, Галубейка,
рака пераважна ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., правы прыток Дзісны (бас.Зах. Дзвіны). Даўж. 63 км. Пл. вадазбору 1050 км². Пачынаецца за 0,5 км на ПдЗ ад в. Глінскія, цячэ ў межах Свянцянскіх град пад назвай Заражанка (на працягу 5 км у Мядзельскім р-не Мінскай вобл.), ніжняе цячэнне на Полацкай нізіне. Асн. прытокі Лаўрыха, Шурыца, Паловіца (злева), Чэртка, Карнееўка, Ласіца і Плісаўка (справа). Даліна трапецападобная, шыр. 200—400 м. Пойма шыр. 50—150 м. Рэчышча ў верхнім цячэнні на працягу 11 км каналізаванае, у сярэднім і ніжнім цячэнні яго шыр. 20—30 м. Рака працякае праз азёры Задняе возера і Галбея, створаны сажалкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́БАЙСКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва. Створаны ў 2-й пал. 18 ст. ў в. Дубай Пінскага р-на Брэсцкай вобл. Парк рэгулярнага тыпу сіметрычна-восевай планіроўкі. Пл. каля 5 га. У плане квадрат, абмежаваны каналамі. У цэнтры ўсх. канала быў круглы вадаём (дыяметр каля 30 м) з фантанамі (не зберагліся), па вуглах — прамавугольныя вадаёмы. Унутры парку сіметрычнай сістэмай каналаў і сажалак створаны цэнтр. плошча і 2 астравы з паркавымі пасадкамі і прамавугольнымі ўчасткамі пладовых садоў. У канцы 18 ст.цэнтр. плошча, на якой размяшчаліся 2-павярховы мураваны сядзібны дом (не збярогся) з партэрам перад ім, капліца і гасп. пабудовы, перапланавана ў пейзажным стылі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ДАЧНІКАЎ Павел Пятровіч (29.7.1915, С.-Пецярбург — 2.5.1988),
расійскі кінаакцёр. Нар. артыст СССР (1979). Герой Сац. Працы (1985). Скончыў Ленінградскі тэатр.ін-т (1935). Дэбютаваў у кіно ў 1935 (фільм «Паўналецце»). У лепшых фільмах дасягнуў шматпланавасці вобразаў: «Подзвіг разведчыка» (1947, Дзярж. прэмія СССР 1948), «Аповесць пра сапраўднага чалавека» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949), «Далёка ад Масквы» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951), «Утаймавальніца тыграў» (1955), «Няскончаная п’еса для механічнага піяніна» (1977), «Сібірыяда», «Сюды не заляталі чайкі» (абодва 1979), «Расказ невядомага чалавека» (1981), «Шалёныя грошы» (1982) і інш. Рэжысёр фільмаў «Музыканты аднаго палка» (1965, з Казанскім), «Снягурка» (1970), «Я цябе ніколі не забуду» (1984) і інш.
П.Кадачнікаў у ролі А.Мярэсьева ў кінафільме «Аповесць пра сапраўднага чалавека».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЯЎКО́ Генадзь Якаўлевіч (1.5.1932, в. Варонічы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 21.8.1979),
бел.паэт. Скончыў БДУ (1955). Працаваў у газ. «Калгасная праўда», час. «Вожык», «Беларусь», з 1973 нам.гал. рэдактара час. «Полымя». Друкаваўся з 1950. У зб-ках вершаў і паэм «Абветраныя далягляды» (1962), «Сто крокаў» (1967), «Прыстань» (1974) і інш. апяванне красы жыцця, маладосці, шчырая захопленасць роднымі краявідамі. Творы адметныя філасафічнасцю, канкрэтнасцю сюжэтнай пабудовы, маст. праўдзівасцю вобразаў. Аўтар гумарыстычных вершаў і мініяцюр (зб-кі «Лайдак і кнопкі», 1964; «Каб не сурочыць», «Што праўда, то не грэх...», абодва 1971), твораў для дзяцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́ЙНЯЯ НЕАБХО́ДНАСЦЬ (юрыд.),
становішча, пры якім асоба шляхам учынення грамадска небяспечных дзеянняў прадухіляе небяспеку, што пагражае інтарэсам дзяржавы, грамадства, грамадзянам або непасрэдна дадзенай асобе і яе правам. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь не лічыцца злачынствам і выключае крымін. адказнасць пры ўмове, што небяспека не магла быць прадухілена інш. сродкамі, а нанесеная пры К.н. шкода менш значная, чым тая, якая была прадухілена. Аднак шкода, нанесеная пры К.н., падлягае кампенсацыі асобай, якая яе нанесла. Прымаючы пад увагу абставіны, пры якіх была нанесена шкода, суд можа ўскласці абавязак яе кампенсацыі на трэцюю асобу, у інтарэсах якой дзейнічаў той, хто яе нанёс, або вызваліць іх ад кампенсацыі шкоды поўнасцю ці часткова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГІ́ЧНЫ АТАМІ́ЗМ,
вучэнне аб рэчаіснасці, паводле якога свет уяўляе сабой сукупнасць толькі знешне звязаных паміж сабой атамарных (якія не маюць састаўных частак) фактаў. Распрацавана Б.Раселам і Л.Вітгенштэйнам у пач. 20 ст.Тэарэт. вытокі Л.а. — неэўклідава геаметрыя, матэматыка, розныя сістэмы фармальнай логікі. Праграма Л.а. прадугледжвала пабудову «лагічна дасканалай мовы» на ўзор лагічнай мовы. Сутнасць пераўтварэнняў у адносінах да мовы зводзілася да распрацоўкі элементарных, простых, далей не раскладальных у сэнсавых адносінах сказаў — своеасаблівых «атамаў» мовы, сапраўднасць якіх можна было б лёгка пацвердзіць эмпірычным шляхам. Распрацоўкі Л.а. былі выкарыстаны Венскім гуртком, адыгралі пазітыўную ролю ў развіцці логікі.
Літ.:
Козлова М.С. Философия и язык. М., 1972;
Современная буржуазная философия. [Ч. 2]. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́СКАВІЧЫ,
возера ў Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Сечна, за 5 км на Пд ад г.п. Шуміліна. Пл. 0,72 км², даўж. 2,8 км, найб.шыр. 750 м, найб.глыб. 30,7 м, даўж. берагавой лініі 8,2 км. Пл. вадазбору 6,2 км². Схілы катлавіны выш. 20—22 м (на Пн і З 14—15 м), параслі хмызняком, на Пн разараныя. У паўд.-ўсх.ч. 2 вузкія залівы. Берагі зліваюцца са схіламі, на З нізкія, забалочаныя. Найб. глыбакаводная паўн.ч. возера, у залівах глыб.не больш за 5—6 м. Дно выслана ілам, уздоўж берагоў пясчанае. На Пд упадаюць ручаі з воз. Разван і возера без назвы, на ПнЗ злучана пратокай з воз. Круглік.