ІГУ́МЕН (ад грэч. hēgumenos літар. вядучы),

настаяцель правасл. манастыра (у жаночых — ігумення). У старажытнасці — настаяцель кожнага манастыра; паводле палажэння 1764 у Рас. імперыі — толькі манастыра 3-га класа. І. буйнейшых манастыроў (пасля 1764 манастыроў 1-га і 2-га класаў) маюць тытул архімандрыт. Тытул І. можа надавацца настаяцелю храма, калі ён манах.

т. 7, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗАСТАЗІ́Я (ад іза... + грэч. stasis стан, становішча),

ізастатычная раўнавага, становішча верхніх гарызонтаў Зямлі (зямной кары, літасферы), якое праяўляецца ва ўраўнаважанні ўнутры астэнасферы на глыб. 100—150 км (глыбіня кампенсацыі) ціску вышэйляжачых гарызонтаў. Істотная ч. ізастатычнай кампенсацыі забяспечваецца зменамі магутнасці зямной кары, варыяцыямі шчыльнасці падкоравага слоя і зменамі таўшчыні літасферы. Значна ўплывае на амплітуду тэктанічных рухаў.

т. 7, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДУКТАТЭРМІ́Я (ад лац. inductio навядзенне + грэч. thermē цяпло),

метад электралячэння, пры якім пэўныя ўчасткі цела хворага награваюцца пад уздзеяннем віхравых токаў, індуцыраваных высокачастотным эл.-магнітным полем. Пад уплывам токаў утвараецца цяпло ў месцах іх уздзеяння, паляпшаюцца кровазварот, умовы для рассысання запаленчых ачагоў, нармалізацыі нерв. і мышачных працэсаў, павышаецца абмен рэчываў, зніжаецца боль.

т. 7, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІПАХО́НДРЫЯ (грэч. hypochondria літар. падрабрынне),

хваравіты стан, які характарызуецца празмернай увагай да стану свайго здароўя, страхам за яго і за жыццё. Бывае пры шызафрэніі, псіхапатыях, маніякальна-дэпрэсіўным псіхозе і інш. Скаргі хворых фантастычныя («згнілі, расплавіліся тыя ці інш. органы», «вантробы заселены дробнымі жывёламі» і інш.), дэпрэсіўна афарбаваныя, не адпавядаюць вынікам аб’ектыўнага (клінічнага і лабараторнага) даследавання.

т. 7, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРА́КЛІЯН, Геракліян (Hērakleion),

горад у Грэцыі, на паўн. узбярэжжы в-ва Крыт. 102 тыс. ж. (1982). Вузел аўтадарог, гал. порт вострава. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: хім., харчасмакавая, у т. л. вінаробства. Археал. музей. Каля І. — руіны стараж.-грэч. г. Кнос, аднаго з цэнтраў эгейскай культуры. Арх. помнікі 16 ст. Турызм. Ваенна-марская база.

т. 7, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРО́НІЯ (грэч. eirōneia літар. прытворства),

1) тонкая, прыхаваная насмешка. Адмаўленне або асмяянне, якім прытворна надаецца форма згоды або ўхвалення. Заснавана на іншасказанні, калі сапраўдны сэнс выказвання з’яўляецца процілеглым або адмаўляе яго.

2) У эстэтыцы від камічнага, калі смешнае прыхавана пад маскай сур’ёзнага (у процілегласць гумару). Утойвае ў сабе пачуццё перавагі або скептыцызму.

т. 7, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЙНЭ́ (грэч. koine ад koinos агульны),

1) агульнанародная мова, якая ўзнікла ў 4 ст. да н.э. ў Стараж. Грэцыі на аснове атычнага з элементамі іанічнага дыялекту.

2) Мова міжпляменных або міждыялектных зносін для шэрагу роднасных плямён ці народаў, якая ўтварылася на аснове найб. пашыранай мовы ці дыялекту, што ўвабраў рысы інш. моў ці дыялектаў.

т. 7, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРА́Т (араб., ад грэч. keration стручок ражковага дрэва, насенне якога служыла мерай масы),

1) пазасістэмная адзінка масы каштоўных камянёў і жэмчугу. Абазначаецца кар. 1 кар. == 200 мг = 0,2 г = 2∙10​−4 кг.

2) Мера знаходжання золата ў сплавах, роўная ​1/24 масы сплаву (брытанскі К. золата). Чыстае золата адпавядае 24 кар.

т. 8, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТАЦЭНО́З (ад грэч. kata уніз + koinos агульны),

заключная стадыя дыгрэсіі біятычнага згуртавання, пасля якой настае яго поўнае знікненне (напр., пасля працяглага затаплення, засалення і інш.). Для К. характэрна малая колькасць відаў, што захаваліся ў пэўным згуртаванні, і дэградацыя біятычнага асяроддзя (напр., дэградацыя пашы пры парушэннях пашазвароту, якія могуць прывесці да яе поўнага знішчэння).

т. 8, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІЛІ́К (грэч. kylix),

старажытнагрэчаская гліняная ці металічная пасудзіна для ўжывання віна: плоская шырокая чаша на высокай ножцы з падножкай і дзвюма гарыз. ручкамі на процілеглых баках краю чашы. Гліняныя К. часта размалёўвалі ўнутры. Найб. вядомы чырвонафігурныя К. 6—4 ст. да н.э.

Кілік «Коннік». Эпіктэт. Каля 520 да н.э.; 1 — агульны выгляд, 2 — унутраная размалёўка.

т. 8, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)