ЛА́КІ МАСТА́ЦКІЯ,

вырабы з дрэва, пап’е-машэ ці металу, апрацаваныя лакам, адпаліраваныя, аздобленыя размалёўкай, часам разьбой, інкрустацыяй, гравіроўкай; від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Вядомы з 2-га тыс. да н.э. ў Кітаі, пазней і ў інш. краінах Усходу. У якасці пакрыцця выкарыстоўваўся сок лакавага дрэва. У Кітаі вырабы Л.м. (кубкі, вазы, шкатулкі, мэблю, арх. элементы) рабілі з пап’е-машэ, дрэва, абклейвалі тканінай або паперай, грунтавалі, лакіравалі, сушылі, паліравалі і інш., чым дасягалася іх вял. трываласць і воданепранікальнасць. Былі пашыраны размалёўка паліхромнымі і залатымі лакамі па чорным або каляровым фоне, разьба, інкрустацыя перламутрам, волавам, серабром. Блізкія да кіт. Л.м. Карэі, Японіі, Індакітая. У В’етнаме і Лаосе разам з дэкар. пашыраны станковы лакавы жывапіс. У Іране, Індыі, Цэнтр. Азіі вядомы лакавыя мініяцюры, выкананыя тэмпернымі фарбамі на вырабах з пап’е-машэ. У Зах. Еўропе ўсх. лакі вядомы з 15 ст., уласная вытв-сць пачалася з 17—18 ст. (дэкор палацавых інтэр’ераў, мэбля, быт. вырабы). Тэхналогія вырабу была спрошчана: уведзена гарачая сушка ў печах, выкарыстоўваліся алейныя лакі і фарбы. У 18 ст. вял. тэхн. і маст. майстэрствам вызначаліся вырабы франц. фірмы «Мартэн» і ням. ф-кі І.​Штобвасера. У Расіі вытв-сць лакавых вырабаў развіваецца з канца 18 ст. Рабілі мэблю, элементы дэкору палацавых інтэр’ераў, шкатулкі, табакеркі, падносы, размаляваныя алейнымі фарбамі. З пач. 19 ст. пачалі ўзнікаць нар. промыслы (гл. Жостаўская размалёўка, Фядоскінская мініяцюра). На пач. 20 ст. на аснове б. іканапісных промыслаў з’явіліся цэнтры Л.м. у сёлах Палех і Холуй Іванаўскай, Мсцёра Уладзімірскай абласцей, дзе створаны арыгінальны від мініяцюрнай размалёўкі тэмперай і золатам па чорных лакіраваных шкатулках (гл. Палехская мініяцюра, Холуйская мініяцюра, Мсцёрская мініяцюра).

На Беларусі ў тэхніцы Л.м. працуюць А. і Г. Осіпавы, В. і А. Ражковы, якія развіваюць традыцыі палехскай школы. У творах, якія вызначаюцца вытанчанасцю малюнка і кампазіцыйным майстэрствам, распрацоўваюць сюжэты нар. казак, бел. і рус. літаратуры, гісторыі, сучаснай тэматыкі: мініяцюры паводле бел. нар. казкі «Іван — удовін сын» (1962—63), кампазіцыі «Рэчыцкая лірычная» (1969), «Беларусь» (1978), «Адпачынак» (1984) Осіпавых; трыпціх «Русь волатаўская» (1966), пласціны «Дзмітрый Данскі» (1980), «Канёк-гарбунок», «Казка пра цара Салтана», «Царэўна-жаба» (усе 1984), «Царэўна-лебедзь» (1990), «Руслан і Людміла» (1995), «Русь-тройка» (1996), «Лукамор’е» (1998) Ражковых.

Л.​Ф.​Салавей.

Да арт. Лакі мастацкія. Скрыня разнога лаку. Кітай. 1735—96.
Да арт. Лакі мастацкія. Б.Ермалаеў. Шкатулка «Снягурка». Палех. 1959.
Да арт. Лакі мастацкія. Шкатулка «Тройка». Майстэрня А.​Вішнякова. Фядоскіна. 1880-я г.

т. 9, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНАГЕ́ННЫЯ ПАБУДО́ВЫ,

адасобленыя масіўныя карбанатныя целы, утвораныя з рэшткаў шкілетаў марскіх арганізмаў і карбанатных адкладаў. Вылучаюць арганагенныя пабудовы простыя (біястромы, біягермы) і складаныя (біястромныя, біягермавыя і рыфавыя масівы). Узніклі на месцах пражывання каланіяльных і адзінкавых рыфастваральных арганізмаў. Іх рэшткі мацаваліся карбанатам кальцыю і ўтваралі каркас, у якім назапашваліся карбанатныя асадкі з рэшткаў рыфалюбаў. У адкладах Беларусі трапляюцца пераважна простыя арганагенныя пабудовы з рэшткаў водарасцяў, каралаў, страматапораў, імшанак, радзей чарвей. Вядомы ў адкладах Аршанскай упадзіны (верхні пратэразой, сярэдні дэвон), паўн. раёнаў Беларусі (ардовік), Брэсцкай упадзіны (сілур, ніжні дэвон), Прыпяцкага прагіну (верхні дэвон, карбон). Да верхнедэвонскіх арганагенных пабудоў Прыпяцкага прагіну прымеркаваны радовішчы нафты і газу.

т. 1, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБІ́НЕЦ,

пярэдняя частка праваслаўнага ці каталіцкага храма. На Беларусі вядомы з 11—12 ст. (Сафійскі сабор і Спаса-Праабражэнская царква ў Полацку). Пашыраны ў архітэктуры культ. пабудоў 15—18 ст. як частка аб’ёму над хорамі (цэрквы ў в. Мураванка Шчучынскага, Сынковічы Зэльвенскага р-наў Гродзенскай вобл., касцёлы ў в. Дзераўная Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл., Ішкалдзь Баранавіцкага р-на) або самастойны аб’ём, злучаны прамавугольным ці арачным праёмам з асноўным (цэрквы ў в. Яглевічы Івацэвіцкага, Здзітава Жабінкаўскага р-наў Брэсцкай вобл.). У кампазіцыі бабінец часам вылучаюць асобным верхам ці вежай-званіцай (цэрквы ў в. Вяжное Пружанскага, Рубель Столінскага р-наў Брэсцкай вобл.).

Бабінец.

т. 2, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГАМО́ЛЫ (Mantoptera, Mantodea),

атрад драпежных насякомых. Больш за 2000 відаў, пашыраны ў тропіках і субтропіках абодвух паўшар’яў. Найчасцей трапляецца багамол звычайны (Mantis religiosa). Вядомы таксама багамол дрэвавы (Hierodula tenuidentata), рывеціны (Rivetima), багамолы-малышкі (Armene), эмпузы (Empusidae).

Даўж. да 11 см. Цела падоўжанае, галава рухомая трохвугольная, ногі добра развітыя, на пярэдняй пары шыпы, якія ўтвараюць пры складванні моцны хапальны апарат. Ротавыя органы грызучыя. Пярэднія крылы вузкія, заднія складаюцца веерападобна (ёсць бяскрылыя). Яйцы адкладваюць на расліны, камяні; звычайна зімуюць. Драпежнікі, сядзяць у малітоўнай позе (адсюль назва), кормяцца насякомымі, некат. трапічныя віды нападаюць на дробных яшчарак, птушак. Некат. віды занесены ў Чырв. кнігу СССР.

т. 2, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКЛАЖА́Н (Solanum melongena),

шматгадовая агароднінная расліна сям. паслёнавых. Дзікарослы вядомы ў Індыі, дзе ўведзены ў культуру да нашай эры У Еўропе разводзілі пераважна як лек. расліну, з 18 ст. спажываюць у ежу. Вырошчваюць у тропіках і субтропіках; на Беларусі найбольш у паўд. раёнах Брэсцкай і Гомельскай абласцей.

Выш. да 1 м. Лісце простае, авальнае, зялёнае з фіялетавым адценнем. Кветкі фіялетавыя, пазушныя, адзіночныя або ў гронках. Плады — ягады, грушападобныя, круглыя або цыліндрычныя, фіялетавыя, жоўтыя з карычневымі палосамі, зялёныя, белыя; маюць цукры, бялкі, дубільныя рэчывы, вітаміны C, B1, PP. Цепла- і вільгацелюбівая расліна. У культуры аднагадовая, вырошчваецца расадай. У адкрыты грунт высаджваюць у канцы мая — пач. чэрвеня.

Баклажан.

т. 2, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСО́Т (Sonchus),

род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 70 відаў. Пашыраны пераважна ў Еўропе, Азіі і Афрыцы (некалькі відаў расце як пустазелле па ўсім свеце). На Беларусі 4 віды: палявы, або жоўты (Sonchus arvensis), агародны (Sonchus oleraceus), шурпаты (Sonchus asper), балотны (Sonchus palustris).

Адна-, двух- або шматгадовыя травяністыя расліны, рэдка паўкусты, звычайна з млечным сокам. Лісце суцэльнае або перыстарассечанае. Кветкі язычковыя, жоўтыя, у кошыках, сабраных у агульнае суквецце. Плод — сямянка з чубком. Большасць відаў — пустазелле (найб. вядомы асот палявы — засмечвае пераважна яравыя збожжавыя і прапашныя культуры), а таксама харч., кармавыя, лек. і меданосныя расліны. Асотам часам наз. віды роду бадзяк.

Асот палявы.

т. 2, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎЛАКАГЕ́Н (ад грэч. aulax баразна + ...ген),

адмоўная лінейная структура зямной кары, якая пачынаецца ад краю і цягнецца ў глыб платформы. Адзін канец адкрываецца ў акіян, геасінклінальны пояс ці прагін на месцы б. акіяна, другі выкліньваецца ў межах платформы. Паходжанне аўлакагену звязваюць з раскрыццём акіяна і рыфтагенезам. Усе аўлакагены адносяцца да стараж. рыфтаў. Асадкавая тоўшча ў іх прыкладна ў 3 разы больш магутная, чым на прылеглай частцы платформы. Найб. стараж. аўлакаген (каля 3 млрд. гадоў) — структура Пангола ў Паўд.-Усх. Афрыцы. У Беларусі вядомы аўлакагены: рыфейска-раннявендскі Валына-Аршанскі і палеазойскі Прыпяцка-Данецкі. Да аўлакагенаў прымеркаваны нафтаносныя, галагенныя і вугляносныя адклады.

т. 2, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХО́РСКІ МУЖЧЫ́НСКІ ПРААБРАЖЭ́НСКІ МАНАСТЫ́Р.

Існаваў у 17 — пач. 20 ст. каля в. Ахора (цяпер Чэрыкаўскі р-н Магілёўскай вобл.) на беразе р. Сож. Паводле падання, заснаваны як праваслаўны пустэльнікам ці будаўніком Аркадзем. Першы ігумен вядомы з 1669. У 1708 у час Паўн. вайны 1700—21 знішчаны шведамі, пазней адбудаваны. Прывілеем караля Аўгуста II 1720 пацверджана прыналежнасць манастыра да правасл. царквы і захавана яго зямельная ўласнасць. У 1842 прыпісаны да Магілёўскага Богаяўленскага манастыра, з 1870 самастойны. Меў 2 драўляныя храмы: Праабражэння (1711) з разьбяным 3-ярусным іканастасам і шанаваным абразом Маці Божай і Успення (1843). У 1918 манастыр закрыты. Будынкі не захаваліся.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 2, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАСЦЕ́ЙСКІ СІМЯО́НАЎСКІ МАНАСТЫ́Р.

Існаваў у 16(?)—19 ст. у Брэсце (Берасці). Упершыню ўпамінаецца ў актах Брэсцкага земскага суда ў 1604 як куплены (разам з с. Муравец) Е.​Солтанам у свайго дзядзькі Д.​Солтана. Знаходзіўся на прыватным (шляхецкім) пляцы за р. Мухавец. У 1-й трэці 17 ст. быў аб’ектам барацьбы паміж уніятамі і правасл. мяшчанамі. У 1632 на канвакацыйным сейме замацаваны каралём Уладзіславам IV за праваслаўнымі. Вядомы маёмасныя запісы і завяшчанні мяшчан на карысць манастыра (17 — пач. 18 ст.), яго падтрымлівалі некат. брэсцкія цэхі. Ігуменам у 1640-я г. быў Афанасій Брэсцкі. Драўляныя будынкі манастыра знесены пры ўзвядзенні Брэсцкай крэпасці.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 3, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛА́НКЕНБУРГ (Blankenburg am Harz),

гразекліматычны курорт у Германіі. На ПдЗ ад г. Магдэбург у адгор’ях гор Гарц. Як цэнтр адпачынку і турызму (у т. л. міжнароднага) вядомы з 19 ст., як курорт развіваецца з сярэдзіны 20 ст. Умерана кантынент. клімат з мяккай зімой і цёплым Летам, вял. масівы лісцевых лясоў, ахаванасць курорта ад вятроў, тарфяныя гразі, маляўнічыя ландшафты спрыяюць эфектыўнаму лячэнню хвароб апорна-рухальнай, сардэчна-сасудзістай і нерв. сістэм. У Блакенбургу і паблізу аб’екты турызму: арх.-гіст. помнікі 12—18 ст., помнік прыроды «Чортава сцяна», стромая скала Рэгенцгтайн з рэшткамі замка 12 ст., гара Брокен (паводле герм. легенды — месца збору ведзьмаў у Вальпургіеву ноч), музеі і інш.

т. 3, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)