ЧУ́РКІН Мікалай Мікалаевіч (21.5.1869, г. Сцепанаван, Арменія — 27.12.1964),
бел. кампазітар, фалькларыст; адзін з заснавальнікаў бел.прафес. музыкі. Нар.арт. Беларусі (1949). Скончыў Тбіліскае муз. вучылішча Рус.муз.т-ва (1892, кл. М.Іпалітава-Іванава), Пецярбургскую АМ (1899). З 1898 настаўнічаў, кіраваў аматарскімі хар. калектывамі ў Баку, з 1903 у Каўнасе, з 1905 у Вільні. З 1924 на Беларусі, працаваў педагогам настаўніцкай семінарыі, агульнаадук. школ, заг.муз. падсекцыі павятовага выканкома, арганізатарам маст. самадзейнасці ў г. Мсціслаў. З 1924 выкладчык пед. тэхнікума ў Магілёве, з 1935 у Мінску. Яго музыка адметная аптымізмам, строгай класічнай формай, меладычнасцю, апорай на бел.муз. фальклор. Збіраў муз. фальклор (запісаў больш за 3000 бел., груз., арм., азерб., польскіх, літ., тадж. песень і танцаў). Сярод твораў: оперы «Вызваленне працы» (паст. 1922), «Раскіданае гняздо» паводле Я.Купалы (клавір, 1959—64), радыёопера для дзяцей «Рукавічка» (паст. 1948); муз. камедыі «Кок-сагыз» (паст. 1939), «Песня Бярэзіны» (паст. 1947); 3 сімфаньеты (1925, «Беларускія карцінкі»; 1949, 1955), уверцюра «Памяці Янкі Купалы» (1952) для арк.бел.нар. інструментаў, сюіты для сімф. і нар. аркестраў, 11 стр. квартэтаў, хары, рамансы, песні для дзяцей на словы бел. паэтаў, музыка да драм. спектакляў. Апрацоўваў нар. necui і танцы (53 бел.нар. мелодыі ў яго запісе і апрацоўцы змешчаны ў «Беларускім зборніку» Е.Раманава, вып. 7, 1910). Складальнік зб-каў «Беларускія народныя песні і танцы» (1949) і «Беларускія народныя песні» (1959).
Літ.:
Журавлев Д.Н. Большая дорога: Народный артист БССР Н.Н.Чуркин. Мн., 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫРВО́НЫ БЕ́РАГ,
вёска ў Жлобінскім р-не Гомельскай вобл., на р. Дабасна; чыг. ст. на лініі Бабруйск—Жлобін. Цэнтр сельсавета і камунальнага с.-г. унітарнага прадпрыемства. За 26 км на ПнЗ ад г. Жлобін, 119 км ад Гомеля. 2445 ж., 797 двароў (2003). Чырвонабярэжскі крухмала-патачны завод, лясніцтва. Чырвонабярэжскі аграрны каледж. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, 2 аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Чырвонабярэжская сядзіба.
Паводле пісьмовых крыніц вядома з 16 ст. як сяло ў Рэчыцкім пав. Мінскага ваяв.ВКЛ. З 1793 у Рас. імперыі. У пач. 19 ст.ва ўладанні М.С.Гатоўскага, потым Козел-Паклеўскага. У 1845 у Сцяпоўскай вол. Бабруйскага пав. Мінскай губ., 18 ж., вадзяны млын. У 1870—200 ж., у 1897—362 ж., хлебазапасны магазін, заезны дом. З пабудовай чыгункі Бабруйск—Гомель у 1873 каля вёскі адкрыта чыг. станцыя. У 1890—93 пабудавана Чырвонабярэжская сядзіба. З 1914 дзейнічала паштова-тэлегр. аддзяленне. У 1920 засн.с.-г. вучылішча, у 1922 на яго базе с.-г. тэхнікум. У 1931 створаны крухмала-патачны завод. З 14.8.1937 цэнтр Чырвонабярэжскага с/с Жлобінскага р-на, з 20.2.1938 у Гомельскай вобл. У Вял.Айч. вайну ў 1943 партызаны разграмілі ў Ч.Б. фаш. гарнізон. У 1962 да вёскі далучаны пасёлак вучэбнай гаспадаркі «Чырвоны Бераг», у 1974 — вёска Прыстань (з далучанымі да яе ў 1966 пасёлкамі крухмальна-патачнага з-да і чыг. станцыі Чырвоны Бераг).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭ́МБЕРЛЕНЫ (Chamberlain),
дзяржаўныя і паліт. дзеячы Вялікабрытаніі. Джозеф (8.7.1836, Лондан — 2.7.1914). Вучыўся ў каледжы Лонданскага ун-та (1850—52). Фабрыкант. У 1873—76 мэр г. Бірмінгем. З 1876 дэп. парламента ад ліберальнай партыі. У 1880—85 і 1886 міністр ва ўрадах У.Ю.Гладстана. У 1886 выступіў супраць законапраекта аб наданні Ірландыі аўтаноміі і з групай прыхільнікаў (ліберал-юніяністаў) выйшаў з ліберальнай партыі, а пазней з’яднаўся з кансерватарамі. У 1895—1903 міністр калоній. Адзін з ініцыятараў англа-бурскай вайны 1899—1902.
Осцін (16.10.1863, г. Бірмінгем — 16.3.1937), сын Джозефа. Вучыўся ў Кембрыджскім ун-це, потым у Парыжы і Берліне. З 1892 дэп. парламента. У 1902—1905, 1915—17, 1919—22 на розных міністэрскіх пасадах, у 1924—29 міністр замежных спраў. Змагаўся за гегемонію Вялікабрытаніі ў Еўропе, у межах гэтай палітыкі падпісаў Рэйнскі гарантыйны пакт 1925 (гл.Лакарнскія дагаворы 1925). Ініцыятар разрыву дыпламат. адносін Вялікабрытаніі з СССР у 1927 (адноўлены ў 1929 урадам лейбарыстаў).
Невіл (18.3.1869, Эдгбэстан каля г. Бірмінгем — 9.11.1940), сын Джозефа. Вучыўся ў Бірмінгемскім каледжы. Займаўся прадпрымальніцтвам. У 1915—16 лорд-мэр Бірмінгема. З 1918 дэп. парламента ад кансерватыўнай партыі. У 1922—29 і 1931 на розных міністэрскіх пасадах, у 1931—37 міністр фінансаў. У 1930—31 старшыня кансерватыўнай партыі, у 1937—40 яе лідэр і прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі. Прыхільнік тактыкі ўступак гітлераўскай Германіі, для прадухілення новай вайны падпісаў Мюнхенскае пагадненне 1938. Няўдалы для Вялікабрытаніі пачатак 2-й сусв. вайны прымусіў яго ў маі 1940 пайсці ў адстаўку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРО́ННЫ ГАДЗІ́ННІК,
гадзіннік, у якім для вымярэння бягучага часу (у гадзінах, мінутах, секундах) выкарыстоўваюцца перыядычныя эл. сігналы, што выпрацоўваюцца электронным генератарам з кварцавым рэзанатарам. Многія Э.г. паказваюць таксама дату, дзень тыдня, месяц, т-ру і інш. Бываюць наручныя, настольныя, аўтамаб. і інш. Ёсць Э.г., канструктыўна (на базе агульнай мікрасхемы) аб’яднаныя з мікракалькулятарам, а таксама Э.г.-будзільнікі. Дакладнасць ходу да + 15 с за месяц.
Высокастабільныя эл. ваганні (імпульсы) ад генератара паступаюць у паўправадніковае вылічальнае прыстасаванне, якое пераўтварае іх у секундныя імпульсы, робіць вылічэнне бягучага часу і календара, фарміруе сігналы кіравання лічбавым індыкатарам. Наручныя Э.г. працуюць ад мініяцюрных гальванічных элементаў з эрс 1,5 В, настольныя (насценныя) — ад сеткі пераменнага току напружаннем 127/220 В або таксама ад гальванічных элементаў, транспартныя — ад уласных акумулятараў (12 В). Светлавыя індыкатары выконваюцца на мініяцюрных люмінесцэнтных і лямпах напальвання, святловыпраменьвальных дыёдах; пашыраны таксама табло на вадкіх крышталях. Пашырэнне набылі і электронна-механічныя гадзіннікі, у якіх адлік часу робіцца па становішчы стрэлак на цыферблаце. Акрамя электроннага блока (часта ў выглядзе інтэгральнай схемы) яны маюць сінхронны або шагавы электрарухавік і колавую сістэму, якія пераўтвараюць эл. сігналы ў перамяшчэнне стрэлак. На Беларусі Э.г. выпускаюцца з 1975 мінскім з-дам «Электроніка» (у складзе ВА«Інтэграл»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭТНАСАЦЫЯЛО́ГІЯ,
галіна навукі, якая вывучае этнічныя і нац. супольнасці ў іх узаемасувязі з дынамікай сац. структуры грамадства. Вытокі Э. ў даследаваннях па псіхалогіі народаў (В.Вунт, Х.Штэйнталь, М.Лацарус, Г.Лебон, Г.Тард), а таксама ў працах па культ. своеасаблівасці першабытных народаў (Р.Бенедыкт, М.Мід, Р.Хінтан). Цэнтр. паняцце Э. — этнас як спецыфічная прыродна-сац. і антрапалагічнаўстойлівая супольнасць людзей, што ўзнікла і развівалася на аснове адзінства прыродна-ландшафтных умоў, мовы, асаблівасцей вонкавага выгляду, агульнай культуры і рэлігіі. Асн. задача Э. — высвятленне спецыфічных асаблівасцей этнасаў і нацый: устойлівасць і працягласць існавання, наяўнасць дакладных прыкмет, што адрозніваюць іх ад інш.сац. супольнасцей, сацыякультурная своеасаблівасць, наяўнасць нацыянальнай самасвядомасці, традыцый, абрадаў, звычаяў, спецыфічнага менталітэту (напр., памяркоўнасць, добразычлівасць, талерантнасць, працавітасць у беларусаў) і да т.п. Сучасныя прадстаўнікі Э. — Г.Гарфінкель (ЗША), Ю.В.Аруцюнян, Л.М.Гумілёў, Л.М.Дробіжава (Расія), а таксама большасць бел. даследчыкаў этнасац. адносін (Я.М.Бабосаў. Л.І.Навуменка і інш.) лічаць, што этн. агульнасць мае першараднае значэнне як сац. архетып і яго ігнараванне ў сацыялогіі прыводзіць да сур’ёзных памылак. Пры этнасацыялагічных даследаваннях на мяжы апошніх стагоддзяў, асабліва ў Расіі, Беларусі і Украіне, вывучаліся прычыны і наступствы міжэтн. канфліктаў, асаблівасці нац. менталітэту гэтых народаў і нац. супольнасцей. Важную ролю ва ўмовах станаўлення і развіцця незалежнай бел. дзяржавы набывае вывучэнне і канструктыўная рэалізацыя такіх функцый этнанац. груп, якія ствараюць спрыяльныя перадумовы для нацыі як адзінага цэлага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯНУШКЕ́ВІЧ Адольф Міхал Валяр’ян Юліян (9.6.1803, г. Нясвіж Мінскай вобл. — 6.6.1857),
падарожнік, пісьменнік. Брат Я.Янушкевіча. Вучыўся ў дамініканскай школе ў Нясвіжы, скончыў філал.ф-т Віленскага ун-та (1823). Быў членам т-ва блакітных (блізкія да філарэтаў). У 1823—26 жыў у г. Камянец (Брэсцкая вобл.), быў дэпутатам цывільнай палаты ў Гал. судзе. Падарожнічаў па Італіі, Германіі, Францыі, сустракаўся з А.Міцкевічам, Ю.Славацкім [падаў яму ідэю напісаць рэв.-патрыят. верш «Песня літоўскага легіёна» (нап. 1831) — водгук на паўстанне 1830—31], І.Гётэ. У 1830 прыехаў на радзіму, удзельнічаў у паўстанні 1830—31 як адзін з кіраўнікоў легіёна Літвы, Валыні, Падоліі і Украіны. З 1832 у ссылцы ў Сібіры. Падарожнічаў па Казахстане. У 1856 вярнуўся на Беларусь у маёнтак бацькоў Дзягільна (Дзяржынскі р-н Мінскай вобл.). Пісаў на польскай мове. У студэнцкія гады ствараў сентыментальныя вершы (дума «Мелітон і Эвеліна», 1821), у ссылцы перакладаў «Гісторыю заваявання Англіі нарманамі» А.Т’ера. Падарожныя нататкі Я. сабраў яго брат Яўстафій, выдаў Ф.Вратноўскі пад назвай «Жыццё Адольфа Янушкевіча і яго лісты з кіргізскіх стэпаў» (кн. 1—2, Парыж, 1861). У дзённікавых запісах і лістах раскрыўся як таленавіты апавядальнік, даследчык. Паказаў побыт казахаў, іх духоўную культуру. Я. — прататып рэвалюцыянера Адольфа ў паэме Міцкевіча «Дзяды».
Тв.:
Рус.пер. — Дневники и письма из путешествия по казахским степям. Алма-Ата, 1966.
Літ.:
Мальдзіс А. Падарожжа ў XIX стагоддзе. Мн., 1969. С. 138—143.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯЎРЭ́ЙСКАЯ НЕЗАЛЕ́ЖНАЯ РАБО́ЧАЯ ПА́РТЫЯ (ЯНРП),
арганізацыя яўрэйскіх рамесных рабочых і прыказчыкаў. Засн. ў ліп. 1901 у Мінску прыхільнікамі «паліцэйскага сацыялізму» М.У.Вільбушэвіч, Ю.А.Воліным, А.Чамярыскім, Г.І.Шаевічам і інш. Створана па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам нач. Маск. ахоўнага аддзялення С.В.Зубатава з мэтай барацьбы супраць сацыял-дэмакратаў, эсэраў і Бунда, за поўнае адмаўленне яўр. рабочых ад рэв. барацьбы супраць царызму. Мела аддзяленні ў Адэсе, Вільні, Гродне. Члены ЯНРП разглядалі самадзяржаўе як надкласавую форму кіравання, арганізоўвалі культ. мерапрыемствы, касы ўзаемадапамогі, асв. клубы, лекцыі і інш.
У канцы 1901 у ЯНРП перайшлі 15 з 20 цэхавых саюзаў Мінскага сацыял-дэмакратычнага камітэта Бунда. З дапамогай нач. Мінскага губ. жандарскага аддзялення палк. Васільева яны прымусілі прадпрымальнікаў слясарных майстэрняў Мінска ўвесці 12-гадзінны рабочы дзень. ЯНРП актыўна супрацоўнічала з сіяністамі, выступала за ізаляцыю яўрэяў ад агульнарас. рабочага руху. Вясной 1903 у сувязі з уздымам паліт. рабочага руху царскі ўрад пачаў ліквідацыю легальных рабочых арг-цый, створаных Зубатавым. ЯНРП забаронена ў жн. 1903. Вільбушэвіч пераехала ў ЗША, потым у Палесціну, дзе была актыўным дзеячам сіянісцкага руху. Шаевіч пасля арганізацыі ў крас. 1903 забастоўкі на чыгуналіцейным з-дзе «Растэль» у Адэсе ў ліпені сасланы на 5 гадоў ваУсх. Сібір.
Літ.:
Бухбиндер Н.А. Зубатовщина и рабочее движение в России. Мн., 1926;
Бич М.О. Рабочее движение в Белоруссии в 1861—1904 гг.Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУХ НАСЕЛЬНІЦТВА.
У пасляваенны час колькасць насельніцтва Беларусі пастаянна расла амаль да 1990-х г. Але тэмпы росту пачалі зніжацца ў 1970-я г., а ў 1990-я г. набылі інтэнсіўны характар, што абумоўлена зніжэннем натуральнага прыросту насельніцтва. У 1993 упершыню за пасляваенныя гады колькасць памерлых перавысіла колькасць народжаных, пачалася дэпапуляцыя (змена натуральнага прыросту натуральнай стратай) і тэмпы яе паступова нарастаюць. Сучасная дэмаграфічная сітуацыя — вынік развіцця краіны на працягу апошніх 25 гадоў. З канца 1970-х г. (у горадзе — з канца 1960-х г.) насельніцтва Беларусі не ўзнаўляе сваёй колькасці (за выключэннем сярэдзіны 1980-х г., калі часова адзначаўся рост каэфіцыентаў узнаўлення насельніцтва). Натуральны прырост насельніцтва краіны на працягу 15 гадоў забяспечваўся толькі за кошт назапашанага ў папярэднія гады дэмаграфічнага патэнцыялу ўзроставай структуры. У наш час усё насельніцтва краіны ўзнаўляецца на 65,3%, гарадское — на 58,4%, сельскае — на 88,7%. Апошняе дзесяцігоддзе краіна жыве ва ўмовах скарачэння насельніцтва за кошт натуральнага руху. Адмоўны натуральны прырост маюць усе адм. раёны і большасць гарадоў, у т. л. Мінск, Гомель, Магілёў, Віцебск і інш. У 1993 натуральныя страты насельніцтва складалі 11,2 тыс.чал., у 2002—58 тыс.чал. Колькасць насельніцтва за 10 гадоў скарацілася на 336 тыс.чал. (з 10 234,6 тыс.чал. на пач. 1993 да 9898,6 тыс.чал. на пач. 2003), натуральныя страты складаюць 389,3 тыс.чал. Дадатны міграцыйны прыбытак за гэты перыяд кампенсаваў натуральныя страты насельніцтва толькі на 53,3 тыс.чал. (гл.рыс. 2).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАКСІКАЛОГІЯ
Даследаванні ў галіне таксікалогіі на Беларусі вядуцца з 1940-х г. у мед., вет., сельскагаспадарчых ВНУ, Бел. навукова-даследчым санітарна-гігіенічным ін-це. Вывучаліся пестыцыды з ліку фосфарарганічных злучэнняў, хлорзмяшчальныя арган. рэчывы і злучэнні, якія выкарыстоўваюць у прамысловасці і сельскай гаспадарцы і інш. Распрацаваны метады ранняй дыягностыкі, лекавай прафілактыкі і тэрапіі атручэнняў фосфарарганічнымі злучэннямі і інш. Уклад у станаўленне і развіццё таксікалогіі зрабілі З.А.Аляксашына, С.Ю.Бусловіч, К.А.Вятчаннікаў. У наш час пытанні таксікалогіі ў найб. ступені распрацоўвае Рэсп. навукова-практычны цэнтр гігіены Мін-ва аховы здароўя, дзе ёсць адпаведны аддзел (кіраўнік А.І.Кацяленец). Асн. кірункі даследаванняў: вывучэнне асаблівасцей біялагічнага дзеяння таксікантаў (пестыцыдаў, палімерных матэрыялаў, цяжкіх металаў і інш.) з мэтай прадухілення захворванняў хім. паходжання і аддаленых наступстваў шкоднага дзеяння гэтых рэчываў на чалавека і яго нашчадкаў; устанаўленне заканамернасцей фарміравання працэсаў адаптацыі і дэзадаптацыі; развіццё і ўдасканаленне нац. сістэмы гігіенічнага рэгламентавання для розных аб’ектаў навакольнага асяроддзя. Асаблівая ўвага аддаецца распрацоўцы метадаў гігіенічнай ацэнкі сумарнай хім. нагрузкі на насельніцтва. Вядзецца маніторынг вырабаў мед. прызначэння. Для распрацоўкі сродкаў фармакалагічнай карэкцыі праводзіцца эксперыментальнае мадэліраванне паталагічных станаў арганізма на лабараторных жывёлах. Рэсп. навукова-практычны цэнтр гігіены дае таксама эксперыментальна-фармакалагічную і таксікалагічную ацэнку лекавых сродкаў, антысептыкаў, матэрыялаў і вырабаў мед. прызначэння і інш. За апошнія гады абгрунтавана больш за 30 гігіенічных нарматываў змяшчэння шкодных рэчываў у паветры рабочай зоны, у атмасферным паветры, вадзе, глебе. Вядзецца асваенне новых кірункаў таксікалогіі (напр., малекулярна-генетычныя даследаванні).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ЧЫГУ́НКА,
вытворча-эксплуатацыйнае падраздзяленне трансп. комплексу Рэспублікі Беларусь. У сучасных межах дзейнічае з 1953. У снеж. 1991 аддзялілася ад адзінай чыгункі б.СССР і стала самастойная. Агульная эксплуатацыйная даўж. чыгункі 5542,8 км, з іх 875 км электрыфікавана (1995).
У канцы 19 ст. Беларусь стала адным з самых развітых чыгуначна-транспартных рэгіёнаў Рас. імперыі. За 1860—80 тут здадзена ў эксплуатацыю больш за 2 тыс.кмчыг. ліній, на пач. 20 ст. — яшчэ каля 1 тыс.км. У 1913 даўжыня чыг. сеткі перавышала 3,8 тыс.км. Паскоранае буд-ва чыгунак абумоўлена эканам. і ваенна-паліт. інтарэсамі Расіі ў перыяд яе капіталіст. развіцця і геагр. размяшчэннем Беларусі. Першая на Беларусі чыг. лінія Парэчча—Гродна (30 км) і далей да сучаснай граніцы з Польшчай пачала дзейнічаць у 1862 як частка Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі. У 1866—69 пабудаваны чыг. ўчастак Завольша—Віцебск—Полацк—Бігосава (уваходзіў у склад Рыга-Арлоўскай чыгункі). Але пачаткам развіцця беларускай чыгункі лічыцца 1871, калі ў эксплуатацыю здадзена магістраль Смаленск—Мінск—Брэст, якая на вузлах Орша, Мінск, Баранавічы, Брэст аб’яднала лініі розных напрамкаў і вызначыла асн. кірункі фарміравання беларускай чыгункі. У 2-й пал. 19 ст. пракладзена (адна з першых на Беларусі) вузкакалейка ад р. Сож да Старынкаўскага чыгуналіцейнага з-да (Слаўгарадскі р-н). У 1873 пабудаваны чыг. ўчастак Ковель—Брэст (частка чыг. лініі Брэст—Бярдзічаў), пачаўся рух паяздоў па лініі Вільня—Мінск—Гомель (участак будучай Лібава-Роменскай чыгункі). У 1882—87 пачала дзейнічаць сетка Палескіх чыгунак (працягласць больш за 1 тыс.км), якія звязалі Прыбалтыку з зах. губернямі Украіны і цэнтр. Расію з Польшчай. На пач. 20 ст. пракладзены яшчэ 2 чыг. магістралі, якія злучылі Пецярбург з паўд. губернямі Расіі і Польшчай: Віцебск—Орша—Магілёў—Жлобін—Оўруч (1904—16) і Невель—Полацк—Маладзечна—Ліда—Ваўкавыск (1907) з выхадам да сучаснай граніцы з Польшчай і адгалінаваннем Масты—Гродна. Пабудаваны таксама лініі мясц. значэння: Крулеўшчына—Варапаева, Вярэйцы—Градзянка, Асіповічы—Старыя Дарогі—Слуцк, Васілевічы—Хойнікі і інш.Буд-ва чыгунак вялося ўручную, выкарыстоўваліся рэйкі лёгкага тыпу, масты будаваліся пераважна драўляныя. Эксплуатаваліся паравозы малой магутнасці і 2-восевыя таварныя вагоны грузападымальнасцю 15—16 т. У 1915—17 пабудаваны чыг. лініі на ўчастках Жлобін—Калінкавічы, Калінкавічы—Оўруч (Украіна), Полацк—Ідрыца (Расія). У 1922 на базе Аляксандраўскай, Маскоўска-Балтыйскай і інш. участкаў дарогі створана Маскоўска-Беларуска-Балтыйская чыгунка. У эксплуатацыю ўведзены новыя чыг. лініі: Орша—Унеча (1923), Орша—Лепель (1927), Чарнігаў—Гомель (1930), Рослаў—Крычаў—Магілёў—Асіповічы (1931), Бабруйск—Старушкі (1939), Варапаева—Друя (1933). Пасля далучэння Зах. Беларусі да БССР (1939) створаны Брэст-Літоўская чыгунка і Беластоцкая чыгунка (кіраўніцтва ў Беластоку). У 1939 Беларусь абслугоўвалі Заходняя, Беларуская (кіраўніцтва ў Гомелі), Брэст-Літоўская і Беластоцкая чыгункі. У Вял.Айч. вайну, каб перашкодзіць дастаўцы жывой сілы і ваен. тэхнікі ворага на фронт, бел. партызаны вялі на беларускай чыгунцы актыўныя баявыя дзеянні, у т. л.рэйкавую вайну. Гітлераўскія акупанты ў час адступлення знішчалі чыг. палатно, паравозы, дэпо, станцыі. У пасляваен. перыяд беларуская чыгунка ў асн. адноўлена (да 1950). У 1951 Брэст-Літоўская чыгунка і Мінскае аддзяленне Зах. чыгункі аб’яднаны ў Мінскую чыгунку, якая ў 1953 далучана да беларускай чыгункі (кіраўніцтва ў Мінску). У 1957 Беларусі перададзены Аршанскае і Віцебскае аддзяленні Калінінскай чыгункі (РСФСР). У выніку чыг. сетка рэспублікі супала з адм. граніцамі БССР. Ажыццяўлялася рэканструкцыя і пераўзбраенне чыгункі, падведзены лініі да буйных новабудоўляў: да Салігорска, Бярозаўскай ДРЭС, Полацкага нафтаперапр. аб’яднання і інш. Да 1973 найважнейшыя магістралі пераведзены на цеплавую цягу. У 1963 электрыфікаваны першы ўчастак чыгункі Мінск—Аляхновічы. З 1981 рэгулярны рух электрапаяздоў адкрыты па маршруце Мінск—Масква, з 1989 — на ўсёй лініі Брэст—Масква. Электрыфікаваны таксама ўчасткі Аляхновічы—Маладзечна (1966) і Мінск—Асіповічы (1973). Скорасць пасаж. паяздоў дасягнула 120—140 км/гадз, грузавых — 100 км/гадз. На вакзалах і чыг. станцыях наладжана даведачна-інфарм. служба, з 1989 уведзена аўтаматызаваная сістэма браніравання і продажу білетаў «Экспрэс-2» на пасаж. паязды і даведачна-інфарм. сістэма «ВІЗІНФОРМ» у Мінску, Гомелі і Брэсце. Пачата (1989) буд-ва буйнога вакзальнага комплексу ў Мінску. Курсіруюць камфартабельныя паязды «Беларусь», «Буг», «Дняпро», «Мінскі», «Няміга» і інш. Дзейнічаюць 2 выліч. цэнтры (Мінск, Брэст) і спец. бюро па распрацоўцы аўтаматызаваных сістэм кіравання ў Гомелі.
Шчыльнасць чыг. сеткі Беларусі больш за 26 км на 1 тыс.км². У складзе беларускай чыгункі 6 аддзяленняў (Баранавіцкае, Брэсцкае, Віцебскае, Гомельскае, Магілёўскае, Мінскае), больш як 400 станцый, 9 дэпо па рамонце вагонаў, 17 дэпо па рамонце лакаматываў і інш. прадпрыемствы. Парк грузавых вагонаў налічвае каля 36 тыс. адзінак трансп. сродкаў, пасажырскі парк мае больш за 1 тыс. цягавых сродкаў (цеплавозы, электравозы, дызель-паязды, электрапаязды і інш.). У 1995 беларускай чыгункай перавезена 73,4 млн.т. грузаў і 147,3 млн. пасажыраў. Грузаабарот склаў 25,5 млн.т/км, пасажыраабарот — 12,5 млн. пасажыра-км. Беларуская чыгунка — чл.міжнар. Арганізацыі супрацоўніцтва чыгунак і Міжнар. саюза чыгунак. Гл. схему.
Літ.:
Кацяш Г. Стальныя магістралі рэспублікі. Мн., 1957;