БЯЛО́Ў (Павел Аляксеевіч) (18.2.1897, г. Шуя Іванаўскай вобл., Расія — 3.12.1962),

удзельнік вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў у Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944), ген.-палк. (1944). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1933). У Чырв. Арміі з 1918. З чэрв. 1942 камандуючы 61-й арміяй, якая вызваляла Калінкавічы, Мазыр, Пінск, Кобрын, Брэст. Да 1955 на камандных пасадах у Сав. Арміі.

т. 3, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЗЕЛІ́Н [франц. vaseline ад ням. Was(ser) вада + грэч. elaion аліўкавы алей],

аднародная сумесь цяжкага нафтавага масла і цвёрдых вуглевадародаў (парафін, цэрэзін, петралатум). Мазепадобная белая маса, шчыльн. 870—885 кг/м³, tпл 35—60 °C. Атрымліваюць расплаўленнем вуглевадародаў у масле з далейшай ачысткай сернай к-той і адбельвальнай глінай. Выкарыстоўваюць у медыцыне (аснова мазяў), электратэхніцы, у тэхніцы для кансервацыі металавырабаў, як змякчальнік гумы.

т. 3, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙЦЯХО́ЎСКІ ((Wojciechowski) Станіслаў) (15.6.1869, г. Каліш, Польшча — 9.4.1953),

дзяржаўны і палітычны дзеяч Польшчы. Адзін з заснавальнікаў Польскай сацыяліст. партыі (1892). У 1919—20 міністр унутр. спраў, у 1922—26 прэзідэнт Польшчы (адхілены ад улады ў выніку перавароту на чале з Ю.Пілсудскім). Праф. Гал. школы сельскай гаспадаркі (1926—39). Аўтар прац «Кааператыўны рух у Англіі» (1907), «Кааперацыя ў яе гістарычным развіцці» (1923).

т. 3, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЁР (франц. valeur літар. каштоўнасць),

у жывапісе і графіцы абазначэнне сілы колеравага тону, багацця ў ім градацый святла і ценю. Ад дакладнай перадачы гэтых адценняў, суадносін і пераходаў тонаў залежыць праўдзівасць і паўната адлюстравання рэчаіснасці. Выкарыстанне сістэмы валёра дае магчымасць больш тонка і багата паказваць прадметы ў святлопаветраным асяроддзі (творы жывапісцаў-каларыстаў Д.Веласкеса, Я.Вермера, І.Левітана, В.Сурыкава, В.​Бялыніцкага-Бірулі, І.​Хруцкага і інш.).

т. 3, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФІЛІЯ́ЦЫЯ (ад англ. affiliate далучаць, звязваць),

1) імкненне чалавека да аб’яднання, знаходжання ў супольнасці з інш. людзьмі. Тэндэнцыя да афіліяцыі ўзрастае ў выпадку ўцягнення суб’екта ў патэнцыяльна небяспечную, стрэсавую (гл. Стрэс) сітуацыю. Блізкасць да інш. людзей зніжае трывогу, змякчае фізіял. і псіхал. стрэсы. Блакіраванне афіліяцыі выклікае пачуццё адзіноты, адчужанасці, параджае фрустрацыю.

2) Прыём у члены; далучэнне ў якасці аддзялення, філіяла і да т.п.

т. 2, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ФТЫ (грэч. apthai),

невялікія ўчасткі паверхневага некрозу на слізістых абалонках рота (радзей на слізістых носа, вока, палавых органаў). Узнікненню спрыяюць хваробы органаў стрававання, алергія і інш. Афты маюць круглую або авальную форму, дыяметрам ад 2 да 5—7 мм, пакрытыя жоўта-белым налётам. Пашкоджаныя ўчасткі балючыя. Лячэнне накіравана на асн. захворванне. Мясцова — апрацоўка слізістай абалонкі абязбольваючымі, процівіруснымі сродкамі (алей шыпшыны, абляпіхі, караталін).

т. 2, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АШАРЫ́Т (ад назвы месца знаходкі каля г. Ашэрслебен у Германіі),

сайбелііт, мінерал класа баратаў, Mg2(OH)[B2O4(OH)]. Мае прымесі жалеза, марганцу. Вядомы дзве манаклінныя і адна рамбічная мадыфікацыі. Крышталі рэдкія, часцей тонкавалакністыя агрэгаты, шчыльныя і зямлістыя масы, канкрэцыі. Колер белы, шараваты, жаўтаваты. Цв. 3—3,5. Шчыльн. 2,69 г/см³. Пашыраны мінерал эндагенных радовішчаў борных рудаў і саляносных асадкавых тоўшчаў. Борная руда.

Ашарыт.

т. 2, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГДА́Н I (?—1365),

першы гаспадар (князь) незалежнай Малдаўскай дзяржавы (з 1359). У 1359 узначаліў паўстанне валахаў (продкі румынаў і малдаванаў), падтрыманае насельніцтвам Усх. Прыкарпацця, супраць намаганняў венг. караля скасаваць аўтаномію краю. Перасяліўшыся з часткай валахаў у даліну р. Малдова, Багдан аб’яднаў большасць зямель Усх. Прыкарпацця ў адзінае Малдаўскае княства (сталіца г. Бая) і ў 1365 дамогся прызнання яго незалежнасці ад Венгрыі.

т. 2, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКІХА́НАЎ (Абас-Кулі-ага) (літ. псеўд. Гудсі; 21.6.1794, с. Аміраджаны каля Баку — 1847),

азербайджанскі вучоны і пісьменнік. З сям’і бакінскіх ханаў. У кн. «Райскі кветнік» (апубл. 1926) гісторыя Азербайджана ад старажытнасці да пач. 19 ст. Аўтар навук. прац па педагогіцы, філасофіі, мове фарсі, астраноміі і геаграфіі, паэт. і празаічных твораў. Адзін з пачынальнікаў новых жанраў у азерб. л-ры (навелы, рэаліст. бытавой паэмы).

т. 2, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНІВА́Р (Bonnivard, Bonivard) Франсуа дэ (лют. 1493, Савоя — канец 1570), швейцарскі паліт. дзеяч, гуманіст. З 1514 прыёр абацтва Сен-Віктор каля Жэневы. У 1528 удзельнічаў у барацьбе за незалежнасць Жэневы ад герцага савойскага Карла III, за што ў 1530 зняволены ў падзямелле Шыльёнскага замка (Банівар — прататып «Шыльёнскага вязня» Дж.​Байрана). У 1536 вызвалены бернцамі, якія паўсталі. Пакінуў жэнеўскія хронікі (выд. Ў 1831).

т. 2, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)