бел.нар. танец. Муз. памер 2/4, характэрны 6-тактавыя перыяды. Тэмп хуткі. Упамінанні пра «М.» вядомы з пач. 17 ст. Мае шмат варыянтаў музыкі, харэаграфіі і прыпевак (звычайна бойкага гумарыст. зместу, зафіксаваны ў працах М.Федароўскага, П.Шпілеўскага і інш.). У найб. пашыраным варыянце танца (запісаны П.Шэйнам) выканаўцы трымаюць у руках ручнікі або паясы, часам і хустачкі. Асн. рух — крок-бег. Утвараючы розныя харэаграфічныя малюнкі, выканаўцы імітуюць мяцеліцу. На сцэне ўпершыню выкарыстаны ў оперы «Ідылія» («Сялянка») С.Манюшкі на лібрэта В.Дуніна-Марцінкевіча (1852). Яскравыя сцэн. варыянты «М.» стварылі К.Алексютовіч, А.Ермалаеў (у балеце «Салавей» М.Крошнера), А.Апанасенка ў Дзярж, ансамблі танца Беларусі. Пашырана па ўсёй Беларусі. Падобны танец вядомы ў Расіі і на Украіне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУ́МАЎ (Мікалай Сцяпанавіч) (н. 28.11.1938, г. Красны Ліман Данецкай вобл., Украіна),
бел. архітэктар. Скончыў Кіеўскі інж.-буд. ін-т (1962). Працаваў у г. Алматы, Кішынёве. З 1973 у Мінску — гал. архітэктар праектаў у ін-тах «Белдзяржпраект», «Мінскпраект» (з 1980). Асн. работы: у Мінску — навуч. камбінат Міндарбуда Беларусі (1979), 12-павярховы інж.-лабараторны корпус трэстаў Белсельгастэхнікі (1980), рэсп. Дом тэхн. творчасці (1982, у сааўт.), Мінскі аўтавакзал «Маскоўскі» (Гран-пры рэсп. фестывалю архітэктуры «Брэст—99»). Сярод інш. работ: будынак пед. ін-та імя І.Крангэ (1975), бальнічны гарадок (1976) у Кішынёве і інш. Аўтар распрацовак наменклатуры прадпрыемстваў абслугоўвання насельніцтва для іх масавага буд-ва ў мікрараёнах (універсамы, крамы, кавярні і інш. ў мікрараёнах Захад, Паўд. Захад, Малінаўка, Уручча ў Мінску).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЛІВА́ЙКА (Людміла Дзмітрыеўна) (н. 13.12.1940, г. Гродна),
бел. мастацтвазнавец, мастак. Канд. мастацтвазнаўства (1997). Скончыла маст.-графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1963). З 1976 працавала ў Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі, з 1998 у Нац.маст. музеі Рэспублікі Беларусь. Даследуе маст. жыццё Беларусі 1920—30-х г., друкаваную графіку. Адна з аўтараў кніг «Кола дзён» (1987, 1988), «Гісторыя беларускага мастацтва» (т. 4, 1990; т. 6, 1994), «Інстытут беларускай культуры» (1993) і інш. Працуе таксама ў галіне станковай графікі, пераважна акварэлі («Гродна», 1968; «Чароўны куток», 1997, і інш.) і манум.-дэкар. мастацтва (керамічнае пано «Сям’я» ў загсе г. Гродна, 1966, і інш.).
Тв.:
К истории художественной жизни Витебска (1918—1922 гг.). Витебск, 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАРО́ДНАЕ ВЫЗВАЛЕ́ННЕ»,
газета прагрэс. кірунку, орган партыі «Вызволене». Выдавалася з 29.1 да 24.6.1923 у Вільні на бел. мове групай радыкальна настроеных дэпутатаў польск. сейма, якія ў 1924 выйшлі з «Вызволеня» і заснавалі Незалежную сялянскую партыю. Выходзіла 1 раз на тыдзень замест закрытай польск. ўладамі газ. «Wyzwolenie Ludu» («Вызваленне народа»). З пазіцый сял. дэмакратыі крытыкавала ўрад, мясц. адміністрацыю (арт. «Чаго варты ўрад Сікорскага», «Вынікі працы новага ўрада», «Законы, канстытуцыя і некаторыя чыноўнікі»), выкрывала дэпутатаў сейма, якія дагаджалі пануючым класам (арт. «Вітас прадаўся Хісна-Пясту»), прапагандавала ідэю паліт. аб’яднання сялянства на ўзор рабочых. У рубрыцы «Нашы песняры» змясціла нататкі пра Ф.Багушэвіча, Я.Купалу, вершы, якія мелі актуальнае значэнне ва ўмовах Зах. Беларусі. Выйшла 5 нумароў. Забаронена польск. ўладамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЎРО́ЦКІ (Алесь) (Аляксандр Піліпавіч; н. 12.2.1937, в. Давыдаўка Светлагорскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў Мінскі мед.ін-т (1962). Працаваў фельчарам у Карэліцкім р-не Гродзенскай вобл., урачом у Хойніцкім р-не Гомельскай вобл., з 1965 у Мінску на станцыі хуткай мед. дапамогі. Друкуецца з 1954. Яго вершы (зб-кі «Неба ўсміхаецца маланкаю», 1962; «Гарачы снег», 1968) вылучаюцца асацыятыўнасцю і метафарычнасцю, іроніяй і гратэскам, глыбінёй роздуму і свежасцю вобразнага ўспрыняцця свету. Аўтар рамана «Валун» (1994) пра жыццё пасляваен. вёскі, апавяданняў (зб. «Валун», 1976).
Тв.:
Пакаленні і папялішчы: Кн. вершаў. Мн., 1990.
Літ.:
Лойка А. Сустрэчы з днём сённяшнім. Мн., 1968;
Шпакоўскі І. Структура вершаванага вобраза. Мн., 1972;
Ярош М., Бечык В. Беларуская савецкая лірыка. Мн., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́ФТАВАЙ І ГА́ЗАВАЙ ПРАМЫСЛО́ВАСЦІ БЕЛАРУ́СКІ НАВУКО́ВАДАСЛЕ́ДЧЫ І ПРАЕ́КТНЫ ІНСТЫТУТ («БелНДПІнафта»),
Засн. ў 1991 у Гомелі на базе Гомельскага комплекснага аддзела (створаны ў 1967 пасля адкрыцця на Беларусі прамысл. радовішчаў нафты, 1964) ін-та «УкрДЗІПРАНДІнафта». Уваходзіць у склад ВА «Беларусьнафта» Бел.дзярж. канцэрна па нафце і хіміі «Белнафтахім». Асн. кірункі н.-д. дзейнасці: тэхніка і тэхналогія здабычы нафты; распрацоўка нафтавых і газавых радовішчаў; фізіка-хімія нафтавага пласта, новых метадаў павышэння нафтааддачы; ахова ад карозіі нафтапрамысл. абсталявання; пошук новых кірункаў геолага-разведачных работ, падлік запасаў нафты і газу; нафтавая гідрагеалогія і літагідрагеахімія; распрацоўка новых тэхналогій і тэхн. рашэнняў пры праектаванні буд-ва свідравін; інжынерна-геал. пошукі і падрыхтоўка да работы нафтавых радовішчаў; арг-цыя працы і вытв-сці; ахова навакольнага асяроддзя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАЙЛО́ПУЛА (Ігар Аляксандравіч) (н. 13.8.1938, г. Таганрог Растоўскай вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне біяарган. хіміі. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1996), д-рхім.н. (1984), праф. (1993). Скончыў Маскоўскі ін-т тонкай хім. тэхналогіі (1961). З 1970 у Ін-це фізіка-арган. хіміі, з 1974 у Ін-це біяарган. хіміі Нац.АН Беларусі (з 1973 заг. лабараторыі, з 1989 нам. дырэктара). Навук. працы. па біяарган. хіміі кампанентаў нуклеінавых кіслот, распрацоўцы высокаэфектыўных метадаў атрымання біялагічна актыўных злучэнняў. Сінтэзаваў шэраг вытворных нуклеазідаў і нуклеатыдаў, якія аказваюць процівіруснае і проціпухліннае дзеянне.
Тв.:
Synthesis and use of (2′, 5′) oligoadenylate trimers modified at the 2′-terminus in kidney transplantation in rabbits and monkeys (у сааўт.) // Nucleosides and nucleotides. 1995. Vol. 14, № 3—5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАЛЁЎ (Сцяфан Барысавіч) (н. 10.3.1926, в. Караблёва Шумяцкага р-на Смаленскай вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне аўтаматызаваных сістэм кіравання. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1986), д-ртэхн.н. (1974), праф. (1982). Скончыў Адэскі політэхн.ін-т (1955). З 1957 на Мінскім з-дзе аўтам. ліній, у 1967—92 дырэктар Цэнтр.НДІ тэхнікі кіравання. Навук. працы па тэорыі стварэння аўтам. сістэм праектавання і аўтаматызацыі працэсаў кіравання вытв-сцю ў машына- і прыборабудаванні. Дзярж. прэмія СССР 1984.
Тв.:
Автоматизация процессов подготовки производства. Мн., 1973;
Методологические основы разработки АСУ. Мн., 1975 (разам з Б.А.Собалевым, Я.А.Жаўняровічам);
Автоматизация технологической подготовки производства. Мн., 1982 (разам з С.М.Мірзоевым);
АСУ на промышленном предприятии: Методы создания: Справ. 2 изд. М., 1989 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЕ́Й БАЯВО́Й САДРУ́ЖНАСЦІ БЕЛАРУ́СКІХ, РУ́СКІХ, ЛАТЫ́ШСКІХ І ЛІТО́ЎСКІХ ПАРТЫЗА́Ну гады Вялікай Айчыннай вайны.
Адкрыты ў 1981 у г.п. Расоны Віцебскай вобл. Да 1990 філіял Бел.дзярж. музея гісторыі Вял.Айч. вайны. Пл. экспазіцыі 683 м², больш за 5,3 тыс. экспанатаў асн. фонду, 13 залаў (2000). Адна зала прысвечана кіраўніку Расонскага патрыят. падполля П.М.Машэраву, другая — падзеям перыяду станаўлення сав. улады на Расоншчыне, астатнія — падзеям часоў Вял.Айч. вайны. Экспазіцыя расказвае пра ход абарончых баёў у 1941, удзел землякоў у баях, арганізацыю падполля і партыз. руху ў Расонска-Асвейскім краі, дзейнасць падп. райкомаў, злачынствы акупантаў у партыз. краі, вызваленне рэгіёна ад захопнікаў. Асн. экспазіцыя распавядае пра сумесную барацьбу партызан Беларусі, Літвы, Латвіі і Расіі супраць фаш. захопнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЛЬЧЫ́РАВАННЕў меліярацыйным будаўніцтве,
размеркаванне па паверхні глебагрунтоў мульчы (пераважна тарфакрошкі) з наступным замацаваннем яе плёнкаўтваральнымі эмульсіямі. Робіцца пры залужэнні адхонаў каля гідравузлоў, мастоў, шлюзаў і стромкіх адхонаў каналаў, дамб, плацін, дарог з мэтай папярэджання воднай (змыву, размыву) і ветравой (выдзімання) эрозіі.
Перад М паверхню адхонаў рыхляць, выраўноўваюць, засяваюць травамі, уносяць угнаенні. Нанесены слой мульчы (5—10 см) пакрываюць латэкснымі або бітумнымі эмульсіямі (выкарыстоўваюцца таксама эмульсіі водарастваральных сінт. палімераў, распрацаваныя ў Бел.НДІ меліярацыі і лугаводства). Замест эмульсій ужываюць таксама паветраводапранікальнае палатно або біяпалатно, распрацаванае тым жа ін-там (выпускаецца акц. т-вам у Жлобіне). У якасці мульчара (мульчыравальніка) выкарыстоўваюць гідрасеялкі, пераабсталяваныя раскідвальнікі ўгнаенняў. М. адхонаў магістральных каналаў робяць таксама бульдозерамі, самазваламі, каўшовымі экскаватарамі.