КЕНДЗЮХО́Ў Міхаіл Рыгоравіч (н. 11.1939, станіца Перадавая Краснадарскага краю, Расія),
бел. ваен. дзеяч. Ген.-лейт. (1989). Скончыў Ташкенцкае ваен. танк. вучылішча (1963), Ваенную акадэмію бранятанк. войск (1972), Акадэмію Генштаба (1986). З 1963 на камандных і штабных пасадах у Групе сав. войск у Германіі, Паўн.-Каўк. і Кіеўскай ваен. акругах. З 1986 1-ы нам. і камандуючы войскамі танк. арміі. З 1989 1-ы нам. камандуючага войскамі БВА. У 1992—93 нам. міністра абароны Рэспублікі Беларусь. З 1993 вядучы навук. супрацоўнік ваен.-навук. цэнтра Ваен. акадэміі Рэспублікі Беларусь. З 2002 нач. дзярж. установы «Навукова-даследчы інстытут Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь».
Р.Ч.Лянькевіч.
т. 18, кн. 1, с. 405
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДАЦЬЕ́Р (італьян. condottieri наёмнік),
1) кіраўнік наёмнага ваен. атрада ў Італіі ў 14—16 ст. Набылі вял. значэнне ва ўмовах пастаянных войнаў паміж італьян. дзяржавамі. У 14 ст. вербаваліся пераважна з іншаземнага рыцарства, з 15 ст. італьянскія К. выцеснілі чужаземцаў. Найб. вядомыя К.: Л.Вісконці, А. да Барбіяна, Б. да Мантоне, Б.Калеоні, Ф.Сфорца і інш. Некаторыя з іх стварылі ўласныя арміі (кампаніі), самастойна вялі войны, захапіўшы ўладу ў гарадах, засноўвалі тыраніі (напр., Сфорца ў Мілане). З канца 15 ст., калі пяхота і артылерыя пачалі адыгрываць большую ролю, чым конніца (гал. сіла кандацьерскіх атрадаў), інстытут К. паступова знік.
2) Чалавек, які для асабістай выгады гатовы брацца за любую справу.
Дз.М.Чаркасаў.
т. 7, с. 578
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШЧАРБА́ТАЎ Аляксандр Рыгоравіч (1854—24.4.1915),
расійскі вучоны-эканаміст. Скончыў Маскоўскі ун-т. У 1892—1904 прэзідэнт Маскоўскага т-ва сельскай гаспадаркі. У сваіх працах разарэнне сял. гаспадарак Расіі тлумачыў іх агратэхн. адсталасцю; абшчыннае землеўладанне разглядаў як гал. апору рас. дзярж. ладу і самабытны інстытут, прыстасаваны да ўмоў і розных відаў нар. жыцця, як сродак выратавання краіны ад рэвалюцыі і сацыялізму («Упарадкаванне абшчыннага сялянскага землеўладання», 1902). Адзін з арганізатараў 1-га каап. з’езда Расіі, стварэння Маскоўскага нар. банка. Як праціўнік залатога монаметалізму выступаў супраць грашовай рэформы 1895—97, адстойваў папярова-грашовую сістэму з уласцівай ёй інфляцыяй («Пераўтварэнне дзяржаўнай грашовай гаспадаркі», 1906). Аўтар прац «Абноўленая Расія» (1908), «Дзяржаўна-народная гаспадарка Расіі ў найбліжэйшай будучыні» (1910) і інш.
т. 17, с. 496
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т імя Ф.Скарыны.
Засн. ў 1969 на базе Гомельскага пед. ін-та імя В.П.Чкалава (у 1930—33 Гомельскі аграпедагагічны інстытут). У 1988 ун-ту прысвоена імя Ф.Скарыны. У 1996/97 навуч. г. ф-ты: гісторыка-юрыд., філал., матэм., фіз., біял., эканам., геолага-геагр., фіз. культуры, завочны, дауніверсітэцкай падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1961. Савет па абароне доктарскіх дысертацый з 1995, 3 Саветы па абароне кандыдацкіх дысертацый з 1996. Мае: б-ку (каля 1 млн. экз.); н.-д. лабараторыі (перспектыўных матэрыялаў, лазернай тэхналогіі, лінгвістычную, музей-лабараторыю Ф.Скарыны); музеі (заал., геал., археал., спарт. славы); навучальна-навук. базу «Чонкі». Выдае падручнікі, навучальна-метадычную л-ру, навуч. дапаможнікі, шматтыражную газ. «Гомельскі універсітэт».
т. 5, с. 348
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫВІ́ЦА (сапр. Попка) Юрый
(7.10.1912, Пружаншчына — 29.4.1990),
бел. грамадскі дзеяч, пісьменнік, журналіст. У 1930 уступіў у Бел. сялянскую партыю. У час Вял. Айч. вайны ўзначальваў аддзел працы і сац. забеспячэння ў акупацыйнай цывільнай адміністрацыі Пружан (1941—42). З 1942 у Германіі. У пасляваенны час член і старшыня шэрагу бел. арг-цый, рэдактар газ. «Беларуская праўда» (1946). Выдаваў час. «Напагатове» (1948), распаўсюджваў бюлетэнь «Весткі з Беларусі». Выдаў шмат кніг па гісторыі, этнаграфіі і культуры Беларусі, у т. л. працы У.Ігнатоўскага, А.Цвікевіча. У 1982 заснаваў у г. Ляймен Беларускі музей, пры ім Інстытут беларусаведы (дырэктар у 1982—90), час. «Весткі Інстытута беларусаведы» (1986). Аўтар шматлікіх зборнікаў апавяданняў і аповесцей.
Тв.:
Сьвеціць у тумане. Ляймен, 1962;
Носьбіт ідэі. Ляймен, 1964.
А.С.Ляднёва.
т. 6, с. 460
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРАВЫ́ ПАСРЭ́ДНІК,
пасада, уведзеная ў Рас. імперыі паводле «Палажэнняў» 19.2.(3.3).1861 аб адмене прыгоннага права для садзейнічання ў правядзенні сялянскай рэформы 1861. Прызначаўся Сенатам па рэкамендацыі губ. улад з мясц. дваран-памешчыкаў (спачатку на 3-гадовы тэрмін, пазней — бестэрмінова). У межах свайго ўчастка (на Беларусі звычайна 5—7 валасцей) М.п. займаўся размежаваннем сял. і панскай зямлі, разбіраў спрэчныя пытанні паміж сялянамі і памешчыкамі, правяраў, зацвярджаў і ўводзіў у дзеянне ўстаўныя граматы, ствараў і кантраляваў органы сял. самакіравання, ажыццяўляў абмежаваную суд. (да ўвядзення міравых судоў) і паліцэйскую ўладу над сялянамі. Інстытут М.п. скасаваны (за выключэннем Закаўказзя і зах. губерняў, у т. л. беларускіх) у 1874, у Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губ. — у 1878, у Віленскай і Гродзенскай — у 1904.
В.П.Панюціч.
т. 10, с. 462
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЛІВА́ЙКА Людміла Дзмітрыеўна (н. 13.12.1940, г. Гродна),
бел. мастацтвазнавец, мастак. Канд. мастацтвазнаўства (1997). Скончыла маст.-графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1963). З 1976 працавала ў Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі, з 1998 у Нац. маст. музеі Рэспублікі Беларусь. Даследуе маст. жыццё Беларусі 1920—30-х г., друкаваную графіку. Адна з аўтараў кніг «Кола дзён» (1987, 1988), «Гісторыя беларускага мастацтва» (т. 4, 1990; т. 6, 1994), «Інстытут беларускай культуры» (1993) і інш. Працуе таксама ў галіне станковай графікі, пераважна акварэлі («Гродна», 1968; «Чароўны куток», 1997, і інш.) і манум.-дэкар. мастацтва (керамічнае пано «Сям’я» ў загсе г. Гродна, 1966, і інш.).
Тв.:
К истории художественной жизни Витебска (1918—1922 гг.). Витебск, 1994.
А.М.Пікулік.
т. 11, с. 133
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМТРАНСПРАЕ́КТ», Мінскі «Прамтранспраект» Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь,
інстытут прамыслова-транспартнага праектавання. Засн. ў 1961 у Мінску як Бел. пастаянная экспедыцыя Дзярж. праектнага ін-та «Прамтранспраект» (Масква), з 1965 — Бел. аддзел комплекснага праектавання, з 1969 — Мінскае аддзяленне гэтага ін-та. З 1991 самастойны ін-т Мінскі «Прамтранспраект» (арэнднае прадпрыемства). З 1992 — базавая спецыялізаваная арг-цыя Беларусі па буд. праектаванні ўсіх відаў прамысл. транспарту. Па праектах ін-та пабудаваны транспарт аэрапорта «Мінск-2», нафтаперапр. з-даў у Мазыры і Наваполацку, Бел. аўтамаб. і Бел. металургічнага з-даў, ВА «Беларуськалій», «Гомсельмаш», гродзенскага «Азот» і інш.; пабудаваны 19 чыг. станцый, у т. л. Барбароў, Наваполацк, Сітніца; масты цераз р. Свіслач у Мінску і вадасховішча ў Салігорску і інш.
А.А.Спаткай.
т. 13, с. 6
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СПЕЦАЎТАМА́ТЫКА»,
праектна-канструктарскі інстытут. Засн. ў 1967 у Мінску як буд. мантажна-наладачнае ўпраўленне супрацьпажарнай аўтаматыкі, якое падпарадкоўвалася Гал. ўпраўленню ў Маскве. З 1975 — Мінскі філіял Маскоўскага буд. праектна-канструктарскага бюро «Спецаўтаматыка», з 1.10.1991 — Бел. праектна-канструктарскі ін-т «Спецаўтаматыка», з 1997 — адкрытае акц. т-ва «Белспецпраект», у падпарадкаванні Мін-ва архітэктуры і буд-ва Беларусі. Базавая арг-цыя па стварэнні і абслугоўванні пажарнай і ахоўнай аўтаматыкі і сігналізацыі. Асн. віды дзейнасці: праектаванне, мантаж, наладка і тэхн. абслугоўванне сістэм пажарнай аўтаматыкі і супрацьдымнай засцярогі, сродкаў і сістэм аховы; праектныя работы для буд-ва, пашырэння, рэканструкцыі і капітальнага рамонту аб’ектаў жыллёва-грамадзянскага і вытв. прызначэння; спец. буд.-мантажныя і пуска-наладачныя работы; вогнезасцерагальныя работы па драўніне і драўнінных матэрыялах і інш.
т. 15, с. 110
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРО́БЧАНКА Тамара Яўгенаўна (н. 22.7.1942, г. Ветка Гомельскай вобл.),
бел. тэатразнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1971). Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1967). З 1970 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы АН Беларусі. Даследуе творчасць бел. акцёраў (Т.Бандарчык, Г.Маркінай, В.Галіны і інш.), аўтар манаграфіі «Купалаўскія вобразы на беларускай сцэне» (1976), сааўтар кніг «Гісторыя беларускага тэатра» (т. 1—3, 1983—87), «Гісторыя тэатразнаўства народаў СССР, 1917—1941» (1985), «Тэатр і жыццё: Некаторыя праблемы тэатральнага працэсу ў Беларусі 70—80-х гг.» (1989) і інш.
Тв.:
Мастацтвазнаўства (у сааўт.) // Інстытут беларускай культуры. Мн., 1993;
Часцінка Бацькаўшчыны на чужыне // Культура беларускага замежжа. Мн., 1993. Кн. 2;
Театральная критика // Очерки истории науки и культуры Беларуси IX — начала XX в. Мн., 1996;
Culture de la Biélorussie. Paris, 1979 (у сааўт.).
т. 5, с. 67
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)