МАЛІ́ТВА,

1) рэліг. містычны зварот да Бога, святых, звышнатуральных сіл з просьбай аб літасці або адхіленні зла, з ухваленнем, падзякай; частка рэліг. культу, абавязковы атрыбут абрадаў, набажэнстваў, царк. свят і штодзённага жыцця вернікаў. Бываюць вусныя (чытаюцца ў голас) і мысленныя (лічацца як узыходжанне розуму да Бога). Вусныя малітвы бываюць агульныя (царкоўны малебен) і асабістыя. У час М. вял. значэнне надаецца рытуальным дзеянням (стаянне на каленях, узняцце рук і г.д.).

2) Вызначаны, кананізаваны тэкст такога звароту.

т. 10, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦЕРЫКО́ВЫ СХІЛ,

частка падводнай ускраіны мацерыка паміж шэльфам і мацерыковым падножжам. Характарызуецца зямной карой кантынентальнага тыпу. Вызначаецца вял. нахіламі паверхні (у сярэднім каля 4°, часта 15—20°, зрэдку да 40°) і рэзкай расчлянёнасцю рэльефу (ступені, падводныя каньёны). У верхняй частцы М.с. назіраецца перамяшчэнне вял. мас асадкавага матэрыялу ў выглядзе падводных апоўзняў і патокаў муці, у ніжняй пераважаюць працэсы акумуляцыі. Па высокай прадукцыйнасці арган. рэчыва М.с. вылучаецца ў асобную батыяльную зону (гл. Батыяль).

т. 10, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРАСІ́МХА РА́О (Памулапурці Венката) (н. 28.6.1921, г. Карымнагар, Індыя),

індыйскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Бамбейскі і Нагпурскі ун-ты. Чл. Індыйскага нац. кангрэса. З 1957 дэпутат Заканад. асамблеі штата Андхра-Прадэш. У 1962—71 чл. урада, у 1971—73 гал. міністр штата Андхра-Прадэш. З 1977 чл. інд. парламента (Лок Сабхі). У 1980—85 і 1988—90 міністр замежных спраў Індыі. У 1991—96 прэм’ер-міністр Індыі.

Дульная частка ствала наразной зброі.

т. 11, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕКТО́Н (ад грэч. nēktos які плавае, плыве),

сукупнасць актыўна плаваючых водных жывёл, здольных процістаяць сіле цячэння і актыўна перамяшчацца на значныя адлегласці. Форма цела ў большасці нектонных жывёл абцякальная (верацёна- або тарпедападобная); добра развіты органы руху — ласты, плаўнікі і інш. Да Н. належаць ракападобныя, галаваногія малюскі, рыбы (асн. частка), водныя змеі, чарапахі, пінгвіны, кітападобныя, ластаногія, у прэсных водах таксама насякомыя і земнаводныя. У вадаёмах Беларусі да Н. належаць пераважна ракападобныя і рыбы.

т. 11, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДВО́ДНАЯ ЎСКРА́ІНА МАЦЕРЫКА́,

частка мацерыка, размешчаная ніжэй узроўню акіяна, характарызуецца мацерыковым тыпам зямной кары. Па асаблівасцях рэльефу звычайна падзяляецца на шэльф, або мацерыковую водмель, мацерыковы схіл і мацерыковае падножжа. У параўнанні з платформавымі ўчасткамі сушы «гранітны» слой у межах П.у.м. значна меншы, на мяжы мацерыковага падножжа з ложам акіяна ён выкліньваецца і саступае месца акіянічнай зямной кары. У межах П.у.м. найб. актыўна адбываюцца працэсы: дзейнасць хваль, прылівы і адлівы, цячэнні і інш.

т. 11, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́РТСМУТ (Portsmouth),

горад на ПнУ ЗША, у штаце Нью-Гэмпшыр. Засн. ў 1653. 25,4 тыс. ж., з гарадамі Довер, Рочэстэр і агульнымі прыгарадамі больш за 250 тыс. ж. (2000, частка прыгарадаў у штаце Мэн). Марскі порт, трансп. вузел. Прам-сць: вытв-сць ЭВМ, кантрольна-вымяральных прылад, стралк. зброі, суднарамонтная, гарбарна-абутковая, гумавая, шкляная. Музейныя кварталы будынкаў 17 і 18 ст. У 1905 у П. падпісаны Портсмуцкі мірны дагавор 1905 паміж Расіяй і Японіяй.

т. 12, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫНЦЭ́СЫ РА́ГНХІЛЬ БЕ́РАГ (Princess Ragnhild Coast),

частка ўзбярэжжа Зямлі Каралевы Мод (Усх. Антарктыда), паміж 20°30′ і 34°00′ у. д. Акаймаваны шэльфавымі ледавікамі шыр. 10—50 км, якія цягнуцца ўздоўж узбярэжжа, пераходзяць у ледавіковы схіл і ледавіковае плато Нансенісен (выш. да 3000 м). На яго паўн. мяжы ўзвышаюцца горы Сёр-Рондане і Бельжыка (выш. да 3630 м). Адкрыты ў 1931 нарв. экспедыцыяй Г.​Ісаксена і Я.​Рысер-Ларсена. Названы імем нарв. прынцэсы.

т. 13, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САПЛО́,

канструктыўны элемент у выглядзе канала пераменнага сячэння для разгону вадкасці ці газу (пары) і надання патоку зададзенага напрамку. У С. ўнутр. (цеплавая) энергія і патэнцыяльная энергія ціску рабочага цела пераўтвараюцца ў кінетычную (дынамічны разгон). Накіроўвае паток у актыўнай гідраўлічнай турбіне, дазіруе расход вадкасці (гл. Расходамер), надае неабходную скорасць струменю ў паравой турбіне; распыльвае (гл. Фарсунка). Рэактыўнае С. (рэактыўны рухач) — частка рэактыўнага рухавіка.

Рэактыўнае сапло: 1 — дагукавое; 2 — звышгукавое (стрэлкі — напрамак руху газу).

т. 14, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІНЦО́ВЫЯ РУ́ДЫ,

састаўная частка поліметалічных руд, радзей утвараюць самаст. паклады. Вядома каля 180 мінералаў свінцу, прамысл. значэнне маюць сульфіды (галеніт — 86,6% свінцу), меншае — сульфасолі і карбанаты. Акісленыя руды складзены з цэрусіту (карбанат свінцу) і англезіту (сульфат свінцу). С.р. маюць цынк (мінералы сфалерыт, смітсаніт, каламін), серу, радзей медзь і барый, а таксама серабро, золата, кадмій, вісмут, сурму, ртуць, талій, германій і інш. Гал. радовішчы ў ЗША, Аўстраліі, Канадзе, Перу, Мексіцы.

У.​Я.​Бардон.

т. 14, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПШЭРО́НСКІ ПАЎВО́СТРАЎ,

на зах. беразе Каспійскага м., у Азербайджане. Даўж. да 60 км, шыр. да 30 км. Усх. канцавая частка п-ва — Шахава каса. Хвалістая раўніна (выш. да 165 м) з гразевымі сопкамі і бяссцёкавымі катлавінамі, запоўненымі саланчакамі і салёнымі азёрамі, месцамі ўчасткі рухомых пяскоў. Радовішчы нафты і газу (гл. Бакінскі нафтагазаносны раён). Мінер. крыніцы. Пустынны клімат змякчаецца ўплывам мора. Расліннасць паўпустынная. Вінаграднікі і бахчавыя культуры на паліўных землях. Кліматычныя і бальнеалагічныя курорты. На паўд. ўзбярэжжы паўвострава г. Баку.

т. 1, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)