ПАЎНО́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА ДЗЕКАБРЫ́СТАЎ,

тайная рэв. арг-цыя дзекабрыстаў. Засн. ў 1821 у Пецярбургу членамі б. дзекабрысцкай арг-цыі «Саюз дабрабыту» (распалася ў пач. 1821) М.М.Мураўёвым, М.С.Луніным, С.П.Трубяцкім, Я.​П.​Абаленскім, М.​І.​Тургеневым. У 1823 прыняты статут. Узначальвала т-ва дума з 3 чал. Частка членаў т-ва на чале з Мураўёвым выступала за канстытуцыйна-манархічны федэратыўны дзярж. лад Расіі, радыкальна настроеныя члены на чале з К.Ф.Рылеевым падтрымлівалі рэсп. праграму Паўднёвага таварыства дзекабрыстаў. Пасля смерці Аляксандра I у абставінах міжцаравання т-ва ўзняло 14(26).12.1825 у Пецярбургу паўстанне. Спыніла існаванне пасля задушэння паўстання.

Літ.:

Мемуары декабристов: Северное общество. М., 1981.

т. 12, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРСЕ́Й (грэч. Perseus; каля 213—166 да н.э.),

апошні цар Македоніі [179—168 да н.э.]. Імкнуўся аднавіць гегемонію Македоніі, якая была падарвана войнамі яго бацькі Філіпа V з Рымам (1-я Македонская вайна 215—205 да н.э.; 2-я — 200—197 да н.э.). Арганізаваў і ўзначаліў антырым. кааліцыю, заключыў саюз з плямёнамі ілірыйцаў, фракійцаў, дзяржавай Селеўкідаў, Родасам і інш. а-вамі Грэцыі; усюды падтрымліваў варожыя Рыму дэмакр. групоўкі. У час 3-й Македонскай вайны (171—168 да н.э.) напачатку атрымаў некалькі перамог, але ў бітве каля Підны (168 да н.э.) быў разбіты, трапіў у палон, адпраўлены ў Рым, дзе і загінуў.

Сузор’е Персей.

т. 12, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕЧАНЕ́ГІ, бечанегі,

саюз цюркамоўных плямён у паўн. Прычарнамор’і ў 8—12 ст. Напачатку качавалі на У ад Волгі, у канцы 8 ст. разбілі ў прычарнаморскіх стэпах венграў і занялі тэр. ад Волгі да вусця Дуная. Асн. іх занятак — качавая жывёлагадоўля. Падзяляліся на 8 плямён, агульнаплемяннога аб’яднання П. не існавала. Рабілі пастаянныя набегі на Русь і краіны Усх. і Паўд.-Усх. Еўропы. У 972 знішчылі дружыну князя Святаслава Ігаравіча, забілі яго самога. У 1036 разбіты войскам кн. Яраслава Мудрага. У канцы 11 ст. сур’ёзна пагражалі Візантыйскай імперыі. У 1091 разбіты аб’яднаным візантыйска-палавецкім войскам, пасля чаго іх тэр. занялі плямёны полаўцаў.

т. 12, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСІ́ЙСКАЕ АВІЯЦЫ́ЙНА-КАСМІ́ЧНАЕ АГЕ́НЦТВА, Расавіякосмас,

орган выканаўчай улады Расійскай Федэрацыі, які ажыццяўляе дзярж. палітыку ў галіне касм. дзейнасці, эксперым. авіяцыі, мадэрнізацыі і развіцця авіяц. прам-сці. Створана 25.5.1999; правапераемнік Галоўкосмасу СССР (Гал. ўпраўленне па стварэнні і выкарыстанні касм. тэхнікі для нар. гаспадаркі і навук. даследаванняў СССР; існавала з 6.10.1985). Асн. кірункі дзейнасці: развіццё касм. сродкаў сувязі, вяшчання і рэтрансляцыі (касм. сістэмы «Экспрэс-К», «Ямал», «Ганец»), фундаментальныя касм. даследаванні (праекты «Спектр», «Каронас», «Інтэрбол», «Фобас-грунт»), пілатуемыя палёты (разгортванне рас. сегмента Міжнар. касм. станцыі), стварэнне і мадэрнізацыя ракет-носьбітаў «Русь», «Адзінства», «Ангара», «Пратон», «Саюз-2», «Зеніт», «Цыклон», узаемадзеянне з авіякасм. ведамствамі інш. краін.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 13, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКА-ІСПА́НСКІ ДАГАВО́Р 1812 Аб саюзе супраць Францыі.

Падпісаны 20 ліп. ў г. Вял. Лукі (Расія) рас. канцлерам М.​П.​Румянцавым і ўпаўнаважаным ісп. картэсаў (парламента) Сеа Бермудэсам. Былі абвешчаны дружба, згода і саюз паміж дзяржавамі, выказаны іх цвёрды намер сумесна весці барацьбу супраць агульнага ворага — франц. імператара Напалеона І. Аляксандр І прызнаў законнасць картэсаў, што сабраліся ў г. Кадыс і прынятай імі Кадыскай канстытуцыі 1812. Аднаўляліся гандл, адносіны паміж краінамі. Паводле дагавора Расія і ісп. патрыёты ўзгаднілі ваен. намаганні ў барацьбе з Напалеонам, што ў пэўнай ступені ўскладніла перакідку франц. войск з Іспаніі ў Расію і Цэнтр. Еўропу ў час вайны 1812 і кампаніі 1813.

т. 13, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМНІ́ТЫ (лац. Samnites),

старажытнаіталійскія плямёны умбра-оскска-сабельскай галіны. Жылі ў гарах, займаліся пераважна жывёлагадоўляй. У 5 ст. да н.э., спусціўшыся з гор, частка С. заняла З і ПдЗ Апенінскага п-ва і змяшалася з мясц. насельніцтвам. У 4 ст. да н.э. ўзначалілі саюз плямён (т. зв. Самніцкая федэрацыя). У 2-й пал. 4 — пач. 3 ст. да н.э. вялі войны з Рымам (гл. Самніцкія войны), якія скончыліся падпарадкаваннем С. Падтрымлівалі палкаводцаў Піра і Ганібала ў час іх паходаў супраць Рыма. Змагаліся супраць Рыма ў Саюзніцкай вайне 90—88 да н.э. Амаль поўнасцю знішчаны рым. палкаводцам Л.​К.​Сулам (1 ст. да н.э.).

т. 14, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СЕЛЯНІ́Н»,

таварыства памешчыкаў, заможных сялян, чыноўнікаў царскай адміністрацыі, правасл. духавенства кансерватыўна-манархічнага кірунку ў пач. 20 ст. Узнікла ў 1905 у Вільні. Кіраўнікі — мясц. манархісты С.​Кавалюк, П.​Каранкевіч, А.​Пшчолка, Л.​Саланевіч, А.​Уруцэвіч. Абараняла інтарэсы царскага самаўладдзя на Беларусі, выступала супраць бел. нац.-вызв. руху, газ. «Наша ніва», не прызнавала права беларусаў на самавызначэнне і стварэнне нац. дзяржаўнасці, лічыла Беларусь неад’емнай часткай Рас. імперыі. З 1906 уваходзіла ў «Рускі ўскраінны саюз». Пасля расколу т-ва ў 1908 створана псеўдабел. арг-цыя «Беларускае таварыства» на чале з Саланевічам. У 1906—15 выдавала час. «Крестьянин». Спыніла сваю дзейнасць восенню 1915.

У.​М.​Міхнюк.

т. 14, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НГЛА-БУ́РСКАЯ ВАЙНА́ 1899—1902,

захопніцкая вайна Англіі супраць бурскіх рэспублік Паўд. Афрыкі Трансвааль і Аранжавая. Англія імкнулася захапіць землі, багатыя золатам і алмазамі, забяспечыць брыт. панаванне на вялізнай тэр. ад Каіра да Кейптаўна. Падставай да вайны з’явілася адмова прэзідэнта Трансвааля даць выбарчыя правы англ. каланістам. 11.10.1899 пачаліся ваен. дзеянні, на пачатку якіх буры атрымалі некалькі перамог. Аднак вял. перавага ў жывой сіле і тэхніцы дазволіла англічанам у 1900 акупіраваць рэспублікі. Буры разгарнулі партыз. барацьбу, але, не атрымаўшы чаканай дыпламат. дапамогі з боку Германіі, Францыі і Расіі, спынілі супраціўленне. Паводле мірнага дагавора 31.5.1902 Аранжавая і Трансвааль далучаны да Брыт. імперыі і сталі англ. калоніямі. У 1910 іх тэр. ўвайшлі ў англ. дамініён Паўднёва-Афрыканскі Саюз.

т. 1, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙНО́ВІЧ (Уладзімір Мікалаевіч) (н. 26.9.1932, Душанбе),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Маскоўскім пед. ін-це (1958—59). Першае апавяд. «Мы тут жывём» (1961). Аўтар аповесцей «Два таварышы» (1967), «Ступень даверу» (1972), рамана «Жыццё і незвычайныя прыгоды салдата Івана Чонкіна» (1969—75, у СССР 1988; працяг — раман «Прэтэндэнт на прастол», 1979). У 1974 выключаны з СП СССР, у 1980 выехаў у ФРГ. Апублікаваў сатыр. аповесць «Іванькіяда» (1976, у СССР 1989), зб. прозы і публіцыстыкі «Шляхам узаемнай перапіскі» (1979), п’есу «Трыбунал», кнігу нарысаў «Антысавецкі Савецкі Саюз» (абедзве 1985), фантаст. раман-утопію «Масква 2042» (1986). У 1990 вярнуўся ў Расію.

Тв.:

Малое собр. соч. Т. 1—5. М., 1993.

С.​Ф.​Кузьміна.

т. 3, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́КАР ((Wakar) Уладзімір) (26.8.1885, г. Тамбоў, Расія — 9.5.1933),

польскі эканаміст, публіцыст, грамадскі дзеяч. У 1917—24 выкладаў у Вышэйшай гандл. школе ў Варшаве. У 1915—19 працаваў у Бюро грамадскай працы (з 1918 дырэктар), дзе рэдагаваў важнейшыя дзярж. дакументы напярэдадні і ў час абвяшчэння незалежнасці Польшчы. Ініцыятар стварэння і кіраўнік ін-та грамадскай гаспадаркі (1920—21). Рэдактар варшаўскіх час. «Polska» («Польшча»), «Przegląd Wschodni» («Усходні агляд»), «Przymierze» («Саюз») і інш. У апошнім часопісе шмат увагі аддаваў нац. пытанням у Польшчы, у т. л. беларускаму; там надрукаваны арт. Б.​Тарашкевіча «Беларускія палітычныя патрабаванні». Аўтар прац «Сто гадоў барацьбы за польскую асвету» (1916), «Праблема самакіравання ў Здабытай Рэчы Паспалітай» (1924) і інш.

т. 3, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)