калектыўнае спыненне працы рабочымі з мэтай задавальнення сваіх патрабаванняў. Праводзіцца ў розных формах: папераджальная, салідарнасці, на адным прадпрыемстве, агульная і інш. Агульная З. — спыненне працы большасцю прадпрыемстваў у розных галінах прам-сці, на транспарце і інш. у горадзе, рэгіёне, краіне.
Першая ў гісторыі Еўропы З. адбылася ў 1345 у Фларэнцыі. Спачатку стачкі мелі эканам. характар, былі стыхійнымі і неарганізаванымі. У 16—18 ст.эканам. З. спалучаліся з паліт. патрабаваннямі, часам суправаджаліся ўзбр. барацьбой (Ліёнскія паўстанні 1831, 1834; Сілезскае паўстанне ткачоў 1844 і інш.). У 1-й пал. 19 ст. забастовачны рух набыў найб. размах у Вялікабрытаніі (масавая паліт. З. ў крас. 1820). У кастр. 1835 адбылася адна з першых буйных З. у Расіі (на фабрыцы Асокіна ў Казані). Забастовачная барацьба садзейнічала ўзнікненню рабочых арг-цый (прафсаюзы, паліт. партыі). Ва ўпартай барацьбе з буржуазіяй напрацягу 19 ст. працоўныя большасці капіталіст. дзяржаў дабіліся легалізацыі права на стачку. У канцы 19 ст. рэзка абвастрыўся стачачны рух у ЗША (у 1896—1905 — 21 950 З.), Францыі (1896—1905 — 4925 З.), Германіі (1900—07 — 14 790 З.), Расіі (1895—1904 — 1765 З.).
У Беларусі першыя стачкі адбыліся ў 19 ст., мелі лакальны і абарончы характар. У пач. 20 ст. яны набываюць наступальны, часам паліт. характар. У 1903 адбылося 20 паліт. З., напрацягу 2 месяцаў 1904—17 З. Асабліва часта паліт. З. адбываліся ў 1905. У кастр. 1905 працоўныя Беларусі прынялі ўдзел у агульнарас. паліт. стачцы (у Мінску баставалі ўсе прадпрыемствы, пошта, тэлеграф; паліт. стачкі адбыліся ў Гомелі, Брэсце, Оршы, Лунінцы, Баранавічах, Пінску; у 25 з 35 паветаў Беларусі прайшлі З. с.-г. рабочых). У 1927—28 зарэгістравана 370 З. у Зах. Беларусі. Адбываліся масавыя выступленні працоўных Брэста, Ліды, Беластока, Пінска, Маладзечна, Навагрудка і інш.Эканам. патрабаванні спалучаліся з барацьбой за нац. вызваленне. Супраць сац. палітыкі ўрадаў БССР і СССР былі скіраваны забастоўкі ў Гомелі (крас. 1990), Мінску (крас. 1991). Паводле Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс законаў аб працы Рэспублікі Беларусь» ад 15.12.1992 працоўныя Беларусі маюць права на З.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЧНАЯ МЕРЗЛАТА́, шматгадовая мерзлата,
верхні слой зямной кары з устойлівымі адмоўнымі тэмпературамі напрацягу тысяч гадоў; частка крыясферы. Пашырана ў арктычным і антарктычным паясах, часткова ва ўмераным поясе, дзе існуе рэзка кантынентальны клімат. Развіта таксама пад покрыўнымі і горнымі ледавікамі. У зоне вечнай мерзлаты горныя пароды сцэментаваны замёрзлай вільгаццю. Магутнасць слоя з адмоўнымі т-рамі дасягае 4 км у Антарктыдзе, 1,5 км у Арктыцы. Пашырана напл. каля 35 млн.км², у т. л. 11 млн.км² у Сібіры. Натэр. Беларусі існавала ў ледавіковыя эпохі. Слядамі вечнай мерзлаты з’яўляюцца крыягенныя тэкстуры, што захаваліся ў горных пародах, — псеўдамарфозы на месцы ледзяных кліноў і маразабойных шчылін, сляды цячэння і сціскання расталага грунту і інш. З часоў дэградацыі вечнай мерзлаты ў рэльефе захаваліся тэрмакарставыя западзіны і катлавіны азёр, псеўдатэрасы, валы і інш. Вечную мерзлату вывучае крыялогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЭНЕ́ЎСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ 1988па Афганістане.
Падпісаны 14 крас. прадстаўнікамі Афганістана, ЗША, Пакістана, СССР як вынік афгана-пакістанскіх перагавораў, якія праходзілі ў Жэневе з чэрв. 1982 (з перапынкамі) пры пасрэдніцтве прадстаўніка Ген. сакратара ААН. Мелі на мэце спыніць грамадзянскую вайну ў Афганістане. Складаліся з Двухбаковага пагаднення паміж Рэспублікай Афганістан і Ісламскай Рэспублікай Пакістан аб прынцыпах узаемаадносін (у т. л. аб неўмяшанні і адмове ад інтэрвенцыі), Двухбаковага пагаднення паміж гэтымі краінамі пра добраахвотнае вяртанне бежанцаў, Дэкларацыі аб міжнар. гарантыях і Пагаднення аб узаемасувязі для ўрэгулявання становішча, якое датычыцца Афганістана. Апошняе пагадненне адной з гал. умоў прадугледжвала вывад з Афганістана сав. войск (паловы да 15.8.1988, астатніх напрацягу 9 месяцаў). Няпоўнае выкананне пагадненняў Пакістанам (на яго тэр. працягвалі базіравацца ўзбр. фарміраванні для вядзення баёў натэр. Афганістана) у значнай ступені перашкодзіла спыненню грамадз. вайны ў Афганістане.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕСЕ́НСКІЯ ВО́ЙНЫ,
тры вайны паміж Месеніяй і Спартай (Стараж. Грэцыя). У выніку 1-й М.в. (канец 8 ст. да н.э.), якую пачала Спарта з мэтай захопу ўрадлівых зямель, Месенія страціла б.ч. сваёй тэрыторыі. Жорсткае спартанскае панаванне падштурхнула месенцаў да паўстання, вядомага як 2-я М.в. (сярэдзіна 7 ст. да н.э.). Больш моцная ў ваен. адносінах Спарта зноў перамагла і захапіла ўсю Месенію; частка насельніцтва перасялілася на Сіцылію, а большасць ператворана ў бяспраўных ілотаў. 3-я М.в. (464—455 да н.э.) фактычна была паўстаннем ілотаў, якія выкарысталі разгубленасць у Спарце ў выніку землетрасення 464, і пачалі ваен. дзеянні. Месенцы замацаваліся на гары Ітома і, нягледзячы на падмогу спартанцам з боку грэч. полісаў, напрацягу 10 гадоў паспяхова трымалі абарону. Спартанцы былі вымушаны даць свабодны выхад з Месеніі паўстанцам, якія пасяліліся ў г. Наўпакт (Ц. Грэцыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯЎНІЦТВАЗНА́ЎСТВА,
навука аб прынцыпах і метадах вядзення паляўнічай гаспадаркіна аснове рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў паляўнічых жывёл, іх аховы і развядзення.
Распрацоўвае біял. асновы паляўнічай гаспадаркі: класіфікацыя, тыпалогія, баніціроўка, біятэхнія і меліярацыя паляўнічых угоддзяў, улік і ацэнка рэсурсаў паляўнічых жывёл, павышэнне прадукцыйнасці папуляцый на аснове вывучэння іх біялогіі, экалогіі, заканамернасцей змены колькасці, нарміраванага адлову і адстрэлу, узнаўленне запасаў і ахова дзікіх звяроў і птушак. Распрацоўвае таксама праблемы эканомікі, арганізацыі, тэхнікі і таваразнаўства прадукцыі паляўнічай гаспадаркі. Развіваецца ў цеснай сувязі з біялогіяй, экалогіяй, эталогіяй, батанікай, біягеаграфіяй і біяцэналогіяй; выкарыстоўвае іх метады даследаванняў.
На Беларусі навук. даследаванні па П. вядуцца ў Ін-це заалогіі Нац.АН Беларусі, Бел.тэхнал. ун-це, БДУ, Гомельскім ун-це, Бярэзінскім запаведніку і інш. Распрацаваны метады мечання жывёл, кальцавання птушак, морфафізіял. індыкатараў, назіранне за перамяшчэннем жывёл напрацягу сутак і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́ВА (Jawa),
востраў у групе Вялікіх Зондскіх астравоў Малайскага архіпелага; тэр. Інданезіі. Пл. 126,5 тыс.км². Даўж. больш за 1000 км. Адзін з самых густанаселеных раёнаў зямнога шара (113,6 млн.чал., 1994). Берагі слаба парэзаныя. Гарысты. Больш за 100 вулканаў (30 дзеючых, выш. да 3676 м), размешчаных уздоўж восі вострава. НаПн узгорыстая раўніна. Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Т-ра паветра напрацягу года на ўзбярэжжы 26—27 °C, у гарах 9—18 °C. Ападкаў 1—2 тыс.ммна раўнінах да 5—6 тыс.мм за год у гарах. Вечназялёныя і лістападныя трапічныя лясы, на вяршынях гор — хмызнякі і лугі, наУ — саванныя рэдкалессі. Нац. паркі — Балюран, Гунунг-Гедэ-Пангранга, Уджунг-Кулон; некалькі рэзерватаў. На раўнінах вырошчваюць рыс, кукурузу, цукр. трыснёг, какосавыя, пальмы, каўчуканосы. Радовішчы нафты, серы, руд марганцу, золата. Гал. гарады — Джакарта, Бандунг, Сурабая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ННЫ ВО́ДКУП,
сістэма збірання ўскоснага падатку, пры якой аддаецца на водкуп прыватным прадпрымальнікам права на гандаль віном (гарэлкай). Адкупшчыкі плацілі дзяржаве загадзя абумоўленую грашовую суму і гэтым набывалі права на публічны гандаль гарэлкай. У Расіі вядомы з 16 ст. Існаваў напрацягу 17 — 1-й пал. 19 ст. побач з віннай манаполіяй. Асабліва быў пашыраны ў 18 ст. Да 19 ст. не пашыраўся на шэраг зах., паўн.-зах., паўд.-зах. губерняў і Царства Польскае, дзе права на гандаль віном захоўвалі памешчыкі і гарады. З 18 ст. вінны водкуп — адна з крыніц т.зв. пачатковага накаплення капіталу. На яго аснове ўзбагачаліся купецтва і дваранства, а дзяржава атрымлівала вял. даходы (напр., у 1859—63 прыбыткі ад віннага водкупу складалі 40% усіх даходаў). Вінны водкуп выклікаў абурэнне народа і прывёў да адкрытых выступленняў у 1858—59. Сістэма віннага водкупу ліквідавана ў 1863 і заменена інш. відам ускоснага падатку — акцызам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХО́РДАВЫЯ (Chordata),
вышэйшы тып шматклетачных жывёл. 3 падтыпы: галавахордавыя, або цэфалахордавыя (Cephalochordata), абалоннікі, ці лічынкавахордавыя, і пазваночныя, або чарапныя. Каля 40 тыс. сучасных відаў, з іх каля 38 тыс. пазваночных. Пашыраны ўсюды. На Беларусі прадстаўлены пазваночнымі.
Для Х. характэрны восевы шкілет у выглядзе хорды. У адных арганізмаў хорда бывае толькі на ранніх стадыях развіцця, у другіх — усё жыццё Амаль ва ўсіх Х. напрацягу жыцця над хордай захоўваецца спінная нерв. парожняя трубка, з якой дыферэнцыруюцца спінны і галаўны мозг. У пярэднім аддзеле кішэчніка — жаберныя шчыліны, якія застаюцца на ўсё жыццё ці бываюць на пэўнай стадыі развіцця. Сэрца на брушным баку над стрававальнай трубкай. Усе Х. маюць другасны рот і поласць цела (цэлом), метамерную будову гал. сістэм органаў і двухбаковую (білатэральную) сіметрыю цела.
Літ.:
Малахов В.В. Новый взгляд на происхождение хордовых // Природа. 1982. № 5;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯСПЕ́КА ЭКАЛАГІ́ЧНАЯ,
стан прыроднай сістэмы, пры якім у поўнай меры дзейнічаюць механізмы падтрымання яе жыццяздольнасці і самарэгулявання. Забяспечвае адсутнасць пагрозы парушэння экалагічнага балансу пад уплывам антрапагеннага ўздзеянняна прыроднае асяроддзе, прадухіленне экалагічных аварый і катастроф, станаў і працэсаў, якія могуць выклікаць гэтыя здарэнні. Бяспека экалагічная павінна адпавядаць існуючым ці прагназуемым экалагічным умовам па ахове здароўя насельніцтва і мэтам забеспячэння працяглага ўстойлівага сац.-эканам. развіцця грамадства. Разглядаецца ў глабальных, рэгіянальных, лакальных і ўмоўна кропкавых абмежаваннях. Бяспека экалагічная ў адносінах да стыхійных бедстваў і прыродных катастроф аналізуецца ў рамках канцэпцыі прыроднай рызыкі (верагоднасць небяспечных вынікаў таго або інш. рашэння). Бяспека экалагічная тэхн. аб’ектаў забяспечвае адсутнасць напрацягу зададзенага часу сітуацый, небяспечных для людзей, навакольнага асяроддзя і гасп. дзейнасці. Бяспека складаных тэхн. сістэм вымяраецца здольнасцю гэтых сістэм мінімізаваць такія фактары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАМО́ЙЦЬ, Жэмайція, Жмудзь, Самагіція,
гістарычная і этнагр. вобласць наЗ Літвы. З 1260-х г. у складзе ВКЛ (акрамя прыморскага ўзбярэжжа разам з Клайпедай). Напрацягу 2-й пал. 13 — пач. 15 ст.вял. князі ВКЛ выкарыстоўвалі Ж. як сродак для вырашэння сваіх знешнепаліт. задач у адносінах з Тэўтонскім ордэнам. Паводле Дубіскіх (1382), Салінскага (1398) і Рацыёнжскага (1404) дагавораў вял. князі ВКЛ Ягайла, а пасля Вітаўт саступалі Ж. Тэўтонскаму ордэну. У выніку паўстанняў 1401 і 1409 Ж. вызвалілася з-пад улады ордэна. Пасля Грунвальдскай бітвы 1410 і Мельнскага дагавора 1422 канчаткова далучана да ВКЛ. У 1411—1795 існавала асобнае Жамойцкае староства. З 1413 пачалося хрышчэнне Ж. з язычніцтва ў каталіцкае веравызнанне. З 1795 у складзе Літоўскай, з 1801 — Віленскай, 1843 — Ковенскай губ.Рас. імперыі, з 1918 у складзе Літвы.