ТАНЗА́НІЯ (Tanzania),

Аб’яднаная Рэспубліка Танзанія (суахілі Jamhuri ya Muungano wa Tanzania, англ. United Republic of Tanzania), дзяржава ва Усх. Афрыцы. Складаецца з мацерыковай (Танганьіка) і астраўной (а-вы Занзібар і Пемба) частак. Мяжуе на Пн з Кеніяй і Угандай (частка граніцы па воз. Вікторыя), на З з Руандай, Бурундзі, Дэмакр. Рэспублікай Конга (граніца па воз. Танганьіка), Замбіяй, Малаві (частка граніцы па воз. Ньяса), на Пд з Мазамбікам; на У абмываецца Індыйскім ак. Пл. 945,09 тыс. км². Нас. 35 306,1 тыс. чал. (2000). Дзярж. мова — суахілі і англійская. Сталіца — г. Дадома (урадавыя ўстановы паступова пераводзяцца з г. Дар-эс-Салам). Краіна падзяляецца на 25 абласцей (20 на мацерыку, 5 у астраўной частцы). Нац. свята — Дзень Саюза (26 крас.).

Дзяржаўны лад. Т. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1977. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — парламент, у які ўваходзяць прэзідэнт краіны і Нац. асамблея з 232 дэпутатаў, што выбіраюцца кожныя 5 гадоў на ўсеагульных выбарах прамым і тайным галасаваннем (частка дэпутатаў назначаецца).

Прырода. Большая ч. тэр. — на Усх.-Афр. пласкагор’і (на выш. больш за 1000 м). Характэрны ланцугі пласкаверхіх узвышшаў і гор. Уздоўж зах. і паўд.-зах. граніц працягнуліся скідавыя ўпадзіны Усх.-Афр. высокасейсмічнай зоны разломаў з вулканамі Кіліманджара (выш. 5895 м, найвыш. пункт Афрыкі) і Меру (4567 м). Уздоўж узбярэжжа Індыйскага ак. — вузкая нізіна. Карысныя выкапні: алмазы, волава, вальфрам, фасфарыты, тытана-магнетытавыя, ніобіевыя руды і інш. Клімат экватарыяльны мусонны. Сярэднямесячныя т-ры ад 15—20 °C да 25—27 °C. Ападкаў на б.ч. краіны 500—1500 мм за год. Гал. рэкі Пангані, Руфуджы, Рувума ўпадаюць у Індыйскі акіян. Т. часткова належаць азёры Вікторыя, Танганьіка, Ньяса; ёсць бяссцёкавыя салёныя азёры Руква, Натран, Эясі. У натуральнай расліннасці на З і Пд пераважаюць трапічныя сухія рэдкалессі, на прыморскай нізіне — паркавыя саванны, у цэнтр. і паўн.-ўсх. раёнах — травяністыя саванны. Па схілах гор — вечназялёныя лясы, хмызнякі. Шматлікія нац. паркі і рэзерваты, у т. л. Селус, Серэнгеці, Кіліманджара і Нгарангора, якія ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны, а таксама Руаха, Мікумі, Тарангірэ, Рунгва, створаныя для аховы багатай фауны млекакормячых (сланы, насарогі, бегемоты, буйвалы, зебры, жырафы і інш.).

Насельніцтва. Т. — шматнацыянальная краіна, больш за 30 народаў. Каля 98% складаюць афр. народы, што пераважна належаць да ўсх. банту. Найб. народы: ньямвезі, сукума, суахілі, хехе, бена, макондэ, хайя, кінга, джага. На ПнУ жывуць масаі, мова якіх адносіцца да нілоцкай сям’і, у цэнтр. частцы — народы, што гавораць на кушыцкіх і кайсанскіх мовах. Ёсць таксама індыйцы, пакістанцы, арабы. Сярод вернікаў хрысціяне (45%), мусульмане (35%), прыхільнікі традыц. вераванняў (20%). Сярэднегадавы прырост 2,57% (2000). Сярэдняя шчыльн. 37,4 чал. на 1 км. Найб. населены раён на Пд ад воз. Вікторыя, схілы Кіліманджара і Меру, в-аў Занзібар (да 500 чал. на 1 км²), найменш — унутр. пласкагор’і. У гарадах жыве 31% насельніцтва (1998). Найб. гарады (2000, тыс. ж.): Дар-эс-Салам — 1360,8, Мванза — каля 300, Дадома, Танга і Занзібар — каля 200. У сельскай гаспадарцы занята 80% эканамічна актыўнага насельніцтва.

Гісторыя. На тэр. Т. знойдзены найб. стараж. рэшткі чалавека (гл. Олдувай). Аўтахтоннае насельніцтва Т. — плямёны, блізкія да сучасных бушменаў і гатэнтотаў. У 1-м тыс. н.э. тут пасяліліся плямёны земляробаў банту і жывёлаводаў нілотаў. У 7—8 ст. сюды праніклі арабы; у выніку іх узаемадзеяння з мясц. насельніцтвам ва ўзбярэжных раёнах Т. склалася мусульм. паводле веравызнання этн. супольнасць — суахілі. Існаваў шэраг гарадоў-дзяржаў суахілі, багацце якіх ствараў транзітны гандаль паміж унутр. раёнамі Афрыкі і краінамі Б. Усходу. У канцы 15 ст. тут з’явіліся партугальцы, якія ўсталявалі кантроль над гарадамі суахілі. У канцы 17 ст. партугальцаў выгналі аманцы. У 1856 узнік самастойны султанат Занзібар з цэнтрам на аднайм. востраве на чале з дынастыяй аманскага паходжання. У 1884 над мацерыковай ч. Т. ўстанавіла кантроль Германія. А-вы Занзібар з 1890 сталі брыт. пратэктаратам. У 1-ю сусв. вайну Герм. Усх. Афрыку акупіравалі брыт. войскі; у 1920 б.ч. яе пад назвай Танганьіка перададзена Лігай Нацый пад кіраванне Вялікабрытаніі. У 2-ю сусв. вайну больш за 80 тыс. выхадцаў з Т. змагаліся ў складзе брыт. арміі. У 1954 створаны Нац. афр. саюз Танганьікі (ТАНУ) на чале з Дж.К.Ньерэрэ. ТАНУ перамог на ўсеагульных выбарах 1960 і ўзначаліў урад Танганьікі. 9.12.1961 абвешчана незалежнасць краіны.

У снеж. 1962 абвешчана рэспубліка на чале з прэзідэнтам Ньерэрэ, 10.12.1963 абвешчана незалежнасць Султаната Занзібар. Паўстанне 12.1.1964 скінула манархію на Занзібары і паклала канец панаванню выхадцаў з Амана; да ўлады прыйшла Афра-шыразі партыя (АШП). 26.4.1964 Танганьіка і Занзібар аб’яднаны ў адзіную дзяржаву (з 29.10.1964 — Аб’яднаная Рэспубліка Т.); Занзібар пры гэтым захаваў значную аўтаномію. Па ініцыятыве Ньерэрэ ў краіне пачалася пабудова сацыяліст. грамадства шляхам аб’яднання сял. гаспадарак у калектыўныя — т.зв. уджамаа; нацыяналізаваны замежныя банкі і прадпрыемствы. У 1977 ТАНУ і АШП аб’яднаны ў Рэв. партыю (РП), усе інш. партыі забаронены. У пач. 1980-х г. эканам. становішча Т. пагоршылася, што прымусіла Ньерэрэ падаць у 1985 у адстаўку. Новае кіраўніцтва краіны і РП на чале з А.​Х.​Мвіньі пачало лібералізацыю эканомікі, што спрыяла пераадольванню крызісу. У 1992 дазволена шматпартыйнасць. На першых шматпартыйных выбарах 1995 перамагла РП, яе прадстаўнік Б.​У.​Мкапа абраны прэзідэнтам Т. Т. — чл. ААН (з 1961), Арг-цыі афр. адзінства. Дыпламат. адносіны паміж Т. і Рэспублікай Беларусь з мая 1996. У Т. дзейнічаюць паліт. партыі: Рэв. партыя, Нац. канвенцыя за стварэнне і рэформы, Аб’яднаны грамадз. фронт, Аб’яднаная дэмакр. партыя, Партыя дэмакратыі і прагрэсу.

Гаспадарка. Т. — эканамічна слабаразвітая агр. краіна, уваходзіць у лік 25 найменш эканамічна развітых краін свету. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) расце больш марудна, чым насельніцтва, складае каля 250 дол. на 1 чал. ў год. 25% ВУП ствараецца ў сельскай гаспадарцы, лесаводстве, рыбалоўстве, Паляўніцтве. 14,4% — у прам-сці, энергетыцы, будаўніцтве, 4,9% — у транспарце і сувязі, 14,8% — у гандлі, атэлях і рэстаранах, 40,9% — у інш. абслуговых галінах. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 52 млн. га (каля 55% тэр. краіны), у т. л. каля 10,4 млн. га ў раслінаводстве і каля 31,6 млн. га ў жывёлагадоўлі. Частка зямель арашаецца. Праведзена агр. рэформа, ёсць с.-г. кааператывы і дзяржгасы. У некаторых раёнах захоўваецца абшчыннае землеўладанне. Узровень с.-г. вытв-сці непастаянны, церпіць страты ад неспрыяльных умоў надвор’я, недахопу ўгнаенняў, паліва і машын. Пераважае матычнае раслінаводства. Збор асн. харч. культур (1999, млн. т): кукурузы 2,8, рысу 0,9, маніёку 2,2. Сеюць таксама пшаніцу. проса, сорга, бабовыя, маніёк, батат. алейныя культуры і агародніну. Асн. экспартныя культуры (1999, тыс. т): кава 37,1, зялёны чай 120,6, бавоўна 133,5, арэхі кэш’ю 75,8, тытунь 37,9, сізаль 24 (1-е месца ў свеце). На а-вах Занзібар і Пемба плантацыі гваздзіковага дрэва (1-е месца ў свеце, каля 60—80% сусв. вытв-сці) і какосавых пальмаў. Вырошчваюць таксама цукр. трыснёг, арахіс, бананы, пірэтрум. Трапічнае садоўніцтва. Харч. культуры вырошчваюць амаль паўсюдна, экспартныя — у асобных раёнах: каву — у горных і перадгорных раёнах, на схілах вулкана Рунгве, чай — на схілах Кіліманджара, бавоўну — на паўд. узбярэжжы воз. Вікторыя, арэхі кэш’ю — на ўзбярэжжы акіяна, тытунь і пірэтрум — каля г. Ірынга, сізаль — у раёнах гарадоў Дар-эс-Салам і Танга. Жывёлагадоўля малатаварная, развіта ў раёнах, дзе няма мухі цэцэ. Колькасць жывёлы ў многіх этнічных групах мае прэстыжны характар, таму яе забіваюць вельмі рэдка. Пагалоўе (1997, млн. галоў); буйн. раг. жывёлы 14,4, коз 9,9, авечак 4,2. Каля 75% пагалоўя сканцэнтравана ў раёне воз. Вікторыя. на ПнУ і ў цэнтр. раёнах. Пераважае паўкачавая, адгонна-пашавая і пашавая жывёлагадоўля. Развіццё галіны стрымліваецца эпізаотыямі і недастатковай абводненасцю значнай часткі пашы. Птушкагадоўля (больш за 28 млн. курэй). Рыбалоўства ў моры і азёрах (357,2 тыс. т, 1999). Паляўніцтва. У прам-сці Пераважаюць дробныя прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. прадукцыі, тэкст. і абутковыя ф-кі, з-ды па вытв-сці ўгнаенняў, буд. матэрыялаў і цэменту. Вядзецца здабыча золата, алмазаў, рубінаў, сапфіраў, каменнай солі, фасфарытаў, гіпсу, жал. руды, волава і кааліну. На ПдЗ здабываюць кам. вугаль (каля 300—400 тыс. т штогод). На Пд ад г. Дарэс-Салам пачата здабыча прыроднага газу. Энергетыка заснавана на выкарыстанні гідрарэсурсаў (каля 70%) і імпартнай нафты (каля 30%). Найб. ГЭС на р. Пангані. У 1999 атрымана 1,7 млрд. кВт∙гадз электраэнергіі. Вытв-сць асн. прамысл. прадуктаў (1999): цукру — 153 тыс. т, цыгарэт — 3,4 млн. шт., піва — 123,9 млн. л, тэкстылю — 49,8 млн. м² цэменту — 833 тыс. т, металапракату — 9,5 тыс. т, нафтапрадуктаў — 287 тыс. т, фарбаў — 12,9 млн. л. Працуюць нафтаперапр., цэм., аўтазборачны з-ды (Дар-эс-Салам), шынны і фармацэўтычны з-ды (Аруша), цукр. з-д і каваперапр. ф-ка (Букоба) і інш. Развіты саматужныя рамёствы: пашыў нац. адзення і абутку, выраб посуду, упрыгожанняў, цыновак і сувеніраў. Транспарт чыг., аўтамаб., унутр. водны і марскі. Даўж. (1999, тыс. км): чыгункі — 4,4, аўтадарог — 88,2, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 3,7, унутр. водных шляхоў (у асн. па азёрах) — каля 0,8. Нафтаправод з Дар-эс-Салама ў г. Ндола (Замбія). У краіне 55 тыс. легкавых. 78,8 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (2000). Гал. марскія парты Дар-эс-Салам, Танга, Лінды, Занзібар, азёрныя — Мванза (воз. Вікторыя), Кігома (воз. Танганьіка). Праз марскія парты Т. ідзе значная частка знешнеэканам. сувязей Уганды, Бурундзі, Руанды, Замбіі. У краіне больш за 100 аэрапортаў і пасадачных пляцовак, у т. л. 3 міжнар. аэрапорты (каля гарадоў Дар-эс-Салам, Аруша і Занзібар). У 1999 экспарт склаў 828 млн. дол., імпарт — 1440 млн. дол. У экспарце пераважаюць кава, чай, бавоўна, сізаль, арэхі кэш’ю, мінер. сыравіна, тытунь, у імпарце — спажывецкія тавары, абсталяванне і трансп. сродкі, паўфабрыкаты і камплектуючыя вырабы, нафта. Гал. гандл. партнёры: Паўд.-Афр. Рэспубліка, Японія, Кенія, Германія, Вялікабрытанія. Саудаўская Аравія. Знешні доўг больш за 7,7 млрд. дол. Краіна знаходзіцца ў стане пастаяннага знешнегандл. дэфіцыту. Дапамога складае каля 1 млрд. дол. штогод, паступае ад міжнар. арг-цый, а таксама скандынаўскіх краін, Вялікабрытаніі, Германіі, Японіі, Італіі, Канады. У Т. самыя вядомыя запаведнікі Афрыкі, якія прыцягваюць турыстаў з усяго свету. Даходы ад абслугоўвання турыстаў і продажу паляўнічых ліцэнзій (каля 300—500 млн. дол. штогод) — важная крыніца папаўнення бюджэту. Грашовая адзінка — танзанійскі шылінг.

Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. У раёнах Кандоа, Кісесе, Тамбала, Мванза выяўлены наскальны жывапіс верхняга палеаліту (прымітыўныя выявы фантаст. жывёл) і неаліту (наіўна-рэаліст. сцэны палявання, бітваў і інш.). У 7—15 ст. развівалася мусульм. архітэктура, захаваліся шматлікія палацы, мячэці (Вял. мячэць у Кілва-Кісівані), жылыя дамы з каралавага вапняку і інш. З канца 19 ст. паводле праектаў еўрап. архітэктараў забудоўваліся партовыя гарады (Дар-эс-Салам) і гандл. цэнтры (Мошы, Дадома). Традыц. сельская забудова — прамавугольныя ў плане жытлы з канічнымі ці плоскімі дахамі, нізкія хаціны акруглай формы (у народа масаі), у выглядзе вял. кашоў з галерэяй па акружнасці (у макондэ), конусападобныя буданы (у джага). У 2-й пал. 20 ст. пашырылася буд-ва грамадскіх аб’ектаў, пасёлкаў з 1- і 2-павярховымі дамамі, складзены праект планіроўкі г. Занзібар. У мастацтве пераважае драўляная скульптура: слупападобныя фігуры, звязаныя з культам продкаў у народаў сукума і хехе, экспрэсіўныя фігуры танцуючых жанчын у макондэ, гратэскныя фігуры чалавека з рухомымі канечнасцямі ў вазарама, выявы жывёл у джага. Характэрны антрапаморфныя маскі, манахромныя ці размаляваныя, з багатым дэкорам, які імітуе татуіроўку. У 2-й пал. 20 ст. пачала складвацца нац. школа жывапісу: партрэты і сцэны з сял. жыцця С.​Дж.​Нтыра, нацюрморты В.​Мача, жанравыя кампазіцыі Ф.​К.​Мзангі, Т.​Ф.​Абдулы і інш. Сярод маст. рамёстваў найб. пашыраны разьба па дрэве, пляценне, ганчарства.

Герб і сцяг Танзаніі.
Да арт. Танзанія. У запаведніку Серэнгеці.
Да арт. Танзанія. Узбярэжжа вострава Занзібар.
Да арт. Танзанія. Горад Мошы каля падножжа Кіліманджара.

т. 15, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРБА́ДАС (Barbados),

дзяржава на аднайм. востраве ў Вест-Індыі, у групе Малых Антыльскіх а-воў, у Атлантычным ак. Падзяляецца на 11 акруг. Пл. 431 км². Нас. 300 тыс. чал. (1994). Сталіца — г. Брыджтаўн. Афіц. мова — англійская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (30 ліст.).

Дзяржаўны лад. Фармальна канстытуцыйная манархія, чл. брытанскай Садружнасці. Дзейнічае Канстытуцыя 1966. Кіраўнік дзяржавы — брытанскі манарх, прадстаўлены прызначаным ім ген.-губернатарам. Заканадаўчая ўлада належыць 2-палатнаму парламенту з тэрмінам паўнамоцтваў 5 гадоў: палата сходу выбіраецца на ўсеагульных выбарах, сенат прызначаецца ген.-губернатарам. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. Востраў складзены з вапнякоў, абкружаны каралавымі рыфамі. Паверхня ўзнімаецца тэрасамі да выш. 340 м над узр. м. Невял. запасы нафты і прыроднага газу. Клімат трапічны, пасатны. Сярэднямесячныя т-ры паветра ўвесь год каля 25—27 °C. Ападкаў да 1400 мм за год, дажджлівы сезон з чэрв. да лістапада. Частыя ўраганы. Глебы — вельмі ўрадлівыя Карычнева-чырвоныя латэрыты. Прыродная расліннасць амаль не захавалася.

Насельніцтва. Каля 80% негры, 16% мулаты, 4% еўрап. паходжання. Большасць вернікаў — пратэстанты. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 700 чал. на 1 км². Каля палавіны насельніцтва гарадское, амаль усё ў г. Брыджтаўн і яго прыгарадах. Сярэдняя працягласць жыцця 75,3 года (1992).

Гісторыя. З першых стагоддзяў нашай эры на востраве жылі індзейскія плямёны аравакаў і карыбаў. У 1518 яго адкрылі іспанцы і назвалі Барбадас (ад ісп. barbudo барадаты; з-за мноства фігавых дрэў, абвітых падобнымі на бароды эпіфітамі). Іспанцы вывозілі мясц. індзейцаў як рабоў на в-аў Гаіці. У 1625 Барбадас захапілі і каланізавалі англічане, яны стваралі плантацыі па вырошчванні тытуню і бавоўніку, для працы на якіх прывозілі з Афрыкі неграў-рабоў У 1628 засн. г. Брыджтаўн. З 1652 Барбадасам кіраваў англ. губернатар. У 2-й пал. 17 ст. гаспадарка вострава пераарыентавана на вырошчванне цукр. трыснягу (у 1680 Англія атрымала тут 60% імпарту цукру). Да 1838 (адмена рабства) Барбадас — перавалачны пункт у англ. гандлі рабамі-неграмі У 1948 нац.-дэмакр. сілы дамагліся ўвядзення на востраве абмежаванага ўнутр. самакіравання, у 1950 — усеаг. выбарчага права. У 1958—62 Барбадас уваходзіў у Вест-Індскую федэрацыю, з 1961 меў поўнае самакіраванне, 30.11.1966 атрымаў незалежнасць.

Барбадас — чл. ААН (з 1966), Арг-цыі амер. дзяржаў, Карыбскага супольніцтва і інш., мае статус наглядальніка ў Руху недалучэння. Дзейнічаюць партыі: Барбадаская лейбарысцкая, Дэмакр. лейбарысцкая, Рабочая, Нац. дэмакр.; прафс. аб’яднанне Саюз рабочых Барбадаса.

Гаспадарка. Аснова эканомікі — замежны турызм і вытв-сць цукру. У сельскай гаспадарцы занята 8,5% насельніцтва, ствараецца 7,2% валавога ўнутр. прадукту (ВУП) і каля палавіны экспарту. У земляробстве выкарыстоўваецца 77% тэр. Барбадаса. Каля палавіны пасяўных плошчаў занята пад цукр. трыснягом, роля якога ў гаспадарцы паступова памяншаецца. З 1960-х г. развіваецца баваўнаводства. Вырошчваюць таксама кукурузу, тытунь, батат, маніёк, трапічную садавіну і гародніну. Жывёлагадоўля развіта слаба. Разводзяць буйн. раг. жывёлу, свіней, козаў і авечак. Птушкагадоўля. Рыбалоўства. У прам-сці пераважаюць перапрацоўчыя галіны. Здабыча нафты (каля 100 тыс. т штогод), прыроднага газу (каля 20—30 млн. м³), вапняку. Вытв-сць электраэнергіі — штогод каля 0,5 млрд. кВт∙гадз. Традыцыйныя галіны вытв-сці: харч. (вытв-сць цукру — каля 100 тыс. т штогод, рому, патакі, садавінна-кансервавых, тытунёвых і мяса-малочных вырабаў), тэкст., швейная, вытв-сць цацак. Развіваюцца зборка з імпартных дэталяў складаных вузлоў і кампанентаў для электронікі, а таксама мэблевая, цэлюлозна-папяровая, лакафарбавая галіны прам-сці. Працуюць нафтаперапр. і цэм. з-ды. Замежны турызм дае каля 15% ВУП, абслугоўваннем турыстаў занята каля 20% насельніцтва. У апошнія гады развіваюцца страхавая справа і міжнар. банкаўская сфера. Транспарт пераважна аўтамабільны. Аўтадарог 2,5 тыс. км. Асн. марскі порт — Брыджтаўн, каля яго — міжнар. аэрапорт. Імпарт (дэталі і паўфабрыкаты, машыны і абсталяванне, паліва, харч. прадукты) перавышае экспарт (электроннае абсталяванне, цукар-сырэц, патака, ром, адзенне) больш як у 3 разы. Асн. гандл. партнёры: ЗША, Вялікабрытанія, Канада, Венесуэла. Грашовая адзінка — барбадаскі долар.

Літ.:

Санин Л.О. Барбадос. М., 1988.

І.​В.​Загарэц (гаспадарка), У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

Герб і сцяг Барбадаса.

т. 2, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЯЕ САМО́А (самаанскае Samoa i Sisifo, англ. Western Samoa),

Незалежная Дзяржава Заходняе Самоа (самаанскае Malo Sa’oloto Tuto’atasi o Samoa i Sisifo, англ. Independent State of Western Samoa), дзяржава ў зах. ч. архіпелага Самоа ў Ціхім ак. (усх. ч. архіпелага займае ўладанне ЗША — Усходняе Самоа). Уключае а-вы Савайі (1,7 тыс. км²), Уполу (1,1 тыс. км²) і 7 дробных. Падзяляецца на 11 акруг. Пл. 2831 км². Нас. 167 тыс. чал. (1993). Сталіца — г. Апія. Дзярж. мовы — самаанская і англійская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 ліп.).

Дзяржаўны лад. З.С. — канстытуцыйная манархія. Член Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1972. Пажыццёвы кіраўнік дзяржавы — кароль. Паводле канстытуцыі пасля смерці караля манархія ў краіне будзе ліквідавана і Асамблея выбера кіраўніка дзяржавы тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. орган — Заканад. Асамблея з 47 членаў, выбраных насельніцтвам на 3 гады (45 ад карэннага, 2 ад некарэннага насельніцтва). Асамблея выбірае прэм’ер-міністра, якія фарміруе кабінет міністраў з членаў Асамблеі.

Прырода. Астравы вулканічнага паходжання, гарыстыя (выш. да 1885 м, в-аў Савайі). Шмат патухлых вулканаў, на в-ве Савайі дзеючы вулкан Матавану. Берагі ў многіх месцах акаймаваны каралавымі рыфамі. Клімат субэкватарыяльны і трапічны пасатны, вільготны. Сярэднямесячныя т-ры 25—27 °C. Ападкаў 2000—3000 мм, на вяршынях гор да 7000 мм; частыя ўраганы. Шмат горных рэчак і ручаёў. Густыя вільготныя трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў займаюць 47% тэрыторыі. Мора багатае рыбай. Нац. парк Оле-Пупу-Пуэ на в-ве Уполу.

Насельніцтва. Самаанцы, народ палінезійскага паходжання, складаюць 90%. Жывуць таксама еўрапейска-самаанскія метысы (каля 9%), невял. групы кітайцаў і еўрапейцаў. Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (71%) і католікі (22%). Сярэдняя шчыльн. нас. 59 чал. на 1 км², найб. населены ўзбярэжжы. 72% нас. жыве на в-ве Уполу. Гарадскога нас. 59% (1993). Моцная эміграцыя пераважна ў Новую Зеландыю. За мяжой жыве каля 90 тыс. самаанцаў.

Гісторыя. Астравы Самоа са стараж. часоў былі заселены палінезійцамі (на мяжы 2-га і 1-га тысячагоддзяў да н.э.). Адкрыты ў 1722 галандскім мараплаўцам Я.​Рогевенам. Іх даследавалі франц. экспедыцыі Л.​Бугенвіля (1768) і Ж.​Лаперуза (1787). У 1830 англ. місіянеры заснавалі тут евангелічную місію. У 1889 ЗША, Германія і Вялікабрытанія ўстанавілі трохбаковы пратэктарат пад Самоа, а ў 1899 ажыццявілі іх падзел, зах. частку атрымала Германія, усх. — ЗША; Вялікабрытанія адмовілася ад сваёй часткі на карысць Германіі за яе нейтралітэт у бурскай вайне. У 1914 акупіравана Новай Зеландыяй, якая ў 1920 атрымала ад Лігі нацый мандат на кіраванне З.С. З 1946 падапечная тэр. ААН пад кіраваннем Новай Зеландыі. З 1962 незалежная дзяржава.

Гаспадарка. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка (занята больш за 70% працаздольнага насельніцтва). Валавы нац. прадукт на 1 жыхара складае 700—900 дол. ЗША за год. Апрацаваныя землі займаюць 42% пл. краіны. Гал. таварныя культуры: какосавая пальма (штогадовая вытв-сць копры 20—30 тыс. т), бананы (каля 25 тыс. т), какава (каля 2 тыс. т). Меншае значэнне маюць мускатны арэх, чорны перац, кава. На свае патрэбы вырошчваюць тара, ямс, батат, кукурузу, рыс, плады хлебнага дрэва, агародніну, апельсіны, ананасы, папайю, манга. Жывёлагадоўля арыентавана на ўнутр. рынак. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (каля 30 тыс. галоў), свіней (каля 70 тыс. галоў). Птушкагадоўля. Рыбалоўства і марскія промыслы. Прам-сць прадстаўлена прадпрыемствамі па перапрацоўцы прадукцыі сельскай гаспадаркі, вытв-сці адзення, абутку, харч. прадуктаў, сувеніраў, тытунёвых вырабаў, запалак і інш. Ёсць мылаварны і піваварны з-ды, швейная, мэблевая, тытунёвая, какосавага алею, кандытарская, марожанага, кока-колы ф-кі. Лесапрамысл. комплекс на в-ве Савайі. Народныя маст. промыслы і выраб сувеніраў. Штогод краіну наведвае каля 30—50 тыс. турыстаў пераважна з Новай Зеландыі і Аўстраліі. Агульная працягласць аўтадарог 1800 км, з іх 260 км з цвёрдым пакрыццём. Знешнія сувязі ажыццяўляюцца ў асноўным марскім транспартам. Гал. порт — Апія. Гал. экспартныя тавары — какосавыя крэм і алей, копра, какава, кава, бананы, тара, піва, сокі, цыгарэты, драўніна. У імпарце пераважаюць прадукты харчавання, прамысл. і хім. тавары, паліва. Асн. гандл. партнёры: Аўстралія, Новая Зеландыя, Германія, Японія. Вял. ролю адыгрываюць замежная дапамога і грашовыя пераводы эмігрантаў. Грашовая адзінка — тала (заходнесамаанскі долар).

І.​Я.​Афнагель (прырода, гаспадарка).

Заходняе Самоа. Вёска на ўзбярэжжы.

т. 7, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІНСК,

горад абл. падпарадкавання, цэнтр Пінскага р-на Брэсцкай вобл., у сутоках р. Піна і Прыпяць. Чыг. ст. на лініі Брэст—Лунінец, вузел аўтадарог на Іванава, Івацэвічы, Лунінец, Столін. Рачны порт. За 180 км на У ад Брэста. 131 тыс. ж. (2000).

П. (летапісны Пинеск, Пиньск) упершыню ўпамінаецца пад 1097. Назва ад р. Піна. Стараж. П. складаўся з дзядзінца, вакольнага горада (гл. Пінскія ўмацаванні) і гар. пасада. Пры археал. раскопках знойдзены сашнік, сярпы, косы, наканечнікі стрэл, шпоры, упрыгожанні, каляровыя керамічныя пліткі, каменны абразок з выявай Спаса Эмануіла (12 ст.), высокамастацкая касцяная капавушка, рэчы з надпісамі. Да сярэдзіны 12 ст. горад уваходзіў у Тураўскае княства, з 2-й пал. 12 ст. цэнтр удзельнага Пінскага княства. У 13 ст. ўтворана Пінская праваслаўная епархія.

З пач. 14 ст. П. у складзе ВКЛ, з 15 ст. ў Трокскім ваяв. З 1-й пал. 16 ст. цэнтр Пінскага староства, з 1565—66 — Пінскага павета Берасцейскага ваяв. У 1581 П. атрымаў магдэбургскае права і герб — у чырв. полі залатыя лук са стралой і напятай цецівой. У 1596—1795 існавала Пінска-Тураўская уніяцкая епархія. У час антыфеадальнай вайны 1648—51 у вер. 1648 паўстанцы П. разам з казацкім атрадам А.​Нябабы аказалі супраціўленне войску вял. стражніка ВКЛ Р.​Мірскага. У сярэдзіне 17 ст. ў П. каля 10 тыс. ж. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у вер. 1655 П. заняты атрадам Ф.​Ф.​Валконскага, разрабаваны і спалены. У час Паўночнай вайны 1700—21 у маі 1706 войскі шведскага караля Карла XII захапілі і разрабавалі горад. У 1-й пал. 18 ст. ў П. працавала друкарня (належала езуітам). Пінская кангрэгацыя 1791 зрабіла спробу ўтварыць асобную арг-цыю правасл. царквы ў Рэчы Паспалітай. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) П. у Рас. імперыі, цэнтр павета Мінскай губ. У 1794 у горадзе 3716 ж., 548 дамоў. У сярэдзіне 19 ст. працавалі медзеапрацоўчы з-д, тытунёвая ф-ка, 2 гарбарні, піваварня, млыны і інш. У 1858 адкрыта гімназія (з 1872 Пінскае рэальнае вучылішча). У 1882 праз П. прайшла паўд. ветка Палескіх чыгунак. У канцы 19 ст. ў горадзе дзейнічала 27 прадпрыемстваў, найб. з іх — майстэрні Палескіх чыгунак, суднабудаўнічы з-д, ф-кі — шпілечна-фанерная, тытунёвая, запалкавая «Прагрэс-Вулкан», 3 лесапільні, маслабойня і інш. У 1897 у П. 28 368 ж. У час рэвалюцыі 1905—07 тут адбываліся забастоўкі рабочых, усеагульная стачка 1905 задушана карнай экспедыцыяй ген. Арлова. З 15.9.1915 да 25.1.1919 горад акупіраваны герм. войскамі. У 1921—39 П. у складзе Польшчы, цэнтр павета Палескага ваяв., база Пінскай (Рачной) флатыліі ВМФ Польшчы. У 1925—39 існавала Пінская рымска-каталіцкая епархія. З ліст. 1939 П. у складзе БССР, база Дняпроўскай ваеннай флатыліі. З 4.12.1939 цэнтр Пінскай вобласці, з 15.1.1940 — Пінскага раёна. У 1939 у П. 35,9 тыс. ж. У 1940 працавалі суднарамонтны і 2 фанерныя з-ды, запалкавая ф-ка «17 Верасня» і інш.; 19 школ, настаўніцкі ін-т, пед. вучылішча, муз. і фельчарская школы, абл. драм. тэатр, б-кі, 8 дзіцячых садоў, абл. і гар. бальніцы, паліклінікі, база Пінскай ваеннай флатыліі. 5.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі. У час Вял. Айч. вайны дзейнічала Пінскае патрыятычнае падполле. Ням.-фаш. захопнікі знішчылі ў П. 59 084 чал., з іх 20 тыс. ваеннапалонных. Вызвалены 14.7.1944 у ходзе Беларускай аперацыі 1944. У 1947—51 база Дняпроўскай ваен. флатыліі апошняга фарміравання, у 1951—93 тут існаваў вучэбны цэнтр сав. (з канца 1991 рас.) ВМФ. З 8.1.1954 П. — раённы цэнтр Брэсцкай вобл. У 1959 у П. 41,5 тыс. ж., у 1986—112,6 тыс. жыхароў.

Працуюць (2000) прадпрыемствы маш.-буд. (Пінскі суднабудаўніча-суднарамонтны завод, Пінскі ліцейна-механічны завод, з-ды доследна-мех., сродкаў малой механізацыі і металаканструкцый і інш.), лёгкай (Пінскі завод штучных скур, Пінскі камбінат верхняга трыкатажу, Пінская фабрыка мастацкіх вырабаў «Крыніца Палесся», прамысл.-гандл. трыкат. прадпрыемства «Дынама», ільнозавод і інш.), дрэваапр. (Пінская запалкавая фабрыка, Пінскі фанерны завод), буд. матэрыялаў, мікрабіял. (Пінскі завод кармавых вітамінаў), харч. (Пінскі кансервавы завод, масласырбаза, мясакамбінат, хлебазавод і інш.) прам-сці. Дзейнічаюць Пінскі гідрамеліярацыйны тэхнікум, Пінскі індустрыяльна-педагагічны каледж, Пінскі сельскагаспадарчы каледж, Пінскі тэхнікум мясной і малочнай прамысловасці, Пінскі банкаўскі каледж, Пінскае вучылішча мастацтваў, Музей Беларускага Палесся. Мемарыяльны комплекс вызваліцелям на брацкай магіле сав. воінаў, маракоў Дняпроўскай ваеннай флатыліі і партызан. Стэла на месцы знішчэння сав. грамадзян ням.-фаш. захопнікамі. Помнікі: Айч. вайны 1812, у гонар буд-ва шашы Пінск—Брэст, воінам-вызваліцелям, маракам Дняпроўскай флатыліі, В.​З.​Харужай, у гонар 40-годдзя вызвалення Пінска. Археал. помнік — гарадзішча старажытнага Пінска (археал. запаведнік).

У 16 ст. на месцы стараж. дзядзінца размяшчаўся драўляны старосцінскі замак. На месцы б. вакольнага горада сфарміраваліся 2 паўкальцы: унутр. і вонкавае, абнесенае землянымі ўмацаваннямі. На Пн ад замка ва ўнутр. паўкальцы знаходзілася гандл. плошча (Стары рынак). Паводле інвентара 1660-х г., у горадзе вылучаліся 2 раёны: асн. (паблізу замка) і па р. Ясельда, у паўн. частцы паселішча. Былі 2 масты — Троіцкі і Спаскі, 6 брам на асн. магістральных напрамках — Віленская, Берасцейская, Спаская, Парканавая, Гарадская, Уладычная. Найб. вуліца — Вял. Спаская, утварала гал. вось горада ўздоўж р. Піна. Тут знаходзіліся 143 пляцы мяшчанскіх сядзіб, францысканскі кляштар, карчма, гай, агароды. У сярэдзіне 17 ст. горад вырас, у выніку рэгулявання планіроўкі арх.-планіровачная структура яго была ўпарадкавана. Утварыліся 3 асн. магістральныя напрамкі: зах., усх. і паўночны. Мяркуюць, што ў гэты час склалася квартальная планіроўка. У сярэдзіне 16 ст. ў горадзе было 14 правасл. цэркваў (у замку знаходзіліся Дзмітраўская саборная і Афанасьеўская), Пінскі касцёл і кляштар францысканцаў, касцёл і кляштар дамініканцаў (засн. ў 1542), 2 правасл. манастыры (у горадзе і прадмесці Лешча—Пінскі Лешчанскі манастыр). У 2-й пал. 16 ст. пабудаваны правасл. Богаяўленскі манастыр. У 17—18 ст. сфарміраваўся сучасны цэнтр горада. Паводле плана 1798 П. меў складаную планіроўку. Цэнтр. месца займаў замак з земляным валам, за ім знаходзілася плошча з крамамі і каморамі. спіхлерамі, важніцай, гандл. радамі. Сярод правасл. цэркваў у 16—17 ст. былі простыя збудаванні (без вярхоў і купалаў), якія нагадвалі хаты або клеці (царква св. Духа, Манастырская царква на Полазаўшчыне і інш.), і складаныя па кампазіцыі шматкупальныя (напр., Дзмітраўская царква мела 4 прытворы. званіцу з 5 званамі). Сярод манум. мураваных і драўляных пабудоў Пінскі касцёл і калегіум езуітаў, кляштары францысканцаў, кармелітаў (1734), марыявітак (1746), Пінскі палац (канец 18 ст.). У канцы 16 ст. на У ад П. ўзнікла прадмесце Каралін, забудаванае паводле рэгулярнага плана, узведзены Пінскі Каралінскі замак. У 18 ст. тут пабудаваны Пінскі касцёл і кляштар бернардзінцаў і Пінскі касцёл Карла Барамеуша з кляштарамі. Першы праектны план забудовы П. (1800) прадугледжваў ліквідацыю паўкальцавых магістралей, упарадкаванне вулічнай сеткі, узбуйненне гар. кварталаў і пракладку 2 новых радыяльных вуліц, каб злучыць цэнтр з дарогамі на Брэст і Нясвіж (ажыццёўлены ў агульных рысах). Да 1860-х г. у паўн. частцы пабудавана некалькі кварталаў, царква на могілках (1823, цяпер па вул. Спакойнай), гімназія (1858). У канцы 19 — пач. 20 ст. ўзведзены грамадскія будынкі і жылыя дамы ў духу эклектыкі (т-р «Казіно»), Рост прам-сці з 1880-х г., пракладка чыгункі паўплывалі на арх. аблічча горада. Пасля Вял. Айч. вайны П. забудоўваўся паводле генплана 1952 («Белдзяржпраект», арх. Я.​Косціч, М.​Андросаў), які прадугледжваў упарадкаванне планіроўкі пры захаванні веернай сістэмы магістралей, якія сыходзіліся да цэнтральнай плошчы. Горад развіваўся ўздоўж Піны, структурна падзяляўся на паўн. (адмежаваны чыгункай), цэнтр., зах. і ўсх. планіровачныя раёны. У 1950-я г. горад пазбаўлены гал. дамінанты — разабраны езуіцкі касцёл, знесены гандл. рады, на месцы цэнтр. гіст. плошчы ўтворана пл. Леніна, забудаваная тыпавымі 4—5-павярховымі дамамі. У 1950—60-я г. пастаўлены жылыя і адм. будынкі, у дэкоры якіх выкарыстаны класічныя ордэрныя формы. У 1970—80-я г. масавае жыллёвае буд-ва вялося ў паўн., усх. і зах. раёнах горада. Створаны зоны адпачынку — набярэжныя рэк Піна і Прыпяць, некалькі сквераў, дзіцячыя паркі. Запланавана стварэнне водна-зялёнага дыяметра ў межах П., прыгарадных зон адпачынку. У 1990 распрацаваны праект дэталёвай планіроўкі цэнтр. раёна горада з прапановамі па рэгенерацыі гіст. ядра (арх. Л.​Зайцава). Праект рэалізуецца з улікам захавання, рэстаўрацыі помнікаў і будынкаў гіст. забудовы.

Літ.:

Нетылькин А.Т. Пинск: Ист. очерк. Мн., 1961;

Дунец А.П., Миролюбов Б.В. Пинск: Ист.-экон. очерк. Мн., 1977;

Пилецкий Е.Н. Пинск: Ист.-экон. очерк. Мн., 1988;

Лысенко П.Ф. Древний Пинск, XI—XIII вв. Мн., 1997;

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Пінска. Мн., 1998.

Ю.​А.​Якімовіч, С.​Ф.​Самбук (архітэктура).

Пінск. Панарама раёна вуліцы М.​Горкага.
Пінск. Тэатр «Казіно». Фота пач. 20 ст.
Пінск: панарама горада (уверсе), жылыя дамы 19—1-й пал. 20 ст.
Набярэжная ў горадзе Пінск.

т. 12, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДАЎНІ́ЦТВА,

1) галіна матэрыяльнай вытв-сці па стварэнні, рэканструкцыі, расшырэнні будынкаў і збудаванняў, якія забяспечваюць вытв. дзейнасць людзей і іх матэрыяльна-культ. патрэбы.

2) Працэс збудавання аб’екта, будоўля.

3) Аб’ект разам з адведзенай тэр. для выканання буд.-мантажных работ. Вылучаюць жыллёва-камунальнае будаўніцтва, прамысловае будаўніцтва, сельскагаспадарчае будаўніцтва, транспартнае будаўніцтва, энергетычнае будаўніцтва, гідратэхнічнае будаўніцтва і інш. Прадукцыя будаўніцтва — завершаныя і падрыхтаваныя да эксплуатацыі прамысл. і с.-г. прадпр., інж. і трансп. камунікацыі, жылыя дамы, грамадскія і інш. будынкі. Як галіна эканомікі будаўніцтва — аснова памнажэння нацыянальнага багацця. Высокія тэмпы капітальнага будаўніцтва забяспечваюць абнаўленне буд. прадукцыі, вызначаюць тэмпы інтэнсіфікацыі ўсяго нар.-гасп. комплексу краіны. Ажыццяўляецца будаўніцтва на аснове праектавання і выдзеленых інвестыцый. Для выканання будаўнічых работ створаны агульнабуд. і спецыялізаваныя арг-цыі, фірмы, якія вядуць будаўніцтва падрадным (на аснове дагавораў з падрадчыкамі) і гасп. (сіламі ўласніка аб’екта) спосабамі. Будаўнічыя матэрыялы і будаўнічыя канструкцыі для будаўніцтва пастаўляе будаўнічых матэрыялаў прамысловасць, будаўнічыя машыны і абсталяванне — будаўніча-дарожнае і камунальнае машынабудаванне. На аснове ўмацавання матэрыяльна-тэхн. базы будаўніцтва ўдасканальваецца тэхналогія буд. работ, пашыраецца зборнае будаўніцтва, у т. л. аб’ёмна-блочнае, што павышае тэмпы будаўніцтва і ўзровень індустрыялізацыі.

Найб. развіта ў ЗША, ФРГ, Вялікабрытаніі, Францыі, Японіі і інш. краінах, дзе на долю будаўніцтва прыпадае 8—16% валавога ўнутр. прадукту і 4—9% агульнай колькасці работнікаў, занятых у вытв-сці. Там пераважаюць дробныя і сярэднія фірмы: у ЗША больш за 80% буд. фірмаў маюць да 5 работнікаў кожная, у Францыі больш за 90% такіх фірмаў маюць да 10 чал., у Германіі малыя буд. фірмы (да 100 чал.) выконваюць да 65% аб’ёму буд. работ. Аднак вырашальную ролю ў Б. адыгрываюць буйныя фірмы, што дамінуюць у якасці падрадчыкаў на міжнар. рынку, асабліва ў краінах Б. Усходу, Лац. Амерыкі, Афрыкі і Азіі. На стан будаўніцтва істотна ўплываюць асацыяцыі і аб’яднанні, якія распрацоўваюць і выдаюць нарматыўныя дакументы, прапагандуюць перадавы вопыт, арганізуюць павышэнне кваліфікацыі буд. кадраў, выдаюць спец. часопісы і інш. Кіраванне буд. галіной ажыццяўляецца на аснове буд. кодэксаў. У Японіі дзейнічае Мін-ва будаўніцтва, у Канадзе — Федэральнае мін-ва дзярж. будаўніцтва, у Вялікабрытаніі — Мін-ва будаўніцтва і грамадскіх работ, у ЗША — Мін-ва жыллёвага будаўніцтва і гар. развіцця.

У дарэв. Беларусі будаўніцтва вялі пераважна прыватныя падрадныя буд. арг-цыі, рабочыя-сезоннікі, найчасцей уручную. Аднак тут пракладзена густая сетка чыгунак, уведзена ў дзеянне шмат прамысл. прадпрыемстваў, выкананы значны аб’ём меліярац. работ. Гэтаму спрыяла адносна развітая прам-сць буд. матэрыялаў. З 1920-х г., асабліва з ажыццяўленнем індустрыялізацыі, будаўніцтва набыло шырокі размах. У 1940 у сістэме трэста Белдзяржбуд дзейнічала 120 пярвічных буд. арг-цый, у т. л. 30 спецыялізаваных, якія выконвалі падрадным спосабам каля 60% аб’ёму буд. работ. За 1919—40 пабудавана і капітальна адрамантавана больш за 1800 прамысл. прадпрыемстваў, 316 МТС, больш за 12 млн. м² агульнай (карыснай) плошчы жылля, шмат школ, мед. устаноў, грамадскіх будынкаў і інш. У Вял. Айч. вайну асн. фондам Беларусі прычынены вял. страты. Аднаўленне і развіццё нар. гаспадаркі абумовілі істотнае павелічэнне маштабаў буд. работ: у 1944—50 капіталаўкладанні ў 1,4 раза перавысілі іх аб’ём за перадваенны перыяд. Усяго ў 1945—95 адноўлена і пабудавана больш за 880 прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. Мінскі трактарны, Мінскі і Беларускі аўтазаводы, Наваполацкі і Мазырскі нафтаперапр. з-ды, ВА «Беларуськалій», Бел. металургічны з-д і інш. гіганты індустрыі; адноўлена і пабудавана 182,8 млн. м² агульнай (карыснай) плошчы жылля, вял. колькасць аўтадарог і чыгунак, меліярац. збудаванняў. Маштабныя буд. работы выкананы па мінімізацыі вынікаў Чарнобыльскай катастрофы. На сучасным этапе будаўніцтва ажыццяўляюць арг-цыі і прадпрыемствы Мін-ва архітэктуры і буд-ва, канцэрнаў «Мінскбуд», «Белпаліўгаз», спец. трэсты «Белэнергабуд», «Белтрансбуд», «Белсувязьбуд», «Палессевадбуд» і інш. У іх складзе каля 200 аб’яднанняў, трэстаў, акц. т-ваў, якія аб’ядноўваюць 995 падрадных буд.-мантажных і 234 рамонтна-буд. арг-цыі (1994) Дзейнічаюць больш за 2 тыс. малых буд. прадпрыемстваў і кааператываў розных формаў уласнасці, у т. л. прыватныя. У 1995 на долю дзярж. падрадных арг-цый прыпадала 39% аб’ёму буд. работ, на калектыўныя — 49%, на арг-цыі змешаных формаў уласнасці — 12%. Створана развітая сетка праектна-вышукальных работ, наладжана вытв-сць буд. матэрыялаў і машын.

Літ.:

Лисичкин В.А., Ковальский М.И. Организация управления строительством в капиталистических странах. М., 1987;

Рекитар Я.А. Материальная база капитального строительства: (экон. пробл. и тенденции развития). М., 1988;

Инвестиционный комплекс и проблемы его развития в условиях перехода к рыночной экономике: Сб. науч. тр. Мн., 1994.

К.​І.​Губінскі, Л.​І.​Тулупава.

т. 3, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГА́МСКІЯ АСТРАВЫ́ (Bahama Islands),

Садружнасць Багамскіх Астравоў (The Commonwealth of the Bahamas), дзяржава ў Вест-Індыі. Займае б. ч. аднайменных астравоў. На ПдУ іх — уладанне Вялікабрытаніі Цёркс і Кайкас. Пл. 13,9 тыс. км². Нас. 300 тыс. чал. (1994). Афіцыйная мова англійская. Сталіца і гал. порт — г. Насаў на в-ве Провідэнс. Краіна падзяляецца на 21 адм. Раён. Нац. свята — Дзень незалежнасці (10 ліп.).

Прырода. Астравы (каля 700, заселены 30) распасціраюцца на 1500 км з ПнЗ на ПдУ, ад п-ва Фларыда да а-воў Куба і Гаіці. Ад Фларыды аддзелены Фларыдскім пралівам, ад Кубы — Старым Багамскім пралівам. Астравы складзены пераважна з каралавых вапнякоў, больш за 2300 каралавых рыфаў і скал. Найб. астравы: Андрас (4,1 тыс. км²), В. Абака (2 тыс. км²), В. Багама (1,1 тыс. км²). Паверхня раўнінная, выш. да 60 м над узр. мора. Развіты карст. Карысныя выкапні: каменная соль (в-аў В. Інагуа) і араганіт (найбольшыя ў свеце радовішчы на шэльфе Багамскіх астравоў, цэнтр здабычы — а-вы Біміні). Клімат трапічны, пасатны. Сярэднямесячныя т-ры паветра ад 21—24 °C да 32 °C. Ападкаў 1000—1600 мм за год. Дажджавы перыяд з мая да кастрычніка. Шмат салёных азёраў, якія злучаюцца з морам. Частыя ўраганы. Недахоп прэснай вады. Зараснікі калючых хмызнякоў, участкі хваёвых і лістападных лясоў, на ўзбярэжжы гаі какосавых пальмаў.

Насельніцтва. Каля 85% — негры і мулаты, 15% — англічане, амерыканцы, канадцы, грэкі і інш. Сярод вернікаў пераважаюць хрысціяне. Сярэдняя шчыльнасць 21,6 чал. на 1 км². У гарадах жыве 64% насельніцтва. Больш як палавіна насельніцтва сканцэнтравана на в-ве Нью-Провідэнс (пл. 207 км²). Самыя вял. гарады (1994): Насаў (172 тыс. ж.), Фрыпарт (26 тыс. ж., на в-ве В. Багама). Каля 40% працаздольных занята ў гандлі, банкаўскай справе і прам-сці, 25% — у абслугоўванні турыстаў.

Гісторыя. У першых стагоддзях н. э. астравы былі заселены індзейскімі плямёнамі аравакаў. У 1492 адкрыты Х.​Калумбам. На працягу 16 ст. значная частка індзейскага насельніцтва знішчана ісп. каланізатарамі ці пераселена на в-аў Гаіці. У 1629 тут узнікла першае англ. паселішча (в-аў Нью-Провідэнс). У канцы 17 ст. — прытулак піратаў. Паводле Версальскага дагавору 1783 — англ. калонія. Пасля вайны за незалежнасць англ. калоній у Паўн. Амерыцы (1755—83) сюды перасяляліся амер. лаялісты, у 18—19 ст. завезена вял. колькасць неграў з Афрыкі.

У 1964 Багамскія астравы атрымалі ўнутраную аўтаномію, з 1973 — незалежная дзяржава. Чл. ААН (з 1973). Фармальна канстытуцыйная манархія. Чл. брыт. Садружнасці. Паводле канстытуцыі 1973 кіраўнік дзяржавы брыт. манарх у асобе прызначанага ім ген.-губернатара. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму парламенту: палата сходу выбіраецца на ўсеагульных выбарах, сенат прызначаецца ген.-губернатарам. Выканаўчая ўлада належыць ураду на чале з прэм’ерам — лідэрам партыі, якая атрымала большасць галасоў на выбарах.

Гаспадарка. Аснова эканомікі — замежны турызм (60% дзярж. даходаў), фін. і гандл. дзейнасць. Доля ў валавым ўнутр. прадукце сферы абслугоўвання (з турызмам) складае 70%, прам-сці — 10%. Багамскія астравы — цэнтр турызму і зімовы курорт для жыхароў ЗША, а таксама Канады і Еўропы (каля 2,5 млн. чал. штогод). Буйны фін. цэнтр: дзейнічаюць аддз. больш як 400 банкаў і інш. крэдытна-фін. устаноў (падатковыя паступленні ад іх даюць да 20% дзярж. даходу). Вытв-сць электраэнергіі 929 млн. кВт∙гадз (1992). Нафтаперапр. з-ды буйных міжнац. кампаній (цэнтр — Фрыпарт). Прадпрыемствы цэм., фармацэўтычнай, металург. (вытв-сць стальных трубаў), харч. (у т. л. цукровай, вытв-сць рому і лікёру, таматнага соку, кансерваваных ананасаў і лангустаў) прам-сці. Традыцыйныя рамёствы, звязаныя з турызмам (вытв-сць вырабаў з сізалю, ракавін, чарапахавых панцыраў). Сельская гаспадарка развіта слаба, каля 80% харч. прадуктаў імпартуецца. Плошча с.-г. угоддзяў каля 16 тыс. га, апрацоўваецца каля 9 тыс. га. Вырошчваюць ананасы, цытрусавыя, бананы, памідоры, сізаль, цукр. трыснёг, манга, дыні і інш. Пагалоўе (тыс. гал.): буйн. раг. жывёлы каля 4, авечак каля 37, козаў каля 18, свіней каля 50, птушкі каля 810. Рыбная лоўля і марскія промыслы (тунец, лангусты, марскія чарапахі, вустрыцы). Нарыхтоўка драўніны. Даўж. аўтадарог 3,3 тыс. км. Аўтапарк (1994): 70 тыс. легкавых і 15 тыс. грузавых аўтамабіляў. Экспарт: нафта і нафтапрадукты (90% кошту), медыкаменты, араганіт, цэмент, соль, ром і лікёр, агародніна, лангусты, драўніна. 80% імпарту — сырая нафта, 20% — харч. і прамысл. тавары. Асн. знешнегандл. партнёры: ЗША (90% экспарту і 10% імпарту), краіны ЕС, Нігерыя, Саудаўская Аравія, Канада, Нарвегія. Грашовая адзінка — багамскі долар.

Р.​А.​Жмойдзяк (прырода, гаспадарка).

Герб і сцяг Багамскіх Астравоў.

т. 2, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЫНЬКО́Ў Міхась (Міхаіл Ціханавіч; 30.11.1899, в. Зазыбы Віцебскага р-на — 21.9.1975),

бел. пісьменнік, літ.-знавец, грамадскі дзеяч. Нар. пісьменнік Беларусі (1962). Акад. АН Беларусі (1953, чл.-кар. 1936). Скончыў Рагачоўскую настаўніцкую семінарыю (1917). У грамадз. вайну ўдзельнічаў у партыз. руху. Настаўнічаў у Буда-Кашалёўскім і Рагачоўскім р-нах (1917—19 і 1922—25). У 1919—22 у Чырв. Арміі. З 1925 працаваў адказным сакратаром, рэдактарам бабруйскай акр. газ. «Камуніст». З 1930 у Дзярж. выд-ве «Беларусь», у 1933—41 гал. рэдактар час. «Полымя рэвалюцыі». Быў арганізатарам і кіраўніком Бабруйскай філіі «Маладняка», адным з кіраўнікоў БелАПП. Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі (1938—48). Рэдактар газ. «Беларуская звязда» (1939), «За Савецкую Беларусь» (1941—42). У 1943-46 і 1949—52 дырэктар Ін-та л-ры, мовы і мастацтва АН Беларусі. Друкаваўся з 1919. Асабліва моцны ўплыў зрабілі на Л. рамант. стылёва-выяўл. традыцыі рус. л-ры. У апавяданнях 1920—30-х г. (зб-кі «Апавяданні», 1927; «Гой», 1929, «Андрэй Лятун», 1930, «Саўка-агіцірнік», 1933, «На вялікай хвалі», 1934, і інш.) пераважна на аснове асабістага жыццёвага вопыту пісаў пра рэвалюцыю і грамадз. вайну, паказваў барацьбу за новы грамадскі лад («Над Бугам», «Крот», «Манчжур», «Кватармайстар Бадай», «Сінія галіфэ» і інш.), як змяняліся міжнац. адносіны («Гой»), усталёўваўся новы побыт («У мястэчку»), Паэтызаваў працу простых людзей, асэнсоўваў яе як крыніцу сапраўднай духоўнасці («Андрэй Лятун»). Шмат увагі аддаваў паказу гарадскога і местачковага жыцця, рабочага асяроддзя («Гома», «Чыгунныя песні», «Журавель мой, журавель» і інш.). Рэалістычны паказ старой бел. вёскі складае асн. змест няскончанага рамана «На чырвоных лядах» (1934). У аповесцях для дзяцей «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў» (1935) і «Міколка-паравоз» (1936, кінафільм 1957) створана дынамічная і займальная падзейная плынь, у якой яркая і маляўнічая апавядальнасць атрымала лірыка-гумарыстычную афарбоўку. Жыццё працоўных Зах. Беларусі паказаў у зб. апавяданняў «Сустрэчы» (1940). Гераізм і самаахвярная мужнасць народа ў барацьбе з фашызмам у перыяд Вял. Айч. вайны паказаны ў напоўненых драматызмам і трагедыйнасцю апавяданнях са зб. «Астап» (1944). У многіх з іх гучыць тэма знявечанага фаш. акупацыяй дзяцінства («Дзіцячы башмачок», «Недапетыя песні», «Пацалунак» і інш.). Яркія эпізоды партыз. вайны на Беларусі супраць ням.-фаш. акупантаў атрымалі эмацыянальна-ўсхваляванае адлюстраванне ў рамане «Векапомныя дні» (кн. 1—4, 1-е поўнае выд. 1958; Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа 1968). На матэрыяле замежных паездак напісаў кн. замалёвак, нарысаў і апавяданняў «За акіянам» (1962). Публіцыстычнае майстэрства Л. найб. выявілася ў артыкулах і сатыр. замалёўках перыяду Вял. Айч. вайны («Смачны жабе арэх, ды зубоў бог не даў...», «Цешыўся старац, што перажыў марац, ажно ў маю нясуць яго да гаю...» і інш.), у нарысах «Шляхамі вайны» (1945), «Пад сонцам Індыі» (1957). У літ.-знаўчых і крытычных работах абараняў праўдзівасць, даследчы пафас л-ры, змагаўся супраць спрошчанага, вульгарызатарскага яе разумення. Пісаў пра жыццё і творчасць Я.​Купалы, Я.​Коласа, К.​Крапівы, К.​Чорнага, І.​Мележа, Я.​Брыля, І.​Шамякіна і інш. бел. пісьменнікаў, Т.​Шаўчэнку, рус. і зарубежных класікаў (А.​Пушкіна, М.​Гогаля, М.​Някрасава, Л.​Талстога, Ф.​Дастаеўскага, А.​Чэхава, М.​Горкага, Р.​Тагора), дзеячаў сусв. культуры (Я.​Каменскага і інш.). На бел. мову перакладаў творы М.​Горкага і М.​Ціханава. Помнікі Л. ў в. Крынкі Лёзненскага р-на і на магіле ў Мінску (на Усходніх могілках); музеі ў Крынкаўскай і Бронніцкай (Буда-Кашалёўскі р-н) школах.

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—4. Мн., 1967—68;

Зб. тв. Т. 1—8. Мн., 1981—85;

Летапіс эпохі. Мн., 1968;

Літаратура і жыццё. Мн., 1978;

Публіцыстыка. Мн., 1980;

Насустрач жыццю: Апавяданні. Мн., 1988;

Міколка-паравоз: Аповесці і апавяданні. Мн., 1989.

Літ.:

Бугаёў Дз. Шчодрае сэрца пісьменніка. Мн., 1963;

Яго ж. Чалавечнасць. Мн., 1985;

Куляшоў Ф.І. Міхась Лынькоў. Мн., 1979;

Яго ж. Міхась Лынькоў: Семінарый. Мн., 1963;

Дзюбайла П.К. Беларускі раман аб Вялікай Айчыннай вайне. Мн., 1964;

Пашкевіч Н.Е. На шырокіх шляхах жыцця. Мн., 1965;

Святло яго душы. Мн., 1979;

Скрыган Я. Некалькі хвілін чужога жыцця. 2 выд. Мн., 1990;

Гілевіч Н. Удзячнасць і абавязак. Мн., 1982;

Бачыла А. Крыло неспакою. Мн., 1985;

Мушынскі М. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства: 40-я — першая палавіна 60-х гг. Мн., 1985;

Кенька М. Міхась Лынькоў: Летапіс жыцця і творчасці. Мн., 1987.

Дз.​Я.​Бугаёў.

М.Лынькоў.

т. 9, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЬВОЎ, Львів,

горад на Украіне, цэнтр Львоўскай вобл. 797 тыс. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: машынабудаванне (аўтобусы, с.-г. машыны, аўтапагрузчыкі, абсталяванне для канвеерных піній), станкаінструментальная (фрэзерныя станкі, алмазныя інструменты), радыёэлектронная і эл.-тэхн. (тэлевізары, кінескопы, радыёэлектронная мед. апаратура), прыладабудаванне, лёгкая, харчасмакавая, паліграф., нафтаперапр., хім., хіміка-фармацэўтычная, лакафарбавая; вытв-сць муз. інструментаў, мэблі, кардону, буд. матэрыялаў, у т. л. керамічны і шкляны з-ды. 10 ВНУ, у т. л. Львоўскі універсітэт, кансерваторыя. Зах. навук. цэнтр АН Украіны. 4 т-ры, у т. л. оперы і балета.

Паводле летапісу вядомы з 1256. Засн. галіцка-валынскім кн. Данілам Раманавічам, які назваў горад імем свайго сына Льва. З 1272 цэнтр княства. З 1349 у складзе Польшчы (у 1370—87 у Венгрыі). У 1356 атрымаў магдэбургскае права. Адм. цэнтр 3 веравызнанняў: рымска-каталіцкага (з 1412 біскупства), правасл. (з 1539 епіскапства, у 1700 ператворана ва уніяцкае) і армянскага. Важны цэнтр кнігадрукавання (у 1572 засн. руская І.Фёдаравым, у 2-й пал. 1580-х г. польская друкарні); у 1661 засн. акадэмія (гл. Львоўскі універсітэт). У 1704 Л. захоплены шведамі. Паводле 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Аўстрыі (з 1867 — Аўстра-Венгрыі, афіц. назва Лемберг), буйнейшы цэнтр укр. культуры ў Галіцыі. У 1-ю сусв. вайну заняты (1914—15) рус. войскамі. У канцы 1918 цэнтр абвешчанай у Л. Зах.-Укр. Нар. Рэспублікі. З 1919 у складзе Польшчы, цэнтр ваяводства. 3 вер. 1939 у складзе Укр. ССР, цэнтр вобласці. Са снеж. 1939 пачалася першая хваля арыштаў і дэпартацыі жыхароў Л. (пераважна інтэлігенцыі) у глыб СССР. У Вял. Айч. вайну акупіраваны ням. фашыстамі; вызвалены Чырв. Арміяй у ходзе Львоўска-Сандамірскай аперацыі 1944. У пасляваен. перыяд да пач. 1950-х г. Л. — цэнтр антысавецкай барацьбы і ўкр нац.-вызв. руху. Месцазнаходжанне адноўленых у 1991 рым.-каталіцкай і ўкр.-візант. арцыдыяцэзій. З Л. звязаны жыццё і дзейнасць прадстаўнікоў Беларусі Б.І.Дыбоўскага, Цёткі, І.І.Якубоўскага і інш.

Найб. раннія помнікі архітэктуры: руіны Высокага замка (канец 13 — пач. 14 ст.), фрагменты Мікалаеўскай царквы (канец 13 ст., перабудаваны), Пятніцкая царква (канец 14 ст., перабудавана). У аснове сярэдневяковага плана Л. — прамавугольная сетка вуліц з квадратнай у плане пл. Рынак (14—19 ст.) у цэнтры Вакол плошчы гатычныя кафедральны сабор (1360—1493; арх. П.​Штэхер, М.​Гром, А.​Рабіш; рэстаўрыраваны ў 18 і 19 ст.; скульпт. дэкор і размалёўкі — рэнесанс і барока, надмагіллі і разныя алтары 16—17 ст.) з рэнесансавымі капліцамі Боймаў (1609—17) і Кампіянаў (1609—29, арх. П.​Рымлянін), Арм. сабор (першапачатковае ядро 1363—70, майстар Дорк ці Дорынг, у духу арм. архітэктуры 12—13 ст.; перабудоўваўся ў 16—19 ст.; фрагменты фрэсак канца 15 — пач. 16 ст., надмагільныя пліты з рэльефамі 14—18 ст.); рэнесансавыя комплекс збудаванняў Львоўскага брацтва — Успенская царква (1591—1631, арх. Рымлянін, В.​Капінас, А.​Прыхільны, абразы 17—18 ст., іканастас канца 18 ст.), званіца (т.зв. вежа Карнякта; 1572—78, арх. П.​Барбон), капліца Трох свяціцеляў (1578—91). Комплекс жылых будынкаў на пл. Рынак: дом Карнякта (1580, арх. Барбон), «Чорная камяніца» (1592). У стылях барока пабудаваны касцёлы бернардзінцаў (1600—30, арх. Рымлянін, Прыхільны) і дамініканцаў (1749—64, арх. М.​Урбанік, інж. Я. дэ Віт), каралеўскі арсенал (1630-я г., арх. П.​Градзіцкі), сабор св. Юра (1744—70, арх. Б.​Мерэцін, С.​К.​Фесінгер, разны дэкор 1768—70, скульпт. Пінзель); класіцызму — ратуша на пл. Рынак (1827—35, перабудавана), будынак драм. т-ра імя М.​Занькавецкай (1836—42, арх. Л.​Піхаль, І.​Зальцман). З 2-й пал. 19 ст. Л. забудоўваўся ў духу эклектыкі: будынкі політэхн. ін-та (1872—77, арх. Ю.​А.​Захарэвіч, пано ў інтэр’еры — група жывапісцаў пад кіраўніцтвам Я.​Матэйкі), акад. т-ра оперы і балета імя І.​Франко (1897—1900 арх. З.​Гаргалеўскі, скульпт. А.​Л.​Попель, П.​Вайтовіч; «венскае барока»). З 2-й пал. 20 ст. вядзецца вял. жыллёвае буд-ва, узводзяцца грамадскія будынкі, музеі. У Л. помнікі А.​Міцкевічу (1905, скульпт. Попель, М.​І.​Парашчук), І.​Франко (1964, скульпт. В.​Н.​Барысенка і інш., арх. А.​М.​Шуляр), Я.​Галану (1972, скульпт. А.​П.​Пылеў, арх. В.​І.​Блюсюк). Стараж. могілкі. у т. л. Лычакоўскія (з 1787). 12 музеяў, у т. л. этнаграфіі і маст. промыслаў, укр. мастацтва, нар. архітэктуры і побыту, карцінная галерэя, літ.-мемарыяльны І.​Франко.

Літ.:

Островский Г. Львов. 3 изд. Л., 1982;

Деркач И.С. Львов: Пер. с укр. [Львов], 1969.

Р.​Ч.​Лянькевіч (гісторыя).

Плошча А.​Міцкевіча ў Львове.
Сабор святога Юра ў Львове.

т. 9, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТА́ВЫ,

горад, цэнтр Пастаўскага р-на Віцебскай вобл., на р. Мядзелка. Чыг. ст. на лініі Віцебск—Вільнюс (Літва); вузел аўтадарог на Браслаў, Глыбокае, Шаркаўшчыну, Мядзел, курортны пас. Нарач і інш. За 250 км ад Віцебска. 21,1 тыс. ж. (2000).

Вядомы з 1552 як прыватнае мястэчка Ашмянскага пав. Віленскага ваяв. ВКЛ. Належалі магнатам Дэшпатам-Зяновічам. У 1628 у П. 66 двароў. Пасля вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у П. засталося 5 двароў. У 2-й пал. 18 ст. П. перайшлі да надворнага падскарбія ВКЛ А.​Тызенгаўза, па ініцыятыве якога тут пабудаваны ф-кі, ткацкія майстэрні, млын, гарбарня, арх. комплекс з жылых дамоў, гандл. радоў і палаца. З 1775 у П. адбываліся сесіі гродскага пав. суда. У 1780-я г. створана свецкая школа з сярэдняй ступенню навучання. У 1782—85 у П. дзейнічала тэатр. школа Тызенгаўза, пераведзеная з Гродна. З 1791 П. — горад, цэнтр Завілейскага пав. Віленскага ваяв. З 1793 у складзе Рас. імперыі, горад, да 1796 цэнтр павета, пасля мястэчка, цэнтр воласці Дзісенскага пав. Мінскай, з 1842 — Віленскай губ. 22.1.1796 П. атрымалі герб: у блакітным полі рыбацкая сетка, уверсе 3 залатыя рыбы, галовамі на дол. У 1-й пал. 19 ст. працавалі папяровая ф-ка (засн. ў 1728), сукнавальня, 2 млыны, штогод праводзіліся 7 кірмашоў; засн. арніталагічны музей і карцінная галерэя (у 1840 больш за. 60 палотнаў). Пасля пабудовы ў 1897 чыг. лініі Крулеўшчына—Пабрадзе (Літва) П. — станцыя, 2397 ж. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 П. ў складзе Польшчы, павятовы горад Віленскага ваяв. З 1939 у складзе БССР, 3,4 тыс. ж. З 15.1.1940 цэнтр раёна ў Вілейскай вобл. У Вял. Айч. вайну з 6.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія знішчылі ў горадзе і раёне 3688 чал. Горад вызвалены 5.7.1944 войскамі 1-га Прыбалт. фронту ў ходзе Шаўляйскай аперацыі 1944. З 20.9.1944 у Маладзечанскай, з 20.1.1960 у Віцебскай абл. 10,6 тыс. ж. у 1959, 15,1 тыс. ж. у 1970.

У 1552 пабудаваны драўляны касцёл Маці Божай (адноўлены ў 1760, не захаваўся). Паводле інвентара 1628 цэнтрам П. была гандл. плошча (стаялі касцёл з плябаніяй, карчма, 6 двароў гандляроў і рамеснікаў). Па-за межамі мястэчка існаваў сядзібны комплекс. Пасля 1640 на востраве (на ПнУ ад цэнтра), утвораным выгінам р. Мядзелкі і каналам, пабудаваны кляштар францысканцаў з касцёлам (не захаваліся). У 2-й пал. 18 ст. А.​Тызенгаўз правёў карэнную рэканструкцыю мястэчка на падставе рэгулярнага плана. Яго цэнтрам стала гандл. плошча, у планіроўцы якой удзельнічаў італьян. архітэктар Дж.​Сака. Пабудаваны палац, на У ад яго разбіты парк пейзажнага тыпу (гл. Пастаўскі палацава-паркавы комплекс), на рынку — ансамбль мураваных дамоў рамеснікаў, урача, аўстэрыя, гандл. рады і інш. (гл. Пастаўскі архітэктурны ансамбль). Ад плошчы адыходзілі ў радыяльных напрамках 4 вуліцы. Рэгулярныя кварталы на перыферыі мелі драўляную забудову, на З і Пд ад яе размяшчаліся гуменныя пляцы. У 19 ст. мураваныя дамы ўзводзілі пераважна ў цэнтр. частцы. У 2-й пал. 19 ст. пабудаваны Пастаўскі касцёл, Пастаўская Мікалаеўская царква, вадзяны млын. Рака ў межах горада ўтварае 2 вадаёмы, дзеліць яго на зах. і ўсх. раёны. У зах. раёне гістарычна склаўся адм. -грамадскі і культ. цэнтр з пл. Леніна (б. Гандлёвая), ад якой адыходзяць асн. кампазіцыйныя восі — вуліцы Ленінская, Савецкая, 17 Верасня, Чырвонаармейская. У паўн.-зах. частцы горада будуюць 2—3-павярховыя капітальныя жылыя дамы. Ва ўсх. раёне размешчана прамысл. зона. Зона адпачынку — азёры Задзеўскае і Пастаўскае, парк. Горад забудоўваецца паводле карэкціроўкі генплана 1994 (БелНДІПгорадабудаўніцтва), перавага аддаецца малапавярховай сядзібнай забудове, асн. напрамкі развіцця горада — паўд.-зах. і ўсходні.

Працуюць з-ды: «Беліт», навучальнага абсталявання, Пастаўскі кансервавы завод, малаказавод, хлебазавод, ільнозавод, сумеснае прадпрыемства «Імпульс», камбінат камунальных прадпрыемстваў, лясгас, камбінат быт. абслугоўвання і інш. У горадзе ПТВ-165, 2 б-кі, Пастаўскі краязнаўчы музей. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: вадзяны млын (2-я пал. 19 ст.), касцёл, царква. Каля П. паселішча эпохі позняга неаліту і ранняга бронз. веку (канец 3-га — пач. 2-га тыс. да н.э.).

І.​П.​Зямчонак (гісторыя), Ю.​А.​Якімовіч, Г.​С.​Ларкін (архітэктура).

Вуліца Юбілейная ў г. Паставы.
Будынак былога вадзянога млына ў г. Паставы. 2-я пал. 19 ст.

т. 12, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАНКАБУДАВА́ННЕ,

найважнейшая галіна машынабудавання і металаапрацоўкі, прадпрыемствы якой выпускаюць метала- і дрэваапр. станкі, аўтам. і паўаўтам. лініі, комплексы для вытв-сці машын і вырабаў з металу, кавальска-прэсавае і ліцейнае абсталяванне. Узровень развіцця С. вызначае навукова-тэхн. прагрэс у розных галінах прамысловасці, ступень тэхн. і эканам. незалежнасці краіны.

Выраб простых станкоў вядомы з даўніх часоў. Больш дасканалыя металарэзныя станкі з’явіліся з развіццём капіталіст. вытв-сці і прамысл. прадпрыемстваў заводскага тыпу. Уклад у С. зрабіў рус. механік і вынаходнік А.​К.​Нартаў (1693—1756): пабудаваў (1738) першы такарна-вінтарэзны станок з механізаваным супартам і наборам зубчастых колаў, разам з інш. майстрамі сканструяваў шэраг металарэзных станкоў (для свідравання ствалоў гармат, агрэгатных), якія ва ўмовах феад. Расіі не атрымалі шырокага выкарыстання. Спрыяльныя ўмовы для развіцця С. склаліся ў канцы 18 ст. ў Вялікабрытаніі. Англ. механік Г.​Модслі ў 1790-х г. стварыў станок з мех. супартам. Перанесены з такарнага на інш. металарэзныя станкі, супарт даў пачатак станкам з развітым выканаўчым механізмам. Пазней асн. тыпы металарэзных станкоў сканструяваны ў ЗША, Германіі, Францыі і інш. Так, у 1820—30-х г. Э.​Уітні (ЗША) распрацаваў некалькі канструкцый фрэзерных станкоў. Да 2-й пал. 19 ст. распрацаваны мадэлі фрэзерных, рэвальверных, стругальных, даўбёжных і інш. станкоў. У 1-й пал. 19 ст. вядучая роля ў сусв. С. належала Вялікабрытаніі, у 2-й пал. — ЗША. У Расіі першыя прадпрыемствы па вытв-сці металаапрацоўчых станкоў — з-д Берда ў Пецярбургу (1790), Тульскі зброевы з-д (з 1815). Выпуск металарэзных станкоў у 1913 склаў 1,8 тыс. штук. У СССР як самаст. галіна С. ўтворана ў 1929. Выпуск металарэзных станкоў у 1940 павялічыўся ў параўнанні з 1913 у 32 разы. Магутная база С. створана ў пасляваенныя гады. Выпускаліся універсальныя і спец. станкі каля 3 тыс. тыпапамераў, у т. л. унікальныя (напр., такарныя для апрацоўкі вырабаў дыям. да 5 м, гарызантальна-расточныя з дыям. шпіндэля да 320 мм, станкі з лікава-праграмным кіраваннем). У 1981 выпушчаны 832 камплекты аўтам. і паўаўтам. ліній для машынабудавання і металаапрацоўкі. У сусв. С. на пач. 21 ст. аб’ём вытв-сці павялічваецца, кошт прадукцыі складае больш за 35 млрд. долараў. Лідзіруючае становішча ўстойліва займаюць ЗША, Германія, Італія, Японія, Швейцарыя, Вялікабрытанія, Францыя. Найбуйнейшым спажыўцом металарэзнага абсталявання галіны застаюцца ЗША (каля 20% сусв. аб’ёму).

На Беларусі С. развіваецца з 1920-х г., калі на мінскім металаапр. з-дзе «Энергія» (з 1961 станкабуд. з-д імя Кастр. рэвалюцыі) выпушчаны першыя 10 такарных станкоў (1927). У 1940 працавала 5 станкабуд. з-даў (у Мінску, Віцебску, Гомелі), выпушчана 6 тыс. станкоў. Пасля вайны адноўлены разбураныя і пабудаваны новыя станкабуд. з-ды, даваенны ўзровень вытв-сці станкоў перасягнуты ў 1952. Асвоены выпуск: працяжных станкоў (1940), адразных круглапільных і папярочна-стругальных (1947), падоўжна-стругальных (1948, гл. Стругальны станок), бясцэнтрава-шліфавальных (1950), агрэгатных станкоў (1957), балансіровачных (1958), падоўжна-фрэзерных (1959), свідравальных станкоў (1960), плоскашліфавальных (1962), абразіўна-адразных (1967), такарных станкоў (верт. такарныя патронныя паўаўтаматы, 1970), даўбёжных станкоў (1973), зубаапрацоўчых станкоў (1973), заточных станкоў (1975), падоўжных фрэзерна-расточных многааперацыйных (1976). Прадпрыемствы С. выпускаюць таксама даводачныя, паліравальныя, расточныя, рэзьбаапрацоўчыя, фрэзерныя, шліфавальныя станкі (гл. адпаведныя арт.). У канцы 1970-х г. бел. станкі экспартаваліся ў 56 замежных краін, у т. л. ў Вялікабрытанію, ЗША, ФРГ, Францыю, Італію, Японію. У 1990 выпушчана 15,3 тыс. металарэзных станкоў і 280 кавальска-прэсавых машын, у 1995 адпаведна 3,4 тыс. і 230, у 2000—5,5 тыс. і 180. С. рэспублікі вырашае праблему ўзнаўлення вытв. фондаў ва ўмовах жорсткай рыначнай канкурэнцыі. У 1990-я г. станкабуд. прам-сцю створана і асвоена ў вытв-сці больш за 60 базавых мадэлей металарэзнага і кавальска-прэсавага абсталявання, у т. л. чатырохкаардынатны свідравальна-фрэзерна-расточны станок з лікавым праграмным кіраваннем (ЛПК) тыпу «апрацоўчы цэнтр», паўаўтамат для заточкі чарвячных фрэзаў з ЛПК (тыпу CNC), агрэгатны станок для апрацоўкі буйнагабарытных дэталей, рэзьба- і зубашліфавальныя, зубааддзелачныя станкі з прыладамі лічбавай індыкацыі, прэсавае абсталяванне з адытыўнай сістэмай кіравання і інш. Гл. таксама Станкабудаўнічая і інструментальная прамысловасць.

Літ.:

История техники. М., 1962;

Розенфельд Я.С., Клименко К.И. История машиностроения СССР. М., 1961;

Костоусов А.И. Белорусское станкостроение сегодня и завтра // Промышленность Белоруссии. 1971. №11.

Дз.​Ф.​Усціновіч. У.​М.​Сацута.

т. 15, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)