БЕЛАРУСАЗНА́ЎСТВА,

абагульняльная назва комплексу гісторыка-філал. і інш. навук пра Беларусь і бел. народ — яго сацыяльную і этнічную гісторыю, умовы бытавання, матэрыяльную і духоўную культуру, мову ў іх сучасным стане і гістарычным развіцці. Абазначаецца таксама тэрмінам беларусістыка, які выкарыстоўваецца і ў больш вузкім значэнні — дысцыпліны бел. філалогіі (мовазнаўства, літаратуразнаўства, фалькларыстыка) або наогул толькі тыя з іх, што звязаны з вывучэннем бел. мовы. Для абазначэння беларусазнаўства асабліва ў замежным асяроддзі выкарыстоўваюцца тэрміны беларусіка, альбарусіка (ад лац. alba белая + russicus рускі), беларосіка, альбаросікагрэч. коранем Rhōs Русь, рускі), беларутэніка, альбарутэніка (ад лац. ruthenicus рускі), рэдка — беларусаведа. Беларусазнаўства ўключае шэраг разгалінаваных навук: гісторыю, геаграфію, прыродазнаўства, эканоміку, этнаграфію, мастацтвазнаўства, кнігазнаўства Беларусі, бел. фалькларыстыку, літаратуразнаўства і мовазнаўства, гісторыю культуры, гісторыю рэлігіі і канфесій на бел. землях і інш. Навукоўцаў, што працуюць у галіне беларусазнаўства, называюць беларусазнаўцамі, беларусаведамі, беларусістамі.

Беларусазнаўства складвалася і развівалася па меры станаўлення асобных навук пра Беларусь і беларусаў, паглыблення дыферэнцыяцыі і адначасова — узаемадзеяння паміж гэтымі навукамі. На ранніх этапах развіцця цесна змыкалася з краязнаўствам. Узнікшы напачатку з памкнення пазнаёміць грамадскасць з малавядомым краем і яго насельнікамі, беларусазнаўства паступова выходзіла за межы чыста пазнавальных мэтаў і стала навукай нац. самапазнання і самавызначэння бел. народа, усведамлення ім уласнага гіст. шляху, неабходнасці захавання нац. формы быцця. У выніку ўсебаковага, комплекснага падыходу да вывучэння Беларусі акрэсліліся змест і задачы беларусазнаўства, яго культ.-пазнавальнае і грамадска-паліт. значэнне. На пач. 20 ст. з пашырэннем ідэй нац. незалежнасці былі зроблены спробы аформіць беларусазнаўства ў абагульнены міждысцыплінарны курс для азнаямлення шырокай грамадскасці з асн. беларусазнаўчай праблематыкай.

Цікавасць да Беларусі і яе народа пачала праяўляцца яшчэ ў старажытнасці. Так, ужо ў стараж.-рус. летапісах прыводзяцца звесткі пра рассяленне, звычаі, заняткі, грамадскі лад, культуру ўсх.-слав. плямёнаў на тэрыторыі, якую займае сучасная Беларусь. Багаты фактычны матэрыял пра сац.-эканам., культ., канфесіянальную і паліт. гісторыю Беларусі змяшчаюць пісьмовыя помнікі 13—18 ст. эпохі ВКЛ — летапісы і хронікі, мемуарная, юрыд., грамадска-філас. і інш. л-ра. У філалагічных дапаможніках 16—17 ст. — граматыках, слоўніках (гл. ў арт. Лексікаграфія), букварах — шырока адзначаліся з’явы бел. мовы. Аднак да 19 ст. гэты фактычны матэрыял падаваўся фрагментарна, без глыбокага навук. асэнсавання. На мяжы 18—19 ст. цікавасць да Беларусі стала прыкметна ўзрастаць. Гэта было звязана з агульным уздымам навукі ў Еўропе (у прыватнасці, славяназнаўства) і з гіст. зменамі ў Беларусі: у выніку падзелаў Рэчы Паспалітай яна адышла да Расіі. З паліт. меркаванняў Расіі важна было даказаць свае правы на далучаныя землі як на спрадвечную ўласнасць, часова страчаную ў неспрыяльных гіст. абставінах. Самастойнасць бел. народа і яго мовы катэгарычна адмаўлялася афіц. коламі Расіі. У сваю чаргу, прадстаўнікі шавіністычна настроеных слаёў польск. грамадскасці трактавалі Беларусь як частку Польшчы, беларусаў і іх мову разглядалі ў межах «пальшчызны». Вывучэнне Беларусі, такім чынам, ад самага пачатку ішло ва ўмовах вострай ідэалагічнай і паліт. барацьбы розных сац. сіл, саслоўна-класавых і нац.-рэліг. супярэчнасцяў, што адмоўна адбілася на вырашэнні кардынальных праблем беларусазнаўства. Не спрыяла развіццю беларусазнаўства і адсутнасць на Беларусі навук. цэнтраў і арг-цый, якія б узначальвалі і каардынавалі даследаванні з пункту гледжання інтарэсаў бел. народа. Распрацоўка беларусазнаўства часткова ініцыіравалася і падтрымлівалася рознымі навук. і грамадскімі арг-цыямі па-за межамі Беларусі. Прыкметную ролю ў абуджэнні цікавасці да Беларусі адыграў Віленскі ун-т (1803—32), некаторыя яго выкладчыкі займаліся вывучэннем бел. гісторыі, этнаграфіі, помнікаў бел. пісьменства і заахвочвалі да гэтага студэнтаў, якія стварылі гурток бел. філалогіі. Навук. вывучэнне Беларусі распачалі даследчыкі М.К.Баброўскі, І.М.Даніловіч, З.Я.Даленга-Хадакоўскі, Я.Чачот, Т. і Ю.Нарбуты і інш. Значную падтрымку ў зборы, навук. апрацоўцы і выданні матэрыялаў пра Беларусь аказалі даследчыкам Расійская АН, ун-ты С.-Пецярбурга, Масквы, Кіева і інш. гарадоў Расіі, Паўн.-Зах. аддзел Рускага геагр. т-ва, Маскоўская і мясц. археаграфічныя камісіі і археал. т-вы, губернскія стат. к-ты і інш. ўстановы. Дзякуючы іх падтрымцы была выяўлена і выдадзена вял. колькасць бел. стараж. рукапісаў і друкаваных кніг: граматы, дагаворы, прывілеі, суд. пратаколы і інш. канцылярска-адм. дакументы, заканад. акты і кодэксы, у тым ліку статуты, «судзебнікі» (у зб. «Беларускі архіў старажытных грамат», выдадзены І.І.Грыгаровічам у 1-й чвэрці 19 ст., «Руска-лівонскія акты», у шматтомных Актах Заходняй Расіі, Актах Паўднёвай і Заходняй Расіі, «Рускай гістарычнай бібліятэцы», Актах Віленскай камісіі і інш.); летапісы ВКЛ, гіст. запісы і хронікі мясц. і замежных аўтараў (ад «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх» 15 ст. да помнікаў пач. 18 ст.); арыгінальныя і перакладныя маст. і публіцыстычныя творы — вершы А.Рымшы (16 ст.) і Сімяона Полацкага (17 ст.), «Прамова Мялешкі» і «Ліст да Абуховіча» (17 ст.), аповесці пра Атылу, Трыстана, Баву (у спісах 16 ст.) і інш.; пераклады рэліг. л-ры (пачынаючы з 15 ст.); навук. творы і палеміка правасл. дзеячаў з католікамі і уніятамі (у якой закраналіся не толькі вузкадагматычныя тэмы, але і з’явы грамадска-паліт. жыцця), драм. творы 17—18 ст. (т.зв. інтэрмедыі, або інтэрлюдыі). Публікаваліся каштоўныя зборы этнагр. і фалькл. матэрыялаў, стат. звесткі па эканоміцы Беларусі і гэтак далей. Аднак у цэлым у вывучэнні Беларусі адсутнічалі мэтанакіраванасць і арганізаваны пачатак, амаль усё залежала ад асабістых інтарэсаў і схільнасцяў даследчыкаў. На пач. 19 ст. працы, што публікаваліся па бел. гісторыі, этнаграфіі, фальклоры і мове (пераважна ў рус. і польск. друку), не заўсёды вызначаліся дакладнасцю ў падачы фактычнага матэрыялу і навуковасцю яго вытлумачэння. Яны адлюстроўвалі адсутнасць у некаторых аўтараў дакладнага ўяўлення аб прадмеце даследавання і ўвогуле невысокі ўзровень тагачаснай навукі, якая звярталася да бел. матэрыялу спарадычна, выкарыстоўвала яго часцей як пабочны, дадатковы пры разглядзе агульных пытанняў паходжання славян, гісторыі культуры і мовы асобных слав. народаў (пераважна рускага).

Да сярэдзіны 19 ст. паступова назапасіўся вял. фактычны матэрыял, выпрацаваліся больш дасканалыя метады даследавання беларусазнаўства. З’явіліся буйныя беларусазнаўчыя працы: па сац. гісторыі і археалогіі — Я.П. і К.П.Тышкевічаў, А.Кіркора, М.Ф.Уладзімірскага-Буданава, М.К.Любаўскага, Ф.І.Леантовіча, І.І.Лапо, У.К.Стукаліча, М.В.Доўнар-Запольскага, А.С.Грушэўскага і інш.; па гісторыі культуры і стараж. пісьменства — П.У.Уладзімірава, К.В.Харламповіча, І.І.Флёрава, І.А.Бадуэна дэ Куртэнэ і інш.; па этнаграфіі, фальклоры і мове — І.І.Насовіча, П.А.Бяссонава, П.В.Шэйна, Е.Р.Раманава, У.М.Дабравольскага, П.П.Чубінскага, М.Я.Нікіфароўскага, М.Федароўскага, М.А.Янчука, А.І.Сабалеўскага, А.А.Патабні, І.А.Нядзёшава і інш. Большасць даследчыкаў і збіральнікаў этналінгвістычных матэрыялаў паходзілі з Беларусі, многія прытрымліваліся прагрэсіўных поглядаў, усведамлялі сваю сувязь з бел. народам і самаахвярна яму служылі. Але нават і ў тых выпадках, калі даследчыкі глядзелі на Беларусь як на этнічную і дзярж. правінцыю Расіі ці Польшчы, сваімі працамі яны так або інакш сцвярджалі самабытнасць беларусаў, абуджалі цікавасць грамадскасці да іх гіст. лёсу. У канцы 19 ст. сфарміраваўся комплекс асн. (традыцыйных) раздзелаў (навук) беларусазнаўства. Вынікі даследаванняў у галіне беларусазнаўства падвёў Я.Ф.Карскі ў 1-м томе манаграфіі «Беларусы» (Варшава, 1903), дзе акрэсліў у абагульненым выглядзе асн. праблематыку беларусазнаўства, паказаў супярэчлівасць поглядаў тагачаснай навукі на Беларусь і яе народ, вызначыў найменш распрацаваныя раздзелы беларусазнаўства і намеціў перспектывы далейшых даследаванняў. У канцы 19 ст. ўсё часцей сталі з’яўляцца працы, у якіх яскрава праявіўся падыход да беларусаў як да асобнай, самастойнай фармацыі ў сям’і слав. народаў. Аб самастойнасці бел. народа і яго мовы сцвярджалі некаторыя вучоныя і грамадскія дзеячы яшчэ ў 1-й пал. 19 ст. А.Міцкевіч, Я.Чачот, З.Я.Даленга-Хадакоўскі, М.Вішнеўскі, А.К.Ельскі (у польск. друку), М.І.Надзеждзін, П.М.Шпілеўскі, М.А.Максімовіч (у расійскім). У польск. навуцы погляд на беларусаў як на асобны слав. народ пад канец 19 ст. стаў пануючы. У рус. навуцы яго рашуча падтрымліваў рус. гісторык і філолаг А.А.Шахматаў. Карскі таксама разглядаў беларусаў і бел. мову ў якасці самастойных, хоць з-за цэнзурных умоў быў вымушаны карыстацца тэрмінамі «бел. племя», «мова бел. племені» замест «бел. народ», «бел. мова». Прызнанне беларусаў самастойным народам шырылася разам з ростам іх нац. самасвядомасці, абуджэннем ідэй адраджэння нацыянальнага, што прагучалі ўжо ў публіцыстыцы К.Каліноўскага, асабліва моцна — у творчасці Ф.Багушэвіча і інш. бел. пісьменнікаў, у дзейнасці бел. народнікаў (гл. «Гоман»). На пач. 20 ст. з нарастаннем рэв. ўздыму па ўсёй Расіі ідэі сац. і нац. разняволення прыгнечаных народаў набылі асаблівую сілу, у т. л. на Беларусі. Адмена ў 1905 забароны бел. друку дала новы штуршок развіццю бел. друкаванага слова і распрацоўцы праблем беларусазнаўства. Кола даследчыкаў пашырылася дзякуючы прытоку нац. свядомых людзей, якія па-новаму сталі асвятляць кардынальныя праблемы гісторыі бел. народа, паходжання бел. мовы і г.д. Абмеркаванне гэтых пытанняў выйшла за межы акад. навукі, у яго ўключыліся прадстаўнікі розных грамадскіх арг-цый, паліт. партый, прэса (напр., газ. «Наша ніва» і інш.). У 1910 у Вільні была выдадзена першая навук. праца на бел. мове «Кароткая гісторыя Беларусі» В.Ю.Ластоўскага, у якой намеціўся рашучы паварот навукі ад традыц. поглядаў на гісторыю Беларусі як на частку гісторыі Расіі ці Польшчы. Рэв. падзеі 1917 паставілі пытанне аб укараненні здабыткаў беларусазнаўства непасрэдна ў асв. практыку. У 1918 у Маскве ў Беларускім народным універсітэце дасведчанымі беларусазнаўцамі У.І.Пічэтам, Дз.М.Анучыным, Янчуком, П.А.Растаргуевым, З.Ф.Жылуновічам (Ц.Гартны) упершыню быў прачытаны сістэматызаваны курс лекцый па беларусазнаўстве (частка іх была выдадзена ў 1918—20 асобнай кнігай пад назвай «Курс беларусазнаўства»).

З абвяшчэннем БНР, а затым БССР беларусазнаўства стала дзярж. справай. Цэнтр беларусазнаўчых даследаванняў перамясціўся на Беларусь. Напачатку яны былі сканцэнтраваны ў Беларускім дзяржаўным універсітэце (засн. ў 1921) і Інстытуце беларускай культуры (засн. ў 1922), на базе якога ў 1929 створана Акадэмія навук Беларусі з разгалінаванай сістэмай беларусазнаўчых ін-таў. Было наладжана выданне спец. л-ры, перыяд. навук. выданняў («Запіскі аддзела гуманітарных навук Інстытута беларускай культуры», «Працы БДУ»), а таксама розных грамадска-паліт. і літ.-крытычных часопісаў. У 1920—21 беларусазнаўства як прадмет пачала вывучацца ў школах, гуртках і на курсах, у сувязі з чым вялася падрыхтоўка настаўнікаў і лектараў-беларусазнаўцаў (гл. ў арт. Вышэйшыя курсы беларусазнаўства). Асв. і навук. беларусазнаўства развівалася і ў Зах. Беларусі, якая знаходзілася ў складзе Польшчы. Тут існавалі бел. школы, яны забяспечваліся адпаведнымі падручнікамі, на бел. мове друкаваліся грамадска-культ. і навук. часопісы, дзе публікаваліся даследаванні па беларусазнаўстве (гл. ў арт. Беларускае навуковае таварыства, Таварыства беларускай школы ў Вільні). Пасля 1-й сусв. вайны навук. асяродак беларусазнаўства (Навуковае таварыства імя Ф.Скарыны) склаўся таксама ў Чэхіі, дзе ў Пражскім Карлавым ун-це праходзілі навучанне многія студэнты-беларусы, што апынуліся па-за межамі СССР. Былі створаны Бел. навук. т-ва ў Рызе, Бел. камітэт у Чыкага і інш. Развіццю беларусазнаўства спрыяў узяты ў краіне на пач. 1920-х г. курс на беларусізацыю. Аднак у канцы 1920—30-х г. рэпрэсіі ўлад супраць нац. кадраў, барацьба з т.зв. бурж. нацыяналізмам нанеслі вял. страты беларусазнаўству. За «адыход ад марксісцка-ленінскай метадалогіі», «праяўленне буржуазнага нацыяналізму» ў БССР панеслі значныя страты кадры беларусазнаўцаў, амаль поўнасцю спынілася сур’ёзная даследчыцкая праца ў галіне беларусазнаўства. Аднаўляцца яна пачала толькі пасля Вял. Айч. вайны, але так і засталася ў рэчышчы паліт. дактрыны КПСС.

За пасляваенныя гады на Беларусі аднавіліся кадры беларусазнаўцаў, павялічылася іх колькасць за мяжой, былі створаны новыя н.-д. і навуч. ўстановы, узніклі новыя навук. выд-вы і перыяд. выданні, навук. кірункі, адбылося далейшае разгалінаванне навук пра бел. народ, беларусазнаўчыя даследаванні набылі шырокі размах. Склалася эміграцыйнае беларусазнаўства (у ЗША, Канадзе, Англіі, ФРГ) як альтэрнатыўнае савецкаму беларусазнаўству. За мяжой пачала выдавацца беларусазнаўчая перыёдыка: «Запісы» Бел. ін-та навукі і мастацтва ў Нью-Йорку, «The Journal of Byelorussian Studies» (гл. «Джорнал ов беларашн стадыз»), «Occasional Papers in Belarusian Studies» («Альманах беларускіх даследаванняў») у Лондане і інш., бел. матэрыялы друкуюць самыя розныя (перш за ўсё славістычныя) замежныя выданні «Slavia» («Славія», Прага), «Slavia Orientalis» («Усходняя Славія», Варшава), «Zeitschrift für Slawistik» («Славяназнаўчы часопіс», Берлін) і інш. Аднак ідэалаг. супрацьстаянне «савецкай» навукі «заходняй», «буржуазнай» не спрыяла развіццю беларусазнаўства ў краіне. Улады ўсімі метадамі імкнуліся ізаляваць «савецкае» беларусазнаўства ад «заходняга», не дапусціць пры вырашэнні яго кардынальных праблем ніякіх адхіленняў ад ідэалаг. догмаў КПСС. Тым не менш за пасляваенны час у краіне і за яе межамі было створана нямала прац, якія трывала замацаваліся ў залатым фондзе беларусазнаўства. З 2-й паловы 1980-х г. стварыліся ўмовы для ўсебаковага, аб’ектыўнага даследавання беларусазнаўчай праблематыкі. Сталі агульнадаступныя тыя працы па беларусазнаўстве, што былі забаронены сав. уладай, з’явілася магчымасць абмяркоўваць тэмы, якіх раней у краіне нельга было закранаць або якія вырашаліся адназначна, толькі з пазіцый марксізму-ленінізму і паліт. інтарэсаў улады. Узніклі новыя грамадска-паліт. і навук. перыядычныя выданні па розных галінах беларусазнаўства. Створаны новыя грамадска-культ. і н.-д. ўстановы і арг-цыі: Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф.Скарыны з аддзелам беларусазнаўства; адкрыты беларусазнаўчыя кафедры, аддзяленні і ф-ты ў ВНУ, у якіх беларусазнаўства выкладаецца як абавязковы прадмет. У 1991 заснавана Міжнародная асацыяцыя беларусістаў (МАБ), якая аб’ядноўвае каля 600 навукоўцаў з розных краін свету, рэгулярна праводзіць навук. кангрэсы для абмеркавання праблем беларусазнаўства і вызначэння кірункаў яго развіцця.

Дасягненні беларусазнаўства ў розных яго галінах асвятляюцца ў адпаведных артыкулах «Беларускай савецкай энцыклапедыі» (т. 1—12, 1969—75), «Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі» (т. 1—5, 1984—87), «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» (т. 1—2, 1993—94), энцыклапедычных даведніках «Янка Купала» (1986), «Францыск Скарына і яго час» (1988), «Этнаграфія Беларусі» (1989), «Беларуская мова» (1994) і інш.

Літ.:

Беларусіка=Albaruthenica. Кн. 1—5. Мн., 1993—95.

Л.М.Шакун.

т. 2, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

В’ЕТНА́М

(Viêt Nam),

Сацыялістычная Рэспубліка В’етнам (Công Hòa Xã Hôi Chu Nghia Viêt Nam), дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі. Займае ўсх. ч. п-ва Індакітай. Абмываецца на У і Пд Паўд.-Кітайскім морам, яго залівамі Бакбо (Танкінскі) і Сіямскім. Мяжуе з Кітаем (на Пн), Лаосам і Камбоджай (на З). Падзяляецца на 50 правінцый; 3 гарады цэнтр. падпарадкавання (Ханой, Хайфон, Хашымін). Захоўваецца і гісторыка-геагр. падзел на Паўн. частку (Бакбо), Цэнтр. (Чунгбо) і Паўд. (Намбо). Пл. 329,6 тыс. км². Нас. 71,8 млн. чал. (1993). Сталіца — г. Ханой. Дзярж. мова в’етнамская. Нац. свята — Дзень абвяшчэння Дэмакр. Рэспублікі В’етнам (2 вер.).

Дзяржаўны лад. В’етнам — сацыяліст. дзяржава. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае Нац. сход тэрмінам на 4 гады. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нац. сход (395 дэпутатаў) — выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 4 гады. Вышэйшы выканаўчы і распарадчы орган — Урадавы савет (урад) — узначальвае прэм’ер-міністр.

Прырода. Большую частку тэр. займаюць невысокія і сярэдневышынныя горы. Найб. узвышаная паўн.-зах. частка — хр. Хаангльеншон з вяршыняй Фаншыпан (3143 м). Уздоўж зах. межаў цягнуцца горы Чыангшон (Анамскія) з лакальнымі пласкагор’ямі і плато (найб. Кантум і Даклак на Пд). Каля ўзбярэжжаў — нізіны, найб. значныя ў дэльтах рэк Меконг (каля 50 тыс. км²) і Хангха (каля 15 тыс. км²). Карысныя выкапні (знаходзяцца пераважна на Пн): каменны вугаль (геал. запасы каля 15 млрд. т), жалезная руда, волава, свінец, цынк, малібдэн, вальфрам, тытан, баксіты, храміты, марганец, фасфарыты і апатыты; вял. запасы нафты і газу ў нетрах шэльфа Паўд.-Кітайскага м. Клімат субэкватарыяльны мусонны, на Пн трапічны. Зіма на Пд гарачая, на Пн халаднаватая, лета ўсюды гарачае. Сярэдняя т-ра студз. на раўнінах на Пн 15 °C, на Пд 26 °C, ліп. адпаведна 28 °C і 29 °C. У гарах халадней. Вылучаюцца 2 сезоны: летні (з сярэдзіны мая да сярэдзіны кастр.) — гарачы і дажджлівы; зімовы (з сярэдзіны кастр. да сярэдзіны сак.) — цёплы і сухі. Восенню бываюць тайфуны, у далінах рэк і на ўзбярэжжы — разбуральныя навадненні. Ападкаў 1500—2000 мм за год, у гарах да 3000 мм. Большая частка іх прыпадае на летні сезон. Рэкі горныя — кароткія, парожыстыя і мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй (сумарныя рэсурсы 15 млрд. кВт). На Пд ніжняе цячэнне р. Меконг, на Пн сярэдняе і ніжняе р. Хангха (Чырвоная). Прыкладна 40% тэр. (амаль выключна ў гарах) пад вечназялёнымі субтрапічнымі і трапічнымі лясамі. Вышэй за 600—700 м на Пн і 1000—1200 м на Пд побач з трапічнымі пародамі растуць дуб, бук, каштан, хвоя. Значныя ўчасткі, асабліва ў дэльце Меконга, заняты балотнай расліннасцю, у прыбярэжнай паласе — мангравыя зараснікі.

Насельніцтва. Налічваецца больш як 60 народнасцей і плямён. Асноўнае насельніцтва — в’етнамцы, або кінь (прыкладна 87%), якія жывуць пераважна на раўнінах, у перадгорных раёнах і ў гарадах. Блізкія да іх мыонгі (каля 1 млн. чал.). На Пд на раўнінах жывуць кхмеры (каля 1 млн.), ва ўзвышаных і горных раёнах на Пн — горныя таі (каля 2,5 млн. чал.), меа, ман і горныя моны, на ПдЗ — горныя кхмеры, на ПдУ — чамы і горныя чамы. У гарадах жыве каля 2 млн. кітайцаў. Сярод большай часткі вернікаў пашыраны будызм, які цесна пераплецены з даасізмам, канфуцыянствам, культам продкаў, ёсць хрысціяне (пераважна католікі), чамы — брахманісты і мусульмане. Частка горных плямён захоўвае стараж. традыц. вераванні. Сярэдняя шчыльн. 218 чал. на 1 км² (ад 20—30 чал. на 1 км² у гарах да 1000—1500 чал. на 1 км² у асвоеных нізінных раёнах). Гар. насельніцтва 20% (1993). Найб. гарады (тыс. ж., 1989): Хашымін — 3924, Хайфон — 1448, Ханой — 1088, Дананг — 370, Кантхо — 284, Нячанг — 270, Хюэ — 260, Намдынь — 220, Лангсюен — 214, Куінён — 202.

Гісторыя. Тэр. В’етнама заселена чалавекам у ніжнім палеаліце. Непасрэднымі продкамі в’етнамцаў былі лакв’еты. У 3 ст. да н.э. на Пн В’етнама ўтварыліся протадзяржавы Намв’ет і Аўлак, якія ў 111 да н.э. былі заваяваны стараж. кітайцамі. Пазней тут распаўсюдзіліся будызм махаянісцкага толку і канфуцыянства. На Пд В’етнама каля 2 ст. н.э. ўзнікла протадзяржава Цьямпа, якая знаходзілася пад уплывам Стараж. Індыі (будызм хінаянісцкага толку, індуізм у шываісцкай форме). У пач. 10 ст. Паўн. В’етнам вызваліўся ад кіт. панавання. Тут правілі каралі з дынастый Кхук [906—923], Ню [939—965], Дзінь [968—981; засн. военачальнікам Дзінь Бо Лінем, які назваў краіну Дайкав’ет — Вялікі стараж. В’ет], Ранніх Ле [981—1009]; у 10—11 ст. захоплены паўн. землі Цьямпы. Пры ўладарах дынастыі Лі [1010—1225] створана цэнтралізаваная дзяржава, у 1069 назва краіны зменена на Дайв’ет (Вялікі В’ет). Пасля палацавага перавароту 1225 сваяк караля Чан заснаваў аднайм. дынастыю (існавала да 1400). Яе ўладары стварылі моцную армію і баяздольны флот, пры падтрымцы народа адбілі ўварванні манголаў [паводле мірнага дагавора 1289 кіт. (манг.) дынастыя Юань фармальна прызнавалася сюзерэнам Дайв’ета; арганізатар абароны краіны галоўнакамандуючы Чан Хынг Дао стаў нац. героем]. З 1371 кіраўніком урада і фактычным правіцелем быў Хо Кюі Лі, які абмежаваў спадчынныя ўладанні знаці, упарадкаваў падаткаабкладанне і інш., аднак уварванне кіт. войск паклала канец праўленню заснаванай ім дынастыі Хо [1400—07]. Пасля вываду кіт. войск у выніку выступленняў патрыётаў-в’етаў іх кіраўнік Ле Лоі заснаваў дынастыю Позніх Ле [1428—1789] і прадоўжыў рэформы Хо (адноўлены статус абшчыны, праведзены адм. рэформа і ўлік зямлі, немаёмныя сяляне атрымалі надзелы). У 1471 канчаткова далучаны паўд. землі Цьямпы. У выніку аслаблення ўлады правіцеляў дому Ле (з 16 ст.) і міжусобіц 17 ст. Пн краіны фактычна захапілі буйныя саноўнікі Чыні, Пд — Нгуены. У 17 ст. ў Дайв’еце з’явіліся партуг., ісп., франц. місіянеры-католікі. Масавыя сял. выступленні (з 2-й пал. 18 ст.) у абедзвюх частках краіны перараслі ў тэйшонаў паўстанне пад лозунгам аднаўлення ўлады дынастыі Ле. Пасля спынення дынастыі Ле (1789) Нгуены пры падтрымцы французаў задушылі паўстанне і аб’ядналі дзяржаву пад сваёй уладай (1802). Пры імператарскай дынастыі Нгуенаў [1802—1945] у 1-й пал. 19 ст. адноўлена разбураная паўстаннем гаспадарка, умацавана сістэма адм. улады, пашырыліся кантакты з Францыяй. З 1804 краіна афіцыйна наз. В’етнам (Паўднёвы В’ет). У 1858 пачаўся захоп В’етнама французамі, якія пад выглядам абароны каталіцкіх місіянераў увялі ваен. эскадру ў бухту Дананг, у 1859 занялі Сайгон. Пазней акупіравана зах. частка Паўд. В’етнама — Кахінхіны (Намбо), што замацавана дагаворам 1862, у 1867 анексіравана астатняя ч. краіны. Паводле франка-в’етнамскага дагавора 1874 увесь Пд В’етнама трапіў пад уладу франц. калан. адміністрацыі. У ходзе 2-й франка-в’етн. вайны 1883—84 франц. войскі занялі ключавыя ваен. пазіцыі ў краіне і прымусілі яе правіцеляў прызнаць пратэктарат Францыі над усім В’етнамам. Пратэктарат быў падзелены на 2 часткі: паўн. (Танкін, ці Бакбо) і цэнтр. (Анам, Чунгбо). З 1893 калонія Кахінхіна і пратэктараты Анам і Танкін у складзе франц. Індакітайскага саюза (разам з Камбоджай і Лаосам). Французы заснавалі ў В’етнаме горназдабыўную прам-сць, вытв-сць рысу (76% экспарту), кавы, чаю, каўчуку. В’етн. памешчыкі валодалі 50%, каланізатары — 9% зямель. 58% мясц. сялян не мелі ўласнай зямлі. У канцы 19 ст. зарадзіўся нац.-вызв. рух (рух «вернасці імператару», партыз. выступленні сялян). У 1904 створана Таварыства абнаўлення В’етнама (выступала за выгнанне французаў з дапамогай Японіі і стварэнне канстытуцыйнай манархіі), якое ў 1912 рэарганізавана ў Таварыства адраджэння В’етнама. У 1919—20 пачаў рэв. дзейнасць Хо Шы Мін. У 1923 засн. Канстытуцыйная партыя (выступала за рэформу калан. парадкаў і наданне краіне статуса дамініёна), у 1927 — Нац. партыя В’етнама (патрабавала ліквідаваць калан. рэжым). Падрыхтаванае апошняй Йенбайскае паўстанне 1930 пацярпела няўдачу. У 1930-я г. ў нац.-вызв. барацьбу ўключылася Камуніст. партыя В’етнама (засн. ў пач. 1930, з кастр. 1930 наз. Камуніст. партыя Індакітая — КПІК). На пач. 2-й сусв. вайны тэр. В’етнама акупіравана яп. войскамі (1940—41); захавалася і франц. калан. адміністрацыя. У маі 1941 пад кіраўніцтвам КПІК створана Ліга барацьбы за незалежнасць В’етнама (гл. В’етмінь). 9.3.1945 японцы ліквідавалі франц. адміністрацыю і абвясцілі фіктыўную незалежнасць В’етнама. У выніку перамогі ўзбр. паўстання 1945 (гл. Жнівеньская рэвалюцыя 1945) скінута ўлада японцаў, 2.9.1945 у г. Ханой абвешчана Дэмакр. Рэспубліка В’етнам (ДРВ). У хуткім часе Пн краіны акупіравалі кіт. (гаміньданаўскія), Пдбрыт. войскі; потым вярнуліся французы. Паводле в’етн.-франц. пагадненняў 1946 ДРВ прызнана незалежнай дзяржавай у рамках Індакіт. федэрацыі і Франц. саюза; брыт. і гаміньданаўскія войскі заменены французскімі. У 1946 адбыліся выбары ў мясц. органы ўлады і Нац. сход (парламент), прынята Канстытуцыя ДРВ (ліст. 1946), створаны Нац. саюз В’етнама (гл. Льен-В’ет); КПІК вымушана была перайсці на нелегальнае становішча. Французы правакавалі сутыкненні, патрабавалі раззброіць узбр. сілы ДРВ. Каб захаваць свае калан. пазіцыі, Францыя 19.12.1946 пачала вайну ў Індакітаі. У 1950 ваен. ініцыятыва перайшла да в’етн. нар. арміі, якая вяла вайну Супраціўлення. Ва ўмовах вайны ў ДРВ у 1949 пачаліся агр. пераўтварэнні, якія з 1953 перараслі ў ліквідацыю памешчыцкага землеўладання і размеркаванне зямель сярод сялян. У 1950 ДРВ прызнана Сав. Саюзам і інш. краінамі. У 1951 КПІК перайменавана ў Партыю працоўных В’етнама (ППВ). У сак. 1954 часці в’етн. нар. арміі акружылі ўмацаваны раён Дзьенб’енфу, дзе знаходзіліся гал. сілы франц. экспедыцыйнага корпуса, і праз 2 месяцы французы капітулявалі. Паводле Жэнеўскіх пагадненняў 1954 аб Індакітаі тэр. В’етнама падзелена дэмаркацыйнай лініяй уздоўж 17-й паралелі (на Пн ад яе канцэнтраваліся войскі ДРВ, на Пд — войскі паўд.-в’етн. ўрада, створанага французамі ў 1949), выводзіліся франц. войскі, прадугледжваліся свабодныя агульнав’етн. выбары пад наглядам міжнар. камісіі і інш. Аднак паўд.-в’етн. ўлады адмовіліся ад удзелу ў выбарах і пад уплывам ЗША стварылі ў 1955 т.зв. Рэспубліку В’етнам (РВ) са сталіцай у Сайгоне. У ДРВ з 1954 праводзіўся курс на пабудову сацыялізму на ўзор СССР. Да 1958 адноўлена разбураная вайной гаспадарка. У 1960 пачалася індустрыялізацыя, прынята новая канстытуцыя. Ва ўмовах супраціўлення праамерыканскаму дыктатарскаму рэжыму Нго Дзінь Зьема ў Паўд. В’етнаме ў снеж. 1960 узнік Нацыянальны фронт вызвалення Паўднёвага В’етнама (НФВПВ), які меў на мэце стварэнне незалежнага дэмакр. і нейтральнага Паўд. В’етнама, аб’яднанне краіны мірным шляхам. Пад націскам мас у 1963 скінуты непапулярны Нго Дзінь Зьем, аднак уладу захапіў генералітэт. У 1965 устаноўлены ваенна-дыктатарскі рэжым ген. Нгуен Ван Тхіеў. У выніку ваен. пагаднення 1961 паміж ЗША і РВ колькасць амер. ваеннаслужачых у Паўд. В’етнаме павялічылася з 200 чал. у 1954 да 25—30 тыс. у 1964. Ва ўмовах няўдалай барацьбы паўд.-в’етн. арміі супраць ваен. атрадаў (у т. л. партызанскіх) НФВПВ, якім аказвала дапамогу ДРВ, адбылося прамое ваен. ўмяшанне ЗША (пазней і іх саюзнікаў). З 1965 амерыканцы пачалі сістэм. бамбардзіроўкі тэр. ДРВ і карныя аперацыі на Пд В’етнама. Да 1969 амер. ваен. кантынгент у РВ налічваў 543 тыс. чал., а таксама 69 тыс. ваеннаслужачых з Паўд. Карэі, Аўстраліі, Новай Зеландыі, Тайланда і Філіпін. Вайна з боку ЗША вялася жорсткімі метадамі (гл. Сангмі). Нягледзячы на 4-разовую колькасную перавагу, амерыканцы і іх саюзнікі не здолелі знішчыць асн. сілы праціўніка, які спалучаў класічныя і партыз. метады вядзення вайны — пазбягаў франтальных сутыкненняў з буйнымі амер. злучэннямі і прымушаў іх трымаць у рэзерве значныя сілы для аховы ўласных ваен. баз і камунікацый. На вызваленых патрыят. сіламі тэрыторыях у 1968—69 праведзены выбары, у чэрв. 1969 створаны Часовы рэв. ўрад Рэспублікі Паўднёвы В’етнам (РПВ), які далучыўся да ўдзелу ў перагаворах па в’етн. пытанні ў Парыжы (пачаліся ў сак. 1968 паміж прадстаўнікамі ДРВ, РВ, ЗША). На пач. 1970-х г. РПВ прызнана 40 дзяржавамі свету. Ва ўмовах росту антываен. выступленняў унутры ЗША і падзення іх міжнар. прэстыжу новае амер. паліт. кіраўніцтва на чале з прэзідэнтам Р.Ніксанам узяло курс на «в’етнамізацыю» вайны (з 1969) — паступовы перанос асн. цяжару баявых дзеянняў на паўд.-в’етн. армію пры захаванні матэрыяльнай і ваен.-тэхн. дапамогі з боку ЗША. Да пач. 1973 амер. ваен. кантынгент скарочаны да 69 тыс. чал. Пасля падпісання Парыжскага пагаднення 1973 з В’етнама выведзены войскі ЗША і іх саюзнікаў. Аднак вайна ў В’етнаме працягвалася і скончылася паражэннем сайгонскага рэжыму (30.4.1975 вызвалены Сайгон). Гэтым завершана аб’яднанне краіны: у ліст. 1975 склікана Паліт. кансультатыўная нарада па аб’яднанні Паўн. і Паўд. В’етнамаў; абраны на ўсеагульных выбарах адзіны Нац. сход 2.7.1976 абвясціў Сацыяліст. Рэспубліку В’етнам — СРВ. Цяжкія вынікі вайны (у т. л. знішчэнне 50% лясных масіваў і 20% с.-г. угоддзяў), нізкая эфектыўнасць эканомікі, вайна В’етнама ў Камбоджы (1979), пагран. канфлікт 1979 з Кітаем і інш. спарадзілі эканам. праблемы. У 1988 дэмакратычная і сацыялістычная партыі самаліквідаваліся, паліт. кіраўніцтва СРВ (камуніст. партыя) стала праводзіць курс на паступовыя рыначныя пераўтварэнні эканомікі. У 1992 прынята новая канстытуцыя (замяніла канстытуцыю 1980), праведзены выбары ў Нац. сход. В’етнам. — член ААН (з 1977), АСЕАН (з 1995). Дыпламат. адносіны з Беларуссю ўстаноўлены ў 1992.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Камуніст. партыя В’етнама, Саюз камуніст. моладзі Хо Шы Міна, Айчынны фронт В’етнама, Усеагульная канфедэрацыя працоўных В’етнама.

Гаспадарка. В’етнам — індустрыяльна-аграрная дзяржава. Прамысловасць дае асноўную ч. валавога ўнутр. прадукту і экспарту, аднак большасць насельніцтва (65%) занята ў сельскай гаспадарцы. Здабываюць каменны вугаль і нафту — па 4,8 млн. т (1992), вальфрам, волава, апатыты, храміты, марганцавыя руды, соль з марской вады, буд. матэрыялы. Асн. цэнтры здабычы вугалю Хангай, Камфа, Куангйен, апатытавы руднік у Лакаі, руднік па здабычы хрому з абагачальнай ф-кай у Кадзіне, алавяны камбінат у Каабангу. Асн. цэнтр нафтаздабычы г. Вунгтаў. Электраэнергетыка пераважна на каменным вугалі, вытв-сць электраэнергіі 9,8 млрд. кВт·гадз (1992). Ёсць прадпрыемствы чорнай (Тхайнгуен, Б’енхаа) і каляровай (Ціньтук) металургіі. Машынабудаванне і металаапрацоўка прадстаўлены вытв-сцю дызеляў, помпаў, с.-г. тэхнікі, трансп. сродкаў (у т. л. невялікіх рачных і марскіх суднаў), разнастайных механізмаў (Ханой, Хайфон, Хашымін, Б’енхаа, Міньхай, Вінь). Ёсць прадпрыемствы па рамонце самалётаў, суднаў, аўтамашын, зборцы веласіпедаў, рухавікоў, матаролераў, гадзіннікаў, радыёапаратуры. Хім. прам-сць (вытв-сць мінер. угнаенняў) развіваецца ў правінцыях Хабак, Ламтхаа, вытв-сць цэменту і будматэрыялаў — у Ханоі, Хайфоне, правінцыі Хатуен, працуюць лесапільныя і дрэваапрацоўчыя, цэлюлозна-папяровыя, мэблевыя, па вытв-сці чарапіцы, жалезабетонных вырабаў, шкла, піламатэрыялаў, запалак і інш. прадпрыемствы. Развіта лясная гаспадарка, нарыхтоўка каштоўных парод дрэў (жалезнага, чорнага, палісандравага, розных відаў бамбуку). У лясах праводзіцца збор кардамону, бадзяну, карыцы, бензою, камедзі, каніфолі, сыравіны для дубільных і фарбавальных рэчываў. Лёгкая (баваўняная, трыкат., абутковая) і харч. (рысаачышчальная, цукровая, чайная, рыбаперапрацоўчая, кансервавая, вытв-сць эфірных алеяў) прам-сць. Прадпрыемствы мясц. прам-сці і кааператываў вырабляюць цукар, патаку, піва, рыбны соус (традыцыйны харч. прадукт), тытунёвыя вырабы, рэчы хатняга ўжытку, тканіны, абутак, мыла і інш. Саматужная вытв-сць і маст. рамёствы даюць каля ⅓ прамысл. прадукцыі і больш як ​1/5 кошту экспарту. У сельскай гаспадарцы пераважае раслінаводства. Пасяўныя пл. — 8,2 млн. га (1992), каля паловы іх арашаецца. На большай частцы зямель штогод здымаюць 2—3 ураджаі. 86% пасяўных пл. займаюць харч. культуры, пераважна рыс (у дэльтах рэк Меконг і Хангха, на прыбярэжных раўнінах), а таксама батат, кукуруза, маніёк, проса. Валавы збор харч. культур у пераліку на рыс склаў 24 млн. т (1992). З тэхн. культур вырошчваюць цукр. трыснёг, чай, тытунь, джут, арахіс, бавоўну, каву, каўчуканосы (гевею). Развіта трапічнае садоўніцтва (пераважна бананы і ананасы), вырошчваюць гародніну, кветкі, лекавыя травы. Буйн. раг. Жывёлы (1993), гал. чынам буйвалаў, што выкарыстоўваюцца як цяглавая сіла, 3,3 млн. галоў, свіней 14,9 млн. галоў, коней 133 тыс. галоў. Птушкагадоўля. У сажалках, на рысавых палях, рэках і морах — рыбалоўства (сумарны ўлоў рыбы 1080 тыс. т.; 1993). Транспарт прадстаўлены сеткай вузкакалейных чыгунак (пераважная шырыня каляі 1 м, даўж. 3,1 тыс. км, у т. л. гал. чыгунка Ханой—Хашымін — 1,8 тыс. км), суднаходных рэк, праток і каналаў каля 40 тыс. км, аўтадарог больш за 300 тыс. км. 17 марскіх і рыбалоўных партоў, у т. л. Хашымін, Хайфон, Дананг, Камфа. 100 аэрадромаў і аэрапортаў, міжнар. аэрапорты ў Ханоі і Хашыміне. Экспарт 2,4 млрд. дол., імпарт 2,3 млрд. дол. (1992). Экспартуюцца с.-г. і рамесніцкая прадукцыя, вугаль, мінералы і руды, нафта, морапрадукты, баваўняныя тканіны, каўчук, чай, драўніна, некаторыя тавары нар. спажывання, у асобныя гады рыс. Імпартуюцца электронныя і эл.-тэхн. вырабы, прадукцыя хім. прам-сці, трансп. сродкі, нафтапрадукты, лекі, бавоўна, угнаенні, зерне. Гал. гандл. партнёры: Тайвань, Сінгапур, Сянган, КНР, Філіпіны, Японія, Расія. В’етнам атрымлівае значную дапамогу ад шэрагу краін (Японія, Францыя, Вялікабрытанія). Беларусь экспартуе ў В’етнам пракат чорных металаў, грузавікі, трактары, падшыпнікі, матацыклы, імпартуе пераважна натуральны каўчук. Арганізаваны 2 сумесныя прадпрыемствы па вытв-сці натуральнага каўчуку. Грашовая адзінка — донг.

Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя В’етн. нар. армію (ВНА; складаецца з сухап. войск, ВПС, войск ППА і ВМС) і войскі МУС, а таксама ірэгулярнае нар. апалчэнне. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. У ВНА больш за 850 тыс. чал. (1994). Сухап. войскі (700 тыс. чал.) падзяляюцца на палявыя і мясцовыя. Усяго ў іх 62 пях. і механізаваныя і 8 інж. дывізій, 10 бранятанк. брыгад, 15 асобных пях. палкоў, 10 брыгад палявой артылерыі, 20 асобных інж. брыгад; маюць 1750 танкаў (Т-34, -54, -55 і тыпу 59), каля 1700 адзінак інш. бранятанк. тэхнікі, каля 3 тыс. гармат палявой і процітанк. артылерыі, каля 10 тыс. мінамётаў і інш. У ВПС (каля 15 тыс. чал.) 4 авіяц. дывізіі (у т. л. 2 знішчальна-бамбардзіровачныя і 5 знішчальных палкоў, 3 палкі ваен трансп. авіяцыі), каля 270 баявых самалётаў і верталётаў (у т. л. знішчальнікі-бамбардзіроўшчыкі Су-17, Су-22, знішчальнікі МіГ-21 біс і верталёты Мі-24). Войскі ППА (каля 100 тыс. чал.) складаюцца з зенітна-ракетных і радыётэхн. войск і зенітнай артылерыі, зведзеных у дывізіі і брыгады, якія маюць 66 комплексаў SA-2, -3 і -6, каля 100 радыёлакацыйных станцый, больш за 1000 гармат зенітнай артылерыі. У складзе ВМС (42 тыс. чал.) надводныя караблі (7 фрэгатаў, 64 патрульныя і вартавыя катэры, 8 ракетных і 21 тарпедны катэр, 7 дэсантных караблёў), марская пяхота (каля 30 тыс. чал., 2 брыгады, ёсць плаваючыя танкі, бронетранспарцёры, лёгкая артылерыя), часці берагавой абароны (маюць лёгкія танкі, баявыя машыны пяхоты, каля 100 гармат берагавой артылерыі і зенітна-ракетныя сродкі), якія аб’яднаны ў ваенна-марскія базы і раёны. Войскі МУС складаюцца з войск унутр. аховы і пагранічных, маюць пераважна лёгкую артыл. і стралк. зброю. Нар. апалчэнне — масавая ваенізаваная арг-цыя, якая фарміруецца паводле тэр.-вытв. адзнакі і забяспечвае падрыхтоўку і мабілізацыйнае разгортванне ваенна-абучанага рэзерву ВНА.

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 63, жанчын 68 гадоў. Смяротнасць 8 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 298 чал., урачамі — 1 на 2843 чал. Узровень нараджальнасці 27 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць 46 на 1 тыс. нованароджаных (1994).

Асвета. Сістэма адукацыі В’етнама ўключае ўстановы дашкольнага выхавання, агульнаадук. школу, сярэднія спец. навуч. ўстановы, прафес. вучылішчы, ВНУ. Паводле звестак ЮНЕСКА, непісьменнасць у В’етнаме знізілася да 12,4% (1990). У 1961 пачалі стварацца 1-гадовыя падрыхтоўчыя класы для дашкольнікаў, якія сталі абавязковымі. 12-гадовая агульнаадук. школа прадугледжвае 2 ступені: 1—5-ы кл. і 6—12-ы кл. (навучанне на 2-й ступені на працягу 4 гадоў дае няпоўную сярэднюю адукацыю; наступнае навучанне на працягу 3 гадоў — поўную сярэднюю). Пач. і няпоўная сярэдняя адукацыя абавязковая. Прафес. адукацыю даюць прафес.-тэхн. вучылішчы і тэхнікумы. Ствараецца сістэма завочнай і вячэрняй (сярэдняй і вышэйшай) адукацыі. На прадпрыемствах вядзецца курсавая падрыхтоўка рабочых кадраў без адрыву ад вытв-сці. У сістэму вышэйшай адукацыі ўваходзяць ун-ты, ін-ты, вышэйшыя школы і вучылішчы (тэхн. і пед.). Тэрмін навучання ў ВНУ 4—5 гадоў, у вышэйшых школах і вучылішчах 3—4 гады. Буйнейшыя ВНУ: Ханойскі ун-т (з 1918), ун-ты ў гарадах Хашымін, Хюэ, Кантхо, Далат; політэхн., пед., мед. ін-ты, кансерваторыя (усе з 1955), ін-ты нар. гаспадаркі (з 1956), сувязі (1969), інжынераў транспарту (1968) — усе ў Ханоі. Б-кі: Нац., Цэнтральная, Ханойскага ун-та і інш. Музеі: Нац. музей, Музей прыгожых мастацтваў і інш. Навук. даследаванні вядуцца ў н.-д. установах, ун-тах і галіновых ін-тах.

Друк, радыё, тэлебачанне. Выходзіць больш як 100 цэнтральных, а таксама правінцыяльных перыяд. выданняў. Буйнейшыя газеты «Nhân dân» («Народ», з 1951), «Lao dông» («Праца», з 1943), «Dôc lâp» («Незалежнасць», з 1953), «Tô quôć» («Радзіма», з 1946), «Tiê’n phong» («Авангард», з 1953), «Hanoi Moi» («Новы Ханой»). Асноўныя радыё- і тэлестанцыі размешчаны ў буйных гарадах: Ханой, Хашымін, Хайфон, Дананг. Ханойская радыёстанцыя «Голас В’етнама» (з 1945) вядзе перадачы на в’етнамскай, англ., франц., кіт. і яп. мовах. Тэлецэнтр у Ханоі працуе з 1971. Афіц. дзярж. інфарм. орган — В’етнамскае інфарм. агенцтва (ВІА, з 1945).

Літаратура. Старажытны фальклор в’етнамцаў — гэта цыкл міфал. паданняў пра гасудара Дракона Лака, першапродка і першанастаўніка людзей, багатырская казка пра героя Фу Донга, паданні пра буд-ва Крэпасці-смаўжа, пра старадаўніх ваяўніц сясцёр Чынг. Раннія помнікі в’етн. пісьменства датуюцца 10—12 ст. У 13—14 ст. развівалася прыдворная паэзія, пазначаная сузіральным будыйскім светаадчуваннем. Патрыят. настроі ў вершах і рытмічнай прозе пра барацьбу з манг. нашэсцем у 13 ст. У канцы 14 ст. ў паэзіі з’явіліся тэмы сац. пратэсту, раннія сац. утопіі. На аснове апавядальнага фальклору і летапіснай традыцыі пачала фарміравацца навела. У 15 ст. паэзія развівалася на гутарковай в’етн. мове («Зборнік вершаў на роднай мове» Нгуен Чая). У гэтым працэсе ўдзельнічала літ. аб’яднанне «Збор дваццаці васьмі зорак» на чале з імператарам Ле Тхань Тонгам. У 16—17 ст. з’явілася рытмічная проза. Выдатны помнік канца 17 — пач. 18 ст. гіст.-эпічная паэма «Кніга нябеснага Поўдня» — апавяданні пра подзвігі гіст. асоб і легендарных герояў В’етнама. У 18 — пач. 19 ст. зарадзілася лірычная паэма (нгэм), росквіту дасягнула апавядальная паэма (чуен). Сінтэз гэтых жанраў — у паэме Нгуен Зу «Стогны спакутаванай душы». У прозе з’явіўся раман-эпапея («Імператар Ле — аб’яднальнік краіны»). З 2-й пал. 19 ст. л-ра В’етнама развівалася ва ўмовах нац.-вызв. руху. У паэзіі пераважалі патрыят. матывы (Нгуен Дзінь Цьеў), узмацнілася сатыр. накіраванасць твораў (Нгуен Кхюен, Ту Сыонг). Паэзія і публіцыстыка пач. 20 ст. адлюстроўвалі ідэі асветніцтва, грамадз. пафас (Фан Бой Цяў). Фарміруюцца сучасныя празаічныя жанры: навела, раман, драма. У 1930-я г. ўзнік рух «Новай паэзіі», які садзейнічаў перабудове сістэмы вершаскладання, вызваленню чалавека ад феад. перажыткаў. У 1920—30-я г. зарадзілася рэв. л-ра (То Хыў, Хо Шы Мін), фарміраваўся рэаліст. кірунак (проза Нгуен Конг Хаана, Нгуен Хонга, Нго Тат То і інш.). У гады Супраціўлення і «двух В’етнамаў» (1945—75) л-ра на фоне далейшай дэмакратызацыі літ. мовы вяла пошукі маст. формы твораў. З 1976 л-ра В’етнама развіваецца ва ўмовах аб’яднанай дзяржавы (творчасць Нгуен Хюі Тыонга, Нгуен Конг Хаана, То Хыў, Хюі Кана, Тэ Ханя, Нгуен Туана, Нгуен Хонга, Суан Зьеў, Тэ Лан В’ена, То Хаая, Нгуен Дзінь Тхі). На бел. мове выдадзены асобнымі кнігамі анталогія в’етн. паэзіі «Апалены лотас» (пер. Я.Семяжона, 1968), зб. апавяданняў Нгуен Конг Хаана «Зачараваная манета» (пер. Г.Шаранговіч і В.Бурносава, 1973), раман Нгуен Дзінь Тхі «Абвальваюцца берагі» (пер. Л.Салаўя, 1981), зб. вершаў Хо Шы Міна «Турэмны дзённік» (пер. Я.Сіпакова, 1985).

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Самыя стараж. помнікі маст. культуры на тэр. В’етнама (бронзавыя барабаны) адносяцца да данешонскай культуры (10—1 ст. да н.э.). Стараж. арх. помнік — г. Калоа (3 ст. да н.э., Паўн. В’етнам), абнесены 9 канцэнтрычнымі сценамі (захаваліся часткі). Найб. вядомыя пабудовы адносяцца да эпох Позніх Лі і Чан: будыйскі храм Тхонг-Нгіем (1010), «Храм літаратуры» ў гонар Канфуцыя (1070), пагада Мот-Кот (1049, адноўлена ў 1956) у Ханоі і інш. Захаваліся храмавыя комплексы Тай-Фыонг паблізу Ханоя (17 ст.), Кэо ў правінцыі Тхайбінь (1632), грамадскія будынкі «дзынь» у в. Дыньбанг паблізу Ханоя (18 ст.). Палацы 19 ст. багата аздоблены разьбой па дрэве, слановай косці і лакам (тронная зала «Палаца дасканалай гармоніі» ў Хюэ, 1805—33). У скульптуры (каменнай, драўлянай, пакрытай лакам) з 15 ст. з’яўляюцца выявы кананізаваных памерлых свяшчэннаслужыцеляў (статуя мудраца Тует Шона з пагады Тай-Фыонг, 15 ст.). Жывапіс 15—19 ст. — храмавыя размалёўкі, пейзажы, пахавальныя партрэты, нар. лубок. З маст. рамёстваў пашыраны разьба па слановай косці, дрэве, якая спалучалася з інкрустацыяй косцю і перламутрам, ліццё з металу, пляценне з чароту, вытв-сць лакавых вырабаў з размалёўкай каляровымі і залатымі лакамі. У калан. перыяд нац. традыцыі В’етнама захоўваліся ў нар. дойлідстве і прыкладным мастацтве. У 1925 заснавана Вышэйшая школа прыгожых мастацтваў у Ханоі. У гады вайны Супраціўлення (1945—54) мастакі То Нгок Ван, Фан Ке Ан, Лыонг Суан Ньі і інш. стваралі агітац. плакаты, эстампы, малюнкі, прысвечаныя подзвігам нац. герояў. Пасля 1954 важнае месца заняло прамысл. буд-ва. Сучасныя арх. формы спалучаюцца з традыцыямі нар. дойлідства. У выяўл. мастацтве развіваюцца жывапіс вадзянымі фарбамі на шоўку (Нгуен Фан Цян, Чан Донг Лыонг і інш.) і асабліва лакавы жывапіс (Фан Ке Ан, Хаанг Тык Цю, Ле Нгіен і інш.), якія дзякуючы іх своеасаблівай дэкар. выразнасці пачалі выкарыстоўваць для стварэння станковых карцін. Пашырыўся і алейны жывапіс (Чан Ван Кан, Май Ван Хіен, Лыонг Суан Ньі і інш.). Асн. тэматыка жывапісных твораў — працоўнае жыццё і барацьба народа. Развіваюцца графіка (ілюстрацыя, эстамп, плакат) і скульптура (Чан Ван Лам, Зьен Мінь Цяў, Дао Ван Кан і інш.). У 1957 адкрыта Вышэйшае маст. вучылішча, у 1958 — Маст.-прамысловае вучылішча ў Ханоі. У 1958 арганізаваны Саюз мастакоў ДРВ.

Музыка. Уключае муз. традыцыі асн. этнасу — в’етаў і інш. народнасцей краіны. Найб. стараж. помнікі муз. культуры — літафоны (4—3-е тыс. да н.э.), бронзавыя барабаны і гонгі (1-е тыс. да н.э.), якія складалі аснову цырыманіяльных ансамбляў (сустракаюцца і ў наш час). З музыкай в’етаў узаемадзейнічалі кітайскія (з 2 ст. да н.э.) і інш. (з 1—2 ст. н.э.) муз. традыцыі, абмежаваныя сферай прыдворнага і храмавага музіцыравання (канфуцыянскія і будыйскія рытуалы). Найб. інтэнсіўна музыка в’етаў пачала развівацца з 10 ст. У 10—11 ст. на Пн краіны фарміраваўся сельскі муз. т-р тэа. У 14—15 ст. развіваліся формы вак. музыкі. У 15—16 ст. складваюцца асновы класічнай прафес. музыкі. Разам з канфуцыянскім вучэннем на прыдворную культуру ўплывалі кіт. класічная музыка і т-р. У працэсе в’етнамізацыі кіт. музыкі ўзніклі шматсастаўныя цырыманіяльныя аркестры — «Ня няк», «Донг ван», «Зяо Фыонг», паказы муз. драмы туонг — адной з вяршынь класічнага т-ра ў Паўд.-Усх. Азіі. У асяроддзі феад. арыстакратыі было пашырана распяванне класічных паэм у суправаджэнні лютні і цытры (існуе і цяпер). У 17—19 ст. інтэнсіўна развіваліся муз. традыцыі гарадоў (камерна-інстр. традыцыя г. Хюэ і інш.), уводзіліся розныя тыпы натацыі. Сярод муз. інструментаў: духавыя (пераважна з бамбуку) — сяо, тыеў (тып флейты), кен, сона (род габоя); кі па (бычыны рог); струнныя смычковыя ні, хо, струнныя шчыпковыя дан баў, дан ты ба, дан нгуэт, дан дай (лютні), дан чань (цытра); ударныя — літафоны, разнавіднасці барабанаў, гонгі, званочкі, драўляныя бразготкі; ксілафон трынг, клом пут (дынг бут), губны арган хен і інш. На мяжы 19—20 ст. у В’етнаме з’явіліся элементы зах.-еўрап. музыкі. Сярод вядучых кампазітараў: Нгуен Суан Хаат, Гуй Зу, Лыў Хыў Фыок, До Нюан, Ван Као, Хуанг В’ет, Дам Лінь, Нгуен Дык Туан і інш. Пасля ўз’яднання В’етнама (1975) актыўна развіваецца муз. адукацыя, адкрываюцца спец. навуч. ўстановы еўрап. тыпу. Працуюць (1997): Т-р оперы і балета ў Ханоі, 2 сімф. аркестры, у т. л. Дзярж. сімфанічны; аркестр нар. інструментаў; кансерваторыі ў Ханоі і Хашыміне, муз. вучылішча ў г. Хюэ; Ін-т музыказнаўства ў Ханоі (1956); Саюз кампазітараў.

Тэатр. Традыц. віды в’етн. т-ра — муз.-драм. прадстаўленні туонг, тэа і кай-лыонг. Туонг (класічны т-р) узнік у 11 ст. на Пн краіны як прыдворнае відовішча. У рэпертуары былі п’есы на сюжэты в’етн. міфалогіі і кіт. гісторыі. Неад’емная яго частка — музыка і танцы, якія садзейнічаюць раскрыццю характараў герояў. Прадстаўленні ідуць без дэкарацый. Да лепшых дасягненняў т-ра туонг на пач. 20 ст. належаць гіст. п’есы Нгуен Хыў Тыена і Хаанг Танг Бі. Вытокі тэа (нар. т-р) — у нар. песнях паўн. В’етнама, у святкаваннях, якімі штогод адзначалі збор ураджаю ў дэльце р. Хангха. Асн. персанажы прадстаўленняў — сяляне. Дзеянне суправаджалася музыкай, танцамі, спевамі. Паказы звычайна ладзіліся ў дварах культавых пабудоў. Пазней спектаклі тэа перанесены на сцэну. На пач. 20 ст. на Пд В’етнама сфарміраваўся новы від т-ра — кай-лыонг (рэфармаваны т-р). Прадстаўленні суправаджаліся музыкай, былі заслона і дэкарацыі. Яго сюжэты разнастайныя: гіст., легенды, з жыцця в’етн. грамадства пач. 20 ст., пераробленыя п’есы еўрап. аўтараў ці сцэнарыі фільмаў. Значны ўклад у развіццё кай-лыонга зрабіў паэт Тхе Лы, які ў 1942—43 стварыў трупу, што пазней стала насіць яго імя. У 1920-я г. ўзнік «размоўны» (драм.) т-р кіць-ной, які ставіў камедыі Мальера, п’есы нац. драматургаў Ву Дзінь Лонга, Ву Гуен Дака і інш. Пасля 1945 створаны калектывы «Архідэя», «Народная трупа», «Трупа Перамогі» і інш.; з’явіліся новыя п’есы; адрадзіліся туонг, тэа, кай-лыонг (прафес. і аматарскія). На працягу стагоддзяў у В’етнаме існаваў традыцыйны нар. т-р лялек. Яго мастацтва перадавалася з пакалення ў пакаленне. Першы прафес. т-р лялек створаны ў Ханоі ў 1957. З 1957 дзейнічае Асацыяцыя артыстаў в’етн. т-ра. У 1961 адкрыта Вышэйшая драм. школа.

Кіно. Нац. кінематограф пачаўся ў 1948 хранік. фільмам пра барацьбу в’етн. партызан. На пач. 1950-х г. зняты дакумент. стужкі «Перамога на Паўночна-Заходнім фронце», «Абарона адной вёскі» і інш. У 1958 створана кінастудыя ў Ханоі. У 1959 зняты першы маст. фільм «На берагах адной ракі» (рэж. Нгуен Хонг Нгі і Фам Фіеў Зан). Сярод фільмаў 1960—80-х г.: «Апельсінавы сад», «17-я паралель: дні і ночы», «Дзяўчынка з Ханоя», «Спустошанае поле», «Малады баец», «Раён бур», «Каханне не вяртаецца». У Ханоі працуюць студыі маст., хранік.-дакумент., мультыплікацыйных і лялечных фільмаў. У 1959 створана Нац. кінашкола, у 1969 — Саюз кінематаграфістаў.

Літ.:

История Вьетнама в новейшее время (1917—1965). М., 1970;

Новейшая история Вьетнама. М., 1984;

Вьетнам: Справ. М., 1993;

Муриан И.Ф. Изобразительное искусство Социалистической Республики Вьетнам. М., 1980;

Нгуен Фи Хоань. Искусство Вьетнама: Пер. с вьетнам. М., 1982;

Хуан Тан Ши. Народные музыкальные инструменты Вьетнама // Из истории музыки XX в.: Сб. ст. М., 1971.

П.І.Рогач (прырода, гаспадарка), У.Я.Калаткоў (гісторыя да 1884), М.Г.Елісееў (гісторыя з 1884), А.М.Гарахавік (музыка).

т. 4, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ФРЫКА,

другі па велічыні пасля Еўразіі мацярык, частка свету. Пл. 29,2 млн. км², з астравамі 30,3 млн. км². Размешчана ва Усх. паўшар’і, амаль пасярэдзіне перасякаецца экватарам. Крайнія пункты: на Пн мыс Эль-Аб’яд, 37°20′ паўн. ш.; на Пд мыс Ігольны (Агульяс), 34°52′ паўд. ш.; на З мыс Альмады, 17°32′ зах. д.; на У мыс Хафун, 51°23′ усх. д. Афрыка працягнулася з Пн на Пд амаль на 8000 км, з З на У на 3100 км у паўд. і да 7500 км у паўн. частках. Злучана з Азіяй вузкім (112 км) Суэцкім перашыйкам, ад Еўропы аддзяляецца Міжземным морам і Гібралтарскім пралівам. На З абмываецца Атлантычным ак., на У — Індыйскім ак. і Чырвоным морам. Берагі пераважна прамалінейныя, абразійныя, стромкія, з вузкай палоскай прыбярэжных нізін, у трапічных шыротах месцамі з каралавымі рыфамі. Зручных бухтаў мала, вял. залівы Гвінейскі на З і Сідра (Вял. Сірт) на Пн, у Міжземным моры. Найб. п-аў Самалі (Афрыканскі Рог). Да Афрыкі як часткі свету належаць астравы (агульная пл. 1,1 млн. км²): на У Мадагаскар, Каморскія, Маскарэнскія, Аміранцкія, Сейшэльскія, Альдабра, Пемба, Мафія, Занзібар, Сакотра; на З Мадэйра, Канарскія, Зялёнага Мыса, Анабон, Сан-Таме, Прынсіпі, Біёка (б. Фернанда-По), аддаленыя ў Атлантычным ак. а-вы Ушэсця, Св. Алены, Трыстан-да-Кунья і інш.

Рэльеф. У рэльефе Афрыкі спалучаюцца ступеньчатыя раўніны, плато, пласкагор’і і нагор’і са шматлікімі астанцовымі вяршынямі, лававым покрывам і вулканамі. Паводле вышыні паверхні над узр. м. (сярэдняя 750 м) Афрыка падзяляецца на паўн.-зах. Нізкую Афрыку і паўд.-ўсх. Высокую Афрыку. На б. ч. Нізкай Афрыкі размешчаны раўніны і плато Сахары, сярод якіх узвышаюцца нагор’і Ахагар (г. Тахат, 3003 м) і Тыбесты (вулкан Эмі-Кусі, 3415 м), і Судана — плато і пласкагор’і Аір (2022 м), Энеды (1450), Дарфур (3088 м) і інш. На ПнЗ Атласкія горы (г. Тубкаль, 4165 м). Над берагам Гвінейскага зал. ўзнімаецца Паўн.-Гвінейскае узв. (г. Бінтымані, 1948 м). На Пд Нізкая Афрыка — упадзіна Конга, што аддзяляецца ад Атлантычнага ак. Паўд.-Гвінейскім узв. (1500—2000 м). Да Высокай Афрыкі належыць Эфіопскае нагор’е (г. Рас-Дашэн, 4623 м), якое на У абрываецца да самай нізкай у Афрыцы ўпадзіны Афар (-153 м), і Усх.-Афрыканскае пласкагор’е з вулканічнымі конусамі (Кіліманджара, 5895 м — найвышэйшы пункт Афрыкі). На Пд Афрыкі знаходзіцца раўніна Калахары (выш. 900—1000 м). Яе акружаюць на У і ПнУ плато і нагор’і Матабеле і Велд, на Пд Верхняе Кару (горы Сніўберге, 2505 м), на З Намакваленд, Дамараленд, Каока. На У павышаны рэльеф вакол Калахары стромка абрываецца да Індыйскага ак., дзе Драконавы горы і нагор’е Басута з найвышэйшым пунктам на Пд Афрыкі г. Тхабана-Нтленьяна (3482 м) утвараюць Вял. Уступ, на Пд — да ўпадзіны Вял. Кару, на З — да Атлантычнага ак. (хр. Сера-да-Шэла). На крайнім Пд мацерыка ўзвышаюцца Капскія горы (2326 м). Рэльеф, падобны да Паўд. Афрыкі, мае в-аў Мадагаскар. Усходнюю ч. Афрыкі з Пн на Пд перасякае Усходне-Афрыканская рыфтавая сістэма з глыбокімі вузкімі ўпадзінамі, занятымі азёрамі, глыбавымі гарамі і вулканічнымі масівамі з патухлымі і дзеючымі вулканамі.

Геалагічная будова. Амаль усю тэр. Афрыкі займае стараж. Афрыканская платформа (Афрыкана-Аравійская).

Дакембрыйскія метамарфічныя тоўшчы і граніты, што складаюць фундамент платформы, залягаюць на глыб. 8—10 км у вялізных тэктанічных упадзінах і прагінах, якія запоўнены асадкавымі пародамі платформавага чахла (да гэтых структур часта прымеркаваны раўніны і плато). У шчытах і масівах крышт. фундамент выходзіць на паверхню (нагор’і Ахагар і Тыбесты, Паўн.-Гвінейскае узв., хрыбет Этбай на беразе Чырвонага м., плато Дарфур і інш.). У палеазоі на Пд Афрыкі развівалася мацерыковае зледзяненне (на фоне тэктанічнага падняцця), у мезазоі — базальтавы вулканізм з утварэннем лававых покрываў (трапаў). У сярэдзіне кайназою зноў пачалося падняцце паверхні, асабліва інтэнсіўнае на У Афрыкі, што прывяло да расколу платформы і ўтварэння ў міяцэне Усх.-Афрыканскай рыфтавай сістэмы, якая працягнулася больш чым на 6000 км ад паўн. ускраіны Чырвонага м да р. Замбезі. Рыфтагенез суправаджаўся базальтавым і шчолачным вулканізмам, у пліяцэне ўзніклі вулканы Кіліманджара, Кенія (5199 м), Меру (4567 м) і інш. На Пд да платформы прылягаюць складкава-глыбавыя структуры Капскіх гор (герцынскай складкавасці), на ПнЗ — складкавая сістэма Атласкіх гор (герцынскай і альпійскай складкавасці). У антрапагене Афрыка аддзялілася ад Еўропы. Мацерыковае зледзяненне плейстацэну выявілася эпохамі ўвільгатнення ў Сахары і інш. пустынях (плювіяльныя эпохі, ад якіх засталіся уэды, высахлыя азёры і інш.).

Карысныя выкапні. У Афрыцы вядомы радовішчы амаль усіх відаў карысных выкапняў. Яна займае 1-е месца сярод іншых мацерыкоў па запасах марганцавых рудаў, храмітаў, баксітаў, золата, плаціноідаў, кобальту, ванадыю, алмазаў, фасфарытаў, флюарыту, 2-е — па запасах медных рудаў, урану, сурмы, берылію, азбесту, графіту, 3-е — па запасах нафты, прыроднага газу, ртуці, жал. руды; ёсць значныя запасы рудаў тытану, нікелю, вісмуту, літыю, танталу, ніобію, волава, вальфраму, а таксама каменнага вугалю, каштоўных камянёў і інш.

Клімат. Афрыка — самы гарачы мацярык (сумарная сонечная радыяцыя 180—200 ккал/см² за год) з пераважна кантынентальным кліматам (рэзкія ваганні сутачных тэмператур і сухасці). Асн. працэс агульнай цыркуляцыі атмасферы над Афрыкай — перанос да экватара трапічнага паветра пасатамі. Т-ры паветра ў Паўн. і Паўд. паўшар’ях мала адрозніваюцца, а характар і велічыня ападкаў на працягу года вельмі зменлівыя, на б.ч. тэрыторыі адзначаецца недахоп вільгаці, вылучаюцца сухі і вільготны сезоны.

У поясе экватарыяльнага клімату паміж 2° паўд. і 8° паўн. ш. сума ападкаў за год перавышае 1000 мм, у самым вільготным месцы Афрыкі на зах. схілах масіву Камерун, у Дэбунджы, дасягае больш за 9000 мм. Тэмпературы на працягу года 25—28 °C (удзень блізкія да 30 °C, уначы каля 20 °C). Паясы субэкватарыяльнага клімату (экватарыяльных мусонаў) распрасціраюцца да 19° паўн. і 16° паўд. ш. Выпадае ад 250—300 да 500—1800 мм ападкаў (2 сезоны дажджоў). Тэмпература на працягу года вагаецца ад 26—31 °C да 14—18 °C на Пн ад экватара, на Пд складае 20—27 °C. Далей, да 30° паўн. і 30° паўд. ш., размяшчаюцца паясы трапічнага клімату, дзе выпадае менш за 100 мм, ва Усх. Сахары 10—20 мм ападкаў за год (у г. Асуан дажджы выпадаюць не кожны год). У тропіках Паўн. паўшар’я самыя высокія т-ры ў Афрыцы — у ліп. месцамі да 38 °C, макс. 57,8 °C адзначана ў Эль-Азізіі (Лівія). Назіраюцца значныя месячныя і сутачныя ваганні т-ры (да 20 °C). Паўн. і паўд. ўскраіны мацерыка знаходзяцца ў паясах субтрапічнага клімату, дзе ападкі (ад 100—250 мм на У да 500—1000 мм за год на З) выпадаюць зімой, т-ры летніх месяцаў 20—25 °C, зімовых 10—15 °C, у гарах Атлас выпадае снег, т-ры могуць зніжацца да -6, -8 °C.

Унутраныя воды. Гідраэнергетычны патэнцыял Афрыкі складае больш за 20% ад сусветнага, па запасах гідраэнергіі яна займае 2-е месца пасля Азіі. У Афрыцы цячэ самая доўгая рака свету — Ніл (6671 км), самая паўнаводная рака Усх. паўшар’я — Конга, тут знаходзяцца 2-е па глыбіні (пасля Байкала) возера Зямлі — Танганьіка (1470 м) і 2-е па плошчы (пасля воз. Верхняе ў Паўн. Амерыцы) воз. Вікторыя (68 тыс. км²).

Найб. густая рачная сетка ў цэнтр. і зах. ч. прыэкватарыяльнай Афрыкі, у пустынях рэкі з пастаянным цячэннем адсутнічаюць (акрамя транзітных, як Ніл). У Атлантычны ак., басейн якога ахоплівае 50% тэр. мацерыка, упадаюць Конга (4320 км), Нігер, Сенегал, Гамбія, Аранжавая і інш., у Міжземнае мора — Ніл. Да бас. Індыйскага ак. (18,5% тэр.) належыць Замбезі (2660 км), Лімпопа, Рувума, Руфіджы, Джуба, Тугела і рэкі Мадагаскара. Ступеньчаты рэльеф спрыяе ўтварэнню парогаў і вадаспадаў. Самы вялікі вадаспад Вікторыя на р. Замбезі (выш. 120 м, шыр. 1800 м), самы высокі каскад вадаспадаў Тугела (933 м) на р. Тугела ў Драконавых гарах. Жыўленне рэк пераважна дажджавое, у пустынях і паўпустынях — грунтавое. Шматгадовы снег на некаторых вяршынях Усх. Афрыкі і сезонны на ПнЗ Атласкіх гор істотнага ўплыву на водны рэжым рэк не мае. У Афрыцы шмат азёраў, многія ў катлавінах тэктанічнага паходжання (у рыфтах Усх. Афрыкі): Танганьіка, Мабуту-Сесе-Сека (б. Альберт), Іды-Амін-Дада (б. Эдуард), Ківу, Туркана (б. Рудольф), Малаві (Ньяса) і інш. Воз. Вікторыя займае спадзістае тэктанічнае паніжэнне за межамі зоны разломаў. Ва ўнутр. бяссцёкавых абласцях азёры найчасцей салёныя, са зменлівымі ўзроўнем і плошчай, некаторыя перасыхаюць у сухі сезон, найб. сярод іх воз. Чад (пл. 10—26 тыс. км², глыб. 2 м). У Афрыцы створана шмат вадасховішчаў для арашэння і энергет. забеспячэння, найб. Вольта, Насэр і інш.

Глебы і расліннасць. У Афрыцы лясы і рэдкалессі займаюць каля 27%, саванны — 33%, пустыні і паўпустыні — 40% тэрыторыі. На мацерыку добра выяўляецца занальнасць глебавага і расліннага покрыва. Экватарыяльныя і трапічныя пастаянна вільготныя вечназялёныя і мяшаныя лясы (гілея) займаюць узбярэжжа Гвінейскага зал. і ўпадзіну Конга паміж 7° паўн. і 5° паўд. ш., дзе пашыраны чырвона-жоўтыя фералітавыя глебы. Лясы густыя, шмат’ярусныя, з ліянамі і эпіфітамі, багатыя на віды: 3000 відаў дрэў (40 з іх маюць каштоўную драўніну — эбенавае, сандалавае, чырвонае і інш.). Далей на Пн і Пд, дзе 2—3 месяцы засушлівы перыяд, распасціраюцца пераменна-вільготныя мяшаныя, часткова лістападныя трапічныя лясы (капалавае дрэва, хларафора высокая і інш.). Да гэтых лясоў прымыкае велізарная зона саваннаў, якая цягнецца да 18—19° паўн. ш., у паўд. Афрыцы — на Пд ад тропіка, на У — да Індыйскага ак. Вільготная высакатраўная саванна (гвінейская) — з участкамі трапічных лясоў, рэдкастойнымі масівамі акацый, баўгіній, баабабамі і слановымі травамі (4—5 м вышынёй) і інш. Нізкатраўная (тыповая, суданская) саванна развіта на чырв. і чырв.-карычневых фералітавых глебах, мае суцэльнае покрыва злакавых траў (барадач, тэмеда, гіпарэнія), паасобныя баабабы і дрэвы з парасонападобнай кронай (акацыі, паркія, пальма дум). Сухая, апустыненая саванна (сахельская) развітая ў сахелі і паўпустыні Калахары. Травяное покрыва з геафітаў (пераважна лілейных) і дзярністых злакаў. Рэдкія акацыі. Глебы чырв. і чырв.-бурыя, на значных плошчах пашкоджаны пры выпасе свойскай жывёлы і ператварыліся ў рухомыя пяскі. Найб. урадлівыя і асвоеныя ў саваннах цёмна-чырв. фералітавыя глебы на выхадах на паверхню базальтаў ва Усх. Афрыцы. За саваннамі, далей ад экватара, цягнецца зона пустыняў і паўпустыняў: у Паўн. паўшар’і Сахара — найбольшая трапічная пустыня свету, у Паўд. паўшар’і Наміб і Кару. У Сахары рэдкая ксерафільная расліннасць, глебы пустынныя слабаразвітыя: камяністыя (адпавядаюць тыпу пустыняў хамады), пяскі і пясчаныя (эргі), жвірова-галечнікавыя (рэгі), на якіх трапляюцца саланчакі (себхі). У пустыні Наміб пераважна сукулентная расліннасць, у тым ліку вельвічыя, лілейныя і інш., пясчаныя і камяністыя пустынныя глебы. Паўпустыні Афрыкі злакава-хмызняковыя, з характэрным кавылём альфа. У Атласкіх гарах і на нізінным паўн. узбярэжжы пашырана міжземнаморская расліннасць з субтрапічных вечназялёных цвердалістых і лістападных лясоў (кіпарысы, алівы, міндаль, ліванскі кедр, коркавы дуб, розныя хвоі). Развіты таксама другасныя хмызняковыя і палынна-злакавыя асацыяцыі (тыпу фрыгана, маквіс, гарыга). Пераважаюць шэра-карычневыя, карычневыя, чырвона-бурыя апустыненыя і бурыя лясныя глебы; высокай урадлівасцю вылучаюцца алювіяльныя глебы ў даліне Ніла. На крайнім Пд Афрыкі субтрапічная расліннасць сфарміравана з больш старажытных, чым на Пн, фларыстычных элементаў (нагаплоднік, дрэвападобная папараць і інш.) на жаўтазёмах, карычневых і горных бурых лясных глебах. На большай частцы Афрыкі глебы малаўрадлівыя, выкарыстоўваецца толькі ​1/5 зямель, прыдатных для ворыва.

Жывёльны свет Афрыкі багаты і разнастайны. Захаваліся прадстаўнікі стараж. мацерыковых фаун з канца мезазою, якія з’яўляюцца эндэмікамі або агульнымі з фаунамі Паўд. Амерыкі, Паўд. Азіі, Аўстраліі. Афрыка ўваходзіць у Галарктычную фауністычную вобласць Арктагеі (Пн мацерыка з Сахарай), Эфіопскую і Мадагаскарскую вобласці Палеагеі. У афр. частцы Галарктычнай вобласці характэрныя лань, дзік, падвіды высакароднага аленя, бурага мядзведзя і ліса, леапард, звычайная генета, егіпецкі мангуст, грабеньчаты дзікабраз і інш. У Сахары і паўпустынях жывуць антылопа лірарогі буйвал, газелі, леў, гепард, каракал, аксамітны і дзікі каты, ліс фенек, паласатая і плямістая гіены, мноства тушканчыкаў, пясчанак і інш. Сярод птушак пустынны жаваранак, дрофы, рабкі і інш. У Паўн. Афрыцы зімуюць шматлікія пералётныя птушкі, сярод іх каля 17 відаў з Беларусі (гл. ў арт. Вырай). Шматлікія паўзуны (гадзюкі Авіцэны і рагатая, гюрза і інш.), з беспазваночных — павукападобныя, саранча. У Эфіопскай вобласці жывуць своеасаблівыя статкавыя капытныя — блакітны гну, зебры, газелі Томпсана і Гранта; шматлікія даманы (блізкія да сланоў малыя жывёлы), бегемот, трубказубы, афрыканскі слон, малпы гамадрыл і бабуін; з драпежных — леў, леапард, гепард, гіенавы сабака, каракал, шакал; сярод птушак — афрыканскі страус, цацаркі, птушка сакратар і інш. У экватарыяльных і трапічных лясах водзяцца кутасавухая свіння, вадзяны алянёк, акапі, гарыла, шымпанзе, дзікабразы, дрэвавыя даманы, з птушак — турака, птушкі-насарогі, папугаі, з паўзуноў — геконы, хамелеоны, дрэвавыя змеі, кракадзілы, з беспазваночных — тэрміты (каля 500 відаў), тараканы і інш. Астраўная фауна Мадагаскарскай вобласці адметная — гэта лясная фауна, у якой пануюць лемуры, ёсць тэнрэкі, вівера фоса, мадагаскарскія пастушкі, чырванадзюбыя попаўзні, чарапахі. Для аховы жывёльнага свету ў Афрыцы арганізавана больш за 150 заказнікаў і нац. паркаў.

Прыроднае раянаванне Афрыкі адлюстроўвае геагр. занальнасць. Вылучаюцца: экватарыяльны пояс (без падзелу на прыродныя краіны); субэкватарыяльны пояс з краінамі Судан, Паўн.-Гвінейскае узв., Эфіопскае нагор’е і п-аў Самалі, Усх. Афрыка, упадзіна Конга; трапічны пояс з краінай Сахара і часткай краіны Паўд. Афрыкі; субтрапічны пояс з краінай Атлас на Пн і часткай краіны Паўд. Афрыка (Капскія горы і паўд.-ўсх. ўскраіна мацерыка). Афрыку таксама падзяляюць на прыродныя вобласці: Паўн. Афлрыка, Зах. Афрыка, Цэнтр. Афрыка, Усх. Афрыка і Паўд. Афрыка.

Насельніцтва. У Афрыцы жыве больш за 700 млн. чал. (1994) — больш за 12% насельніцтва Зямлі. Шчыльн. ад 0,3 да 200, у даліне Ніла больш за 1000 чал. На 1 км². Этнічны склад вельмі стракаты. Афрыку насяляюць некалькі соцень вялікіх і малых этнасаў, 107 з іх налічваюць больш за 1 млн. чал. кожны, а 24 — больш за 5 млн. (самыя шматлікія: егіпецкія арабы, хаўса, йоруба, алжырскія і мараканскія арабы, фульбе, ігба, амхара, арома, суданскія арабы). Найб. пашырана арабская мова, на Пд ад Сахары — мовы банту. Народы Афрыкі належаць да некалькіх рас: інда-міжземнаморскай, негра-аўстралійскай (уключае негрскую, негрыльскую і бушменскую малыя расы), эфіопскай і інш. Па веравызнанні ў многіх краінах на Пн ад экватара (Алжыр, Марока, Егіпет, Судан, Лівія, Сенегал, Самалі, Нігер, Чад і інш.) пераважаюць прыхільнікі ісламу суніцкага кірунку. Хрысціяне (католікі і пратэстанты) складаюць ½ насельніцтва ПАР, Намібіі, Лесота, Бурундзі, Габона. Найб. старажытная канфесія ў Афрыцы — манафісіцкая царква (пераважна народа амхара ў Эфіопіі). Ёсць прыхільнікі хрысціянска-афрыканскіх цэркваў, індуізму і іудаізму. У некаторых краінах Пд ад Сахары захаваліся мясцовыя традыц. вераванні. Гл. таксама Народы Афрыкі.

Палітычны падзел. У межах Афрыкі размешчаны дзяржавы: Алжыр, Ангола, Батсвана, Бенін, Буркіна-Фасо, Бурундзі, Габон, Гамбія, Гана, Гвінея, Гвінея-Бісау, Джыбуці, Егіпет, Заір, Замбія, Зах. Сахара, Зімбабве, Кабо-Вердэ, Камерун, Каморскія Астравы, Кенія, Конга, Кот-д’Івуар, Лесота, Ліберыя, Лівія, Мадагаскар, Мазамбік, Малаві, Малі, Марока, Маўрыкій, Маўрытанія, Намібія, Нігер, Нігерыя, Паўд.-Афрыканская Рэспубліка (ПАР), Руанда, Самалі, Сан-Таме і Прынсіпі, Свазіленд, Сейшэльскія Астравы, Сенегал, Судан, Сьера-Леоне, Танзанія, Тога, Туніс, Уганда, Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка (ЦАР), Чад, Экватарыяльная Гвінея, Эрытрэя, Эфіопія (пра кожную краіну гл. асобны артыкул). Некаторыя астравы належаць краінам Еўропы: Канарскія Іспаніі; Мадэйра Партугаліі; а-вы Святой Алены, Ушэсця і Трыстан-да-Кунья ўладанне Вялікабрытаніі; в-аў Рэюньён у групе Маскарэнскіх а-воў — замежны дэпартамент Францыі. Гарады Сеута і Мелілья на Міжземнаморскім узбярэжжы Марока знаходзяцца пад кіраваннем Іспаніі.

Літ.:

Африка: Энцикл. справ Т. 1—2. М., 1986—87;

Галай Н.П., Жучкевич В.А., Рылюк Г.Я. Физическая география материков и океанов. Мн., 1988;

Страны и народы: Африка. [Кн. 1—3]. М., 1979—82.

Г.Я.Рылюк.

т. 2, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ МО́ВА,

мова беларусаў, асноўнага насельніцтва Рэспублікі Беларусь; дзярж. мова Рэспублікі Беларусь. Паводле перапісу 1989 яе лічаць роднай 77,7% жыхароў Беларусі, у тым ліку 80,2% беларусаў. Разам з рускай мовай і ўкраінскай мовай адносіцца да ўсх. групы славянскіх моў.

Сучасная бел. мова існуе ў літ. і дыялектнай формах. Дыялектная беларуская мова (гл. ў арт. Дыялект) захоўваецца пераважна сярод сельскага насельніцтва. Яна ўключае асн. масіў гаворак і т.зв. палескую (зах.-палескую) групу гаворак. Асн. масіў падзяляецца на 2 вял. дыялекты: паўн.-ўсходні і паўд.-заходні. Паміж імі знаходзіцца паласа пераходных, або сярэднебел., гаворак (з ПнЗ на ПнУ). Літаратурная мова генетычна грунтуецца на гаворках цэнтр. Беларусі, але ў працэсе свайго станаўлення сінтэзавала характэрныя для большасці бел. гаворак граматычныя і лексічныя рысы і ў сучасны момант не суадносіцца з пэўным тэр. дыялектам.

Арфаграфія беларускай мовы грунтуецца на фанет. прынцыпе ў спалучэнні з марфалагічным. У цесным узаемадзеянні з ёю ішло фарміраванне бел. арфаэпіі. У бел. фанетычнай сістэме (гл. Гукі мовы, Фанетыка) 5 галосных гукаў і 32 зычныя гукі. Марфалогія беларускай мовы сінтэтычная з рысамі аналітызму. Усе словы размяркоўваюцца па 10 часцінах мовы, якія падзяляюцца на знамянальныя (апрача прыслоўя маюць формы словазмянення) і службовыя. Спецыфіку сінтаксісу надаюць гал. чынам адметнасці ў дзеяслоўным і прыназоўнікавым кіраванні. У аснове бел. графікі — рус. грамадзянскі шрыфт, утвораны ў выніку рэформы кірыліцы. Беларускі алфавіт налічвае 32 літары.

Параўнальна-гіст. мовазнаўствам устаноўлена, што ў перыяд ад 3—2-га тыс. да нашай эры да 7—8 ст. нашай эры ў слав. плямёнаў існавала агульная праславянская мова, якая напачатку складалася з блізкароднасных дыялектаў. Шырокае рассяленне слав. плямёнаў у 6—7 ст. абумовіла паслабленне ўнутраных сувязяў. У выніку прыкладна ў 8—9 ст. адбыўся працэс ператварэння ранейшых дыялектаў у самастойныя слав. мовы. У гэты час пачала складвацца і стараж.-рус. мова як адзіная для ўсходніх славян. Яе адноснае адзінства захоўвалася да 13 ст., у тым ліку ў эпоху Кіеўскай Русі. Ад праслав. мовы яна атрымала ў спадчыну фанетычную сістэму, граматычны лад і асн. слоўнікавы фонд. У перыяд з 6—7 да 9—10 ст. у стараж.-рус. мове развіўся шэраг спецыфічных рысаў у галіне фанетыкі: поўнагалоссе (берегъ, голова), пачатковае «о» на месцы спалучэння «jе» (озеро, олень), шыпячыя «ж» і «ч» на месцы спалучэння гукаў d, t, kt з j (межа, ночь) і інш. На працягу 11—14 ст. найб. значным фанетычным працэсам стала падзенне рэдукаваных галосных «ъ» і «ь», у выніку чаго фанетычная сістэма наблізілася да фанетычнага ладу сучасных усх.-слав. моў. У граматычным ладзе ранейшая сістэма скланення назоўнікаў па асновах выцяснялася новымі тыпамі скланення па родах, што адбілася на характары канчаткаў. У сістэме дзеяслова аформілася катэгорыя трывання, у сувязі з чым змянілася сістэма прошлых часоў: аорыст, імперфект і часткова плюсквамперфект выцеснены перфектам, які стаў асноўнай формай прошлага часу ў жывой стараж.-рус. мове. Развіццё грамадскай, культ. і ваен. дзейнасці ўсх. славян садзейнічала ўзбагачэнню слоўнікавага складу. Большасць новых слоў узнікла праз словаўтварэнне ад агульнаслав. каранёў, змяненне значэння старых слоў і запазычанняў з грэч., скандынаўскіх, фінскіх і цюркскіх моў.

Пісьменства ва ўсх. славян (на аснове кірыліцы) пашыралася з канца 10 ст. ў сувязі з прыняццем хрысціянства і развіццём дзяржаўнасці. Для Кіеўскай Русі было характэрна літ.-пісьмовае двухмоўе. Яно ўключала царкоўнаславянскую мову богаслужэбнай л-ры, перакладзенай або створанай у Балгарыі і інш. слав. краінах і перапісанай на Русі (Евангелле, Псалтыр, Апостал), і славяна-рускую мову арыгінальных твораў, у якіх пераважала царк.-слав. стыхія, але прысутнічаў і ўсх.-слав. субстрат («Жыціе Феадосія Пячэрскага», «Сказанне пра Барыса і Глеба», «Слова аб законе і божай ласцы» мітрапаліта Іларыёна). Стараж.-руская літ. мова на нар. аснове выкарыстоўвалася ў дзярж. справаводстве, дзелавой пісьменнасці («Руская праўда», граматы), у творах апавядальнай л-ры («Аповесць мінулых гадоў», «Павучанне Уладзіміра Манамаха», «Слова аб палку Ігаравым»), шматлікіх дакументах, у прыватнай перапісцы на берасцяных граматах. Гэтыя віды пісьменства выкарыстоўваліся і на бел. землях эпохі Кіеўскай Русі. Вядучае месца тут належала царк.-слав. мове як мове правасл. набажэнства. Гэта пацвярджаюць выяўленыя на Беларусі помнікі пісьменства: Супрасльскі рукапіс і Тураўскае (11—12 ст.), Аршанскае, Друцкае, Мсціжскае, Полацкае (13—14 ст.) евангеллі. Арыгінальныя творы 12 ст. — «словы», казанні, павучанні і малітвы Кірылы Тураўскага, агіяграфічныя «Жыціе Ефрасінні Полацкай» і «Жыціе Аўраамія Смаленскага». Стараж. бел. пісьменства на нар. аснове прадстаўлена гал. чынам мясцовымі летапісамі і дагаворамі 13—14 ст. з Полацка, Віцебска і цесна звязанага з імі Смаленска.

Феадальнае драбленне і распад Кіеўскай Русі садзейнічалі актывізацыі на бел. землях мясц. дыялектаў. На працягу 14—16 ст. у беларускай мове развіліся фанетычныя асаблівасці: цвёрдае «р», дзеканне і цеканне і інш. Адначасова выпрацаваўся шэраг спецыфічных рысаў беларускай мовы ў галіне лексікі. Агульнаўжывальнымі сталі словы, вядомыя з глыбокай старажытнасці як дыялектызмы («багна», «вавёрка», «воўна», «вырай», «гай», «грэбля», «жыта», «збожжа», «крыніца», «смага», «брахаць», «жадаць», «лагодзіць», «лаяць»). Многія агульнаслав. і агульнаўсх.-слав. словы на бел. глебе змяніліся ў выніку прыстасавання да бел. фанетычнай сістэмы («аржаны», «іржа», «возера», «вока», «дрыжыць», «крывавы»). Асноўная ж колькасць новых слоў утваралася афіксальным спосабам шляхам выкарыстання пашыраных у беларускай мове сродкаў словаўтварэння — суфіксаў і прыставак («авечка», «сцежка», «частка», «выбавіць», «выбраць»). У папаўненні слоўніка беларускай мовы значную ролю адыгралі запазычанні з інш. моў — паланізмы, лацінізмы, германізмы, літуанізмы (гл. Балтызм), цюркізмы. Бел. пісьмовыя помнікі 16 ст. сведчаць, што да гэтага часу склаліся ўсе важнейшыя фанетычныя, граматычныя і лексічныя рысы, уласцівыя беларускай мове і цяпер.

З сярэдзіны 15 ст. пісьменства на Беларусі насычаецца спецыфічна бел. рысамі ў такой меры, што дае падставу сцвярджаць пра самастойную бел. літ. мову са сваімі арфаграфічнымі, граматычнымі і лексічнымі адзнакамі. Развіццю беларускай мовы спрыяла і тое, што ў ВКЛ яна выконвала функцыі дзяржаўнай мовы. Асабліва шырока беларуская мова выкарыстоўвалася ў канцылярска-юрыд. дакументацыі — актах, граматах, дагаворах і статутах (найб. важныя — Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588). Буйны помнік канцылярска-юрыд. пісьменства — Метрыка Вялікага княства Літоўскага, дакументы якой да сярэдзіны 17 ст. афармляліся пераважна на беларускай мове. На ёй вялася таксама дакументацыя ў гар. управах, магістратах і магдэбургіях, у гар., земскіх і замкавых судах і інш. Да сярэдзіны 17 ст. беларуская мова выкарыстоўвалася таксама ў канцылярыях і судах на тэр. этнічнай Літвы, на ёй пісаліся дакументы ў каралеўскіх канцылярыях Кракава і Варшавы, што прызначаліся для ВКЛ. У канцы 14 — пач. 15 ст. на Беларусі вял. пашырэнне атрымала летапісанне, але ў летапісах, якія дайшлі да нашага часу ў больш позніх спісах [Нікіфараўскі, Слуцкі, Віленскі адносяцца да канца 15 — пач. 16 ст., астатнія (больш як 10) да 16—17 ст.], бел. мова адлюстравалася неаднолькава (раннія летапісы ў большай ступені захоўваюць архаічныя моўныя рысы, пазнейшыя — жывую нар. стыхію). Жывой нар. мовай напісаны Баркулабаўскі летапіс, мемуарныя творы («Дзённік» Ф.Еўлашоўскага, «Дыярыуш» А.Філіповіча), перакладныя аповесці («Александрыя», «Троя», «Аповесць пра Трышчана», «Аповесць пра Баву»), польск. гіст. хронікі канца 16 — пач. 17 ст. («Хроніка ўсяго свету» М.Бельскага, «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» М.Стрыйкоўскага).

Паступовае збліжэнне з Польшчай у паліт. і культ. адносінах, насаджэнне на Беларусі каталіцызму паслабляла пазіцыі праваслаўя і царк.-слав. мовы. Гэтаму садзейнічала і распаўсюджанне рэфармацыйных плыняў, прыхільнікі якіх імкнуліся ўводзіць мясц. мовы ў набажэнства і богаслужэбную л-ру. Першапачаткова беларуская мова пранікла ў жыційную л-ру (напр., «Мінеі — Чэцці», 1489). У канцы 15 ст. пачалі з’яўляцца пераклады з польск. мовы агіяграфічных і апакрыфічных твораў («Страсці Хрыстовы», «Аповесць пра трох каралёў», «Жыціе Аляксея, чалавека божага»). З пач. 16 ст. беларуская мова пранікае і ў кананічныя рэліг. творы. Пачатак гэтаму працэсу паклаў Ф.Скарына, які ў 1517—19 выдаў у Празе большую частку кніг Старога запавету. Захаваўшы ў гэтых выданнях царк.-слав. аснову, ён наблізіў іх мову да народнай. У часы Скарыны зроблены пераклады на беларускую мову асобных кніг Бібліі непасрэдна са стараяўр. мовы. Каля сярэдзіны 16 ст. з’явіўся пераклад Псалтыра — самай папулярнай кнігі ў паслядоўнікаў хрысц. веравызнання. Першапачаткова такія пераклады распаўсюджваліся ў рукапісных спісах. З 2-й пал. 16 ст. на беларускай мове з’яўляюцца друкаваныя творы рэліг. прызначэння. У 1562 С.Будны выдаў у Нясвіжскай друкарні першыя на Беларусі друкаваныя кнігі на беларускай мове «Катэхізіс» і «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам» (не захавалася). Каля 1580 В.Цяпінскі выдаў Евангелле, у якім бел. тэкст змешчаны паралельна з царк.-славянскім — унікальная з’ява ў тагачасным слав. свеце. З канца 16 ст. беларуская мова стала прадметам абавязковага вывучэння ў правасл. брацкіх школах, што садзейнічала яе паспяховаму выкарыстанню ў розных галінах грамадскага і культ. жыцця. Канец 16 — 1-я пал. 17 ст. былі эпохай найб. выкарыстання беларускай мовы ў рэліг. сферы — пераважна ў т.зв. гамілетычнай л-ры, якая грунтавалася на павучальным тлумачэнні тэкстаў Свяшчэннага пісання. Захаваліся да нашага часу шматлікія рукапісныя зборнікі і друкаваныя кнігі: «Казанне Кірылы, патрыярха іерусалімскага, пра антыхрыста» С.Зізанія (Вільня, 1596), «Евангелле вучыцельнае» (Еўе, 1616), «Духоўныя гутаркі» Макарыя Егіпецкага (Вільня, 1627), «Гісторыя пра Варлаама і Іаасафа» (Куцейна, 1637) і інш. На беларускай мове былі надрукаваны і пахавальныя казанні, складзеныя паводле правілаў тагачаснай царк. рыторыкі. Беларуская мова выкарыстоўвалася ў разнастайных настаўленнях аб хрысц. рытуалах і ў царк. заканадаўстве.

Аднак у новых паліт. і культ. умовах жыцця бел. народа ў складзе Рэчы Паспалітай выкарыстанне бел. літ.-пісьмовай мовы паступова пайшло на спад. Пасля Люблінскай уніі 1569 бел.-літоўская шляхта з мэтай захавання свайго паліт. і эканам. становішча імкнулася да ўстанаўлення ў ВКЛ важнейшых дзярж. інстытутаў на польскі ўзор. У сярэдзіне 17 ст. беларуская мова практычна выйшла з ужытку ў дзярж. канцылярыях. Юрыдычна гэта было аформлена рашэннем усеагульнай канфедэрацыі саслоўяў 1696. Разам з заняпадам беларускай мовы ў справаводстве пачала звужацца і яе роля ў інш. галінах грамадскага і культ. жыцця. Бел. кнігі не друкаваліся, рэліг. л-ра выдавалася выключна на царк.-слав. мове. У 2-й пал. 17 і на працягу 18 ст. на Беларусі панавала польска-лац. кнігадрукаванне. Адукацыя знаходзілася пераважна ў руках шматлікіх рымска-каталіцкіх ордэнаў: езуітаў, дамініканцаў, кармелітаў, францысканцаў, бернардзінцаў і піяраў, якія мелі свае школы і вучылішчы амаль ва ўсіх бел. гарадах і буйных мястэчках. Навучанне ў іх вялося на польск. і лац. мовах. Беларуская мова вывучалася толькі ва уніяцкіх базыльянскіх школах і выкарыстоўвалася ў неафіц. частках набажэнства. Жывой беларускай мовай працягвалі карыстацца сяляне, дробная шляхта, гар. рамеснае насельніцтва. На нар. мове ствараліся разнастайныя фалькл. творы: песні, казкі, легенды, паданні, прыказкі, прымаўкі і інш. У 18 ст. беларуская мова атрымала пісьмовую фіксацыю толькі ў інтэрмедыях і інтэрлюдыях да драм. твораў, што ставіліся ў вучылішчах, гімназіях і калегіях (гл. Школьны тэатр). Панаванне польск. мовы ў важнейшых галінах грамадскага і культ. жыцця працягвалася да 1830-х г., пасля польск. мову ў гэтых сферах замяніла руская.

Новая бел. літ. мова на нар. аснове, без сувязі са стараж. пісьмовымі традыцыямі пачала складвацца на пач. 19 ст. Станаўленне яе праходзіла ў агульным кантэксце слав. адраджэння нацыянальнага. Але на Беларусі развіццё літ. мовы стрымлівалася адсутнасцю яе дзярж. самастойнасці, панаваннем у тагачасным грамадстве думкі, што бел. нар.-дыялектная мова з’яўляецца толькі дыялектам рус. ці польск. моў. Сведчаннем фарміравання новай бел. літ. мовы было з’яўленне ў 19 ст. ананімных паэм «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе», якія доўгі час бытавалі ў вуснай перадачы і ў рукапісах. Першая друкаваная кніга на новай беларускай мове «Кароткі збор хрысціянскай навукі» (Вільня, 1835). Аднак найперш беларуская мова прабівала сабе дарогу ў паэт. жанрах, якія былі вядучыя на працягу ўсяго 19 ст. Значны ўклад у развіццё новай бел. літ. мовы зрабілі Я.Баршчэўскі, А.Рыпінскі, Я.Чачот, В.Дунін-Марцінкевіч, Ф.Багушэвіч і інш. З канца 19 ст. на беларускай мове з’яўляюцца пераклады з рус., укр. і польск. моў.

Бел. літ. мова 19 ст. яшчэ не мела ўстойлівых графічных, арфаграфічных, граматычных і лексічных нормаў. На ёй не ствараліся падручнікі ці дапаможнікі, не вялося школьнае навучанне, яна не дапускалася ў дзярж. сферу. Пісьменнікі арыентаваліся на свае родныя гаворкі. Працэс нармалізацыі мовы стрымлівала выкарыстанне дзвюх графічных сістэм — лацінскага і кірылічнага шрыфтоў, што назіралася аж да 1917, а ў Зах. Беларусі — да 1939. Рэвалюцыя 1905—07 паскорыла разгортванне літ.-грамадскага руху на Беларусі, зняла абмежаванні з бел. друкаванага слова. З гэтага часу пачалі арганізоўвацца легальныя органы друку і бел. выд-вы. У развіцці бел. літ. мовы значную ролю адыграла «Наша ніва» (Вільня, 1906—15), на старонках якой выступала новая плеяда бел. пісьменнікаў: Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч, Цётка, М.Гарэцкі, З.Бядуля, Ц.Гартны, К.Каганец, Ядвігін Ш. і інш. Газета садзейнічала выпрацоўцы навук. стылю, на яе правапісныя, грамат. і лексічныя нормы арыентаваліся інш. перыядычныя выданні. Аднак сфера выкарыстання беларускай мовы ў гэты час была звужаная, бо ў важнейшых галінах грамадскага і культ. жыцця панавала рус. мова. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917, абвяшчэння БНР (сак. 1918), а потым БССР (1.1.1919) беларуская мова атрымала статус дзяржаўнай. У выніку беларусізацыі беларуская мова стала мовай школьнага навучання, вышэйшых навуч. устаноў, дзярж. і грамадскіх арганізацый, перыяд. друку. Арфаграфія і граматычныя нормы яе былі кадыфікаваны «Беларускай граматыкай для школ» Б.Тарашкевіча (Вільня, 1918). Яе прынцыпы папулярызаваліся падручнікамі Я.Лёсіка. Беларуская мова набыла ўсе гал. прыкметы, уласцівыя кожнай нац. літ. мове: развітая стылістычная дыферэнцыяцыя, апрацаванасць, упарадкаванасць літ. мовы ў параўнанні з нар.-дыялектнай, узаконеная грамадствам нарматыўнасць, стабільнасць, неперарыўнасць традыцый, наяўнасць пісьмовай і вуснай разнавіднасцяў. Для нармалізацыі бел. літ. мовы важнае значэнне мела прынятая СНК БССР у жн. 1933 пастанова «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу» (гл. ў арт. Рэформы моўныя). Бел. дыяспара за межамі Беларусі не прызнала рэформу 1933 і працягвае карыстацца дарэформеннымі правапіснымі і граматычнымі нормамі. Так фактычна ўтварыліся два варыянты бел. літ. мовы, якія існуюць і ў наш час.

Самыя раннія спробы вывучэння беларускай мовы зроблены на пач. 19 ст., аднак яно не мела арганізаванага і сістэматычнага характару (гл. ў арт. Беларусазнаўства). Найбагацейшы збор бел. лексічнага матэрыялу дарэв. пары — «Слоўнік беларускай мовы» І.І.Насовіча (1870). Пачатак грунтоўнаму навук. даследаванню беларускай мовы далі працы заснавальніка бел. мовазнаўства Я.Ф.Карскага, асабліва яго манаграфіі «Беларусы» (т. 1—3, 1903—22). У сав. час апублікаваны фундаментальныя даследаванні беларускай мовы, падрыхтаваныя Інстытутам мовазнаўства імя Я.Коласа АН Беларусі, разнастайныя дапаможнікі для ВНУ па гісторыі мовы, дыялекталогіі сучаснай беларускай мовы, спец. кнігі па асобных праблемах фанет. сістэмы, грамат. ладу мовы беларусаў. Выдадзены вялікія перакладныя, тлумачальныя, гіст. і інш. слоўнікі (гл. ў арт. Лексікаграфія), аналізуюцца кантакты беларускай мовы з мовамі інш. слав. і неслав. народаў на розных этапах іх гіст. развіцця. У 1990 прыняты Закон «Аб мовах у Беларускай ССР», які надаў беларускай мове статус дзяржаўнай мовы.

Літ.:

Карский Е.Ф. Белорусы. Вып. 1—3. М., 1955—56;

Филин Ф.П. Происхождение русского, украинского и белорусского языков: Ист.-диалектол. очерк. Л., 1972;

Булахов М.Г., Жовтобрюх М.А., Кодухов В.И. Восточнославянские языки. М., 1987;

Супрун А.Е. Введение в славянскую филологию. 2 изд. Мн., 1989;

Воўк-Левановіч О.В. Лекцыі па гісторыі беларускай мовы. Мн., 1994;

Нарысы па гісторыі беларускай мовы. Мн., 1957;

Гістарычная лексікалогія беларускай мовы. Мн., 1970;

Булыка А.М., Жураўскі А.І., Крамко І.І. Гістарычная марфалогія беларускай мовы. Мн., 1979;

Жураўскі А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 1. Мн., 1967;

Крамко І.І., Юрэвіч А.К., Яновіч А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 2. Мн., 1968;

Шакун Л.М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. 2 выд. Мн., 1984;

Мова беларускай пісьменнасці XIV—XVIII стст. Мн., 1988;

Граматыка беларускай мовы. Т. 1—2. Мн., 1962—66;

Беларуская граматыка. Ч. 1—2. Мн, 1985—86;

Беларуская мова: Энцыкл. Мн., 1994.

А.І.Жураўскі.

т. 2, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЖЫ́Р, Алжырская Народная Дэмакратычная Рэспубліка,

АНДР (Аль-Джумхурыя аль-Джазаірыя Дэмакратыя аш-Шаабія), дзяржава ў Паўн. Афрыцы, у зах. ч. Міжземнаморскага басейна. Мяжуе з Марока і Зах. Сахарай (на З), Маўрытаніяй і Малі (на ПдЗ), Нігерам (на ПдУ), Лівіяй і Тунісам (на У). Пл. 2382 тыс. км². Нас. 27,9 млн. чал. (1994). Афіц. мова арабская, дзярж. рэлігія — іслам суніцкага кірунку. Сталіца — г. Алжыр. Падзяляецца на 48 вілаяў (правінцый). Нац. свята — Дзень Рэвалюцыі (1 ліст.).

Дзяржаўны лад. Паводле канстытуцыі 1989 Алжыр — нар.-дэмакр. рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. У студз. 1992 сфарміраваны Вышэйшы дзярж. савет (ВДзС), на які ўскладзены функцыі калект. прэзідэнта. У сувязі з роспускам Нац. нар. сходу (парламента) ВДзС надзелены правам выдаваць дэкрэты, якія маюць сілу законаў. У лют. 1992 створаны Нац. кансультатыўны савет, закліканы «дапамагаць ВДзС у ажыццяўленні яго функцый, ствараць неабходныя ўмовы для нармальнага функцыянавання ўстаноў і канстытуцыйнага ладу».

Прырода. Краіна невысокіх гор і ўзвышаных раўнін. На Пн хрыбты Атласкай горнай сістэмы, у межах якой вылучаюць горны ланцуг Тэль-Атлас (масіў Варсеніс, выш. да 1995 м), масівы Вял. і Малой Кабіліі (выш. да 2308 м), Сахарскі Атлас (масівы Ходна, Арэс, выш. да 2328 м). Паміж імі міжгорныя пласкагор’і і раўніны Высокіх плато (800—1200 м). У цэнтр. іх частцы вял. салёныя азёры (себхі). Поўдзень Алжыра займае ​1/4 частку пустыні Сахара. Пераважаюць камяністыя плато (выш. каля 500 м) і пясчаныя пустынныя вобласці — эргі з высокімі дзюннымі градамі (В. Зах. Эрг, В. Усх. Эрг, Эрг Ігіды, Эрг Шэш і інш.), камяністыя пустыні-хамады (Танезруфт на Пд). На Пд Алжырскай Сахары пустыннае нагор’е Ахагар з вяршыняй Тахат (3003 м, найвышэйшая ў краіне). Нетры Алжыра багатыя нафтай, прыродным газам (па запасах нафты 3-е, газу 1-е месца ў Афрыцы, б.ч. радовішчаў на ПнУ Алжырскай Сахары), рудамі ртуці, цынку, свінцу, жалеза, урану, сурмы, фасфарытамі, ёсць медзь, волава, вальфрам, золата, каменны вугаль і інш. Клімат паўн. Алжыра субтрапічны міжземнаморскі, сярэдняя т-ра студз. 5—12 °C, ліп. 25 °C, ападкаў у гарах 1200 м (Кабілія), на міжгорных раўнінах 200—400 мм. Клімат Алжырскай Сахары пустынны, трапічны, сутачныя ваганні т-р да 30 °C, ападкаў менш як 50 мм за год, у асобныя гады не бывае зусім. Частыя пясчаныя буры. Большасць рэк належаць да тыпу вадзі, якія запаўняюцца вадой пасля рэдкіх дажджоў. Самая вял. р. Шэліф (Вадзі). Рэкі часткова выкарыстоўваюцца на арашэнне і для атрымання гідраэнергіі. У пустынных раёнах на арашэнне і водазабеспячэнне ідуць падземныя воды. На ўзбярэжжы міжземнаморскі тып расліннасці з цвердалістых хмызнякоў і нізкарослых дрэў. На Пн у гарах да выш. 800 м растуць сухалістыя хмызнякі (маквіс), да 1500 м — коркавы і каменны дубы, вышэй за 1500 м — туя і ядловец. У Сахары расліннасць пустынная і паўпустынная, месцамі салянкі, эфемеры, трава альфа, асобныя хмызнякі; вял. прасторы без расліннасці. Глебы на ўзбярэжжы карычневыя і шэра-карычневыя, у горных раёнах лясныя буразёммы, вакол салёных азёраў (шотаў) — алювіяльныя і засоленыя. У Сахары прымітыўныя глебы пустыні. Жывёльны свет на Пн амаль знішчаны. У Сахары грызуны, паўзуны, шакалы, газелі, антылопы і інш. Нац. паркі: Джурджура, Акфаду, Тасілін-Аджэр і інш.

Насельніцтва. Жывуць арабы (80%), берберы (каля 20%; кабілы шаўіі, туарэгі і інш.), невял. колькасць французаў, італьянцаў, іспанцаў. Натуральны прырост 30 чал. на 1 тыс. за год. Сярэдняя шчыльн. 11,6 чал. на 1 км² (1994). Больш за 95% насельніцтва сканцэнтравана ў паўн. Алжыры, дзе яго шчыльн. 300 чал. на 1 км²; у пустынных абласцях каля 0,3 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва больш за 50% (1994). Найб. гарады: Алжыр, Аран, Канстанціна, Анаба, Сетыф, Бліда, Тызі-Узу, Эш-Шэліф.

Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 59, жанчын 62 гады. Узровень нараджальнасці 32 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць 58 на 1 тыс. нованароджаных (1994).

Гісторыя. Сляды першабытнага чалавека на тэр. Алжыра адносяцца да ніжняга і сярэдняга палеаліту (300—400 тыс. г. назад). З эпохі верхняга палеаліту тут зафіксаваны носьбіты астэрыйскай, ібера-маўрусійскай і капсійскай археал. культур. З пераходам да неаліту (4-е тыс. да н.э.) «капсійцы» выцеснілі ібера-маўрусійцаў. У канцы 12 ст. да н. э. на ўзбярэжжы Алжыра з’явіліся фінікійцы, якія ў 8 ст. да н.э. трапілі пад уладу Карфагена. На мяжы 3—2 ст. да н.э. на тэр. Алжыра ўтворана дзяржава Нумідыя. Канфлікт з Рымам прывёў да ўключэння Нумідыі ў склад Рымскай імперыі. У 439 н.э. Карфаген захапілі вандалы і зрабілі яго сталіцай свайго каралеўства. З 534 Вандальскае каралеўства пад уладай Візантыі; яго ўнутраныя раёны кантралявалі плямёны бербераў, якія стварылі шэраг незалежных дзяржаў. У канцы 7 ст. н.э. тэр. Алжыра заваявалі арабы-мусульмане і ўключылі яе ў склад Арабскага халіфата. Карэнныя берберскія плямёны паступова прынялі іслам і араб. мову, што вызначыла іх як араба-ісламскую краіну. З 16 ст. Алжыр у складзе Асманскай імперыі, залежнасць ад якой у 17 ст. стала фармальнай; на чале Алжыра быў правіцель — дэй, якога выбіралі са свайго асяроддзя янычарскія камандзіры. У гэты час акрэсліліся граніцы Алжыра, якія размежавалі яго з Тунісам і Марока. У 18 — пач. 19 ст. Алжыр прыйшоў у заняпад, што дало магчымасць у 1830 франц. войскам захапіць г. Алжыр. У 1832—47 вызв. барацьбу алж. народа супраць франц. панавання ўзначаліў эмір Абд аль-Кадзір. У антыкаланіяльным Мукрані паўстанні 1871—72 удзельнічала каля 800 тыс. чал. Найбольшы размах антыкаланіяльны рух набыў пасля 2-й сусв. вайны. У маі 1945 паўстанне ва Усх. Алжыры жорстка задушана. У 1946 засн. партыя Рух за перамогу дэмакр. свабод, якая ўзначаліла барацьбу супраць калан. рэжыму. Створаны ёю Рэв. к-т адзінства і дзеянняў (з 1954 Фронт нацыянальнага вызвалення, ФНВ) пачаў узбр. барацьбу, стварыў Армію нац. вызвалення; 1.11.1954 адначасова ў 30 пунктах краіны пачалося ўзбр. паўстанне. У 1955—56 амаль усе нацыяналіст. партыі і арг-цыі ўліліся ў ФНВ. Вызваленчая вайна скончылася Эвіянскім пагадненнем 1962 аб самавызначэнні Алжыра. 5.7.1962 абвешчана незалежная дзяржава. Першы прэзідэнт А.Бен Бела абвясціў праграму «алжырскага сацыялізму». Была нацыяналізавана ўласнасць еўрап. уладальнікаў, пануючае становішча ў эканоміцы заняў дзярж сектар. У выніку ваен. перавароту 19.6.1965 улада перайшла да Рэв. савета на чале з Х.Бумедзьенам. Канстытуцыя 1976 замацавала сацыяліст. арыентацыю Алжыра. Новы прэзідэнт Ш.Бенджадзід (з 1979) прадоўжыў курс папярэдніка. Эканам. крызіс 1980-х г. і дэмаграфічны выбух (у 1966—87 насельніцтва Алжыра павялічылася з 12 да 23 млн. чал.) абвастрылі сац. напружанасць і прывялі да масавых беспарадкаў. З канца 1988 кіраўніцтва Алжыра пачало радыкальныя змены ў эканам. і паліт. сістэме Алжыра, узяло курс на развіццё рыначнай эканомікі. Гэтыя змены замацавала канстытуцыя 1989. Уведзена шматпартыйнасць, з’явілася больш за 50 партый і грамадскіх арг-цый. На першых выбарах у органы мясц. улады, якія адбыліся на шматпарт. аснове 12.6.1990, перамаглі фундаменталісты Ісламскага фронту выратавання (ІФВ). Іх праграма прадугледжвала датэрміновыя выбары ў Нац. нар. сход (парламент), умацаванне ў грамадска-паліт. жыцці нормаў шарыяту, фарміраванне «Ісламскага грамадства». У 1-м туры парламенцкіх выбараў 1991 перамаглі ісламісты. У 1992 прэзідэнт Бенджадзід вымушана пайшоў у адстаўку. Улада перайшла да Вышэйшага дзярж. савета. Прэзідэнтам стаў М.Буджаф; парламент распушчаны, і ўведзены рэжым надзвычайнага становішча. У сак. 1992 распушчаны ІФВ. У чэрв. 1992 прэзідэнт Буджаф забіты, яго змяніў А.Кафі. Тэрарыстычныя акты, арганізаваныя фундаменталістамі, вымусілі ўлады прадоўжыць (лют. 1993) рэжым надзвычайнага становішча на неакрэслены тэрмін. Прэзідэнт Алжыра (з 1994) Л.Зеруаль. Алжыр — член ААН (1962), Лігі арабскіх краін і інш. міжнар. арг-цый.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Фронт сацыяліст. сіл, Аб’яднанне за культуру і дэмакратыю, Хамас, Ан-Нахда і інш.; Усеагульны саюз алжырскіх працоўных, Нац. саюз алжырскіх сялян, Нац. саюз алжырскай моладзі, Нац. саюз алжырскіх жанчын, Нац. арг-цыя муджахідаў і інш.

Гаспадарка. Пасля атрымання незалежнасці для Алжыра характэрны высокі ўзровень нацыяналізацыі прыродных рэсурсаў, прам-сці, транспарту, фінансаў і інш. З канца 1980-х г. пачаліся рэформы і перавод гаспадаркі на рыначную аснову. Валавы ўнутраны прадукт (ВУП) 40,5 млрд. дол. (1991). Вядучая галіна прам-сці — здабыча нафты (41 млн. т, 1992) і прыроднага газу (126,61 млрд. м³). Здабываюцца руды каляровых металаў, жал. руда, фасфарыты, барыты, сурма. Апрацоўчая прам-сць: чорная металургія (металург. комплекс у Анабе), машынабудаванне (вытв-сць халадзільнікаў, тэлевізараў, радыёпрыёмнікаў, трактароў і аўтамабіляў), нафтаперапрацоўка, электратэхн., транспартнае абсталяванне, вытв-сць мінер. угнаенняў, буд. матэрыялаў. Перапрацоўка с.-г. сыравіны: мукамольныя, вінаробныя, масларобныя, кансервавыя, тытунёвыя прадпрыемствы. Развіта тэкстыльная, швейная, нафтахім. прам-сць (сінт. смолы, пластмасы, мыйныя сродкі). Вытв-сць электраэнергіі 16,8 млн. кВт гадз (1992). Сельская гаспадарка дае больш за 8% ВУП. Асн. культуры: пшаніца, ячмень, вінаград, алівы, цытрусавыя, фінікі, міндаль, кукуруза, тытунь, бавоўнік; у аазісах — фінікавыя пальмы, на ўзбярэжжы і каля буйных гарадоў — гародніна (часткова на экспарт) і бульба. Нарыхтоўваюць кару коркавага дуба і траву альфа (сыравіна для вытв-сці высакаякаснай паперы, каля 100 тыс. т за год). Жывёлагадоўля пераважна экстэнсіўнага кірунку. У пустынных горных раёнах гадуюць авечак, козаў, вярблюдаў, на Пн краіны і каля вял. гарадоў — буйн. раг. жывёлу. У прыбярэжных водах марское рыбалоўства. На Пн Алжыра густая сетка шашэйных дарог — 130 тыс. км (1989), у т. л. з цвёрдым пакрыццём больш за 50 тыс. км; дзейнічае транссахарская шашэйная дарога. Чыгункі 4,2 тыс. км (1989). У Алжыры буйныя нафта- і газаправоды. Разам з Італіяй пабудаваны трансміжземнаморскі газаправод. Гал. парты: Беджаія, Алжыр, Арзеу, Аран, Анаба. Асн. прадукты экспарту — нафта і нафтапрадукты, звадкаваны газ, віно, цытрусавыя, жал. руда, мінер. сыравіна, тытунь. У імпарце пераважаюць машыны і абсталяванне, прадукты і спажывецкія тавары. Асн. гандлёвыя партнёры — Францыя, Германія, Італія, Іспанія, ЗША, Японія (каля 80% тавараабароту). Грашовая адзінка — алжырскі дынар.

Узброеныя сілы Алжыра: нац. нар. армія, нац. жандармерыя, рэсп. і прэзідэнцкая гвардыя; ёсць паўваен. фарміраванні грамадз. абароны і нац. службы. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. У склад нац. нар. арміі ўваходзяць сухапутныя войскі (аснова ўзбр. сіл), ВПС (складаюцца з авіяэскадрылляў) і ППА (зенітныя брыгады і дывізіёны, радыётэхн. войскі), ВМС (падводныя лодкі, караблі, катэры розных класаў). Узбр. сілы камплектуюцца паводле закона аб усеаг. воінскай павіннасці, набор ажыццяўляецца 2 разы на год, прызыўны ўзрост 19—27 гадоў, тэрмін абавязковай ваен. службы 1,5 года. Афіцэрскія кадры рыхтуюць у агульнавайсковай акадэміі, ваен. вучылішчах і за мяжой.

Асвета, навуковыя і культурна-асветныя ўстановы. Сістэма адукацыі Алжыра склалася ў выніку рэформаў 1970-х г. (ВНУ), 1980 (пач. школа) і 1984 (сярэдняя школа). Агульную адукацыю (абавязковая для дзяцей 6—16 гадоў) даюць базавыя школы (9 гадоў навучання). Лепшых вучняў адбіраюць для агульных або тэхн. (паводле профілю спецыялізацыі) ліцэяў (поўны курс сярэдняй адукацыі да 13 гадоў навучання). У 1987/88 навуч. г. ў Алжыры працавала 14 тыс. базавых школ (больш за 5 млн. вучняў), 600 сярэдніх навуч. устаноў (600 тыс. навучэнцаў), 700 цэнтраў прафес. падрыхтоўкі, у сістэме прафес. Навучання 250 тыс. чал. У сістэме вышэйшай адукацыі 20 ун-таў і універсітэцкіх цэнтраў, каля 30 ін-таў і інш. ВНУ. Найбуйнейшыя: Алжырскі ун-т (засн. ў 1879) з філіяламі ў Аране і Канстанціне, ун-т прыродазнаўчых навук і тэхналогіі, нац. ін-ты нафты, газу і хіміі; лёгкай прам-сці; агранамічны, вышэйшая вет. школа і інш. У 1987/88 навуч. г. ў ВНУ каля 150 тыс. чал., больш за 12 тыс. выкладчыкаў. Самыя вял. б-кі: Нац. б-ка, б-ка ун-та ў Алжыры, Муніцыпальная б-ка ў Канстанціне. Музеі: Нац. музей Алжыра, Нац. музей прыгожых мастацтваў, Нац. музей антычнасці, этнаграфічны, Музей нац. вызвалення. Навук. даследаванні ў галіне ядз. фізікі, электронікі, акіянаграфіі, біялогіі, біяхіміі, ветэрынарыі, сельскай гаспадаркі вядуцца ва ун-тах і НДІ; мед. праблемы даследуюць анкалагічны цэнтр, ін-т Пастэра, ін-т гігіены, сетка доследна-селекцыйных станцый. Працуюць астранамічная, астрафізічная і метэаралагічная абсерваторыі.

Друк, радыё, тэлебачанне. У Алжыры больш за 150 перыяд. выданняў (агульны тыраж каля 1,7 млн. экз.). Афіцыйны орган урада — газета «El Moudjahid» («Змагар»). Дзярж. інфарм. агенцтва Альжэры Прэс Сервіс (з 1962, г. Алжыр). Нац. тэлерадыёкампанія «Радыётэлевізьён альжэр’ен» (з 1962) вядзе перадачы на араб., франц. і кабільскай мовах. Тэлецэнтр у г. Алжыр.

Літаратура. Развіваецца на арабскай, кабільскай і франц. мовах. Літаратура на арабскай і кабільскай мовах узнікла ў 16—18 ст. у эпоху барацьбы супраць ісп. экспансіі і тур. панавання, калі духоўнае жыццё краіны выяўлялася пераважна ў вуснай нар. творчасці. У 19 ст. л-ра адлюстроўвала працэс фарміравання алж. нацыі. Нар. паэты (медахі) заклікалі да супраціўлення франц. каланізатарам. Патрыят. паэзія Абд аль-Кадзіра, Саіда Абдалаха, Мухамеда Белькаіра і паэта Кабіліі Сі Маханда блізкая па духу да нар. песень. Нац.-вызв. барацьба — гал. тэма ў паэзіі 1950—60-х г. (вершы Абу аль-Касіма Саадала, Муфдзі Закарыя, аўтара нац. гімна) і прозы (ат-Тахір Ватар, «Фадзіля Масудзі). Пачынальнік жанру апавядання і аўтар першага алж. рамана на араб. мове — Ахмед Рыда-Хуху («Дзяўчына з Меккі», 1947). У 1967 з’явіўся раман Мухамеда Мані «Голас кахання». Пра жыццё краіны ў 1970-я г. раманы Ватара («Землетрасенне»), Абд аль-Хаміда Бенхедугі («Вецер з поўдня» і «Канец учарашняга дня») і інш. Літаратура на французскай мове пачала развівацца ў 1940—50-я г. Абуджэнне нац. самасвядомасці алжырцаў паказалі празаік Жан Амруш, паэты Аіт Джафер, Мустафа Лашраф, рэаліст. творы Мухамеда Дыба (трылогія «Алжыр»), Мулуда Ферауна (раманы «Сын бедняка» і «Дарога ў гару», дылогія «Зямля і кроў»), Мулуда Мамеры (раманы «Забыты пагорак», «Калі спіць справядлівасць»), Малека Уары (раман «Зернетка ў жорнах») і інш. Пра алж. інтэлігенцыю ў час нац.-вызв. вайны раманы Малека Хадада «Апошняе ўражанне» і «Набярэжная кветак не адказвае». Стварэнне незалежнай рэспублікі ў 1962 адкрыла новую эпоху ў л-ры Алжыра: раманы Мурада Бурбуна «Муэдзін», Рашыда Буджэдры «Адрынутасць», Асіі Джэбар «Наіўныя жаваранкі». Вяршыня рэаліст. л-ры Алжыра гэтага часу — раман Мамеры пра нац.-вызв. вайну «Опіум і дубінка». Укладам у алж. л-ру 1960—80-х г. стала творчасць Мулуда Ашура, Джамаля Амрані, Кадура М’Хамсаджы, Ахмеда Акаша, Мустафы Тумі, Набіля Фарэса, Айшы Лемсін, Джамаля Алі Хаджы, Мустафы Хасіяна і інш.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Найб. старажытныя помнікі мастацтва на тэр. Алжыра адносяцца да неаліту (наскальныя выявы жывёл, людзей, сцэны палявання і рытуальных абрадаў у гарах Тасілін-Аджэр, Тасілін-Ахагар). Захаваліся рэшткі гарадоў часоў фінікійскага, рымскага і візантыйскага панавання: Джаміла, Гіпон, Тымгад, Тыпаса, Шэршэль з руінамі ўмацаванняў, храмаў, тэатраў, тэрмаў, трыумфальных арак, акведукаў, жылых дамоў. Пры раскопках выяўлены творы скульптуры, мазаікі з міфалаг. і быт. сцэн. Пасля араб. заваявання ў гарадах будаваліся ўмацаванні, мячэці, медрэсэ, лазні, рынкі, палацы (г. Кала-Бені-Хамад, 11 ст.). У 10—13 ст. у гарадах Алжыр, Тлемсен, Канстанціна ўзведзены мячэці, вежы-мінарэты, палацы, грамадскія будынкі, арнаментаваныя разьбой па стука, кафляй. Дойлідства і дэкар.-прыкладное мастацтва Алжыра 16—18 ст. вызначаліся пышнасцю, багаццем формаў і разнастайнасцю арнаментыкі (палацы і вілы тур. намеснікаў). Гараджане жылі ў невял. 2—3-павярховых дамах з плоскімі дахамі, з замкнёнымі дворыкамі. У 1881 у г. Алжыр засн. Нац. школа архітэктуры і прыгожых мастацтваў. З 1930-х г. у Алжыры працавалі франц. архітэктары і інжынеры Ле Карбюзье, П.А.Эмеры, Б.Зерфюс, Л.Мікель, П.Турнон. У гарадах узводзіліся шматпавярховыя жылыя і адм. будынкі, вілы, асабнякі, набліжаныя да еўрап. архітэктуры. Дэкар.-прыкладное мастацтва прадстаўлена тканінамі, дыванамі, вышыўкай, размаляванай керамікай, вырабамі рамеснікаў. У выяўл. мастацтве 19 — пач. 20 ст. працавалі пераважна франц. мастакі, з 1920—30-х г. — мастакі-алжырцы (Мухамед і Амар Расім, Тэмам Ранем і інш.), з сярэдзіны 20 ст. — жывапісцы, графікі, скульптары (Х.Бенанбур, М.Будзід, І.Самсом, М.Адан, М.Хада, Ш.Меслі і інш.). У маст. жыцці сучаснага Алжыра вядучую ролю адыгрывае Нац. саюз работнікаў выяўл. мастацтва.

Музыка Алжыра мае шмат агульнага з музыкай Туніса, Марока, інш. краін рэгіёна. У ёй спалучаюцца араба-іранскія і турэцкія элементы з муз. традыцыямі лакальных этнасаў Алжыра (берберы, туарэгі, негрскія народы Сахары). Арабская класічная музыка Алжыра засн. на дасягненнях т.зв. зах. (андалузскай) школы. Асн. яе форма — алжырская нуба, разгорнутая 5-часткавая вак.-інстр. кампазіцыя з інстр. уверцюрай (тушыя); у аснове муз. развіцця рэгіянальныя разнавіднасці макамаў (вак.-інстр. цыклічная форма, засн. на шэрагу ладоў-макамаў). Сярод муз. інструментаў — уд (арабская лютня), рэбаб (струнны смычковы), канун (72-струнная цытра), духавыя, ударныя (бубны дэф і тар, барабан дарабука). З вак. жанраў вядомы касыды. З пач. 20 ст. развіваюцца формы сучаснай гар. музыкі — песенны жанр аль-джад (сярод майстроў кампазітар і спявак Хадж Мухамед аль-Анка) і муз. драма ў стылі аль-джад («Фако», «Дар Бібі» М.Бахтарзі). Муз. кадры ў Алжыры рыхтуюць вышэйшыя і сярэднія муз. навуч. ўстановы, кансерваторыя музыкі і дэкламацыі (з 1920) і Нац. ін-т музыкі.

Тэатр. Нац. тэатр у Алжыры існаваў у выглядзе выступленняў «гаўалі» (апавядальнікаў) і ценявога т-ра з удзелам Гарагуза (алж. Пятрушкі). У сучасных формах т-р узнік у канцы 19 — пач. 20 ст. Пасля 1-й сусв. вайны першую тэатр. трупу арганізаваў Р.Ксенціні. Справу яго прадоўжыў драматург Б.Махіддзін. У рэпертуары былі п’есы алж. драматургаў, зах.-еўрап. класікаў. З пачаткам вызв. вайны (1954) многія акцёры пакінулі радзіму і стварылі за мяжой (у Тунісе) алж. маст. ансамбль, на базе якога пасля абвяшчэння незалежнасці Алжыра ў 1962 створаны Алжырскі нац. т-р (з 1963 у г. Алжыр).

Кіно. Нац. кінематаграфія ў Алжыры зарадзілася ў перыяд вызв. вайны 1954—62. Пасля 1962 вытворчасць хранік.-дакумент. фільмаў павялічылася, зняты першыя маст. фільмы на фалькл.-этнагр. сюжэты ці прысвечаныя падзеям вайны 1954—62. У 1964 створаны нац. цэнтр кінематаграфіі, у 1974 — Савет аўдыёвізуальных мастацтваў (прафсаюз работнікаў кіно і тэлебачання). Сярод лепшых фільмаў 1970—80-х г.: «Бітва за Алжыр», «Вецер з Арэса», «Хроніка вогненных гадоў», «Амар Гатлата», «Анатомія адной змовы». Вядучыя рэжысёры: М. аль-Ахдар Хаміна, А.А.Тульбі, М.Алуаш, М.Буамары, М.С.Рыяд, А.Рашдзі.

Літ.:

Алжир: (справ.). М., 1977;

Ланда Р.Г. Кризис колониального режима в Алжире, 1931—1954. М., 1980;

Яго ж. История алжирской революции, 1954—62. М., 1983.

П.І.Рогач (прырода, гаспадарка), У.С.Кошалеў (гісторыя), Б.А.Лазука (выяўл. мастацтва), А.М.Гарахавік (музыка).

Герб і сцяг Алжыра.
Алжыр. У гарах Кабіліі.
Да арт. Алжыр. Цэнтральная частка горада Эль-Уэд.
Горад Алжыр.
Да арт. Алжыр. Наскальныя малюнкі ў Тасілін-Аджэры.
Наскальныя выявы ў Тасілі на поўдні Алжыра.
Да арт. Алжыр. Плато Тасілін-Аджэр.
Да арт. Алжыр. Трыумфальная арка Траяна ў г. Тымгад. Канец 2 ст.

т. 1, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛУ́ЧАНЫЯ ШТА́ТЫ АМЕ́РЫКІ, ЗША (United States of America, USA),

дзяржава ў Паўн. Амерыцы. Займае сярэднюю (48 штатаў) і паўн.-зах. (штат Аляска) часткі мацерыка, Гавайскія а-вы ў Ціхім ак. На Пн мяжуе з Канадай, на Пд — з Мексікай; на У абмываецца Атлантычным, на 3 — Ціхім акіянамі. Пл. 9809 тыс. км2 (3-я па велічыні краіна свету пасля Расіі і Канады). Нас. 265,6 млн. чал. (1995, 3-е месца ў свеце пасля Кітая і Індыі). Афіц. мова — англійская. Сталіца — г. Вашынгтон. Падзяляецца на 50 штатаў і адну федэральную (сталічную) акругу Калумбія, якія па тэр. прыкметах складаюць 9 груп (адм. падзел ЗША у табл., гл. таксама асобны арт. пра кожны штат). Існуе гіст. і эканам. падзел на Поўнач, Поўдзень, Захад. Пад суверэнітэтам ЗША Пуэрта-Рыка, частка Віргінскіх а-воў, Усходняе Самоа, Гуам і шэраг астравоў у Акіяніі. Нац. святы: Дзень нараджэння Дж.Вашынгтона (22 лют.), Дзень незалежнасці (4 ліп.), Дзень ветэранаў, або Дзень прымірэння (11 ліст.).

Дзяржаўны лад. ЗША — федэратыўная рэспубліка, якая складаецца з 50 штатаў і федэральнай (сталічнай) акр. Калумбія. У краіне дзейнічае канстытуцыя 1787 з 10 папраўкамі («Біль аб правах»), прынятымі ў 1791, і 17 папраўкамі, прынятымі ў 1795—1992. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца двухступеньчатым галасаваннем на 4 гады; разам з ім выбіраецца віцэ-прэзідэнт. Прэзідэнт валодае шырокімі паўнамоцтвамі: правам вета на рашэнні кангрэса; правам выдаваць загады, што маюць абавязковую сілу; з’яўляецца вярхоўным галоўнакамандуючым узбр. сіламі; узначальвае кабінет міністраў (сакратароў), якіх назначае са згоды сената; мае права памілавання і інш. Вышэйшая заканадаўчая ўлада належыць кангрэсу, які складаецца з 2 палат — сената і палаты прадстаўнікоў. Сенат уключае 100 членаў (выбіраюцца насельніцтвам праз прамыя выбары па 2 члены ад кожнага штата на 6 гадоў, кожныя 2 гады абнаўляецца ⅓ сената). Палата прадстаўнікоў складаецца з 435 членаў, што выбіраюцца на 2 гады.

Кожны штат мае сваю канстытуцыю, сістэму вышэйшых і мясц. органаў улады і кіравання. Заканад. ўлада належыць заканад. сходам, якія выбіраюцца на 2—4 гады, выканаўчая — губернатарам, якія, як правіла, таксама выбіраюцца насельніцтвам.

Суд. сістэма ЗША уключае федэральныя суды, суды штатаў і мясц. суды, складаецца з 85 раённых, 11 акр. (апеляцыйных) судоў і Вярх. суда ЗША. Усе суддзі гэтай сістэмы назначаюцца прэзідэнтам са згоды сената. Вярх. суд, апрача функцый па разгляду некат. важных спраў і нагляду за дзейнасцю ніжэйшых судоў, выконвае функцыі канстытуцыйнага нагляду.

Прырода. Рэльеф разнастайны. Паверхня ЗША падзяляецца на 2 часткі: сярэднюю і ўсх. — раўнінную з невысокімі гарамі і зах. — горную. На У і ПдУ плоскія нізіны: Прыатлантычная з п-вам Фларыда і Прымексіканская. На 3 ад Прыатлантычнай нізіны з ПнУ на ПдЗ цягнуцца стараж. палеазойскія моцна разбураныя горы Апалачы. Тэр. паміж Кардыльерамі і Апалачамі займаюць Цэнтр. раўніны выш. 200—300 м і Вял. раўніны выш. 500—1700 м над узр. м. На мяжы паміж Цэнтр. раўнінамі і Прымексіканскай нізінай невысокія плато Озарк і горы Уошыта. Зах. частка ЗША і штат Аляска заняты горнай сістэмай Кардыльераў; на У вулканічныя Каскадныя горы і хр. Сьера-Невада выш. да 4418 м (г. Уітні). Найвыш. пункт — г. Мак-Кінлі (6193 м) на Алясцы, найніжэйшы — упадзіна Даліны Смерці (-85 м) у Каліфорніі. Ціхаакіянскае ўзбярэжжа занята маладымі Берагавымі хрыбтамі альпійскай складкавасці выш. да 2529 м. На крайнім ПдЗ ЗША частыя землетрасенні. У ЗША здабываецца больш за 100 відаў карысных выкапняў, аднак некаторымі цалкам не забяспечаны. Запасы нафты 3,7 млрд. т (1995). Найбуйнейшае радовішча Прадха-Бей (Аляска). Большая частка запасаў на шэльфе Мексіканскага зал., Ціхага і Ледавітага акіянаў. Прыроднага газу 4,6 трлн. м3 (1995). Каменны вугаль у Апалачскім, Пенсільванскім, Ілінойскім і інш. басейнах (больш за 380 млрд. т). Асн. запасы жал. руды ў раёне Верхняга воз., урану — на плато Каларада; у Кардыльерах малібдэн (40% сусв. запасаў), вальфрам, медзь, цынк, золата і серабро, у даліне Місісіпі свінцова-цынкавыя руды. Вял. запасы фасфатнай сыравіны і серы (на Пд), значныя запасы тытанавых, берыліевых, кобальтавых, літыевых, сурмяных, ртутных руд, баксітаў, калійных солей, прыроднай соды, флюарыту барыту, азбесту, каштоўных і вырабных камянёў, разнастайных буд. матэрыялаў і інш. Асн. частка тэр. ЗША знаходзіцца ва ўмераным і субтрапічным паясах, паўд. ч. Фларыды і Гавайскія а-вы — у трапічным поясе, Аляска — у арктычным і субарктычным. У межах б.ч. краіны клімат кантынентальны, на ўзбярэжжы Ціхага ак. і на ПдУ — акіянічны. Сярэдняя т-ра студз. ад -16 °C да -18 °C на Пн Цэнтр. раўнін і ад 12 °C на ПдЗ да 20 °C на п-ве Фларыда; ліп. 16 °C на ПнЗ і ад 20 °C да 26 °C на У; на п-ве Фларыда і ў Каліфарнійскай даліне ад 22 да 28 °C. На ўнутр. плато Кардыльераў т-ра дасягае 40 °C (у Даліне Смерці 56,7 °C, найвыш. т-ра Зах. паўшар’я). Ападкаў 1200—1500 мм на ПнЗ і ПдУ і 400—700 мм у цэнтр. частках краіны, на плато Кардыльераў ад 200 да 500 мм за год. Максімум ападкаў выпадае на зах. схілах Каскадных гор (6000 мм за год) і на Гавайскіх а-вах (да 12 000 мм), мінімум (100 мм за год) — у пустынях па ніжнім цячэнні р. Каларада. Найб. р. Місісіпі з прытокамі Місуры, Арканзас, Рэд-Рывер, Агайо і інш. Рэкі Кардыльераў (Калумбія з Снейкам, Каларада) горнага характару, са значнымі запасамі гідраэнергіі. У засушлівых абласцях Вялікага басейна рэкі кароткія, паўнаводныя толькі зімой. Рэкі прыатлантычных раўнін кароткія, паўнаводныя, у ніжнім цячэнні суднаходныя. На Алясцы найб. р. Юкан. Вылучаецца сістэма Вялікіх азёр ледавікова-тэктанічнага паходжання. Пад лесам каля 35% тэр. краіны. Размяшчэнне глебава-раслінных зон вызначаецца змяненнем колькасці цяпла з Пн на Пд і сухасці з У на З. На ПнУ і ў раёне Вялікіх азёр хваёва-шыракалістыя лясы на дзярнова-падзолістых глебах, у сярэдняй ч. Прыатлантычнай нізіны і ў паўд. Апалачах — шыракалістыя лясы. На Пд Місісіпскай і Прыатлантычнай нізін, а таксама на Пн п-ва Фларыда субтрапічныя вечназялёныя лясы. На 3 ад Місісіпі да 100° зах. д. высакатраўныя прэрыі. На Вял. раўнінах прэрыі пераходзяць у сухія стэпы з чарназёмнымі, каштанавымі і карычневымі глебамі. Унутр. плато і пласкагор’і заняты сухімі стэпамі, палыннымі пустынямі з шэразёмамі і бурымі глебамі, якія на Пд пераходзяць у хмызняковыя пустыні. На Ціхаакіянскім узбярэжжы расліннасць змяняецца ад хваёвых лясоў на Пн да сухалюбівага хмызняку на Пд. Пад лясамі горныя бурыя лясныя глебы, пад хмызнякамі горныя карычневыя і горныя шэра-карычневыя. Жывёльны свет мае шмат агульных рыс з Еўропай і Азіяй, найлепш захаваўся на Алясцы, у запаведніках і нац. парках. Найб. нац. паркі — Йелаўстонскі, Іасеміцкі, Секвоя, Гранд-Каньён, Глейшэр, Вял. Тэтан.

Насельніцтва. Большасць — амерыканцы, нацыя, якая ўтварылася ад змяшання нашчадкаў перасяленцаў з розных краін Еўропы, а таксама неграў-рабоў з Афрыкі. Сярод імігрантаў 17·—18 ст. пераважалі англічане, якія сталі ядром амер. народа, шатландцы, галандцы, немцы, ірландцы; з 3-й чвэрці 19 ст. — немцы, ірландцы, англічане, выхадцы з скандынаўскіх краін, пазней — італьянцы і перасяленцы з краін Паўд. і Усх. Еўропы. У ЗША паводле неафіц. звестак каля 500 тыс. беларусаў. У 20 ст. ў эміграцыі ўзмацняецца доля перасяленцаў з Канады, Мексікі, Вест-Індыі. Белыя складаюць каля 85%, чорныя — 12%, астатнія — выхадцы з Азіі, астравоў Ціхага ак., індзейцы (каля 0,8%), эскімосы, алеуты. Выхадцы з Лацінскай Амерыкі (розных рас) складаюць 6,4%. Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (баптысты, лютэране, прэсвітэрыяне і інш.) — 55%, католікі — 30%, ёсць іудаісты (3%), праваслаўныя, мусульмане, будысты і інш. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 26,7 чал. на 1 км2; на 3 паступова памяншаецца, у Горных штатах каля 6, у Ціхаакіянскіх — каля 16, на Поўдні — 38 чал. на 1 км2. На размяшчэнне насельніцтва ўплываюць унутр. міграцыі. У 1980-я г. насельніцтва ЗША павялічылася на 9,8%, у т.л. Поўдня на 13,4%, Захаду на 22,3, Паўн. Усходу на 3,4, Сярэдняга Захаду на 1,4%. Паскоранымі тэмпамі расце насельніцтва ў т.зв. «сонечным поясе» — Каліфорніі, Тэхасе, Фларыдзе (амаль 50% прыросту ўсяго насельніцтва). У 1980-я г. колькасць негрыцянскага насельніцтва павялічылася на 13%, а белага (без іспанамоўнага) — на 4%. Хутка расце колькасць іспанамоўнага насельніцтва (асабліва мексіканцаў, пуэртарыканцаў, кубінцаў). 45% насельніцтва жыве ў субурбанізаваных зонах (прыгарадах), 30 — у гарадах і 25 — у сельскіх раёнах. Найб. гарады (1994, тыс. ж.): Нью-Йорк — 7333, Лос-Анджэлес — 3449, Чыкага — 2732, Х’юстан — 1702, Філадэльфія — 1524, Сан-Дыега — 1152, Фінікс — 1049, Далас — 1023. Вакол вял. гарадоў склаліся гар. агламерацыі. Найбольшыя з іх (1994, млн. ж.): Нью-Йоркская — 18, Лос-Анджэлеская — 14,5, Чыкагская — 8, Сан-Францыская — 6,2, Філадэльфійская — 5,9. У прыгарадах усё больш канцэнтруюцца камерцыя, прам-сць, індустр. паркі і інш. Некаторыя суседнія агламерацыі зліліся і ўтварылі мегалопалісы: Прыатлантычны (ад Бостана да Вашынгтона), Прыазёрны (ад Чыкага да Пітсбурга) і Каліфарнійскі (ад Сан-Францыска да Сан-Дыега).

Адміністрацыйны падзел ЗША, плошча і насельніцтва штатаў на 1996
Назва штата Плошча, тыс. км² Насельніцтва, тыс. чал.
Штаты Новай Англіі
Вермонт 24,9 589
Канектыкут 12,9 3274
Масачусетс 21,5 6092
Мэн 86,0 1243
Нью-Гэмпшыр 24,1 1162
Род-Айленд 3,2 990
Сярэднеатлантычныя штаты
Нью-Джэрсі 20,3 7988
Нью-Йорк 128,4 18 185
Пенсільванія 117,4 12 056
Цэнтр. штаты Паўн. Усходу
Агайо 106,7 11 173
Вісконсін 145,4 5160
Ілінойс 146,1 11 847
Індыяна 94,1 5841
Мічыган 150,8 9594
Цэнтр. штаты Паўн. Захаду
Аява 145,8 2852
Канзас 213,1 2572
Мінесота 217,8 4658
Місуры 180,4 5359
Небраска 200,0 1652
Паўд. Дакота 199,5 732
Паўн. Дакота 183,1 644
Паўд.-Атлантычныя штаты
Віргінія 105,7 6675
Джорджыя 152,6 7353
Дэлавэр 5,3 723
Зах. Віргінія 62,6 1826
Калумбія (акруга) 0,2 543
Мэрыленд 27,4 5072
Паўд. Караліна 80,4 3699
Паўн. Караліна 136,6 7323
Фларыда 151,7 14 400
Цэнтр. штаты Паўд. Усходу
Алабама 133,7 4273
Кентукі 104,6 3884
Місісіпі 123,6 2716
Тэнесі 109,4 5320
Цэнтр. штаты Паўд. Захаду
Аклахома 181,1 3301
Арканзас 137,5 2510
Луізіяна 125,7 4351
Тэхас 692,1 19 128
Горныя штаты
Айдаха 216,4 1189
Арызона 295,0 4428
Ваёмінг 253,6 481
Каларада 269,9 3823
Мантана 381,1 879
Невада 286,3 1603
Нью-Мексіка 315,1 1713
Юта 219,9 2000
Ціхаакіянскія штаты
Арэгон 251,2 3204
Аляска 1519,0 607
Вашынгтон 176,6 5533
Гаваі 16,7 1184
Каліфорнія 411,0 31 878

Гісторыя. Тэр. сучасных ЗША са стараж. часоў насялялі індзейскія плямёны і эскімосы (Аляска). Адкрытую ў 1492 Паўн. Амерыку каланізавалі з 16 ст. Іспанія, Францыя, Англія, Нідэрланды, Швецыя. У 18 ст. Аляску адкрылі і пачалі асвойваць рускія, а ў пач. 19 ст. рус. пасяленні з’явіліся ў Каліфорніі. Першая англ. калонія заснавана ў 1607 на Атлантычным узбярэжжы (Віргінія). На працягу 17—18 ст. там утварылася 13 англ. калоній з насельніцтвам каля 2,6 млн. чал., якія склалі 3 групы: Новая Англія (паўн.), сярэднеатлантычная і паўднёвая. У першых 2 развіваліся рамёствы, мануфактурная вытв-сць і фермерства, на поўдні — буйныя плантацыі з выкарыстаннем працы рабоў, пераважна неграў, якіх прывозілі з Афрыкі. Калоніі развіваліся па капіталіст. шляху і не жадалі быць крыніцай сыравіны і рынкам збыту для брыт. прам-сці. Эканам. палітыка брыт. ўрада тармазіла развіццё калоній, што выклікала іх супраціўленне і прыводзіла да грамадскіх беспарадкаў (бостанская разня 1770, «бостанскае чаяпіцце» 1773). На скліканым у 1774 Кантынентальным кангрэсе прынята рашэнне аб сумесных дзеяннях калоній супраць Вялікабрытаніі. Узбр. сутычкі каланістаў з брыт. войскамі сталі пачаткам вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83. Другі Кантынент. кангрэс прыняў Дэкларацыю не· залежнасці 1776, паводле Версальскага мірнага дагавора 1783 незалежнасць ЗША прызнала Вялікабрытанія. У 1787 Кантынент. кангрэс прыняў канстытуцыю ЗША, якая вызначыла статус краіны як федэратыўнай рэспублікі. У час абмеркавання канстытуцыі вылучыліся 2 паліт. групоўкі (антыфедэралісты і федэралісты), якія далі пачатак стварэнню ў ЗША двухпарт. сістэмы (канчаткова сфарміравалася ў 19 ст., гл. Дэмакратычная партыя, Рэспубліканская партыя). У 1791 набылі сілу першыя 10 паправак да канстытуцыі («Біль аб правах»), якія абвясцілі асн. дэмакр. свабоды. Першым прэзідэнтам ЗША выбраны Дж.Вашынгтон (1789—97). Пагрозай незалежнасці ЗША стала англа-амерыканская вайна 1812—14, якая не прынесла перамогі ніводнаму з бакоў. З гэтага часу замежная палітыка ЗША была скіравана на выцясненне еўрап. дзяржаў з Амерыкі, што засведчыла Манро дактрына (1823).

З пач. 19 ст. ЗША пашырылі сваю тэрыторыю: у 1803 у Францыі куплена Луізіяна, у 1819 аслабелая Іспанія вымушана была аддаць Фларыду і ўсю зах. ч. мацерыка вышэй 42-й паралелі; у выніку амерыкана-мексіканскай вайны 1846—48 ЗША захапілі амаль палавіну тэр. Мексікі: Тэхас, Верхнюю Каліфорнію, Арызону і Новую Мексіку. Прамысл. пераварот у сярэдзіне 19 ст. выразна падзяліў краіну на 2 часткі: Поўнач, дзе дынамічна развіваліся прам-сць, гандаль, самакіраванне, і Поўдзень, дзе захоўваліся рабства і плантацыйная гаспадарка. Спрэчкі пра рабства выклікалі паліт. крызіс у дзяржаве, парадзілі абаліцыянісцкі рух (гл. Абаліцыянізм) і пагражалі распадам федэрацыі. Спробы заключыць пагадненні (Місурыйскі кампраміс 1820, кампраміс 1850, біль Канзас-Небраска 1854) не далі выніку. У 1860 існавала 15 рабаўладальніцкіх штатаў і 18 штатаў, дзе рабства было забаронена. Стварэнне ў 1854 Рэсп. партыі, праграма якой выражала інтарэсы Поўначы, і абранне ў 1860 прэзідэнтам кандыдата гэтай партыі А.Лінкальна сталі непасрэднай прычынай грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65, якая скончылася перамогай Поўначы. Гэта дазволіла захаваць адзінства дзяржавы і ліквідаваць рабства. У 1867 ЗША набылі ў Расіі Аляску і Алеуцкія а-вы. Да канца 19 ст. ў ЗША адбыліся глыбокія эканам., грамадскія і паліт. змены; праведзена Рэканструкцыя Поўдня 1865—77. Хутка павялічылася насельніцтва краіны (у 1860—31,5 млн., у 1900—76 млн., у т.л. каля 14 млн. эмігрантаў). Эканам. рост, хоць і перарываны крызісамі, штогод перавышаў 10% і быў найбольшы ў свеце. Дынамічна развіваліся прам-сць, сельская гаспадарка, транспарт. Экспарт тавараў за 1866—1900 павялічыўся ў 3 разы. У выніку прафс. руху створаны арг-цыі Ордэн рыцараў працы, Амерыканская федэрацыя працы (1881), Індустрыяльныя рабочыя свету (1905) і інш. У 1886 у 1600 забастоўках прынялі ўдзел 600 тыс. рабочых. Пасаду прэзідэнта ў гэты час займалі пераважна прадстаўнікі Рэсп. партыі, якія рэалізоўвалі інтарэсы буйнога капіталу. Знешнюю палітыку ЗША характарызавалі ізаляцыянізм, нацыяналізм, а з 1890-х г.панамерыканізм. Рост эканам. магутнасці краіны спрыяў зараджэнню імперыял. мыслення, што дало пачатак ператварэнню ЗША у сусв. дзяржаву 3 часоў прэзідэнта У.Мак-Кінлі ЗША пачалі праводзіць палітыку экспансіянізму: у 1898 анексіравалі Гаваі, пачалі іспана-амерыканскую вайну 1898, у выніку якой падпарадкавалі Кубу, захапілі Пуэрта-Рыка і Філіпіны. Гэтую палітыку прадаўжалі прэзідэнты Т.Рузвельт, У.Х.Тафт, Т.В.Вільсан, пашыраючы і ўзмацняючы ўплыў ЗША у Лац. Амерыцы (у 1903 захапілі зону Панамскага канала) і на Д. Усходзе («Адчыненых дзвярэй палітыка»). Рузвельт даў пачатак правядзенню ў дзяржаве рэформ т.зв. эры прагрэсу, якія працягвалі абодва яго пераемнікі.

У пач. 1-й сусв. вайны Вільсан абвясціў нейтралітэт ЗША, але актыўна дапамагаў зах. саюзнікам. 6.4.1917 ЗША уступілі ў вайну на баку Антанты і накіравалі ў Францыю каля 2 млн. салдат (загінула каля 112 тыс.). Удзел ЗША у вайне прадвызначыў яе зыход. Распрацаваныя Вільсанам палажэнні мірнага дагавора і яго праграма «14 пунктаў» ляглі ў аснову рашэнняў Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20. Аднак кангрэс ЗША не ратыфікаваў Версальскі мірны дагавор 1919 і не даў згоды на ўступленне ЗША у Лігу Нацый. ЗША не прызналі Сав. Расію. У 1921 яны заключылі асобныя мірныя дагаворы з Германіяй, Аўстрыяй і Венгрыяй. Ва ўнутр. справах прэзідэнты-рэспубліканцы У.Гардынг і К.Кулідж праводзілі палітыку мінім. ўмяшання дзяржавы ў эканоміку. Дынамічна развівалася прам-сць, экспарт і замежныя інвестыцыі павялічыліся ў некалькі разоў, долар стаў асн. валютай у свеце, рос дабрабыт амерыканцаў. У выніку ЗША ператварыліся ў найбуйнейшую эканам. дзяржаву свету, а Зах. Еўропа стала іх даўжніком. Гэта прыцягвала ў ЗША эмігрантаў, у 1930 насельніцтва ЗША складала больш за 122 млн. чал. Крах на нью-йоркскай біржы (24.10.1929, «чорны чацвер») даў пачатак у ЗША сусв. эканам. крызісу. Вытв-сць у краіне знізілася ў 2 разы, беспрацоўе дасягнула 25%, асабліва цяжкім было становішча фермераў (​1/4 з іх пазбавілася зямлі).

Выйсце з крызісу пачалося ў 1932, калі на прэзідэнцкіх выбарах перамог кандыдат дэмакратаў Ф.Д.Рузвельт, які прапанаваў праграму шырокага ўмяшання дзяржавы ў эканоміку. Былі рэфармаваны банкі, сельская гаспадарка, прам-сць, арганізаваны грамадскія работы, уведзена дапамога для пенсіянераў і беспрацоўных, забаронена дзіцячая праца. У краіне пачалося эканам. ажыўленне, рост ваен. прам-сці спрыяў ліквідацыі ў 1939 беспрацоўя. У 1933 Рузвельт абвясціў палітыку добрасуседства ў дачыненні да краін Лац. Амерыкі, у гэтым жа годзе ўстаноўлены дыпламат. адносіны з СССР. Кангрэс прыняў чарговыя законы аб нейтралітэце (1935, 1936, 1937), у якіх ЗША дыстанцыраваліся ад еўрап. канфліктаў. Пасля пачатку 2-й сусв. вайны 4.11.1939 прынята папраўка да закону 1937, якая дазваляла продаж зброі, што дапамагло краінам, якія ваявалі з дзяржавамі фаш. блоку, паспрыяла прыняццю закону аб ленд-лізе (1941) і аказанню ў 1941—45 значнай дапамогі саюзнікам. 12.3.1941 Рузвельт і У.Чэрчыль падпісалі Атлантычную хартыю, якая вызначала прынцыпы палітыкі ЗША і Вялікабрытаніі ў ходзе і пасля 2-й сусв. вайны.

7.12.1941 Японія атакай на Пёрл-Харбар пачала вайну супраць ЗША. 8 снеж. ЗША уступілі ў вайну, 11 снеж. ім аб’явілі вайну Германія і Італія. ЗША сталі чл. Антыгітлераўскай кааліцыі. Удзел ЗША з 1941 у ваен. дзеяннях у Азіі, на Ціхім і Атлантычным акіянах, з 1942 у Афрыцы, з 1943 у Еўропе (15 млн. салдат, страты — каля 1,1 млн.), яе магутная ваен. вытв-сць зрабілі значны ўплыў на ход і вынікі вайны. ЗША удзельнічалі ў міжнар. канферэнцыях, якія мелі на мэце каардынацыю стратэгіі саюзнікаў. На Тэгеранскай канферэнцыі 1943 і Крымскай канферэнцыі 1945 кіраўнікі 3 дзяржаў вызначылі свае планы канчатковага разгрому агульнага ворага, дамовіліся аб правядзенні агульнай палітыкі ў адносінах да Германіі пасля яе поўнага паражэння і безагаворачнай капітуляцыі. На Патсдамскай канферэнцыі 1945 ЗША прадстаўляў прэзідэнт Р.Трумэн, ім было прынята рашэнне аб атамнай бамбардзіроўцы Хірасімы (6.8.1945) і Нагасакі (9.8.1945), каб прымусіць Японію да безагаворачнай капітуляцыі (2.9.1945). 2-я сусв. вайна завяршыла працэс пераўтварэння ЗША у звышдзяржаву. Актыўнасць на міжнар. арэне стала вызначальнай у знешняй палітыцы краіны, асн. палажэнні якой былі сфармуляваны ў Трумэна дактрыне. ЗША аказвалі фін. дапамогу Еўропе (гл. Маршала план), але СССР і інш. сацыяліст. краіны адмовіліся ад яе. Пачаўся перыяд «халоднай вайны». ЗША узялі на сябе ролю лідэра некамуніст. свету. Асн. прынцыпам іх міжнар. палітыкі стала пашырэнне ўплыву ЗША, процідзеянне росту міжнар. аўтарытэту і ўплыву СССР, гарантаванне бяспекі і эканам. дапамогі краінам, якія могуць апынуцца пад яго кантролем. ЗША адыгралі істотную ролю ў стварэнні ваен. блокаў НАТО (1949), АНЗЮС (1951), СЕАТО (1954), СЕНТО (1956). Імкнучыся да аслаблення міжнар. напружання, прэзідэнт Д.Эйзенхаўэр распачаў актыўную дыпламат. дзейнасць: наведаў Вялікабрытанію, Францыю, Германію, запрасіў у ЗША М.С.Хрушчова, але візіт быў сарваны ў выніку інцыдэнту з амер. разведвальным самалётам У-2. У час прэзідэнцтва Эйзенхаўэра спынены разгул макартызму, пачаўся пераход ад палітыкі бескампраміснай барацьбы з камунізмам да палітыкі суіснавання. У 1954 Вярх. суд ЗША ліквідаваў расавую сегрэгацыю ў школах. Да 1960 колькасць насельніцтва павялічылася да 179 млн., захоўвалася стабільная эканам. сітуацыя, раслі даходы і адукац. ўзровень грамадства (больш як 40% амерыканцаў мелі сярэднюю адукацыю), якое ператварылася ў тэхнакратычнае. На прэзідэнцкіх выбарах 1960 перамог дэмакрат Дж.Ф.Кенэдзі, які пачаў ажыццяўляць сваю праграму «новых рубяжоў», накіраваную на ліквідацыю расавай дыскрымінацыі, рэфармаванне сістэмы сац. забеспячэння, вышэйшай школы, узмацненне федэральнай улады, павелічэнне ролі дзяржавы ў эканоміцы. Пасля няўдалага ўварвання на Кубу ў раёне Плая-Хіран (1961) і Карыбскага крызісу 1962 Кенэдзі змякчыў канфрантацыйную палітыку ў дачыненні да СССР і заключыў пагадненне аб частковай забароне выпрабаванняў атамнай зброі (Маскоўскае пагадненне 1963). Саперніцтва з СССР працягвалася ў галіне асваення космасу.

Адносіны з Лац. Амерыкай развіваліся паводле праграмы «саюз дзеля прагрэсу». Л.Б.Джонсан, які стаў прэзідэнтам пасля забойства Кенэдзі, працягваў яго ўнутр. палітыку на падставе праграмы «вялікае грамадства» (захаванне грамадз. правоў, барацьба з расавай сегрэгацыяй і беднасцю). Але ён не змог прадухіліць масавыя выступленні жыхароў трушчоб і пратэсты негрыцянскага насельніцтва, лідэр якога М.Л.Кінг быў забіты ў 1968. Шырокі пратэст у грамадстве выклікала палітыка Джонсана ў Азіі, асабліва ў В’етнаме, дзе да снеж. 1968 у ваен. дзеяннях прымалі ўдзел больш як 0,5 млн. амер. вайскоўцаў. Рэспубліканец Р.М.Ніксан пачаў праграму в’етнамізацыі вайны (дактрына Ніксана 1969), але адначасова былі пачаты ваен. дзеянні ў Камбоджы (1970) і Лаосе (1970; праз некалькі месяцаў войскі ЗША адтуль выведзены). У 1972 ён аднавіў мірныя перагаворы ў Парыжы. Пасля падпісання Парыжскага пагаднення 1973 з В’етнама выведзены войскі ЗША і іх саюзнікаў. У 1969 адміністрацыя Ніксана пачала перагаворы з СССР па пытаннях абмежавання стратэг. узбраенняў, пашырыла кантакты з СССР і інш. краінамі Варшаўскага дагавора; пачала нармалізацыю адносін з Кітаем. Паліт. злоўжыванні (гл. Уотэргейт) прымусілі Ніксана падаць у адстаўку (першы выпадак у гісторыі ЗША). Яго змяніў Дж.Р.Форд, пры якім у адносінах з СССР працягвалася палітыка разрадкі. Перыяд прэзідэнцтва Дж.Э.Картэра супаў з сусв. энергетычным крызісам. Прапанаваная ім праграма мела на мэце дасягненне ЗША энергет. незалежнасці. Як і яго папярэднікі, ён змагаўся з інфляцыяй, ростам беспрацоўя. У знешняй палітыцы да часу ўводу ў Афганістан сав. войск Картэр працягваў палітыку разрадкі і перагавораў, у 1979 падпісаў у Вене дагавор аб абмежаванні стратэгічнай зброі (SALT), устанавіў дыпламат. адносіны з Кітаем, спрыяў падпісанню ў 1978 Кэмп-Дэвідскіх пагадненняў, а ў 1979 — мірнага дагавора паміж Ізраілем і Егіптам. У 1980 прэзідэнтам стаў рэспубліканец Р.У.Рэйган. Дзякуючы рэалізацыі яго эканам. праграмы (т.зв. рэйганоміка) павялічыўся нац. даход, значна панізіўся ўзровень інфляцыі, зменшылася беспрацоўе. У знешняй палітыцы ён быў прыхільнікам сілавых метадаў і аказання дапамогі антыкамуніст. рухам (дактрына Рэйгана 1985), падтрымліваў апазіцыю ва Усх. Еўропе, вёў з СССР перагаворы пра абмежаванне ўзбраенняў, у т.л. START (пра скарачэнне стратэгічнай зброі). З 1985 адбываліся сустрэчы на вышэйшым узроўні з М.С.Гарбачовым, у 1987 падпісаны дагавор аб ліквідацыі ракет сярэдняга радыуса дзеяння. Адначасова Рэйган ініцыіраваў праграму т.зв. зорных войнаў. У 1988 яго змяніў Дж.Буш, які праявіў асаблівую актыўнасць у знешняй палітыцы: быў ініцыятарам стварэння міжнар. узбр. сіл і ажыццяўлення ваен. дзеянняў у Персідскім зал., паспрыяў канчатковаму афармленню Паўночнаамер. дагавора аб свабодным гандлі (NAFTA); падтрымліваў дэмакр. пераўтварэнні ва Усх. Еўропе; працягваў перагаворы з СССР аб раззбраенні і падпісаў дагавор аб скарачэнні стратэгічнай зброі (START). Пасля распаду СССР і сацыяліст. лагера ЗША засталіся адзінай супердзяржавай. У 1992 на прэзідэнцкі пост абраны дэмакрат У.Дж.Клінтан. Яго прэзідэнцтва адзначана сутыкненнямі з кангрэсам (пасля выбараў 1994 перавагу ў абедзвюх палатах маюць рэспубліканцы), які не прыняў прэзідэнцкі праект рэфармавання сістэмы сац. забеспячэння. У знешняй палітыцы Клінтан абвясціў аб працягу дзеянняў ЗША па ўзмацненні дэмакр. сістэмы і пабудове ў свеце рыначнай эканомікі, падтрымцы дэмакр. перамен, што адбыліся ва Усх. Еўропе і Расіі. У 1994 ЗША паспрыялі падпісанню ізраільска-іарданскага мірнага дагавора, а таксама звяржэнню ваен. дыктатуры на Гаіці; у 1995—96 удзельнічалі ў ваен. аперацыях НАТО у б. Югаславіі. Член ААН з 1945. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў снеж. 1991.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. У ЗША існуе двухпартыйная сістэма, якая ўзнікла ў 19 ст. і канчаткова аформілася пасля грамадз. вайны 1861—65. У паліт. жыцці краіны дамінуюць Дэмакр. і Рэсп. партыі, якія з’яўляюцца т.зв. выбарчымі партыямі. Сур’ёзнай апазіцыі ў ЗША няма. Сярод інш. партый, якія не адыгрываюць значнай ролі: маргінальныя ідэалагічныя партыі (камуністычная, Сац. партыя працы, Сац. партыя, кансерватыўная партыя), эфемерныя т.зв. трэція партыі (Прагрэсіўная партыя). Найб. прафс. аб’яднанне — Амер. федэрацыя працы — Кангрэс вытв. прафсаюзаў (АФП—КВП).

Гаспадарка. ЗША — самая высокаразвітая індустр.-агр. краіна свету. Яны даюць 21,2% валавога ўнутр. прадукту (ВУП) свету (1994), на душу насельніцтва прыпадае 21,3 тыс. долараў. Асн. ч. валавога прадукту даюць прамысловасць і сфера паслуг. ЗША — буйнейшая прамысл. і с.-г. дзяржава, валодае самым вялікім навук.-тэхн. патэнцыялам, лідэр у шэрагу важнейшых кірункаў навук.-тэхн. прагрэсу. Уласныя рэсурсы задавальняюць патрэбы ў каменным вугалі, медзі, свінцы, малібдэне, фасфатах і многіх інш. відах мінер. сыравіны. Кобальт, хром, марганец, плаціна забяспечваюць патрэбы толькі часткова. Некат. віды сыравіны (стронцый, ніобій і інш.) імпартуюцца. У агульнай вытв-сці энергіі пераважаюць нафта (40,2%), прыродны газ (24,8%). Здабыча нафты 393 млн. т (1994). Найважнейшыя штаты па яе здабычы Тэхас, Аляска, Луізіяна, Каліфорнія; найбуйнейшыя нафтавыя кампаніі «Эксан» і «Мобіл». Імпарт нафты 330 млн. т (з Канады, Мексікі, Саудаўскай Аравіі, Вялікабрытаніі). Здабыча прыроднага газу 538 млрд. м3 (1995), імпарт з Канады 79,3 млрд. м3 (1995). Асн. ч. каменнага вугалю здабываецца ў Апалачскім басейне, бурага вугалю і лігнітаў — у штаце Паўн. Дакота. Агульная яго здабыча 865,3 млн. т (1993), у т.л. каменнага вугалю 791,1 млн. т. Вугаль экспартуецца (штогод каля 80—100 млн. т) і адначасова імпартуецца з Калумбіі, Канады, Аўстраліі для электрастанцый Поўдня. Сумарная магутнасць электрастанцый больш за 700 млн. кВт, выпрацоўка электраэнергіі 2882,2 млрд. кВт·гадз (1993).

ЦЭС даюць 60% электраэнергіі, АЭС — 22, ГЭС — 18%. Большасць АЭС працуе на Поўначы. У горных раёнах 1300 ГЭС, самая вялікая з іх Гранд-Кулі (магутнасць 10,8 млн. кВт) на р. Калумбія. Апрацоўчая прам-сць вызначаецца складанай структурай, вял. затратамі на н.-д. і доследна-канструктарскія работы, высокай спецыялізацыяй і высокім узроўнем прадукцыйнасці працы. Дае каля 18% ВУП. Дынамічна развіваюцца новыя навукова-ёмістыя галіны: радыёэлектронная, прыладабуд., авіяц. і ракетна-касм. прам-сць, вытв-сць станкоў з праграмным кіраваннем, гнуткіх аўтаматызаваных сістэм, прамысл. робатаў, абсталявання для АЭС, новых канструкцыйных матэрыялаў. На найноўшыя тэхналогіі пераводзіцца вытв. апарат традыц. галін — металургіі, агульнага машынабудавання, лёгкай, харч., дрэваапр. і інш. галін прам-сці. Найбуйнейшы машынабуд. комплекс (металаапрацоўка, агульнае і трансп. машынабудаванне, прыладабудаванне); найважнейшыя яго цэнтры Лос-Анджэлес, Чыкага, Дэтройт, НьюЙорк, Філадэльфія, Кліўленд, Бостан. У вытв-сці аўтамабіляў (12 млн. шт., 1995) дамінуюць кампаніі «Джэнерал Мотарс», «Форд-мотар», «Крайслер» (з 1998 «Даймлер—Крайслер»). Асн. цэнтры аўтамабілебудавання ў раёне Вял. азёр. Асн. цэнтры авіякасм. прам-сці ў Каліфорніі, на Паўн. Усходзе і Поўдні. Усюды развіта вытв-сць станкоў, с.-г. машын, пад’ёмна-трансп. абсталявання. У радыёэлектроннай прам-сці (каля 30% сусв. вытв-сці) пераважае выпуск прадукцыі прамысл. і ваен. прызначэння; асн. цэнтры Лос-Анджэлес, Чыкага, Нью-Йорк, Бостан; найб. кампаніі «Інтэрнэшанал бізнес мэшынс» і «Джэнерал электрык». Чорная і каляровая металургія рэканструююцца, скарачаецца колькасць прадпрыемстваў. Выплаўка сталі ў 1970—131,5 млн. т, у 1995—104,9 млн. т. Асн. раён здабычы жал. руды на 3 ад Верхняга воз. Каля 17—20 млн. т руды імпартуецца. Алюмініевыя прадпрыемствы ў басейнах рэк Калумбія і Тэнесі і ў штатах Тэхас і Луізіяна, вытв-сць 6563 тыс. т (1995). Іншыя прадпрыемствы каляровай металургіі (здабыча і выплаўка медзі, свінцу, цынку, малібдэну, хрому, вальфраму, золата, серабра і інш.) на горным Захадзе. ЗША займаюць вядучае месца ў свеце па вытв-сці мінер. угнаенняў, пластмас, хім. валокнаў, сінт. каўчуку і інш. Выпуск прадукцыі пераважна на Поўначы і Поўдні, гал. цэнтры Х’юстан (хім. сталіца), Чарлстан (штат Зах. Віргінія), Батан-Руж. На Поўдні на мясц. фасфарытах (пераважна штат Фларыда, здабыча 43,5 млн. т, 1995) вытв-сць фасфатных угнаенняў. Атамная прам-сць (здабыча і абагачэнне уранавых руд) у штатах Нью-Мексіка і Каларада, вытв-сць матэрыялаў, якія расшчапляюцца — у Ханфардзе, Ок-Рыджы, Падзьюцы. Добра развіта і мадэрнізавана тэкст., трыкат. і швейная прам-сць. Баваўняныя тканіны выпускаюць на Поўдні і ў Прыатлантычных штатах, шарсцяныя і шаўковыя — на Поўначы. Нью-Йорк — буйнейшы цэнтр швейнай прам-сці. Добра развіта харч. (1-е месца ў свеце), лясная прам-сць (вытв-сць піламатэрыялаў, цэлюлозы, паперы — буйнейшая ў свеце). У сельскай гаспадарцы акрамя фермераў і членаў іх сем’яў працуе каля 1 млн. наёмных рабочых, вял. колькасць спецыялістаў і навук. супрацоўнікаў. Усяго ў агр.-прамысл. комплексе (АПК) занята 25 млн. чал. (1995). Асн. частку с.-г. прадукцыі даюць буйныя фермы індустр. тыпу (з гадавым абаротам больш за 100 тыс. дол.), іх доля ў агульнай колькасці фермаў каля 12%, у продажы с.-г. прадукцыі каля 75%. Характэрны высокі ўзровень механізацыі і хімізацыі сельскай гаспадаркі. Вял. ролю адыгрываюць аграпрамысл. аб’яднанні, у якіх вытв-сць с.-г. прадукцыі, яе перапрацоўка і збыт цесна звязаны. У структуры с.-г. угоддзяў (без Аляскі) на апрацаваныя землі, у т.л. ворыва, сады, вінаграднікі, сенажаці, прыпадае каля 22% усёй тэрыторыі, на пашы — каля 31%. Колькасць с.-г. фермаў зніжаецца (2072 тыс. ў 1995), сярэдні іх памер каля 200 га. Шырока выкарыстоўваюцца дасягненні навукі і высокай тэхналогіі. ЗША — вядучы экспарцёр с.-г. прадукцыі. Жывёлагадоўля і раслінаводства даюць адпаведна 50,5 і 49,5% даходаў фермаў. Асн. прадукцыя: мяса, малако, збожжа і соевыя зярняты. Вытв-сць (1995): збожжа 279 млн. т, у т.л. кукурузы 177 млн. т, пшаніцы 65,9 млн. т. Збор соевых зярнят 63 млн. т (1994; каля палавіны сусв. вытв-сці). Расце вытв-сць сорга і проса на кармавыя мэты — каля 16 млн. т штогод (чвэрць сусв. вытв-сці). Агародніцтва і садоўніцтва (апельсіны, яблыкі, грэйпфруты, міндаль, авакада, ананасы і інш.). Вял. зборы бавоўны (4,3 млн. т, 1995), тытуню, арахісу. Бульба (18,2 млн. т, 1993) пераважна ў штатах Айдаха, Арэгон. Пагалоўе (1995; млн. галоў): буйн. раг. жывёлы 103, свіней 60, авечак каля 9, коней 5,5. Развіта птушкагадоўля (каля 400 млн. курэй). У АПК склаўся малочны комплекс, працуюць т.зв. «фабрыкі малака». Прыазёрныя штаты — вядучыя па вытв-сці малака, сыру, масла. У штатах кукурузнага пояса вядзецца адкорм буйн. раг. жывёлы і свіней. Склаліся с.-г. раёны (паясы): малочнай жывёлагадоўлі, кукурузна-мясны, зернева-жывёлагадоўчы, тэхн. культур, субтрапічнага земляробства, збожжавы (пшанічны пояс), мясной жывёлагадоўлі (вырошчванне маладняку буйн. раг. жывёлы — Тэхас, Аклахома, Канзас, Небраска, Каліфорнія), агародніцтва (на ўзбярэжжы Атлантычнага ак.), пашавай жывёлагадоўлі (горны Захад). Значныя параённыя адрозненні ў спецыялізацыі і ўзроўнях развіцця гаспадаркі. Паўн. Усход — найб. прамыслова развіты раён; Нью-Йорк — гал. фін. цэнтр свету. Нью-Йоркскі прамысл. раён — буйнейшы ў краіне. Сярэдні Захад дае 45—50% с.-г. прадукцыі ЗША, асабліва развіта вытв-сць пшаніцы, соі, кукурузы, мае 40% пагалоўя буйн. раг. жывёлы і 80% пагалоўя свіней. Чыкага — 2-і па значэнні гандл. і фін. цэнтр краіны. Поўдзень — гал. раён нафтагазавай прам-сці. Развіццё раёна апіраецца на багатыя прыродныя рэсурсы. Асабліва развіты нафтахім., авіякасм. і радыёэлектронная прам-сць. Захад — самы малады раён, мае вял. рэсурсны патэнцыял. Вызначаецца каляровай металургіяй, электратэхн., радыёэлектроннай і авіякасм. прам-сцю, агульным машынабудаваннем. Каліфорнія вызначаецца людскім, навук.-тэхн. і прамысл. патэнцыялам. Сфарміраваўся буйны Лос-Анджэлескі прамысл. раён.

Транспарт. Даўж. чыгунак каля 260 тыс. км, аўтадарог (разам з гарадскімі) 6,3 млн. км (больш за чвэрць сусв. сеткі). У краіне 146 млн. легкавых, 59 млн. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1995). Аснову чыг. сеткі складаюць транскантынентальныя магістралі. Вял. значэнне маюць унутр. водныя шляхі, асабліва па рэках Місісіпі, Агайо, Вял. азёрах, Берагавым канале. Танаж марскога гандл. флоту каля 25 млн. т. Буйнейшыя марскія парты — Нью-Йорк, Новы Арлеан, Х’юстан. Сетка нафтаправодаў (325 тыс. км) і газаправодаў (440 тыс. км) злучае раёны здабычы і спажывання нафты і газу. У перавозках пасажыраў вял. значэнне мае авіяцыя. У краіне 834 аэрапорты і аэрадромы. Аб’ём экспарту 4198,6 млрд. дол., імпарту 4323,3 млрд. дол. (1994). Больш як ⅔ знешняга гандлю прыпадае на развітыя краіны. У экспарце пераважаюць прамысл. абсталяванне, самалёты, аўтамашыны, радыёэлектроннае абсталяванне, ваен. тэхніка, хімікаты, кукуруза, соевыя зярняты, бавоўна, тутунь і тытунёвыя вырабы і інш. ЗША — буйны экспарцёр капіталу. У імпарце вядучае месца займаюць гатовыя вырабы, прамысл. сыравіна, каляровыя металы, нафта. Гал. гандл. партнёры — Канада, краіны Лац. Амерыкі (асабліва Мексіка і Бразілія), Зах. Еўропы, Японія, Кітай, Аўстралія і інш. Хутка развіваецца міжнар. турызм. Краіну наведваюць штогод больш за 40 млн. замежных грамадзян (з Канады, Зах. Еўропы, Японіі). Склаліся прыродна-рэкрэацыйныя раёны — Фларыда, Каліфорнія, Гаваі, Горныя штаты. Гандл. сувязі паміж ЗША і Беларуссю мала развіты. У асобныя гады ЗША набываюць на Беларусі невял. партыі трактароў, калійныя і азотныя ўгнаенні, тканіны, шыны для с.-г. машын; а Беларусь у ЗША — пшаніцу, кукурузу, выліч. машыны, гербіцыды, каўчук. Знешнегандл. абарот паміж Беларуссю і ЗША дасягнуў 212 млн. долараў (1996). Грашовая адзінка — долар ЗША.

Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМФ. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт, які ажыццяўляе агульнае кіраўніцтва ўзбр. сіламі праз Савет нац. бяспекі і Мін-ва абароны, непасрэдны кіраўнік — міністр абароны, рабочы і дарадчы орган — аб’яднаны к-т начальнікаў штабоў. Практычная рэалізацыя загадаў кіраўніцтва ўскладзена на аб’яднаныя камандаванні ўзбр. сіл: функцыян. (стратэг., касм., спец. аперацый і інш.) і рэгіянальныя, ці геагр. (у зонах Ціхага і Атлантычнага акіянаў, Еўропы, Цэнтр. і Паўд. Амерыкі і інш.). У 1997 узбр. сілы налічвалі больш за 3,1 млн. чал., у т.л. нац. гвардыя і боегатовы рэзерв 1,6 млн. чал., цывільныя служачыя — 800 тыс. Падзяляюцца на стратэг. сілы (сілы і сродкі сухап. войск, ВПС і ВМФ, аператыўна падпарадкаваныя стратэг. камандаванню) і сілы агульнага прызначэння (уключаюць усе сілы няядз. ўздзеяння). На ўзбраенні каля 7,6 тыс. ядз. боегаловак, у т.л. марскога базіравання 3,6 тыс., наземнага — 2,4 тыс., паветр. — 1,6 тыс. У сухап. войсках каля 500 тыс. чал., больш за 10,5 тыс. танкаў, 8,5 тыс. артыл. сродкаў, 10 тыс. мінамётаў і інш. У ВПС каля 400 тыс. чал., больш за 3 тыс. баявых самалётаў. У ВМФ (разам з марской пяхотай) больш за 600 тыс. чал., каля 500 баявых караблёў і суднаў. У адпаведнасці з нац. ваен. стратэгіяй і міжнар. дагаворамі ваен. прысутнасць ЗША у Еўропе значна скарацілася. Сілы агульнага прызначэння ў Еўропе ў 1997 складаліся з 2 дывізій і брыгады (у 1990 — адпаведна 4 і 3), якія ўключалі 60 тыс. чал., 402 танкі, 216 баявых самалётаў, 245 артыл. сістэм і інш. баявую тэхніку. Узбр. сілам ЗША належыць ключавая роля ў НАТО (у 1996—58,1% усіх ваен. расходаў блока). Доля ваен. расходаў у валавым нац. прадукце краіны складала 3,6%, у бюджэце — 17,3% (1996). У рамках праграм «Партнёрства дзеля міру», «Ваенныя — ваенным» і інш. развіваецца супрацоўніцтва Узбр. сіл Беларусі і ЗША.

Ахова здароўя. Сістэма дзярж. аховы здароўя грунтуецца на спец. праграмах. У рамках сац. страхавання выплачваюцца пенсіі, дапамогі сем’ям застрахаваных, па інваліднасці, па хваробе, пажылым людзям. Такія паслугі фінансуюцца за кошт узносаў, якія выплачваюць у аднолькавым памеры і працанаймальнікі і работнікі (кантралююцца федэральнымі ўладамі). Элементам гэтай сістэмы з’яўляецца мед. страхаванне (праграма Медыкар, з 1966), якое ўключае бальнічнае і пазабальнічнае добраахвотнае страхаванне (дадатковы ўзнос). Такой праграмай ахоплены людзі, якім 65 і больш гадоў, а таксама маладзейшыя, калі яны 2 апошнія гады мелі права на сац. дапамогу. Праграмай Медыкэйд карыстаюцца людзі пажылыя, з фіз. недахопамі, сем’і беспрацоўных з дзецьмі. Праграма ўваходзіць у склад больш шырокага ўрадавага праекта (1972), які фінансуецца з бюджэту. Кампенсацыі з прычыны страты здароўя або смерці з-за выпадку на працы залежаць ад памераў заработнай платы і выплачваюцца ва ўсіх штатах. Федэральны ўрад выплачвае кампенсацыі шахцёрам і іх сем’ям з прычыны страты здароўя. Апрача таго, кожны грамадзянін і прадпрыемства для сваіх супрацоўнікаў могуць выкупіць прыватныя страхавыя мед. полісы (маюць падатковыя льготы) або заявіць аб удзеле ў Арганізацыі аховы здароўя. Прыналежнасць да яе і аплата ўзносаў даюць права на атрыманне бясплатных мед. паслуг. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 73, жанчын 79 гадоў. Смяротнасць — 9 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 223 чал., урачамі — 1 на 391 чал. Узровень нараджальнасці 15 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць 7 на 1 тыс. нованароджаных (1996).

Асвета і навуковыя ўстановы. Сістэма адукацыі ЗША уключае дзярж. і прыватны сектары, куды ўваходзяць дашкольныя ўстановы, агульнаадук. школы, ВНУ розных узроўняў. Многія дзеці пачынаюць навучанне ў дзіцячых садах. У ЗША каля 74 тыс. пач. школ, каля 25 тыс. сярэдніх і каля 6,8 тыс. камбінаваных. Працягласць навучання ў агульнаадук. школе звычайна 12 гадоў (з 6-гадовага ўзросту). У большасці штатаў абавязковае навучанне да 16-гадовага ўзросту, у некаторых — да 18-гадовага. Пач. школа — 1—6-ы кл. Сярэдняя школа ў большасці акруг падзяляецца на малодшую (7—9-ы кл.) і старэйшую (10—12-ы кл.). Асн. прынцыпы навучання ў сярэдніх школах — свабодны выбар вучнямі (асабліва старэйшых класаў) навуч. дысцыплін. З 9-га кл. складаецца некалькі праграм навучання, якія супадаюць з профілямі старэйшай школы, дзе праводзіцца дыферэнцыраванае навучанне дзяўчат і юнакоў ва ўзросце 16—18 гадоў. У адпаведнасці з праграмамі адрозніваюць 3 профілі навучання: акадэмічны (накіраваны на падрыхтоўку для паступлення ў каледжы), прафесійны (дае практычныя веды для ўладкавання на работу), агульны (не дае спец. падрыхтоўкі). Каля 65% выпускнікоў сярэдніх школ паступае ў каледжы або ун-ты. У ЗША больш за 3,3 тыс. каледжаў і ун-таў (1994). Малодшыя (мясцовыя) 2-гадовыя каледжы фінансуюцца мясц. ўладамі і разлічаны на задавальненне мясц. патрэб у спецыялістах. Пасля заканчэння 4-гадовых ВНУ — ун-таў ці самастойных каледжаў прысуджаецца ступень бакалаўра; пры дадатковым навучанні на працягу 1—2 гадоў — ступень магістра. Існуюць тэхн. ін-ты, прафес. школы, якія не прысуджаюць ступень бакалаўраў (выпускнікі атрымліваюць кваліфікацыю тэхнікаў).

Буйнейшыя універсітэты: Гарвардскі універсітэт, Іельскі універсітэт, Калумбійскі універсітэт, Нью-Йоркскі універсітэт, Каліфарнійскі універсітэт, Чыкагскі універсітэт, Пенсільванскі (з 1740) у Філадэльфіі, Прынстанскі (з 1746), Мічыганскі (з 1817) у г. Ан-Арбар, Вісконсінскі (з 1848) у г. Мадысан, Корнелскі (з 1865) у г. Ітака, Ілінойскі (з 1867) у г. Эрбана, Станфардскі (з 1891) і інш. Ун-ты, а таксама мін-вы і ведамствы федэральнага ўрада, прамысл. фірмы ЗША і розных тыпаў беспрыбытковыя арг-цыі ўваходзяць у структуру арг-цый, якія фінансуюць і праводзяць навук. даследаванні. Найб. перспектыўныя кірункі навук. даследаванняў у галіне фундаментальнай навукі вызначае Нац. навук. фонд ЗША (з 1950), экспертамі якога з’яўляюцца вядучыя вучоныя. На каардынацыю навук. дзейнасці таксама аказвае ўплыў Нац. акадэмія навук 3LUA (з 1863) у Вашынгтоне. 60% усіх фундаментальных даследаванняў выконваюць ВНУ, дзе сканцэнтравана каля 70% дактароў навук. Асаблівасць арг-цыі навукі ў ЗША — правядзенне фундаментальных даследаванняў у н.-д. цэнтрах і лабараторыях ВНУ (у асноўным у вядучых ун-тах). Гэта дае магчымасць хутка ўключаць вынікі даследаванняў у навуч. праграмы і прыцягваць да навук. дзейнасці найб. здольных студэнтаў. Фінансуюцца н.-д. групы з уласных фондаў ун-таў і за кошт сродкаў па кантрактах з дзярж. ўстановамі і прамысл. фірмамі. Буйныя навук. ўстановы мае Нац. ўпраўленне па аэранаўтыцы і даследаванні касм. прасторы (НАСА), у т.л. Эймскі н.-д. цэнтр (г. Маўнтын-В’ю, штат Каліфорнія), н.-д. цэнтр Лэнглі (г. Хэмптан, штат Віргінія) і інш. Упраўленню энергет. даследаванняў і распрацовак належаць н.-д. лабараторыі: Аргонская, Радыяц. імя Лоўрэнса, Лос-Аламоская, Сандыя (г. Альбукерке) і інш. Значную сетку ін-таў і лабараторый маюць Мін-вы аховы здароўя, адукацыі, сац. забеспячэння, сельскай гаспадаркі і інш. Н-д. работы ў многіх галінах прыродазнаўства праводзяць ін-ты Смітсанаўскага комплексу (г. Вашынгтон), які мае статус карпарацыі. Усе буйныя прамысл. фірмы маюць н.-д. цэнтры і лабараторыі. Больш за 60% аб’ёму н.-д. і доследна-канструктарскіх работ (НДДКР) у прам-сці сканцэнтравана ў цэнтрах і лабараторыях карпарацый, больш за 20% сродкаў, укладзеных прамысл. фірмамі ў сферу НДДКР, прыпадае на буйнейшыя карпарацыі, у т.л. «Джэнерал мотарс», «Джэнерал электрык», «Форд мотар», IBM (займаецца распрацоўкай, вытв-сцю і абслугоўваннем ЭВМ) і інш. Асобную групу н.-д. арг-цый складаюць беспрыбытковыя арг-цыі розных тыпаў (н.-д. лабараторыі пры галіновых прамысл. асацыяцыях, розныя дабрачынныя фонды, арг-цыі, створаныя для кіравання буйнымі ўрадавымі, прыватнымі або змешанымі праектамі ў пэўнай галіне ведаў і інш.). Найб. бібліятэкі: Б-ка Кангрэса, нац. б-кі медыцыны і сельскай гаспадаркі, публічныя — у Бостане (з 1852), Лос-Анджэлесе і Чыкага (з 1872), Нью-Йорку (з 1895), б-кі ун-таў і інш. Найб. музеі: Метраполітэн-музей у Нью-Йорку (творы мастацтва Стараж. Егіпта, Вавілона, Грэцыі, Рыма, Блізкага і Д. Усходу і Еўропы), Нац. музей ЗША, Нац. галерэя прыгожых мастацтваў (з 1846), Нац. галерэя мастацтваў (з 1937), Нац. партрэтная галерэя (з 1962) — усе ў Вашынгтоне, Музей сучаснага мастацтва ў Нью-Йорку, Музей натуральнай гісторыі ў Чыкага (збор акамянеласцей дагістарычных жывёл, экспазіцыя эвалюцыі чалавека), Бостанскі музей прыгожых мастацтваў, Музей Фрыка (збор карцін еўрап. майстроў 14—19 ст.), Музей Саламона Р.Гугенгайма (збор твораў абстракцыянізму), Марскі музей (з 1930) у штаце Віргінія, Смітсанаўскі ін-т — комплекс, які аб’ядноўвае н.-д. ін-ты, маст. галерэі, заапарк, Арлінгтанскія мемарыяльныя могілкі (пахаваны вядомыя дзярж. і ваен. дзеячы краіны, а таксама салдаты, што загінулі ў войнах).

Друк, радыё, тэлебачанне. Перыядычны друк ЗША мае пераважна лакальны характар, за выключэннем некалькіх агульнанац. выданняў: штодзённыя газеты «New York Times» («Нью-Йоркскі час», з 1851), «Washington Post» («Вашынгтонская пошта», з 1877), «Los Angeles Times» («Лос-Анджэлескі час», з 1881), «The Wall Street Journal» («Газета Уолстрыт», з 1889), «Christian Science Monitor» («Настаўнік хрысціянскіх ведаў», з 1908). Першай агульнанац. штодзённай газетай была «USA Today» («ЗША сёння», з 1982). У 1993 43 штодзённыя газеты мелі тыраж больш за 250 тыс. экз. кожная. У 1992 выходзіла 1570 штодзённых газет агульным тыражом каля 60 млн. экз. у дзень, а таксама больш за 890 нядзельных выданняў агульным тыражом каля 62 млн. экз. (многія з іх маюць аб’ём больш за 300 старонак). У 1992 выходзіла больш за 7430 штотыднёвых выданняў агульным тыражом больш за 56 млн. экз. Існуюць выдавецкія групы і канцэрны. У 1992 20 буйнейшых (паводле тыражу) выдавецкіх груп выдавалі 519 штодзённых газет, тыраж якіх складаў амаль 60% дзённага тыражу ўсяго амер. друку. Найб. значныя: «Доу Джонс энд компані», «Трыбюн компані», «Ганет компані», «Таймс—Мірар». Буйнейшыя агенцтвы друку: Асашыэйтэд Прэс (з 1848) і Юнайтэд Прэс Інтэрнэшанал, засн. ў 1958 у выніку аб’яднання Юнайтэд Прэс (з 1907) і Інтэрнэшанал Ньюс Сервіс (з 1909).

Радыё пачало дзейнічаць з 1920 у г. Пітсбург. Існуюць камерцыйныя і некамерцыйныя радыёвяшчальныя сеткі, аб’яднаныя ў буйныя кампаніі: «Нэшанал бродкастынг компані» (з 1926), «Каламбія бродкастынг сістэм», «Мючуэл бродкастынг сістэм» (з 1934), «Амерыкан бродкастынг компані» (з 1944), якая ў 1986 ператворана ў «Кэпітал сітыс» («Амерыкан бродкастынг компаніс», мае ўласную радыёвяшчальную сетку). Некамерцыйныя кампаніі: «Амерыкан паблік рэйдыо», «Нэшанал паблік рэйдыо» (прыватная карпарацыя). Дзейнічаюць таксама радыёстанцыі, якія вядуць перадачы на замежных мовах і на тэр. ЗША, і па-за іх межамі: «Рэйдыо стэйшэн» «Войс оф Фрэндшып» (з 1939), «Войс оф Амерыка» (з 1942).

Рэгулярная трансляцыя праграм тэлебачання ў ЗША вядзецца з 1939, першая тэлевізійная сетка створана ў 1949. У 1953 зацверджана адзіная сістэма каляровага тэлебачання — Нэшанал тэлевіжэн сістэм каміты, першая станцыя гэтай сістэмы пачала вяшчанне ў 1956 у г. Чыкага. Буйнейшыя тэлевізійныя карпарацыі — Эн-Бі-Сі-ТБ, Сі-БіЭс-ТБ, Эй-Бі-Сі-ТБ. Камерц. кабельная сетка дзейнічае ў рамках карпарацыі «Тэрнер бродкастынг», якой належаць каналы «Кайбл ньюс нетуарк» (CNN), Ці-Эс-Бі (забаўляльныя праграмы і фільмы), Ці-Эн-Ці (мультфільмы для дзяцей і некамерцыйныя фільмы); «Мультымедыя кейблвіжэн». Грамадскае тэлебачанне — «Паблік бродкастынг сервіс» (PBS) — фінансуецца прыватнымі абанентамі і ўрадавымі фондамі.

Літаратура. Першыя на кантыненце англамоўныя празаічныя творы з’явіліся ў 17 ст. ў англ. калоніях Новы Плімут і Віргінія. Л-ра ранняга каланіяльнага перыяду (1607—1700) зазнала моцны ўплыў пурытанізму, які ў той час панаваў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, і мела пераважна рэліг.-маралізатарскі характар. Асн. літ. жанр — багаслоўскія трактаты, пропаведзі і памфлеты, а таксама дзённікі, мемуары і гіст. творы пра жыццё калоній. Важную ролю ў развіцці нац. л-ры адыграла творчасць рэв. асветнікаў эпохі вайны за незалежнасць 1775—83 (Ф.Фрэно, Б.Франклін, Т.Пейн, Х.Джэферсан), якая вызначалася баявым, палемічным характарам (асн. жанры — паліт. памфлет і рэв. паэзія). Працэс фарміравання нац. амер. л-ры завяршыўся ў эпоху рамантызму (1-я пал. 19 ст.), які ў сваім развіцці прайшоў 2 этапы. 1-ы («ранні») перыяд прыпадае на 1820—30-я г. У 1820 у «Кнізе эскізаў» В.Ірвінга ўпершыню адлюстраваны рысы нац. амер. светаадчування, своеасаблівасць эстэтыкі амер. рамантызму: іранічная трактоўка традыц. рамант. сюжэтаў («Жаніх-прывід», «Легенда пра Сонную лагчыну»), адметнасць амер. гістарызму (цікавасць не столькі да гіст. падзей, колькі да іх уплыву на нар. жыццё), натывізм. Амер. рамантызм стварыў сваю філасофію — трансцэндэнталізм (літ. група «Маладая Амерыка»), буйнейшымі прадстаўнікамі якой былі Р.У.Эмерсан і Г.Д.Тора. Пісьменнікі 2-га («позняга») перыяду рамантызму (1840—50-я г., Г.Мевіл, Н.Хотарн, Э.По) успрымалі амер. рэчаіснасць трагічна; зло, што існуе ў жыцці, разглядалі як спрадвечнае, непахіснае, пераможнае. У сярэдзіне 19 ст. пашырылася абаліцыянісцкая літаратура (Г.Бічэр-Стоу, Г.У.Лангфела і інш.). Вял. ролю ў развіцці нац. амер. л-ры адыграла творчасць У.Уітмена, паэта-дэмакрата, які прапаведаваў роўнасць усіх людзей і рэчаў і здолеў надаць гэтай дэмакратыі касмічны, сусветны маштаб. Яго паэзія дала пачатак традыцыі белага верша ў паэзіі ЗША, якую ў 20 ст. прадоўжылі А.Гінзберг, У.Стывенс, У.К.Уільямс. Самабытная паэзія Э.Дзікінсан таксама атрымала прызнанне толькі ў 20 ст. У 1870-я г. рэаліст. тэндэнцыі развівалі Г.Джэймс і У.Дз.Хоўэлс. Найб. значэнне для станаўлення рэаліст. прозы мела творчасць М.Твэна. Яго раман «Прыгоды Гекльберы Фіна» адметны актуальнасцю праблематыкі, тыповасцю вобразаў, шырынёй сац. абагульнення і сац. канфлікту, набыў характар нацыянальнага і стаў вызначальным для амер. рэаліст. л-ры. Мяжа 19—20 ст. адзначана прыходам пісьменнікаў, якія імкнуліся да глыбіннага даследавання жыцця краіны і рэаліст. яго адлюстравання, часам з натуралістычным (С.Крэйн, Ф.Норыс) або рамант. ці сатыр. адценнем (Дж.Лондан, А.Г.Бірс, О.Генры). Творчасць Т.Драйзера ў многім акрэсліла кірунак амер. л-ры 1-й пал. 20 ст. У сваіх творах ён паслядоўна даследаваў феномен «амер. мары», які вызначаў нац. амер. свядомасць і псіхалогію. 1920-я г. — час росквіту рэаліст. (Ш.Андэрсан, С.Льюіс, Э.Сінклер, Э.Хемінгуэй, Ф.С.Фіцджэральд, Дж.Дос Пасас і інш.) і мадэрнісцкай (Ю.О’Ніл, У.Фолкнер, Г.Стайн, Т.С.Эліят, Э.Паўнд і інш.) л-ры. Значнай з’явай у літ. жыцці краіны стала стварэнне т.зв. «паўд. школы» амер. рамана, прадстаўнікі якой услаўлялі былую веліч Поўдня, еднасць чорных і белых («паўд. міф»), Асн. ідэяй творчасці Фолкнера, Т.К.Вулфа, Ф.О’Конар, Э.Колдуэла, К.Мак-Калерс, Р.П.Уорэна, К.А.Портэр стала непрыманне бурж. адносін і ладу жыцця. Заснавальнікам сучаснай амер. драматургіі з’яўляецца О’Ніл. Развівалася інтэлектуальная (Эліят, Паўнд, Стывенс) і грамадская (Уільямс, Х.Крэйн, Р.Фрост) паэзія.

У 1930-я г. ў сувязі з Вял. дэпрэсіяй у Амерыцы і пашырэннем фашызму ў Еўропе амер. л-ра становіцца больш леварадыкальнай і востракрытычнай у ацэнках амер. паліт. сістэмы: «Гронкі гневу» Дж.Э.Стэйнбека, «Мець і не мець» Хемінгуэя, гіст. раманы Г.Фаста. Асаблівасцю амер. рамана пра 2-ю сусв. вайну стала выкрыццё фашызму і рэакцыйных зрухаў у жыцці краіны, якія могуць прывесці да ўзнікнення дыктатуры і таталітарызму (раманы Н.Мейлера, Дж.Джонса, Дж.Р.Херсі, І.Шоу, К.Вонегута). У 1950-я г. асн. тэмай рэаліст. і мадэрнісцкай л-ры стала адчужэнне асобы ў бездухоўным грамадстве: «Над безданню ў жыце» Дж.Д.Сэлінджэра, «Лугавая арфа» Т.Капотэ. У пач. 1960-х г. новыя тэндэнцыі ў л-ры звязаны з ідэяй маральнага ўзвышэння чалавека: «Гадзіннік без стрэлак» Мак-Калерс і «Зіма трывогі нашай» Стэйнбека, раманы Колдуэла, творы Дж.Апдайка. У пасляваенныя часы аформіўся і своеасаблівы пласт духоўнага жыцця — масавая літаратура. У 1970-я г. ў л-ры ЗША — пара аналізу, што абапіраецца на рэаліст. традыцыі 20 ст. і падмацоўваецца эмацыянальнай напружанасцю антываен., антырасісцкага і антыманапалістычнага рухаў (раманы Дж.Чывера, Дж.Хелера, У.Стайрана, Вонегута, Мейлера, Э.Л.Доктараў, Г.Відала, Дж.К.Оўтс). Значнае месца ў пасляваен. л-ры займае філас. раман, адметны імкненнем да глыбіннага асэнсавання быцця, пераацэнкі традыцыйных ідэйна-эстэт. і этычных каштоўнасцей (Т.Уайлдэр, Херсі, Уорэн, Дж.Гарднер, Стайран). Своеасаблівае адлюстраванне супярэчнасцей і складанасцей быцця — постмадэрнісцкая л-ра, якая на невырашальнасць жыццёвых праблем адказвае гульнёй, карнавалам масак, эстэтычным хаосам (Дж.Барт, Т.Пінчан, Д.Бартэльм, П.Донліві, М.Макарці). Л-ру ЗША 2-й пал. 20 ст. прадстаўляюць таксама навук. фантасты А.Азімаў, Р.Брэдберы. У галіне драматургіі вылучыліся Х.Уільямс, А.Мілер і інш. Стан сучаснай амер. л-ры вызначаюць пісьменнікі Т.Морысан, Дж.Смайлі, Дж.Гамільтан, Р.Бэнкс, П.Остэр і інш.

Першыя пераклады на бел. мову амер. л-ры з’явіліся ў 1920-я г. У 1926 выдадзены апавяданні Лондана, 4 раздзелы «Песні пра Гаявату» Лангфела; у 1927 — «Песня пра вольны шлях» Уітмена ў перакладзе А.Мардзвілкі; у 1928 — зб. паэзіі «Кветкі з чужых палёў» (пер. Ю.Гаўрук). У 1930—40-я г. асобнымі выданнямі на бел. мове выйшлі «Маленькі старацель» Б.Гарта, «Пракляты агітатар» М.Голда, «Трое парасятак» У.Дыснея, «Апошні з магікан» Дж.Ф.Купера, «Незвычайны адрывак», «Бук — паштовы сабака», «Забаставаў», «Кулі», «Белы ікол» (пад назвай «Белы Клык»), «Сказанне аб Кішы», «Смок Белью» Лондана, «Прыгоды Тома Соера», «Прыгоды Гекльберы Фіна», «Прынц і жабрак» Твэна, «Дзесяць дзён, якія ўзварухнулі свет» Дж.Рыда, «Злодзей», «Аўтамабільны кароль», «No pasaran!» — «Яны не пройдуць!» Сінклера. У 1969 выйшаў «Спеў пра Гаявату» Лангфела (пер. А.Куляшоў), у 1971 — зб. «Утаймаванне веласіпеда» (апавяданні Андэрсана, Брэдберы, Колдуэла, Хемінгуэя, Р.Шэклі, Твэна), у 1978 — вершы Уітмена (зб. «Лісце травы», пер. Я.Сіпакоў). Асобныя вершы К.Сэндберга, Фроста, Голда пераклаў Я.Семяжон. З 1982 у альманаху «Далягляды» публікаваліся асобныя творы Дж.О’Хары, Мак-Калерс, Гарднера (пер. У.Шчасны), Бірса (пер. А.Кудраўцаў), У.Сараяна (пер. І.Сляповіч), Брэдберы (пер. М.Кандрусевіч), Андэрсана (пер. М.Чыкалава), эсэ Фолкнера і Стэйнбека. Розныя перыяд. выданні змяшчалі апавяданні Брэдберы, Вонегута, Відала, Кларка, Колдуэла, Ф.Баноскі ў перакладах А.Асташонка, С.Дорскага, Л.Чарнышовай. У серыі «Скарбы сусветнай літаратуры» выдадзены «Па кім звоніць звон» Хемінгуэя (1991, пер. В.Небышынец), «Гронкі гневу» Стэйнбека (1993, пер. Дорскі) і інш.

Архітэктура. У дакалумбаў час былі пашыраны пабудовы мясц. індзейскіх плямён: ярусныя дамы-селішчы (пуэбла), паўпадземныя свяцілішчы (ківа) з фігурнымі і арнаментальнымі размалёўкамі і інш. З 16 ст. на тэр. ЗША укараняецца еўрап. буд. традыцыя. Ствараюцца ўмацаваныя будынкі місій і храмаў з лаканічнымі формамі і разнымі парталамі, з адчувальным уплывам індзейскага і мекс. мастацтва. З канца 17 ст. пачалася рэалізацыя планаў гар. забудовы на аснове прамавугольных схем (план г. Філадэльфія, 1682). У канцы 18 ст. ў архітэктуры пануюць формы і прынцыпы класіцызму (пабудовы Ч.Булфінча, Т.Джэферсана і інш.). У 1790-х г. пачалося буд-ва новай сталіцы — Вашынгтона. З 1840-х г. дамінуюць псеўдаготыка і эклектызм, у масавай забудове — рацыянальныя тыпы канструкцый (метал, каркас у пабудовах інж. Дж.Богардуса). У 1880—90-я г. ўзнік новы тып пабудовы — шматпавярховы небаскроб (будынак Рылаенсбілдынг у Чыкага, 1890—94, арх. Д.Х.Бёрнем, Дж.У.Рут; пабудовы У. Ле Барана Джэні). Архітэктар Л.Салівен распрацаваў новыя архітэктанічныя прынцыпы вышыннага будынка, дзе рацыянальная канструкцыя набыла эстэт. сэнс (Аўдыторыум у Чыкага, 1887—89). Гэтай тэндэнцыі супярэчыла захапленне многіх архітэктараў архаічнымі матывамі. У 1920-я г. Ф.Л.Райт прадаўжаў распрацоўваць прынцыпы арган. архітэктуры, імкнуўся дасягнуць гармоніі пабудоў з прыродным асяроддзем. У 1930-я г. замацоўваецца функцыяналізм (102-павярховы будынак Эмпайр стэйт білдынг у Нью-Йорку, 1930—31, і інш.). У 1940—50-я г. Л.Міс ван дэр Роэ будаваў небаскробы на аснове простых геам. форм і шкляной абалонкі (жылыя дамы ў Чыкага, 1951, і канторскія будынкі ў Нью-Йорку, 1956—58). Адначасова шэраг архітэктараў звярнуўся да неакласіцызму («Лінкальн-цэнтр» у Нью-Йорку, 1962—68, арх. У.К.Харысан, М.Абрамовіц, Ф.Джонсан, Э.Саарынен і інш.). На развіццё архітэктуры 1950—60-х г. найб. ўплыў зрабіла творчасць Ф.Л.Райта (Музей Саламона Р.Гугенгайма ў Нью-Йорку, 1956—59), Саарынена (аэрапорт імя Кенэдзі ў Нью-Йорку, 1962), Л.Кана (мед. лабараторыі Пенсільванскага ун-та, Філадэльфія, 1957—61), шарападобныя канструкцыі Р.Б.Фулера. З канца 1970-х г. пашырылася архітэктура постмадэрнізму.

Выяўленчае мастацтва. Са стараж. часоў на тэр. ЗША развіваліся маст. культуры мясц. індзейскіх плямён. 9—4-м тысячагоддзямі да н.э. датуюцца наскальныя размалёўкі, дробная каменная пластыка, абагульнена трактаваныя каменныя галовы. З 4 ст. н.э. вядомы малюнкі на кераміцы з геам. і зааморфнымі ўзорамі, фігурныя пасудзіны, каменныя, гліняныя, драўляныя выявы людзей і жывёл, гліняныя люлькі ў выглядзе стылізаваных зааморфных фігур. Да 20 ст. захаваліся паліхромная разьба па дрэве ў абарыгенаў паўн.-зах. ўзбярэжжа, узорыстае ткацтва і малюнкі з каляровага пяску ў плямён паўд. захаду, размалёўка адзення і палатак (тыпі), аздабленні з пер’я ў плямён прэрый. Стараж. маст. традыцыі найб. захаваліся на Пн ЗША у алеутаў і эскімосаў. З пачаткам каланізацыі развіваецца еўрап. маст. культура. Партрэтны жывапіс 17—18 ст. вылучаўся наіўным імкненнем да дакладнасці адлюстравання, стылізаванымі формамі. У сярэдзіне 18 ст. Г.Хеселіус, Дж.Смайберт, Р.Фік стваралі рэаліст. партрэты каланістаў і індзейцаў. У творах Дж.С.Коплі ўвасобіўся ідэал энергічнага, гордага амерыканца. Б.Уэст ствараў палотны ў акад. стылі. На пач. 19 ст. тэндэнцыі рамантызму знайшлі адлюстраванне ў творах У.Олстана, Т.Салі, у краявідах мастакоў «школы ракі Гудзон», дзе панаваў дух першаадкрывальніцтва і асваення новых абшараў (Т.Коўл, Дж.Ф.Кенсет і інш.). Развіваўся парадны партрэт (Дж.Нігл, С.Морзе). У 1-й пал. — сярэдзіне 19 ст. рэаліст. кірункам вылучаюцца творы У.С.Маўнта, Дж.Бінгема, І.Джонсана, Дж.Піла, прымітывізм уласцівы творам Э.Хікса. У 2-й пал. 19 ст. ў творчасці У.Хомера (сцэны грамадз. вайны, побыту паляўнічых і рыбакоў) і Т.Эйкінса (сцэны гар. жыцця) сцвярджаюцца асновы рэаліст. школы. Развіццё амер. жывапісу вызначае еўрап. мастацтва: Дж.Інес працаваў у традыцыях барбізонскай школы, М.Кэсет — імпрэсіянізму, А.Райдэр — сімвалізму. Сярод вядомых мастакоў: жывапісцы Дж.Уістлер (псіхал. партрэты з сімвалічнай колернай гамай), Дж.Сарджэнт (выдатны каларыст, майстар партрэта), скульптар А.Сент-Годэнс (рэаліст. партрэты, помнікі, надмагіллі). У рэчышчы неакласіцызму працавалі скульпт. Х.Грынаў, Х.Паўэрс, Э.Д.Палмер. З пач. 20 ст. ўзмацніліся тэндэнцыі рэаліст. мастацтва ў творчасці мастакоў «школы скрыні для смецця» (Дж. Слоўн, Дж.Белаўз і інш.), жывапісцаў Р.Кента, Э.Хопера, скульпт. Дж.Эпстайна, У.Зораха і інш. Пад уплывам еўрап. авангардысцкіх пошукаў мастакі пачалі працаваць у кірунках дадаізму (М.Рэй), футурызму (Дж.Стэла), абстракцыянізму (А.Доў, С.Дэйвіс), амер. версіі кубізму (Ч.Шылер). У 1930-я г. ў ЗША пераехалі лідэры сюррэалізму (С.Далі, І.Тангі); сюррэалізм разві́ваецца ў творчасці Дж.О’Кіфа, О.Пікенса, А.Олбрайта. У 1940-я г. сцвярджаецца абстрактны экспрэсіянізм (жывапісцы Дж.Полак, А.Горкі, В. дэ Кунінг, М.Ротка, скульпт. А.Колдэр, Д.Сміт, Р.Ліпалд, Ф.Клайн), які адлюстроўваў напружаны характар амер. жыцця і пошукі аўтэнтычнасці поліэтнічнага грамадства. У 1950—60-я г. развіваецца поп-арт (Р.Раўшэнберг, Дж.Джонс, Э.Уорхал, Р.Ліхтэнстайн) як спроба эстэтызацыі масавай культуры і банальнага асяроддзя. Мастакі оп-арту (Т.Сміт, Э.Келі) будавалі творы на аптычных эфектах. На пач. 1970-х г. узнік гіперрэалізм (фотарэалізм) з яго ілюзіяністычным адлюстраваннем рэчаіснасці (Ч.Клоўз, Р.Маклін). Найноўшыя тэндэнцыі ўвасабляе канцэптуальнае мастацтва (лэнд-арт, бодзі-арт і інш.), у якім найважнейшым з’яўляецца сутнасць эстэт. факта, а не яго матэрыялістычная рэалізацыя.

Музыка. Муз. культура ЗША фарміравалася ў працэсе складанага ўзаемадзеяння паміж муз. традыцыямі еўрапейцаў-імігрантаў, пазней — неграў-нявольнікаў з Афрыкі і спрадвечнымі традыцыямі Амер. кантынента (пераважна муз. фальклор індзейцаў). Спалучэнне і ўзаемаўплыў гэтых пластоў і склалі аснову амер. прафес. муз. мастацтва. У побыце перасяленцаў былі пашыраны пурытанскія псалмы і гімны. У 1781 пастаўлены адзін з першых прафес. муз. твораў — аратарыяльнае дзейства «Незалежная Амерыка, або Храм Мінервы» Ф.Хопкінсана. У канцы 18 ст. ўзнік т.зв. рух хар. школ на чале з У.Білінгсам і інш. кампазітарамі-паўпрафесіяналамі, у творчасці якіх склаліся новыя, тыповыя для ЗША, рэліг. хар. гімны (т.зв. белыя госпелы, спірычуэлы). Адначасова распаўсюджвалася музыка прафес. кампазітараў — эмігрантаў з Еўропы. У фарміраванні нац. рыс амер. музыкі важную ролю адыгралі вандроўныя муз.-драм. трупы, т.зв. плывучыя т-ры (на параходах), т-ры менестрэляў (узніклі ў 1820-я г. на Пд ЗША), якія спалучалі англа-кельцкія нар. балады і гар. жанравыя песенькі з негрыцянскім муз. і танц. мастацтвам. З гэтых муз.-тэатр. відовішчаў пазней развіліся розныя нац. муз. жанры, у т.л. спірычуэл (сярод буйнейшых выканаўцаў П.Робсан, М.Джэксан, М.Андэрсан), блюз (У.Хэндзі, Б.Сміт, Дж.Джоплін), рэгтайм (С.Джоплін) і інш. У сярэдзіне 19 ст. ўзніклі шматлікія духавыя аркестры («бэнды») і хары, сімф. аркестры, муз. навуч. ўстановы і т-вы, у развіццё якіх вял. ўклад зрабіў Л.Мейсан. У 1883 у Нью-Йорку адкрыты т-р «Метраполітэн-опера» Сярод кампазітараў канца 19 — пач. 20 ст. Х.Паркер, Дж.Пейн, Дж.Чэдвік, А.Фуг (т.зв. нова-англ., ці бостанская школа). Блізкі да іх адзін з заснавальнікаў амер. прафес. музыкі З.Мак-Доўэл. Вял. ўклад у развіццё амер. муз. культуры зрабіў кампазітар і педагог А.Дворжак. Шматлікія муз. традыцыі ЗША абагульніў у сваёй творчасці Ч.Айвз. У 1920-я г., нягледзячы на ўплыў франц. імпрэсіянізму, у творах амер. кампазітараў У.Пістана, Р.Харыса, А.Копленда, Дж.Антэйла, Э.Сігмейстэра, Г.Каўэла, К Раглса, Р.Сешнса, У.Г.Сгыла і інш. прыкметна сцвярджэнне нац. стылю. Пасля 1-й сусв. вайны вял. ўклад у муз. культуру ЗША зрабілі еўрап. музыканты-эмігранты — М.Эльман, Я.Цымбаліст, С.Кусявіцкі. Л.Аўэр, Я.Хейфец, С.Рахманінаў, І.Левін і Р.Левіна, Р.Пяцігорскі, У.Горавіц, кампазітары Э.Блох і Э.Варэз, пазней І.Стравінскі, А.Шонберг, П.Хіндэміт, Э.Кшэнек, Д.Міё, Б.Бартак і інш. На мяжы 19—20 ст. у Новым Арлеане ўзніклі раннія формы джаза; сярод яго буйных майстроў Л.Армстранг, Э.Элінгтан, піяніст У.Бейсі (адзін з заснавальнікаў свінга), Б.Гудмен. Стылістычныя прыёмы джазавай музыкі выкарыстоўвалі большасць амер. кампазітараў. На аснове сімфанізацыі джаза і развіцця характэрных рыс афра-амер. фальклору глыбока нац. творы напісаў Дж.Гершвін (у т.л. опера «Поргі і Бес», 1935). У 1930-я г. на аснове папулярнай музыкі і некат. спецыфічных амер. тэатр. формаў узнік мюзікл, сярод лепшых узораў якога «Пра цябе я спяваю» (1931) Гершвіна, «Аклахома!» (1943) Р.Роджэрса, «Мая цудоўная лэдзі» (1956) Ф.Лоў, «Вестсайдская гісторыя» (1957) Л.Бернстайна. У 1930—40-я г. пашырыўся стыль кантры (сельская музыка і яе разнавіднасці; Дж.Роджэрс. Р.Эйкаф) і т.зв. гар. блюз (Х.Ледбелі, Б.Сміт і інш.). Сярод буйнейшых амер. кампазітараў (з 1940-х г.) У.Шумен, Дж.Карпентэр, С.Барбер, Дж.К.Меноці, В.Персікеці, Э.Картэр, Л.Бернстайн, П.Крэстан, М.Бэбіт, Л.Фос, А.Хованес, П.Менін, Л.Кёрчнер, Дж.Крам, Дж.Ітан, Ф.Глас, С.Рэйк; сярод выканаўцаў — дырыжоры Ю.Ормандзі, Л.Стакоўскі, Г.Шолці, Л.Маазель; піяністы Дж.Браўнінг, Р.Серкін, Б.Джайніс, Х.Л.Клайберн, М.Дыхтэр; скрыпачы І.Менухін, Н.Мільштэйн, І.Стэрн; спевакі М.Ланца, М.Хорн, Б.Сілс, Г.Мофа, М.Андэрсан, М.Добс, Л.Прайс. Сярод музыказнаўцаў Н.Сланімскі, Г.Чэйз, П.Г.Ланг, У.Хічкак, А.Эйнштэйн. На амер. муз. культуру 1960 — пач. 1990-х г. значна ўплываюць, з аднаго боку, эксперыментальная музыка, у т.л. камп’ютэрная музыка (Дж.Кейдж, Бэбіт, О.Люнінг, Э.Браўн і інш.), з другога — розныя віды non-музыкі. Буйнейшыя оперныя кампаніі — «Метраполітэн-опера» і «Нью-Йорк сіці опера», сярод балетных труп «Амерыканскі тэатр балета», «Нью-Йоркскі гарадскі балет» і інш. Высокі ўзровень мае муз. адукацыя. Многія муз. школы і кансерваторыі фінансуюцца прыватнымі фондамі, у т.л. Джульярдская школа (Нью-Йорк), Муз. ін-т Кёртыс (Філадэльфія), Істменская школа музыкі (Рочэстэр). Пры многіх ун-тах існуюць муз. каледжы. Працуюць больш за 60 прафес. сімф. аркестраў, у т.л. Нью-Йоркскі філарманічны аркестр, Бостанскі сімфанічны аркестр, Філадэльфійскі сімфанічны аркестр, Кліўлендскі, Чыкагскі, шматлікія муз. т-вы, асацыяцыі, выд-вы; праводзяцца муз. конкурсы і фестывалі.

Тэатр. Першыя звесткі пра т-р Паўн. Амерыкі адносяцца да канца 17 ст. (паказы містэрый еўрап. місіянерамі). У 18 ст. гастраліравалі замежныя, пераважна англ. трупы. У 1716 ва Уільямсбергу (Віргінія) пабудаваны першы тэатр. будынак, дзе ў 1751 адкрыўся т-р Л.Халема, які паклаў пачатак прафес. тэатр. мастацтву ЗША. Ставіліся п’есы англ., з канца 18 ст. і амер. драматургаў (у асноўным У.Данлепа). Лепшыя акцёры Амерыкі 18 ст. былі англічанамі. У 1-й пал. 19 ст. фарміруюцца асн. рысы нац. акцёрскай школы. Пабудаваны спец. тэатр. памяшканні ў Нью-Йорку, Філадэльфіі, Бостане і інш. У 2-й пал. 19 ст. колькасць т-раў павялічылася, але яны былі пераважна вандроўныя (папулярныя т.зв. плывучыя т-ры па р. Місісіпі, якія ставілі пераважна меладрамы). Сярод акцёраў 19 ст. Дж.Бутс, Э.Форэст, Ш.Кашмен, Дж.Дру, А.Олдрыдж, Э.Бутс, Дж.Джэферсан, М.Фіск, М.Адамс, Дж.Марла, Р.Мансфілд, сям’я Барымараў. Узнікла асаблівая форма паказаў, якія ўключалі скетчы, пародыі, муз. эксцэнтрыку і інш., што стала характэрным для амер. т-ра.

На рубяжы 19—20 ст. усталявалася камерцыйная сістэма ў т-ры (антрэпрэнёр наймаў трупу на адзін спектакль, які ставіўся, пакуль прыносіў даход) і выцесніла пастаянныя трупы еўрап. тыпу. Такія т-ры абсталяваліся ў Нью-Йорку на Брадвеі (ад 40 да 80 у розныя часы), з’явілася паняцце «брадвейны тэатр» як вял. камерцыйнае прадпрыемства. Тут працавалі рэжысёры Д.Беласка (увёў гістарызм і дакладнасць у пастаноўкі, якія даходзілі да натуралізму), А.Хопкінс (паст. «новай драмы»: п’есы Г.Ібсена, Л.Талстога, М.Горкага), Э.Казан (лепшы інтэрпрэтатар п’ес Т.Уільямса), О.Уэлс. З 1927 пачынаецца эпоха амер. мюзікла на брадвейскай сцэне (паст. «Плывучы тэатр» Ф.Зігфельда, гл. таксама ў раздзеле Музыка).

У процівагу брадвейскаму камерцыйнаму т-ру ў сярэдзіне 1910-х г. узнік грамадскі рух за мастацтва вял. сац. зместу, за развіццё нац. драматургіі і рэжысуры. Узніклі т.зв. малыя тэатры, дзе ставіліся Ібсен, Б.Шоу, А.Чэхаў, засвойваўся еўрап. вопыт «свабодных тэатраў», у першую чаргу МХАТа і сістэмы К.Станіслаўскага. Т-р «Провінстаўн» (1915—29) гал. задачай лічыў развіццё сучаснай амер. драматургіі (п’есы Ю.О’Ніла з удзелам аўтара), «Гілд» — новыя метады акцёрскага выканання (па сістэме Станіслаўскага) і арыентацыя на «новую драму», «Грамадзянскі рэпертуарны тэатр» (1926—32) Е. Ле Гальен арыентаваўся на класіку, т-р «Груп» (1931—41) — на маладых амер. драматургаў. Падрыхтоўку дзеячаў т-ра пачалі буйныя ун-ты, дзе адкрываліся універсітэцкія т-ры. З дзейнасцю малых і універсітэцкіх т-раў звязана творчасць драматургаў О’Ніла, С.Хоўардл. П.Грына, Э.Райса, А.Мальца, Дж.Лоўсана; рэжысёраў Хопкінса, Ф.Мёлера, Х.Клермена, Л.Страсберга, Казана, Р.Мамуляна; акцёраў А.Ланта, Л.Фантан, К.Корнел, Ле Гальен, Дж.Барымара, Л.Адлера; тэатр. мастакоў Р.Джонса, Л.Саймансана, С.Х’юма, М.Гарэліка і інш. У гады крызісу колькасць т-раў скарацілася. Узніклі першыя дзярж. т-ры ЗША — федэральныя. Папулярнай тэатр. формай стала «жывая газета» (з выкарыстаннем газетных матэрыялаў).

Пасля 2-й сусв. вайны ўзнік тэрмін «па-за Брадвеем». Рух «пазабрадвейных» т-раў у 1950—60-я г. стаў важнейшым кампанентам тэатр жыцця ЗША. Яны ставілі творы класічнай і сучаснай драматургіі, не прынятыя Брадвеем. Сярод рэжысёраў і акцёраў т-раў «Крыкет», «Лівінг», «Фінікс», «Арэна стэйдж», «Круг у квадраце», «Тэатр вуліцы»: Н.Хоўтан, Х.Кінтэра, Дж.Маліна, С.Холм, З.Фічэндлер, Д.Рос, Э.Бенкрафт, З.Мостэль, Р.Херыс і інш. На пач. 1960-х г. «брадвейныя» і «пазабрадвейныя» т-ры пачалі збліжацца на камерцыйнай аснове, што выклікала пратэст маладых гледачоў. У 1968 разгарнуўся «пазабрадвейны» рух «трэцяга» пакалення — альтэрнатыўнага т-ра, які адмаўляў усе традыцыі: «Эль тэатра кампесіна» Л.Вальдэса, «Мобіль тэатр» Дж.Папа, «Брэд энд папет» П.Шумана, «Мімічная трупа» Р.Дэвіса, «Опен тэатр» Дж.Чайкіна. Павялічылася колькасць негрыцянскіх труп («Нью Лафает», «Негрыцянскі ансамбль» і інш.). У 1964 арганізаваны рэпертуарны т-р Лінкольнскага цэнтра мастацтваў у Нью-Йорку з комплексам тэатр. устаноў: т-рамі муз., драм., камерным «Форум», тэатр. б-кай-музеем, школай (маст. кіраўнік з 1973 — Пап).

Кіно. Першыя кінасеансы адбыліся ў 1896 амаль адначасова са з’яўленнем кінематографа ў Еўропе. На мяжы 20 ст. зарадзілася ўласна амер. вытворчасць. У пач. 1910-х г. барацьба т.зв. незалежных кінавытворцаў з Патэнтным трэстам прывяла да перабазіравання большасці студый на зах. ўзбярэжжа, дзе ў прыгарадзе Лос-Анджэлеса ўзнік буйнейшы ў свеце цэнтр амер. кінавытворчасці — Галівуд. Дасягненнямі першапачатковага перыяду развіцця (1900—10-я г.) былі фільмы Э.Портэра («Вялікае абрабаванне цягніка», 1903), вестэрны Т.Інса, «амер. камічны» жанр, бацькам якога лічаць М.Сенета. З імем Д.Грыфіта («Нараджэнне нацыі», 1915, «Нецярпімасць», 1916) звязана станаўленне сусв. кіно як мастацтва. У 1920-я г. ствараецца сістэма кінавытворчасці, якая ўключала інстытут прадзюсерства, сістэму «зорак», дарагія пастаноўкі, выкарыстанне папулярных сюжэтаў і жанраў, што часта адлюстроўвалі «амер. мару». Буйнейшыя амер. кінакампаніі аб’ядналіся ў вял. кінаканцэрн «Метро-Голдвін-Маер» (1919—24). Вядучымі жанрамі таго часу былі экзатычныя і рамантычныя драмы, салонныя камедыі (фільмы С. Дэ Міля, Э.Любіча). Гэтыя гады наз. «залатым стагоддзем» амер. кінакамедыі: Р.Арбэкль, Б.Кітан, Г.Лойд, Ч.Чаплін, які заклаў асновы высокага мастацтва кінематаграфічнай трагікамедыі («Малыш», 1921, «Цырк», 1923, «Залатая ліхаманка», 1925). Значны ўплыў на станаўленне кіно ЗША мелі кінатворцы з Еўропы: Дж.Штэрнберг (стваральнік гангстэрскага фільма), Э.Штрогейм («Сквапнасць», 1924) і інш. «Зоркі» 1910—20-х г.М.Пікфард, Д.Фэрбенкс, Р.Валентына, Г.Свенсан і інш. З 1927 (дэманстрацыя фільма «Спявак джаза») пачалася эра гукавога кіно. Найб. папулярнымі сталі муз. фільмы («Брадвейская мелодыя», 1929, «Кароль джаза», 1930). Вял. дэпрэсія паўплывала і на кінематограф: з’явілася шмат рэалістычных, крытычных твораў у жанры гангстэрскага фільма («Твар са шрамам», 1932, Х.Хоўкса), па праблемах правасуддзя («Я — збеглы катаржнік», 1932, М. Ле Роя), пра 1-ю сусв. вайну («На заходнім фронце без змен», 1930, Л.Майлстаўна) і інш. Асн. жанры масавай прадукцыі — вестэрны, фільмы жахаў, фантастыка, меладрамы, эксцэнтрычныя камедыі. Каб прывабіць гледача і выйграць канкурэнцыю з радыё, Галівуд з сярэдзіны 1930-х г. робіць стаўку на відовішчныя магчымасці кіно: ставяцца гісторыка-біягр. фільмы, «бліскучыя» касцюмныя меладрамы, эпічныя фільмы з нац. гісторыі («Знесеныя ветрам» В.Флемінга, 1939). Славутыя рэжысёры гэтага перыяду: Чаплін («Агні вялікага горада», 1931, «Новыя часы», 1936), Дж.Форд («Дыліжанс», 1939, «Гронкі гневу», 1940), У.Уайлер («Тупік», 1937, «Лісічкі», 1941), Ф.Капра («Гэта здарылася аднойчы ноччу», 1934), У.Дысней — рэфарматар амер. мультыплікацыі (серыя пра Мікі Маўса, «Беласнежка і сем гномаў», 1938). Значны ўплыў на развіццё маст. мовы сусв. кіно зрабіў наватарскі фільм О.Уэлса «Грамадзянін Кейн» (1941). Буйнейшыя зоркі гэтага перыяду: М.Уэст, браты Маркс, К.Гейбл, Г.Гарба, М.Дзітрых, Б.Дэйвіс, Г.Купер, дзеці-«зоркі» Ш.Тэмпл, Дз.Дурбін, Дж.Гарленд. У гады 2-й сусв. вайны ствараліся дакумент. і ігравыя фільмы, прысвечаныя ваен. падзеям: серыя «За што мы змагаемся» Капры, «Бітва каля вострава Мідуэй» Форда (1942), «Вялікі дыктатар» (1940) Чапліна, «Місіс Мінівэр» (1942) Уайлера, «Касабланка» (1943) Кёртыца. Сярод значных твораў пасляваенных гадоў «Лепшыя гады нашага жыцця» (1946) Уайлера, «Трамвай «Жаданне» (1951), «У порце» (1954) Э.Казана, фільмы-гіганты «Амерыканец у Парыжы» (1951) В.Мінелі, «80 дзён вакол свету» (1956) М.Андэрсана, «Вайна і мір» (1956) К.Відара. У 1950-я г., у цяжкі для Галівуда перыяд макартызму, былі вымушаны эмігрыраваць многія выдатныя кінамайстры (Чаплін, Ж.Дасэн, Дж.Лоўзі). «Зоркі» 1940—50-х г.: Х.Богарт, М.Бранда, Г.Пек, М.Манро, Э.Тэйлар, О.Хепбёрн і інш.

У канцы 1950-х г. кінематограф з акцёрска-прадзюсерскага ператвараецца ў рэжысёрскі. «Вялікай тройкай» «новых незалежных» называюць С.Кубрыка («Доктар Стрэйнджлаў», 1963, «Касмічная Адысея 2001 года», 1968), Дж.Франкенхеймера («Сем дзён у маі», 1964), Дж.Касаветэса («Цені», 1967). Сярод фільмаў, што адлюстроўвалі важныя праблемы амер. грамадства «Боні і Клайд» А.Пена (1967), «Бестурботны яздок» Д.Хопера, «Паўночны каўбой» Дж.Шлезінгера, «Буч Кэсідзі і Сандэнс Кід» Дж.Хіла (усе 1969). З’явіўся новы тып акцёра (антыгерой): У.Біты, Ф.Данаўэй, Дж.Нікалсан, Дж.Фонда, Д.Хофман і інш. Выпускалася і тыповая галівудская прадукцыя: «Бен Гур» (1959) Уайлера, «Лоўрэнс Аравійскі» (1962) Д.Ліна, мюзіклы «Мая цудоўная лэдзі» (1964) Дж.К’юкара, «Вестсайдская гісторыя» (1961), «Гукі музыкі» (1965) Р.Уайза і інш. У 1970—80-я Галівуд перабудоўваецца з улікам вопыту «новых незалежных» і пад уплывам неакансерватызму. Узнік тэрмін «Новы Галівуд», дзе ствараецца «новае старое кіно». Узнаўляюцца галівудскія міфы, узнікае новая сістэма «зорак» (Дж.Ланг, К.Тэрнер, М.Пфайфер, Ш.Стоўн, Дж.Фостэр, К.Бейсінгер, Дж.Робертс, Р. Дэ Ніра, А.Пачына, М.Гібсан, М.Дуглас, М.Шын, Э.Хопкінс, Т.Круз, Т.Хэнкс, С.Уівер, Р.Гір, Э.Мэрфі, М.Рурк, С.Сталоне, А.Шварцэнегер і інш.). Адбываецца вяртанне да жанравага кіно з пэўнай мадэрнізацыяй папярэдніх канонаў: фільмы жахаў, фільмы катастроф, касм. фантастыка, гангстэрскія фільмы, баевікі, трылеры і інш. «Вялікая чацвёрка» рэжысёраў гэтага перыяду арыентавалася на жанравае кіно, зробленае на высокім прафес. узроўні, часта з выкарыстаннем камп’ютэрных спецэфектаў: Ф.Копала («Хросны бацька»-1, -2, -3, адпаведна 1972, 1974, 1992), С.Спілберг (серыя пра Індыяну Джонса, 1980-я г.), Дж.Лукас («Зорныя войны», 1977), акрамя М.Скарсезе, арыентаванага хутчэй на еўрап. кіно. Жанравая арыентацыя характэрна і для кінематографа 1990-х г. Працягвае існаваць кіно сац. праблематыкі: в’етнамская тэма («Паляўнічы на аленяў», 1978, М.Чыміна, «Апакаліпсіс сёння», 1979, Копалы, «Узвод», 1986, О.Стоўна), негрыцянская тэма («Армейская гісторыя», 1984, Н.Джуісана, «Малькальм Ікс», 1993, С.ЛІ), амер. і сусв. гісторыя («Гандзі», 1982, Р.Атэнбара, «Танцы з ваўкамі», 1990, К.Костнера, «Спіс Шындлера», 1993, Спілберга), праблемы існавання асобы ў грамадстве («Палёт над гняздом зязюлі», 1975, М.Формана, «Эні Хол», 1977, В.Алена, «Філадэльфія», 1993, Дж.Дэме) і інш. Сярод рэжысёраў старэйшага пакалення таксама М.Нікалс, Р.Олтмен, А.Пакула, С.Полак, У.Фрыдкін, Х.Эшбі і інш. Рэжысёры пакалення «япі» (маладыя гар. прафесіяналы): Дэме, Р.Земекіс, Д.Лінч, Дж.Лэндыс, К.Таранціна і інш., на якіх уплываюць постмадэрнісцкія тэндэнцыі сучаснай культуры. У амер. кінематографе працуюць і замежныя рэжысёры (Р.Паланскі, Дж.Шлезінгер, А.Канчалоўскі, Б.Берталучы і інш.). Амерыканская акадэмія кінематаграфічных мастацтваў і навук (засн. ў 1927) штогод прысуджае прэстыжную кінаўзнагароду «Оскар» (з 1929). Праводзяцца міжнар. кінафестывалі ў Лос-Анджэлесе, Сан-Францыска, Чыкага, Нью-Йорку і інш. Сярод буйнейшых кінакампаній: «Каламбія пікчэрс», «Парамаўнт», «Уорнер бразерс», «20-е стагоддзе — Фокс» і інш.

Беларусы ў ЗША. Эміграцыя з Беларусі ў ЗША бярэ пачатак у 17 ст. Тры падзелы Рэчы Паспалітай у канцы 18 ст. садзейнічалі выезду ўдзельнікаў нац.-вызв. руху (Д.Касцюшка, М.Судзілоўскі і інш.), каталіцкіх святароў (Ф.Дзеружынскі, Б.Крукоўскі, Н.Корсак, Кольман), якія зрабілі важкі ўклад у стварэнне і пашырэнне ў ЗША каталіцкай школьнай адукацыі. Ураджэнцы Беларусі былі ў ліку заснавальнікаў с.-г. калоній у ЗША. У 1805—14 існавала Бел. правінцыя Т-ва Ісуса як саюз амер. і бел. езуітаў. Масавая эміграцыя ў ЗША, якая была выклікана сац.-эканам. прычынамі, пачалася ў канцы 19 ст. Эмігранты гэтай хвалі не здолелі нацыянальна арганізавацца і далучаліся да інш. нац. згуртаванняў. Першыя бел. гурткі ўзніклі ў 1908 і звязаны з асобай А.Сянкевіча. У 1912 засн. бел. парафія св. Юрыя і арг-цыя ўзаемадапамогі (Чыкага), Т-ва беларусаў і маларосаў (Мічыган). Пасля 1-й сусв. вайны цэнтрам бел. нац. жыцця стаў Чыкага, куды прыехалі паліт. эмігранты, удзельнікі 1-га Усебел. кангрэсу, вядомыя святары. У 1920 А.Чарапук, П.Чопка, В.Трафімовіч заснавалі Бел. нац. к-т, у 1923 у Нью-Йорку пачаў працаваць аддзел Бел. стралецкага саюза. На пач. 1920-х г. у штатах Нью-Джэрсі, Нью-Йорк, Ілінойс Мічыган, Пенсільванія, гарадах Нью-Йорк, Нью-Брансуік існавала больш за 10 бел. арг-цый, у т.л. ў Нью-Йорку Бел. нац. к-т, Бел. прэсавае бюро (выдавала «Бюлетэнь», распаўсюджвала кнігі і беларускамоўныя газеты). На з’ездзе беларусаў-эмігрантаў ЗША і Канады (Чыкага, 1923) была вызначана праграма нац.-паліт. дзейнасці і заснаваны Бел.-амер. нац. саюз (БАНС, 1923—33) на чале з Я.Варонкам. Пры саюзе дзейнічалі Бел. клуб, бібліятэка, прэс-бюро БНР, к-т дапамогі працаўнікам Зах. Беларусі, школьная камісія. Пры дапамозе БАНС створаны бел. арг-цыі ў штатах Вісконсін (Бел. нар. т-ва), Індыяна, Мічыган.

У канцы 1920 — пач. 30-х г. у Чыкага заснаваны Бел.-амер. грамадскі клуб, Бел. дапамогавы камітэт, Бел. культ.-адукац. т-ва, Бел.-амер. нац. аб’яднанне, а таксама арг-цыі ў штатах Нью-Йорк, Нью-Джэрсі, Ілінойс, Мічыган і інш. У час 2-й сусв. вайны дзейнічалі Бел.-амер. нац. рада (з 1941, Чыкага), Менскае зямляцтва (1944, Нью-Йорк) і Слав. брацтва (Нью-Йорк), якія аказвалі паліт. і матэрыяльную падтрымку БССР. Масавыя перасяленні ў ЗША (у асн. паліт. эміграцыя) пасля 2-й сусв. вайны адзначаны ў 1948—54. За гэты час прыехала каля 50 тыс. чал., якія рассяліліся ў штатах Ілінойс, Нью-Джэрсі, Нью-Йорк, Агайо, Пенсільванія, Каліфорнія, Мічыган. У сярэдзіне 1950-х г. існавала каля 30 бел. арг-цый. Падзел бел. эміграцыі на прыхільнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) і Беларускай цэнтральнай рады (БЦР), які адбыўся ў Германіі, захаваўся ў ЗША і адбіўся на ўсіх арганізац. формах бел. грамадскага жыцця. Паводле характару дзейнасці вызначаюцца: паліт. арг-цыі — Рада БНР, Фонд 25 Сакавіка, БЦР, Бел. нац. фонд (1952—70), Бел. вызвольны фронт, Бел. к-т паліт. дзеянняў (з 1976), Канферэнцыя вольных беларусаў (з 1977), Бел.-амер. кааліцыя супрацьдзеяння паклёпам (з 1982); агульнаграмадскія — Злучаны беларуска-амерыканскі дапамогавы камітэт, Беларуска-амерыканскае задзіночанне (БАЗА), Бел.-амер. звяз (1958—70-я г.), Беларуска-амерыканскае аб’яднанне ў Нью-Йорку, Беларускі кангрэсавы камітэт Амерыкі, Бел. каардынацыйны к-т у Чыкага; маладзёжныя — Арганізацыя беларуска-амерыканскай моладзі, Саюз бел.-амер. моладзі, Арг-цыя бел.-амер. моладзі ў штаце Ілінойс, скаўцкія арг-цыі ў Чыкага, Нью-Йорку, Саўт-Рыверы; студэнцкія — Бел.-амер. акад. т-ва (1950—57), клубы бел. студэнтаў пры Ратгерскім, Агайскім, Нью-Йоркскім ун-тах, Бел. культ.-асв. к-т; жаночыя — Бел. жаночае згуртаванне ў Кліўлевдзе (з 1952), Бел. жаночае згуртаванне ў Амерыцы, секцыі жанчын пры БАЗА і Згуртаванні беларусаў штата Ілінойс; ветэранскія — Саюз амер.-бел. ветэранаў, Згуртаванне беларуска-амерыканскіх ветэранаў, літ. і навук.Бел. літ. згуртаванне «Шыпшына» (1950—75), Крывіцкае навуковае таварыства імя Францішка Скарыны, Беларускі інстытут навукі і мастацтва (БІНіМ) у Нью-Йорку, Бел. акад. каталіцкае т-ва «Рунь», Згуртаванне беларускіх мастакоў і ўмельцаў, Бел. бібліягр. служба, Аддзел Саюза бел. журналістаў, Бел.-амер. інфарм. служба (з 1984) і інш. Сац. і матэрыяльную падтрымку беларусам, навук. і культ. установам аказвалі Фонд самадапамогі, Фундацыя імя Крачэўскага, Бел. школьны фонд, Студэнцкі стыпендыяльны фонд, Бел. харытатыўна-адукац. фонд (з 1976), Фонд імя І.Любачкі (з 1977), Вялікалітоўскі (Беларускі) фонд імя Льва Сапегі, Фонд адраджэння Беларусі (з 1989). Асяродкі бел. культ.-грамадскага жыцця ў гарадах Нью-Йорк, Саўт-Рывер, Чыкага, Дэтройт; а таксама цэнтры «Полацак» (каля Кліўленда), «Белэр-Менск» (штат Нью-Йорк) і інш. (гл. таксама ў арт. Беларускія навуковыя і культурна-асветныя арганізацыі за мяжой, Беларуская шкала за мяжой). Створаны маст. калектывы: танц. групы «Лянок», «Матылёк», «Лявоніха», «Мяцеліца», ансамбль «Васілёк»; хоры «Гоман», «Каліна», «Васількі»; аркестры «Палесьсе», «Бярозка», «Нова», «Віхор»; тэатр. групы пад кіраўніцтвам В.Селех-Качанскага, М.Прускага, І.Цупрык і інш. Праходзяць выстаўкі твораў мастакоў, нар. ўмельства, бел. друку. Значнымі культ. і паліт. падзеямі былі Бел. фестывалі (1976, 1977, 1979), сустрэчы беларусаў Паўн. Амерыкі. Захаванню нац. свядомасці садзейнічаюць Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква за мяжой, Беларуская праваслаўная царква Паўночнай Амерыкі, бел. каталіцкая парафія ўсх. абраду ў Чыкага (гл. таксама ў арт. Беларускія рэлігійныя арганізацыі за мяжой). Бел. кнігадрукаванне ў ЗША пачалося пасля 2-й сусв. вайны. Выдавецкай справай займаюцца навук., грамадскія і культ. арг-цыі, рэліг. ўстановы, прыватныя асобы. Падручнікі друкавалі выдавецкія суполкі «Пагоня», «Заранка», Бел. харытатыўна-адукац. фонд; маст. і рэліг. творы, перыёдыку — Бел. выдавецкае т-ва ў Саўт-Рыверы, Бел. выд-ва М.Прускага (з пач. 1950-х г., Гранд-Рапідс), Бел. выдавецкая сябрына (1960—70-я г., Чыкага), выд-вы «Час» (1975—80-я г.), «Родны край», W&D (з 1989, Гановер). Бел. перыёдыка прадстаўлена газетамі «Вестник», «Белорусская трибуна» (1926—32), «Беларуская трыбуна» (1950—53), «Беларус»; часопісамі: «Летапіс беларускай эміграцыі», «Беларускі сьвет», «Абежнік» БІНіМа, «Віці, «Веда», «Конадні», «Вольнае слова», «Царкоўны сьветач», «Беларуская зарніца», «Быаруская думка», «Шыпшына» (1956—75), «Полацак», «Беларус у Амерыцы» (1948—49), «Беларуская царква», «Голас царквы», «Беларускі дайджэст» (з 1992) і інш.; двухмоўнымі часопісамі «Беларуская моладзь», «Запісы», «The Byelorussian Times» («Беларускі час», 1975—83), англамоўнымі «Беларусіян Рэв’ю», «Byelorussian Business Herald» («Беларускі дзелавы веснік», з 1991). Найб. вядомыя бел. радыёпраграмы: пад кіраўніцтвам Я.Варонкі (1928—29, Чыкага), Я.Тарасевіча (з 1940-х г., Чыкага), П.Куляша (1952—53, Дэтройт), М.Казлякоўскага (1958—59, Трэнтан), Н.Жызнеўскага «Нёман» (з 1960, Чыкага) і інш. (гл. ў арт. Беларускае радыё за мяжой). Беларусы ЗША прадстаўлены ў міжнац. і міжнар. арг-цыях, у т.л. ў Нац. канфедэрацыі амер. этнічных груп, Асацыяцыі каталіцкіх інтэлектуалаў «Pax Romana», Антыбальшавіцкім блоку народаў, Нац. радзе рэсп. этнічных груп; удзельнічаюць у рабоце Этнічных рад і культ. арг-цый штатаў Нью-Джэрсі, Мэрыленд, Нью-Йорк, Каліфорнія, Агайо, Мічыган, Ілінойс і інш. У 1993 у Нью-Йорку засн. Сусв. згуртаванне яўрэяў Беларусі. Бел. перасяленцы канца 1980 — пач. 90-х г. (паводле неафіц. крыніц, у 1995 у ЗША пражывала каля 500 тыс. беларусаў), як правіла, дэнацыяналізаваны, не ўключаюцца ў работу існуючых нац. арг-цый і не ствараюць уласных.

Літ.: История США. Т. 1—4. М., 1983—87; Черные американцы в истории США. Т. 1—2. М., 1986; Харц Л. Либеральная традиция в Америке: Пер. с англ. М., 1993; Давыдов Ю.П. США — Западная Европа в меняющемся мире. М., 1991; Historia Stanów Zjednoczonych Ameryki. T. 1—5. Warszawa, 1995; Morison S.E., Commager H.S. The growth of the American Republic. Vol. 1—2. New York, 1962; Писатели США. M., 1990; Комаровская T.E. Осмысление прошлого в американском историческом романе XX в. Мн., 1993; Мулярчик А. США: Век двадцатый. М. и др., 1994; Чегодаев А.Д. Искусство Соединенных Штатов Америки, 1675—1975: Живопись, архитектура, скульптура, графика. М., 1976; Иконников А.В. Архитектура США. М., 1979; Современная архитектура США: Критич. очерки. М., 1981; Green S.M. American art: A historical survey. New York, 1966; Конен В.Д. Пути американской музыки: Очерки по истории муз. культуры США. 3 изд. М., 1977; Яеж. Рождение джаза. М., 1984; Коллиер Дж.Л. Становление джаза: Пер. с англ. М., 1984; Enge1 L. The American musical theater. New York, 1975; History of American music. New York, 1976; Folk music and moden sound. Jackson, 1982; The New Grove dictionary of American music. Vol. 1—4. London, 1986; Skowrοn Z. Nowa muzyka amerykańska. Kraków, 1995; Смирнов Б.А. Театр США XX в. Л., 1976; Воинова З.В. Театральный Бродвей: эскапизм или пропаганда? // Современное западное искусство. М., 1972; Вульф В.Я. От Бродвея немного в сторону, 70-е гг. М., 1982; Колодяжная В.С. Кино США (1945—1960). М., 1963; Соболев Р.П. Голливуд, 60-е гг.: Очерки. М., 1975; Карцева Е.Н. Голливуд: Контрасты 70-х. М., 1987; Бессмертный А., Эшпай В. 100 режиссеров американского кино. М., 1991; Кіпель В Беларусы ў ЗША. Мн., 1993; Пранчак Л.І. Беларуская Амерыка. Мн., 1994.

М.С.Вайтовіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), К.А.Далгучыц, Н.К.Мазоўка (гісторыя), Т.Я.Камароўская (літаратура), В.Я.Буйвал (архітэктура, выяўленчае мастацтва), Т.А.Ратабыльская (тэатр), Л.М.Зайцава (кіно), А.С.Ляднёва (беларусы ў ЗША), У.В.Макараў (узброеныя сілы).

Герб і сцяг Злучаных Штатаў Амерыкі.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. Адгор’і Апалачаў у штаце Паўночная Караліна.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. Агульны выгляд цэнтральнай часткі горада Вашынгтон.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. Паўпустынны ландшафт у штаце Арызона.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. Механізаваная сяўба кукурузы пры дапамозе трактара «Беларусь».
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. Панарама ў цэнтральнай частцы Нью-Йорка.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. Тыповы краявід на Вялікіх раўнінах.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. Цэнтр кіравання касмічнымі палётамі ў г. Х’юстан, штат Тэхас.
Да арт Злучаныя Штаты Амерыкі. Завод па будаўніцтве дызель-электравозаў фірмы «Джэнерал электрык» у г. Эры, штат Пенсільванія.
Да арт Злучаныя Штаты Амерыкі. Бітва за вышыню Банкер-Хіл пад Бостанам у пачатку вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. Прыбыццё французаў у Фларыду (1591). Гравюра Т. дэ Бры.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. Канторскія будынкі Сігрэм-білдынг у Нью-Йорку. Арх. Л.Міс ван дэр Роэ. 1956—58.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. Музей Саламона Гугенгайма ў Нью-Йорку. Арх. Ф.Л.Райт. 1956—59.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. Т.Коўл. Аркадская ідылія. 1838.
Да арг. Злучаныя Штаты Амерыкі. Берасцяныя вырабы індзейцаў Паўночнай Амерыкі.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. Э.Хікс. Царства міру. 1840—45.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. Дж.Бінгем. На варце грузу. 1849.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. А.Доў. Серабро, вохра, кармін, зелень (дно ракі) 1920.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. С.Дэйвіс. У захапленні ад Рапапорта. 1952.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. «Амерыканскі тэатр балета». Сцэна са спектакля «Лісце ападае». Балетмайстар Э.Цюдар. 1987.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. Сцэна са спектакля «Падзеленая дыстанцыя». Балетмайстры Б.Т.Джонс і А.Зан. 1988.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. Ч.Чаплін у фільме «Малыш». 1921.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. Кадр з кінафільма «Зорныя войны». Рэж Дж.Лукас 1977.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. Кадр з мультфільма «Беласнежка і сем гномаў». Рэж. У.Дысней. 1938.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. Кадр з кінафільма «Танцы з ваўкамі». Рэж. К.Костпер. 1990.

т. 7, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРМА́НІЯ

(Deutschland),

Федэратыўная Рэспубліка Германія (Bundesrepublik Deutschland), дзяржава ў цэнтры Зах. Еўропы. На З мяжуе з Нідэрландамі, Бельгіяй, Люксембургам, Францыяй, на Пд — з Швейцарыяй і Аўстрыяй, на У — з Чэхіяй і Польшчай, на Пн — з Даніяй і абмываецца Паўн. і Балт. морамі. Пл. 357 тыс. км². Нас. 81,3 млн. чал. (1993). Дзярж. мова — нямецкая. Сталіца — г. Берлін. Месца часовага знаходжання ўрада (да 1998) — г. Бон. У складзе Германіі 16 адм. адзінак — зямель: Баварыя, Бадэн-Вюртэмберг, Берлін, Брандэнбург, Брэмен, Гамбург, Гесен, Мекленбург-Пярэдняя Памеранія, Ніжняя Саксонія, Паўночны Рэйн-Вестфалія, Рэйнланд-Пфальц, Саар, Саксонія, Саксонія-Ангальт, Цюрынгія, Шлезвіг-Гольштэйн (пра кожную гл. асобны арт.). Нац. свята — Дзень нямецкага адзінства (3 кастр.).

Дзяржаўны лад. Германія — федэратыўная дзяржава, якая складаецца з 16 зямель. Дзейнічае канстытуцыя 1948. Кожная зямля мае сваю канстытуцыю, парламент (ландтаг або гар. сход) і ўрад. Правы зямель абмежаваны федэральнай канстытуцыяй. Вышэйшую заканад. ўладу ажыццяўляе федэральны парламент — бундэстаг (палата дэпутатаў), што выбіраецца насельніцтвам на 4 гады, і бундэсрат (палата зямель), які складаецца з членаў урадаў зямель (па 3—5 ад кожнай зямлі, у залежнасці ад колькасці яе насельніцтва). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на 5 гадоў спец. органам — федэральным сходам, куды ўваходзяць усе дэпутаты бундэстага і такая ж колькасць дэпутатаў зямельных парламентаў. Прэзідэнт выконвае ў асноўным прадстаўнічыя функцыі. Кіраўнік урада — федэральны канцлер, які выбіраецца бундэстагам.

Прырода. На ПнПаўн.-Германская нізіна. Уздоўж берага Паўн. м. выцягнуты Паўн.-Фрызскія і Усх.-Фрызскія а-вы. Паміж імі і мацерыком т.зв. ваты — прасторы, якія затапляюцца ў час прыліваў. За ватамі цягнуцца плоскія прасторы — маршы, пакрытыя глеем, частка іх ляжыць ніжэй за ўзровень мора і засцерагаецца ад затаплення плацінамі і дамбамі. Да ўзбярэжжа Балт. мора прымыкае Мекленбургскае азёрнае плато — частка Паўн.-Германскай нізіны, што паступова пераходзіць у вобласць узвышшаў і сярэдневышынных гор. Сярод горных масіваў Гарц (г. Брокен, 1142 м), Шварцвальд (г. Фельдберг, 1493 м), Рэйнскія Сланцавыя горы, Цюрынгенскі Лес, Чэшскі Лес, Рудныя горы. Паміж Шварцвальдам і Чэшскім Лесам моцна разбураная вобласць Франконскага і Швабскага Альбаў. На Пд ад Дуная Перадальпійскае плато з глыбокімі далінамі. На ПдЗ паўн. хрыбты Альпаў з вышэйшым пунктам краіны — г. Цугшпітцэ (2963 м). З карысных выкапняў Германія багатая каменным і бурым вугалем, калійнымі солямі. Ёсць жалезныя, уранавыя, медныя, нікелевыя, свінцовыя, цынкавыя руды, прыродны газ, соль і інш. Каменнавугальныя басейны: Рурскі (агульныя запасы 215 млрд. т.), Саарскі (5,5 млрд. т.). Буравугальныя басейны: Ніжнярэйнскі (60 млрд. т), Сярэднегерманскі, Магдэбургскі, Ніжнялаўзіцкі, Верхнялаўзіцкі (разам 40 млрд. т). Па запасах калійных солей (каля 0,7 млрд. т) краіна займае 4-е месца ў свеце. Клімат умераны, пераходны ад марскога на ПнЗ да больш кантынентальнага. Сярэдняя т-ра студз. ад 0 °C на ўзбярэжжы Паўн. мора да -3 °C на ПдУ, ліп. ад 16 °C да 19 °C. Ападкаў 500—800 мм за год, у гарах да 1000 мм. Даліны Рэйна, Майна, Некара, Мозеля адметныя мяккім кліматам. Рачная сетка густая. На З найб. р. Рэйн (867 км на тэр. Германіі) з прытокамі Майн, Некар, Мозель. На У Эльба з прытокамі Заале, Мульдэ, Гафель і пагранічная з Польшчай р. Одэр (Одра). На Пд верхняе цячэнне р. Дунай і яе горныя прытокі. Рэкі злучаны суднаходнымі каналамі паміж сабой і з рэкамі суседніх краін. Шмат маляўнічых азёр. Найб. Бодэнскае (пл. 538 км², глыб. 252 м) на мяжы з Швейцарыяй і Аўстрыяй. Глебы бурыя лясныя, падзолістыя, перагнойна-карбанатныя, алювіяльныя. Пад лесам і хмызнякамі 30% тэр. Распаўсюджаны саджаныя лясы. Найб. лясістыя горныя раёны, дзе лясныя масівы складаюцца з дубу, буку, хвойных. У гарах вышэй за 1200 м альпійскія лугі. На Пн і ў поймах рэк пашыраны лугі. С.-г. землі займаюць палавіну тэрыторыі. Нац. паркі — Баварскі Лес, Берхтэсгадэн, шматлікія рэзерваты, заказнікі, помнікі прыроды і інш. ахоўныя прыродныя тэрыторыі.

Насельніцтва. Па колькасці насельніцтва Германія займае 2-е месца ў Еўропе (пасля Расіі) і 12-е ў свеце. 91,5% яго складаюць немцы. З нац. меншасцей — лужыцкія сербы, або лужычане (каля 60 тыс. чал., у вярхоўях р. Шпрэе), галандцы і датчане. У краіне пастаянна пражывае каля 5,5 млн. замежных працоўных з сем’ямі (у асноўным выхадцы з Турцыі, б. Югаславіі, Грэцыі, Італіі, Партугаліі, Польшчы). Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (45%) і католікі (37%), ёсць мусульмане (каля 2%) і інш. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 228 чал. на 1 км², у прамысл. раёнах да 2—3 тыс. чал. на 1 км², у некат. горных і лясных раёнах каля 40—50 чал. на 1 км², у зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія больш за 500 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва 86%. Найб. гарады (тыс. ж., 1994): Берлін — 3475,4, Гамбург — 1702,9, Мюнхен — 1255,6, Кёльн — 962,5, Франкфурт-на-Майне — 659,8, Штутгарт — 594,6, Дзюсельдорф — 574,9, Гановер — 524,8, Нюрнберг — 498,9. У прам-сці заняты 41% працаздольных, у сельскай гаспадарцы — 6%.

Гісторыя. На тэр. Германіі чалавек жыве з эпохі ніжняга палеаліту (500—300 тыс. г. да н.э.), аб чым сведчаць археал. знаходкі гейдэльбергскага чалавека і астанкаў больш позняга неандэртальца. У жал. веку на тэр. Германіі былі пашыраны гальштацкая (пераважна кельцкая; гл. Гальштацкая культура) і латэнская (гл. Латэн) археал. культуры, лужыцкая культура (верагодна, протаславянская). Каля 6 — 1 ст. да н.э. заселена стараж. германцамі. З 2 ст. да н.э. тут мелі месца ўзбр. сутыкненні з рымлянамі, якія назвалі Германіяй усе землі на Пн ад Дуная і на У ад Рэйна да Віслы. Да 80-х г. н.э. рымляне заваявалі землі германцаў па левым беразе Рэйна, дзе былі ўтвораны іх пагран. правінцыі Ніжняя і Верхняя Германія. У 1-й пал. 1-га тыс. н.э. ўзніклі саюзы герм. плямён, частка якіх у 4—6 ст. прасунулася на З і Пд (гл. ў арт. Вялікае перасяленне народаў); пасля перамяшчэння германцаў на З у бас. Эльбы пасяліліся зах. славяне. На тэр. Германіі аселі алемоны, бавары, саксы, фрызы, усх. франкі, цюрынгі. У 6 — пач. 9 ст. герм. плямёны аб’яднаны ў межах Франкскай дзяржавы, прынялі хрысціянства Пасля падзелу імперыі франкаў паводле Вердэнскага дагавора 843 пачалося самаст. развіццё Усх.-Франкскага (пазней Германскага) каралеўства (лац. назва regnum Theutonicorum — каралеўства тэўтонаў, вядома з 919), у якое ўвайшлі герцагствы Саксонія, Франконія, Баварыя і Алеманія (Швабія). Пазней далучыліся Цюрынгія і Фрызія (Фрысландыя). Ва ўмовах пастаяннага сепаратызму з боку герцагаў каралеўская ўлада ў Германіі набыла выбарна-спадчынны характар. Першымі герм. каралямі былі Арнульф [887—899], Конрад І [911—919] і Генрых І [919—936]. Пры Атоне І спынены набегі качэўнікаў-венграў (955), у выніку яго італьян. паходаў засн. «Свяшчэнная Рымская імперыя» (962), што паклала пачатак 300-гадоваму герм. панаванню ў Паўн. і Сярэдняй Італіі (пацярпела крах у час праўлення дынастыі Штаўфенаў). У барацьбе за ўзмацненне сваёй улады герм. каралі часова (да 1122) абапіраліся на саюз з царквой (склаўся пры Атоне І і Атоне II).

З 11 ст. актывізаваўся рост сярэдневяковых гарадоў (пераважна дробных), у якіх рана ўзнікла цэхавая арганізацыя рамяства (гл. Цэхі). З канца 11 ст. фарміруецца ням. народнасць. У 11—13 ст. найб. эканамічна развітыя гарады (перш за ўсё рэйнскія) вызваліліся з-пад улады князёў і дамагліся значнай аўтаноміі, у выніку чаго ўзніклі т.зв. вольныя гарады (Кёльн, Вормс, Рэгенсбург, Майнц і інш.). Частковую аўтаномію набылі і імперскія гарады. У ходзе ўнутрыпаліт. барацьбы царк. і свецкія князі здолелі пашырыць сваю ўладу, самыя буйныя з іх паступова прысвоілі сабе права выбіраць караля (імператара) і сталі называцца курфюрстамі. З 13 ст. буйныя гарады аб’ядноўваліся ў саюзы (Ганза, Рэйнскі і Швабскі саюзы). Да канца 15 ст. склалася сістэма саслоўна-прадстаўнічых органаў (гл. Рэйхстаг, Ландтаг). У 10—15 ст. заваявана ч. зямель славян і прыбалт. народаў (гл. ў арт. «Дранг нах Остэн», Мечаносцы, Тэўтонскі ордэн, Альбрэхт Мядзведзь, Крыжовы паход супраць славян 1147, Бодрычы, Палабскія славяне і інш.). Мясц. сепаратызм і асабліва ням. экспансію на У падтрымлівалі рым. папы. У пач. 16 ст. ў Германіі, якая з прычыны паліт. раздробленасці найб. цярпела ад пабораў з боку папства і яго пасланнікаў, узнікла рэліг. Рэфармацыя (пачалася ў 1517 з выступлення М.Лютэра супраць індульгенцый). Антыфеад. выступленні сялян 2-й пал. 15 — пач. 16 ст. (рух Г.Бёгайма, змовы «Башмака» і інш.) перараслі ў Сялянскую вайну 1524—26, якая ахапіла Паўд.-Зах. і Сярэднюю Германію, частку аўстр. зямель і была звязана з радыкальным кірункам у Рэфармацыі (Т.Мюнцэр). Пасля паражэння сялян анабаптысты стварылі Мюнстэрскую камуну (1534—35). На бок Рэфармацыі перайшла частка князёў (першым быў Альбрэхт Брандэнбургскі). Ваен. сутыкненні паміж пратэстанцкімі і каталіцкімі князямі ў Германіі (Шмалькальдзенская вайна 1546—47, аднавілася ў 1552) завяршыліся Аўгсбургскім рэлігійным мірам 1555 аб прызнанні раўнапраўя католікаў і лютэран. У выніку ў Германіі ўтварыліся 2 групоўкі ням. княстваў — каталіцкая (спадчынныя землі Габсбургаў, Баварыя, Франконія, духоўныя княствы на Рэйне і ў Паўн.-зах. Германіі, Эльзас) і пратэстанцкая (паўн.-герм. княствы, герцагства Прусія, Брандэнбург, Саксонія, Гесен, Браўншвайг, Верхні і Ніжні Пфальц, Вюртэмберг). Пры імператарах Фердынанду І [1556—64) і Максіміляне II [1564—76] захоўвалася раўнавага сіл католікаў і пратэстантаў. Уціск апошніх пры Рудольфе II [1576—1612] прывёў да Трыццацігадовай вайны 1618—48, асн. падзеі якой адбываліся на тэр. Германіі. У выніку вайны значна скарацілася насельніцтва краіны (з 16 да 10 млн. чал. у 1650) і заняпала яе гаспадарка. Вестфальскі мір 1648 юрыдычна замацаваў падзел Германіі на больш як 300 буйных і дробных княстваў, 51 незалежны імперскі горад і амаль на 1,5 тыс. дробных рыцарскіх уладанняў, якія фармальна ўваходзілі ў «Свяшчэнную Рым. імперыю». У пасляваен. час у заэльбскай Германіі (Брандэнбург, Прусія, Мекленбург) ва ўмовах недахопу с.-г. рабочай сілы і попыту на мясц. хлеб за мяжой памешчыкі павялічылі паншчыну і свае зямельныя ўладанні (у т. л. праз агароджванні).

У 17 ст. ўнутры Германіі пачалося ўзвышэнне Брандэнбургска-Прускай дзяржавы (з 1701 каралеўства Прусія) на чале з дынастыяй Гогенцолернаў. Пры каралю Фрыдрыху Вільгельму І [1713—40] канчаткова склалася сістэма прускай манархіі з яе моцным культам арміі. Пры Фрыдрыху II [1740—416] пруская манархія набыла рысы асветнага абсалютызму. У выніку сілезскіх войнаў да Прусіі далучана б. ч. Сілезіі, а пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) — польскія Памор’е і Зах. Прусія. Да канца 18 ст. Прусія стала вял. еўрап. дзяржавай. У канцы 18 — пач. 19 ст. яна разам з Аўстрыяй і інш. краінамі ўдзельнічала ў войнах супраць рэвалюцыйнай, потым напалеонаўскай Францыі (гл. Напалеонаўскія войны). У вайну 1792—95 ва ўмовах франц. акупацыі дзейнічала Майнцкая камуна (1792—93). Пазней з-за абвастрэння адносін з Аўстрыяй пасля яе адхілення ад удзелу ў 2-м падзеле Рэчы Паспалітай (1793) Прусія выйшла з антыфранц. кааліцыі і заключыла сепаратны мір з Францыяй (гл. ў арт. Базельскія мірныя дагаворы 1795). Паводле 2-га і 3-га (1795) падзелаў Рэчы Паспалітай да Прусіі далучана значная ч. польскіх зямель (уключаючы Варшаву), яе ўсх. мяжа дасягнула лініі Каўнас—Гродна—Брэст. У 1796 франц. войскі занялі ПдЗ Германіі. У 1803 пад націскам Напалеона І спец. дэпутацыя «Свяшчэннай Рым. імперыі» пры рэйхстагу ў г. Рэгенсбург прыняла рашэнне аб скасаванні ў Зах. Германіі ўсіх царк. княстваў (акрамя Майнцкага; усяго 112 дробных дзяржаў з 3 млн. жыхароў, якія потым былі далучаны да саюзных Францыі ням. дзяржаў — Баварыі, Бадэна, Вюртэмберга, Саксоніі і інш.). У 1807 утворана залежнае ад Напалеона Вестфальскае каралеўства на чале з братам Напалеона Ж.Банапартам (існавала да 1813). Стварэнне ў Зах. Германіі пад пратэктаратам Напалеона Рэйнскага саюза 1806—13 прывяло да падзення «Свяшчэннай Рым. імперыі» (1806). У кастр. 1806 Прусія зноў выступіла супраць Францыі, аднак у ходзе двухтыднёвай вайны пацярпела поўнае паражэнне (гл. Іена-Аўэрштэцкая бітва 1806, Тыльзіцкі мір 1807). Ва ўмовах франц. акупацыі прускія ўлады правялі ў 1807—14 Штайна—Гардэнберга рэформы (наданне асабістай свабоды сялянам, рэарганізацыя арміі і інш.). Пасля паражэння арміі Напалеона ў вайне 1812 супраць Расіі ў саюзе з апошняй паступова вызвалены Прусія і астатнія ням. дзяржавы (вырашальнай была Лейпцыгская бітва 1813). Паводле рашэнняў Венскага кангрэса 1814—15 утвораны Герм. саюз у складзе 35 (пазней 31) ням. манархій і 4 вольных гарадоў (Гамбург, Брэмен, Любек, Франкфурт-на-Майне) з адзіным агульным органам — Саюзным сходам (сеймам). Найб. ўплыў у саюзе мелі Аўстрыя і Прусія. У 1-й пал. 19 ст. Германія заставалася пераважна агр. краінай (​3/4 яе насельніцтва жыло ў вёсцы). У 1810—20-я г. ням. прам-сць складалася пераважна з мануфактур і рамесных майстэрняў. У 1830-я г. ў Германіі пачалася прамысл. рэвалюцыя (завершана ў 1870-я г. пасля аб’яднання Германіі), звязаная з тэхн. прагрэсам і развіццём транспарту (у 1822 на Рэйне з’явіліся першыя параходы, у 1835 уведзена ў дзеянне першая чыгунка Нюрнберг—Фюрт). З’явілася машынабудаванне (найб. цэнтр — Берлін, дзе вырабляліся паравыя машыны і лакаматывы). У 1834 па ініцыятыве Прусіі ўзнік Герм. мытны саюз паміж 18 ням. дзяржавамі з насельніцтвам 23 млн. чал. (пазней пашыраны, праіснаваў да 1871), што садзейнічала фарміраванню гасп. адзінства Германіі. Ва ўмовах узмацнення абсалютызму ўнутры Германіі адбыліся апазіц. студэнцкія выступленні (найбольшыя ў 1817, 1819). Пад уплывам Ліпеньскай рэвалюцыі 1830 у Францыі ў жн.вер. 1830 масавыя выступленні адбыліся ў Саксоніі, Гановеры, Браўншвайгу, Гесен-Каселі і інш., у выніку чаго тут у 1831—32 уведзены канстытуцыі; 27.5.1832 у Пфальцы прайшла 30-тысячная дэманстрацыя пад лозунгам аб’яднання Германіі і ўвядзення канстытуцыйных свабод. У 1830-я г. за мяжой (Парыж) створаны першыя ням. рабочыя арг-цыі (гл. Саюз справядлівых). У пач. 1840-х г. ліберальная апазіцыя прапагандавала свае погляды на старонках «Рэйнскай газеты» і «Кёнігсбергскай газеты». Адбылося Сілезскае паўстанне ткачоў 1844. Узнік сацыяліст. рух (В.Вейтлінг, К.Маркс, Ф.Энгельс). Пад уплывам рэв. падзей 1848 у Францыі (звяржэнне манархіі) адбылася рэвалюцыя 1848—49 у Германіі, у ходзе якой распаўся Герм. саюз (1849), дзейнічаў Франкфурцкі нацыянальны сход 1848—49. Пасля паражэння рэвалюцыі пад націскам Аўстрыі і Расіі адноўлены Герм. саюз (1850—51). У 1850 у Прусіі прыняты закон «Аб рэгуляванні адносін паміж памешчыкамі і сялянамі», што прадугледжваў паступовы выкуп сялянамі асн. павіннасцей (т.зв. прускі шлях развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы). За 1850-я г. аб’ём прамысл. прадукцыі ў Германіі павялічыўся больш чым удвая. У 1860-я г. індустр. цэнтрамі сталі Рэйнская вобл., Саксонія, Сілезія, Берлін. Пасля прызначэння прэм’ер-міністрам Прусіі О. фон Бісмарка (1862) пачалося дынастычнае аб’яднанне Германіі па т.зв. «малагерманскім» (г. зн. без Аўстрыі) шляху. Спачатку Прусія ў саюзе з Аўстрыяй у ходзе Дацкай вайны 1864 адарвала ад Даніі Шлезвіг і Гольштэйн, а потым у выніку аўстра-прускай вайны 1866 прымусіла Аўстрыю выйсці з Герм. саюза і адмовіцца ад сваіх прэтэнзій на вяршэнства ў Германіі. Замест скасаванага ў 1866 Герм. саюза ў 1867 утвораны Паўночнагерманскі саюз пад эгідай Прусіі. У 1860-я г. ў ням. рабочым руху склаліся Усеагульны герм. рабочы саюз (УГРС) пад кіраўніцтвам Ф.Ласаля і С.-д. рабочая партыя (СДРП, гл. Эйзенахцы) на чале з А.Бебелем і В.Лібкнехтам.

У выніку франка-прускай вайны 1870—71 завершана аб’яднанне Германіі. 18.1.1871 у Версалі абвешчана Герм. імперыя ў складзе 22 ням. манархій (Баварыя, Бадэн, Вюртэмберг, Саксонія захавалі абмежаваную ўнутр. аўтаномію) і 3 вольных гарадоў (Гамбург, Брэмен, Любек) на чале з імператарам (ён жа прускі кароль) Вільгельмам І і рэйхсканцлерам Бісмаркам. Паводле імперскай канстытуцыі 1871 (у яе аснове была канстытуцыя Паўн.-герм. саюза) імператарам краіны мог быць толькі прускі кароль, ён валодаў заканад. уладай, прызначаў рэйхсканцлера, распараджаўся ўзбр. сіламі, вырашаў пытанні вайны і міру, прадстаўляў Германію ў міжнар. справах. Парламент складаўся з прызначанага бундэсрата і выбарнага рэйхстага. У 1870-я г. ў Германіі ўведзена адзіная грашовая сістэма (залатая марка), Прускі банк пераўтвораны ў Імперскі (Рэйхсбанк), устаноўлена адзіная сістэма судаводства (вышэйшая інстанцыя — імперскі суд у г. Лейпцыг). У 1875 УГРС і СДРП аб’ядналіся на аснове кампраміснай Гоцкай праграмы ў Сацыяліст. рабочую партыю Германіі (з 1890 Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі, СДПГ). Апасаючыся ўплыву каталіцкага духавенства (у 1870—71 яно стварыла паліт. партыю Цэнтра) і сацыял-дэмакратаў, Бісмарк ініцыіраваў «Культуркампф» і Выключны закон супраць сацыялістаў (дзейнічаў да 1890). Знешнепаліт. пазіцыі Германіі ён імкнуўся ўмацаваць праз стварэнне сістэмы саюзаў з інш. дзяржавамі (Траісты саюз 1882 і інш.). Пры імператару Вільгельме II (з 1888) змянілася некалькі канцлераў (Л.Капрыві, Х.Гогенлоэ, Б.Бюлаў, Т.Бетман-Гольвег і інш). У 1880-я г. пачата стварэнне герм. калан. імперыі, якая да 1914 ахоплівала тэр. Каля 3 млн. км² з насельніцтвам каля 14 млн. чал. (Герм. Паўд.-Зах. Афрыка, Тога, Камерун, Герм. Усх. Афрыка, архіпелаг Бісмарка, Зямля Вільгельма II, Маршалавы, Каралінскія і Марыянскія а-вы, Самоа і інш.). Да канца 19 ст. Германія стала адной з найб. эканамічна моцных дзяржаў свету і буйным міжнар. інвестарам (інвестыцыі ўкладаліся пераважна ў эканоміку краін Паўд.-Усх. Еўропы, у т. л. Турцыю, і Паўд. Амерыкі). Ва ўмовах эканам. росту і знешнепаліт. саперніцтва з Вялікабрытаніяй Германія па ініцыятыве адм. А. фон Тырпіца ў канцы 19 — пач. 20 ст. ажыццявіла буд-ва буйнога ВМФ (удзельнічаў у 1-й сусв. вайне). З пач. 20 ст. Германія яшчэ больш узмацнілася эканамічна і стала прэтэндаваць на перадзел свету з пазіцыі сілы (гл., напр., Мараканскія крызісы). Яна падтрымала пазіцыю Аўстра-Венгрыі адносна Сербіі пасля Сараеўскага забойства і разам з ёй пачала першую сусветную вайну 1914—18. У ходзе вайны войскі Германіі акупіравалі і зах. ч. Беларусі (1915; лінія фронту прайшла праз Дзвінск, Смаргонь, Баранавічы, Пінск). Пазней геапаліт. інтарэсы і ход падзей на ўсх. фронце пасля змены ўлады ў Расіі (стварэнне сав. ўрада на чале з У.І.Леніным) абумовілі падпісанне Брэсцкага міру 1918. Напярэдадні паражэння Германіі ў 1-й сусв. вайне апошні імперскі ўрад рэйхсканцлера прынца Макса Бадэнскага (з кастр. 1918) звярнуўся да краін Антанты з прапановай аб перамір’і. У выніку Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 у Германіі скінута манархія; 11 ліст. падпісана Камп’енскае перамір’е 1918.

У 1919 Нац. ўстаноўчы сход у г. Веймер распрацаваў асновы канстытуцыйнага ладу герм. рэспублікі (гл. Веймарская рэспубліка), першым прэзідэнтам якой быў выбраны адзін з с.-д. лідэраў Ф.Эберт. Пад націскам дзяржаў-пераможцаў у 1-й сусв. вайне Германія падпісала Версальскі мірны дагавор 1919, паводле якога яна страціла ​1/8 сваёй тэр., ​1/10 насельніцтва, усе калоніі, абавязвалася выплачваць вял. рэпарацыі (іх памер вызначаны ў 1921) і была абмежавана ў ваен. адносінах. Многія жыхары Германіі былі незадаволены такімі вынікамі вайны, што пазней выкарысталі ў сваёй агітацыі нацысты. Ва ўмовах пасляваеннага сац.-эканам. і паліт. крызісу партыі т.зв. веймарскай кааліцыі (СДПГ, партыя Цэнтра і Герм. дэмакр. партыя) ужо ў 1920 страцілі большасць месцаў у рэйхстагу, адбыліся спробы ўзбр. выступленняў з мэтай звяржэння Веймарскай рэспублікі з боку лева- і праварадыкальных сіл (камуністаў у Сярэдняй Германіі ў сак. 1921 і ў Гамбургу ў кастр. 1923; Капаўскі путч 1920 і гітлераўскі путч у Мюнхене ў ліст. 1923). Апынуўшыся ў ізаляцыі на Генуэзскай канферэнцыі 1922, герм. ўрад заключыў з Сав. Расіяй Рапальскі дагавор 1922. Рурскі канфлікт 1922—23 выклікаў яшчэ большую інфляцыю. У 1924—29 эканам. і паліт. жыццё Германіі адносна стабілізавалася (з 1924—25 прамысл. ўздым). Гэтаму садзейнічалі валютная рэформа 1923, карэкціроўка рэпарацыйных плацяжоў паводле Даўэса плана (у 1930 заменены Юнга планам), замежныя пазыкі. Германія выйшла з міжнар. ізаляцыі (Лакарнскія дагаворы 1925, прыняцце Германіі ў Лігу Нацый у 1926). У 1920-я г. Германія наладзіла ваен. супрацоўніцтва з СССР (працягвалася да 1941). У выніку сусв. эканам. крызісу 1929—33 у Германіі рэзка зменшыліся вытв-сць (да 58% ад узроўню 1928) і рэальная зарплата (да 50%), узнікла масавае беспрацоўе (каля 9 млн. чал.). У сак. 1930 распалася ўрадавая кааліцыя з удзелам сацыял-дэмакратаў. З канца 1920-х г. актывізавала свой удзел у паліт. барацьбе Нацыянал-сацыялісцкая партыя: у выніку выбараў 31.7.1932 яна мела найб. фракцыю ў рэйхстагу. Сацыял-дэмакраты і камуністы з-за рознагалоссяў не здолелі аб’яднаць свае намаганні ў процідзеянні нацызму. Ва ўмовах звужэння парт.-паліт. базы Веймарскай рэспублікі ўрады яе апошніх рэйхсканцлераў Г.Брунінга (1930—32), Ф. фон Папена (1932) і К. фон Шляйхера (1932—33) кіравалі краінай з дапамогай надзвычайных дэкрэтаў прэзідэнта (з 1925) П. фон Гіндэнбурга. 30.1.1933 Гіндэнбург прызначыў рэйхсканцлерам лідэра нацыстаў А.Гітлера.

Першы ўрад Гітлера (1933—34) быў кааліцыйны (некалькі ненацысцкіх міністраў і віцэ-канцлер Папен). Шляхам правакацый (гл. ў арт. Лейпцыгскі прагрэс 1933), масавых арыштаў (асабліва апазіц. камуніст. і с.-д. функцыянераў), забароны антыўрадавых дэманстрацый і мітынгаў, крытыкі ў друку дзейнасці ўрада, усіх ненацысцкіх паліт. партый, прафсаюзаў і інш. нацысты хутка ўстанавілі ў Германіі аднапарт. сістэму і татальны кантроль над грамадствам (у т. л. праз гестапа, Гітлер-югенд, «Ням. прац. фронт»). Гэтым яны дамагліся ад рэйхстага прыняцця 24.3.1933 закона аб наданні кабінету Гітлера надзвычайных паўнамоцтваў. Пасля смерці Гіндэнбурга (2.8.1934) Гітлер пажыццёва аб’яднаў функцыі прэзідэнта і канцлера («фюрэр і рэйхсканцлер»). Была праведзена адм. цэнтралізацыя (у 1934 скасаваны ландтагі і прадстаўніцтва зямель — рэйхсрат). З 1935 афіц. дактрынай нацысцкай дзяржавы стала расавая палітыка (гл. Антысемітызм). З’явіліся канцэнтрацыйныя лагеры (у 1933—45 праз іх і інш. «фабрыкі смерці» прайшло каля 18 млн. немцаў і замежных грамадзян, з іх загублена 11 млн.). У 1933—35 цэнтралізавана кіраванне эканомікай і часткова манапалізаваны прамысл. і с.-г. прадпрыемствы. У выніку мілітарызацыі эканомікі павялічылася вытв-сць (па яе ўзроўні Германія ў 1938 выйшла на 1-е месца ў Еўропе) і амаль ліквідавана беспрацоўе. Пасля выхаду Германіі з Лігі нацый (кастр. 1933) яе знешняя палітыка была накіравана на рэвізію Версальскага дагавора і падрыхтоўку да вайны, якая, на думку нацыстаў, забяспечыла б герм. панаванне ў свеце (гл. Вермахт, Англа-германскае марское пагадненне 1935, «Вось Берлін—Рым», «Антыкамінтэрнаўскі пакт», Аншлюс, Мюнхенскае пагадненне 1938, Пакт Рыбентропа—Молатава 1939). Нападам 1.9.1939 на Польшчу Германія развязала другую сусветную вайну 1939—45, якая прывяла да краху нацысцкай дзяржавы. У час вайны актывізаваўся антыфашысцкі рух (Шульца-Бойзена—Харнака арганізацыя, замах на Гітлера 20.7.1944, Нацыянальны камітэт «Свабодная Германія» і інш.).

У 2-ю сусв. вайну, на вядзенне якой Германія выдаткавала каля 800 млрд. марак (у 10 разоў больш, чым за 1-ю сусв. вайну), было забіта, паранена і ўзята ў палон каля 14 млн. немцаў (з іх 10 млн. на сав.-герм. фронце), матэрыяльныя страты склалі каля 50 млрд. марак. Пасля капітуляцыі Германіі (акт аб ёй з ням. боку падпісаў 8.5.1945 ген.-фельдмаршал Кейтэль) урады 4 саюзных дзяржаў-пераможцаў (СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі) 5.6.1945 падпісалі дэкларацыю аб узяцці на сябе вярх. улады ў краіне. Паводле рашэнняў Крымскай канферэнцыі 1945 і Патсдамскай канферэнцыі 1945 саюзнікі падзялілі тэр. Германіі на 4 акупац. зоны (сав. на У, амер. на ПдЗ, брыт. на ПнЗ і франц. на З), а Берлін (увайшоў у сав. зону) — на 4 сектары, устанавілі новую ўсх. граніцу Германіі па лініі Одэр—Нейсе, перадалі ў склад СССР г. Кёнігсберг (цяпер Калінінград) з сумежнымі раёнамі, вярнулі Чэхаславакіі Судэты, правялі (найб. актыўна ў сав. акупац. зоне) дэмілітарызацыю, дэнацыфікацыю (гл. таксама Нюрнбергскі працэс), дэкартэлізацыю і дэмакратызацыю. Кіраванне Германіі ажыццяўляў Саюзны Кантрольны савет (складаўся з галоўнакамандуючых 4 зон; дзейнічаў да 1948), Берлінам — чатырохбаковая міжсаюзніцкая камендатура. У выніку павароту ў палітыцы (гл. «Халодная вайна») ЗША, Вялікабрытанія, а потым і Францыя ўзялі курс на стварэнне асобнай дзяржавы Германіі. У 1946 амер. і брыт. акупац. зоны аб’яднаны ў т.зв. Бізонію (двайную зону), з далучэннем у 1948 франц. зоны — у Трызонію. Яе пашырэнне на зах. ч. Берліна выклікала Берлінскі крызіс 1948—49 (гл. ў арт. Заходні Берлін). 7.9.1949 абвешчана ФРГ. Ва Усх. Германіі 7.10.1949 утворана Германская Дэмакратычная Рэспубліка (ГДР). У 1990 абедзве ням. дзяржавы аб’яднаны. Германія — чл. ААН (з 1973), Еўрап. саюза, Савета Еўропы, НАТО (з 1955), Зах.-еўрап. саюза. Дыпламат. адносіны з Беларуссю з 1992.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Хрысц.-дэмакр. саюз, Хрысц.-сац. саюз, Свабодная дэмакр. партыя, С.-д. партыя Германіі, Партыя «зялёных», Партыя дэмакр. сацыялізму (пераемніца Сацыяліст. адзінай партыі Германіі, якая правіла ў ГДР), Нацыянал-дэмакр. партыя (неанацысцкая), Рэсп. Партыя, Аб’яднанне ням. прафсаюзаў, Аб’яднанне паліт. моладзі, Герм. федэральнае маладзёжнае аб’яднанне, Саюз маладых, Маладыя сацыялісты, Маладыя лібералы, Саюз выгнаных і інш.

Гаспадарка. Германія — індустр. дзяржава з магутным навук.-тэхн. патэнцыялам. Валавы нац. прадукт на душу насельніцтва за год 24 170 дол. ЗША (1994). Ёй належыць вядучая роля ў Еўрап. супольнасці. Эканам. сістэмай Германіі з’яўляецца сац. рыначная гаспадарка, у якой дзейнічаюць буйныя транснац. карпарацыі. У гэту сістэму інтэгруюцца і ўсх. землі (тэр. былой ГДР). Удзельная вага прам-сці ў агульнай прадукцыі больш за 90%. На працягу пасляваен. часу для Германіі характэрны стабільна высокі ўзровень развіцця прам-сці. Буйны экспарцёр капіталу. Прамысловасць. Гал. галіны — машынабудаванне (у т. л. ваеннае) і хім. прам-сць. Германія — адзін з буйнейшых у свеце вытворцаў і экспарцёраў аўтамабіляў, станкоў, прамысл. абсталявання, суднаў, выліч. і быт. тэхнікі, канторскага абсталявання, ваен. тэхнікі (авіяракетная, танкі і інш.) і хім. тавараў. Значныя поспехі ў вытв-сці найноўшай тэхнікі, фармацэўтычнай прадукцыі, новых арган. хімікатаў і палімераў, мед. электронікі, оптыкі і вымяральных прылад. Развіты чорная і каляровая металургія (адно з вядучых месцаў у свеце па выплаўцы сталі, чыгуну, алюмінію, свінцу, медзі, цынку), нафтаперапр. і нафтахім., тэкст. (пераважна баваўняная і шарсцяная), трыкатажная, харчасмакавая прам-сць. Германія — адзін з буйнейшых у свеце вытворцаў піва, высакаякасных рэйнскіх і мозельскіх він, тытунёвых вырабаў, масла і маргарыну, кандытарскіх вырабаў, у т. л. шакаладу, дзіцячага харчавання, харч. канцэнтратаў і інш. Традыцыйная апрацоўка футра (пераважна норкі і каракулю). На тэр. былой ГДР размешчаны буйныя оптыка-мех. з-ды «Карл Цэйс», з-ды электратэхнікі і электронікі, станка- і прыладабудавання, паліграф. і тэкст. машынабудавання. На ўсх. землях, дзе пражывае каля 20% насельніцтва Германіі і вырабляецца толькі 4% прамысл. прадукцыі, праводзяцца мерапрыемствы па дзярж. стымуляванні развіцця. Здабыча (млн. т., 1993): каменнага вугалю 60 (пераважна Рур і Саар), бурага 222 (асн. здабыча ў Ніжнярэйнскім басейне), нафты 3. Штогадовы імпарт нафты каля 100 млн. т (у 1994 — 106 млн. т). Выкарыстоўваецца 87,2 млрд. м³ прыроднага газу (1994), у т. л. здабыча 17,7 млрд. м³, імпарт 69,5 млрд. м³, пераважна з Расіі (36,1%), Нідэрландаў (25,8), Нарвегіі (14,3). Выпрацоўка эл.-энергіі 526,1 млрд. кВт·гадз (1994). Энергетыка ўсх. зямель пераводзіцца з бурага вугалю на газ, здабыча бурага вугалю скарачаецца. На базе здабычы каменнага вугалю склаўся Рурскі прамысл. раён з развітой чорнай і каляровай металургіяй, машынабудаваннем, хіміяй і інш. Выплаўка (млн. т, 1993) сталі — 37,6, чыгуну — 27. Рур — найб. металургічны раён Зах. Еўропы, працуе на імпартных жал. рудах. Асн. цэнтры Дуйсбург, Дортмунд, Бохум; з-ды ў Саарскім басейне, Брэмене, Айзенхютэнштаце. Каляровая металургія спажывае пераважна імпартную сыравіну. Асн. галіна спецыялізацыі ў рамках міжнар. падзелу працы — машынабудаванне; да 60% яе прадукцыі экспартуецца. Наменклатура маш.-буд. прадукцыі вельмі шырокая. Аўтамаб. прам-сць дае 15% экспарту. Вядучае месца ў ёй займаюць 5 манаполій: «Фольксвагенвэрк», «Даймлер-Бенц», БМВ, амер. кампаніі «Опель», «Форд мотар»; гал. іх цэнтры Вольфсбург, Штутгарт, Кёльн, Русельсгайм, Мюнхен. Цяжкае машынабудаванне, станкабудаванне ў Дуйсбургу, Брэмене, Эмдэне, Магдэбургу, Берліне і інш. Развіты суднабудаванне (Гамбург, Брэмен, Кіль, Любек) і вагонабудаванне. Выпускаюцца ў вял. колькасці халадзільнікі, тэлевізары, відэатэхніка, вымяральныя прылады і інш. Вядучыя кампаніі ў эл.-тэхн. і электроннай прам-сці «Сіменс» і «Бош»; гал. іх цэнтры Нюрнберг, Штутгарт, Кёльн, Мюнхен, Гамбург.

Па ўзроўні развіцця хім. прам-сці Германія займае вядучыя пазіцыі ў свеце. Больш за 80% прадукцыі галіны даюць кампаніі «Хёхст» (Франкфурт-на-Майне), «БАСФ» (Людвігсгафен) і «Баер» (Леверкузен). На ўсх. землях буйныя цэнтры Лёйна і Швет. Вытв-сць азотных (1,3 млн. т па колькасці азоту), калійных, фосфарных угнаенняў, сінт. каўчуку і пластмас (9,8 млн. т), кінафотаматэрыялаў, фармацэўтычных вырабаў і інш. У харч. прам-сці багаццем асартыменту вылучаюцца хлебабулачная (1400 гатункаў) і каўбасная (1500 найменняў), вытв-сць сыру і інш. малочных прадуктаў, кандытарскіх вырабаў. Традыц. галіны піваварэнне і вінаробства. Сельская гаспадарка. Германія — буйны вытворца с.-г. прадукцыі. Сельская гаспадарка падтрымліваецца ўрадавымі субсідыямі. На З асн. вытворцы с.-г. прадукцыі — 600 тыс. фермерскіх гаспадарак, на У — кааператывы, якія прыстасоўваюцца да рыначнай эканомікі, пераўтвараюцца ў таварыствы ці фермерскія гаспадаркі. Вядучая галіна — малочная і мясная жывёлагадоўля. Пагалоўе (млн. галоў, 1993): буйн. раг. жывёлы — 15,9 (у т. л. дойных кароў — 5,4), свіней — 26,1, авечак — 2,4. Вытв-сць (млн. т, 1993): ялавічыны — 1,7 (амаль 40% яе ідзе на экспарт), свініны — 3,6, малака — 28. Птушкагадоўля. Вырошчваюць (млн. т, 1993); пшаніцу — 15,8, ячмень — 11, жыта — 3, кукурузу — 2,7, бульбу — 12,3, рапс (семя) — 2,8, цукр. буракі — 28,6, агародніну, садавіну, вінаград. Развіта вырошчванне хмелю (гал. экспарцёр у свеце). Транспарт. Тэр. Германіі абслугоўвае густая сетка сучасных камунікацый — аўтастрад, скарасных чыгунак, газа- і нафтаправодаў. У краіне 10,7 тыс. км аўтастрад, 44,3 тыс. км федэральных і нац. шашэйных дарог, больш за 30 тыс. км федэральных чыгунак; 3644 км нафтаправодаў, 3946 км прадуктаправодаў, 97 564 км газаправодаў. Больш за 6,8 тыс. км унутр. водных шляхоў. Суднаходныя рэкі Рэйн, Везер, Эмс, Эльба, Одэр. На Рэйне самая буйная рачная гавань Еўропы Дуйсбург-Рурарт. Кільскі канал, што злучае Паўн. і Балт. моры, адыгрывае асаблівую ролю ў перавозках грузаў. Грузаабарот марскіх партоў Германіі перавышае 200 млн. т за год. Гал. марскія парты Гамбург, Брэмен, Любек, Ростак. Германія валодае марскім гандл. флотам грузападымальнасцю ў 5 млн. т (1994). 499 аэрапортаў. Самы буйны аэрапорт Еўропы Франкфурт-на-Майне; адна з буйнейшых авіякампаній у свеце «Люфтганза». Германія — другая гандл. дзяржава свету пасля ЗША. Экспарт (378 млрд. дол. ЗША, 1991) машын і прамысл. абсталявання (больш за 50% кошту), хім. прадукцыі, харч. тавараў і напояў, мінер. сыравіны, адзення, абутку, упрыгожанняў, сталі і чыгуну. Імпартуецца пераважна сыравіна і паліва (354 млрд. дол. ЗША, 1991). На Еўрап. супольнасць прыпадае палавіна гандл. сувязей. Асн. гандл. партнёры: Францыя, Італія, Нідэрланды, Вялікабрытанія, ЗША, Швейцарыя, КНР. Германія — галоўны гандл. партнёр Беларусі сярод зах. краін; набывае на Беларусі трактары, халадзільнікі і маразільнікі, калійныя ўгнаенні, дыметылтэрыфталат, фанеру і інш.; пастаўляе на Беларусь стальныя трубы, мед. інструменты і прылады, абсталяванне для харч. і тэкст. прам-сці, электронныя лямпы, гербіцыды, алей і інш. На Беларусі існуе больш за 200 сумесных германа-беларускіх прадпрыемстваў. Грашовая адзінка — герм. марка.

Узброеныя сілы (бундэсвер). Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМФ. У мірны час падпарадкоўваюцца міністру абароны, у ваенны — федэральнаму канцлеру. Паводле канстытуцыі ФРГ яе войскі не могуць выкарыстоўвацца за межамі краіны (дапушчальны толькі дапаможны ўдзел у міратворчых аперацыях). У канцы 1994 налічвалі 367,3 тыс. чал. (442,7 тыс. рэзервістаў), прадугледжана да 2000 г. скарачэнне іх колькасці да 340 тыс. чал. Камплектуюцца паводле змешанага прынцыпу (з добраахвотнікаў і па прызыве). У сухап. войсках (канец 1994) 254,3 тыс. чал., 8 механізаваных дывізій, мотапяхотная і 3 паветрана-дэсантныя брыгады, асобная брыгада армейскай авіяцыі. Маюць на ўзбраенні 5070 танкаў, 2915 баявых машын пяхоты, 4878 бронетранспарцёраў, 2312 гармат палявой артылерыі і мінамётаў, 667 самалётаў і верталётаў армейскай авіяцыі і інш. У ВПС (канец 1994) 82,9 тыс. чал., каля 480 баявых самалётаў. ВМФ (1996) налічвае 29 тыс. чал., мае 79 баявых караблёў (у т. л. 20 дызельных падводных лодак) і 36 ракетных катэраў, а таксама 71 баявы самалёт і 18 баявых верталётаў марской авіяцыі.

Ахова здароўя. Мед. абслугоўванне пераважна прыватнае і платнае. Сістэма мед. страхавання і мед. кас робіць яго даступным для ўсіх слаёў насельніцтва. Існуе сетка адкрытых дзярж. і камунальных мед. устаноў. Асн. функцыі па мед. абслугоўванні (прафілактыка, лячэнне, рэабілітацыя) ажыццяўляюцца праз федэральнае мін-ва аховы здароўя, мед. касы, урачэбныя т-вы і мін-вы аховы здароўя федэральных зямель. Дзеці да 4-гадовага ўзросту сістэматычна абследуюцца з мэтай выяўлення прыроджаных парушэнняў дзейнасці сэрца, мозга, нерв. сістэмы, дарослыя (жанчыны пасля 30, мужчыны пасля 45 гадоў) — з мэтай ранняга выяўлення анкалагічных захворванняў. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 73, у жанчын 80 гадоў. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 121 чал., урачамі — 1 на 319 чал. Узровень нараджальнасці — 11 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць — 7 на 1 тыс. нованароджаных (1994).

Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Германіі ўключае дашкольныя ўстановы для дзяцей 3—6 гадоў (існуюць пераважна пры пач. і спец. школах, а таксама пры царк. абшчынах, дабрачынных установах, прыватных фірмах і інш.); агульнаадук. ўстановы (пач. школы, асн. і рэальныя школы, гімназіі, агульныя школы); прафес. навуч. ўстановы; ВНУ. Пач. школа (з 6-гадовага ўзросту) — 1-я ступень школьнай сістэмы для ўсіх дзяцей; тэрмін навучання — 4 гады (у Берліне і Брандэнбургу — 6). Пасля пач. школы 60% дзяцей пераходзяць у асн. абавязковую школу, мэта якой — даць базавую адукацыю для наступнай прафесійнай; тэрмін навучання — 4—6 гадоў. Часта пач. і асн. школы ствараюць адзіную навучальна-выхаваўчую ўстанову. Рэальная школа (5—10 або 7—10 кл.) дае агульную адукацыю на ўзроўні няпоўнай сярэдняй з практычнай накіраванасцю. Пасля яе заканчэння вучні маюць права паступлення ў розныя тыпы прафес. школ. Найб. здольныя выпускнікі могуць паступіць у старэйшую ступень гімназіі (11—12-ы кл.) па рэкамендацыі школы без уступных экзаменаў. Гімназія разлічана, як правіла, на 9 гадоў (5—13-ы або 7/8—13-ы кл.). Гэта адзіны тып агульнаадук. школы, што дае права паступлення ва ун-т. Для збліжэння шляхоў агульнай і прафес. адукацыі праводзіцца рэформа старэйшай ступені гімназіі (11—13-ы кл.). Класна-ўрочная сістэма заняткаў заменена курсавой. Суадносіны абавязковых і факультатыўных навуч. прадметаў — 2:1, што робіць больш лёгкім пераход да навучання ў ВНУ. Існуюць таксама спец. гімназіі (эканам., тэхн. і інш.) і вячэрнія. У агульнай школе (інтэграванай, аб’яднанай, каапераванай) прадугледжаны ліквідацыя класна-ўрочнай сістэмы заняткаў, дыферэнцыяцыя і індывідуалізацыя навучання. Для кожнага навуч. прадмета ўведзена 2 праграмы — паглыбленая і скарочаная. Працягласць навучання — 12 гадоў. У Германіі дзейнічаюць розныя прыватныя школы: канфесійныя, вальдорфскія (выхаванне духоўна свабоднай асобы), сельскія школы-інтэрнаты, альтэрнатыўныя школы і інш. Прыватныя навуч. ўстановы пераважаюць у сферы дашкольнага выхавання, прафес. адукацыі і павышэння кваліфікацыі. У дзярж. сістэму прафес.-тэхн. навучання ўваходзяць некалькі тыпаў навуч. устаноў. Для падлеткаў да 18 гадоў, якія скончылі асн. школу і не працягваюць агульную адукацыю ў іншых тыпах школ, абавязковымі з’яўляюцца прафшколы з навучаннем без адрыву ад вытв-сці і навуч. ўстановы аднагадовай пач. прафес. падрыхтоўкі з адрывам ад вытв-сці. ВНУ Германіі належаць землям, за выключэннем некат. прыватных, царк., ун-таў бундэсвера і спец. ВНУ адм. кіравання федэрацыі. У сістэме вышэйшай школы найб. роля належыць ун-там і роўным ім ВНУ; ёсць спец. ВНУ і агульныя (у іх аб’яднаны розныя тыпы ВНУ). На 1.1.1996 у Германіі 112 ун-таў, 325 ВНУ, 167 спец. ВНУ, 46 вышэйшых вучылішчаў у галіне мастацтва. Найб. ун-ты: Мюнхенскі (з 1471), Свабодны ў Берліне (з 1948), Кёльнскі (з 1388), Мюнстэрскі (з 1780), Гётынгенскі (з 1737), Гайдэльбергскі універсітэт (з 1386), Берлінскі універсітэт (з 1810), Бонскі універсітэт (з 1786), Лейпцыгскі (з 1409), Гамбургскі (з 1919), Марбургскі (з 1527), Тэхнічны ў Дрэздэне (з 1828). Найб. б-кі: Нямецкая бібліятэка ў Лейпцыгу, Ням. ў Франкфурце-на-Майне, Баварская дзярж. ў Мюнхене, Дзярж. б-ка «Культурная спадчына Прусіі» ў Берліне, Ням. ў Берліне (з 1661), Б-ка імя герцага Аўгуста ў Вольфенбютэлі, Цэнтр. мед. б-ка ў Кёльне. Вял. фонды маюць б-кі ун-таў. Найб. музеі: Дзярж. музеі «Культурнай спадчыны Прусіі» (у т. л. Нац. і Карцінная галерэі) і Музей тэхнікі і транспарту ў Берліне, Дрэздэнская карцінная галерэя (з 1560), Старая і Новая пінакатэкі, Баварскі нац. музей, Ням. музей у Мюнхене, Герм. нац. музей у Нюрнбергу, Дзярж. галерэя і Дзярж. музей прыродазнаўства ў Штутгарце, Музей выяўл. мастацтваў у Лейпцыгу, дзярж. калекцыі твораў мастацтва ў Карлсруэ і Каселі, Дзярж. прыродазнаўча-гіст. музей у Браўншвайгу, Музей архітэктуры і Музей сучаснага мастацтва ў Франкфурце-на-Майне, Скарбніца сабора і Новая галерэя ў Ахене, Цэнтр. рымска-герм. музей у Майнцы, Рымска-герм. музей і Музей Вальраф-Рыхартц у Кёльне, Мемар. музей памяці ахвяр фашызму ў Бухенвальдзе, этнагр. музеі ў Берліне, Франкфурце-на-Майне, Гётынгене, Гамбургу, Кілі, Кёльне, Любеку, Мюнхене, Штутгарце. Навукова-даследчую работу ў Германіі праводзяць у асноўным ВНУ, н.-д. цэнтры, аддзяленні эканомікі, лабараторыі прам-сці і інш. дзярж. і прыватныя н.-д. ўстановы. З ВНУ у галіне даследаванняў супрацоўнічаюць 7 АН (у Дзюсельдорфе, Гётынгене, Гайдэльбергу, Лейпцыгу, Майнцы, Мюнхене) і Берлінска-Брандэнбургская акадэмія мастацтваў. Буйнейшая пазауніверсітэцкая н.-д. арг-цыяТ-ва па развіцці навук імя Макса Планка, у складзе якога больш за 60 н.-д. устаноў высокага ўзроўню.

Друк, радыё, тэлебачанне. Германія мае развітую сетку сродкаў масавай інфармацыі і займае па гэтым паказчыку адно з вядучых месцаў у свеце. На 1 тыс. ж. прыпадае ў сярэднім па 500 экз. газет і 600 тэлевізараў. Буйнейшыя штодзённыя газеты: «Bild Zeitung» («Більд Цайтунг», «Ілюстраваная газета»), «Süd-deutsche Zeitung» («Паўднёвагерманская газета»), «Frankfurter Rundschau» («Франкфурцкі агляд»), «Neue Rhein-Zeitung» («Новая рэйнская газета»), «Die Zeit» («Час»), «Stuttgarter Zeitung» («Штутгарцкая газета»), «Westfälische Rundschau» («Вестфальскі агляд»), «Rheinische Post» («Рэйнская пошта»), «Die Welt» («Свет»). Нац. інфарм. агенцтва Дойчэ Прэсэ Агентур (ДПА).

Тэле- і радыёвяшчанне ў Германіі ўключае праграмы агульнанац. (АРД, ЦДФ, Дойчландфунк), федэральных зямель і прыватных кампаній, якія размяркоўваюцца па наземных, спадарожнікавых і кабельных сетках. З больш як 40 спадарожнікаў (Астра, Еўтэлсат, ДФС Капернікус і інш.) магчымы прыём больш за 100 праграм тэлебачання (палавіна з якіх на ням. мове) і радыёвяшчання (мона- і стэрэафанічнага, аналагавага і лічбавага) на антэны індывідуальныя (каля 40% абанентаў) і калектыўныя (у сетках кабельнага тэлебачання, каля 60% абанентаў). Спадарожнікавая праграма Дойчэ Вэле вядзе вяшчанне на замежныя краіны.

Літаратура. Грунтуецца на фалькл. спадчыне герм. плямён. Першыя пісьмовыя помнікі на стараж.-герм. дыялектах — пераважна культавыя тэксты (8—9 ст.). Найб. стараж. помнік эпічнай паэзіі — гераічная «Песня пра Гільдэбранта» (захаваўся пачатак, запісаны каля 810). Захавальнікамі паэт. традыцый вуснай нар. творчасці былі вандроўныя спевакі — шпільманы. У 13 ст. з’явіліся апошнія літ. апрацоўкі стараж. гераічных паданняў («Песня пра Нібелунгаў»; «Кудруна», паэма пра Дзітрыха Бернскага), развіваліся паэзія вагантаў, рыцарскі раман (Гартман фон Аўэ, Вольфрам фон Эшэнбах, Готфрыд Страсбурскі) і куртуазная лірыка (Вальтэр фон дэр Фогельвайдэ). У 13—15 ст. набылі папулярнасць гар. хронікі, бюргерская л-ра, у т. л. празаічныя і вершаваныя апавяданні (шванкі) і нар. фарсы (фастнахтшпілі; Штрыкер, Вернер-Садоўнік, Фрайданк), маральна-дыдактычная паэзія, майстарзанг (гл. Майстарзінгеры). У 16 ст. дасягнула росквіту антыклерыкальная гуманіст. л-ра: «Карабель дурняў» С.Бранта, «Цэх махляроў» Т.Мурнера, «Пісьмы цёмных людзей» (розных аўтараў), дыялогі У. фон Гутэна, «Пахвала дурасці» Эразма Ратэрдамскага. Антыфеад. і антыклерыкальны пратэст адлюстраваны ў нар. паэме «Рэйнеке-Ліс», нар. кнігах пра Тыля Уленшпігеля (1515), «Гісторыі пра доктара Іагана Фауста» (1587), «Шыльдбюргерах» (1598), нар. песнях. У пропаведзях Т.Мюнцэра часоў Сялянскай вайны 1524—26 у рэліг. формулах сцвярджаліся гуманіст. ідэалы. Вял. значэнне для развіцця ням. літ. мовы меў пераклад М.Лютэрам Бібліі. Традыцыі нар. л-ры працягваў Г.Сакс. У пач. 17 ст. ў л-ры панаваў класіцызм (М.Опіц), пазней барока (лірыка П.Флемінга, А.Грыфіуса, сатыра Ф. фон Логаў, галантна-прэтэнцыёзная паэзія К.Г.Гофмансвальдаў); умацоўвалася нямецкамоўная л-ра, выцяснялася латынь. Вяршыня тагачаснай ням. л-ры — вострасац. рэаліст. раман Г.Я.К.Грымельсгаўзена «Сімпліцысімус». Асветніцтва ў Германіі дасягнула росквіту ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. ў тэарэтычных працах і драмах Т.Э.Лесінга, творчасці Ф.Г.Клопштака, К.М.Віланда.

Ранняя творчасць І.В.Гётэ і Ф.Шылера была цесна звязана з прасякнутым антыфеад. настроем літ. рухам «Бура і націск», да якога прымыкалі Я.М.Р.Ленц, Г.А.Бюргер і інш. Вял. ролю ў развіцці тагачаснай ням. л-ры і эстэтыкі мелі тэарэт. працы І.Г.Гердэра, І.І.Вінкельмана. Апіраючыся на ідэі апошняга, Гётэ і Шылер распрацавалі канцэпцыю «веймарскага класіцызму». На мяжы 18—19 ст. узнік рамантызм. Каля яго вытокаў стаялі В.Г.Вакенродэр, Ф.Шлегель, Наваліс, Л.І.Цік. У яго рэчышчы тварылі І.К.Ф.Гёльдэрлін, Жан Поль, Г. фон Кляйст, Э.Т.А.Гофман. Многія рамантыкі звярталіся да фальклору (казкі братоў Я. і В.Грым, зб. песень «Чароўны рог хлопчыка» Л.А. фон Арніма і К.Брэнтана). Рамантызм плённа паўплываў і на лірыку І.Айхендорфа, В.Мюлера, Л.Уланда, Э.Ф.Мёрыке. У прозе А.Шаміса і паэзіі маладога Г.Гейнэ ён набыў рэв.-дэмакр. характар. Пасля Ліпеньскай рэвалюцыі 1830 у Францыі (яе падзеі адлюстраваў Л.Бёрне ў кн. «Парыжскія лісты») у ням. л-ры ўзмацніўся рэв.-дэмакр. кірунак (паэзія і публіцыстыка Гейнэ, Т.Бюхнера), а ў творчасці пісьменнікаў «Маладой Германіі» (Л.Вінбарг, К.Гуцкаў, Г.Лаўбе і інш.) — ліберальна-дэмакратычны; фарміравалася сац.-паліт. паэзія (паліт. лірыка Гейнэ, Г.Гервега, Ф.Фрайліграта). Крытычны рэалізм 2-й пал. 19 ст. найб. вастрыні дасягнуў у творчасці Т.Шторма, Т.Фантане, хоць увогуле характарызаваўся сац. абмежаванасцю. Адбывалася і станаўленне натуралізму (ранняя творчасць Т.Гаўптмана, Р.Дэмеля). Уздым сац.-дэмакр. руху ў канцы 19 ст. спрыяў развіццю пралетарскай л-ры і крытыкі (Р.Швайхель, Ф.Мерынг). На мяжы 19 — 20 ст. праявіліся імпрэсіянізм, сімвалізм, неарамантызм. У пач. 20 ст. набраў сілу крытычны рэалізм (раманы братоў Т.Мана і Г.Мана, Я.Васермана, В.Келермана, драмы Гаўптмана, Ф.Ведэкінда). Напярэдадні 1-й сусв. вайны ва ўмовах нарастаючага крызісу грамадскага развіцця ўзнік экспрэсіянізм (Г.Гайм, Г.Тракль, А.Дзёблін). Пад уплывам рэвалюцый 1917 у Расіі і 1918 у Германіі атрымала пашырэнне л-ра леварадыкальнага кірунку (І.Р.Бехер, Б.Брэхт, Г.Зэгерс, Ф.К.Вайскопф, Ф.Вольф, Э.Э.Кіш і інш.). Плённа развіваўся крытычны рэалізм (браты Маны, Л.Фейхтвангер, Л.Франк, Г.Фалада, А.Цвэйг, Г.Гесэ). Актуальнасць набыла антываен. тэма (раманы Цвэйга, Э.М.Рэмарка, Л.Рэна), публіцыстыка К.Асецкага і сатыра К.Тухольскага. Узнікла л-ра экзістэнцыялізму (Ф.Кафка). У выніку ўсталявання ў Германіі нацыянал-сацыялісцкай дыктатуры большасць пісьменнікаў эмігрыравала, некаторыя рэпрэсіраваны і закатаваны. Гэты перыяд адзначаны панаваннем шавіністычна-мілітарысцкай белетрыстыкі (В.Боймельбург, Э.Дзвінгер, Г.Грым, Г.Іост і інш.) і ўзнікненнем нелегальнай антыфаш. л-ры Супраціўлення (А.Кукгоф, А.Гаўсгофер і інш.). З 1949 пачалося самаст. развіццё л-р ГДР і ФРГ.

У літаратуры ГДР у 1940—50-я г. пераважала праблематыка гіст. урокаў нядаўняга мінулага: выкрыццё фашызму, тэма адказнасці чалавека перад народам і гісторыяй (проза Зэгерс, В.Брэдэля, Вайскопфа, Рэна, Б.Апіца, Э.Штрытматэра, паэзія Бехера, Э.Вайнерта, Ф.Фюмана, С.Хермліна, Л.Фюрнберга, драматургія Брэхта, Ф.Вольфа). Тэма віны і адказнасці немцаў перад слав. светам цэнтральная ў творчасці І.Баброўскага. У 2-й пал. 1950-х — 60-я г. пісьменнікі ГДР звярнуліся да адлюстравання новых грамадскіх адносін. У прозе прадаўжалася маст. распрацоўка антыфаш. тэмы (В.Нойгаўс, Дз.Ноль, М.В.Шульц, Фюман), разглядалася праблема «дзвюх Германій» (Зэгерс, К.Вольф). Творам 1970-х г. уласцівы філас.-інтэлектуальная скіраванасць (проза К.Вольф, Фюмана, паэзія Э.Арэнта, драматургія Г.Мюлера, П.Гакса), распрацоўка тэмы стваральнай працы (Э.Нойч), інтэлігенцыі (Г.Кант), маладога пакалення (Г.Гёрліх, У.Пленцдорф), маральна-этычная праблематыка (Г. дэ Бройн, Ю.Брэзан, Шульц, Штрытматэр, І.Навотны, Р.Штраль). У рэчышчы ням. л-ры ГДР развівалася сербалужыцкая літаратура (Брэзан). Аб’яднанне Усх. і Зах. Германій прыпыніла адасобленае развіццё л-ры ГДР. Далучэнне асобных яе пісьменнікаў да агульнаням. літ. працэсу праходзіла павольна і балюча.

У літаратуры ФРГ вызначальнымі былі тэмы 2-й сусв. вайны і нацыянал-сацыялізму, праблемы сумнення і выбару, віны і адказнасці. Тут прадоўжаны літ. традыцыі Веймарскай рэспублікі: на аснове эстэт. плыней пач. 20 ст. (В.Борхерт, Г.Вайзенборн, Г.Бэн, Э.Юнгер, Г.Г.Ян), экзістэнцыялізму (Г.Э.Носак, А.Андэрш), рэалізму (В.Кёпен, Г.Бёль, З.Ленц, М.І.Вальзер, Т.Грас, У.Іонсан) і «магічнага рэалізму» (Э.Лангесер, Г.Казак, С.Андрэс). Антыфаш. і антываен. тэматыка аб’яднала ў літ. «Групе 47» пісьменнікаў розных паліт. арыентацый і эстэт. прынцыпаў (Г.В.Рыхтэр, Кёпен, Бёль, Вальзер, Андэрш, Г.Айх і інш.). У 1950-я г. пашырыліся творы «масавай культуры» (І.Баўэр, Г.Конзалік), узмацніліся рэваншысцкія матывы (Боймельбург, Дзвінгер, Г.Грым). Адначасова абвастрыліся антыфаш. тэндэнцыі (К.Цукмаер, Борхерт, Н.Закс) і крытычнае адлюстраванне зах.-герм. рэчаіснасці (Рыхтэр, Кёпен, Бёль). У 1960-я г. ўзніклі дортмундская «Група 61» (Г.Вальраф, М. фон дэр Грун і інш.) і гурткі рабочай л-ры, члены якіх пісалі пра жыццё і працу рабочых. Дасягненні паэзіі ФРГ звязаны з імёнамі Бэна, Закс, П.Вайса, Р.Гохута. У 1960—70-я г. з’явіўся шэраг высокагуманіст. твораў: раманы Бёля, Носака, З.Ленца, П.Шалюка, п’есы Вайса, Гохута, Вальзера, Граса. У л-ры 1970—80-х г. назіраюцца працяг сац.-крытычных і гуманіст. традыцый (творчасць Бёля, Вальзера, З.Ленца, Вайса), цікавасць да дакументалізму (рэпартажы і нарысы Вальрафа), пошукі новых форм і стылявых сродкаў. У драматургіі пераважае сац. і гіст. праблематыка (М.Шпер, Г.Генкель, Ф.К.Крэтц). У 1990-я г. адбываецца размежаванне пісьменнікаў розных сац.-паліт. кірункаў.

На Беларусі ням. л-ра вядома з сярэдніх вякоў. У 2-й пал. 15 ст. на бел. мову перакладзена «Аповесць пра трох каралёў» ням. манаха Іагана з Гельдэсгайма. У перакладзе на бел. мову выдадзены творы Гётэ («Фауст», ч. 1—2, 3-е выд., 1991; «Спатканне і ростань», 1981), Шылера («Вільгельм Тэль», 1934; «Балады», 1981; «Вершы і балады. Драмы», 1933), Гейнэ («Германія. Зімовая казка», 1939; «Выбраныя творы», 1959), братоў Грым, Р.Э.Распэ, В.Гаўфа, Келермана, А.Абуша, Рэмарка, Бехера, Г.Альфрэда, М.Кальтофена, Л.Турэка, Брэдэля, Г.Мархвіцы, Э.Глезера, Фейхтвангера, А.Гёртца, Г.І.Гартунга, Рэна, Б.Фёлькнера, Брэзана, Бройна, Г.Гофе, Фалады («Даўным-даўно ў нас дома», 1981), А.Аменды («Апасіяната», 1983), Т.Мана («Доктар Фаустус», 1989), Гесэ («Гульня шкляных перлаў», 1992), Бёля («Більярд а палове дзесятай», 1993), Грымельсгаўзена («Сімпліцысімус», 1997), а таксама анталогія лірыкі «Пярэднія выйшлі ў заўтра» (1968), зб-кі апавяд. «Незабыўны дзень» (1973), «Матчына споведзь» (1985). У перыяд. друку апублікаваны асобныя творы Лесінга, Шаміса, Г.Веерта, Борхерта, Гохута, Вайнерта, Ф.Вольфа, К.Нойкранца, Г.Поля, К.Брэгера, Э.Толера і інш. На бел. мову творы ням. пісьменнікаў перакладалі А.Абуховіч, Я.Барычэўскі, Л.Баршчэўскі, Я.Бялясін, В.Вольскі, Ю.Гаўрук, К.Даўкша, С.Дорскі, А.Дудар, М.Ермалаеў, А.Звонак, А.Зарыцкі, А.Клышка, А.Лойка, М.Навіцкі, У.Папковіч, У.Сакалоўскі, Я.Семяжон, В.Сёмуха, Ю.Таўбін, Х.Шынклер, У. і Г.Чапегі і інш.

Адно з першых упамінанняў пра Беларусь у ням. л-ры — у вершах П.Зухенвірта (канец 14 ст.). У Германіі ў 16 ст. была вядома палемічная публіцыстыка Буднага, творы Волана і Сматрыцкага, у канцы 18 — пач. 19 ст. — працы С.Маймана. Больш шырокае знаёмства з Беларуссю адбылося ў 19 ст. пасля заснавання час. «Archiv für slavische Philologie» («Архіў фюр славішэ філолагі»), у якім асвятляліся сярэдневяковая бел. л-ра і фальклор. У 1877 перакладзены і выдадзены «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх». На пач. 20 ст. матэрыялы пра Беларусь друкаваліся ў ням. перыяд. друку, выходзілі асобнымі выданнямі. На ням. мову перакладзены асобныя творы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, П.Броўкі, А.Куляшова, Т.Хадкевіча, М.Паслядовіча, К.Крапівы, Я.Маўра, Я.Брыля, У.Караткевіча, І.Шамякіна, В.Быкава, А.Адамовіча, А.Кудраўца, С.Алексіевіч, А.Разанава і інш. У 1995 выдадзена анталогія «Беларусь. Мова, якая выстаяла». Творы бел. л-ры на ням. мову перакладалі Н.Рандаў, Г.Грым, Р.Вільнаў, Г.Гербот, Г.Лёфлер, Д.Памерэнке, Л.Рэманэ, Т.Рэшке, К.Гутшміт, Г. і У.Чапегі, Э.Эрб і інш.

Архітэктура. Пад уплывам ант. і візант. дойлідства на тэр. Германіі склалася каралінгская архітэктура (палацавая капэла ў Ахене, каля 800). У перыяд інтэнсіўнага росту гарадоў склаўся сталы раманскі стыль (2-я пал. 11 — 1-я пал. 13 ст.), вызначыліся асн. тыпы гар. (пераважна фахверкавыя 3-павярховыя) і вясковых (зрубныя альбо фахверкавыя) дамоў, пабудаваны буйнейшыя манастырскія цэрквы (Марыя-Лах, 1093—1156) і гар. саборы (у Шпаеры, Майнцы, Вормсе, Бамбергу, Наўмбургу і інш.) — базілікі і цэнтрычныя храмы. У гатычным стылі (13—14 ст.), які развіваўся пад моцным уплывам франц. архітэктуры, будаваліся каменныя і цагляныя ратушы (Любек, Мюнстэр, Браўншвейг), замкі, гандл. памяшканні, шпіталі, склады, каменныя і фахверкавыя дамы. Гатычныя саборы часцей былі вялізных памераў (Кёльнскі сабор) і мелі аднавежавы зах. фасад (Фрайбургім-Брайсгаў). Гарады ўмацоўваліся магутнымі сценамі з вежамі і брамамі. У 15 ст. пашырыліся зальныя храмы (Мюнхен, Нюрнберг). Рэнесансавыя рысы праявіліся ў 15 ст., але найб. ярка яны выявіліся ў пач. 17 ст. (порцік ратушы ў Кёльне, 1669—73, арх. В.Фернукен). З пач. 18 ст. пашыраецца барока: гар. палац у Берліне (1698—1722, арх. А.Шлютэр), ансамбль Цвінгер у Дрэздэне (1711—22, арх. М.Д.Пёпельман), епіскапская рэзідэнцыя ў Вюрцбургу (1719—33, арх. І.Б.Нойман) і інш. Архітэктура ракако найб. выявілася ў загарадным палацы Фрыдрыха II Сан-Сусі (1745—47, арх. Г.В.Кнобельсдорф). У ням. архітэктуру пранікаюць рысы класіцызму (Брандэнбургскія вароты, 1788—91, арх. К.Г.Лангханс), яго росквіт прыпадае на 1-ю пал. 19 ст. Найб. значныя архітэктары-класіцысты К.Ф.Шынкель, Ф.К.Л. фон Кленцэ. У пабудовах сярэдзіны і 2-й пал. 19 ст. адчуваецца ўплыў эклектызму (рэйхстаг, 1884—94). Архітэктары пач. 20 ст. праяўляюць цікавасць да канструкцыйнай выразнасці і функцыян. апраўданасці: комплекс фірмы «АЭГ» у Берліне (1909—12, арх. П.Берэнс), будынак «Баўгауза» ў Дэсаў (1926, арх. В.Гропіус), павільён Германіі на выстаўцы ў Барселоне (1929, арх. Л.Міс ван дэр Роэ), пабудовы Ф.Гёгера, М.Берга і інш. Павышаная экспрэсіўнасць і дынамічнасць форм характэрны для творчасці Э.Мендэльзона, Т.Пёльцыга. Цэнтрам ням. функцыяналізму стаў «Баўгауз». Жыллёвы крызіс пасля 1-й сусв. вайны вымусіў урад Германіі будаваць танныя кватэры. Архітэктары рабілі шмат цікавых эксперыментаў, але ў тагачасных умовах іх плённыя ідэі не былі ажыццёўлены. З устанаўленнем фаш. дыктатуры многія выдатныя архітэктары эмігрыравалі. У ням. архітэктуры праявіліся напышлівыя псеўдаманументальнасць і паказная ўрачыстасць. Ням. архітэктура доўгі час была ў заняпадзе і пасля 1945.

У архітэктуры ГДР 1950-х г. пераважала фасадная перыметральная забудова, выкарыстоўваліся прынцыпы рэгулярнай планіроўкі (пл. Альтмаркт у Дрэздэне, Цэнтралерплац у Магдэбургу, Лангештрасэ ў Ростаку). З прычыны нешматлікіх сродкаў, вылучаных на жыллёвае буд-ва, пачалі ствараць буйныя пасяленні з аднастайным панэльным домабудаваннем. З 2-й пал. 1950-х г. пачалося ўкараненне індустр. метадаў буд-ва, пераважалі прыёмы свабоднай функцыян. планіроўкі, лаканічныя формы збудаванняў з буйных і аб’ёмных блокаў (рэканструкцыя цэнтраў Дрэздэна, Лейпцыга, Магдэбурга). У 1960—70-я г. створаны ансамблі вуліц і плошчаў з вышыннымі акцэнтамі і буйнымі грамадскімі будынкамі (пл. Александэрплац у Берліне, вул. Прагерштрасэ ў Дрэздэне). Сярод значных пабудоў: Дом настаўніка (1964, арх. Г.Гензельман), Мін-ва замежных спраў (1967, арх. І.Кайзер), гасцініца «Штат Берлін» (1969, арх. Р.Корн), «Палац рэспублікі» (1976, арх. Г.Графундэр), Хірург. цэнтр псіхіятрычнай бальніцы (1981, арх. Л.Карнелі і інш.) у Берліне, ун-т у Лейпцыгу (1973, арх. Гензельман).

У архітэктуры ФРГ 1950 — 70-х г. развіваліся традыцыі ням. функцыяналізму ў буд-ве прамысл., трансп. збудаванняў, кантор і фірмаў (тэлевежа ў Штутгарце, 1956, арх. Ф.Леанхарт; будынкі аўтамаб. фірмы БМВ у Мюнхене, 1972, арх. К.Шванцэр; фірмы «Бальзен» у Гановеры, 1974, арх. Дз.Бала). Пашыраны эфектныя дзелавыя будынкі (будынак фірмы «Тысен» у Дзюсельдорфе, 1960, арх. Г.Гентрых), развіваліся тэндэнцыі арган. архітэктуры (філармонія ў Берліне, 1964, арх. Г.Шароўн). Сусв. вядомасць набылі збудаванні да Алімпійскіх гульняў 1972 у Мюнхене (арх. Г.Беніш). Элементамі эмацыянальнага ўздзеяння напоўнена архітэктура музеяў і выставачных залаў: музеі ў Мёнхенгладбаху (1982, арх. Г.Голяйн), Вальраф-Рыхартц у Кёльне (1986, арх. Г.Габерэр), ням. архітэктуры (1984, арх. О.М.Унгерс) і маст. рамёстваў (1985, арх. Р.Маер) у Франкфурце-на-Майне, дзярж. галерэя ў Штутгарце (1983, арх. Дж.Стырлінг).

Лепшыя дасягненні ў архітэктуры Германіі 1990-х г. звязаны з цікавымі эксперыментамі, пошукамі новых ідэй, спалучэннем стылю і ідэалогіі мастацтва «Баўгауза» з найноўшымі тэндэнцыямі сусв. архітэктуры (постмадэрнізм і інш.). Сярод вядомых майстроў: Г.Ян, Г.Бём, Беніш, Унгерс і інш.

Выяўленчае мастацтва. Гісторыя ўласна ням. мастацтва пачалася ў перыяд «Каралінгскага адраджэння» (8—9 ст.), калі былі створаны цудоўныя ўзоры разьбы па слановай косці і мініяцюры. Традыцыі каралінгскага мастацтва сталі базай для раннераманскага, т.зв. атонаўскага мастацтва (1-я пал. 10 — 1-я пал. 11 ст.). Склаліся шматлікія мясц. школы мініяцюры (Трыр, Кёльн, на в-ве Райхенаў), скульптуры, асабліва бронзавае ліццё (дзверы сабора ў Гільдэсгайме) і разьба па дрэве («Распяцце Гера», Кёльнскі сабор, каля 970). Высокага развіцця дасягнула ювелірнае мастацтва. У скульптуры канца 11 — 1-й пал. 12 ст. панаваў т.зв. строгі стыль, адметны аскетычнасцю і застыласцю форм (свяцільнік «Вальфрам», каля 1157, сабор у Эрфурце). У 2-й пал. 12 — 1-й пал. 13 ст. скульптура стала больш аб’ёмнай, з матывамі руху (барэльефы на агароджах хораў цэркваў у Гільдэсгайме, Гальберштаце, сабора ў Бамбергу). Цэрквы працягвалі размалёўваць фрэскамі, у пач. 11 ст. паявіліся вітражы (сабор ў Аўгсбургу). З развіццём раманскага стылю звязаны ўздым маст. промыслаў (эмалі, маст. ліццё, тканіны). У перыяд позняй готыкі (14—15 ст.) высокага ўзроўню дасягнула драўляная паліхромная скульптура, што ўпрыгожвала пераносныя алтары ў інтэр’ерах цэркваў. У 15 ст. скульптуры на фасадах і ў інтэр’ерах цэркваў набылі яркую жыццёвую і псіхал. характарыстыку (фасады сабораў у Бамбергу і Магдэбургу, рэльефы і статуі сабора ў Наўмбургу), што стала вышэйшым дасягненнем еўрап. гатычнага мастацтва. У пач. 15 ст. існаваў т.зв. мяккі стыль, у рамках якога праявіліся рысы лірычнай інтымнасці і схільнасць да быт. трактоўкі рэліг. тэм (майстар Франке, мастакі кёльнскай школы). У творах швабскіх жывапісцаў Л.Мозера і Г.Мульчэра (1-я трэць 15 ст.) намеціліся рэаліст. тэндэнцыі. Аналагічныя пошукі праявіліся ў скульптуры (Н.Герхарт) і гравюры (М.Шонгаўэр). На мастацтва Адраджэння (канец 15 ст. — 1530-я г.) паўплывалі класавыя і рэліг. канфлікты. У жывапісе і графіцы ідэі гуманізму ўвасоблены ў востра індывідуальных характарыстыках вобразаў сучаснікаў (А.Дзюрэр, М.Груневальд, Г.Бальдунг, Г.Гольбейн Малодшы). Паэтычнасць і містычная паглыбленасць была ўласціва мастакам дунайскай школы (Л.Кранах Старэйшы, А.Альтдорфер і інш.). Познагатычныя традыцыі моцна зацвердзіліся ў скульптуры (Ф.Штос, А.Крафт, Т.Рыменшнайдэр, сям’я Фішэр). Але пасля часовага росквіту настаў час застою ў ням. мастацтве. З сярэдзіны 16 ст. пашырылася суб’ектыўнае і мудрагелістае мастацтва маньерызму. Высокага ўздыму дасягнула маст. рамяство (ювелірныя вырабы, мэбля, посуд, зброя). У пач. 17 ст. ў жывапісе адным з заснавальнікаў еўрап. пейзажа стаў А.Эльсгаймер. У 2-й пал. 18 ст.пач. 19 ст. класіцызм зацвердзіўся ў жывапісе (А.Р.Менгс, А.Каўфман, А.Я.Карстэнс) і скульптуры (Г.Шадаў, К.Раўх), яго рысы праявіліся ў творчасці партрэтыстаў А.Графа, А. І В.Тышбайнаў, у жанравых гравюрах Д.Н.Хадавецкага. Ням. рамантызм 1-й пал. 19 ст. характарызуе творчасць Ф.О.Рунге, К.Д.Фрыдрыха, І.Ф.Овербека. Ням. сярэднявечча апявалі раннія прадстаўнікі дзюсельдорфскай школы жывапісу. У рэчышчы рамант. плыні ўзнікла і развівалася мастацтва бідэрмеера. У сярэдзіне 19 ст. вядучым стала рэаліст. мастацтва (А. фон Менцэль, В.Ляйбль, М.Ліберман). Рэалізму і акад. эклектызму проціпаставілі сваё мастацтва т.зв. неаідэалісты. У канцы 19 ст. пашырыліся імпрэсіянізм, сімвалізм і стыль мадэрн, вядомы ў Германіі як «югендстыль» (атрымаў асаблівае развіццё ў афармленні інтэр’ераў, у кніжнай і рэкламнай графіцы). На мяжы 19—20 ст. узмацнілася роля т.зв. сацыяльна-крытычнай графікі (В.Буш, К.Кольвіц, Т.Гайне, Г.Цыле, Г.Балушак). У скульптуры рэаліст. кірунак найб. ярка прадстаўлены Г.Кольбе. У пач. 20 ст. ў Германіі ўзнік экспрэсіянізм (Э.Нольдэ, Э.Гекель, Э.Л.Кірхнер, Ф.Марк, К.Шміт-Ротлуф, В.Кандзінскі, М.Пехштайн, К.Гофер і інш.). На творчасці 2-га пакалення экспрэсіяністаў ляжыць адбітак трагедыі вайны і пасляваен. рэчаіснасці (М.Бекман, скульптары Э.Барлах і В.Лембрук). Вял. ролю ў фарміраванні сучаснага мастацтва на прынцыпах канструктывізму адыграла школа «Баўгауз». Развіццё мастацтва было гвалтоўна спынена з прыходам да ўлады ў 1933 фашыстаў. Пасля разгрому ў 1945 фашызму мастацтва стала аднаўляцца, але з утварэннем двух ням. дзяржаў у 1949 адбылася палярызацыя маст. сіл.

Выяўленчае мастацтва ГДР было звязана з метадам сацыяліст. рэалізму. Старыя майстры, творчасць якіх фарміравалася ў пач. 20 ст. збераглі сувязь з векавой ням. культурай (Г.Грундыг, М.Лінгнер, О.Нагель і інш.). У 1960-я г. ў Лейпцыгскім вышэйшым маст. вучылішчы нарадзіліся новыя тэндэнцыі сацыяліст. рэалізму ў жывапісе (В.Цюбке, Б.Гайзіг); некат. майстры выкарыстоўвалі рэаліст. метад, сінтэз постэкспрэсіянізму і магічнага рэалізму (В.Матхоер). У скульптуры вызначальнае месца належала мемар. помнікам і партрэту (В.Ламерт, В.Арнальд, В.Говард, Т.Бальдэн, Г.Драке і інш.). Найб. значны скульптар ГДР Ф.Крэмер, аўтар манум. шматфігурнага помніка ў Бухенвальдзе (1958). Сярод графікаў вядомы К.Э.Мюлер, Л.Грундыг, А.Мор, Г.Т.Рыхтэр і інш.

Выяўленчае мастацтва ФРГ пасляваеннага часу працягвала традыцыі папярэднікаў, творча выкарыстоўваючы новыя плыні зах.-еўрап. і амер. мастацтва. Гуманіст. традыцыі ням. мастацтва зберагаліся ў творчасці майстроў старэйшага пакалення (О.Дзікс, О.Панкак і інш.). У 1950-я г. на змену мадэрнізму прыйшоў абстрактны экспрэсіянізм (В.Баўмайстэр, Э.В.Най, Ф.Вінтэр). У 1960-я г. склалася група «Зеро» з Дзюсельдорфа, якая пад знакам мастацтва «оп-арт» рабіла новыя крокі ў эксперым. традыцыю «Баўгауза» (О.Піне, Г.Мак і інш.), пазней «Гард-Эгдэ» (кірунак у мастацтве, які аддаваў перавагу геам. формам і кантрастным фарбам; Г.Фрутрунк, К.Г.Пфалер, В.Гаўль). Сярод буйнейшых сучасных ням. мастакоў-наватараў розных кірункаў і плыней І.Бойс, Г.Базеліц, А.Кіфер, М.Люпертц, А.Р.Пенк, З.Польке, Г.Рыхтэр, У.Рукрым, Р.Горн і інш.

Музыка. Практыка ігры на луры (духавы інструмент) у стараж. германскіх плямён існавала ўжо ў 1-м тыс. да н. э. Пазней развілася песенная культура. Узніклі лакальныя стылі песеннага фальклору; памежныя песенныя дыялекты ўзаемадзейнічалі з фальклорам суседніх народаў. У 9 ст. пашырылася прафес., пераважна царк. музыка. Уплыў ням. песеннасці зазнаў грыгарыянскі харал (дзейнасць Ахенскай капэлы, 9 ст.). Захаваліся секвенцыі і тропы, створаныя ў Санкт-Галенскім манастыры (Швейцарыя, 9—10 ст.). У 10 ст. тут была пашырана неўменная натацыя, у 12—13 ст. адбыўся пераход да 5-лінейнай натацыі. У 10—15 ст. для ням. хар. музыкі характэрны арганум — від ранняй поліфаніі. Побач з царк. развівалася свецкае муз. мастацтва шпільманаў, якое паўплывала на муз. мастацтва вагантаў і галіярдаў, а ў 14—16 ст. — вандроўных чаляднікаў. Музыка шпільманаў уздзейнічала на свецкае прафес. мастацтва мінезінгераў — мінезанг (12—14 ст.). Да нашага часу дайшлі песенныя зборнікі твораў мінезінгераў, шпільманаў і вагантаў, у т. л. «Іенскі зборнік» (каля 1350), «Лахамскі песеннік» (15 ст.). У 14—16 ст. узніклі аб’яднанні гар. музыкантаў — майстарзінгераў. Сярод тагачасных помнікаў песенны зборнік В.Фогта (1558). У 15—16 ст. было пашырана хатняе музіцыраванне (ігра на лютні і інш.), інтэнсіўна развівалася арганнае мастацтва. Вядучымі жанрамі былі меса, матэт, псалмы, поліфанічная быт. і духоўная песня; узнік пратэстанцкі харал, які зацвердзіў дэмакр. лінію ням. музыкі (зб. І.Вальтэра «Geystliche Gesahn-Buchleyn», 1524). З узмацненнем у 16—17 ст. уплыву італьян. музыкі выявілася імкненне да гамафонна-гарманічнага складу ў творчасці І.Экарда, Л.Лехнера, Г.Л.Гаслера, М.Прэторыуса (аўтара энцыклапедычнай працы «Syntagma musikum»; 1614—20). У 17 ст. акрэсліўся нац. муз. стыль у творчасці Т.Шутца — заснавальніка ням. кампазітарскай школы (опера «Дафна», 1627; «Свяшчэнныя сімфоніі», 1629—50). У 1678 у Гамбургу адкрыты першы пастаянны оперны т-р, росквіт якога (1692—1706) звязаны з творчасцю Р.Кайзера, І.Матэзана, пазней — Г.Ф.Тэлемана; аднак нац. опера выцяснялася італьянскай. У 17 ст. асн. жанры — духоўны канцэрт, «страсці» (Шутц), арганная музыка (С.Шайт, І.Я.Фробергер, І.А.Райнкен, І.К.Керль, Г.Бём, І.Пахельбель, Дз.Букстэхудэ). Развівалася клавірная музыка. Вядучы жанр інстр. музыкі — сюіта. Фарміруецца стыль ням. песеннай лірыкі. У канцы 17 — пач. 18 ст. паявіўся шэраг тэарэт. і муз.-гіст. прац І.Г.Вальтэра, Матэзана (гл. Афектаў тэорыя), А.Веркмайстэр распрацаваў сістэму раўнамернай тэмперацыі. Найвышэйшае дасягненне ням. муз. мастацтва — творчасць І.С.Баха. У творчасці Г.Ф.Гендэля дасягнулі росквіту жанры оперы і араторыі. Дэмакратызацыя ням. музыкі працягвалася і ў 18 ст. Былыя цэхавыя аб’яднанні музыкантаў пераўтварыліся ў аркестры і капэлы (адзін з першых аркестр Гевандхаўза); узніклі гар. муз. і харавыя т-вы, пеўчая акадэмія ў Берліне (каля 1791). У ням. музыцы 2-й пал. 18 ст. адлюстраваны ідэі Асветніцтва, якія падрыхтавалі оперную рэформу К.В.Глюка. Дэмакр. традыцыі муз. т-ра ўвасобіліся ў стварэнні ням. зінгшпіля. Акрэсліліся класічныя формы інстр. музыкі. У канцы 18 ст. сфарміравалася венская класічная школа. У зацвярджэнні гамафонна-гарманічнага складу, заканамернасцей санатнай формы і санатна-сімф. цыкла вял. ролю адыграла дзейнасць мангаймскай школы і кампазітараў Берлінскай капэлы (І.І.Кванц, І.Г.Граўн, І.А.Бенда, Ф.В.Марпург). Адна з вяршынь ням. музыкі канца 18 — пач. 19 ст. — інструментальна-сімф. творчасць Л.Бетховена. Ням. муз. рамантызм дасягнуў росквіту ў творчасці Р.Шумана, Ф.Мендэльсона, Ф.Шуберта і Ф.Ліста. Ранні яго этап азнаменаваны нараджэннем нац. опернай школы, сярод прадстаўнікоў якой Э.Т.А.Гофман (першая нац. рамант. опера «Ундзіна», 1814), К.М. фон Вебер («Вольны стралок», 1821; «Эўрыянта», 1823; «Аберон», 1826), Л.Шпор, Г.А.Маршнер, Ф.Флотаў. У жанры зінгшпіля працавалі О.Нікалаі, А.Лорцынг і інш. Развівалася хар. мастацтва, з 1809 узнік шэраг хар. таварыстваў. Сімф. музыка 19 ст. прадстаўлена жанрамі сімфоніі, праграмнай уверцюры, сімф. паэмы, араторыі, камерна-інстр. музыкі (творы Ліста, Мендэльсона, Шуберта, Шумана, Вебера Ф.Лахнера, Ф.Р.Фолькмана, Ф.Гілера, К.Райнеке). У 1843 Мендэльсон заснаваў кансерваторыю ў Лейпцыгу, пазней адкрыты кансерваторыі ў Кёльне, Штутгарце, Вышэйшая муз. школа ў Берліне. Эпохай для ням. музыкі стала дзейнасць В.Р.Вагнера. 1860—70-я г. характарызаваліся процістаяннем прыхільнікаў творчасці Вагнера, ідэй праграмнасці ў музыцы і прадстаўнікоў лейпцыгскай школы, якія выступалі за «чыстую» інстр. музыку і прапагандавалі творчасць І.Брамса, буйнейшага ням. сімфаніста паслябетховенскага часу. Развівалася муз. навука (З.Дэн, А.Б.Маркс, Г.Крэчмар, Ф.Шпіта, Г.Рыман). З 1834 выдаваўся час. «Neue Zeitschrift für Musik» («Новы музычны часопіс»). Сярод вядомых выканаўцаў 19 ст.: дырыжоры Г.Г.Бюлаў, А.Нікіш, Г.Леві, Ф.Мотль, К.Мук; спявачка Г.Зонтаг; піяністы Ф.Калькбрэнер, І.Мошалес, К.Шуман; скрыпачы Ф.Давід, Шпор. На мяжы 19—20 ст. пачалося абнаўленне муз. мовы ў творчасці Р.Штрауса і М.Рэгера. У пач. 20 ст. пераважаў неакласіцызм у музыцы Рэгера, Ф.Б.Бузоні (з 1894 у Германіі) і яго вучняў, М.Бутынга, В.Фортнера, К.Орфа, В.Эгка, П.Хіндэміта. Вял. ўплыў на творчасць ням. кампазітараў зрабіў аўстр. кампазітар А.Шонберг, заснавальнік дадэкафоніі. У 1919—33 актывізавалася дзейнасць рабочых хароў, агітгруп, у якіх удзельнічалі кампазітары Г.Эйслер, У.Фогель, Э.Г.Маер, Л.Шпіс, дырыжоры К.Ранкль і Г.Шэрхен, спявак Э.Буш, паэты і драматургі І.Бехер, Б.Брэхт, Э.Вайнерт і інш. У 1930-я г. выявіліся рысы муз. неафалькларызму (у т.зв. нар. операх І.Гаса, некат. творах Эгка, Орфа), узмацніўся ўплыў экспрэсіянізму (Б.Блахер, К.А.Гартман).

Муз. культура ГДР. На тэр. ГДР аднаўляліся былыя і ствараліся новыя муз. ўстановы. Падтрымліваліся традыцыі старэйшых калектываў (дрэздэнскі «Кройцхор» і філарманічны аркестр, лейпцыгскі «Таманерхор»). Напісаны кантаты (Эйслер), араторыі (Р.Вагнер-Рэгені, О.Герстэр, Маер). Рэаліст. тэндэнцыямі адзначаны музыка да п’ес Брэхта, оперы «Асуджэнне Лукула» (1949), «Пунціла» (1960; абедзве паводле Брэхта), меладрама «Ліла Герман» (1953) П.Дэсаў, «Томас Мюнцэр» П.Курцбаха (1950). У 1960—70-я г. створаны 10 сімфоній Бутынга, творы Г.Вольгемута, Г.Кохана, Р.Брэдэмаера, Р.Кунада, Ф.Гольдмана і інш. Вядомасць набылі оперы «Ланцэлот», «Эйнштэйн», «Леонс і Лена» Дэсаў, «Апошні стрэл» З.Матуса, «Млын Левіна», «Філін і лятаючая прынцэса», «Цудоўная шаўчыха» У.Цымермана. Сярод выканаўцаў: дырыжоры Г.Абендрот, Ф.Канвічны, К.Зандэрлінг, К.Мазур, О.Суітнер; оперныя рэжысёры Г.Арнальд, Э.Фішэр, В.Фельзенштайн; спевакі А.Бурмайстэр, М.Клозе, Т.Адам, П.Шраер; арганісты В.Шэтэліх, А.Веберзінке і інш. У ГДР працавалі (1986): каля 40 т-раў, у т. л. Ням. дзярж. опера, «Комішэ опер» у Берліне, Дрэздэнская дзярж. опера, больш за 80 аркестраў, у т. л. каля 30 сімфанічных, Акадэмія мастацтваў ГДР; Саюз кампазітараў і музыказнаўцаў; кансерваторыі ў Цвікаў, Гале, Шверыне, Ростаку; вышэйшыя муз. школы ў Берліне, Лейпцыгу, Веймары, Дрэздэне; Новае бахаўскае т-ва, Т-вы Г.Ф.Гендэля, Р.Шумана і інш. Муз. фестывалі і конкурсы (імя І.С.Баха ў Лейпцыгу, імя Р.Шумана ў Цвікаў, імя К.М.Вебера ў Дрэздэне і інш.).

У музычную культуру ФРГ вял. ўклад зрабілі оперныя кампазітары Орф, Эгк, Блахер, Г.Ройтэр, Гартман, Фортнер, Г.Біялас, Г.Генцмер, Э.Пепінг і інш. У 1950-я г. вылучыліся кампазітары Г.В.Генцэ, Б.А.Цымерман, Г.Клебе, Дз.Шнебель, В.Кільмаер, А.Райман і інш. У муз. жыцці ФРГ 1960—70-х г. значнае месца займалі кампазітары-авангардысты К.Штокгаўзен, М.Кагель, Г.Лахенман. У канцы 1970-х г. вылучылася група кампазітараў, якія заявілі аб звароце да прастаты і натуральнасці муз. мовы (П.М.Гамель, В.Рым, М.Траян і інш.). Найб. муз. цэнтры — Мюнхен, Гамбург, Штутгарт, Франкфурт-на-Майне, Дзюсельдорф, Кёльн. Сярод вядомых выканаўцаў дырыжоры О.Іохум, В.Фуртвенглер, Г.Караян, Р.Кемпе, Г.Кнапертсбуш, Г.Росбаўд, Р.Кубелік, П.Андэрс, К.Рыхтэр; оперныя рэжысёры З.Вагнер, Г.Рэнерт, Г.Р.Зельнер; спевакі Э.Шварцкопф, Х.Піларчык, Дз.Фішэр-Дзіскаў, І.Борк, А.Шлем, А.Ротэнбергер, Г.Прэй, Л.Поп; піяністы В.Бакгаўз, В.Кемпф; віяланчэліст З.Пальм, трубач А.Шэрбаўм. Вядучыя муз. т-ры: Баварская дзярж. опера ў Мюнхене, Гамбургская дзярж. опера, Вюртэмбергскі оперны т-р у Штутгарце, Ням. опера на Рэйне (Дзюсельдорф); Штутгарцкі балет, Вупертальскі т-р танца і інш. Сімф. аркестры Баварскага і Паўн.-герм. радыё. Працуюць Вышэйшыя муз. школы ў Мюнхене, Гамбургу, Штутгарце і інш. Праводзяцца муз. фестывалі, конкурсы і сімпозіумы па муз. навуцы, выканальніцтве і педагогіцы. У Дармштаце адкрыты Міжнар. Цэнтр. джаза (1983).

Тэатр. Вытокі ням. т-ра ў нар. гульнях і абрадах. У сярэднія вякі ў гарадах развівалася мастацтва вандроўных акцёраў — шпільманаў. Асн. жанрамі т-ра, як і ў большасці краін Зах. Еўропы, былі літургічная драма, містэрыя, маралітэ і фарс, які прыняў у Германіі форму масленічнай гульні — фастнахтшпіля. З канца 16 ст. пашыраны трупы вандроўных англ., потым верхненям. камедыянтаў, якія паўплывалі на развіццё прафес. т-ра. У паказы шырока ўводзіліся інтэрмедыі з удзелам персанажаў нар. т-ра Гансвурста і Пікельгерынга. У 17 ст. ўзніклі школьны т-р езуітаў і пратэстантаў, шматлікія т-ры ў ням. княствах. У 1660-я г. паявілася першая прафес. трупа, т.зв. «Славутая банда» І.Фельтэна. Т-р 18 ст. развіваўся пад уплывам асветніцкай ідэалогіі і класіцызму. Трупа актрысы К.Нойбер і драматурга І.К.Готшэда, т.зв. Лейпцыгская школа акцёрскага мастацтва, перанесла на ням. сцэну прынцыпы франц. класіцысцкага т-ра. Дэмакр. тэндэнцыі ў т-ры развівалі трупы І.Ф.Шонемана і Г.Г.Коха (у трупе Коха сфарміраваўся жанр нар. муз. т-ра зінгшпіль). З творчасцю вядомых акцёраў К.Экгафа і Ф.Л.Шродэра ў Гамбургскім нац. т-ры (1767—68) звязана ажыццяўленне маст. праграмы рэфарматара ням. сцэн. мастацтва ў духу асветніцкага рэалізму Г.Э.Лесінга. У канцы 18 — пач. 19 ст. панавала мангеймская школа акцёрскага мастацтва на чале з акцёрам, рэжысёрам і драматургам А.В.Іфландам, якой уласціва жанрава-быт. манера выканання. Эстэт. прынцыпы вял. дзеячаў ням. т-ра І.В.Гётэ і Ф.Шылера рэалізаваны ў Веймарскім прыдворным т-ры, якім у 1791—1817 кіраваў Гётэ. Веймарская школа сцвярджала т-р высокага мастацтва, асветніцкі па змесце і класіцысцкі па форме. У 1-й пал. 19 ст. ням. т-р развіваўся ў кірунку рамантызму (драматургі А. і Ф.Шлегелі, Г. фон Кляйст, Э.Т.А.Гофман, акцёры І.Флек і Л.Дэўрыент), у рэжысуры і акцёрскім мастацтве пераважалі рэаліст. тэндэнцыі (К.Л.Імерман, К.Зайдэльман). У 1860—70-я г. прыдворныя т-ры саступілі месца гарадскім і прыватным. Высокай пастановачнай культурай вызначаліся спектаклі Майнінгенскага гар. т-ра (у 1871—91 рэж. Л.Кронек). Вядучыя берлінскія т-ры: Нямецкі т-р (1883, у 1894—1904 узначальваў О.Брам, з 1905 М.Райнгарт), «Свабодны тэатр» Брама (1889), «Свабодная нар. сцэна» («Фрэе фольксбюнэ», 1890). Сярод акцёраў канца 19 — пач. 20 ст. Л.Барнай, А.Басерман, Ф.Гаазе, А.Зорма, І.Кайнц, А.Моісі, Э.Посарт, Э.Райхер. 1-я сусв. вайна прывяла тэатр. мастацтва да глыбокага крызісу. У 1920-я г. ў т-ры панаваў экспрэсіянізм. У 2-й пал. 1920-х г. набылі пашырэнне рабочыя і самадз. т-ры. З 1933 т-р у Германіі стаў сродкам фаш. прапаганды. Пасля разгрому фашызму пачалося адраджэнне т-ра. У 1945 пастаўлены першы ў вызваленай Германіі спектакль «Натан Мудры» Лесінга ў Ням. т-ры. У 1946 у Лейпцыгу засн. першы т-р для дзяцей.

У тэатры ГДР вял. ролю адыгралі дзейнасць адроджанага пасля вайны руху «Фольксбюнэ», Брэхта і т-ра «Берлінер ансамбль». 1970—80-я г. прайшлі пад знакам творчасці тэатр. дзеячаў Ф.Зольтэра, А.Ланга, І.Тэншэрта, А.Вейгель, Г.Май, Э.Шаля, К. фон Апена, Г.А.Пертэна і інш. Ставіліся п’есы Брэхта («Дні Камуны», «Турандот, ці Кангрэс абяліцеляў», «Бюшынг»), Ф.Вольфа («Бургамістр Ганна», «Томас Мюнцэр»), П.Гакса («Млынар з Сан-Сусі», «Бітва пад Лабавіцэ», «Смерць Сенекі», «Музы»), Ф.Браўна («Хінцэ і Кунцэ», «Вялікі свет», «Нямецкая сутнасць») і інш.

У рэпертуары т-раў ФРГ п’есы В.Борхерта («На вуліцы перад дзвярыма»), Г.Вайзенборна («Гётынгенская кантата»), Г.Кіпгарта («Сабака генерала», «Справа Роберта Опенгеймера»), П.Хандке («Самаабвінавачванне»), Б.Штрауса («Вядомыя твары і заблытаныя пачуцці», «Трылогія сустрэч»), М.Шпера («Паляўнічыя сцэны ў Ніжняй Баварыі», «Мюнхенская свабода»), Ф.К.Крэтца («Глабальная цікавасць», «Верхняя Аўстрыя») і інш.

Тэатр Германіі 1990-х г. — з’ява складаная і неардынарная. У акцёрскім мастацтве вылучаюцца рэаліст. школа Райнгарта і кірунак, які развівае выпрацаваныя Брэхтам прынцыпы эпічнай акцёрскай школы. Сярод рэжысёраў вызначаюцца Г.Мюлер, В.Энгель, Г.Зайдэль, П.Штайн, Р.Чулі; сярод акцёраў — Ю.Лампе, В.Дрольц, В.Баер, Ф.Роас, П. фон дэр Беек, П.Крэмер, К.Нойхойзер, М.Нойман, С.Тома, Ф.Шэвідзі, Б.Брода, К.Герцаг, М.Гільбіг, Л.Гольбург, Г.Шэфер, Г.Э.Габен і інш. Рэпертуар т-раў складаюць у асн. п’есы класікаў (Шылера, Брэхта, Гётэ) і сучасных ням. драматургаў (В.Буса, Ю.Гроса, Зайдэля, Мюлера, Браўна, К.Гайна, М.Кербля, Л.Троле, Штрауса, Г.Ахтэрнбуша, К.Поля і інш.). Тэатр. сталіцы Германіі — Берлін («Берлінер ансамбль», «Нямецкі тэатр») і Мюнхен («Камершпіле», «Фолькстэатр» і інш.), цікавыя творчыя калектывы працуюць у Гайдэльбергу, Карлсруэ, Фрайбургу, Бадэн-Бадэне, Мангейме, Мюльгайме-ан-дэр-Рур, Гамбургу, Штутгарце, Дрэздэне, Боне.

Кіно. У 1896 пачаўся выпуск дакумент. і маст. фільмаў, асабліва папулярная была прыгодніцкая серыя стужак з удзелам Г.Піля. У 1917 створана і стала цэнтрам ням. кінематаграфіі кінафірма «УФА». Найб. яскравай з’явай ням. кіно 1-й пал. 1920-х г. быў экспрэсіянізм, праграмны фільм якога «Кабінет доктара Калігары» (1921, рэж. Р.Віне). Аснова рэаліст. кінамастацтва ў 1920-я г. — жанр камершпіле (камерная драма). Яго ідэі ўвасобіліся ў фільмах рэжысёраў Г.В.Пабста («Бязрадасны завулак», 1925), Ф.В.Мурнаў («Апошні чалавек», 1925) і інш. У 1930-я г. кіно стала сродкам імперскай прапаганды, а таксама выконвала забаўляльныя функцыі. Пачатак пасляваен. кінавытворчасці ва ўсх. ч. краіны звязаны з дзейнасцю групы «Фільмактыў», створанай у 1945. У 1946 арганізавана кінастудыя «ДЭФА».

Фільмы ГДР канца 1940—60-х г. адзначаны тэматычнай і жанравай разнастайнасцю, паглыбленай увагай да ўнутр. свету і псіхалогіі герояў: «Справа Блюма» (1948, рэж. Э.Энгель), «Хлеб наш надзённы», «Мацней за ноч» і «Капітан з Кёльна» (1949, 1954, 1956, З.Дудаў), «Прафесар Мамлок» і «Мне было 19» (1959, 1961, К.Вольф), «Прыгоды Вернера Гольта» (1965, І.Кунерт), «Развітанне» (1968, Э.Гюнтэр). У 1970—80-я г. вылучаліся фільмы антыфаш. тэматыкі, якія закраналі маральныя праблемы, а таксама экранізацыі літ. твораў: «Легенда пра Паўлу і Паўла» (1973, Г.Караў), «Паміж ноччу і днём» (1975, Г.Э.Брант), «Лота ў Веймары» (паводле Т.Мана, 1975) і «Пакуты маладога Вертэра» (паводле І.В.Гётэ, 1976, абодва Гюнтэр), «Мама, я жывы» (1977, Вольф) і інш. Працавалі рэжысёры У.Вайс, І.Гузнер, Р.Зіман, В.Бек, С.Блайвайс, Г.Дзюба, Э.Шлегель, Г.Шольц, М.Экерман, акцёры А.Бюргер, А.Валер, Э.Дункельман, Г.Вольф, Э.Гешанек, В.Кох-Гоге, А.Ланг і інш. Сярод майстроў дакумент. кіно найб. вядомыя А. і А.Торндайк. Здымаліся мультыплікацыйныя і тэлевіз. фільмы. Вышэйшая кінашкола ў Бабельсбергу.

У ФРГ у канцы 1940-х — 60-я г. дэманстраваліся пераважна амер. фільмы і ням. камедыі (развесяляльныя, фільмы жахаў). Найб. цікавыя «Генерал д’ябла» (1955, Г.Койтнер), «Дзяўчына Розмары» (1958, Р.Тыле), «Мы — вундэркінды» і «Прывіды ў замку Шпесарт» (1958, 1961, К.Гофман), «Ружы для пана пракурора», «Кірмаш» і «Мужчынская пагулянка» (1959, 1960, 1964, В.Штаўтэ). Нізкая якасць многіх фільмаў, канкурэнцыя тэлебачання і замежных тэлекампаній прывялі да крызісу. Спробы выйсці з яго шляхам павышэння маст. ўзроўню фільмаў, адмовіцца ад штампаў і схем «кінематографа бацькоў» зрабіла ў сярэдзіне 1960-х г. група маладых кінематаграфістаў, фільмы якіх узнімалі тэмы крызісу грамадства, канфлікту пакаленняў, рэзка адрозніваліся ад стандартнай камерцыйнай прадукцыі. Сярод прадстаўнікоў гэтага кірунку, што атрымаў назву «маладое ням. кіно», рэжысёры А.Клуге, В.Герцаг, Б.Зінкель, А.Брустэлін, Р.В.Фасбіндэр, У.Эдэль, В.Вендэрс, М. фон Трота. Значнымі былі дасягненні ў экранізацыі літ. твораў рэж. Ф.Шлёндарфа («Зганьбаваны гонар Катарыны Блюм» паводле Г.Бёля, 1975; «Бляшаны барабан» паводле Г.Граса, 1979; «Оскар» 1980 за лепшы замежны фільм), В.Петэрсана («Падлодка», паводле аднайм. рамана Л.Г.Бугхайма) і інш. У 1970—80-я г. традыцыі «маладога ням. кіно» прадаўжалі выпускнікі Вышэйшай школы кіно і тэлебачання ў Мюнхене.

У 1990-я г. працуюць кінематаграфісты новага пакалення (Д.Дзёры, І.Фільсмаер, О.Валькес, Г.Дзітл, З.Вортман, К.Шлінгензіф і інш.); здымаюцца дакумент. і мультыплікацыйныя фільмы. З кіно моцна канкурыруе тэлебачанне.

Беларусы ў Германіі. Першая значная хваля бел. эміграцыі ў Германіі на мяжы 19 — 20 ст. была абумоўлена сац.-эканам. прычынамі і мела характар адыходніцтва. У 1890 у Германіі працавала каля 200 беларусаў, у 1900 — 4 тыс., у 1910 — 44 тыс., у 1911 — 108 тыс., у 1912 — больш за 144 тыс. чал. (25% ад агульнай колькасці адыходнікаў). З пач. 1-й сусв. вайны эміграцыйны рух з бел. зямель спыніўся. Ваен. падзеі, Кастр. рэв. 1917, герм. і польск. акупацыі Беларусі абумовілі новую хвалю выездаў у замежжа, у т. л. і ў Германію, дзе на пач. 1919 знаходзілася 30—40 тыс. ваеннапалонных. У міжваен. перыяд склалася і арганізаваная паліт. эміграцыя. У сак. 1919 з Вільні ў Берлін выехаў урад Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), тут дзейнічала Надзвычайная місія БНР, пры якой працавала выд-ва, для ваеннапалонных выходзіла газ. «З роднага краю». Бел. прэс-бюро (1919—25) выдавала інфарм. бюлетэнь на бел. і ням. мовах. З пач. 2-й сусв. вайны ў выніку ваен. дзеянняў на тэр. Польшчы ў палон трапіла 70 — 80 тыс. беларусаў, якія ваявалі ў складзе Войска Польскага. У ліст. 1939 пры мін-ве ўнутр. спраў Германіі створана Беларускае прадстаўніцтва ў Берліне (займалася справамі беларусаў у Германіі і на акупіраваных ёй тэр., выдавала на бел. мове газ. «Раніца»), у 1940 — Бел. к-т самапомачы (пад наглядам ням. улад аказваў беларусам матэрыяльную падтрымку, вёў культ.-масавую і паліт. работу), якія ў чэрв. 1941 заснавалі Беларускі нацыянальны цэнтр. У Берліне дзейнічала Бел. культ. суполка, выходзілі рукапісны час. «Беларускі студэнт» (1942, № 1—2), газ. «Беларускі работнік» (1943 — 44). 2-я сусв. вайна парадзіла 3-ю хвалю эміграцыі. У Германіі апынулася частка насельніцтва, прымусова вывезенага з Беларусі (каля 400 тыс. чал., паводле інш. крыніц — каля 700 тыс.), частка сав. ваеннапалонных і вязняў фаш. канцлагераў. У 1944 сюды выехалі бел. арг-цыі, установы і ваен. фарміраванні, створаныя ў гады ням. акупацыі — Беларуская цэнтральная рада, гал. штаб Саюза беларускай моладзі, сабор епіскапаў Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, ваен. атрады Беларускай краёвай абароны, частка інтэлігенцыі і святароў. Пасля паражэння фаш. Германіі саюзніцкія акупац. ўлады стварылі ў Зах. Германіі Беларускія лагеры для перамешчаных асоб. Інтарэсы беларусаў у Германіі прадстаўлялі Беларускі нацыянальны камітэт у Рэгенсбургу, Бел. цэнтр. дапамогавы к-т, грамадска-культ. дзейнасць вялі Крывіцкае навуковае таварыства імя Ф.Скарыны, Згуртаванні бел. жанчын і бел. ветэранаў, Бел. культ.-асв. таварыства, канцэртна-эстр. група «Жыве Беларусь» (з 1945 Бел. т-р эстрады), хор бел. студэнтаў у г. Марбург і інш. Працавалі Беларуская гімназія імя Янкі Купалы, гімназіі імя М.Багдановіча (Ватэнштэт, 1945—50), імя У.Ігнатоўскага (Майнлёз, 1947—49), у Остэргофене (1947—49), Мюнхенскае бел. студэнцкае згуртаванне (з 1948). У канцы 1940 — пач. 50-х г. узніклі рэліг. аб’яднанні вернікаў-беларусаў (гл. Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква за мяжой, Беларускія каталіцкія місіі за мяжой, Беларускія рэлігійныя арганізацыі за мяжой).

На бел. мове выходзілі газеты і часопісы: грамадска-паліт. «Раніца» (з 1939), «Шляхам жыцця» (1946—48), «Рух» (1946—48), «Голас беларусаў» (1947—48), «Беларускае слова» (з 1948, з 1956 у ЗША), «Бацькаўшчына» (1947—66), «Летапіс беларускай эміграцыі» (з 1947, з 1955 у ЗША); літ.-грамадскія «Шыпшына» (з 1946, з 1950 у ЗША), «Сакавік» (1947—48), «Баявая ўскалось» (з 1949, з 1954 у Канадзе); рэлігійныя «Звіняць званы святой Сафіі» (1946—47), «Беларускі царкоўны голас» (1946), «Праваслаўны беларус» (1946 — сярэдзіна 1950-х г.); маладзёжныя «Скаўт» (1946—48), «Скаўцкая інфармацыйная служба» (1946—50), «Юнак» (1946—47); гумарыстычныя «Шарсцень» (1952), «Смехам па галаве» (1946); дзіцячы «Каласкі» (1952—66) і інш. Кнігадрукаванне ажыццяўлялі выд-вы «Бацькаўшчына», «Шыпшына», «Раніца», выдавецкія суполкі «Крыніца», «Заранка», «Рунь» і інш.

У 1951 закончыўся працэс выезду беларусаў з Германіі ў інш. краіны на пастаяннае жыхарства. Адным з цэнтраў бел. эміграцыі стаў Мюнхен. Тут працавалі Бел. ін-т навукі і мастацтва (1955—66), супрацоўнікі якога ўдзельнічалі ў рабоце Ін-та вывучэння СССР і выдавалі «Беларускі зборнік», бел. рэдакцыя радыё «Вызваленне» (з 1954, з 1959 наз. «Свабода», у 1995 пераехала ў Прагу). У 1980-я г. бел. навук.-культ. цэнтрам стаў г. Ляймен, дзе былі створаны Беларускі музей (з 1982), Інстытут беларусаведы.

Літ.:

Смирин М.М. Германия эпохи Реформации и Великой Крестьянской войны. М., 1962;

Германская история в новое и новейшее время. Т. 1—2. М., 1970;

Руге В. Германия в 1917—1933 гг. М., 1974;

Розанов Г.Л. Германия под властью фашизма (1933—1939). М., 1961;

Otto K.-Н. Deutschland in der Epoche der Urgesellschaft. Berlin, 1960;

Gebhardt B. Handbuch der deutschen Geschichte. Bd. 1—4. Stuttgart, 1954—60;

Stern L., Bartmuβ H.-J. Deutschland in der Feudalepoche von der Wende des 5./6. Jh. bis rur Mitte des 11. Jh. Berlin, 1964;

История немецкой литературы. Т. 1—5. М., 1962—76;

История литературы ФРГ. М., 1980;

История литературы ГДР. М., 1982;

Сакалоўскі У. Пара станаўлення. Мн., 1986;

Яго ж. Беларуская літаратура ў ГДР. Мн., 1988;

Яго ж. Восприятие современной белорусской литературы в ГДР и ФРГ // Современные славянские культуры: развитие, взаимодействие, международный контекст: Материалы междунар. конф. ЮНЕСКО. Киев, 1982;

Либман М.Я. Немецкая скульптура, 1350—1550. М., 1980;

Яго ж. Дюрер и его эпоха: Живопись и графика Германии конца XV и первой половины XVI в. М., 1972;

Ювалова Е.П. Немецкая скульптура, 1200—1270. М., 1983;

Ёдике Ю. История современной архитектуры: Пер. с нем. М., 1972;

[Kuhirt U.] Kunst der DDR. Bd. 1—2. Leipzig, 1982—83;

Грубер Р.И. История музыкальной культуры. Т. 2, ч. 2. М., 1959;

Ферман В.Э. Немецкая романтическая опера // Ферман В.Э. Оперный театр. М., 1961;

Кершнер Л. Немецкая народная музыка. М., 1965.

М.С.Вайтовіч (прырода, гаспадарка), М.Г.Елісееў (гісторыя да 1918 і пасля 1945), П.А.Шупляк (гісторыя 1918—45), А.П.Ткачэнка (друк, радыё, тэлебачанне), У.Л.Сакалоўскі (літаратура), Я.Ф.Шунейка (выяўл. мастацтва), В.М.Козел (тэатр), А.С.Ляднёва (беларусы ў Германіі).

т. 5, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЕ КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАЕ,

афіцыйная назва Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае [у бел. гістарыяграфіі Беларуска-Літоўская дзяржава (гаспадарства), у расійскай 19 — пач. 20 ст. Літоўска-Руская дзяржава, у літ. — Літоўска-Беларуская дзяржава], феадальная дзяржава ва Усх. Еўропе, якая займала тэр. Беларусі і Літвы (у 13—18 ст.), Жамойціі (з 1422), частку ўкр. зямель (Кіеўская, Чарнігаўская, Валынская землі ў 14 ст. — 1569), частку вялікарасійскіх зямель (у 14 — пач. 16 ст.). Ядром дзяржавы пры яе ўтварэнні былі бел. землі верхняга і сярэдняга Панямоння, т.зв. Чорная Русь, ці гістарычная Літва, і землі па верхнім цячэнні р. Віліі. Першая сталіца дзяржавы — г. Навагрудак (Новагародак). ВКЛ узнікла ва ўмовах няспыннай барацьбы з крыжацкай агрэсіяй і пад пагрозай мангола-татарскага нашэсця. Уключэнне бел. зямель у склад навастворанай у сярэдзіне 13 ст. дзяржавы мела добраахвотны характар, яно ажыццяўлялася праз пагадненні вял. князёў літ. з феадаламі бел., а потым і ўкр. зямель пры захаванні льгот, прывілеяў і пэўнага самакіравання.

Гістарычны нарыс да Люблінскай уніі 1569. Утварэнне ВКЛ з цэнтрам у Новагародку адносіцца да 1240-х г., калі тут стаў княжыць Міндоўг [сярэдзіна 1230-х г. — 1263]. У 1251 Міндоўг быў ахрышчаны паводле каталіцкага абраду, у 1253 ён каранаваны ў Новагародку каралеўскай каронай, прысланай ад імя папы Інакенція IV (Міндоўг — адзіны кароль ВКЛ). Пасля забойства Міндоўга ў выніку змовы ў 1263 велікакняжацкі пасад заняў Транята, але ён быў забіты слугамі Міндоўга. Вял. князем стаў сын Міндоўга Войшалк [1264—67], які значна пашырыў тэр. дзяржавы. Барацьбу за ўмацаванне ВКЛ вялі яго наступнікі Шварн [1267—70] і Трайдзень [1270—82]. Узмацненне велікакняжацкай улады адносіцца да перыяду панавання Віценя [каля 1295—1316], у час княжання якога да ВКЛ далучана Полацкае княства (1307). Значна пашырылася тэр. ВКЛ пры вял. князю Гедзіміне [1316—41], у склад дзяржавы ўвайшлі Віцебская, Берасцейская, Тураўская землі, Менскае (Мінскае) княства. У 1323 Гедзімін перанёс сталіцу ў Вільню. Яшчэ пры жыцці Гедзіміна ён перадаў сынам удзельныя княжанні. Яго малодшы сын Яўнут стаў вял. князем [1341—45], але ў выніку змовы старэйшых братоў Альгерда і Кейстута быў пазбаўлены трона. Вял. князем стаў Альгерд [1345—77]. У час яго панавання ў ВКЛ увайшлі бел. падняпроўскія землі, Мазырская і Брагінская воласці, Бранскае княства, Кіеўская, Чарнігаўская, Падольская і Валынская землі. Было падначалена і Смаленскае княства. Барацьба супраць Тэўтонскага ордэна ішла з пераменным поспехам. Альгерд праводзіў актыўную палітыку на Усходзе, намагаючыся аб’яднаць пад сваёй уладай усе землі былой Кіеўскай Русі. У 1368, 1370 і 1372 ён зрабіў тры паходы на Маскву, але захапіць яе не змог. За час княжання Альгерда тэр. ВКЛ павялічылася ўдвая. Пасля яго смерці вял. князем літоўскім стаў Ягайла Альгердавіч (1377—92). Барацьбу з Ягайлам пры дапамозе крыжакоў вёў князь Вітаўт Кейстутавіч. Урэшце паміж дваюраднымі братамі было заключана пагадненне, і Вітаўт атрымаў у княжанне Гародню (Гродна) і Бярэсце (Брэст), а потым і Трокі. З мэтай супрацьдзеяння крыжацкай агрэсіі і ўмацавання сваёй улады Ягайла заключыў Крэўскую унію 1385, паводле якой перайшоў у каталіцтва, прыняў імя Уладзіслаў, ажаніўся з польскай каралевай Ядвігай і быў абвешчаны польскім каралём. Ён абяцаў правесці хрышчэнне літоўцаў паводле каталіцкага абраду і далучыць да Польшчы землі ВКЛ. Супраць падпарадкавання ВКЛ Польшчы выступіў Вітаўт на чале групоўкі літоўскіх і бел. феадалаў. Міжусобная вайна паміж Вітаўтам і Ягайлам скончылася Востраўскім пагадненнем 1392, паводле якога Вітаўт стаў вял. князем літ. [1392—1430], ВКЛ гарантавалася самастойнасць у саюзе з Польшчай. Умацаваўшы сваю ўладу, Вітаўт ліквідаваў некалькі ўдзельных княстваў (у Полацку, Віцебску, Кіеве і інш.). У войнах з Тэўтонскім ордэнам Вітаўт страціў б. ч. Жамойціі (1398). Пасля бітвы на Ворскле 1399, дзе войска ВКЛ было разгромлена ардынскім войскам, Вітаўт вымушаны быў заключыць Віленска-Радамскую унію 1401, паводле якой ВКЛ прызнавалася пажыццёвым уладаннем Вітаўта, а Ягайла захоўваў тытул вярхоўнага князя. У 1404 ВКЛ канчаткова падпарадкавала Смаленскае княства, потым Вярхоўскія княствы (бас. верхняй Акі). У час Грунвальдскай бітвы 1410 войска Тэўтонскага ордэна было разбіта саюзнымі войскамі, Жамойція пераходзіла ў пажыццёвае ўладанне Вітаўта (канчаткова далучана да ВКЛ у 1422).

Нямецкая агрэсія на У была спынена. Гарадзельская унія 1413 замацавала паліт. саюз Польшчы і ВКЛ. У 1416 Вітаўт дамогся выбрання і зацвярджэння асобнага мітрапаліта правасл. царквы ў ВКЛ Грыгорыя Цамблака, падпарадкаванага канстанцінопальскаму патрыярху. Пасля смерці Вітаўта вял. князем быў выбраны малодшы брат Ягайлы Свідрыгайла [1430—32], праціўнік дзярж. уніі з Польшчай, з якой адбыўся канфлікт. У выніку змовы літ. баяр, не згодных з палітыкай Свідрыгайлы, які абапіраўся на буйных бел. і ўкр. феадалаў, ён быў скінуты ў вер. 1432 з велікакняжацкага пасада і ўцёк у Полацк. Вял. князем быў абвешчаны малодшы брат Вітаўта Жыгімонт Кейстутавіч [1432—40]. Пачалася феад. грамадз. вайна 1432—39. 15.10.1432 Жыгімонт аднавіў унію з Польшчай. Пасля выдання Жыгімонтам прывілея аб ураўнаванні асабістых і маёмасных правоў баяр-католікаў і праваслаўных (6.5.1434) Свідрыгайла страціў падтрымку большасці бел. феадалаў. 1.9.1435 у бітве пад Вількамірам войска Свідрыгайлы было разбіта. 20.3.1440 Жыгімонт у выніку змовы быў забіты і вял. князем выбраны малодшы брат польск. караля Уладзіслава III Казімір IV Ягелончык [1440—92]. У 1447 Казімір выбраны і каралём Польшчы. Прывілеем 1447 вял. князь гарантаваў усім баярам асабістую недатыкальнасць, скасаваў натуральныя і грашовыя павіннасці з маёнткаў на карысць дзяржавы, перадаў баярам права судзіць і караць сваіх сялян. Прывілей паслужыў кансалідацыі ўсяго баярскага саслоўя ВКЛ. Казімір выдаў судзебнік 1468, у якім былі змешчаны юрыд. нормы, пераважна крымінальнага права. Пасля смерці Казіміра вял. князем стаў яго сын Аляксандр [1492—1506]. У час яго панавання велікакняжацкая ўлада аслабела. Паны-рада (вышэйшы кіруючы орган) дамагліся выдання Аляксандравага прывілея 1492, паводле якога ўсе найважнейшыя дзярж. справы вял. князь павінен быў вырашаць разам з радай. У гэты час адбылася серыя войнаў ВКЛ з Маскоўскім вял. княствам, якое паступова пашырала сваю тэр. на захад. Адначасова саюзнікі вял. князя маскоўскага Івана III крымскія татары пачалі напады на Украіну і Беларусь, асабліва моцныя набегі былі ў 1505 і 1506. Гэтыя нашэсці спыніліся пасля разгрому татарскага войска ў Клецкай бітве 1506. Перамога войска ВКЛ у Аршанскай бітве 1514 у час вайны з Маскоўскай дзяржавай 1512—22 дазволіла стабілізаваць усх. граніцу. У час панавання вял. князя Жыгімонта І Старога [1506—48] прыняты адзін з першых у Еўропе сістэматызаваных збораў законаў — Статут Вялікага княства Літоўскага 1529. Пры сыне Жыгімонта Старога вял. князю Жыгімонце II Аўгусце [1548—72] у ВКЛ праведзены важныя паліт. і эканам. рэформы. Паводле адм. рэформы 1565—66 утвораны паветы і павятовыя сеймікі, якія вырашалі мясц. пытанні і выбіралі па 2 паслы (дэпутаты) на агульнадзярж. сейм, і павятовыя суды — гродскія, земскія і падкаморскія. У выніку рэформы шляхецкае саслоўе (баяры з 2-й чвэрці 16 ст. пачалі называцца шляхтай) стала пануючым у дзяржаве, адхіліўшы магнатаў і князёў ад манапольнага кіравання дзяржавай. У Лівонскую вайну 1558—83 рас. цар Іван IV Грозны намагаўся захапіць Лівонію. У лютым 1563 яго войска захапіла Полацк. У Ульскай бітве 1564 і Аршанскай бітве 1564 рас. войскі пацярпелі паражэнне. Далейшы ход вайны паказаў, што аднаму ВКЛ без саюзнікаў не перамагчы. На палявым сейме каля Віцебска 13.9.1562 шляхта прыняла акт і накіравала яго вял. князю з просьбай заключыць новую, больш цесную дзярж. унію з Польшчай. Супраць выступіла асн. частка магнатаў на чале з М.Радзівілам Чорным, якая не хацела страціць свае паліт.пазіцыі ў кіраванні дзяржавай і грамадскія прывілеі. Жыгімонт Аўгуст, які не меў нашчадкаў, намагаўся аб’яднаць абедзве дзяржавы і падтрымліваў унітарную ідэю. Ён абапіраўся на шляхту ВКЛ. Быў прыняты Статут Вялікага княства Літоўскага 1566, які замацаваў грамадска-паліт. змены, што адбыліся ў ВКЛ у 1530—60-я г. 1.7.1569 асобна дэпутатамі польскага сейма і сейма ВКЛ пад прысягаю быў прыняты акт аб уніі (гл. Люблінская унія 1569), паводле якой абедзве дзяржавы на аснове роўнасці аб’ядноўваліся ў федэратыўную дзяржаву — Рэч Паспалітую. Былыя прывілеі шляхты захоўваліся ў кожнай дзяржаве, абедзве краіны захоўвалі суверэнітэт, асобныя дзярж. адміністрацыі, войскі, скарб і права эмісіі аднолькавай манеты, кіраванне, адм. і судовы апарат, свае законы і сваю мытную сістэму. Кожная краіна мела сваю дзярж. мову: Польшча лацінскую, ВКЛ беларускую. Люблінская унія была кампрамісам шляхты Польшчы і ВКЛ, у выніку якога стварылася больш моцная дзяржава. Яна ўмацавала паліт. еднасць абедзвюх дзяржаў, узмацніла працэсы іх эканам., паліт. і культ. збліжэння, уплыў зах.-еўрап. культуры на бел. землі.

Пасля Люблінскай уніі (з 1569 да канца 18 ст.). Пасля смерці Жыгімонта II Аўгуста каралём стаў Генрык Валезы [1573—74], потым Стафан Баторый [1576—86]. Працягваючы Лівонскую вайну, ён у 1579 адваяваў Полацк і нанёс некалькі паражэнняў войскам цара. Вайна скончылася падпісаннем Ям-Запольскага мірнага дагавора 1582, паводле якога Расія адмовілася на карысць Рэчы Паспалітай ад Лівоніі, Полацкай зямлі і Веліжа, а Рэч Паспалітая вяртала заваяваныя крэпасці на рас. тэрыторыі. Наступным польск. каралём і вял. князем літ. быў выбраны Жыгімонт III Ваза (1587—1632), які імкнуўся мець падтрымку бел.-літ. шляхты. Ён зацвердзіў Статут Вялікага княства Літоўскага 1588, які падкрэсліваў самастойнасць ВКЛ і забараняў польск. шляхце атрымліваць у ВКЛ дзярж. землі і пасады. Была пацверджана самастойнасць дзярж. устаноў ВКЛ, адасобленасць фінансаў і заканадаўства. Жыгімонт падтрымаў Брэсцкую унію 1596, але і далучыўся да пастаноў сеймаў 1609, 1618 і 1631, якія гарантавалі правы праваслаўных. Кароль захапіўся планам далучыць Маскоўскую дзяржаву да Рэчы Паспалітай у якасці члена федэрацыі або заключыць з Расіяй саюз з каралевічам польскім у якасці цара. З гэтай мэтай былі падтрыманы Лжэдзмітрый І (гл. Ілжэдзмітрый І) і Лжэдзмітрый II (гл. Ілжэдзмітрый II), а потым пачата вайна Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18, якая скончылася падпісаннем Дэулінскага перамір’я 1618. Да ВКЛ адышла Смаленшчына. Пасля смерці Жыгімонта Вазы польск. каралём і вял. князем літ. выбраны яго сын Уладзіслаў IV [1632—48]. Выкарыстаўшы міжуладдзе ў Рэчы Паспалітай, цар Міхаіл Фёдаравіч пачаў вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. Рас. войскі асадзілі Смаленск, але горад вытрымаў аблогу. Маскоўская армія была акружана войскам Рэчы Паспалітай на чале з каралём і капітулявала. Палянаўскі мір 1634 пацвердзіў умовы Дэулінскага перамір’я аб пераходзе Смаленскага ваяв. ў склад ВКЛ. У канцы 16 — пач. 17 ст. ўскладнілася становішча на Украіне. Адным з самых буйных антыфеад. казацка-сял. выступленняў было Налівайкі паўстанне 1594—96. Адступаючы з Украіны, паўстанцы адышлі на бел. Палессе, дзе да іх далучыліся мясц. сяляне, мяшчане і дробная шляхта, захапілі Петрыкаў, Слуцк, Магілёў, пасля адышлі на Валынь. Новым каралём польск. і вял. князем літ. быў выбраны Ян II Казімір [1648—68]. У 1648 на Украіне пачалася нац.-вызв. вайна, якую ўзначаліў Б.Хмяльніцкі. На Беларусі яна выклікала антыфеадальную вайну 1648—51. Улетку 1654 пачалася вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У час кампаніі 1654 была занята рас. войскамі ўся паўн. і ўсх. Беларусь, у час кампаніі 1655 — астатняя частка Беларусі (акрамя Брэсцкага пав. і Навагрудскага ваяв.), Вільня, Коўна. У час ваен. дзеянняў былі разрабаваны і спалены многія гарады, мястэчкі і вёскі, шмат людзей загінула або трапіла ў палон, дзесяткі тысяч сялян і тысячы гараджан вывезены ў Расію. Шляхце, якая прысягнула цару, рас. ўрад захаваў маёнткі і саслоўныя правы. Была забаронена дзейнасць рымска-каталіцкай і уніяцкай цэркваў. Гарады Беларусі атрымалі граматы на дазвол рамесніцка-гандлёвай дзейнасці. Сяляне, якіх раздавалі шляхце, абкладаліся дадатковымі павіннасцямі на карысць войска. У 1660 рас. войскі сталі цярпець паражэнні. У шэрагу гарадоў (Магілёў, Дзісна, Себеж, Гомель і інш.) адбыліся паўстанні мяшчан супраць рас. гарнізонаў. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 Расія захавала Смаленскае ваяв., Левабярэжную Украіну і Кіеў. Расчараваны няўдачамі ў войнах і ва ўнутр. палітыцы, кароль Ян Казімір у 1668 адрокся ад трона. Новым каралём польск. і вял. князем ВКЛ быў выбраны Міхал Вішнявецкі [1669—73]. Паводле пастановы сейма 1673, кожны трэці сейм (акрамя тых, што выбіралі караля) збіраўся ў ВКЛ у Гродне. Наступным каралём польск. і вял. князем літ. быў выбраны Ян III Сабескі [1674—96], якога падтрымлівалі магнаты і шляхта прафранцузскай арыентацыі. «Вечны мір» 1686 паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй замацаваў дзярж. граніцы і стварыў умовы для сумесных дзеянняў супраць Турцыі і Крымскага ханства. Але 9-ы артыкул гэтага дагавора даваў магчымасць царызму пад выглядам абароны праваслаўя пастаянна ўмешвацца ва ўнутр. справы Рэчы Паспалітай.

Супраць караля выступілі Сапегі, якія мелі намер узначаліць самастойнае ВКЛ. Супраць іх у 1696 пачалася адкрытая барацьба бел. і літ. шляхты на чале з Р.Агінскім. Шляхце ВКЛ удалося правесці на канфедэрацыйным сейме 29.8.1696 канчатковае ўраўнаванне яе правоў з правамі польскай шляхты. Гэтай жа пастановай замест афіцыйнай бел. мовы ў дзярж. установах ВКЛ уводзілася польская мова. Новым каралём польск. і вял. князем літ. быў выбраны Аўгуст II Моцны [1697—1706, 1709—33], падтрыманы Расіяй і Аўстрыяй. У гэты час канфлікт паміж Сапегамі і б.ч. шляхты набыў характар грамадз. вайны. У ліст. 1700 пад Алькенікамі (каля Вільні) атрады шляхты разбілі войска Сапегаў. Аўгуст II уступіў у Паўночную вайну 1700—21 як саюзнік Пятра І і як курфюрст Саксоніі. Рэч Паспалітая спачатку ў вайне не ўдзельнічала. У пач. 1702 шведскія войскі прайшлі праз Гродна ў Польшчу, дзе ваен. дзеянні ішлі некалькі гадоў. Скліканая вясной 1703 генеральная канфедэрацыя ВКЛ абвясціла саюз з Расіяй. Шведскі кароль Карл XII арганізаваў у Польшчы канфедэрацыю, якая дэтранізавала Аўгуста II і выбрала каралём польск. і вял. князем літ. Станіслава Ляшчынскага [1704—09, 1733]. У 1706 Аўгуст II, пацярпеўшы паражэнне, заключыў Альтранштацкі дагавор, паводле якога адмовіўся ад кароны на карысць Ляшчынскага. Наступныя ваен. дзеянні адбываліся на тэр. Беларусі. У бітве пад Лясной 1708 армія Пятра І разграміла шведскі корпус А.Левенгаўпта. Пасля перамогі рас. войск пад Палтавай 8.7.1709 Аўгуст II вярнуўся ў Польшчу і зноў заключыў саюз з Пятром І. Вайна прычыніла вял. страты Беларусі, колькасць насельніцтва зменшылася з 2,2 млн. чал. да 1,5 млн. чал. Пасля Паўн. вайны паліт. ўплыў Расіі на частку магнатаў і шляхты ВКЛ узмацніўся. Пасля смерці Аўгуста II 12.9.1733 шляхта зноў выбрала каралём польск. і вял. кн. літ. Станіслава Ляшчынскага, але гэта не адпавядала інтарэсам Расіі. На тэр. Рэчы Паспалітай былі ўведзены рас. войскі, арганізаваны новыя выбары і 5.10.1733 новым каралём польск. і вял. князем літ. быў выбраны Аўгуст III [1733—63]. У час яго панавання адбылося далейшае паглыбленне паліт. крызісу Рэчы Паспалітай. Пасля смерці Аўгуста III па прапанове рас. імператрыцы Кацярыны II быў выбраны апошні кароль польскі і вял. князь літ. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі [1764—95], які пачаў праводзіць палітыку памяркоўных рэформаў дзярж. ладу, што выклікала незадаволенасць Расіі і Прусіі. Пры падтрымцы рас. пасла кн. М.В.Рапніна ў 1767 былі створаны пратэстанцкая шляхецкая канфедэрацыя ў Торуні і кальвінісцка-праваслаўная Слуцкая канфедэрацыя 1767, якія імкнуліся ўраўнаваць правы дысідэнцкай шляхты з каталіцкай. На дапамогу канфедэратам Кацярына II накіравала 40-тысячную армію. Сейм 1768 ураўнаваў правы некаталіцкай шляхты з каталіцкай і пад націскам Кацярыны II замацаваў анархічны лад дзяржавы. Патрыятычна настроеная шляхта выступіла супраць чужаземнага ўмяшання ва ўнутр. справы дзяржавы і арганізавала Барскую канфедэрацыю. Пасля яе разгрому ў Пецярбургу быў падрыхтаваны першы падзел Рэчы Паспалітай 1772, паводле якога Расія, Прусія і Аўстрыя далучылі часткі тэр. Рэчы Паспалітай. Расіі адышлі тэрыторыі на Пн ад Зах. Дзвіны, на У ад Друці і Дняпра. У 1770—80-я г. ў Рэчы Паспалітай былі праведзены некаторыя рэформы, накіраваныя на паляпшэнне гандлю і развіццё прам-сці. Больш грунтоўныя рэформы праводзіў Чатырохгадовы сейм 1788—92. Была прынята Канстытуцыя 3 мая 1791. Рэакцыйныя колы магнатаў і шляхты, незадаволеныя прагрэс. зменамі, звярнуліся да Кацярыны II з просьбай аб дапамозе. У Пецярбургу пад наглядам імператрыцы 27.4.1792 складзены акт канфедэрацыі і да граніцы з Рэччу Паспалітай перакінуты рас. войскі. Пасля пераходу граніцы ва ўкр. мяст. Таргавіца быў абвешчаны акт Таргавіцкай канфедэрацыі. Рас. войскі з баямі занялі тэр. Беларусі і Правабярэжнай Украіны, разам з прускімі войскамі акупіравалі Польшчу. Канстытуцыя 3 мая і рэформы Чатырохгадовага сейма былі адменены. Таргавіцкая канфедэрацыя фактычна падрыхтавала другі падзел Рэчы Паспалітай 1793. Канвенцыя аб гэтым падпісана ў Пецярбургу паміж Расіяй і Прусіяй 23.1.1793. Расія ўзяла сабе цэнтр. частку Беларусі, а таксама Правабярэжную Украіну. Гродзенскі сейм 1793 зацвердзіў падзел Рэчы Паспалітай. Ва ўмовах рас. і прускай акупацыі было падрыхтавана нац.-вызв. паўстанне 1794 на чале з Т.Касцюшкам. Паўстанне было задушана рас. войскамі пад камандаваннем ген. А.В.Суворава. Рэч Паспалітая была поўнасцю акупіравана рас., прускімі, потым і аўстр. войскамі. 24.10.1795 у Пецярбургу падпісана канвенцыя аб трэцім падзеле Рэчы Паспалітай 1795. Расія далучыла землі Зах. Беларусі, б.ч. Літвы і Курляндыю. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі адмовіўся ад трона на карысць Кацярыны II. Рэч Паспалітая спыніла сваё дзярж. існаванне.

Дзяржаўны і палітычны лад. ВКЛ была феад. манархіяй. У першыя стагоддзі свайго існавання гэта дзяржава з моцнай уладай вял. князя (гаспадара) у цэнтр. раёнах і аўтаномнымі княствамі і землямі са сваім паліт. жыццём, якія падпарадкоўваліся вял. князю. У канцы 14 ст. Вітаўт ліквідаваў буйныя ўдзельныя княствы, але невял. княствы захоўваліся да 1520-х г. З канца 14 ст. збіраўся пастаянны кансультатыўны орган пры вял. князю — паны-рада (гл. Рада Вялікага княства Літоўскага). З 1492 рада мела заканадаўчыя і распарадчыя функцыі (асабліва ў час адсутнасці вял. князя ў дзяржаве). У 15 ст. сфарміраваўся сейм — прадстаўнічы орган шляхецкага саслоўя. У пач. 16 ст. ён набыў значэнне заканадаўчага і кантрольнага органа. На пасады цэнтр. кіравання назначэнне рабіў вял. князь. Найважнейшымі былі пасады маршалка земскага (потым — вялікага), канцлера, падскарбія, гетмана найвышэйшага (потым — вялікага) і інш. Асобнымі землямі кіравалі намеснікі, старосты, а з 15 ст. і ваяводы, якія мелі шырокія паўнамоцтвы. Акругамі кіравалі дзяржаўцы, а ніжэйшае звяно дзярж. кіравання да 16 ст. складалі прадстаўнікі мясц. насельніцтва — валасныя старцы, соцкія, дзесяцкія. У 1413 былі ўтвораны вял. па тэрыторыі Віленскае і Трокскае ваяв., куды ўваходзілі ўсх.-літ. землі і землі Зах. і Цэнтр. Беларусі. Ваяводы віленскі і трокскі і іх намеснікі — кашталяны — таксама належалі да найвышэйшых саноўнікаў дзяржавы. Паводле адм. рэформы ў 1565—66 у ВКЛ было ўтворана 13 ваяводстваў, якія падзяляліся на паветы. Павет стаў асн. адм.-тэр. адзінкай са сваім прадстаўнічым органам — шляхецкім сеймікам і павятовымі шляхецкімі судамі (гл. Земскі суд, Гродскі суд, Падкаморскі суд). У 1581 быў арганізаваны Трыбунал Вялікага княства Літоўскага, вышэйшы апеляцыйны суд. Члены судоў і дэпутаты Трыбунала выбіраліся шляхтай. Да 17—18 ст. у некаторых мясцовасцях захоўваўся нар. традыцыйны копны суд, які дзейнічаў пад кантролем дзярж. або панскай адміністрацыі. Прывілеем 1447 вял. князь Казімір Ягелончык перадаў права суда над насельніцтвам феадалам — панам і баярам, на чыёй зямлі жылі залежныя ад іх сяляне і гараджане. З 15 ст. мяшчане гарадоў, што атрымалі самакіраванне паводле магдэбургскага права, вызваляліся ад феад. павіннасцей, суда і ўлады ваявод і старостаў, мелі свае войтаўска-лаўніцкія суды. У 16 ст. былі распрацаваны сістэматызаваныя зборы законаў, выдадзеныя на бел. мове, — Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588. Яны аб’ядноўвалі юрыд. нормы міжнар., дзярж., саслоўнага, маёмаснага, сямейнага і інш. права.

Рэлігійныя адносіны. Большасць насельніцтва ВКЛ у 13 ст. належала да правасл. царквы, літоўцы і жэмайты былі яшчэ язычнікамі. У 1387 Ягайла правёў хрышчэнне літоўцаў паводле каталіцкага абраду. Хрышчэнне жэмайтаў расцягнулася яшчэ на стагоддзе. Паступова каталіцкая царква пры дапамозе вял. князёў пашырала свае пазіцыі. З 1458 правасл. царква ў ВКЛ мела сваю самаст. мітраполію. У сярэдзіне 16 ст. на Беларусі вял. ўплыў мела Рэфармацыя ў яе розных плынях. 9.10.1596 абвешчана Брэсцкая унія, акт аб арганізацыйным аб’яднанні на тэр. Беларусі і Украіны правасл. царквы з каталіцкай. Вернікі уніяцкай царквы ў канцы 18 ст. складалі 75% насельніцтва Беларусі (у вёсцы 80%), праваслаўнымі заставалася 6,5% насельніцтва.

Сельская гаспадарка і становішча сялян. У 13—14 ст. вярхоўным уласнікам усёй зямлі ў ВКЛ лічыўся вял. князь. Прыватнаўласніцкія маёнткі падзяляліся на 2 групы: вотчыны, якія належалі спадчынна княжацкім і буйным феад. (панскім) сем’ям, і двары (маёнткі), якія раздаваліся баярам на ўмоўным праве, за службу (у асн. вайсковую). Пачынаючы з прывілея 1447, права спадчыннай уласнасці на зямлю было пашырана на ўсё саслоўе баяр (шляхты). Гэта права як манаполія саслоўя феадалаў было заканадаўча замацавана Статутамі ВКЛ. У 14—16 ст. сялянства юрыдычна падзялялася на групы: чэлядзь нявольная, людзі пахожыя, людзі непахожыя, сяляне-слугі. Вышэйшай групай сялян-слуг былі вайсковыя сяляне, што выходзілі ў паход разам з панам, — панцырныя, путныя і конныя баяры. Частка іх увайшла ў 15—16 ст. у ніжэйшую групу шляхецкага саслоўя або замацавалася ў нешматлікай групе вольных людзей — зямян, выбранцаў, баяр, якія былі васаламі вял. князя, магнатаў, буйной шляхты. У час вайны яны служылі ў войску, у мірны час плацілі грашовы чынш. Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588 юрыдычна замацавалі прыгоннае права. Розныя групы сялян у 1-й пал. 17 ст. канчаткова ператварыліся ў асабіста залежных ад феадала людзей. У 14—15 ст. асн. павіннасцю быў натуральны аброк. З канца 15 ст. ў сувязі з павелічэннем попыту на с.-г. прадукцыю ў Зах. Еўропе феадалы ВКЛ пашыралі ворныя землі ў маёнтках, стваралі фальваркі, шырока ўводзілі паншчыну. З сярэдзіны 16 ст. ў велікакняжацкіх (дзяржаўных) маёнтках пачала актыўна праводзіцца зямельная рэформа (гл. Валочная памера, «Устава на валокі» 1557). У 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. рэформа праведзена ва ўладаннях феадалаў Літвы, зах. і цэнтр. Беларусі, да сярэдзіны 17 ст.усх. і паўд. Беларусі. Стварэнне фальваркаў суправаджалася ўзбуйненнем часткі вёсак, іх перапланіроўкай і наразаннем сялянам валочных надзелаў (1 валока — 21,36 га). Пашыраўся 3-польны севазварот, павялічылася ўраджайнасць. Паводле павіннасцей сяляне падзяляліся на 2 асн. катэгорыі: цяглыя сяляне і асадныя сяляне. Сяляне з невял. ўчасткамі зямлі (агароднікі, халупнікі, каморнікі) да сярэдзіны 17 ст. зліліся з цяглымі сялянамі, надзелы якіх зменшыліся да паўвалочных. У час ваен. дзеянняў сярэдзіны 17 ст. гаспадарка ВКЛ была разбурана. Для яе аднаўлення ў 2-й пал. 17 — 1-й пал. 18 ст. феадалы, пераважна ў каралеўскіх маёнтках, пераводзілі значную частку сялян з паншчыны на грашовы чынш. У магнацкіх маёнтках паншчына ў асн. захоўвалася. Да сярэдзіны 18 ст. сялянская гаспадарка дасягнула некаторых поспехаў у развіцці агратэхнікі, павысілася ўраджайнасць, павялічылася пагалоўе жывёлы. У 2-й пал. 18 ст. пачаўся перыяд разлажэння феадалізму і зараджэння капіталіст. адносін. Пашырыўся ўнутр. рынак, развіваліся таварна-грашовыя адносіны. Усё гэта адбілася на дзярж. палітыцы пашырэння фальварковай гаспадаркі ў каралеўскіх эканоміях (рэформы К.Тызенгаўза).

Культура і асвета. Бел. мова з часу ўтварэння ВКЛ была афіцыйнай дзяржаўнай і мовай міжэтнічных зносін. На ёй вялося справаводства і судаводства, выдаваліся велікакняжацкія прывілеі і дыпламат. дакументы, сеймавыя пастановы, статуты, пісаліся летапісы, хронікі, маст. і царк.-рэліг. творы. З 15 ст. на бел. мове ствараецца свецкая арыгінальная і перакладная літаратура. На бел. мове Ф.Скарына надрукаваў першыя ва ўсх. славян 22 кнігі Бібліі, заснаваў першую ў ВКЛ друкарню. На лацінскай мове ў 1523 выйшла паэма М.Гусоўскага «Песня пра зубра». Новы ўздым у культ. і грамадска-паліт. жыцці быў звязаны з рэфармац. рухам 2-й пал. 16 ст. Высокага ўзроўню дасягнула кнігадрукаванне. Паслядоўнікамі Скарыны былі С.Будны, І.Фёдараў, П.Мсціславец. Друкарні дзейнічалі ў Брэсце, Нясвіжы, Вільні, Заблудаве, Еўі, Куцейне, Магілёве. Вял. ўклад у развіццё бел. культуры зрабілі В.Цяпінскі, Л.Зізаній, браты Мамонічы, М.Сматрыцкі, браты Вашчанкі і інш. Вышэйшай навуч. установай у ВКЛ была Віленская акадэмія, заснаваная ў 1578. У Літве і Беларусі існавала сетка сярэдніх навуч. устаноў з высокім узроўнем навучання. У 18 ст. ўзніклі піярскія вучылішчы, у 1773—75 пачала дзейнасць Адукацыйная камісія з сеткай дзярж. школ у кожным павеце. Паспяхова развівалася муз. мастацтва. Падрыхтоўка спевакоў вялася ў манастырскіх і брацкіх школах. З 17 ст. пры калегіумах і дварах магнатаў існавалі капэлы, якія складаліся з аркестра і групы вакалістаў. Яны суправаджалі спектаклі тэатраў, балі, рэлігійныя службы, вайсковыя парады. У 18 ст. ў прыватнаўласніцкіх гарадах існавалі прыдворныя т-ры з балетнымі трупамі. У 16—18 ст. дзейнічалі школьныя т-ры. Значнага развіцця ў 14—16 ст. дасягнула буд-ва абарончых збудаванняў (замкі ў Новагародку, Гродне, Крэве, Лідзе, Вільні, Нясвіжы, Міры, Троках) і цэркваў-крэпасцей (у Сынковічах, Супраслі, Мураванцы). Магнацкія замкі і рэзідэнцыі ў 17—18 ст. ператварыліся ў палацава-замкавыя ансамблі. У выяўл. мастацтве спачатку пераважаў іканапіс, з 16 ст. пашырыліся партрэтны і батальны жанры. Дасягнулі росквіту драўляная разьба і скульптура. У 18 ст. на мануфактурных прадпрыемствах выраблялі унікальныя ўзоры прыкладнога мастацтва — шпалеры, слуцкія паясы, урэцкае шкло і інш.

Літ.:

Гісторыя Беларускай ССР. Т.1. Мн., 1972;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч.1. Мн., 1994;

История Литовской ССР. (С древнейших времен до нашнх дней). Вильнюс, 1978;

Любавский М.К. Областное деление и местное управление Литовско-русского государства ко времени издания первого Литовского статута: Ист. очерки. [М., 1892];

Яго ж. Литовско-русский сейм. М., 1900;

Довнар-Запольский М. Государственное хозяйство Великого княжества Литовского при Ягеллонах. Т. 1. Киев, 1901;

Пресняков А.Е. Лекции по русской истории. Т. 2, вып. 1. М., 1939;

Пичета В.И. Белоруссия и Литва XV—XVI вв. М., 1961;

Мальцев А.Н. Россия и Белоруссия в середине XVII в. М., 1974;

Шабульдо Ф.М. Земли Юго-Западной Руси в составе Великого княжества Литовского. Киев, 1987;

Пашуто В.Т. Образование Литовского государства. М., 1959;

Ермаловіч М.І. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990;

Яго ж. Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд. Мн., 1994;

Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992;

Статут Вялікага княства Літоўскага 1588: Тэксты. Давед. Камент. Мн., 1989;

Францыск Скарына і яго час: Энцыкл. давед. Мн., 1988;

Morzy J. Kryzys demograficzny na Litwie i Białorusi w II połowie XVII wieku. Poznań, 1965;

Lowmiański H. Studia nad dziejami Wielikogo Ksiestwa Litewskiego. Poznań, 1983.

А.П.Грыцкевіч.

т. 4, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬ,

горад, цэнтр Гомельскай вобл. і раёна. За 301 км ад Мінска. Вузел чыгунак (напрамкі на Жлобін, Калінкавічы, Чарнігаў, Шчорс, Навазыбкаў) і аўтадарог. Порт на р. Сож. Аэрапорт. 501 тыс. ж. (1997).

Гісторыя. Летапісныя назвы Гомель, Гомій, Гомін, Гомь, Гомье. Узнік у канцы 1-га тыс. н. э. пры ўпадзенні р. Гомій (Гамяюк) у Сож на зямлі радзімічаў. Археал. раскопкамі тут выяўлены матэрыялы эпохі неаліту і бронзавага веку, мілаградскай, зарубінецкай, калочынскай культур, гар. ўмацаванні 9—11 ст., рэчы 10—13 ст. Упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1142 як уладанне чарнігаўскага князя. У 12 ст. барацьбу за Гомель вялі чарнігаўскія, кіеўскія і ноўгарад-северскія князі. З 1161 уладанне Ольгавічаў. У 1-й пал. 13 ст., магчыма, спалены мангола-татарамі. Каля 1335 далучаны да ВКЛ, уладанне Патрыкія Нарымунтавіча і яго нашчадкаў. У канцы 14 ст. ўпамінаецца сярод кіеўскіх гарадоў. У 1406—19 Гомелем кіравалі велікакняжацкія намеснікі, пазней належаў кн. Свідрыгайлу, беглым серпухаўскаму і бароўскаму кн. Васілю Яраславічу і мажайскаму кн. Івану Андрэевічу, з 1483 сыну апошняга. У вайну Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1500 — 03 заняты рус. войскамі, якія ўмацавалі горад і Гомельскі замак. У выніку вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1534—37 зноў у ВКЛ, цэнтр Гомельскага староства (гл. Гомельская воласць). З 1565 у Рэчыцкім пав. Мінскага ваяв. У сярэдзіне 16 ст. адыгрываў важную ролю ў абароне паўд.-ўсх. зямель ВКЛ ад набегаў крымскіх татар. У Лівонскую вайну 1558—83 Гомель ненадоўга заняты войскамі Івана IV Грознага, у маі 1581 вытрымаў аблогу царскіх войск, у 1595 захоплены атрадам паўстанцаў С.Налівайкі. У час вызваленчай вайны ўкраінскага народа 1648—54, антыфеадальнай вайны 1548—51 казацкія атрады Галавацкага і М.Нябабы пры падтрымцы мясц. жыхароў у 1648 і 1649 займалі Гомель. У 1651 зноў абложаны казакамі (гл. Гомеля аблога 1651). У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 заняты казацкім войскам І.Н.Залатарэнкі. З 1667 у складзе Рэчы Паспалітай, належаў М.К.Радзівілу, потым Чартарыйскім. У 1670 атрымаў магдэбургскае права. У час Паўн. вайны 1700—21 у Гомелі размяшчаліся рус. войскі пад камандаваннем А.Д.Меншыкава (1706). З 1772 у Рас. імперыі. З 1773 цэнтр Гомельскага павета Рагачоўскай правінцыі, з 1777 мястэчка Беліцкага павета, з 1852 горад, цэнтр павета Магілёўскай губ. Належаў П.А.Румянцаву-Задунайскаму, з 1836 І.Ф.Паскевічу-Эрыванскаму. У 1775 — 5 тыс. ж., у 1858 — 14 тыс. ж. У 1854 да Гомеля далучаны заштатны горад Новая Беліца як прадмесце. У 1856 зацверджаны гар. герб: у верхняй частцы выява двухгаловага арла, у ніжняй — рысі на блакітным полі. У 1897 — 36,8 тыс. ж. У 1890-я г. ўзнік першы ў горадзе с.-д. гурток. Напярэдадні рэвалюцыі 1905—07 аформіліся гомельскія арг-цыі РСДРП, Бунда, Гомельскі к-т партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Па маштабах рэв. руху Гомель займаў адно з першых месцаў у царскай Расіі. У снеж. 1905 дзейнічаў Гомельскі камітэт дэлегатаў. У 1-ю сусв. вайну адбылося Гомельскага перасыльнага пункта паўстанне 1916. 19.3.1917 утвораны Гомельскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. З 1.3.1918 да 14.1.1919 акупіраваны ням. войскамі. Паводле дагавора Укр. цэнтр. рады з герм. камандаваннем Гомель уключаны ў склад новаўтворанай Палескай губ. Украіны; ваен. ўлада належала герм. камендатуры, Цывільная — камісару Укр. цэнтр. рады, павятоваму старасту, з 17.12.1918 — Гомельскай дырэкторыі. Пасля Гомельскай забастоўкі 1918—19 (гл. Гомельскія забастоўкі 1918—19) улада 6.1.1919 перададзена ВРК. У сак. 1919 у горадзе адбыўся стракапытаўскі мяцеж 1919. З крас. 1919 Гомель — цэнтр Гомельскай губерні ў складзе РСФСР, з 1926 у БССР; у 1926—31 і з 1937 цэнтр Гомельскага раёна, у 1926—30 — Гомельскай акругі, з 15.1.1938 — Гомельскай вобласці. У першыя дні Вял. Айч. вайны створаны Гомельскі полк народнага апалчэння (гл. Гомеля абарона 1941). З 19.8.1941 да 26.11.1943 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія знішчылі ў гар. турмах, 5 лагерах смерці і 4 гета больш за 100 тыс. чал. Дзейнічала Гомельскае патрыятычнае падполле і Гомельскае камсамольска-маладзёжнае падполле. Вызвалены ў ходзе Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943. Пасля вызвалення ў Гомель пераехалі ЦК КП(б)Б, СНК БССР. У 1959 — 168 тыс. ж., у 1979 — 383 тыс. ж. У сувязі з невырашэннем праблем, звязаных з Чарнобыльскай катастрофай 1986, адбылася Гомельская забастоўка 1990.

Гаспадарка. У 1-й пал. 19 ст. Гомель стаў набываць прамысл. аблічча. Дзейнічалі з-д па вырабе свечак, шкляная мануфактура, 2 ткацкія ф-кі, цукр. з-д Паскевіча (1839), сальна-свечачны з-д Школьнікава (1840), крупадзёрка (1853), некалькі канатна-вяровачных і лесапільных прадпрыемстваў. У 1850 праз Гомель пракладзена шаша Пецярбург—Кіеў і першая ў Расіі тэлегр. лінія Пецярбург—Севастопаль. Пракладзены чыг. лініі Гомель—Бабруйск (1873) і Гомель—Рамны (1874) Лібава-Роменскай чыгункі, лініі Гомель—Лунінец (1886) і Гомель—Бранск (1887) Палескіх чыгунак. У выніку Гомель стаў важным чыг. вузлом, звязаным з Украінай, Польшчай, Прыбалтыкай, Масквой, Пецярбургам і інш. прамысл. цэнтрамі Расіі. У канцы 19 — пач. 20 ст. Гомель — буйны прамысл. цэнтр Беларусі. Тут існавала больш за 40 прадпрыемстваў, асн. частка іх перапрацоўвала мясц. сыравіну: 9 лесапільных ф-к (гл. Гомельскія лесапільныя фабрыкі), запалкавая ф-ка «Везувій» (400 рабочых у 1913, гл. Гомельскі фанерна-запалкавы камбінат), 4 маслабойныя прадпрыемствы, з-ды спіртаачышчальны, цукровы, піваварны, канатны, 2 мукамольныя, швейная ф-кі і інш. Дзейнічалі металаапр. прадпрыемствы: з-ды ліцейна-мех. Фрумкіна і сыноў, ліцейна-мех. з-д «Рухавік» (гл. Гомельскі завод «Стромаўталінія»), гал. мех. майстэрні (абслугоўвалі Лібава-Роменскую чыгунку, 1220 рабочых у 1913; гл. Гомельскі вагонарамонтны завод) і малыя рамонтныя майстэрні (абслугоўвалі Палескія чыгункі, 145 рабочых у 1913), якія выконвалі функцыі паравозавагонарамонтных з-даў, а таксама лакафарбавае прадпрыемства, 5 друкарняў, Гомельскія рагожныя мануфактуры, электрастанцыі і інш. Пачалося паравое суднаходства па р. Сож. Важнае месца ў эканам. жыцці горада займаў гандаль лесам, лёнам, пянькой; гандл. абарот у канцы 1870 — пач. 1890-х г. каля 5,5 млн. руб. Штогод у Гомелі праводзіліся 3 кірмашы. Пасля рэформы 1861 г. ў Гомелі адкрыты гар. грамадскі банк, у пач. 1890-х г.аддз. (агенцтвы) Віленскага і Мінскага камерц. банкаў; у пач. 20 ст.аддз. Арлоўскага, Паўн., Аб’яднанага, Руска-Азіяцкага камера банкаў. Пасля 1-й сусв. і грамадз. войнаў пачалося аднаўленне прам-сці і транспарту. У 1920 адноўлена работа ф-кі «Везувій», чыгуналіцейных майстэрняў, цагельных з-даў. Уведзены ў дзеянне ф-ка «Палесдрук» (гл. Гомельская фабрыка «Палесдрук»), у 1922—24 абутковая ф-ка «Праца», хлебакамбінат, электрастанцыя, у 1928 Гомельскі завод сельскагаспадарчага машынабудавання «Гомсельмаш». У 1930-я г. рэканструяваны «Гомсельмаш», пабудаваны станкабуд. з-д імя Кірава, шклозавод імя Ламаносава, ф-кі «Камінтэрн» (гл. Гомельскае акцыянернае таварыства «Камінтэрн»), «8 Сакавіка» (гл. Гомельская прамыслова-гандлёвая фірма «8 Сакавіка»), «Спартак» (гл. Гомельскае адкрытае акцыянернае таварыства «Спартак»), тлушчакамбінат і інш. На пач. 1940 у Гомелі 264 прамысл. прадпрыемствы (3-е месца ў БССР па аб’ёме прамысл. прадукцыі). Пасля вызвалення Гомеля ад ням.-фаш. захопнікаў адноўлены чыг. вузел, да канца 1944 — 25 прадпрыемстваў. Да 1950 адноўлены ўсе даваен. і пабудаваны новыя прадпрыемствы. У 1950—60-я г. ўведзены ў дзеянне з-ды «Гідраапаратура» (гл. Гомельскі завод «Гідрапрывод»), Гомельскі завод пускавых рухавікоў, сан.-тэхн. абсталявання (гл. Гомельскі завод «Эмальпосуд»), Гомельскі ліцейны завод «Цэнтраліт». У 1961 горад атрымаў прыродны газ, у 1962 пушчаны першы тралейбус. Вырашэнне сац. і эканам. праблем вельмі ўскладнілася ў сувязі з Чарнобыльскай катастрофай 1986. Створаны філіялы НДІ с.-г. радыялогіі і НДІ радыелагічнай медыцыны. Гомель — адзін з буйнейшых прамысл. цэнтраў Беларусі. Прадпрыемствы маш.-буд. і металаапр. (Гомельскі завод вымяральных прылад, Гомельскі падшыпнікавы завод, Гомельскае вытворчае аб’яднанне «Карал», Гомельскі электратэхнічны завод, Гомельскі завод «Электраапаратура», Гомельскі кабельны завод, Гомельскі суднабудаўніча-суднарамонтны завод і інш.), хім. (Гомельскі хімічны завод, Гомельскі завод хімічных вырабаў, Гомельскі завод пластмасавых вырабаў), лясной, цэлюлозна-папяровай, лёгкай (Гомельская фабрыка мастацкіх вырабаў), буд. матэрыялаў (Гомельскае акцыянернае таварыства «Гомельшпалеры», Гомельскі шклозавод), дрэваапр. (Гомельскае вытворчае дрэваапрацоўчае аб’яднанне «Гомельдрэў»), харч. (Гомельскі тлушчавы камбінат) прам-сці.

Асвета і культура. У 1781 у Гомель засн. правасл. духоўнае вучылішча (з 1840 павятовае духоўнае вучылішча). У 1818 пры ўдзеле М.П.Румянцава адчынена пач. школа Бел-Ланкастэрскай сістэмы навучання. У 19 ст. ствараюцца ніжэйшыя і сярэднія навуч. ўстановы. У 1841 на базе Беліцкага пав. вучылішча (засн. ў 1790 як дамініканскае, з 1833 свецкае прыходскае) створана 3-класнае пав. нар. вучылішча, на базе якога ў 1866 у Гомелі засн. 4-класная прагімназія (з 1877 — 6-класная гімназія, з 1897 — 8-класная). У 1878 на сродкі Лібава-Роменскай чыгункі засн. тэхн. чыг. вучылішча (гл. Гомельскі тэхнікум чыгуначнага транспарту), адчынена пач. аднакласнае яўр. вучылішча з падрыхтоўчым класам. У 1882 на базе жаночага 3-класнага прыватнага пансіёна створана жаночая 4-класная прагімназія (з 1897 — урадавая гімназія). У 1903, 1907 створаны прыватныя муз. школы. З 1906 дзейнічала прыватная школа павітух, з 1907 — гімназіі: жаночая В.А.Копіш і яўр. мужчынская А.Е.Ратнера; з 1911 жаночая прагімназія М.А.Табалевіч-Федароўскай (гл. Гомельскія гімназіі). У 1911 у Гомелі 32 навуч. ўстановы, у т. л. 5 сярэдніх, 24 ніжэйшыя і пач., 3 падрыхтоўчыя, 45 яўр. вучылішчаў рознага тыпу. З 1915 у Гомелі працавала настаўніцкая семінарыя (у 1919 пераўтворана ў пед. курсы для падрыхтоўкі настаўнікаў школ 1-й ступені). У 1919 створаны курсы буд. дзесятнікаў, бухгалтараў, рахункаводаў, школы паліграф. справы, майстроў для швейнай прам-сці і інш. У 1926 у Гомелі працавалі 3 тэхнікумы — пед. агульны (з 1937 пед. вучылішча), яўр. педагагічны, шляхоў зносін; 15 школ 1-й ступені, 13 школ сямігодак, 9-годка, 4 школы 2-й ступені; 8 дзіцячых дамоў. У 1930 у Гомелі засн. ін-ты механіка-машынабуд., лесатэхн. (у 1945 пераведзены ў Мінск, гл. Беларускі тэхналагічны універсітэт), Гомельскі аграпедагагічны інстытут (з 1933 пед. ін-т); Гомельскі дарожна-будаўнічы тэхнікум. У 1932 адчынена мед. вучылішча і муз. тэхнікум (з 1939 муз. вучылішча). У 1936 пры пед. ін-це створаны Гомельскі настаўніцкі інстытут. У час Вял. Айч. вайны спалены 2 ін-ты, пед. вучылішча, 24 школы. У 1944 аднавілі работу пед., настаўніцкі, лесатэхн. ін-ты, пед. вучылішча, 2 сярэднія, 7 няпоўных сярэдніх і 4 пач. школы, адчынены тэхнікумы рачны, фіз. культуры, Гомельскі кааператыўны тэхнікум, у 1946 — Гомельскі політэхнічны тэхнікум. У 1953 засн. Бел. ін-т інжынераў чыг. транспарту (гл. Беларускі універсітэт транспарту). У 1955 адчынены Гомельскі машынабудаўнічы тэхнікум, у 1956 — Гомельскі сельскагаспадарчы тэхнікум. У 1996/97 навуч. г. ў Гомелі 154 дашкольныя ўстановы, у т. л. дашкольная гімназія, цэнтр развіцця дзіцяці, 4 дашкольныя ўстановы з паглыбленымі кірункамі дзейнасці (замежная мова, эстэтыка і інш.), 8 устаноў санаторнага тыпу, сад для дзяцей з рознымі дэфектамі, сад для глухіх і з недахопамі слыху. У дашкольных установах выхоўвалася каля 25 тыс. дзяцей. Дзейнічала 80 агульнаадук. школ (больш за 70 тыс. вучняў), у т. л. ліцэй, бел.-слав. гімназія імя І.Мележа, спец. школа з паглыбленым вывучэннем англ. мовы (навучанне з 5 гадоў), 3 пач. школы, школа-сад для дзяцей з парушэннямі зроку, 1 яўр. школа-сад, спец. школа для глухіх і з недахопамі слыху дзяцей, 4 школы-інтэрнаты (2 для разумова адсталых дзяцей, базавая для дзяцей хворых на скаліёз, 1 для сірот і дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі), 4 зменныя школы (адна з іх на тэр. жаночай калоніі для непаўналетніх дзяўчынак). Акрамя таго ў Гомелі ёсць прыватная гімназія і абласны ліцэй, 16 прафес.-тэхн. вучылішчаў, у якіх займалася больш за 8 тыс. навучэнцаў, 11 сярэдніх спец. навуч. устаноў (каля 10 тыс. студэнтаў), у т. л. мед. вучылішча, каледж мастацтва, муз.-пед. каледж і інш. У Гомелі 5 дзярж. ВНУ: Гомельскі універсітэт, Гомельскі політэхнічны інстытут, Гомельскі медыцынскі інстытут, Гомельскі кааператыўны інстытут, Беларускі універсітэт транспарту, а таксама Гомельскі філіял Міжнар. недзярж. ін-та працоўных і сац. адносін. У Гомелі 18 масавых б-к, у т. л. 6 дзіцячых, а таксама Гомельская абласная б-ка з дзіцячым аддзяленнем (гл. Бібліятэкі абласныя Беларусі, Бібліятэка дзіцячая). Працуе Гомельскі абласны краязнаўчы музей.

Архітэктура. У 14 ст. аснову Гомеля складаў драўляны замак, пабудаваны на месцы дзядзінца. Горад забудоўваўся хаатычна. Да сярэдзіны 18 ст. ён уяўляў сабой шэраг слабод і вёсак, якія групаваліся вакол замка. У канцы 18 ст. пачалася перапланіроўка — на месцы стараж. замка створаны Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор; на тэр. Спасавай слабады — Гомельская Ільінская царква. 3-прамянёвая сістэма планіроўкі прадугледжвала арыентацыю гал. магістралей — вуліц Румянцаўскай (цяпер Савецкая, асн. вось кампазіцыі горада), Замкавай (праспект Леніна), Фельдмаршальскай (Пралетарская) — на палац. Гэты прынцып захоўваўся і пры наступных рэканструкцыях. Усе будынкі на Румянцаўскай вул. былі створаны ў стылі класіцызму (Гомельскай ланкастэрскай школы будынак і інш.). На вул. Мільённай (цяпер Бялецкага) размяшчаліся Гомельскі «паляўнічы домік», летні дом Румянцава (у 1819 пераабсталяваны пад Гомельскага духоўнага вучылішча будынак). Да ліку лепшых пабудоў канца 19 — пач. 20 ст. належаць Гомельскай гарадской думы будынак, Гомельскага камерцыйнага банка будынак, Гомельскага філіяла Руска-Азіяцкага банка будынак, будынкі мужчынскай і жаночай гімназій, тэхн. вучылішча (гл. адпаведныя артыкулы), асобныя жылыя дамы. У маст. вырашэнні фасадаў гэтых будынкаў выкарыстаны элементы стылізатарска-эклектычнага кірунку і стылю мадэрн. У культавых пабудовах панаваў неарускі стыль: цэрквы Георгіеўская (1904, не захавалася), Праабражэнская (захавалася часткова), Гомельская капліца. Значны ўклад у забудову Гомеля гарадскога арх. С.Шабунеўскага. У 1920—30-я г. пачалося масавае жыллёвае і прамысл. буд-ва: пабудаваны першыя секцыйныя шматкватэрныя жылыя дамы для чыгуначнікаў, Гомельскі дом-камуна, Палац культуры чыгуначнікаў з кінатэатрам, настаўніцкі ін-т і інш. Паблізу прамысл. прадпрыемстваў узніклі рабочыя пасёлкі: Залінейны, Сельмашаўскі, Касцюкоўка. У 1946 распрацаваны праект аднаўлення і рэканструкцыі Гомеля («Белдзяржпраект», арх. І.Сяргееў, Т.Сяргеева, інж. Г.М.Ішчанка, І.Дзесятнікаў, І.Бардукоў) з захаваннем асн. прамянёвых магістралей, што склаліся гістарычна. Паводле генплана 1964 (Гомельскі філіял «Белдзяржпраекта»; арх. М.Сундукоў, К.Усцюгоў, Б.Барысаў, А.Касякоў, інж. М.Найшулер і інш.) радыяльныя напрамкі вуліц паступова ператвараліся ў лінейныя. На гал. магістралях пабудаваны Дом спорту (арх. І.Спірын, С.Паўлаў), рэстаран «Беларусь» (арх. Л.Тамкоў), будынкі абл. б-кі (арх. В.Бурлака), абл. драм. т-ра (арх. А.Тарасенка), пешаходны мост цераз Сож і інш. Аб’екты, пабудаваныя ў 1970—80-я г. змянілі арх. аблічча Гомеля: будынкі Дома сувязі (арх. Р.Ціхаў), трэста «Гомельсаўгасбуд», цэнтра навук.-тэхн. інфармацыі, гал. корпус ун-та, праектнага ін-та «Дзіпражыўмаш» (усіх арх. С.Пеўны), Гомельскі цырк, Ін-т механікі металапалімерных сістэм АН Беларусі (арх. Тамкоў), Гомельскі лёгкаатлетычны манеж, кінатэатр «Юбілейны» (арх. В.Ціхава), аэравакзальны комплекс, гасцініца «Турыст», шпіталь для інвалідаў Вял. Айч. вайны, комплекс фізкультурна-аздараўленчага камбіната (усіх арх. В.Бяспалаў) і інш. Створаны шэраг мікрараёнаў у паўд.-зах. (арх. Л.Стукачоў, А.Лебедзеў, С.Крывашэеў), паўн.-зах. і левабярэжнай частках (арх. Я.Казлоў, Лебедзеў), раёнах «Аэрадром» (арх. Казлоў) і «Гомсельмаш» (арх. Стукачоў, Л.Патапаў). Паводле генплана 1977 («Гомельграмадзянпраект»; арх. Паўлаў, Крывашэеў, А.Падабедаў, інж. І.Дубаў, Л.Калашнікаў, Найшулер) планіровачная структура горада фарміруецца з 5 комплексных планіровачных раёнаў (Цэнтральнага, Паўночна-Усходняга, Паўднёва-Заходняга, Сельмашаўскага, Навабеліцкага) і развіваецца ў паўн.-ўсх., паўд.-зах. і паўд. напрамках; агульнагарадскі цэнтр развіваецца ўздоўж р. Сож. У 1980-я г. у Гомелі пачалося асваенне поймы р. Сож пад жыллёва-грамадзянскае буд-ва (аўтары інж. Дубаў, А.Карамышаў, Найшулер). На гідранамыўных поймавых тэрыторыях забудаваны вял. жылыя масівы Волатава (арх. Крывашэеў, Казлоў, Лебедзеў), Паўднёвы і інш. Сярод значных пабудоў 1990-х г.: прыгарадны чыг. вузел (арх. Л.Гоер), гал. корпус політэхн. ін-та (арх. Пеўны), ін-та «Гомельпраект» (арх. Ціхаў), Палац моладзі (арх. Г.Комар). У Гомелі брацкія магілы: сав. воінаў, ахвяр фашызму, сав. воінаў і партызан; камунараў; падпольшчыкаў; сав. воінаў і ахвяр фашызму; сав. воінаў і падпольшчыкаў; магілы ахвяр фашызму; магіла гомельскіх апалчэнцаў; брацкія могілкі сав. воінаў. Курган Славы. Помнікі: Вызвалення, П.Я.Галавачову, гомельскім апалчэнцам, А.А.Грамыку, П.А.Румянцаву, П.В.Сухому, у гонар войск Бел. фронту, якія вызвалілі Гомель, і інш.

Друк, радыё, тэлебачанне. Пачатак кнігадрукавання ў Гомелі звязаны з друкарняй Ш.А.Фрыдланда (1887—1912). На пач. 20 ст. ў Гомелі выдаваліся газеты рознай грамадска-паліт. і тэматычнай арыентацыі: «Полесский листок» (1904—05), «Труд» (1906), «Гомельский вестник» (1908—09), «Полесская жизнь» (1909—11), «Гомельская мысль» (1913—14), «Белорусский голос» (1910), «Гомельское слово» (1911—12), «Гомельская жизнь» (1911—19; да 1917 «Гомельская копейка»), «Гомельский театрально-музыкальный вестник» (1914), «Виленский вестник» (1915—16), «Рабочая мысль» (1917), «Голос народа» (1917—18), «Известия Гомельского Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов» (з 1917, мяняла назвы, з 1930 на бел. мове, з 1938 «Гомельская праўда») і інш. Літ.-маст. час. «Зарницы» (1911—12) друкаваў творы маладых літаратараў. З 1919 пачалі выдавацца шматтыражныя ведамасныя газеты [«Проблески», «Путь пролетария» (у 1920—21 «Сигнал»), «Рабочая жизнь» (у 1921—22 «Молот») і інш.], а таксама штотыднёвікі («Жизнь — творчество»), У 1920—30-я г. выдаваліся газеты: «Новая деревня» (1919—28), «Бюллетень Гомельского губкома РКП» (1920), «Власть Советов» (1922), «Набат молодёжи» (1922—26), «Искра Ильича» (1924—27), «Камсамолец Гомельшчыны» (1931—35), «Сталінскі сцяг» (з 1938; з 1956 «Трыбуна хлебароба», з 1962 «Маяк», раённая); часопісы «Полесский коммунар» (1919—26), «Коммунистическое просвещение» (1920—21), «Вереск» (1922), «Агитатор» (1922—23), «Рабочий досуг» (1925—26) і «Дэр камунісцішэр вэг» («Камуністычны шлях», 1926, на яўр. мове). У 1922—24 у Гомелі выдаваліся 24 шматтыражныя газеты (большасць з іх праіснавала нядоўга). У 1930-я г. колькасць іх павялічылася, у т. л. «За высокую якасць» ф-кі «Везувій» (1928—41), «Ратацыя» ф-кі «Палесдрук» (1928—41), «Рачнік Беларусі» (1929—41; 1944—53; 1957—63, мяняла назвы) і інш. У Вял. Айч. вайну ў Гомелі выходзіла рэсп. газета «Звязда» (да 13.8.1941), выдадзены 1-ы нумар сатыр. выдання «Раздавім фашысцкую гадзіну». У гады акупацыі ў Гомелі падпольна выдаваліся газеты «Гомельская праўда» і «Партызан Гомельшчыны» (1943). Пасля вызвалення ў Гомелі працавалі рэдакцыі газет «Советская Белоруссия» (снеж. 1943 — ліп. 1944), «Чырвоная змена» (сак. 1944), адноўлена выданне абласной, раённай і шматтыражных газет, пачалі выдавацца новыя.

Выходзяць газеты: «Гомельская праўда», «Рабочае слова» (абл., з 1990), «Агронеделя» (абл. з 1991), «Гомельскія ведамасці» (гар., з 1991), «Вячэрні Гомель» (гар., з 1991); шматтыражныя «Сельмашавец» (з 1930), «Гомельскі універсітэт» (з 1969) і інш.

Літаратура. Літ. жыццё ў Гомелі актывізавалася ў канцы 18 — пач. 19 ст. ў сувязі з дзейнасцю тут мецэната, збіральніка кніг і рукапісаў М.П.Румянцава. Бел. гісторык і археограф І.І.Грыгаровіч працаваў у Гомелі над «Беларускім архівам старажытных грамат» — першым зборнікам дакументаў па гісторыі Беларусі (выд. 1824 у Маскве на сродкі Румянцава). Літ. лекцыі, дыспуты, сходы наладжвала Гомельскае музычна-драматычнае таварыства (1908—14). Горад наведвалі пісьменнікі К.І.Чукоўскі (1913), А.А.Блок (1916), У.У.Маякоўскі (1924). У 1925—27 дзейнічала Гомельская філія «Маладняк» (створана пры ўдзеле Я.Пушчы і Н.Чарнушэвіча), якая арганізоўвала літ. гурткі і студыі, наладжвала вучобу творчай моладзі, праводзіла літ. вечары з удзелам бел. пісьменнікаў (М.Зарэцкі, А.Гурло, А.Дудар і інш.); у 1927 і 1930 у Гомель прыязджаў Я.Купала, у 1934 і 1936 — Я.Колас, у 1937 ён прысутнічаў на спектаклі па сваёй п’есе «Вайна вайне» ў пастаноўцы БДТ-2. У 1934 выдадзены альманах «Літаратурны Гомель». Пасля вайны пры газ. «Гомельская праўда» працавала літ. аб’яднанне, выдадзены альманах «Літаратурны Гомель» (1958), праводзіліся абл. нарады маладых пісьменнікаў. З 1967 дзейнічае Гомельскае абл. аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі. У горадзе праводзяцца літ. вечары, канферэнцыі, сустрэчы з пісьменнікамі, дні л-ры, семінары маладых пісьменнікаў, літ. свята «Над Дняпром, Дзясной і Сожам» з удзелам пісьменнікаў Мінска, Чарнігава і Бранска. Шырока адзначалася ў Гомелі 80-, 90-, 100-годдзе з дня нараджэння Я.Купалы і Я.Коласа. У 1971 брыгада пісьменнікаў (І.Мележ і інш.) удзельнічала ў днях бел. л-ры на Гомельшчыне. У розны час у Гомелі жылі пісьменнікі У.Галубок, П.Трус, Р.Сабаленка, Л.Гаўрылкін, А.Грачанікаў, А.Капусцін, Я.Каршукоў, І.Кірэйчык, М.Кусянкоў, Б.Спрынчан, У.Дзюба, С.Дубавец і інш. Тут пачыналі сваю творчую дзейнасць Л.Гаўрылаў, Дз.Кавалёў, К.Кірэенка, С.Кухараў, П.Прануза, М.Сурначоў, І.Шамякін; тут жывуць і працуюць пісьменнікі Г.Афанасьеў, М.Даніленка, А.Бароўскі, Т.Мельчанка, А.Сопат, І.Сяркоў, В.Ткачоў, В.Ярац. Гомельскі ун-т скончылі пісьменнікі Э.Акулін, І.Багдановіч, А.Казлоў, В.Куртаніч, А.Сыс, Л.Раманава і інш. Выдаецца альманах «Магістраль» (з 1992), час. «Палессе» (з 1996). Працуе абл. літ. аб’яднанне «Магістраль» імя А.Грачанікава.

Мастацкае жыццё. У 10—15 ст. у Гомелі былі пашыраны разнастайныя рамёствы і маст. промыслы, у т. л. ганчарства, ткацтва, ювелірна-бронзаліцейная справа, апрацоўка косці, скуры, дрэва. Пры маст. апрацоўцы прадметаў побыту, рэліг. культу, працы і зброі выкарыстоўвалі коўку, ліццё, чаканку, гравіроўку, інкрустацыю і інш.

У 16 ст. пачалася вытв-сць пячной кафлі. У сярэдзіне 17 — канцы 18 ст. з’явіліся прадпрыемствы па вытв-сці шклянога посуду (келіхі, штофы, бутэлькі), які вылучаўся высокім майстэрствам выканання, мудрагелістай арнаментыкай. Мясц. майстры размалёўвалі вырабы на фаянсавай ф-цы. Разнастайнымі вытканымі і набіванымі ўзорамі аздаблялі баваўняныя тканіны на хустачнай мануфактуры, талеснай ф-цы. Рэзчыкі па дрэве, спалучаючы традыц. арнаментальныя матывы з элементамі тагачасных маст. стыляў, аздаблялі фасады дамоў, мэблю, прадметы побыту праразной карункавай і мудрагелістай аб’ёмнай разьбой. У пач. 20 ст. працавалі прыватная маст. школа Школьнікава, студыя Камінскага, Гомельская мастацкая студыя, жывапісна-малярныя майстэрні Н.Гурэвіч і Х.Рахліна, філіялы маст.-плакатнай майстэрні Усерас. арг-цыі працаўнікоў мастацтва, жывапісная майстэрня «Арцель», выдаваліся плакаты «Гомель-РОСТА». У 1920-я г. дзейнічала маст. школа пад кіраўніцтвам Я.Краўчанкі, у 1924—27 — маст. студыя (кіраўнік С.Каўроўскі), у якой займаліся К.Максімцаў, Б. і Т.Несцярэнкі, М.Сімкоўскі, Н.Тарасікаў і інш. У 1930-я г. існавалі курсы клубных мастакоў, дзе выкладалі А.Бембель, А.Шаўчэнка, А.Шыфрын. У маст. школе выкладаў М.Русецкі. У 1927—32 дзейнічала абл. аддзяленне «Усебеларускай асацыяцыі мастакоў». У 1939 адбылася 1-я абл. маст. выстаўка, у 1941 — перасоўная выстаўка графікі, 3-я абл. маст. выстаўка. Пры Палацы чыгуначнікаў працавала студыя выяўл. мастацтва (кіраўнікі М.Малец, Б.Звінагродскі). З 1966 дзейнічае Гомельская абл. арг-цыя Саюза мастакоў Беларусі. Вял. ролю ў прапагандзе выяўл. і прыкладнога мастацтва адыграла адкрыццё выставачнай залы (1968), дзе адбываюцца персанальныя і тэматычныя выстаўкі. Цяпер у Гомелі працуюць засл. дз. маст. Беларусі Дз.Алейнік і М.Казакевіч, жывапісцы В.Дзенісенка, С.Дзьяканаў, У.Еўтухоў, В.Казачэнка, П.Лук’яненка, М.Палянкоў, І.Сямека, В. і М.Ягоравы, графікі В.Дземянчук, У.Лосеў, А.Отчык, М.Шкляраў, скульптары Г.Гарбанёў, Дз.Папоў, мастакі дэкар.-прыкладнога мастацтва У.Андрыянаў, І.Данілава, А.Дваранін, М.Кляцкоў, А. і Г.Осіпавы, П. і В.Феі, А.Чудзін, мастацтвазнавец А.Шныпаркоў і інш. У творчы калектыў прыйшлі маладыя мастакі: Л.Зуева, А.Крылоў, С.Курашова, С.Наздрын-Платніцкая, М.Няхайчык, І.Папоў.

Тэатральнае жыццё. Вядома, што ў Гомелі адбываліся нар. тэатр. паказы. Бел. фалькларыст Е.Раманаў адзначаў выкананне тут на Каляды нар. драм «Цар Максімілян» і «Трон». У канцы 18 ст. ў маёнтку графа П.А.Румянцава дзейнічаў т-р. Актывізацыя тэатр. жыцця ў 2-й пал. 19 ст. звязана са з’яўленнем у Гомелі прыватнага тэатр. памяшкання (1852) і зімовага т-ра на 400 месцаў (1887—1900). У 19 — пач. 20 ст. ў горадзе выступалі польска-рускія трупы К.Фядзецкага, Ю.Кондрата, С.Навакоўскага і В.Вяжбіцкага; працавалі рус. тэатр. калектывы: антрэпрызы І.Славянскага (1869; у складзе трупы В.Далматаў, М.Мяшкоў-Траяпольскі, Г.Страмлянаў), Ліпоўскай (1881—82), Я.Бяляева (1903), Л.Балоцінай і І.Арлова (1909); т-вы артыстаў пад кіраўніцтвам Е.Свіршчэўскага (1893—94), на чале з Г.Фядотавай (1898), Далматавым (1898; у складзе трупы акцёры пецярб. Александрынскага т-ра В.Істоміна, І.Ставінская, М.Ходатаў), Пісаравым (1910; у складзе трупы П.Арленеў), М.Волкавым (1917) і інш.; украінскія трупы пад кіраўніцтвам Б.Замоўскага (1909, 1911), Н.Запарожца (1917) і інш.; яўрэйскія пад кіраўніцтвам І.Канеўскага (1912), А.Ф.Фішзона (1914); яўрэйска-нямецкая Ш.Жоржа і Ф.Бекера (1914). Поспехам карысталіся спектаклі па п’есах М.Гогаля, А.Астроўскага, М.Горкага, А.Чэхава, Г.Ібсена, інсцэніроўкі па творах Ф.Дастаеўскага, Л.Талстога, І.Тургенева. Прыкметную ролю ў культ. жыцці горада адыгрывалі аматары, якія наладжвалі вечары, канцэрты, ставілі спектаклі. У 1914 выходзіў «Гомельский театрально-музыкальный вестник». У 1918 у горадзе дзейнічала тэатр. аматарскае т-ва «Вянок». У пач. 1919 арганізавана пралетарская муз.-драм. студыя, якая рыхтавала канцэртныя праграмы, муз.-драм. пастаноўкі. У 1919—20 па ініцыятыве Пралеткульта створана шырокая сетка тэатр. гурткоў пры клубах і рабочых арг-цыях. У 1922 у Гомелі было 8 драм. гурткоў (найб. значны клуба чыгуначнікаў), самадзейны т-р навучэнцаў; выдаваўся часопіс т-ра, л-ры і мастацтва «Вереск». У пач. 1920-х г. у горадзе гастраліравалі бел. тэатр. калектывы, а таксама прафес. калектывы з Расіі і Украіны. У 1920-я г. дзейнічаў калектыў «Сіняй блузы». У 1930 на базе гуртка чыгуначнікаў створаны т-р рабочай моладзі, рэарганізаваны ў 1935 у калгасна-саўгасны т-р (існаваў да 1937). У 1932—37 Гомель быў базай Беларускага трэцяга дзяржаўнага тэатра. У 1938 у Гомелі пачаў сваю дзейнасць Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі, у 1939 — Гомельскі абласны рускі драматычны тэатр. Пасля Айч. вайны аднавілі дзейнасць т-р лялек (працаваў да мая 1949) і абл. рус. драм. т-р (у 1946 пераведзены ў Магілёў). З 1954 цэнтрам культ. жыцця горада з’яўляецца Гомельскі абласны драматычны тэатр. З 1968 працуе Гомельскі абласны тэатр лялек. Дзейнічаюць шматлікія самадз. драм. калектывы, нар. т-ры.

Музычнае жыццё. З часу прыняцця хрысціянства тут пераважала царкоўная музыка, асабліва спевы. У муз. культуры Гомеля 18 ст. асобае месца займае творчасць старавераў (захаваліся іх рукапісныя нотныя зборнікі). У 1-й пал. 19 ст. пераважала хатняе музіцыраванне, выкладаліся муз. дысцыпліны ў асобных прыватных навуч. установах, у т. л. ў жаночым пансіёне А.Петрашэнь. Пасля 1852 пачалося развіццё муз. культуры гар. тыпу. У 1870—90-я г. на Гомельшчыне збіралі ўзоры песеннага фальклору муз. этнографы (З.Радчанка і інш.). Спевы і музыку выкладалі ў мужчынскіх і жаночых гімназіях, у тэхн. чыгуначным вучылішчы, настаўніцкай семінарыі. У 1903 адкрыта муз. школа С.Валовіча, у 1907 — С.Захарына, у 1908 — фартэпіянныя класы Б.Розенблюма. У 1908—14 дзейнічала Гомельскае музычна-драматычнае таварыства. Да 1917 пры гомельскіх храмах існавалі шматлікія хары, у т. л. мужчынскі пры Георгіеўскай царкве, дзявочы пры Петрапаўлаўскім саборы (арганізатар А.Паскевіч). У 1908—17 у Гомелі гастраліравалі «Кааператыўнае т-ва» рус. оперы, вядомыя вакалісты, піяністы, скрыпачы (Л.Аўэр і інш.), рус. і польскія тэатр. трупы, якія ставілі муз. спектаклі. Пасля 1917 створаны шматлікія харавыя студыі і гурткі, у т. л. муз.-харавая студыя пры Гомельскім пралет. ун-це (кіраўнік Шубін), пры рабочым клубе на станцыі Палескай чыгункі (кіраўнік Р.Пукст), муз.-хар. студыя на Палессі імя Н.Брусавай (кіраўнік М.Назараў), студыі пры культ. аддзеле губ. савета прафсаюзаў (кіраўнік Р.Розенблюм) і запалкавай ф-цы «Везувій» (кіраўнік А.Туранкоў). Самадзейным хар. калектывам дапамагалі кампазітары Туранкоў, Пукст, піяніст і хормайстар Г.Пятроў. У ліп. 1919 адкрыта нар. кансерваторыя, якая стала цэнтрам муз. жыцця горада. У 1920 яна рэарганізавана ў дзярж. муз. школу 1-й і 2-й ступеней, у 1921 на яе базе створаны муз. тэхнікум і спец. муз. школа. У вер. 1920 адбылася 1-я Гомельская канферэнцыя работнікаў мастацтваў. Пры губ. аддзеле нар. адукацыі быў створаны пастаянны сімф. аркестр (50 музыкантаў у ліп. 1921; дырыжоры Назараў, Захарын). У канцы 1921 адкрыта 2-я дзярж. муз. школа (у 1923 аб’яднана з 1-й, з 1940 муз. дзіцячая школа-сямігодка № 1 імя П.Чайкоўскага). Муз. мастацтва прапагандавалі педагогі і навучэнцы тэхнікума і школы. У 1920-я г. ў Гомелі гастраліравалі шматлікія муз.-тэатр. трупы (у т. л. У.Галубка), аркестры, асобныя выканаўцы, у т. л. А.Дункан, У.Горавіц, М.Эрдэнка і інш. У 1930-я г. шырока развівалася маст. самадзейнасць, цэнтрам якой быў клуб чыгуначнікаў (цяпер Гомельскі Палац культуры і тэхнікі чыгуначнікаў), дзе працавалі муз., харавы, струнны і інш. гурткі. Музыку да пастановак Гомельскага трама пісалі Туранкоў і Пукст. Дзіцячым аркестрам і хорам (170 чал.) кіравалі К.Карнілаў і Пукст, танц. калектывам, створаным у 1936, — А.Рыбальчанка. У суправаджэнні Дзярж. ансамбля бел. нар. інструментаў (кіраўнік Дз.Захар) выступала Л.Александроўская. Бел. нар. песні выконвала І.Яўнзем. Пасля вызвалення Гомеля ад ням.-фаш. захопнікаў 30.12.1943 у Навабеліцы адбыўся святочны канцэрт з удзелам Бел. дзярж. ансамбля песні і танца пад кіраўніцтвам Р.Шырмы. З 1967 вял. канцэртна-лекцыйную працу вядзе Гомельская абласная філармонія, пры якой пачыналі сваю дзейнасць вак.-інстр. ансамблі «Лявоны» (з 1967; цяпер «Песняры») і «Сябры» (з 1974). Тут жыў і працаваў рэгент Петрапаўлаўскага сабора (да 1961), кампазітар М.Бутома, царк. музыка якога шырока выконвалася ў бел. храмах і за межамі Беларусі. У 1970—80-я г. выступалі шматлікія бел. і інш. муз.-тэатр., харавыя, аркестравыя, харэаграфічныя калектывы, вак.-інстр. групы і ансамблі, калектывы з Польшчы, Венгрыі, Югаславіі. У 1978—93 у Гомелі працаваў фальклорны драм.-муз. т-р «Жалейка» (з 1985 народны, з 1989 прафесійны). У 1997 працуюць 3 муз. школы, 5 школ мастацтваў з аддзяленнямі муз. і харэаграфічным, муз. каледж імя Н.Сакалоўскага, муз.-пед. каледж, абл. аддзяленне Саюза муз. дзеячаў Беларусі (з 1987). Больш за 30 самадзейных калектываў маюць званні народных і ўзорных.

Літ.:

Лебедев Г. Гомель: (Ист.-экон. очерк). 2 изд. Мн., 1962;

Пашкин Ю.А. Русский драматический театр в Белоруссии XIX в. Мн., 1980;

Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Гомельская вобл. Мн., 1985;

Гомель: Энцикл. справ. Мн., 1991;

Мальцаў У. Тэатральная геаграфія Гомеля // Мастацтва. 1993. №11.

В.М.Лебедзева, А.А.Макушнікаў (гісторыя), М.І.Ліс, А.Ф.Самусік (асвета і культура), М.А.Найшулер, С.Ф.Самбук (архітэктура), Т.А.Меляшкевіч (друк), Т.Ф.Літвінава, Л.Дз.Налівайка (маст. жыццё), У.В.Мальцаў (тэатр. жыццё).

т. 5, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́ЦЫЯ

(Hellas),

Грэчаская Рэспубліка (Hellēnikē Demokratia), дзяржава ў Паўд. Еўропе, на Балканскім п-ве і шматлікіх суседніх астравах (найб. Крыт, Эўбея, Родас, Лесбас). Мяжуе на Пн з Албаніяй, Македоніяй, Балгарыяй, на ПнУ з Турцыяй. На З, Пд і У абмываецца Іанічным, Міжземным і Эгейскім морамі. Пл. 132 тыс. км², у т. л. 24,8 тыс. км² астравы. Нас. 10,5 млн. чал. (1995). Дзярж. мова — грэчаская. Сталіца — г. Афіны. Падзяляецца на 52 номы. Існуе падзел на гіст. вобласці. Нац. свята — Дзень незалежнасці (25 сак.).

Дзяржаўны лад. Грэцыя — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1975 (з дапаўненнямі 1985). Кіраўнік краіны — прэзідэнт, якога выбірае парламент тэрмінам на 5 гадоў. Прэзідэнт валодае шырокімі паўнамоцтвамі; мае права вета на заканад. акты парламента, распускаць урад і парламент, уводзіць без згоды парламента надзвычайнае становішча ў краіне. Заканад. орган — парламент (300 дэпутатаў), што выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, якога назначае прэзідэнт.

Прырода. Грэцыя — горная краіна, (больш за ​4/5 тэр. занята гарамі), займае найб. парэзаную морам ч. Балканскага п-ва. Даўжыня берагавой лініі ў 12 разоў большая за сухапутныя граніцы, узбярэжжа моцна расчлянёнае, шмат зручных гаваней. Найб. значныя паўастравы — Пелапанес і Халкідыкі. Пераважаюць сярэдневышынныя масівы (да 1200—1800 м). Уздоўж узбярэжжа Іанічнага м. цягнецца горны масіў Пінд з вяршынямі вышэй за 2 тыс. м. На ПнУ адгор’і Радопаў і гор Македоніі з найвышэйшым пунктам Грэцыі — г. Алімп (2917 м). Далей на Пд раўніна Фесаліі. Паўд. ч. краіны і Пелапанес таксама заняты гарамі. Самая значная нізіна — Саланікская па ніжнім цячэнні р. Вардар. Тэр. Грэцыі вызначаецца сейсмічнасцю, на в-ве Тыра дзеючы вулкан Каймені. Карысныя выкапні разнастайныя, але іх запасы невялікія: жалезныя, марганцавыя, хромавыя, нікелевыя, поліметалічныя руды, баксіты, буры вугаль, прыродны газ і нафта, буйнейшае ў свеце радовішча наждаку (в-аў Наксас), высакаякасны мармур, магнезіт, пемза і інш. Клімат міжземнаморскі. Т-ра паветра ў студз. ад 4°C на Пн да 10—12°C на Пд, ліп. 24—28°C. Ападкаў каля 500—1000 мм за год, пераважна зімой. У гарах клімат больш халодны і вільготны. Рэкі горныя, кароткія і малаводныя, за выключэннем Марыцы, Нестаса, Стрымона, Вардара, якія належаць Грэцыі ў сваіх нізоўях. Найб. воз. Прэспа, на граніцы з Албаніяй і Македоніяй. На ўзбярэжжах субтрапічная расліннасць (у т. л. маквіс і фрыгана), вышэй шыракалістыя лясы (дуб, бук, ліпа, каштан, клён), потым хвойныя. Пад лесам каля 11% тэрыторыі. 10 нац. паркаў (найб. Вікас-Аоас, Мікра-Прэспа, Эта) і 19 заказнікаў.

Насельніцтва. Каля 96% — грэкі. На Пн невял. групы албанцаў, македонцаў, туркаў. Большасць вернікаў (97%) праваслаўныя. Сярэднегадавы прырост каля 0,1%. Сярэдняя шчыльн. 79,5 чал. на 1 км². Найб. густа населены раёны вакол Афін і Салонікаў, раўніны і ўзбярэжжы. Вял. эміграцыя пераважна мужчын. За мяжой жыве каля 3 млн. грэкаў. У гарадах 64% насельніцтва (1993). Найб. гарады (1991, тыс. ж.): Афіны — 2890 (з прыгарадамі), Салонікі — 384, Пірэй — 183, Патры — 153, Іракліян — 116, Ларыса — 113.

Гісторыя. Чалавек на тэр. Грэцыі з’явіўся ў эпоху сярэдняга палеаліту. Пазней тут была пашырана крыта-мікенская культура (эпоха бронзы), існавала ант. цывілізацыя (гл. Грэцыя Старажытная). З 146 да н.э. Грэцыя пад уладай Стараж. Рыма, з 4 ст. н.э. ў складзе Візантыі. У сярэдзіне 15 ст. пасля падзення Візантыі ў выніку заваяванняў туркаў-асманаў б.ч. кантынентальнай Грэцыі і некаторыя астравы трапілі пад уладу Асманскай імперыі; часткай Пелапанеса і многімі астравамі валодалі венецыянцы і генуэзцы, в-вам Родас — ордэн рыцараў-іаанітаў. Паступова туркі заваявалі Родас (1522), Кіпр (1571), Крыт (1669) і ўстанавілі ў Грэцыі сваю ваен.-ленную сістэму, абклалі большасць яе насельніцтва цяжкімі падаткамі, спец. павіннасцямі (праца на рудніках, пастаўка матросаў для тур. флоту), што разам з інш. дыскрымінацыйнымі захадамі стала прычынай эміграцыі часткі грэкаў у Італію, Аўстрыю, Расію і інш. Ва ўмовах тур. панавання ў Грэцыі актывізаваўся нац.-вызв. рух [паўстанні на Пелапанесе (1463—79, 1571, 1770), у кантынентальнай Грэцыі, Македоніі, на а-вах Эгейскага м., у Эпіры (1611) і інш.]. Туркі не здолелі замацавацца ў цяжкадаступных горных раёнах, дзе пастаянна дзейнічалі партыз. атрады клефтаў. Вызв. барацьбе грэкаў садзейнічалі рус.-тур. войны (гл. Руска-турэцкія войны 18—19 ст., Архіпелагскія экспедыцыі рускага флоту) і Міжземнаморскі паход Ушакова. Кючук-Кайнарджыйскі мір 1774 даў магчымасць суднам Грэцыі выкарыстоўваць рас. флаг, спрыяў развіццю суднаходства ў Эгейскім м. Адначасова ўзмацнілася грэч. эміграцыя ў Расію (Паўн. Прычарнамор’е). У 1814 у Адэсе ўзнікла тайнае рэв. т-ва «Філікі Этэрыя». У выніку падрыхтаванай ім пад кіраўніцтвам А.Іпсіланці Грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29 Грэцыя атрымала аўтаномію, а ў 1830 — незалежнасць. У склад грэч. дзяржавы ўвайшлі тэр. кантынентальнай Грэцыі і а-вы Кіклады. У 1832 Англія, Францыя, Расія абвясцілі каралём Грэцыі прынца Атона з баварскай дынастыі Вітэльсбахаў. На пачатку яго царавання (правіў як Атон І у 1832—62) у Грэцыі палепшаны шляхі зносін, рэарганізавана сістэма адукацыі (у 1837 засн. Афінскі ун-т), распрацаваны крымін. і грамадз. кодэксы, закрыты многія манастыры. Да канца 1837 грэч. ўрад узначальвалі баварцы, з 1838 кароль выбіраў прэм’ер-міністраў з лідэраў 3 грэч. груповак, знешнепалітычна арыентаваных на Вялікабрытанію, Францыю, Расію. Засілле баварскіх чыноўнікаў і самаўладства Атона выклікалі ў вер. 1843 выступленне патрыятычна настроеных грэч. вайскоўцаў у Афінах. Паводле прынятай у 1844 канстытуцыі ў Грэцыі ўстаноўлены рэжым канстытуцыйнай манархіі з вял. паўнамоцтвамі караля (пажыццёва прызначаў членаў сената, прызначаў і здымаў міністраў, распускаў палату дэпутатаў). Пасля першых парламенцкіх выбараў урад узначаліў кіраўнік прафранц. групоўкі Я.Калетыс (1844—47), які высунуў у 1844 т.зв. «мегалі ідэа» («вял. ідэю»), што прадугледжвала барацьбу за далучэнне да грэч. каралеўства населеных грэкамі правінцый Асманскай імперыі.

У час Крымскай вайны 1853—56 адбыліся антытур. паўстанні ў Эпіры і Фесаліі, падтрыманыя атрадамі добраахвотнікаў з Грэцыі; пад націскам Англіі і Францыі Грэцыя прыняла ультыматум аб захаванні нейтралітэту, быў сфарміраваны ўрад на чале з лідэрам праангл. групоўкі К.Маўракардатасам. Акупац. англ. войскі (1854—57) навязалі Грэцыі міжнар. кантроль над яе фінансамі. Эканам. цяжкасці, роспуск каралём палаты дэпутатаў (кастр. 1859), высылка і зняволенне апазіцыянераў, закрыццё ўладамі шэрагу газет выклікалі рэвалюцыю 1862, у выніку чаго скінуты Атон І. У 1863 грэч. каралём стаў Георг І (гл. ў арт. Георг). Паводле новай канстытуцыі 1864 уведзены аднапалатны парламент, абвешчаны недатыкальнасць асобы і жылля, права сходаў і асацыяцый, свабода друку. У 1864 Вялікабрытанія вярнула Грэцыі Іанічныя а-вы (з 1815 былі пад брыт. пратэктаратам). З 1860-х г. паскорылася прамысл. развіццё краіны, у 1869 пракладзена першая чыгунка. У 1866—69 адбылося антытур. паўстанне на Крыце. У 1870—90-я г. ўрады папераменна ўзначальвалі Х.Трыкупіс і Т.Дэліяніс. У 1881 Грэцыя дамаглася ад Асманскай імперыі вяртання Фесаліі і акругі Арта ў Эпіры. Крыцкае паўстанне 1896 перарасло ў грэка-тур. вайну 1897, у якой Грэцыя пацярпела паражэнне (гл. ў арт. Крыцкія паўстанні). Ва ўмовах адсутнасці сродкаў на выплату кантрыбуцыі Турцыі даходы і выдаткі грэч. ўрада перайшлі пад кантроль створанай у 1898 міжнар. фін. камісіі з прадстаўнікоў Англіі, Францыі, Расіі, Германіі, Італіі і Аўстра-Венгрыі. У 1898 пад націскам буйных еўрап. дзяржаў тур. султан даў аўтаномію Крыту. Пасля выступлення ў жн. 1909 у Афінах «Ваеннай лігі» (створана малодшымі афіцэрамі) прэм’ер-міністрам Грэцыі працяглы час быў Э.Венізелас (у 1910—15, 1917—20, 1924, 1928—32, 1933). Яго першы ўрад упарадкаваў фін. і бюджэтную сістэмы, стварыў мін-вы сельскай гаспадаркі, гандлю і прам-сці, актывізаваў знешнюю палітыку (гл. Балканскі саюз 1912). У выніку Балканскіх войнаў 1912—13 у склад Грэцыі ўвайшлі Крыт, Эпір, Паўд. Македонія, ч. Зах. Фракіі, Эгейскія а-вы; колькасць яе насельніцтва павялічылася з 2,7 да 4,6 млн. чал. Пры каралю Канстанціне І [1913—17, 1920—22] Грэцыя працяглы час захоўвала нейтралітэт у 1-й сусв. вайне. Яна ўступіла ў вайну пад націскам Антанты 29.6.1917 пры каралю Аляксандру [1917—20] — другім сыне Канстанціна I. Пасля грэка-турэцкай вайны 1919—22 у Грэцыі ўстаноўлена рэспубліка (1924). У 1934 у Афінах утворана Антанта Балканская (распалася ў 2-ю сусв. вайну). У канцы 1935 пасля ваен. перавароту і ініцыіраванага манархістамі плебісцыту ў Грэцыі адноўлена ўлада караля Георга II (правіў у 1922—23, 1935—41, 1946—47; гл. ў арт. Георг). Пасля ваен. перавароту 4.8.1936 устаноўлена дыктатура ген. І.Метаксаса (існавала да 1941). У пач. 2-й сусв. вайны краіна захоўвала нейтралітэт. 28.10.1940 супраць Грэцыі развязаў вайну фаш. дыктатар Італіі Б.Мусаліні, аднак грэч. армія да 14.11.1940 спыніла італьян. наступленне і ў хуткім часе адцясніла праціўніка. Пазней у выніку Балканскай кампаніі 1941 Грэцыю акупіравалі ням., італьян. і балг. войскі. Намаганнямі ўдзельнікаў Руху Супраціўлення (гл. ЭАМ, ЭЛАС) да восені 1943 вызвалена каля ​1/3 тэр. краіны. Поўнасцю вызвалена ў кастр. 1944. У 2-ю сусв. вайну загінула больш за 400 тыс. грэкаў, значна заняпала гаспадарка. Пасля Ліванскага пагаднення 1944 у Грэцыі абвастрылася барацьба за ўладу, што прывяло да грамадз. вайны 1946—49, у ходзе якой урадавыя войскі ліквідавалі супраціўленне партыз. атрадаў левых паліт. сіл. У 1948—51 Грэцыя атрымала эканам. дапамогу ад ЗША паводле Маршала плана. Грэч. ўлады праводзілі курс на інтэграцыю краіны ў зах.-еўрап. рэгіянальныя арг-цыі (у 1952 Грэцыя ўступіла ў НАТО, у 1962 як асацыіраваны чл. — у «Агульны рынак»). У выніку ваен. перавароту 1967 у Грэцыі фактычна ліквідавана манархія (з 1947 правіў Павел І, з 1964 — Канстанцін II) і ўстаноўлена т.зв. дыктатура «чорных палкоўнікаў» (прэм’ер-міністр — палк. Г.Пападопулас). У 1974 пасля няўдалай спробы далучыць да Грэцыі Кіпр ваен. хунта скінута, праведзены плебісцыт аб скасаванні манархіі і ўстанаўленні рэсп. ладу (у 1975 прэзідэнтам Грэцыі выбраны К.Цацас), засн. вядучыя паліт. партыі — Новая дэмакратыя (НД) і Усягрэчаскі сацыялістычны рух (ПАСОК). Цывільны ўрад НД на чале з К.Караманлісам (1974—80) садзейнічаў дэмакратызацыі грэч. грамадства. У 1974—80 Грэцыя прыпыніла членства ў НАТО, у 1981 стала членам Еўрапейскага эканамічнага супольніцтва. Эканам. цяжкасці (у т. л. рост знешняга доўгу) і скандалы вакол карупцыі прывялі да адстаўкі ўрада ПАСОК на чале з А.Папандрэу (1981—89). Пры прэм’ер-міністру К.Міцатакісу (НД; 1990—93), які праводзіў курс на сац. эканомію (у т. л. за кошт паніжэння зарплаты), абвастрыўся канфлікт паміж прафсаюзамі і ўрадам (усеагульная забастоўка ў 1992). Пасля працяглага прэзідэнцтва Караманліса (1980—85, 1990—95) прэзідэнтам Грэцыі ў сак. 1995 выбраны К.Стэфанопулас. У студз. 1996 пасля адстаўкі па стане здароўя Папандрэу (кіраўнік урада з канца 1993) прэм’ер-міністрам Грэцыі выбраны К.Сімітыс (ПАСОК). У знешняй палітыцы Грэцыі захоўваецца напружанасць у адносінах з Турцыяй з-за Кіпра і 2 невял. астравоў у Эгейскім м. Грэцыя — чл. ААН (з 1945), НАТО (членства адноўлена ў 1981), Зах.-еўрап. саюза (з 1992), Савета Еўропы, Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе і інш. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў 1992.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Усягрэчаскі сацыяліст. рух (ПАСОК), Новая дэмакратыя, Кааліцыя левых і прагрэс. сіл, Камуніст. партыя Грэцыі, Арг-цыя моладзі Новай дэмакратыі і інш. Найб. прафсаюз — Усеагульная канфедэрацыя працоўных Грэцыі.

Гаспадарка. Грэцыя — індустр.-агр. краіна. Доля ў валавым унутр. прадукце (у %): прам-сці — 34, сельскай гаспадаркі — 10, сферы паслуг — 56. У прамысловасці занята 25% працуючых. Вядзецца здабыча бурага вугалю (на Пн і ў цэнтры Пелапанеса) — 55,4 млн. т (1993, 7-е месца ў свеце), а таксама жалезнай, хромавай, нікелевай, меднай і сурмянай руд, баксітаў, нафты і прыроднага газу, пірыту, магнезіту, наждаку і інш. Аснову энергабалансу складаюць буры вугаль, імпартная нафта (здабыча каля в-ва Тасас пакрывае толькі 5% патрэб), ГЭС на горных рэках. Вытв-сць вугальных брыкетаў і коксу (Пталемаіс). Нафтаперапр. з-ды ў Карынфе, Афінах, Элеўсіне, Салоніках, Аспрапіргасе. Вытв-сць электраэнергіі больш за 34 млрд. кВт·гадз. (1994). Чорная металургія (каля 1 млн. т сталі штогод; Афіны, Пірэй, Салонікі). Выплаўка алюмінію (каля 150 тыс. т штогод) і феранікелю (Ларымна). Машынабудаванне і металаапрацоўка: суднабудаванне і суднарамонт (Салонікі, Пірэй, Александрупаліс), аўта- і трактаразборка (Пірэй), электратэхніка, абсталяванне і машыны для сельскай гаспадаркі і вінаробства, быт. тэхніка і прылады. Развіты нафтахімія, вытв-сць салянай кіслаты, азотных угнаенняў (Пталемаіс), аўтамаб. шын (Патры), цэменту (Пірэй, Халкіс), буд. матэрыялаў (Волас, Ларыса, Элефсіс), мэблі і інш. вырабаў з дрэва (Патры). Прадпрыемствы цэлюлозна-папяровай прам-сці (Афіны, Салонікі, Волас, Патры, Ларыса). Вылучаецца тэкст. прам-сць, асабліва выраб баваўняных і з дамешкамі сінт. валокнаў тканін (Афіны, Салонікі, Патры, Волас і інш.), шаўковых тканін (Афіны, Кавала, Каламата), дываноў (Яніна, Ламія). Афіны — цэнтр швейнай прам-сці. Развіта гарбарна-абутковая прам-сць, вытв-сць разнастайных скураных і футравых вырабаў (Афіны, Салонікі, Патры, Волас, Яніна). Харч. прам-сць прадстаўлена шматлікімі прадпрыемствамі вінаробства (Афіны, Салонікі, Іракліян, Ханья), па апрацоўцы тытуню (Салонікі, Пірэй, Волас і інш.), вытв-сці алею з аліў (Афіны, Салонікі, Ханья і інш.), цукру (Платы, Ларыса, Ксанты, Серэ), рыбных прадуктаў (Пірэй, Салонікі, Кавала), сыроў (Яніна), разынак (Піргас); перапрацоўка цытрусавых (Ханья). У сельскай гаспадарцы занята 25% працуючых. Пераважаюць дробныя гаспадаркі памерам каля 3,5 га. Пад земляробчымі ўгоддзямі каля 30% тэр. краіны, у т. л. 2,3 млн. га пад ворывам, 1,2 млн. га пад вінаграднікамі, аліўкавымі плантацыямі і садамі. Каля ​1/3 угоддзяў арашаецца. 40% тэр. краіны займаюць малаўрадлівыя горныя пашы і лугі. Спецыялізацыю вызначаюць працаёмкія экспартныя культуры: тытунь, алівы (каля 1,6 млн. т штогод, 3-е месца ў свеце), бавоўна і цукр. буракі (арашальныя землі ў далінах Вардара і Стрымона, в-аў Лемнас), вінаград (1,3 млн. т штогод), цытрусавыя. Вырошчваюць яблыкі, грушы, персікі, абрыкосы, інжыр. Развіта парніковая гаспадарка экспартнага кірунку, агародніцтва (у т. л. памідоры — каля 1,7 млн. т штогод). Са збожжавых вырошчваюць пшаніцу (больш за 50% пасяўных плошчаў), рыс (на арашальных землях), кукурузу і ячмень. Жывёлагадоўля развіта недастаткова. Гадуюць авечак (каля 8 млн. галоў), коз (каля 5 млн. галоў), свіней (каля 1 млн. галоў), буйн. раг. жывёлу (каля 1 млн. галоў). Птушкагадоўля. Марское рыбалоўства. Замежны турызм і адпачынак дае больш за 50% прыбытку. З ім звязана каля ​1/3 занятых у гаспадарцы. Штогод Грэцыю наведвае 8—10 млн. замежных турыстаў. Асн. раёны: Афіны і наваколле, узбярэжжа Пелапанеса, стараж. гіст. цэнтры Карынф, Эпідаўр, Містра, Мікены, Алімпія, Спарта, Салонікі, Яніна, а-вы Эгейскага мора. Транспарт пераважна марскі і аўтамабільны. Танаж гандл. флоту — 41,7 млн. т (1993, 3-е месца ў свеце). Частка грэч. флоту плавае пад флагамі інш. краін. Флот абслугоўвае гандл. сувязі Грэцыі і многіх краін свету. Гал. парты Пірэй, Салонікі, Элефсіс. Аўтадарог каля 40 тыс. км, на аўтатранспарт прыпадае больш за 60% унутр. перавозак, чыгунак 2,6 тыс. км. Каля 40 аэрапортаў (у т. л. 22 міжнародныя), найб. Элінікон каля Афін. Экспарт (каля 8—10 млрд. дол. штогод): нафтапрадукты, тэкст. і швейныя вырабы, абутак, цэмент, мінер. сыравіна, аліўкавы алей, вінаград, цытрусавыя, віны, тытунёвыя вырабы. Імпарт (каля 20 млрд. дол. штогод): машыны і абсталяванне, нафта, харч. тавары, трансп. сродкі, драўніна. Дэфіцыт гандл. балансу пакрываецца за кошт паступленняў ад марскіх перавозак, турызму, грашовых пераводаў эмігрантаў. Гал. гандл. партнёры: Германія, Францыя, Італія, Вялікабрытанія, ЗША, Саудаўская Аравія. Грэцыя экспартуе на Беларусь футравыя і скураныя вырабы, цытрусавыя, кансервы, імпартуе трактары, грузавыя аўтамабілі, калійныя ўгнаенні, шыны. Грашовая адзінка — драхма.

Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. Агульная колькасць (канец 1994) 159,3 тыс. чал. (406 тыс. рэзервістаў). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. У сухап. войсках 113 тыс. чал., аб’яднаных у 10 пях., механізаваную і бранятанкавую дывізіі, асобныя 2 пях., механізаваную і 5 бранятанк. брыгад, асобныя парашутны полк, 20 артыл. дывізіёнаў і інш.; маюць на ўзбраенні 2722 танкі, 2365 баявых машын пяхоты, 2019 гармат палявой артылерыі і мінамётаў, 95 самалётаў і верталётаў армейскай авіяцыі і інш. У ВПС 26,8 тыс. чал., каля 270 баявых самалётаў і 28 верталётаў. У ВМС (пач. 1996) 20 тыс. чал., 47 караблёў (у т. л. 8 дызельных падводных лодак) і 124 баявыя катэры амер., герм. і грэч. вытв-сці.

Асвета. Сучасная сістэма адукацыі Грэцыі сфарміравалася ў выніку рэформаў 1963—65, 1974—76, 1984—85 і закону 1985, паводле якога ўстаноўлены 9-гадовы тэрмін абавязковага школьнага навучання. Дашкольныя дзіцячыя ўстановы для дзяцей ад 3,5 да 5,5 года не абавязковыя. Першая ступень абавязковай агульнай адукацыі — 6-гадовыя пач. школы для дзяцей ад 5,5 да 11,5 года. Сярэднюю адукацыю даюць гімназіі (абавязковая няпоўная, тэрмін навучання 3 гады) і дадатковую сярэднюю — ліцэі (агульнага тыпу, класічныя, прафес.-тэхн., шыракапрофільныя і духоўныя), тэрмін навучання 2—6 семестраў. Права паступлення ў ВНУ дае толькі ліцэй. Буйнейшыя ВНУ: ун-ты ў Афінах (з 1837), Салоніках (з 1925), Патры (з 1966), Яніне, Фракіі; політэхн. ін-ты ў Афінах (з 1836) і на в-ве Крыт; вышэйшыя школы ў Афінах — агранамічных навук, эканам. і камерцыйных навук, паліт. навук, прыгожых мастацтваў; вышэйшыя індустр. школы ў Пірэі і Салоніках. Найб. б-кі: Нац., б-кі Палаты дэпутатаў (з 1844), Афінскай АН, ун-та ў Салоніках (з 1927). Найб. музеі: Нац. археал. (з 1874), Музей Акропаля (з 1878), Нац. маст. галерэя (з 1900), Візантыйскі (з 1914), Музей Бенакі (з 1931) і Музей Аляксандра Сутзаса ў Афінах, археал. музеі ў Алімпіі, Дэльфах, Карынфе, на а-вах Родас і Крыт. Навук. даследаванні праводзяцца Афінскай АН (з 1926), ун-тамі і ін-тамі, галіновымі н.-д. ўстановамі і цэнтрамі, Афінскай абсерваторыяй, навук. т-вамі і інш.

Друк, радыё, тэлебачанне. Выдаецца больш за 100 штодзённых (цэнтральных і мясцовых) і каля 300 штотыднёвых газет (1993). Найб. папулярныя выданні: «Akrópolis» («Акропаль», з 1881), «Rirospástēs» («Радыкал», з 1918), «Tá Néa» («Навіны», з 1931), «Augē» («Світанне», з 1951), «Eleútheros kósmos» («Свабодны свет», з 1966) і інш. Тыражы газет у адносінах да колькасці насельніцтва большыя, чым у многіх зах.-еўрап. краінах. Афіц. Афінскае інфарм. агенцтва засн. ў 1895. Радыёвяшчанне з 1938 на грэч., англ. і франц. мовах. Тэлебачанне ў Афінах з 1965. Нац. радыё і тэлебачанне ў 1976 аб’яднаны ў карпарацыю ЭРТ. Дзейнічаюць 1500 радыёстанцый і 180 тэлекампаній, найбуйнейшыя з іх — прыватныя кампаніі «Мега Чэнел» і «Антэна-1», дзяржаўныя ЕТ-І, ЕТ-2. Рэтрансліруюцца 9 (1993) замежных тэлепраграм, у т. л. ЗША, Расіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Італіі, Іспаніі.

Літаратура. Развіваецца на навагрэч. мове. Пачала складвацца пасля падзення Візантыі пад уплывам традыцый ант. і візант. культур, ідэй Адраджэння і вусна-паэт. творчасці грэч. народа (эпас «Дыгеніс Акрыт», 9—11 ст.; гіст. акрыцкія песні, песні пра клефтаў). У 15—17 ст. развівалася на а-вах Родас (ананімны зб-к «Сто слоў пра каханне» і інш.), Дадэканес (любоўная лірыка), Крыт [ідылічная ананімная паэма «Пастушка» (выд. 1627), трагедыя «Эрафілі» і камедыя «Кацурбас» Е.Хартакіса (абедзве каля 1600), драма «Ахвяра Аўраама» (1635, аўтарам лічаць В.Карнараса), раман у вершах «Эратакрытас» Карнараса]. У часы тур. панавання (1453—1821) былі пашыраны пераробкі сатыр. баек («Чароўная гісторыя пра асла, воўка і ліса» і інш.), апрацоўкі сярэдневяковых раманаў, апавяданні рэліг.-дыдактычнага і гіст.-легендарнага характару («Аповесць пра Аляксандра Македонскага»). Проза 17—18 ст. прадстаўлена пераважна павучальнай рыторыкай і палемічнымі памфлетамі, якія абаранялі правасл. веру, мемуарнай л-рай. Прыкметным быў зб. вершаў грэч. паэтаў-студэнтаў у Італіі «Кветкі набожнасці» (выдадзены ў Венецыі, 1708), у якім адчувальны ўплыў позняга італьян. Адраджэння. На фарміраванне грэч. л-ры паўплываў уздым нац.-вызв. руху на мяжы 18—19 ст. Нац. праблематыка, рэв.-патрыятычныя матывы адлюстраваліся ў творчасці Ферэаса, А.Калваса, А.Суцаса, А.Валаарытыса і інш. Закладваліся асновы нац. драматургіі (творы А.Матэсіса). У л-ры вялася вострая ідэйная барацьба вакол пытання аб шляхах гіст. развіцця грэч. нацыі (моўная палеміка, адносіны да ант. спадчыны і нар. навагрэч. традыцый).

Новы этап у развіцці л-ры звязаны з грэч. нац.-вызв. рэвалюцыяй 1821—29. Рэв. рамантызм з элементамі рэалізму ўласцівы творчасці заснавальніка навагрэч. л-ры Д.Саламоса, антыманархічныя вольналюбівыя матывы — творчасці паэтаў-рамантыкаў 1-й Афінскай школы П.Суцаса, А.Рангавіса. Жанр гіст. рамана распрацоўваў Э.Раідыс. Нар. мову і нац. тэматыку сцвярджалі заснавальнік 2-й Афінскай школы К.Паламас, а таксама Е.Драсініс і інш. Цікавасць да нар. паэзіі адчуваецца ў творчасці Л.Мавіліса, Драсініса, І.Палеміса, А.Эфталіётыса, І.Псіхарыса і інш. У прозе і драматургіі рэалізм з элементамі бытапісання сцвярджалі Г.Ксенопулас, А.Пападыямандыс, А.Каркавіцас і інш. Крытыка бурж маралі, ідэалы гуманізму, увасобленыя ў творчасці К.Варналіса, Я.Рыцаса, К.Парарытыса і інш., далі пачатак сучаснай прагрэс. л-ры. Сац. тэматыка стала вызначальнай для творчасці К.Тэатокіса, І.Тэатакаса, А.Тэрзакіса і К.Хадзопуласа. У 1920—30-я г. С.Мірывіліс і інш. пісьменнікі ўвялі ў л-ру жанр антываен. рамана і аповесці-хронікі. Антыфаш. л-ра Супраціўлення прадстаўлена творамі А.Сікеліяноса, В.Ротаса, Ф.Ангулеса, Рыцаса і інш. Асаблівае месца ў л-ры займае т.зв. «паэзія катаргі», якая стваралася ў канцы 1940 — пач. 50-х г. у канцлагерах пасля паражэння дэмакр. сіл у грамадз. вайне 1946—49. Паэзія пасляваен. гадоў прадстаўлена творчасцю Р.Бумі-Папа, Н.Папаса, Н.Врэтакаса, Т.Лівадытыса і інш.; у 2-й пал. 1950-х г. сцвярджаецца лірыка-эпічная «паэма сінтэзу» (А.Элітыс). Гераічныя і сац. матывы характэрныя для пасляваен. творчасці раманіста Н.Казандзакіса, празаікаў Я.Мангліса, Д.Хадзіса, А.Франгіяса, К.Кадзіяса, В.Васілікоса і інш. Развіваюцца жанры гіст. рамана (Д.Фатыядыс, П.Прэвелакіс, Д.Сатырыу), хроніка-дакументальны. У гады ваен. дыктатуры (1967—74) многія пісьменнікі рэпрэсіраваны ці вымушаны былі эмігрыраваць; прагрэс. выдавецтвы і газеты былі забаронены. Л-ру антыдыктатарскага Супраціўлення прадстаўлялі Рыцас, Врэтакас, Элітыс, М.Аўгерыс, Васілікос і інш. Пасля 1974 шмат пісьменнікаў вярнулася на радзіму. Аднавіла дзейнасць Т-ва грэч. пісьменнікаў (1934—67). У тв-сці М.Александропуласа, З.Скараса, А.Ненедакіса і інш. адлюстраваліся зрухі ў самасвядомасці грамадства. Шматпланавасць маст. ўзнаўлення рэчаіснасці вылучае прозу Васілікоса, Э.Ваіску і інш. Навагрэч. л-ра развіваецца таксама ў Рэспубліцы Кіпр.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Пра мастацтва Грэцыі да тур. заваявання (сярэдзіна 15 ст.) гл. ў арт. Грэцыя Старажытная і Візантыя. Да вызвалення ад асманскага заняволення (1821) у Грэцыі панавала манастырскае мастацтва ў познавізант. традыцыях, развівалася нар. творчасць, іканапіс, нар. вышыўка. Гарады раслі павольна, многія заняпалі. З 1830-х г. на аснове традыцый нар. і ант. дойлідства вырасла архітэктура сучаснай Грэцыі. У 19 ст. буд-ва ішло пераважна ў Афінах. Арх. С.Клеантыс, Л.Каўтадзоглу распрацавалі тып жылога дома ў класічных формах. Замежныя архітэктары стваралі грамадскія пабудовы з каланадамі: Нац. б-ка (1832) і ун-т (1837, арх. абодвух Х.К.Хансен) у Афінах і інш. Царк. архітэктура 19 ст. наследавала візант. ўзоры. Майстры наіўнага, дакумент. жывапіснага партрэта (Н.Кандуніс, Н.Кунелакіс) працавалі ў свецкай тэматыцы. У 2-й пал. 19 ст. на аснове традыцый мюнхенскай школы жывапісцы Н.Гізіс, Н.Літрас звярталіся да нац. тэмы; К.Валанакіс і Я.Алтамурас стварылі школу грэч. пейзажа. У пач. 20 ст. разрастаюцца гарады (Афіны, Салонікі), фарміруецца тып шматкватэрнага дома з балконамі-лоджыямі і тэрасамі (арх. К.Кіцыкіс). Архітэктура 1920—30-х г. развівалася пад уплывам функцыяналізму і неакласіцызму. У жыллі выкарыстоўвалі маналітны жал. каркас. У вілах і маёнтках відавочныя матывы нар. дойлідства (арх. Д.Пікіёніс). Будынкі атэляў і музеяў арганічна ўпісваюцца ў навакольнае асяроддзе (арх. Х.Сфаэлас, П.Васіліядыс). Мастакі пач. 20 ст., ствараючы нац. вобразы, засвойвалі тагачасныя еўрап. стылі (жывапісец К.Партэніс, скульпт. Я.Халепас). У сярэдзіне 20 ст. жывапісцы А.Геаргіядыс, Э.Тамопулас, Я.Мораліс, Я.Царухіс працягвалі рэаліст. традыцыі папярэднікаў. Сярэдневяковыя рэмінісцэнцыі і нар. вобразы знайшлі адлюстраванне ў фрэсках Ф.Кандоглу, графіцы С.Васіліу, ант. матывы — у графіцы Д.Галаніса, Я.Кефалінаса, скульпт. М.Томбраса, А.Сохаса. Нац.-вызв. барацьба 2-й сусв. вайны адлюстравана ў дэмакр., рэаліст. плынях (жывапісцы В.Семерцыдыс, Д.Кацыкаяніс, скульпт. Х.Капралас, графікі В.Катракі, А.Тасас). У рэчышчы абстракцыянізму працуюць К.Граматопулас, К.Клуватас, К.Лукопулас і інш.

Музыка. Грэч. муз. культура — адна з найб. старадаўніх у свеце (гл. Грэцыя Старажытная). З 4 ст. грэч. музыка развівалася ў рэчышчы візант. культуры. З усталяваннем асманскага панавання нац. муз. традыцыі зберагаліся толькі ў нар. творчасці і царк. музыцы. Побач з разнастайнымі песеннымі жанрамі вылучаюцца танц. сіртас (карагодны танец) і педыктас (танец з падскокамі). З сярэдзіны 18 ст. пашырыліся песні клефтаў (змагароў за нац. вызваленне). Сярод муз. інструментаў: розныя тыпы лютні, жалейка, ліра, падоўжная флейта, валынка, бузукі, скрыпка, мандаліна, якія ўваходзяць у склад нар. аркестра (з 1930-х г. таксама кларнет і гітара). Развіццё прафес. муз. мастацтва пачалося пасля 1829. Сярод кампазітараў прадстаўнікі іанічнай школы Н.Мандзарас — аўтар грэч. нац. гімна (1865), заснавальнік Філарманічнага т-ва на в-ве Керкіра (1840), С.Ксіндас, С.Самарас — аўтар «Алімпійскага гімна» (1896), Д.Лаўрангас — заснавальнік Нац. опернага т-ра (Афіны, 1939), П.Карэр, Г.Ламбелет. Сапраўдная грэч. муз. школа фарміруецца з канца 19 ст. Узнік новы жанр спектакляў-вадэвіляў (камідыліён), аўтары якіх Д.Карамілас і Д.Какінас. Першую нац. оперу «Кандыдат у дэпутаты» (1867) стварыў Ксіндас. Новую грэч. кампазітарскую школу ўзначалілі М.Каламірыс, заснавальнік Элінскай (1919) і Нац. (1926) кансерваторый у Афінах, Лаўрангас, Ламбелет, М.Варвагліс, Э.Рыядыс. Сярод іх паслядоўнікаў Л.Маргарытыс (засн. Саланікскую кансерваторыю), П.Петрыдыс, А.Незерьггыс, А.Евангелатас, Н.Скалкотас, С.Міхаілідыс, Г.Геаргіядыс, Д.Мітропулас. З сярэдзіны 1940-х г. вядомы кампазітары М.Хадзідакіс, Я.Ксенакіс, Я.Хрысту і інш. Новы этап у развіцці грэч. музыкі — творчасць М.Тэадоракіса і многіх яго паслядоўнікаў. У галіне эстр. музыкі вылучыліся кампазітары М.Плесас, Г.Замбетас, К.Капнісіс, Г.Музакіс, Т.Маракіс, Г.Кацарас і інш. Сярод вядомых выканаўцаў: дырыжоры Мітропулас, Л.Зорас, Міхаілідыс, Хадзідакіс, Евангелатас, Ф.Візантыу; спевакі М.Калас, Н.Масхонас, К.Дамасіёты, А.Захарату, Д.Русас; піяністы Г.Тэмеліс, В.Дэветцы; сярод музыказнаўцаў В.Аркадынас, Геаргіядыс, Міхаілідыс, С.Мацэнігас. У Грэцыі працуюць (1988): Нац. оперны т-р, 5 сімф. аркестраў, у т. л. Афінскі дзярж. сімф. аркестр; Дзярж. аркестр Паўн. Грэцыі ў Салоніках; Дзярж. кансерваторыя ў Салоніках (з 1914), 14 кансерваторый, у т. л. Афінская (1871), Пірэйская (1904), Элінская (1919) і Нац. (1926) у Афінах, а таксама іх філіялы і інш.

Тэатр. У перыяд Візантыйскай імперыі традыцыі ант. тэатр. мастацтва (гл. Грэцыя Старажытная, раздзел Тэатр) былі перапынены. Першыя спробы адрадзіць т-р зроблены ў 17 ст. на в-ве Крыт і ў 18 ст. на в-ве Закінф. У Афінах пастаянныя трупы ўзніклі на пач. 1860-х г. У 1901 К.Хрыстоманас арганізаваў т-р «Новая сцэна», створаны дзярж. Каралеўскі т-р. У 1910—20-я г. тэатр. мастацтва занепадае. Імкненне пераадолець гэты крызіс характарызуюць творчасць рэж. Ф.Палітыса, пастаноўкі Нац. т-ра (засн. ў 1932). У гады дыктатуры і ням.-фаш. акупацыі тэатр. жыццё было ў застоі, аднак працавалі аматарскія групы, што ставілі патрыятычныя п’есы. У 1945 створаны т-р «Аб’яднаныя артысты», у рэпертуары якога былі п’есы нац. драматургаў і перакладныя. У наступныя гады прагрэс. тэатр. дзеячы падвяргаліся ганенням, але працягвалі барацьбу за дэмакр. мастацтва. У 1940—50-я г. значнай з’явай была дзейнасць Мастацкага т-ра (засн. ў 1942 рэж. К.Кунам), сярод спектакляў якога былі «Добры чалавек з Сезуана» (1958) і «Кар’ера Артура Уі» (1961) Б.Брэхта, «Двор цудаў» (1958) Я.Кампанеліса, «Дзядзька Ваня» А.Чэхава і інш. У 1955 створаны Грэч. нар. т-р (кіраўнік М.Катракіс), у 1959 «Новы тэатр» (засн. В.Дыямандопулас і М.Алкеу), у 1957 Пірэйскі т-р (засн. Д.Рандырыс). Значнае распаўсюджанне атрымалі калектывы, што стваралі маладыя рэжысёры: «Тэатр 1959», «Тэатр 1961» і інш. Т-р «Дванаццатая заслона» штогод ставіў спектаклі, якія складаліся з 3 аднаактовых п’ес пачынаючых грэч. драматургаў. У 1960-я г. рэпертуар т-раў значна пашырыўся: ставіліся стараж.-грэч. трагедыі, п’есы У.Шэкспіра, Мальера, А.Чэхава і інш. У канцы 1970 — 80-х г. аднавілі дзейнасць Афінскі маст. т-р, Грэч. нар. т-р, Пірэйскі т-р, т-ры ў Салоніках, Сіракузах і інш. Сярод вядомых дзеячаў тэатр. мастацтва: акцёры А.Александракіс, Катракіс, М.Меркуры, А.Сінадыну, І.Папас, К.Паксіну; рэжысёры М.Пларытыс, М.Лігізас, М.Какаяніс, Кун, Т.Музенідыс.

Кіно. У 1906 зняты першы хранік. фільм, у 1911—12 — першыя кароткаметражныя кінакамедыі (рэж. і выканаўца гал. роляў С.Дымітракопулас). У 1914 засн. фірма «Афіны-фільм», пачаўся выпуск поўнаметражных фільмаў. У 1-ю сусв. вайну выпускалася пераважна ваен. кінахроніка. У 1928—31 на кінафірме «Даг-фільм» здымаліся гіст. фільмы і экранізаваліся літ. творы: «Каханне і хвалі» (1927), «Прыкуты Праметэй» (1929, рэж. абодвух Д.Газіядыс), «Дафніс і Хлоя» (1931, О.Ласкас) і інш. У 1932 выпушчаны першы гукавы фільм. З устанаўленнем дыктатуры Метаксаса і ў гады ням.-фаш. акупацыі здымаліся ў асн. хранік., зрэдку маст. фільмы: «Голас сэрца» (1943, Л.Іаанопулас), «Апладысменты» (1944, Г.Дзавелас). У канцы 1940-х г. здымалася па 8—10 фільмаў за год — пераважна меладрамы з гіст. фонам. У 1950-я — пач. 60-х г. у фільмах знайшлі адлюстраванне праблемы тагачаснага жыцця, здымаліся меладрамы, фарсы, шпіёнскія, гангстэрскія і прыгодніцкія фільмы. Сярод лепшых: «Крывавыя Каляды» (1951, рэж. Г.Зервас), «Фальшывая манета» (1955) і «Антыгона» (1961, рэж. абодвух Дзавелас), «Электра» (1962, М.Какаяніс), «Да карабля» (1966, А.Даміянас). У гады ваен. дыктатуры шэраг кінадзеячаў арыштаваны, некаторыя эмігрыравалі. Пасля падзення дыктатуры здымаліся фільмы, што выкрывалі злачынствы дыктатарскага рэжыму, пра барацьбу народа ў гады 2-й сусв. вайны, узнімаліся надзённыя праблемы. Міжнар. прызнанне атрымалі фільмы Т.Ангелопуласа, якія спалучаюць спадчыну ант. л-ры з сучаснай кінадраматургіяй. У 1974 створаны Саюз кінематаграфістаў Грэцыі. У Афінах знаходзіцца кінаархіў. Сярод вядомых дзеячаў кінамастацтва: І.Папас, М.Меркуры, А.Фонсу, П.Зервас, Т.Венгас, А.Стаўрас. З 1974 у Салоніках штогод праводзіцца міжнар. кінафестываль.

Літ.:

Никитина Т.В. Греция накануне первой мировой войны: Особенности внутриполит. развития. М., 1984;

Соколовская О.В. Греция в годы первой мировой войны, 1914—1918 гг. М., 1990;

Кирьякидис Г.Д. Гражданская война в Греции, 1946—1949. М., 1972;

Зорбалас С.Д. Неофашизм в Греции (1967—1974): Соц.-полит. анализ и выводы: Пер. с греч. М., 1981;

Паниев Н.А. Греция после хунты. М., 1979;

Шеменков К.А. Греция: Проблемы современной истории. М., 1987;

Мочос Я. Современная греческая литература: Очерки. М., 1973;

Ильинская С.Б. Поэзия Сопротивления в послевоенной Греции. М., 1974;

Полевой В.М. Искусство Греции. 2 изд. М., 1984.

Ф.С.Фешчанка (прырода, гаспадарка), У.Я.Калаткоў (гісторыя), В.Я.Буйвал (архітэктура і выяўленчае мастацтва).

т. 5, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)