МЛАДАТУ́РКІ,
удзельнікі ліберальна-канстытуцыйнага руху ў Асманскай імперыі ў канцы 19 — пач. 20 ст. Рух М. пачаўся са стварэння ў 1889 навучэнцамі ваен.-мед. вучылішча ў Стамбуле тайнай арг-цыі «Яднанне і прагрэс», якая ставіла на мэце ўсталяванне ў імперыі канстытуцыйнага ладу, спрыянне развіццю краіны шляхам выкарыстання дасягненняў еўрап. цывілізацыі. М. ўзначалілі Младатурэцкую рэвалюцыю 1908. На аснове арг-цый «Яднанне і прагрэс» была створана аднайм. партыя, якая атрымала б.ч. месц у парламенце, скліканым восенню 1908. У час 1-й сусв. вайны ўсталявалі ў краіне сваю дыктатуру (трыумвірат: Энвер-паша, Талаат-паша, Джэмаль-паша). Пасля паражэння Турцыі ў вайне партыя М. забаронена, а іх лідэры ўцяклі за мяжу.
У.У.Куніцкі.
т. 10, с. 496
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАШТА́ЦКІ МІР 1714,
мірны дагавор, які разам з Утрэхцкім мірам 1713 завяршыў вайну за іспанскую спадчыну. Заключаны 6.3.1714 у г. Раштат (Германія) паміж імператарам «Свяшчэннай Рым. імперыі» (ён жа эрцгерцаг Аўстрыі) Карлам VI Габсбургам і Францыяй. Пацвердзіў умовы Утрэхцкага міру; Аўстрыя захавала пад сваёй уладай Сардзінію, атрымала значную ч. ісп. спадчыны (Неапалітанскае каралеўства, ч. Тасканы, Міланскае герцагства ў Італіі і Ісп. Нідэрланды), прызнала захаванне за Бурбонамі ісп. кароны. Францыя пагадзілася аддаць захопленыя ёю гарады і крэпасці на правым беразе Рэйна (Брайзах, Кель, Фрайбург) і разбурыць свае прырэйнскія ўмацаванні. Абвешчана свабода суднаходства па Рэйне. 7.9.1714 да дагавора далучыліся ням. дзяржавы «Свяшчэннай Рым. імперыі», што ўдзельнічалі ў вайне за ісп. спадчыну.
т. 13, с. 386
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АШУРНАСІРПА́Л II,
цар Асірыі ў 883—859 да нашай эры. Пакарыўшы з асаблівай жорсткасцю Паўн. Месапатамію, Паўн. Сірыю і Фінікію, умацаваў магутнасць Новаасірыйскай імперыі. Вядомы барэльефы з палаца Ашурнасірпала ў Калаху (цяпер гарадзішча Німруд каля аднайм. горада ў Іраку).
т. 2, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫВА́Н (перс. канцылярыя, установа),
у мусульманскіх краінах у сярэдневякоўі падаткова-фін. ведамства. У Асманскай імперыі і некат. іншых краінах — рада пры кіраўніку дзяржавы. У некат. сучасных дзяржавах Б. і Сярэдняга Усходу — урадавыя ўстановы па адм. і суд. справах.
т. 6, с. 272
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫКТЫЁН (лац. indictio абвяшчэнне, падаткі),
у Рымскай імперыі прамежак часу ў 15 гадоў, пасля якога праводзіўся перапіс маёмасці для вызначэння памераў падаткаў. У 312 імператар Канстанцін Вялікі ўвёў афіц. летазлічэнне па І. Парадкавы нумар года ў І. называецца індыктам.
т. 7, с. 245
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕСХЕ́ТЫ, Месхетыя,
гісторыка-геаграфічная вобласць у Паўд. Грузіі (Ахалцыхскі край). Цэнтр — Ахалцыхе. З 2-й пал. 13 ст. ў складзе княства Самцхе-Саатабага. У 16 ст. заваявана Турцыяй. Паводле Адрыянопальскага міру 1829 паўн. ч. далучана да Рас. імперыі.
т. 10, с. 300
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАМІ́СМА, намізма (грэч. nomisma манета ад nomos закон),
у познарымскай і ранневізантыйскай імперыях назва любой залатой манеты, у 8—13 ст. у Візантыйскай імперыі назва соліда. На Беларусі Н. зрэдку абарачалася ў канцы 10—2-й трэці 11 ст.
т. 11, с. 138
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУМ,
найменне Рыма і Рымскай (з 4 ст. н.э. Візантыйскай) імперый у краінах Усходу; у перыяд заваявання М. Азіі сельджукамі ўжывалася як адна з назваў Канійскага султаната (Румскі султанат), у час Асманскай імперыі назва яе еўрап. уладанняў (гл. Румелія).
т. 13, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГА́ (цюрк. пан, старэйшы брат),
тытул малодшых і сярэдніх военачальнікаў у Асманскай імперыі. Надаваўся таксама камандзіру янычараў і начальнікам некаторых груп прыдворных слуг, часам генеральскі чын (напр., янычарскі ага). У сучаснай Турцыі форма звароту да заможнага землеўладальніка, радзей — складовая частка імя.
т. 1, с. 68
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАДУНА́ЙСКАЯ СЕЧ,
арганізацыя запарожскіх казакоў у 1775—1828 на тэр. Асманскай імперыі, у вусці Дуная, куды яны ўцяклі пасля скасавання Запарожскай Сечы (1775). У 1806 і 1828 большая частка запарожцаў вярнулася ў Расію і склала Дунайскае і Азоўскае казацкія войскі.
т. 6, с. 499
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)