АМЯЛА́ (Viscum),

род паўпаразітных кветкавых раслін сям. амяловых. Каля 100 відаў. Пашыраны ў трапічнай і субтрапічнай Афрыцы і Азіі, на Пн Аўстраліі; амяла белая (V. album) трапляецца ў Еўропе і на Каўказе, амяла афарбаваная (V. coloratum) — на Д. Усходзе. На Беларусі амяла белая расце ў зах. і паўд. раёнах пераважна на старых лісцевых дрэвах, асобны падвід (ssp. austriacum) на хвоі.

Двухдомны шматгадовазялёны шарападобны куст дыям. да 1,2 м. Лісце прадаўгавата-авальнае, супраціўнае, скурыстае, жоўта-зялёнае, размешчана папарна на канцах галінак. Кветкі дробныя жоўта-зялёныя, сабраны ў пучкі. Плод — белая аднанасенная ягада з клейкай мякаццю. Размнажаецца насеннем, якое птушкі заносяць на галіны дрэў, дзе яно і прарастае. Выкарыстоўваецца на лячэнне гіпертаніі і неўралгіі, як танізоўны сродак (прэпараты амялен, віскулен, акафіт), у нар. медыцыне пры хваробах сэрца і лёгкіх.

Амяла белая.

т. 1, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВІТА́ЦЫЯ (ад лац. cavitas пустата),

з’ява ўтварэння ў кропельнай вадкасці поласцей, запоўненых газам, парай ці іх сумессю; парушэнне суцэльнасці ўнутры вадкасці. Ўзнікае пры мясцовым паніжэнні ціску ніжэй за крытычнае значэнне (для рэальных вадкасцей яно прыбл. роўнае ціску яе насычанай пары пры дадзенай т-ры). Калі паніжэнне ціску адбываецца з-за павелічэння скорасці ў патоку вадкасці, К. наз. гідрадынамічнай; калі пры праходжанні акустычных хваль — акустычнай. Знікненне поласцей суправаджаецца мех. імпульсам, падобным да гідраўлічнага ўдару, што неспрыяльна адбіваецца на рабоце гідратурбін, грабных вінтоў, помпаў і інш. (вібрацыя, змяншэнне ккдз, разбурэнне рабочых органаў). Акустычная К. ляжыць у аснове большасці выпадкаў практычнага выкарыстання ультрагуку. У біял. аб’ектах імпульсы ціску ў кавернах абумоўліваюць імгненныя разрывы мікраарганізмаў і прасцейшых. Гэтай з’явай карыстаюцца для выдзялення з жывёльных і раслінных клетак гармонаў, ферментаў і інш. біялагічна актыўных рэчываў.

т. 7, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДСЛЕ́ДНАСЦЬ,

у крымінальным працэсе Рэспублікі Беларусь сукупнасць устаноўленых законам прыкмет крымін. справы, паводле якіх КПК вызначае, які орган павінен весці следства або дазнанне па гэтай справе. Адрозніваюць П. прадметную (радавую), тэрытарыяльную (мясцовую) і персанальную. Прадметная П. вызначаецца характарам злачынства, у залежнасці ад якога размяжоўваецца П. паміж следчымі пракуратуры, органаў дзярж. бяспекі і фін. расследванняў, унутр. спраў, а таксама органам дазнання. Персанальная П. вызначаецца асаблівасцямі суб’екта злачынства. Напр., справы пра злачынства непаўналетніх падследныя следчым органам унутр. спраў, справы пра злачынствы ваеннаслужачых — следчым ваен. пракуратуры. Тэрытарыяльная П. вызначаецца месцам учынення злачынства: як правіла, папярэдняе следства праводзіцца ў тым раёне (горадзе), дзе адбылося злачынства. З мэтай забеспячэння найб. хуткасці, аб’ектыўнасці і паўнаты расследавання яно можа праводзіцца па месцы знаходжання злачынца або на месцы знаходжання большасці сведак.

Г.​А.​Маслыка.

т. 11, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАІ́ЗІЙ (Пётр) (?—1571),

прававед, адзін з заснавальнікаў навук. школы юрыспрудэнцыі ў ВКЛ. Па паходжанні італьянец. Вучыўся ў Падуі і Балонні. Выкладаў права ў Кракаўскім ун-це. Перасяліўшыся ў ВКЛ, служыў у жамойцкага біскупа Я.Даманеўскага і пакінуў вял. літ.-прававую спадчыну. У 1561 склаў для біскупства Канстытуцыю і Навелы — законапалажэнні і правілы, якімі яно павінна было карыстацца. У Вільні ўваходзіў у склад гаспадарскага суда, дзе разглядаліся апеляцыі ад гарадоў з магдэбургскім правам. Аўтар працы «Заключэнне Пятра Раізія, каралеўскага юрысконсульта, аб справах, што слухаліся на судовых пасяджэннях Літвы, і аб абскарджанні судовых рашэнняў» (выд. ў 1563 у Кракаве, у 1570 у Франкфурце-на-Майне, у 1572 у Венецыі). Прыходскую школу Р. ператварыў у вучылішча юрыспрудэнцыі, дзе арганізаваў падрыхтоўку суддзяў, адвакатаў і інш. суд. чыноўнікаў.

Г.​А.​Маслыка.

т. 13, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФАРМЛЕ́НЧАЕ МАСТА́ЦТВА,

від творчай дзейнасці па функцыянальным комплексным аб’яднанні навакольнай прасторы ў адзінае мастацкае цэлае. Раней пад афармленчым мастацтвам разумелі святочнае (часовае) афармленне вуліц, плошчаў, дэманстрацый, гулянняў, экспазіцый, стэндаў нагляднай агітацыі і гэтак далей. З 1970-х г. дыяпазон афармленчага мастацтва значна пашырыўся. Яно ўключае дызайн (часткова), прамысл. графіку, афармленне інтэр’ераў грамадскіх будынкаў, вырашэнне экспазіцыйных выставак, музеяў і інш. На Беларусі развіваецца з 1920-х г., калі група «Сцвярджальнікаў новага мастацтва» ў Віцебску на чале з К.​Малевічам выпрацавала праграму мастака-афарміцеля. Сярод сучасных мастакоў у афармленчым мастацтве працуюць Э.​Агуновіч, Я.​Ждан, А.​Зайцаў, М.​Кірылаў, А.​Кроль, І.​Харламаў і інш.

Літ.:

Искусство и быт: [Сб. статей]. Вып. 2. М., 1964;

Бродский Б. Художник и город. М., 1965.

Э.​К.​Агуновіч.

Да арт. Афармленчае мастацтва. Я.​Ждан. Эскіз заслоны да гала-канцэрта, прысвечанага 100-годдзю Полацкай епархіі.

т. 2, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕСАВО́ДСТВА,

тэорыя і практыка вырошчвання, догляду, павышэння прадукцыйнасці, рацыянальнага выкарыстання і аднаўлення лясоў. Грунтуецца на даных лесазнаўства. Асн. кірункі Л. — распрацоўка эфектыўных сістэм высечак гал. карыстання, догляду, метадаў аднаўлення лесу, павышэнне прадукцыйнасці шляхам біял. і хім. меліярацыі, увядзення найб. прадукц. дрэвавых.парод, у т. л. інтрадуцэнтаў з мэтай аптымізацыі іх складу і павышэння ўстойлівасці да негатыўных антрапагенных і прыродных уздзеянняў. Гл. таксама Лесакарыстанне, Лесанарыхтоўчая прамысловасць, Лесаразвядзенне.

Сучаснае Л. на Беларусі развіваецца з 1920-х г. Яно звязана з дзейнасцю лясных факультэтаў ВНУ і лясных доследных станцый, даследаваннямі К.​Б.​Ласіцкага, І.​Д.​Юркевіча, Ф.​П.​Майсеенкі, Б.​Дз.​Жылкіна, М.​І.​Касцюкевіча, А.​Л.​Саўчанкі, А.​М.​Кажэўнікава, Ю.​М.​Азніева і інш. Навук.-даследчая работа па Л. вядзецца ў ін-тах лесу, эксперым. батанікі, генетыкі і цыталогіі Нац. АН Беларусі, Бел. тэхнал. ун-це.

т. 9, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕСАКАРЫСТА́ННЕ,

комплекснае выкарыстанне лясных рэсурсаў для задавальнення патрэб насельніцтва і нар. гаспадаркі; адзін з відаў прыродакарыстання. Парадак, формы і ўмовы Л. ў Рэспубліцы Беларусь вызначаюцца лясным заканадаўствам. Яно павінна адпавядаць патрабаванням аховы лясоў і комплекснага выкарыстання багаццяў лесу.

На тэр. дзярж. ляснога фонду могуць ажыццяўляцца асн. (нарыхтоўка драўніны, жывіцы) і другарадных лясных матэрыялаў (пнёў, лубу, кары і інш.), пабочнае Л. (сенакашэнне, выпас жывёлы, размяшчэнне вулляў і пчальнікоў, нарыхтоўка соку, збор пладоў, арэхаў, грыбоў, ягад, лек. раслін, тэхн. сыравіны, насення дрэў і кустоў, моху, ляснога подсцілу). Нарыхтоўка драўніны праводзіцца пры высечках гал. карыстання (у спелых дрэвастоях) і прамежкавага (высечкі пры доглядзе лесу і санітарныя, звязаныя з рэканструкцыяй малакаштоўных лясных насаджэнняў і інш.). Забараняюцца ці абмяжоўваюцца некаторыя віды Л. вакол гарадоў і запаведнікаў у інтарэсах пажарнай бяспекі, вядзення арэхапрамысловай, лесапладовай, лесанасеннай або запаведнай гаспадарак.

т. 9, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКАЕ МУЗЫ́ЧНА-ДРАМАТЫ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА.

Існавала ў 1908 — 14. Статут зацверджаны 14.2.1909. Мела на мэце культ.-асв. дзейнасць, прапаганду сярод жыхароў Гомеля муз. і тэатр. мастацтва і л-ры, развіццё маст. здольнасцей членаў т-ва. Было важным асяродкам культ. жыцця горада. У 1910—11, калі т-ва ўзначальваў Л.​С.​Драгунскі, яно аб’ядноўвала каля 240 чал. Працавалі секцыі літ. (распарадчык І.​Х.​Бабарыкін), драм. (І.​Я.​Марголін, В.​М.​Плахаў) і муз. (С.​Л.​Захарын). Пад кіраўніцтвам Марголіна пастаўлены спектаклі «На бойкім месцы» і «Лес» А.​Астроўскага, «Лебядзіная песня» А.​Чэхава, «Рэвізор» М.​Гогаля і інш. Муз. секцыяй быў створаны хор, наладжваліся вечары, прысвечаныя творчасці кампазітараў-класікаў (у т. л. П.​Чайкоўскага), выконваліся рамансы і нар. песні, арыі з рус. і замежных опер. Т-ва працавала ў памяшканні клуба грамадскага сходу.

У.​В.​Мальцаў.

т. 5, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́РАЎ (Narew),

рака на Беларусі (у Пружанскім і Свіслацкім р-нах Гродзенскай вобл.) і ў Польшчы, правы прыток р. Зах. Буг (бас. р. Вісла). Даўж. 497 км (на Беларусі 44 км). Пл. вадазбору 74,8 тыс. км². Пачынаецца з вярхоўя Скаронава канала (Свіслацкі р-н) за 6 км на ПнУ ад в. Клепачы Пружанскага р-на, вусце на тэр. Польшчы. На Беларусі цячэ па Прыбугскай раўніне і праз Белавежскую пушчу. Даліна ў межах Беларусі амаль на ўсім працягу невыразная. Каналізавана 13 км рэчышча ад вытоку да вусця канала Матылёў Роў, на астатнім працягу яно звілістае, месцамі выраўнаванае, у ніжнім цячэнні зарэгулявана Загжынскім вадасх. (Польшча). Шыр. ракі ў межах 8—10 м. Замярзае ў 1-й дэкадзе снеж., крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 199 м³/с, у межах Беларусі — 5 м³/с.

т. 11, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕРВО́ВАЯ РЭГУЛЯ́ЦЫЯ,

уплыў нервовай сістэмы на клеткі, тканкі і органы для каардынацыі іх дзейнасці на патрэбу арганізма і ў адпаведнасці са зменамі навакольнага асяроддзя. Мае вядучае значэнне ў забеспячэнні цэласнасці арганізма і з’яўляецца адным з асн. механізмаў гамеастазу. У філагенезе Н.р. ўзнікла пазней за гумаральную, але па меры развіцця нерв. сістэмы падпарадкавала яе нерв. сувязям, і ўтварылася нейрагумаральнае ўзаемадзеянне, заснаванае на рэфлекторных адносінах. Яно ажыццяўляецца з дапамогай медыятараў, якія выдзяляюцца нерв. канчаткамі і строга адрасаваны пэўнаму органу ці групе клетак, таму хуткасць Н.р. ў сотні разоў перавышае хуткасць гумаральнай рэгуляцыі. Разам з тым многія медыятары (ацэтылхалін, норадрэналін, сератанін і інш.) здольныя паступаць у кроў і рэгуляваць дзейнасць органаў і тканак як гумаральны фактар. Уяўленне аб пераважным значэнні нерв. сістэмы ў рэгуляцыі працэсаў і функцый у арганізме жывёл і чалавека — аснова канцэпцыі нервізму.

А.​С.​Леанцюк.

т. 11, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)