МУСЦЬЕ́,

археалагічная эпоха сярэдняга палеаліту ў межах 70—32-га тыс. да н.э. Вылучана франц. археолагам Г. дэ Мартылье ў канцы 1860-х г., назва ад стаянкі ў пячоры Ле-Мусцье на ПнЗ Францыі. Насельніцтва — неандэртальцы, якія займаліся збіральніцтвам і паляваннем, жылі на адкрытых пляцоўках у прымітыўных жытлах і пячорах. У эпоху М. вынайдзены спосаб здабывання агню, з’явіліся грунтоўныя змены ў апрацоўцы каменю. Крамянёвы інвентар мусцьерскага тыпу выраблены на адшчэпах (скрэблы, трохвугольныя востраканечнікі і ручныя рубілы), сустракаецца амаль ва ўсіх частках Еўразіі і Пн Афрыкі. На Беларусі знойдзены прылады працы, выкананыя ў мусцьерскай тэхніцы (каля в. Абідавічы Быхаўскага, Падлужжа Чачэрскага і Свяцілавічы Веткаўскага р-наў). Помнікі М. на тэр. Беларусі пакуль не выяўлены.

У.​П.​Ксяндзоў.

т. 11, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛКАВО́ДЗЕЦ,

ваенны дзеяч, военачальнік, які ўмела кіруе ўзбр. сіламі дзяржавы або буйнымі вайсковымі фарміраваннямі (аператыўна-стратэг.) у час вайны. Гэта таленавітыя, з творчым мысленнем асобы, якія валодаюць майстэрствам падрыхтоўкі і вядзення ваен. дзеянняў, воляй і рашучасцю, арганізатарскімі і інш. якасцямі, што дазваляюць ім з найб. эфектыўнасцю выкарыстоўваць наяўныя сілы і сродкі для дасягнення перамогі. Кожная гіст. эпоха, вял. вайна вылучаюць сваіх П. У час 2-й сусв. вайны ў СССР найб. таленавітымі П. былі Г.​К.​Жукаў, А.​М.​Васілеўскі, К.​К.​Ракасоўскі, І.​Д.​Чарняхоўскі, сярод саюзнікаў — Б.​Мантгомеры, Д.​Эйзенхаўэр і інш. Сярод беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі асобай адзнакі П. — «Маршальскай зоркі» ўдастоены 12 чал., у т. л. А.​І.​Антонаў, В.​Д.​Сакалоўскі, І.​І.​Якубоўскі і інш.

т. 12, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ю́НСАН (Johnson) Эйвінд Улуф Вернер (29.7.1900, Салтшабадэн, Швецыя — 25.8.1976),

шведскі пісьменнік. Ганаровы д-р Гётэбаргскага ун-та (1953). Чл. Швед. акадэміі (1957). Першы зб. навел «Чатыры незнаёмцы» (1924). Уплывы псіхааналізу ў рамане «Успаміны» (1928), л-ры «плыні свядомасці» ў «Каментарыях да падзення зоркі» (1929). У аўтабіягр. цыкле раманаў пра Улуфа (1934—37) лёсы рабочай моладзі. Антыфаш. накіраванасць маюць раман «Начныя манеўры» (1938) і трылогія «Крылон» (1941—45). Гіст. раманы «Мары пра ружы і агонь» (1949), «Хмары над Метапансьёнам» (1957) прасякнуты сімвалізмам. Раман «Эпоха яго вялікасці» (1960) пра кіраванне Карла Вялікага. Аўтар філас. рамана «Прыбой» (1946, на сюжэт «Адысеі»), раманаў «Доўгі дзень жыцця» (1964), «Некалькі крокаў у цішыню» (1973), зборнікаў навел і інш. Нобелеўская прэмія 1974 (з Х.Э.Марцінсанам).

Э.Юнсан.

т. 18, кн. 1, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕКСАНДРЫ́ЙСКАЕ МІЖЛЕДАВІКО́ЎЕ (ад назвы в. Александрыя ў Шклоўскім р—не Магілёўскай вобл.), ліхвінскае міжледавікоўе, міндэль—рыскае міжледавікоўе,

міжледавіковая эпоха пач. сярэдняга антрапагену (320—460 тыс. г. назад). Наступіла пасля бярэзінскага зледзянення і папярэднічала макс. На Беларусі дняпроўскаму зледзяненню. Доўжылася 140 тыс. гадоў. Адклады Александрыйскага міжледавікоўя залягаюць на глыбіні ад 5—10 м на ПдЗ і З рэспублікі да 50—80 м у сярэдняй і паўн. частках; з’яўляюцца гарызонтам, які падзяляе антрапагенавую тоўшчу на 2 роўныя па магутнасці часткі. Ёсць у пахаваных рачных далінах, азёрных і балотных катлавінах, ледавіковых лагчынах. Прадстаўлены азёрнымі (супескі, суглінкі, дыятаміты, сапрапеліты, мергелі, алеўрыты), балотнымі (торф, гумусавыя супескі), алювіяльнымі (пяскі з лінзамі торфу, суглінку, супеску) утварэннямі. Вылучаецца значнай працягласцю, субатлантычным умерана цёплым кліматам, найб. падабенствам да пліяцэну па палеагеаграфічных умовах.

М.​Я.​Зусь.

т. 1, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СЕРАПІЁНАВЫ БРАТЫ́»

(па назве гуртка сяброў у аднайм. рамане Э.Т.​А.​Гофмана),

літаратурная група ў Петраградзе ў 1921—29. Узнікла пры арг-цыі работнікаў мастацтваў «Дом мастацтваў». Уваходзілі — І.​Груздзеў, М.​Зошчанка, У.​Іванаў, В.​Каверын, Л.​Лунц, М.​Нікіцін, Л.​Палонская, М.​Сланімскі, М.​Ціханаў, К.​Федзін. У «Партызанскіх аповесцях» Іванава, рамантычных баладах Ціханава, сатыр. апавяданнях Зошчанкі, рамане Федзіна «Гарады і гады» і інш. іх творах самабытна і рознабакова адлюстравана рэв. эпоха. Адзіны сумесны зб. — «Серапіёнавы браты» (1922). Падкрэслівалі сваю апалітычнасць. Шмат увагі аддавалі засваенню тэхналогіі мастацтва ў дыяпазоне ад рус. псіхал. рамана да вострасюжэтнай прозы Захаду. За імкненне да эксперыменту «С.б.» часам абвінавачвалі ў фармалізме.

Літ.:

Горький М. Группа «Серапионовы братья» // Литературное наследство. М., 1963. Т. 70;

Каверин В. Освещенные окна. М., 1978. С. 406—544.

т. 14, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДЛЕ́Н,

мадленская культура, найбольш позняя палеалітычная культура (15—8 тыс. г. да н.э.), якая змяніла салютрэйскую і папярэднічала азільскай культуры ранняга мезаліту. Выяўлена франц. археолагам Г. дэ Мартылье ў 1860. Назва ад пячоры Мадлен на беразе р. Везер (дэпартамент Дардонь, Францыя). Пашырана на тэр. Францыі, Іспаніі, Швейцарыі, Германіі і мае шэраг мясц. разнавіднасцей. У М. пераважалі крамянёвыя разцы, праколкі, скрэблы, касцяныя гарпуны, наканечнікі коп’яў, дроцікі, кап’якідальнікі, жэзлы, іголкі, шылы і інш. Характэрны разныя выявы на рогу і косці, скульптура з рогу, косці, іклаў маманта, гравіраваныя, мона- і паліхромныя выявы на скляпеннях і сценах пячор. Насельніцтва займалася паляваннем, жыло ў пячорах і жытлах з касцей і шкур. М. адносіцца да эпохі мацярынскага роду. Тэрміны «М.» і «мадленская эпоха» ўжываюцца і ў шырокім сэнсе для пазначэння заключнага этапу развіцця познапалеалітычнай культуры еўрап. прыледавіковай вобласці ад Францыі да Урала.

т. 9, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ЧАРДСАН (Richardson) Сэмюэл (19.8.1689, каля Дэрбі, Вялікабрытанія — 4.7.1761),

англійскі пісьменнік-асветнік, адзін з пачынальнікаў сентыменталізму. Прайшоў шлях ад падмайстра лонданскага друкара да выдаўца. Стваральнік сац.-псіхал. рамана ў эпісталярнай форме: «Памела, або Узнагароджаная дабрадзейнасць» (т. 1—2, 1740; задуманы як узорны збор лістоў на маральна-павучальныя тэмы), «Кларыса, або Гісторыя маладой лэдзі» (т. 1—7, 1748), «Гісторыя сэра Чарльза Грандысана» (т. 1—7, 1754). Упершыню ў раманным жанры паставіў у цэнтр не прыгоды героя, а аналіз пачуццяў, спагадліва намаляваў вобраз чалавека трэцяга саслоўя, падрабязна апісаў сямейны побыт. Паўплываў на развіццё асветніцкага рамана (асабліва Д.​Дзідро, Ж.​Ж.​Русо, І.​В.​Гётэ) і на псіхал. лінію рамана 19 ст.

Літ.:

Елистратова А. Английский роман эпоха Просвещения. М., 1966;

Кеттл А. Введение в историю английского романа: Пер. с англ. М., 1966.

Г.​В.​Сініла.

т. 13, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРО́ЗАЎ Валерый Францавіч (н. 25.2.1947, Мінск),

бел. архітэктар і гісторык архітэктуры. Канд. архітэктуры (1987). Скончыў БПІ (1971). З 1971 працаваў у ін-це «Мінскпраект», з 1974 выкладае ў БПА (з 1988 дацэнт), Бел. АМ, Еўрап. гуманіт. ін-це ў Мінску. Асн. работы: праекты комплексу будынкаў праектных ін-таў па вул. Варвашэні, гандл.-грамадскага цэнтра па вул. Прытыцкага (абодва 1971—74), будынка Дома архітэктараў (1972, усе ў сааўт.) у Мінску. Даследуе архітэктуру Беларусі 18—19 ст.

Тв.:

Атлас памятников архитектуры и мемориальных комплексов Белоруссии. Мн., 1988 (у сааўт.);

Палац у Гомелі. Мн., 1991;

Палац у Жылічах. Мн., 1992;

Гомель классический: Эпоха. Меценаты. Архитектура. Мн., 1997;

Działalność architektów warszawskich i wileńskich na Białorusi w końcu XVIII i 1. połowie XIX wieku // Biuletyn Historii Sztuki. 1990. № 3—4;

Cechy klasycyzmu w planach posiadłości królewskich ekonomii grodzieńskiej końca XVIII wieku // Klasycyzm i klasycyzmy. Warszawa, 1994.

т. 10, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯДЗВЕ́ДЗЕЎ Рой Аляксандравіч (н. 14.11.1925, Тбілісі),

расійскі гісторык і паліт. дзеяч. Д-р гіст. н., канд. пед. н., праф. Скончыў Ленінградскі ун-т. Працаваў настаўнікам, рэдактарам; у 1961—70 у Акадэміі пед. навук СССР. З 1970 займаецца літ.-публіцыстычнай дзейнасцю. З пач. 1960-х г. актыўны ўдзельнік руху дысідэнтаў (у 1969 выключаны з КПСС, у 1989 адноўлены). З 1991 сустаршыня Сацыяліст. партыі працоўных. Аўтар паліт. біяграфій буйных сав. дзярж. і паліт. дзеячаў (М.​С.​Хрушчова, Л.​І.​Брэжнева, Ю.​У.​Андропава, М.​А.​Суслава, І.​В.​Сталіна і інш.), прац па розных аспектах паліт. гісторыі СССР.

Тв.:

Они окружали Сталина М., 1990;

О Сталине и сталинизме. М., 1990;

Личность и эпоха: Полит портр. Л.​И.​Брежнева. Кн.1. М., 1991;

Связь времен: [Ист. очерки]. Ставрополь, 1992;

«Серый кардинал»: М.​А.​Суслов: полит. портр. М., 1992;

Бел. пер. — М.​С.​Хрушчоў: Паліт. партрэт. Мн., 1989.

т. 11, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРМА́НЫ (ад сканд. northman паўночны чалавек),

агульная назва ў Зах. Еўропе народаў Скандынавіі і Даніі ў канцы 8 — сярэдзіне 11 ст., калі яны ажыццяўлялі шырокую экспансію. У самой Скандынавіі ўдзельнікаў марскіх гандл. і заваёўніцкіх паходаў называлі вікінгамі. Нарвежцы ўчынялі набегі пераважна ў Брытанію (з 8 ст.), засн. калоніі ў Ісландыі (каля 860), Грэнландыі (982), каля 1000 дасягнулі Паўн. Амерыкі. Датчане здзяйснялі паходы пераважна на кантыненце, разрабавалі Гамбург.(845), Парыж (845, 885, 886), у 840 дасягнулі Іспаніі і Міжземнамор’я. У 911 яны замацаваліся ў Паўн. Францыі, дзе засн. герцагства Нармандыя. Іх нашчадкі ў 2-й пал. 11 ст. заваявалі Англію (гл. Нармандскае заваяванне Англіі 1066) і Паўд. Італію, дзе засн. Сіцылійскае каралеўства. На Русі вядомы пад назвай варагі.

Літ.:

Коган М.А. Смелые мореходы средневековья — норманны. Л., 1967;

Лебедев Г.С. Эпоха викингов в Северной Европе. Л., 1985;

Викинг. М., 1993.

А.​М.​Сурта.

т. 11, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)