МІ́НСКІ ЗАВО́Д АБЛІЦО́ВАЧНЫХ ПЛІТ З НАТУРА́ЛЬНАГА КА́МЕНЮ.
Створаны ў 1976 у Мінску. З 1991 арэнднае прадпрыемства. Асн. прадукцыя (1999): гранітныя, мармуровыя, вапняковыя пліты для абліцоўкі знешніх бакоў сцен будынкаў, надмагільныя пліты, падлогавыя пліты і падаконнікі з натуральнага каменю, гранітная і мазаічная плітка. Вырабляе элементыгар. добраўпарадкавання з бетону: тратуарныя і дарожныя барты, тратуарную плітку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́СТАЕ РЭ́ЧЫВА,
рэчыва з атамаў аднаго элемента хімічнага; форма існавання хім. элементаў у прыродзе. П.р. падзяляюць на металы і неметалы. Многія хім.элементы існуюць у выглядзе некалькіх П.р., якія адрозніваюцца саставам малекул (напр., кісларод і азон, гл.Алатропія), тыпам крышт. рашоткі (гл.Полімарфізм у хіміі) і інш. ўласцівасцямі. Вядома больш за 500 П.р.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́РЦАВЫ ГЕНЕРА́ТАР,
маламагутны генератар эл.аўтаваганняў, у якім электрамех. вагальнай сістэмай служыць кварцавы п’езаэл. рэзанатар. Характарызуецца высокай стабільнасцю частаты генерыруемых ваганняў (ад 5∙10−6 да 10−10). Выкарыстоўваюцца ў кварцавых гадзінніках, стандартах частаты і інш.
Асн. частка кварцавага рэзанатара — асобным чынам выпілаваная з крышталя кварцу пласцінка з пэўнай арыентацыяй плоскасці зрэзу. Пад уздзеяннем знешняга эл. напружання ў выніку адваротнага п’езаэл. эфекту (гл.П’езаэлектрычнасць) пласцінка ажыццяўляе строга пастаянныя мех. ваганні. Рэзанатар мае высокую (105—107) дыхтоўнасць, што і абумоўлівае надзвычай высокую стабільнасць частаты К. г. Паводле канструкцыі адрозніваюць К. г. дыскрэтныя (на дыскрэтных элементах), гібрыдныя (маюць таксама элементы, зробленыя па планарнай тэхналогіі; найб. пашыраныя) і інтэгральныя (усе элементы, акрамя актыўных, выкананы на адной п’езаэл. падложцы па планарнай тэхналогіі).
В.І.Вараб’ёў.
Прынцыповая схема кварцавага генератара з кварцавым рэзанатарам (КР) у вагальным контуры: C — кандэнсатары; R — рэзістары; L — шпуля індуктыўнасці; T — транзістар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫЯДЫ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА ЭЛЕМЕ́НТАЎ МЕНДЗЯЛЕ́ЕВА,
упарадкаванае мноства хім. элементаў, іх натуральная класіфікацыя, якая з’яўляецца таблічным выражэннем перыяд. закону Мендзялеева; фундаментальная аснова агульнай і неарганічнай хіміі і навук. база яе выкладання. Прапанавана Дз.І.Мендзялеевым у 1869 у выглядзе табліцы, названай ім «Спроба сістэмы элементаў, заснаваная на іх атамнай вазе і хімічным падабенстве». Стварэнне табліцы паслужыла асновай для адкрыцця перыяд. закону. Пасля стварэння ядз. мадэлі атама і эксперым. доказу лікавай роўнасці парадкавага нумару элемента ў П.с.э.М. зараду ядра (Z) яго атама (1913, закон Мозлі) з’явілася сучасная фізічна абгрунтаваная фармулёўка перыяд. закону Мендзялеева: уласцівасці хім. элементаў, а таксама ўтвораных імі простых і складаных рэчываў знаходзяцца ў перыяд. залежнасці ад велічыні зараду ядзер іх атамаў. Тэарэт. аснова П.с.э.М. — квантавая мадэль атама — распрацавана ў пач. 1920-х г. Н.Борам. Паводле гэтай мадэлі ў адпаведнасці з павелічэннем Z адбываецца паслядоўнае запаўненне электронных абалонак атамаў (гл.Паўлі прынцып), прычым электронныя канфігурацыі знешніх абалонак перыядычна паўтараюцца. Прынцып перыяд. паўтаральнасці падобных электронных канфігурацый атамаў — гал. прычына фіз. прыроды перыядычнасці і аснова перыяд. сістэмы свабодных атамаў элементаў. Гал. сучасная праблема П.с.э.М. — нявызначанасць яе верхняй мяжы, з ростам Z устойлівасць атамных ядзер памяншаецца, устанавіць значэнне Z элемента, атамы якога будуць мець такі кароткі час жыцця, што распадуцца ў момант утварэння, пакуль немагчыма (гл.Радыеактыўнасць, Ядро атамнае).
П.с.э.М. ўключае 109 хім. элементаў; 89 з іх знойдзены ў прыродзе, астатнія атрыманы штучна ў выніку ядзерных рэакцый. Пасля адкрыцця П.с.э.М. апублікавана больш за 500 розных варыянтаў яе відарысаў; найб. пашыраны паўдоўгі варыянт (гл.іл.). Асн. прынцып пабудовы П.с.э.М. заключаецца ў вылучэнні перыядаў (гарыз. рады) і груп (верт. слупкі). Ў П.с.э.М. 7 перыядаў і 8 груп. Перыяд — рад элементаў, які пачынаецца шчолачным металам (акрамя 1 -га перыяду) і канчаецца інертным газам. Дакладнага вызначэння групы няма; фармальна, пачынаючы з 3-га перыяду, нумар групы (N) адпавядае макс. значэнню акіслення ступені элементаў, што ўваходзяць у групу. Кожная група падзяляецца на гал. (A) і дадатковую (B) падгрупы. У падгрупы ўваходзяць элементы з падобнымі канфігурацыямі знешніх электронных абалонак атамаў і хім. ўласцівасцямі. У большасці груп пэўнае падабенства ўласцівасцей элементаў падгруп выяўляецца пераважна ў вышэйшых ступенях акіслення. Асобае становішча ў структуры П.с.э.М. займае VIII гр., у якой аб’яднаны інертныя газы (падгрупа VIIIA) і «трыяды» элементаў (падгрупа VIIIB): Fe—Co—Ni і Ru—Rh—Rd, Os—Ir—Pt (плацінавыя металы). Падабенства ўласцівасцей паміж элементамі гэтых падгруп практычна не назіраецца. Першы перыяд П.с.э.М. ўключае 2 элементы — вадарод і гелій. Атам вадароду мае 1 электрон; у злучэннях можа мець ступень акіслення +1 (як шчолачныя металы) ці -1 (як галагены), таму сімвал Н размяшчаюць у падгрупе IA ці ў VIIA або ў абедзвюх адначасова. Есць варыянты табліцы, у якіх вадарод займае адну працяглую клетку над усімі (акрамя неону) элементамі 2-га перыяду. Другі перыяд (Li—Ne) уключае 8 элементаў. У ім назіраецца пераход ад тыповых металаў да тыповых неметалаў (кісларод і фтор з’яўляюцца найб. актыўнымі сярод неметалаў). У злучэннях дадатную ступень акіслення, роўную N, маюць толькі элементы I—IV груп, для астатніх элементаў перыяду яна вызначаецца паводле правіла 8 - N, што абумоўлена асаблівасцямі будовы знешніх электронных абалонак атамаў. Трэці перыяд (Na—Ar) уключае 8 элементаў. Усе элементы (акрамя Ar) праяўляюць ступень акіслення, роўную N. У гэтым перыядзе, як і ў 2-м, па меры павелічэння Z назіраецца паслабленне метал. і ўзмацненне неметалічнага характару элементаў. Элементы 1—3 перыядаў П.с.э.М. — элементы падгруп A. Паводле сучаснай тэрміналогіі элементы падгруп IA і IIA наз. S-элементамі (сімвалы ў клетачках ружовага колеру), падгруп IIIA—VIIIA — p-элементамі (сімвалы ў клетачках жоўтага колеру). Пры павелічэнні Z, што адпавядае руху зверху ўніз, у падгрупах IA і IIA метал. актыўнасць элементаў нарастае, у IIIA—VIIA падгрупах назіраецца пераход ад тыповых неметалаў (B—F) да элементаў з метал. ўласцівасцямі (Tl—At), устойлівасць злучэнняў элементаў у вышэйшай ступені акіслення зніжаецца. Чацвёрты перыяд (K—Kr) і пяты перыяд (Rb—Xe) маюць па 18 элементаў. У іх пасля s-элементаў ідуць рады з 10 пераходных элементаў, ці d-элементаў, якія ўваходзяць у падгрупы B (сімвалы ў клетачках блакітнага колеру). Для большасці d-элементаў вышэйшая ступень акіслення роўная N, а для Cu і Au нават вышэйшая за N (+2 і +3, адпаведна). Характар змянення ўласцівасцей элементаў 4-га і 5-га перыядаў пры павелічэнні Z аналагічны назіраемаму ў 3-м перыядзе, але больш складаны, што найперш абумоўлена наяўнасцю d-элементаў. Шосты перыяд (Cs—Rn) уключае 32 элементы, сёмы перыяд (Fr—Mt) — 23, пакуль незавершаны. Гэтыя перыяды акрамя 10 d-элементаў уключаюць сем’і з 14 f-элементаў: лантаноіды ў 6-м і актыноіды ў 7-м перыядзе. Лантаноіды і актыноіды дадзены асобнымі радкамі ўнізе пад табліцай. d-элементы 7-га перыяду з ат. н. 104 і больш з’яўляюцца хім. аналагамі элементаў адпаведных груп 6-га перыяду. У падгрупах d-элементаў IB—VIIIB пры руху зверху ўніз метал. актыўнасць памяншаецца, устойлівасць злучэнняў элементаў у вышэйшай ступені акіслення павялічваецца.
П.с.э.М. належыць значная роля ў развіцці прыродазнаўства. Яна дазволіла прадказаць існаванне невядомых элементаў і іх уласцівасці, а таксама новыя ўласцівасці вядомых элементаў, служыць асновай для стварэння новых неарган. матэрыялаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАЙНД-РЫ́ВЕР (Blind River),
Алгома, буйны уранаварудны раён у Канадзе (прав. Антарыо). Адкрыты ў 1948. Урананоснасць звязана з пластамі кварцава-галечнікавых кангламератаў у магутнай тоўшчы ніжнепратэразойскіх парод. Разведаныя запасы — 270 тыс.т вокісу урану. Сярэдняя колькасць металу ў рудзе 0,08%; спадарожныя кампаненты — рэдказямельныя элементы. Гал. радовішчы: Агнью-Лейк, Эліят-Лейк. Распрацоўка падземным спосабам. Цэнтр — населены пункт Блайнд-Рывер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕВІ́З ФРА́ЗІН, Алевіз (Aloisio) Новы,
італьянскі архітэктар канца 15 — пач. 16 ст. У 1503—04 пабудаваў у Бахчысараі палац хана Менглі-Гірэя (захаваўся разны мураваны партал). З 1504 па запрашэнні Івана III у Маскве, дзе, паводле летапісу, пабудаваў 11 цэркваў (не захаваліся) і Архангельскі сабор у Крамлі (1505—08), у дэкар. апрацоўцы якога выкарыстаў элементы архітэктуры італьян. Адраджэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТАНЦЫ́,
ізаляваныя (астраўныя) узвышаныя элементы рэльефу (асобныя масівы), уцалелыя ад разбурэння. Адрозніваюць астанцы: выветрывання (скалістыя масівы вычварнай формы са стромкімі схіламі, у пустынных і паўпустынных абласцях); абцякання (складзеныя з рыхлага алювіяльнага матэрыялу, у далінах рэк); масівы з больш цвёрдых парод у працэсе эрозіі платопадобных тэрыторый утвараюць своеасаблівыя астанцы — сталовыя горы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАФАМА́НІЯ (ад графа... + манія),
хваравітая цяга да пісьменніцтва ў асоб, пазбаўленых літаратурных здольнасцей. Узнікае на аснове наіўнага ўяўлення пра лёгкасць і агульнадаступнасць пісьменніцкай працы або ў выніку пераацэнкі асабістых творчых магчымасцей. Часта графаманіі спрыяюць «гучнае імя», дачыненне да выдавецкага асяроддзя і неабмежаваная магчымасць друкавацца. Элементы графаманскай шматслоўнасці як відавочны элемент стылю бываюць і ў творчасці прафесійных пісьменнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАНАЦЦАЦІПЕ́РСНАЯ КІ́ШКА,
пачатковы аддзел тонкай кішкі ад выхадной адтуліны страўніка да парожняй кішкі. Даўжыня яе ў чалавека 27—30 см (прыблізна 12 папярочнікаў пальца, адсюль назва). У поласці Д.к. адкрываюцца вывадныя пратокі падстраўнікавай залозы і печані. Залозістыя элементы сценкі выдзяляюць сакрэт, у якім ёсць ферменты, неабходныя для ператраўлення бялкоў, тлушчаў і вугляводаў (у поласці Д.к. ператраўленне рэчываў найб. інтэнсіўнае).