ІАНІ́ТНАЯ ГЛЕ́БА,

штучнае пажыўнае асяроддзе для вырошчвання раслін; сумесь іанітаў (аніяніту і катыяніту), насычаных біягеннымі элементамі ў выглядзе іонаў. Створана ў Ін-це агульнай і неарган. хіміі Нац. АН Беларусі У.​С.​Салдатавым і Н.​Р.​Пёрышкінай (1966).

Распрацаваны розныя віды І.г. («Біёна»), якія адрозніваюцца іонаабменнікамі, іх іонным саставам і відам раўнаважнага пажыўнага раствору. Атрымана грануляваная, валакністая і ў выглядзе пенаматэрыялаў. Мае 4—8% (па масе) неабходных для раслін элементаў. 1 кг сухой І.г. (без унясення ўгнаенняў) дае 1—3 кг сырой (0,1—0,3 кг сухой) расліннай біямасы. Выкарыстоўваюць для вырошчвання раслін у ненатуральных умовах (на ледаколах, у касм. аранжарэях, хатнім раслінаводстве), у біялогіі для адаптацыі аслабленых раслін, чаранкавання (напр., бульбы, вінаграду і інш.), як высокаэфектыўнае ўгнаенне.

Літ.:

Солдатов В.С., Перышкина Н.Г. Искусственные почвы для растений. Мн., 1985.

В.​В.​Матусевіч.

т. 7, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯТКА́НЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

тэкстыльныя матэрыялы, што вырабляюць з натуральных або хім. валокнаў, нітак ці сінт. плёнак без выкарыстання метадаў ткацтва; адзін з відаў тэкст. прадукцыі. Прамысл. вытв-сць Н.м., пачатая ў 1940-я г., вызначаецца прастатой тэхналогіі. Асн. віды Н.м.: вязальна-прашыўныя, ніткапрашыўныя, іголкапрабіўныя, валюшна-лямцавыя і клееныя.

Атрымліваюць Н.м. змацаваннем мех., фіз.-хім. ці камбінаванымі спосабамі валакністай асновы (напр., валакністае палатно, сістэма нітак), сфармаванай на спец. абсталяванні. Мех. спосабамі (правязванне, іголкапраколванне) на спец. машынах вырабляюць вязальна- і ніткапрашыўныя, іголкапрабіўныя матэрыялы. Валюшна-лямцавыя атрымліваюць з шарсцяных валокнаў (гл. Валянне). Клееныя Н.м. вырабляюць фіз.-хім. спосабамі з выкарыстаннем сувязных (эластамеры, тэрмапластычныя і тэрмарэактыўныя палімеры і інш.) ці спец. апрацоўкай асновы. Выкарыстоўваюць у тэхніцы (фільтравальныя, цепла- і гукаізаляцыйныя палотны, абразіўныя матэрыялы, палотны для паліграфіі і інш.), у быце (напр., вацін, дываны, коўдры, штучнае футра).

Літ.:

Технологии производства нетканых материалов. М., 1982.

т. 11, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУ́ШАЎКА,

вёска ў Нацкім с/с Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл. За 4,5 км ад Ляхавіч, 240 км ад Брэста, 10 км ад чыг. ст. Райтанаў. 93 ж., 38 двароў (1997). Помнік архітэктуры — сядзіба (19 — пач. 20 ст.). Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

Вядома з 16 ст. як маёнтак. Належала Барбары Радзівіл, М.​Залескаму, Рэйтанам, Грабоўскім. Пры Рэйтанах у 18 ст. створаны сядзібны комплекс (пл. 14 га) і пастаўлены мураваны сядзібны дом у стылі класіцызму. Тут нарадзіўся і памёр навагрудскі пасол Т.​Рэйтан. У 2-й пал. 19 ст. ў маёнтку пабудаваны новы вінакурны завод, паравы млын, пашырана штучнае возера, прасвідраваны артэзіянскія калодзежы. У канцы 19 — пач. 20 ст. пастаўлены новы сядзібны дом у стылі мадэрн, у ім былі карцінная галерэя, паляўнічая зала. У 1905 адкрыты прытулак для дзяцей, шпіталь. У Вял. Айч. вайну ў Грушаўцы размяшчаўся санаторый для лётчыкаў.

т. 5, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАКО́ЛЬНАЕ АСЯРО́ДДЗЕ,

асяроддзе пражывання і вытв. дзейнасці чалавека. Уключае прыроднае асяроддзе і штучнае (тэхнагеннае) асяроддзе (жылыя пабудовы, прамысл. прадпрыемствы, каналы, вадасховішчы і інш.). Узаемаадносіны чалавека і Н.а. грунтуюцца на іх непарыўнай сувязі, якая пастаянна адбываецца праз абмен рэчываў, энергіі і інфармацыі з прыродным асяроддзем, пераважна на аснове прац. дзейнасці чалавека. Змест і функцыянаванне Н.а. вызначаюцца прыроднымі і сац. фактарамі. Ва ўмовах навукова-тэхн. рэвалюцыі сфера чалавечай дзейнасці практычна ахапіла геаграфічную абалонку і касм. прастору (гл. Наасфера). Чалавечае грамадства істотна змяніла Н.а. ў працэсе яго гасп. асваення (гл. Антрапагеннае ўздзеянне на прыроду), асабліва значныя змены адбыліся ў вял. гарадах. У многіх выпадках умяшанне чалавека ў прыродныя працэсы мела негатыўныя вынікі (гл. Забруджванне навакольнага асяроддзя). Ужо недастаткова мер па ахове атмасферы, вод, глеб і інш. кампанентаў прыроднага асяроддзя (гл. Ахова прыроды) у межах асобных краін, таму ўзнікла неабходнасць аб’яднаць і актывізаваць намаганні ўсіх народаў Зямлі.

Э.​В.​Клёсава.

т. 11, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́НТЭЗ МІНЕРА́ЛАЎ,

штучнае атрыманне мінералаў і монакрышталёў; адзін з раздзелаў эксперымент. мінералогіі. Ажыццяўляецца рознымі метадамі з аднакампанентных і многакампанентных сістэм. Крышталізацыя з расплаву — найб. пашыраны працэс прамысл. вырошчвання крышталёў і мінер. злучэнняў: карунд і яго разнавіднасці, рутыл, фабуліт, шпінэлі, флюарыт, александрыт, гранаты і інш. Крышталізацыя з насычаных раствораў адбываецца пры т-рах 30—600 °C — з водных раствораў (гідратэрмальны метад), 600—1400 °C — з солевых і інш. раствораў-расплаваў пры розных цісках (напр., пры сінтэзе алмазаў некалькі гігапаскаляў). Гэтым метадам атрымліваюць кварц (зялёныя і блакітныя крышталі, аметыст, цытрын), кальцыт, берлініт, цынкіт, карунд і яго разнавіднасці, сфалерыт, садаліт, кінавар і інш. Крышталізацыя з паравой (газавай) фазы адбываецца праз кандэнсацыю з малекулярных або плазменных пучкоў, катоднае або высокачастотнае распыленне, сінтэз у замкнёных аб’ёмах або ў патоку інертных газаў. Гэтым метадам вырабляюць галеніт, паратэлурыд і інш. Існуюць таксама метады хім. асаджэння з раствораў (напр., сінтэз апалу), цвердафазных рэакцый з прасаваннем пры высокіх цісках (напр., атрыманне бірузы, жадэіту). Гл. таксама Мінералы штучныя.

У.​Я.​Бардон.

т. 14, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАФІЗІ́ЧНАЯ РАЗВЕ́ДКА, геафізічныя метады пошукаў і разведкі,

фізічныя метады даследавання будовы зямной кары з мэтай пошукаў і разведкі карысных выкапняў; раздзел геафізікі. Засн. на выкарыстанні адрозненняў фіз. уласцівасцей карысных выкапняў і ўмяшчальных горных парод. Пры геафізічнай разведцы выкарыстоўваюць метады і іх мадыфікацыі: гравітацыйны (даследуе шчыльнасць горных парод), магнітны (намагнічанасць), электрычны (удзельнае эл. супраціўленне), сейсмічны (хвалевае супраціўленне і хуткасць пашырэння сейсмічных хваль), радыеактыўны (радыеактыўнасць). Вымярэнні вядуцца з паверхні Зямлі (сушы і мора), з паветра і пад зямлёй (гл. Каратаж). У граві-, магніта-, электра- і радыёразведцы вымяраюць параметры прыродных геафіз. палёў, у сейсмаразведцы і некат. відах электраразведкі выкарыстоўваюць штучнае ўзбуджэнне палёў (праз выбухі ці вібрацыю, увядзенне ў глебу эл. току). Важная пошукавая прыкмета — геафізічныя анамаліі. Геафізічная разведка бывае прамой (выяўленне радовішча) і ўскоснай (выяўленне геал. умоў, з якімі звязаны карысныя выкапні). Метады даследавання будовы зямной кары, пошукаў і разведкі нафтавых і газавых радовішчаў распрацоўвае структурная геафізіка; пошукаў, разведкі і даследавання радовішчаў руд — рудная геафізіка; даследаванняў геал. разрэзу і тэхн. стану свідравіны — прамысл. геафізіка.

Г.​І.​Каратаеў.

т. 5, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭАКЛІМАТЫЗА́ЦЫЯ (ад рэ... + акліматызацыя) у біялогіі, штучнае вяртанне ў якую-н. мясцовасць (гіст. арэал) і развядзенне віду, які там быў знішчаны ці вымер; аднаўленне арэала пэўнага віду арганізмаў; таксама сам працэс паўторнага прыстасавання арганізмаў да ўмоў існавання ў месцах ранейшага пашырэння.

Пачынаецца Р. з рэінтрадукцыя і складаецца з этапаў: папярэдняе эколага-эканам. абгрунтаванне мэтазгоднасці Р.; палявое абследаванне, работы па падтрымцы мэтазгоднасці інтрадукцыі віду; вызначэнне месца выпуску жывёл ці тэр. пасадкі раслін і іх колькасці; адлоў (закупка), перавозка і выпуск жывёл ці пасадка раслін; арганізацыя аховы такіх арганізмаў (арганізацыя запаведнікаў, заказнікаў з забаронай або рэгламентацыяй промыслу) і назіранне за імі. Паспяховасць Р. залежыць ад ступені змены былых умоў існавання (чым больш змен, тым ніжэй паспяховасць Р. на вызначанай тэр.), стварэння цэнтраў размнажэння, рассялення, ад міжнар, кааперацыі і інш. Р. садзейнічае аднаўленню біяцэнозаў і больш поўнаму выкарыстанню прадукцыйнасці экасістэм. Часцей праводзяць Р. паляўнічых (прамысл.) жывёл (напр., алень, бабёр, собаль, фазан і інш.). На Беларусі рэакліматызаваны алень высакародны, бабёр еўрап., зубр еўрап., бук лясны, дуб паўн., лістоўніца сібірская, хвоя веймутава, ціс ягадны.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 13, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯСПЛО́ДНАСЦЬ, бясплоддзе,

няздольнасць дарослага арганізма даваць жыццяздольнае патомства. Пры адсутнасці цяжарнасці на працягу года і болей пры рэгулярным палавым жыцці без засцярогі шлюб лічаць бясплодным. Пры відавочнай паталогіі мужа ці жонкі дыягназ бясплоднасць правамоцны і раней. Бясплодны шлюб (паводле даных многіх краін складае 10—30%, у сярэднім 15%; 1995) — медыка-дэмаграфічная праблема дзярж. значнасці. Рост бясплоднасці можа абумоўлівацца ўздзеяннем паталогіі экалагічных фактараў, некаторых кантрацэптываў, міграцыяй насельніцтва, нездаровым ладам жыцця, абортамі і інш. Яна выклікае больш хуткае старэнне арганізма, павышаную схільнасць да захворванняў (пухліны), скарачае працягласць жыцця.

Адрозніваюць бясплоднасць: першасную і другасную, абсалютную і адносную, прыроджаную і набытую, часовую і пастаянную, фізіял. і паталагічную, функцыян. і арган., добраахвотна ўсвядомленую і насільна вымушаную. Агульныя прычыны бясплоднасці: парушэнне сперматагенезу, аагенезу, працэсаў зачацця — апладнення і перамяшчэння аплодненай яйцаклеткі да імплантацыі. Першасная бясплоднасць (да 70—80%, дзетанараджэнне немагчыма з пачатку палавога жыцця) абумоўлена эндакрыннай паталогіяй, другасная (20—30%, былі цяжарнасці і роды, фактары бясплоднасці выявіліся пазней) — запаленчымі хваробамі. Прычыны бясплоднасці ў жанчын (да 70% ад усіх выпадкаў бясплоднасці) — трубныя, перытаніяльныя, эндакрынныя, матачныя і шыйкавыя фактары (няправільнае развіццё ўсяго арганізма, палавых органаў, парушэнні дзейнасці яечнікаў і інш. залоз унутр. сакрэцыі, недахоп у арганізме вітамінаў, хранічныя запаленчыя хваробы і пухліны, спайкавыя працэсы і інш.). Да 30% выпадкаў бясплоднасці ў мужчын звязаны з паталаг. зменамі семя або хваробамі і недахопамі развіцця семявывадных шляхоў (наяўнасць, жыццяздольнасць і рухомасць сперматазоідаў, марфалогія і характар семянной плазмы); бывае пасля ганарэі і туберкулёзу. Лячэнне накіравана на ліквідацыю прычыны бясплоднасці — тэрапеўтычнае і хірургічнае, а таксама штучнае апладненне спермай мужа (ШАМ) ці донара (ШАД), штучнае экстракарпаральнае апладненне (ЭКА).

У жывёл бясплоднасць бывае прыроджаная і набытая. Бясплоднай лічаць маладую самку, што не апладнілася праз месяц пасля дасягнення фізіял. спеласці (у цялушак пасля 18 месяцаў, у кабыл 3 гады, у ярак 12 месяцаў, у свінак 8—9 месяцаў), і самку, што праз месяц пасля родаў была асемянёна, але не апладнілася. Бясплоднымі могуць быць і самцы. Асн. прычынамі, што парушаюць палавую функцыю ў жывёл, лічаць недастатковае ці залішняе кармленне с.-г. жывёл, недахоп вітамінаў (A, E, D, B і інш.), мінер. рэчываў (кальцыю, фосфару) і мікраэлементаў (ёду, кобальту, медзі, марганцу, цынку), перакормліванне канцэнтраванымі кармамі, недастатковае кармленне цяжарнай жывёлы і той, што расце. Пры бясплоднасці, выкліканай парушэннямі правіл штучнага асемянення або злучкі, змен у палавых органах не ўстанаўліваюць. Прычынай бясплоднасці могуць быць захворванні палавых органаў, паталагічныя роды, затрымка паследу, субінвалюцыя маткі, захворванні на трыхаманоз, кампілабактэрыёз, бруцэлёз і інш.

І.​У.​Дуда (бясплоднасць у чалавека).

т. 3, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯРА́МА (ад дыя... + грэч. horama від, відовішча),

від жывапісу, у якім стужкападобная карціна нацягнута на ўнутр. паверхні паўкруглага ў плане падрамніка; спалучаецца з аб’ёмным (бутафорскім) пярэднім планам, макетамі. Разлічана на штучнае асвятленне. Вял. Д. размешчаны ў спец. будынках.

Стварае ілюзію шырокіх прастораў і паказвае пераважна батальныя сцэны. У адрозненне ад панарамы ахоплівае толькі частку гарызонту. Д. ствараецца з 19 ст. Першапачаткова жывапісныя выявы выконваліся па абодвух баках матэрыялу, які прасвечваўся. Пры змене напрамку і інтэнсіўнасці асвятлення змянялася і бачная гледачу карціна. Першую такую Д. стварыў Л.​Ж.​Дагер у Парыжы (1822). У сучасным мастацтве такія Д. часам выкарыстоўваюць ў тэатральна-дэкарацыйным мастацтве.

З вядомых Д. у бел. мастацтве «Фашысцкі лагер смерці Малы Трасцянец» (1968, Я.​Красоўскі, І.​Пешкур), «Мінскі касцёл» «Мінскі кацёл» (1969—71, П.​Крохалеў, У.​Лагун, Л.​Асядоўскі, Б.​Аракчэеў; абедзве ў Бел. дзярж. музеі гісторыі Вял. Айч. Вайны), «Абарона Брэсцкай крэпасці» (1957, П.​Дурчын, Ф.​Зільберт, Брэсцкі абл. краязнаўчы музей), «Ф.​Скарына трымае экзамен перад прафесарамі Падуанскага універсітэта» (1991—96, П.​Драчоў, Музей медыцыны ў Мінску).

Дыярама. «Ф.​Скарына трымае экзамен перад прафесарамі Падуанскага універсітэта». Мастак П.​Драчоў. 1991—96.

т. 6, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБО́РТ (лац. abortus),

спыненне цяжарнасці ў жанчын у першыя 22 тыдні (раней лічылі 28), калі плод яшчэ не здольны да жыцця па-за целам маці. Спыненне цяжарнасці ў больш познія тэрміны (да 38 тыдняў) наз. заўчаснымі родамі. Аборт да 12 тыдняў лічыцца ранні, пасля гэтага тэрміну — позні. Аборт штучны — спыненне цяжарнасці пры дапамозе спец. інструментаў або фармакалагічных сродкаў урачом у мед. установе; дазволены заканадаўствам у большасці краін свету, у т. л. ў Рэспубліцы Беларусь. Штучнае спыненне цяжарнасці па-за бальнічнай установай або без урача лічыцца крымінальным. Самаадвольны аборт (выкідыш) можа быць вынікам уздзеяння генет., эндакрынных, інфекц., сац.-эканам., экалаг., прафес. фактараў і звязаных з гэтым хвароб жанчыны і мужчыны і стварае вял. праблему ў акушэрстве — да 15—20% выкідышаў. У самаадвольным аборце адрозніваюць стадыі: пагражальны аборт, аборт, які пачаўся, аборт няпоўны і поўны. На 2 першых стадыях магчыма захаванне цяжарнасці. Самаадвольны аборт можа ўзнікаць паўторна (прывычны выкідыш), асн. сімптомы: болі ў нізе жывата і ў крыжы, крывяныя выдзяленні, далучаная інфекцыя. Аборт, якому спадарожнічае інфекцыя, наз. інфекцыйны. Любы аборт можа выклікаць ускладненні раннія (крывацёкі, пракол сценкі маткі, пашкоджанні сумежных органаў) і познія (запаленне палавых органаў і брушыны, бясплоднасць, эндакрынныя парушэнні), а таксама смерць жанчыны. Лячэнне аборту на ўсіх стадыях праводзіцца ў стацыянарных умовах.

І.​У.​Дуда.

т. 1, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)