ПАЎЛО́ВІЧ (Мікалай Браніслававіч) (15.7.1897, в. Мазурына Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. — 26.6.1973),

контр-адмірал (1944). Канд. ваенна-марскіх н. (1942), праф. (1951). Скончыў Марскі корпус у Петраградзе (1917). Служыў на караблях Балт. флоту, камандаваў тральшчыкам, эсмінцам. З 1931 выкладаў у Ваенна-марской акадэміі (ВМА). У сав.-фінл. вайну 1939—40 нам. камандзіра і нач. штаба атрада асобага прызначэння Балт. флоту. З мая 1941 нач. кафедры ВМА. У час Петсама-Кіркенескай аперацыі 1944 нач. паходнага штаба камандуючага Паўн. флотам. З 1954 у адстаўцы. Аўтар прац пераважна па тактыцы ВМФ, у т. л. падручнікаў для ваенна-марскіх навуч. устаноў.

Тв.:

Развитие тактики Военно-Морского Флота. Т. 1—4. М., 1990.

Б.​Дз.​Далгатовіч.

т. 12, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТО́НАЎ (Аляксей Інакенцьевіч) (27.9.1896, г. Гродна — 18.6.1962),

ваенны дзеяч. Ген. арміі (1943). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1931) і Генштаба (1937). У арміі з 1916, у Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. З 1938 на выкладчыцкай рабоце. У Вял. Айч. вайну са жн. 1941 нач. штаба Паўд., Паўн.-Каўказскага і Закаўказскага франтоў, Чарнаморскай групы войскаў. З 1942 1-ы нам. нач. Генштаба і нач. Аператыўнага ўпраўлення, удзельнік распрацоўкі плана Беларускай аперацыі 1944, інш. важных аперацый. З лют. 1945 нач. Генштаба, удзельнік Крымскай і Берлінскай (Патсдамскай) канферэнцый. У 1946—48 і з 1954 1-ы нам. нач. Генштаба, з 1955 адначасова нач. Штаба Аб’яднаных узбр. сіл дзяржаў — удзельніц Варшаўскага Дагавора. Дэп. ВС СССР з 1946.

А.І.Антонаў.

т. 1, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРА́ХІН (Сяргей Сцяпанавіч) (7.10.1911, в. Тотаршава Ардатаўскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія — 15.6.1972),

савецкі ваен. дзеяч, ген. арміі (1968). Скончыў Ваен. акадэміі імя Фрунзе (1941) і Генштаба (1950). У Чырв. Арміі з 1931. У Вял. Айч. вайну на Паўн.-Зах., Бранскім, Варонежскім, 1-м Укр. франтах: нач. штаба танк. брыгады, штаба ўпраўлення бранятанк. і механіз. войск фронту, нач. аператыўнага аддзела танк. арміі, камандзір танк. брыгады. Пасля вайны на камандных пасадах у войсках, выкладчык Ваен. Акадэміі Генштаба. З 1960 1-ы нам. камандуючага, камандуючы Паўн. групай войск, у 1964—67 камандуючы войскамі БВА. З 1968 нам. міністра абароны — нач. тылу Узбр. Сіл СССР. Чл. ЦК КПСС у 1971—72, чл. ЦК КПБ у 1966—68. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1966—72.

т. 10, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫШЛАЕ́ЎСКІ (Аляксандр Захар’евіч) (24.3.1856—1920),

расійскі ваен. дзеяч і гісторык. Засл. праф. (1905). Ген. ад інфантэрыі (1912). Скончыў Міхайлаўскае артыл. вучылішча (1877), Акадэмію Генштаба (1884), з 1898 выкладаў у ёй. Адначасова ў 1899—1902 нач. Ваен.-вучонага архіва Гал. штаба. З 1908 нач. Гал. штаба, у сак.—вер. 1909 нач. Генштаба, потым камандзір 2-га Каўк. корпуса. У пач. 1-й сусв. вайны пам. галоўнакаманд. Каўк. арміяй. З 1915 у адстаўцы, на гасп. і інш. пасадах. Са снеж. 1917 старшыня Каўк. ваен.-гіст. камісіі па абагульненні вопыту 1-й сусв. вайны. Аўтар прац па рас. ваен. гісторыі, у т. л. «Паўночная вайна 1708 г. ад р. Улы і Бярэзіны за р. Дняпро» (1901).

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 11, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТРУШЭ́ЎСКІ (Аляксандр Васілевіч) (9.10.1898, г. Лунінец Брэсцкай вобл. — 21.10.1976),

Герой Сав. Саюза (1944), ген.-палк. (1954). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1928) і Генштаба (1938). У арміі з 1916, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны 1919—20. З 1932 на выкладчыцкай рабоце, з 1938 нам. нач. штаба БВА. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Цэнтр., Бранскім, 1-м, 2-м і 3-м Укр. франтах: нач. штаба арміі, камандзір корпуса, камандуючы арміяй. Удзельнік Маскоўскай, Курскай бітваў, Варонежска-Касторненскай, Сеўска-Арлоўскай, Чарнігаўска-Прыпяцкай, Жытомірска-Бярдзічаўскай, Корсунь-Шаўчэнкаўскай, Уманскай, Дэбрэцэнскай, Будапешцкай, Балатонскай і Венскай аперацый. Стралк. корпус на чале з ген.-лейт. П. вызначыўся ў час прарыву абароны праціўніка на тэр. Румыніі. Да 1960 у Сав. Арміі.

А.В.Петрушэўскі.

т. 12, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НЧЫЦ (Уладзімір Мікалаевіч) (н. 11.1.1925, Масква),

генерал-палкоўнік (1978). Праф. (1988). Беларус. Скончыў 1-е Кіеўскае артыл. вучылішча (1942), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1950), акадэмію Ген. штаба (1964). У Вял. Айч. вайну ў складзе дывізіёна аэрастатаў артыл. назірання ваяваў на Ленінградскім, Волхаўскім і 3-м Прыбалт. франтах. У 1944 удзельнік вызвалення Беларусі. Пасля вайны на камандных і штабных пасадах. У 1974—77 нач. штаба Беларускай ваеннай акругі, у 1978—81 камандуючы войскамі Прыволжскай ваен. акругі, у 1981—85 гал. ваен. саветнік у Рэспубліцы Куба, у 1985—92 нач. Ваен. акадэміі імя Фрунзе. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1975—80. Вярх. Савета СССР у 1979—84.

Літ.:

Джилкишев С. Вижу цель. Алма-Ата, 1970;

Яго ж. Сообщаю цель. Алма-Ата, 1982;

Василевский А.А. 21-я гвардейская. 2 изд. Уфа, 1988.

т. 8, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУКЛЕ́ВІЧ (Рамуальд Адамавіч) (7.12. 1890, г. Супрасль, Польшча — 9.2. 1938),

савецкі ваен. і дзярж. дзеяч. Флагман 1-га рангу. З 1912 на флоце. Удзельнік Лют. і Кастр. рэвалюцый 1917 у Петраградзе. З 1918 у Чырв. Арміі. З 1919 камісар Зах. граніцы, нач. штаба Свянцянскай групы войск, мінскі губ. ваен. камісар (ліп.—жн. 1919), камісар штаба 16-й арміі. З чэрв. 1920 чл. Магілёўскага ВРК. У 1921—22 чл. РВС Заходняга фронту 1919—24. У 1926—31 нач. (з 1931 інспектар) ВМС РСЧА. З 1934 нач. Гал. ўпраўлення суднабуд. прам-сці і адначасова (з 1936) нам. наркома абароннай прам-сці. Чл. ЦВК БССР і ЦВК Літ.-Бел. ССР (1919), ВЦВК (1921—22), ЦВК СССР (1925—31), чл. РВС (1926—34). У маі 1937 беспадстаўна арыштаваны і расстраляны. У 1956 рэабілітаваны.

Э.​А.​Карніловіч.

т. 11, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́НГВА (Раман Войцехавіч) (8.7.1891, Варшава — 8.2.1938),

савецкі ваенны дзеяч, камкор (1935). Скончыў Аляксееўскае ваен. вучылішча (1915). Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1917 удзельнік узбр. паўстання ў Петраградзе, камендант поштаў і тэлеграфа. З лют. 1918 у Чырв. Арміі, з чэрв. на Зах. фронце: нач. штаба дывізіі, камандзір брыгады, нач. Зах. дывізіі (з лют. 1919), якая ўдзельнічала ў абарончых баях супраць польскіх войск на тэр. Беларусі. З вер. 1919 нач. 2-й стралк. дывізіі. Вызначыўся пры ўзяцці Бабруйскага ўмацаванага раёна і фартоў Брэсцкай крэпасці. У жн.—вер. 1920 камандуючы 1-й польскай Чырв. Арміяй, потым нач. 5-й стралк. дывізіі. З ліст. 1920 у разведупраўленні штаба ўзбр. сіл Украіны і Крыма, з 1923 у штабе Укр. ваен. акругі, потым ваен. аташэ ў Кітаі. З 1927 камандзір і камісар 43-й стралк. дывізіі. З 1930 ва ўпраўленні сувязі РСЧА. У 1938 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1954.

П.​А.​Селіванаў.

т. 9, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́ДЭНДОРФ ((Ludendorff) Эрых) (9.4.1865, маёнтак Крушэўня каля г. Познань, Польшча — 20.12.1937),

германскі ваен. і паліт. дзеяч. Ген. пяхоты (1916). Скончыў ваен. акадэмію ў Берліне (1893). У 1908—12 нач. аператыўнага аддзела Генштаба. У 1-ю сусв. вайну памочнік ген. П.Гіндэнбурга і фактычны кіраўнік дзеянняў герм. войск на Усх. фронце. 23—31.8.1914 разбіў 2-ю рас. армію ген. А.​В.​Самсонава каля Таненберга (цяпер в. Стэмбарк у Вармінска-Мазурскім ваяв. Польшчы). 3 ліст. 1914 нач. штаба фронту, са жн. 1916 1-ы ген.-кватэрмайстар штаба вярх. камандавання і фактычны кіраўнік дзеянняў узбр. сіл Герм. імперыі. 3 кастр. 1918 у адстаўцы. Удзельнік антысеміцкага руху, Капаўскага путчу 1920 і кіраўнік (разам з А.​Гітлерам) «піўнога путчу» 1923 супраць Веймарскай рэспублікі. У 1924—28 дэп. рэйхстага. У 1926 разам з жонкай заснаваў т.зв. Таненбергскі саюз (у 1933 забаронены), які меў на мэце барацьбу з «унутранымі ворагамі дзяржавы» (яўрэямі, масонамі, камуністамі). Аўтар кніг «Вядзенне вайны і палітыка» (3-е выд. 1923), «Татальная вайна» (1936).

т. 9, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІНАЧЭ́Т УГА́РТЭ ((Pinochet Ugarte) Аўгуста) (н. 25.11.1915, г. Вальпараіса, Чылі),

ваенны і дзярж. дзеяч Чылі. Скончыў Ваен. акадэмію Чылі (1936). Генерал. У 1956—58 ваен. аташэ пры пасольстве Чылі ў ЗША. У 1959—64 нам. нач. Ваен. акадэміі Чылі. З 1968 нач. штаба, з 1969 камандзір дывізіі, з 1972 нач. штаба сухап. войск, са жн. 1973 каманд. сухап. войскамі Чылі. 11.9.1973 здзейсніў ваен. пераварот, у выніку якога скінуты ўрад «Народнага адзінства» і загінуў прэзідэнт С.Альендэ Госенс.

Узначаліў ваен. хунту (савет), у снеж. 1974 абвешчаны прэзідэнтам Чылі. Разам з жорсткімі паліт. рэпрэсіямі і масавымі грубымі парушэннямі правоў чалавека (у 1973—74 больш за 130 тыс. чал. арыштаваны, многія загінулі) праводзіў курс на эканам. рэформы, якія ператварылі эканоміку Чылі ў адну з найб. дынамічных у Лац. Амерыцы. У 1988 прайграў рэферэндум па працягванні сваіх прэзідэнцкіх паўнамоцтваў, у 1989 прэзідэнцкія выбары. У 1990 вымушаны перадаць уладу цывільнаму прэзідэнту, захаваўшы да 1998 пасаду галоўнакаманд. ўзбр. сіламі. З 1998 пажыццёвы сенатар.

т. 12, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)