ДО́БІЯШ ((Dobiáš) Вацлаў) (22.9.1909, Радчыцы, каля г. Семілі, Чэхія — 1978),
чэшскі кампазітар, муз. дзеяч. Нар. арт. ЧССР (1976). Вучыўся ў кансерваторыі (1932—37) і ў Школе вышэйшага майстэрства (1937—39) у Празе. Праф. пражскай Акадэміі прыгожых мастацтваў (з 1950). Старшыня Саюза кампазітараў ЧССР (1955—63). Старшыня Камітэта муз. фестывалю «Пражская вясна» (да 1978). Сярод асн. твораў: 3 кантаты, у т. л. «Будуй Радзіму — умацуеш мір» (3-я рэд. 1950, Залаты медаль Міру Сусв. Савета Міру); 3 сімфоніі (1943, 1957, камерная 1939), 4 стр. квартэты, санет «Аб роднай краіне» і інш., фп. п’есы, санаты, вак. цыклы, масавыя песні, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэмія ЧССР 1952.
т. 6, с. 173
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́БРАЎСКІ ((Dobrovský) Іосеф) (17.8.1753, Дзьярмат, каля г. Дзьёр, Венгрыя — 6.1.1829),
чэшскі асветнік-славіст. Адзін з заснавальнікаў славяназнаўства, дзеяч чэш. Адраджэння. Вучыўся ў Пражскім ун-це (1768—76). Чл. Каралеўскага т-ва навук у Празе (з 1784), ганаровы чл. Рас. АН (з 1820) і акадэмій інш. краін. Заклаў асновы параўнальнага вывучэння славянскіх моў, культуры і гісторыі. Аўтар прац «Гісторыя чэшскай мовы і літаратуры» (1792), «Глагалітыка» (1807), «Асновы стараславянскай мовы» (1822), цыкла артыкулаў «Крытычныя спробы ачышчэння чэшскай гісторыі ад пазнейшых выдумак» (1803—19) і інш. Выдаваў навук. славістычныя зб-кі «Славін» (1806—08) і «Славанка» (1814—15).
Тв.:
Spisy a projevy. Sv. 5—23. Praha, 1936—63.
т. 6, с. 173
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАТАЎКАНІЮ́К ((Zatovkaňuk) Мікалаш) (н. 21.9.1919, в. Палонкі Валынскай вобл., Украіна),
чэшскі мовазнавец. Д-р філасофіі (1952).’Скончыў Тбіліскі ун-т (1947). У 1947—49 вывучаў славістыку ў Карлавым ун-це (Прага; выкладаў курс «Уводзіны ў бел. мову» ў гэтым ун-це). Займаецца параўнальным вывучэннем бел., укр. і рус. моў, іх узаемадзеяннямі з зах.-слав. мовамі, тыпалогіяй блізкароднасных моў, псіхалінгвістыкай. Аўтар манаграфіі «Словазмяненне назоўнікаў ва ўсходнеславянскіх мовах» (1975), даследаванняў і артыкулаў па праблемах беларусістыкі: «Усходнеславянскія традыцыі і беларусістыка ў Пражскім універсітэце» (1970), «Пра лексічныя кантакты беларускай і польскай моў (з пункту гледжання моўнай інтэрферэнцыі)» (1973) і інш.
І.І.Лучыц-Федарэц.
т. 7, с. 7
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕ́МАН ((Zeman) Карэл) (3.11.1910, г. Острамерж, Чэхія — 1989),
чэшскі рэжысёр; адзін з заснавальнікаў чэхаславацкага лялечнага фільма. Засл. арт. ЧССР (1960). Скончыў школу маст. рэкламы ў Парыжы (1928). Сярод фільмаў: «Калядны сон» (1945), «Падарожжа ў першабытную эпоху» (1956, Дзярж. прэмія ЧССР 1957), «Тайна вострава Бэк-Кап» паводле Ж.Верна (1958, Дзярж. прэмія ЧССР 1959), «Барон Мюнхгаўзен» (1962), «Хроніка блазна» (1964), «Казкі тысяча і адной ночы» (1975), «Казкі пра Гонзіка і Маржэнку» (1981) і інш. Характэрны пошукі новых стылістычных прыёмаў, спалучэнне пластычных сродкаў мультыплікацыйнага і ігравога кіно. Прэмія Міру за дасягненні ў галіне кінамастацтва (1959), прызы на міжнар. кінафестывалях у Кане, Венецыі, Карлавых Варах і інш.
т. 7, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́БЕЛАЧ ((Kabeláć) Міласлаў) (1.8.1908, Прага — 1979),
чэшскі кампазітар, дырыжор, педагог. Вучыўся ў Пражскай кансерваторыі (1928—31), Школе майстроў пры ёй (1931—32), выкладаў у кансерваторыі (праф. з 1958). У 1932—54 (з перапынкам) муз. рэжысёр, муз. рэдактар, дырыжор Пражскага радыё. Яго музыцы ўласціва апора на традыцыі нац. муз. фальклору ў спалучэнні з новымі прыёмамі пісьма. Эксперыментаваў у галіне электроннай музыкі. Сярод тв.: 8 сімфоній (1942—68), пасакалля «Містэрыя часу» (1957), 2 уверцюры, «Гамлетаўскія імправізацыі» і цыкл «Адлюстраванне» (1964) для арк.; 2 кантаты; «Містэрыя цішыні»; т. зв. электронна-акустычная кампазіцыя «6 карцін з чэшскіх летапісаў» (1970) і інш. Дзярж. прэмія Чэхаславакіі 1965.
т. 7, с. 384
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛАР ((Kollár) Ян) (29.7.1793, в. Мошаўцы, Славакія — 24.1.1852),
славацкі і чэшскі паэт, публіцыст, археолаг. Скончыў Іенскі ун-т (1819). Быў пастарам. З 1849 праф. слав. археалогіі Венскага ун-та. Адстойваў ідэю адраджэння і збліжэння слав. народаў. Пісаў на чэш. мове. Першы зб. «Вершы» (1821) складаюць оды, санеты, элегіі, афарызмы. Патрыят. пафас абароны славян ад прыгнятальнікаў у манум. ліра-эпічнай паэме «Дачка Славы» (1824). Складальнік зб. славацкіх нар. песень (т. 1—2, 1834—35), аўтар трактата «Аб літаратурнай узаемнасці славян» (1836), нататак пра падарожжа ў Італію (1843, 1845).
Тв.:
Рус. пер. — Сто сонетов. М., 1973.
Літ.:
Зайцева А.К. Ян Коллар // История словацкой литературы. М., 1970.
І.В.Шаблоўская.
т. 8, с. 381
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ПЕР ((Popper) Давід) (18.6.1843, Прага —7.8.1913),
чэшскі віяланчэліст, кампазітар, педагог. Скончыў Пражскую кансерваторыю (1861). У 1868—73 саліст аркестра Венскай прыдв. оперы. З 1886 праф. Акадэміі музыкі ў Будапешце. Выступаў (да 1886) у ансамблях з Ф.Лістам, І.Брамсам, А.Рубінштэйнам і інш. Для яго манеры выканання былі ўласцівы рамантычная ўзнёсласць, усхваляванасць, віртуозная і адначасова элегантная тэхніка. Аўтар п’ес для віяланчэлі, частка з якіх захавалася ў рэпертуары сучасных выканаўцаў («Калаўрот», «Паляванне», «Танец эльфаў», «Тарантэла» і інш.). Сярод інш. твораў: 4 канцэрты для віяланчэлі з арк., рэквіем для 3 віяланчэлей з арк., 2 стр. квартэты, 4 сюіты для віяланчэлі. Аўтар папулярных у пед. практыцы 40 эцюдаў значнай цяжкасці.
т. 12, с. 510
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́БІНА ((Sabina) Карал) (29.12.1813, Прага — 9.11.1877),
дзеяч чэш. нац.-вызв. і рэв. руху, літаратар. Вучыўся ў Пражскім і Венскім ун-тах. Адзін з арганізатараў тайнага радыкальнага гуртка «Чэшскі рыпіл» (1844, на ўзор ірл. Асацыяцыі рыпілераў). У час Рэвалюцыі 1848—49 у Чэхіі лідэр радыкальных дэмакратаў, рэдактар шэрагу іх газет і часопісаў, член Сватавацлаўскага к-та, яго ваен. арг-цыі «Сворнасць» і паліт. саюза «Слав. ліпа». У 1849 арыштаваны, прыгавораны да пакарання смерцю (заменена на 18 гадоў зняволення), у 1857 амнісціраваны. У 1859—72 быў інфарматарам аўстр. паліцыі. Аўтар літ.-крытычных і літ.-тэарэт. твораў, рамантычных апавяданняў і раманаў сац. зместу, лібрэта оперы Б.Сметаны «Прададзеная нявеста».
т. 14, с. 47
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІ́МА ((Zima) Міласлаў) (н. 3.1.1920, Прага),
чэшскі мовазнавец-славіст. Д-р слав. філалогіі (1953). Скончыў Карлаў ун-т у Празе (1950). З 1954 у Ін-це славяназнаўства Чэхаславацкай АН, у 1961—84 супрацоўнік Слав. б-кі ў Празе. Даследаваў пытанні транскрыпцыі, транслітарацыі, арфаграфіі і анамастыкі бел., польск., рус., балг. і славенскай моў («Некаторыя прапановы па транслітарацыі алфавіта і іх тэарэтычная аснова», 1963, «Транслітэрацыя, транскрыпцыя і іншыя віды перадачы», 1986). Шэраг артыкулаў прысвяціў праблемам бел. мовазнаўства: «Паходжанне назвы «Белая Русь» (1957), «Умовы так званага пералівання імён у нацыянальныя формы паміж усходнеславянскімі мовамі» (1972), «Нататкі пра беларускую літаратурную мову» (1980), «Францішак Скарына і яго імя» (1990) і інш. Перакладае з слав. моў, у т. л. з беларускай.
т. 7, с. 66
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУ́БАТЫ ((Zubatý) Іозеф) (20.4.1855, Прага —21.3.1931),
чэшскі мовазнавец. Акадэмік (з 1904) і прэзідэнт (з 1928) Чэш. АН. Праф. Карлава ун-та (з 1891), ген. сакратар Каралеўскага чэш. т-ва навук (1911—16). Буйны індолаг — аўтар даследаванняў па пытаннях стараж,інд. фанетыкі і граматыкі, інд. л-ры; пераклаў на чэш. мову 2 драмы Калідасы. Займаўся навук. вывучэннем індаеўрап. моў — класічных, балт. і слав. («Параўнальны сінтаксіс індаеўрапейскіх моў», 1901, і інш.); зрабіў значны ўклад у развіццё багемістыкі. У 1910—22 апублікаваў шэраг даследаванняў, прысвечаных этымалогіі рэдкіх слоў з розных моў, у т. л. беларускіх («азярод», «досыць», «льга», «латвы» і інш.).
Тв.:
Studie a články. Sv. 1—2. Praha, 1945—54.
І.І.Лучыц-Федарэц.
т. 7, с. 115
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)