род птушак сям. чаек. 2 віды: М. звычайная (R. tridactyla) і М. чырвананогая, або гаварушка (R. brevirostris). Пашыраны ў паўн.ч. Атлантычнага і Ціхага акіянаў. Чародкамі вандруюць па морах. У перыяд размнажэння ўтвараюць паселішчы на скалах і астравах. Разам з кайрамі М. складаюць асн. насельніцтва птушыных кірмашоў.
Даўж. да 40 см, маса да 400 г. Спіна і крылы зверху блакітнавата-шэрыя, махавыя пёры чорныя, з белымі плямамі на вяршынях. астатняе апярэнне белае. Кормяцца дробнай рыбай і беспазваночнымі. Нясуць 2—3 яйцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНЁВА,
даўняе жаночае паясное адзенне ўсходніх славян. Вядомы П. расхінная (3 сшытыя суконныя ці паўсуконныя полкі, сабраныя зверху на шнуры, якім мацавалася на таліі, крыссе адкрытае спераду ці збоку) і закрытая, або глухая (4 цалкам сшытыя полкі, адна з якіх не аздобленая). На мяжы рассялення беларусаў, рускіх і ўкраінцаў насілі П. з 2 полак, сшытых прыкладна на 2/3 даўжыні. На Беларусі найб. тыповыя клятчастыя сінія, чырвоныя, чорныя П. неглюбскага строю, аздобленыя ўзорамі квадратаў, ромбаў, крыжыкаў і інш. Бытавала да пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́ЛЯДЗЬ, сырок (Coregonus peled),
рыба роду сігаў сям. ласасёвых атр. ласосепадобных. Пашырана ў вадаёмах паўн. Еўразіі. Мае 3 экалагічныя формы: рачная хуткарослая, азёрная звычайная і азёрная карлікавая (з прыгнечаным ростам). Чародная рыба. Акліматызавана ў некат. краінах Еўропы. У азёрах Беларусі (Віцебская вобл.) з 1957.
Даўж. да 55 см, маса да 3 (зрэдку да 5) кг. Цела падоўжанае, высокае, цёмна-серабрыстае. Верхняя сківіца даўжэйшая за ніжнюю. На галаве і спінным плаўніку невял. чорныя плямы. Паміж спінным і хваставым плаўнікамі ёсць тлушчавы плаўнічок. Корміцца зоапланктонам (пераважна ракападобнымі). Аб’ект промыслу і гадоўлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАШЧАНО́СНАЯ Я́ШЧАРКА (Chlamidosaurus kingi),
паўзун сям. агам; адзіны від аднайменнага роду. Пашырана на Пн і ПнЗ Аўстраліі і в-ве Новая Гвінея. Жыве пераважна на дрэвах, па зямлі можа бегаць на задніх нагах.
Даўж. да 80 см. Мае шырокую лускаватую складку скуры ў выглядзе каўняра—«плашча» (адсюль назва) шыр. да 15 см. У самцоў на каўняры каляровыя плямы; грудзі і горла чорныя. Раскрывае «плашч» пры абароне, небяспецы, узбуджэнні, у час гону. Корміцца пераважна насякомымі, а таксама інш. беспазваночнымі, дробнымі паўзунамі і млекакормячымі.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭХАТВО́РКІ (Cynipoidea),
надсямейства насякомых атрада перапончатакрылых. Каля 1,9 тысяч відаў. Пашыраны ў Паўночным паўшар’і. На Беларусі найбольш вядомыя арэхатворка дубовая звычайная (Cynips quercus folii), каранёвая (Biorrhiza pallida) і ружовая (Rhodites rosae).
Даўжыня цела 1—5 мм, зрэдку да 25 мм. Лічынкі паразітуюць у тканках раслін (часцей на дубах і ружавых), утвараюць нарасты (галы) накшталт арэшкаў (адсюль назва), характэрныя для кожнага віду. Унутры іх развіваюцца лічынкі. Некаторыя паразітуюць у лічынках насякомых. Лічынкі бязногія, белыя, дарослыя — чорныя або бурыя. Дубовыя галы («чарнільныя арэшкі») раней выкарыстоўвалі на дубленне скуры і прыгатаванне чарніла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́ХАЎКА, кедраўка (Nucifraga caryocatactes),
птушка сямейства крумкачовых атрада вераб’інападобных. Пашырана ў цемнахвойных лясах Еўразіі. На Беларусі рэдкая; гняздуецца пераважна ў паўночным і цэнтральным раёнах, у паўднёвых раёнах трапляецца спарадычна; жыве падвід арэхаўка еўрапейская, часам залятае арэхаўка сібірская.
Даўжыня цела да 36 см, маса да 200 г. Дзюба тоўстая, прамая, чорная. Ногі чорныя. Апярэнне буравата-карычневае з белымі плямкамі. На канцы хваста белая паласа. Гнёзды на хвойных дрэвах на вышыні 4—12 м. Яйцы 3—4, радзей 2—6, нясе ў красавіку. Корміцца насеннем кедра, елкі, хвоі, дуба, насякомымі і іх лічынкамі. Разносіць і хавае ў глебе насенне дрэў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЗО́ЎСКІ ((Bazovský) Мілаш Аляксандр) (11.1.1899, г. Турані-над-Вагам, Славакія — 15.12.1968),
славацкі жывапісец і графік. Нар. мастак Славакіі (1964). Вучыўся ў АМ у Будапешце (1918) і Празе (1919—24). Адзін з заснавальнікаў сучаснага славацкага жывапісу. Яго мастацтва блізкае да нар. формаў, нар. творчасці, што звязана з мяккім каларытам, умоўнасцю і спрошчанасцю малюнка, тонкім пачуццёвым лірызмам, тугою, смуткам. Аўтар тэматычных карцін, пейзажаў: «Веснавы струмень» (1927), «Чорныя сенажаці» (1930), «Дзяўчына са збанам» (1931), «Аранжавы конь» (1938), «Чорнае сонца» (1942), «Агасфер (Лудзільшчык)» (1948), «Радасная вёска» (1949), «Птушкі адлятаюць» (1957) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАЛО́НЫ (Parnassius),
род дзённых матылёў сям. паруснікаў, або кавалераў, атр. лускакрылых. Сустракаюцца пераважна ў горных раёнах Еўразіі, лакальна на раўнінах. На Беларусі трапляюцца апалон чорны (P. mnemosyne) і апалон (P. apollo) — рэдкія віды, занесеныя ў Чырв. кнігу.
Размах белых крылаў да 9 см, пярэднія крылы з 2—5 чорнымі плямкамі, заднія з чырвонымі. Апалон чорны па памерах меншы і без чырвоных плямак на крылах. Лёт у чэрв.—жніўні. Вусені чорныя з 2 радамі чырвоных плямак, кормяцца ў крас.—маі лісцем чубаткі, скочак і заечай капусты. Жывуць групамі. Кукалкі на глебе. Зімуюць у абалонцы яйца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУГРЫ́,
хвароба тлушчавых залоз скуры і іх праток. Бываюць ад себарэі, парушэння дзейнасці страўнікава-кішачнага тракту, залоз унутр. сакрэцыі, абмену рэчываў, пры спадчыннай схільнасці. Найчасцей назіраюцца ў юнацкім узросце ў перыяд палавой спеласці. На скуры твару, спіны, грудзей з’яўляюцца чорныя кропкі са скурнага сала, рагавых скурачак і пылу. Вакол іх (іншы раз па-за імі) з’яўляюцца запаленчыя вузельчыкі (2—4 мм) ружовага колеру, у цэнтры якіх фарміруюцца гнайнічкі; пры загойванні іх утвараецца скурачка, іншы раз рубец. Пры распаўсюджванні працэсу ўтвараюцца пустулы; ачагі могуць злівацца. Лячэнне: ліквідацыя асн. хваробы, дыета, тэрапеўтычныя сродкі, фізіятэрапія.