РАТЫЦЫ́ДЫ [ад франц. rat пацук + ...цыд(ы)],

хімічныя сродкі групы заацыдаў, якія выкарыстоўваюцца для знішчэння пацукоў. Разнастайныя па хім. будове і біял. уздзеянні. Найб. часта выкарыстоўваюць некат. антыкаагулянты (рэчывы, якія памяншаюць скорасць згусання крыві), асабліва вытворныя кумарыну (зоакумарын, фумарын, ратындан). Дабаўляюць у прынады.

т. 13, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕБЯДО́ВЫЯ (Chenopodiaceae),

сямейства двухдольных кветкавых раслін парадку гваздзіковых. Больш за 100 родаў, каля 1500 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна па засоленых месцах ва ўмераным і субтрапічным паясах. Найб. вядомыя роды бурак, вярблюдка, лебяда, лябеднік, салянка, шпінат, хрупляўнік і інш. Трапляюцца на палях, агародах, каля пабудоў, уздоўж дарог.

Пераважна шматгадовыя травы і кусцікі, часта з членістымі сукулентнымі сцёбламі і галінкамі, радзей невял. дрэўцы, кусты і ліяны. Лісце чаргаванае і суцэльнае, бывае рэдукаванае (фотасінтэз ажыццяўляюць сцёблы). Кветкі дробныя, двухполыя ці аднаполыя, беспялёсткавыя ў шчыльных густых клубочках, сабраных у суквецці. Ветра- і насякомаапыляльныя, часта самаапыляльныя. Сярод Л. — харч. (бурак, шпінат), кармавыя (лябеднікі і інш.), пашавыя (вярблюдкі, кохіі, кумарчыкі, салянкі і інш.), лек. (лебяда), фарбавальныя (лебяда, лябеднік), інсектыцыдныя (ітсегек, лебяда) расліны, замацавальнікі пяскоў (саксаул, салянкі і інш.).

Літ.:

Жизнь растений. Т. 5, ч. 1. М., 1980.

т. 9, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАР’Е́РНЫ РЫФ,

града каралавых рыфаў, выцягнутая паралельна берагу мацерыка або вострава на некаторай адлегласці ад яго, часта па краі мацерыковай водмелі. Бар’ерныя рыфы адгароджваюць ад мора мелкаводныя лагуны, пашыраны пераважна ў водах Ціхага і Індыйскага акіянаў (напр., Вялікі Бар’ерны рыф каля паўн.-ўсх. берагоў Аўстраліі).

т. 2, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСЕМІНА́ЦЫЯ (ад дыс... + лац. semino рассейваю, рассыпаю),

распаўсюджанне ўзбуджальніка інфекц. хваробы з першаснага ачага ці пухлінных клетак з асн. вузла па крывяноснай і лімфатычнай сістэмах у межах аднаго органа ці па ўсім арганізме. За Д. бывае генералізацыя паталаг. працэсу, развіццё новых, часта шматлікіх, ачагоў (метастазаў).

т. 6, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРБАНІЗА́ЦЫЯ,

1) павышэнне колькасці вугляроду ў арган. рэчыве за кошт яго раскладвання пад уздзеяннем цяпла, святла, іанізавальнага выпрамянення, ферментаў, мікраарганізмаў. Найб. даследавана тэрмічная К. (абпальванне), нелятучыя прадукты якой часта называюць коксам.

2) Насычэнне раствору дыаксідам вугляроду CO2. Выкарыстоўваюць у содавай вытв-сці, піваварэнні, буд-ве.

т. 8, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́КШЫНА,

1) самаробная макарона. Пшанічнае, радзей жытняе цеста, часта з крухмалам, тонка раскочваюць, рэжуць на палосы, падсушваюць і вараць як рэдкую малочную страву ці адцэджваюць і заліваюць тлушчам, салам. Робяць Л. таксама з крухмалу: пякуць наліснікі, потым рэжуць іх і вараць.

2) Страва з Л.

т. 9, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯША́НЫЯ ВО́БЛАКІ,

высокаслаістыя, слаіста-дажджавыя і кучава-дажджавыя (часам нават высокакучавыя, слаістыя і слаіста-кучавыя воблакі), якія складаюцца з сумесі вадзяных кропель і снегавых крышталёў (звычайна пры т-ры да -10 °C). З’яўленне М.в. на небе — прыкмета хуткага пагаршэння надвор’я: яны часта даюць ападкі.

т. 11, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́РКЕТ, Селкет,

у старажытнаегіпецкай міфалогіі і рэлігіі багіня-апякунка мёртвых, дачка Ра, якая дапамагала яму знішчаць ворагаў. Свяшчэнная жывёла С. — скарпіён. Выявы С. ў выглядзе жанчыны са скарпіёнам на галаве часта змяшчалі на саркафагах.

Серкет. Статуэтка з грабніцы фараона Тутанхамона. Каля 1350 да н.э.

т. 14, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯХАРЫЁН (ад бія... + харыён),

структурная частка экасістэмы; цэнтр актыўнасці арганізмаў у біятопе. У біяхарыёне (на падле, у экскрэментах, на вышэйшых грыбах, пнях, у гнёздах і інш.) трапляюцца асаблівыя, часта вельмі багатыя відамі, але пераважна кароткажывучыя згуртаванні. Тэрмін прапанаваў ням. вучоны В.​Тышлер (1955). Гл. таксама Сінузія.

т. 3, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫ́ТЫ (лац. Britto),

кельцкія плямёны, асн. насельніцтва Брытаніі ў 8 ст. да н.э. — 5 ст. н.э. З сярэдзіны 1 да пач. 5 ст. н.э. пад уладай рымлян, часта паўставалі. Ацалелая ў ходзе англасаксонскага заваявання (5—6 ст.) частка брытаў склала адзін з элементаў пры фарміраванні англ. народнасці.

т. 3, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)