АШО́КА,

старажытнаіндыйскі цар, правіцель Магадхі [268—232 да нашай эры]. З дынастыі Маур’я. Праводзіў палітыку ўмацавання аб’яднанай інд. дзяржавы, якая ахоплівала амаль усю Індыю, вобласці Афганістана і Пакістана. Захаваліся яго ўказы, высечаныя на скалах, калонах, у пячорах. Садзейнічаў пашырэнню будызму ў Індыі і за яе межамі. Эпоха кіравання Ашокі адзначана развіццём інд. культуры, архітэктуры, пісьменства.

т. 2, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТАШЭ́С I, Артаксій (? — 160 да н.э.),

цар Арменіі Вялікай [189—160 да н.э.]. У 190 узначаліў паўстанне армян супраць Селеўкідаў, абвясціў незалежнасць дзяржавы і стаў заснавальнікам дынастыі Арташэсідаў. Умацаваў і пашырыў свае ўладанні, сталіцу з Армавіра перанёс ў пабудаваны ім г. Арташат. Правёў рэформу, якая ўмацавала прыватную ўласнасць на зямлю.

т. 1, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЭЛ, Бел,

у акадскай міфалогіі абазначэнне некат. багоў, найперш Энліля. У г. Пальміра (Сірыя) — вярхоўнае бажаство, уладыка свету, галава трыяды багоў, часам эпітэт бога зямлі Арцу ці Арду. У грэч. міфалогіі — цар Егіпта, сын Пасейдона і німфы Лівіі. Належыць да персанажаў, якія не маюць развітой міфалагічнай біяграфіі, але з’яўляюцца родапачынальнікамі пакаленняў будучых герояў.

т. 3, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСА́НДР I ГЕО́РГІЕВІЧ (? — 1511),

цар Кахетыі [1492—1511]. У пошуках саюзнікаў у барацьбе супраць пагрозы тур. і іран. набегаў на Кахетыю аднавіў сувязі груз. зямель з Рус. дзяржавай. На пач. 16 ст. стаў васалам іран. шаха Ісмаіла I. Забіты ўласным сынам Гіоргі ў выніку інтрыг, звязаных з барацьбой за Грузію паміж Турцыяй і Іранам.

т. 1, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСА́НДР II (? — 1605),

цар Кахетыі [1574—1605]. Пашырыў гандлі. сувязі з краінамі Еўропы і Азіі, умацоўваў цэнтр. ўладу. Для ўмацавання абароны краіны аднаўляў гарады-крэпасці і манастыры, набываў у Маскве зброю, выпісваў пушкароў і збройнікаў. Шукаючы збліжэння з Расіяй, у 1587 прыняў прысягу на вернасць цару Фёдару Іванавічу. Забіты ўласным сынам Канстанцінам па загадзе іран. шаха Абаса.

т. 1, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ГІС IV (каля 262—241 да н.э.),

цар Спарты [245—241 да н.э.]. Правёў шэраг рэформаў для паляпшэння становішча грамадзян (касацыя даўгоў, перадзел зямлі, павелічэнне колькасці паўнапраўных грамадзян за кошт перыэкаў) і аднаўлення ваен. моцы дзяржавы. Разагнаў эфораў, адкрыў даўгавыя турмы і спаліў даўгавыя дакументы. Абвінавачаны ў імкненні да тыраніі і пакараны смерцю.

т. 1, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТАКСЕ́РКС II Мнемон,

персідскі цар [404—358 да н.э.]. З дынастыі Ахеменідаў. На пач. праўлення вёў барацьбу за трон з малодшым братам Кірам, правіцелем М.​Азіі. Нягледзячы на поспехі ў знешняй палітыцы (разграміў спартанскі флот каля Кніда ў 394 да н.э., заключыў Анталкідаў мір 387 да н.э.), праўленне Артаксеркса II — перыяд аслаблення Ахеменідаў дзяржавы.

т. 1, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТАКСЕ́РКС III Ох,

персідскі цар [358—338 да н.э.]. З дынастыі Ахеменідаў, сын Артаксеркса II. Стаў царом пасля знішчэння старэйшых братоў. Імкнуўся аднавіць цэласнасць і магутнасць Ахеменідаў дзяржавы, жорстка душыў паўстанні ў М.​Азіі, Фінікіі, на Кіпры. У 341 да н.э. зноў далучыў да сваёй дзяржавы Егіпет. Забіты сваім прыбліжаным еўнухам Багоем.

т. 1, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІДА́М II (Archidamos; ? — 427 ці 426 да н.э.),

цар Спарты [469 ці 476 — 426 да н.э.]. На чале спартанскага войска задушыў паўстанне ілотаў 464—458 ці 455 (гл. Месенскія войны). На пач. Пелапанескай вайны кіраваў паходамі ў Атыку (у 431, 430 і 428) і Платэі (429). Па яго імю гэты перыяд вайны наз. Архідамавай вайной.

т. 1, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЗА́НТ,

у грэчаскай міфалогіі заснавальнік г. Візантый (Бізантый). Сын Пасейдона і Кераэсы, дачкі Іо і Зеўса. Адбіў нападзенне на горад фракійскага цара Гемаса і гнаў ворага да аддаленых раёнаў Фракіі. У яго адсутнасць на горад напаў скіфскі цар Одрыс, жонка Бізанта Фідалея з жанчынамі закідала лагер ворага ядавітымі змеямі і выратавала Візантый.

т. 3, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)