МІЛЮЦЕ́НКА (Дзмітрый Емяльянавіч) (21.2.1899, г. Славянск Данецкай вобл., Украіна — 25.1.1966),
украінскі акцёр. Нар.арт.СССР (1960). Сцэн. дзейнасць пачаў у аматарскіх гуртках. З 1923 і з 1936 акцёр Драм.т-ра імя І.Франко ў Харкаве, у 1927—36 — Харкаўскага драм.т-ра імя Т.Шаўчэнкі. Творчасць вызначалася псіхал. распрацоўкай вобразаў, пластычнай выразнасцю і эмацыянальнасцю выканання роляў: Пузыр, Калітка («Гаспадар», «Сто тысяч» І.Карпенкі-Карага), Мікола Задарожны («Выкрадзенае шчасце» Франко), Часнок («У стэпах Украіны» А.Карнейчука), Ваявода («Вяселле Свічкі» І.Качаргі), Шуйскі («Барыс Гадуноў» А.Пушкіна), Блазан («Кароль Лір» Ў.Шэкспіра) і інш. Здымаўся ў кіно: «Багдан Хмяльніцкі» (1941), «Подзвіг разведчыка», (1947), «Тарас Шаўчэнка» (1951), «Сон» (1964), «Наш сумленны хлеб» (1965) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫФРА́З, перыфраза (ад грэч. periphrasis апісальны выраз, алегорыя),
сэнсава-непадзельны выраз, утвораны ў маўленні як апісальная назва прадмета або дзеяння, што адначасова паказвае яго адметнасць.
Структурна П. супадаюць са словазлучэннямі («бачыць вачыма памяці» — успамінаць) або сказамі [«Усюды мае сябры, камбайнер і сталь хто варыць...» (П.Броўка)]. Як вобразны сінонім слова П. і называе пэўную з’яву, і характарызуе яе («крылатая мудрасць народа» — фальклор). Бываюць вобразныя: метафарычныя («раніца жыцця» — маладосць), метанімічныя («зямля Купалы» — Беларусь) і лагічныя («прадзедаў зямля» — радзіма). Амаль у кожным П. ёсць невялічкая загадка. Раскрыць яе дапамагае семантычная арганізацыя самога П. і кантэкст. Пашыраны традыц. П. («пан сахі і касы», «другі хлеб»), некат. з іх патэнцыяльныя фразеалагізмы.
Літ.:
Малажай Г.М. Сучасная беларуская мова: Перыфраза. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСКО́ЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1650,
паўстанне гараджан, стральцоў і казакоў г.Пскоў супраць спекуляцыйнага продажу рас. урадам хлеба ў Швецыю, з прычыны чаго хлеб значна падаражэў. Адбывалася адначасова з Наўгародскім паўстаннем 1650. 10—11.3.1650 паўстанцы (кіраўнік Г.Дзямідаў) разграмілі двары купцоў, гар. знаці і адміністрацыі, захапілі ўладу ў горадзе, стварылі органы кіравання: сход грамады, Земскую ізбу. У маі ў Маскву накіравана пасольства з памяркоўнымі патрабаваннямі, у чэрв. Пскоў блакіравала карнае войска кн. І.М.Хаванскага. Спец. Земскі сабор у Маскве пагадзіўся задаволіць некат. патрабаванні паўстанцаў і 4.9.1650 у Пскове адноўлена ўлада царскіх ваявод. Кіраўнікі П.п. былі арыштаваны і пасля катаванняў сасланы.
Літ.:
Тихомиров М.Н. Классовая борьба в России XVII в. М., 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІ́РЫС,
у старажытнаегіпецкай міфалогіі бог расліннасці, вады, уладар замагільнага свету. Лічыўся сынам бога зямлі Геба і багіні неба Нут, яго сястрой і жонкай была Ісіда. Асірыса ўяўлялі ў вобразе чалавека з муміфікаваным целам і знакамі царскай улады; лічылі, што ён адвучыў людзей ад дзікага ладу жыцця, навучыў сеяць злакі, пячы хлеб, здабываць руды, будаваць гарады і інш. Брат Асірыса, бог пустыні Сет, забіў яго, але Ісіда знайшла цела мужа, здабыла ўтоеную ў ім жыццёвую сілу і зачала ад мёртвага Асірыса сына Гора. Грэкі атаясамлівалі Асірыса з Дыянісам. Міф пра смерць і ўваскрэсенне Асірыса паўплываў на ўзнікненне міфа пра Хрыста.
Да арт.Асірыс. Гор вядзе памерлага да трона Асірыса. Малюнак з «Кнігі мёртвых». Каля 1450 да н.э.
літоўскі пісьменнік. Засл. дз. культ. Літвы (1965). Вучыўся ў Каўнаскім (1924—26) і Венскім (1926—30) ун-тах. Аўтар зб-каў паэзіі «Песні пра ніцыя вербы», «Літва крыжоў» (абодва 1927), «Хлеб надзённы» (1934), «Вершы і паэмы» (1938), аповесцяў «Млын Балтарагіса» (1945), «Прыгоды Юргіса Пакятурыса» (1963), раманаў «Драўляныя дзівосы» (1938), «Пайшлі, каб прынесці на сваіх плячах сонца» (1940), кнігі казак «Неба падае» (1955) і інш. Паэзія Борута вылучаецца экспрэсіўнасцю, проза — фалькл. стылізацыяй. На бел. мову паэт. творы Борута перакладалі Г.Кляўко і А.Разанаў (у кн. «Літоўская савецкая паэзія», т. I, 1977), прозу — Разанаў (у зб. «Бурштынавыя пацеркі», 1984).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУЧАНЮ́К ((Crucenyk) Пётр Аксенцьевіч) (12.7.1917, с. Плоць Рыбніцкага р-на, Малдова — 3.1.1988),
малдаўскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Малдавіі (1982). Скончыў Літаратурны ін-т імя М.Горкага ў Маскве (1958). Пісаў на малд. і рус. мовах. Першы паэт. зб-к «У промнях жыцця» (1939). У кнігах паэзіі «Франтавыя вершы» (1942), «Жывая крыніца» (1953), «Вяшчун вясны» (1967), «Чалавечнасць» (1978), «Слова і хлеб» (1982) і інш. паэтызацыя подзвігу народа ў гады Вял.Айч. вайны, асэнсаванне маральна-этычных і сац.-філас. праблем сучаснасці. Аўтар кніг публіцыстыкі «З роду ў род» (1960), «Колас і меч», прозы — «Залпы» (абедзве 1970). На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Р.Барадулін, А.Бачыла, В.Коўтун, В.Шымук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯЎДА́НСКІ (Уладзімір Аляксандравіч) (7.2.1911, в. Гудавічы Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. — 18.9.1973),
бел. пісьменнік і перакладчык. Скончыў Мінскі пед.ін-т (1938). З 1930 працаваў у выд-вах. У 1949—63 і з 1969 у Ін-це гісторыі партыі пры ЦККПБ, у 1963—69 дырэктар выд-ва «Народная асвета». Друкаваўся з 1938. Аўтар кн. апавяданняў «Адкрыццё сезону» (1960), «На беразе ракі» (1962), «На прывале» (1966), «Ноч над Нёманам» (1969), «Пад старым дубам» (1971), «Яшка прыляцеў» (1973). На бел. мову пераклаў раман Э.Сінклера «No pasaran!: (Яны не пройдуць)», аповесць А.Талстога «Хлеб», раманы «Пастка» Э.Заля, «Коннік без галавы» М.Рыда, зб-кі апавяданняў Л.Талстога, І.Тургенева, М.Салтыкова-Шчадрына, аповесць С.Мсціслаўскага «Грак, птушка вясенняя» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРАЧЫ́НЫ,
у беларусаў і інш. хрысціянскіх народаў памінальны абрад, які адзначаецца на 40-ы дзень (6-ы тыдзень) пасля смерці чалавека. Як і інш.памінкі, звязаны з культам продкаў. На Беларусі наз. таксама саракавіны, саракі, саракапуст; шасціны. Паводле нар. павер’я, у гэты час душа нябожчыка наведвае родную хату, таму яе прыбіралі ручнікамі, на акно ставілі хлеб-соль і шклянку з вадой. На С. родныя наведваюць магілу памерлага, наладжваюць ў доме жалобны стол, які паходзіць ад стараж. язычніцкай трызны. Сярод абавязковых памінальных страў — куцця, канун і інш. Асобны прыбор з пітвом і стравай ставяць для памерлага. Неабходнасць адзначаць С. тлумачаць тым, што непамянутая душа асуджана на пакуты і не будзе спрыяць людзям у іх зямных справах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫКА́ЗНІК,
галоўны член сказа, які знаходзіцца ў сэнсавай і граматычнай залежнасці ад дзейніка і абазначае дзеянне, стан ці прыкмету прадмета, названага дзейнікам. Паводле будовы ў бел. мове адрозніваюць выказнікі простыя, састаўныя і складаныя.
Самыя пашыраныя простыя выказнікі; яны падзяляюцца на дзеяслоўныя (выражаюцца найчасцей дзеясловамі абвеснага, загаднага ці ўмоўнага ладу: «За ракой туманяцца лугі», А.Русак) і іменныя (выражаюцца звычайна назоўнікамі, прыметнікамі ці займеннікамі: «Душа народа — песня», Я.Брыль; «Неба сіняе, сіняе», В.Каваль; «Хлеб у нас свой», І.Шамякін). Састаўны выказнік складаецца з дзеяслоўнай звязкі і выказальнага слова, якім можа быць дзеяслоў і інш. часціны мовы: «Я рад паслухаць лесу шум» (З.Бядуля). Складаны выказнік — мнагачленнае словазлучэнне, куды ўваходзяць тры ці больш структурных кампанентаў: «Я хацеў навучыцца іграць на скрыпцы» (Я.Колас).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЖЫ́НКІ,
старадаўняе нар. свята ў беларусаў, звязанае з заканчэннем жніва. Дажынкавыя абрады былі скіраваны на тое, каб аддзякаваць «духам нівы» за хлеб, захаваць яе плён на наступны год. Дажаўшы жыта, жнеі ўпрыгожвалі апошні сноп кветкамі і стужкамі, плялі вянкі з каласоў і кветак і з песнямі ішлі ў вёску. Зайшоўшы ў двор, яны перадавалі апошні сноп гаспадару, які запрашаў іх за гасцінны стол з абавязковымі абрадавымі стравамі — блінамі з маслам і сытой, крупяной кашай. Усе абрады суправаджаліся дажынкавымі песням: іх спявалі ў канцы жніва, у час абраду «завівання барады», па дарозе жней дахаты, у двары гаспадара і на святочным застоллі. На Пн Беларусі Д. спраўлялі двойчы: малыя пасля заканчэння жытняга жніва, вялікія пасля таго, як зжыналі і яравыя. У наш час Д. адзначаюць як свята ўраджаю.