КАРЛІ́СТЫ,

палітычная групоўка клерыкальнага і манархісцкага кірунку (каталіцкае духавенства, вышэйшая знаць, вярхі арміі і інш.) у Іспаніі з 1833. Назва ад прыхільнікаў прэтэндэнта на ісп. прастол дона Карласа Старэйшага, сына караля Карла IV (правіў у 1788—1808). Адстойвалі рэліг. і абсалютысцкія традыцыі ў Іспаніі (адсюль другая назва традыцыяналісты). Развязалі Карлісцкія войны 1833—40 і 1872—76. У 1936—39 удзельнічалі ў антырэсп. мяцяжы ген. Ф.​Франка, які ў 1937 аб’яднаў арг-цыі К. з іспанскай фалангай. Выступаюць за права на ісп. прастол прынца Бурбон-Пармскага Карласа Хуга.

т. 8, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЫ́ЖСКАЯ ШКО́ЛА,

1) мастацкая школа франц. кніжнай мініяцюры, якая існавала ў 14—15 ст. пры дварах караля Карла V, герцагаў Бургундскага і Берыйскага (т.зв. франка-фламандскі стыль). Вызначалася вытанчанасцю малюнкаў і лінейных арнаментаў, каліграфічнасцю. Сярод майстроў Ж.​Арлеан, А.​Баневё, Ж.​Малуэль, браты Лімбург і інш. 2) Умоўная назва інтэрнац. кола мастакоў, якія працавалі ў Парыжы пераважна ў 1910—20-я г. (М.​Кіслінг, А.​Мадыльяні, Ж.​Пасхін, Х.​Суцін, І.​Фудзіта, М.​Шагал і інш.).

Да арт. Парыжская школа. Браты Лімбург. Ілюстрацыя да «Раскошнага часаслова герцага Берыйскага». Каля 1416.

т. 12, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМБО́ ((Rambaud) Альфрэд) (2.7.1842, г. Безансон, Францыя — 10.11.1905),

французскі гісторык, дзярж. дзеяч. Чл. Акадэміі маральных і паліт. навук (1897), замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1876). Скончыў Вышэйшую нармальную школу (1864). З 1881 праф. Сарбоны. У 1895—1903 сенатар, у 1896—98 міністр нар. адукацыі. Даследаваў паліт. гісторыю (у асн. Візантыі, Расіі, Германіі) і гісторыю міжнар. адносін. Прыхільнік франка-рус. збліжэння і актывізацыі Францыі ў сферы каланіяльнай палітыкі. Рэдактар (разам з Э.​Лавісам) шматтомнай калект. працы «Сусветная гісторыя з IV ст. да нашага часу» (т. 1—12, 1893—1901).

т. 13, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАСНЁЎСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1870 у Францыі,

буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя ў Францыі, якая знішчыла Другую імперыю і абвясціла рэспубліку. Падрыхтавана працяглым крызісам банапартысцкага рэжыму, паскорана паражэннямі франц. войск у франка-прускай вайне 1870—71. Непасрэдны штуршок — паражэнне пад Седанам і здача ў палон Напалеона III з арміяй (2 вер. 1870). 4 вер. паўстанцы Парыжа ўварваліся ў Бурбонскі палац і дамагліся ад Заканад. корпуса звяржэння дынастыі Бурбонаў. У той жа дзень у ратушы абвешчана рэспубліка. Перамога працоўных была выкарыстана буржуазіяй, якая узурпіравала ўладу; прадстаўнікі рэв. дэмакратыі ва ўрад не трапілі. Вераснёўская рэвалюцыя дала пачатак Трэцяй рэспубліцы ў Францыі.

т. 4, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЯМБЛО́ЎСКІ (Юзаф) (каля 1804, Мінск — 27.8.1878),

мастак-графік. У пач. 1830-х г. вучыўся ў Я.Рустэма. У 1835 заснаваў у Вільні літаграфскую майстэрню, дзе ілюстравалі свае кнігі Ю.​Крашэўскі, Т.​Нарбут, Ф.​Бохвіц, Ю.​Струміла, Я.​Шымлер і інш. Сярод твораў Азямблоўскага — пейзажы, віды Вільні, літ. і бел. гарадоў, жанравыя замалёўкі, партрэты Рустэма, Ю.​Франка, вял. князёў ВКЛ Альгерда, Жыгімонта II Аўгуста і інш.; літаграфія «Славянскі нявольнік» («Беларускі раб», 1840-я г.), якую А.​Міцкевіч выкарыстоўваў як ілюстрацыю ў лекцыях аб прыгонным праве ў Расіі.

В.​Ф.​Шматаў.

Ю.Азямблоўскі. Славянскі нявольнік (Беларускі раб). Літаграфія 1840-я г.

т. 1, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛІФЭ́ (Galliffet) Гастон Аляксандр Агюст, маркіз дэ (23.1.1830, Парыж — 8.7.1909), французскі военачальнік. Генерал (1870). У арміі з 1848. Удзельнічаў і вызначыўся ў Крымскай вайне 1853—56, аўстра-італа-французскай вайне 1859, Мекс. экспедыцыі 1861—67 і інш. У франка-прускую вайну 1870—71 пасля здачы французамі Седана трапіў у палон. На чале кав. брыгады арміі версальцаў удзельнічаў у задушэнні Парыжскай камуны 1871. Чл. Вышэйшага ваен. савета (з 1880). Інспектар кавалерыі (з 1885). Ваен. міністр (1899—1901). Дамогся ўвядзення ў франц. кавалерыі ваен. штаноў асаблівага крою (аблягалі калені і пашыраліся ўгору), вядомых як галіфэ.

т. 4, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНСА́ЛЕС МА́РКЕС ((Gonźalez Marquez) Феліпе) (н. 5.3.1942, г. Севілья, Іспанія),

палітычны і дзярж. дзеяч Іспаніі. Скончыў Севільскі ун-т (1966). Чл. Ісп. сацыяліст. рабочай партыі з 1964, з 1974 яе ген. сакратар. За ўдзел у студэнцкім і рабочым руху супраць дыктатуры Ф.​Франка неаднаразова быў арыштаваны ўладамі. У 1982—96 прэм’ер-міністр Іспаніі. Праводзіў курс на ўмацаванне сістэмы парламенцкай дэмакратыі і інтэграцыю краіны ў Еўрапейскую эканамічную супольнасць, ініцыіраваў рэферэндум 1986, на якім большасць выбаршчыкаў ухвалілі членства Іспаніі толькі ў паліт. структурах НАТО. Аўтар працы «Што такое сацыялізм?» (1976).

Літ.:

Кулешова В.В. Фелипе Гонсалес // Вопр. истории. 1991. № 6.

Ф.Гансалес Маркес.

т. 5, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕФІРЭ́ЛІ ((Zeffirelli) Франка) (н. 12.2.1923, г. Фларэнцыя, Італія),

італьянскі рэжысёр, мастак. Вучыўся ў Акадэміі прыгожых мастацтваў у Фларэнцыі. Працаваў акцёрам і асістэнтам у Л.Вісконці. З 1950-х г. ставіў драм. і оперныя спектаклі ў Італіі і за мяжой. Мастак шэрагу сваіх пастановак. З 1957 у кіно. Вядомасць яму прынеслі экранізацыі твораў У.​Шэкспіра «Утаймаванне свавольніцы» (1967) і «Рамэо і Джульета» (1968, «Оскар»), Сярод інш. фільмаў: «Брат Сонца, сястра Месяц» (1972), «Ісус з Назарэта» (1977, тэле- і кінаварыянты), кінаверсія оперы «Травіята» Дж.​Вердзі (1982). Для рэжысуры Дз. характэрныя ўвага да вытанчаных маляўнічых кампазіцый кадра, імкненне да праўдзівай рэканструкцыі эпохі.

т. 6, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРЦ ((Hertz) Густаў Людвіг) (22.7.1887, г. Гамбург, Германія — 30.10.1975),

нямецкі фізік. Чл. Германскай АН у Берліне (ГДР), замежны чл. АН СССР (з 1958). Пляменнік Г.Р.Герца. Вучыўся ў Мюнхенскім і Берлінскім ун-тах. У 1913—45 у НДІ і ун-тах Германіі і Фінляндыі. З 1945 працаваў у СССР, у 1954—62 дырэктар Фіз. ін-та ў г. Лейпцыг. Навук. працы па атамнай спектраскапіі і фізіцы плазмы. Сумесна з Дж.​Франкам эксперыментальна даказаў існаванне ў атамах дыскрэтных узроўняў энергіі (дослед Франка і Герца), што пацвердзіла тэорыю Бора. Распрацаваў дыфузійны метад раздзялення ізатопаў. Нобелеўская прэмія 1925. Дзярж. прэмія СССР 1951.

Г.Л.Герц.

т. 5, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАВІ́С ((Lavisse) Эрнест) (17.12.1842, Ле-Нув’ён-ан-Цьераш, Францыя — 18.8.1922),

французскі гісторык. Чл. Франц. акадэміі (1892), праф. Сарбоны (1888). Скончыў Вышэйшую нармальную школу (1865), у 1904—19 яе дырэктар. Пасля паражэння Францыі ў франка-прускай вайне 1870—71 вывучаў гісторыю Германіі, пераважна Прусіі, спрабуючы знайсці тлумачэнне яе ваен. і паліт. поспехам. Адзін з рэдактараў (з А.Рамбо) і аўтараў калект. прац «Сусветная гісторыя з IV ст. да нашага часу» (т. 1—12, 1893—1901), «Гісторыя Францыі са старажытнасці да рэвалюцыі» (т. 1—9, 1903—11) і «Гісторыя сучаснай Францыі ад рэвалюцыі да міру 1919» (т. 1—10, 1920—22).

т. 9, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)