ВА́ЛЬТЭР ФОН ДЭР ФО́ГЕЛЬВАЙДЭ (Walther von der Vogelweide; каля 1170 — каля 1230),

нямецкі і аўстрыйскі паэт-мінезінгер. Паводле розных версій, нарадзіўся або ў Ціролі (Аўстрыя), або ў Швейцарыі, або ў Сярэдняй Германіі. Вёў жыццё вандроўнага паэта, жыў пры дварах Філіпа Швабскага, Германа Цюрынгскага, Фрыдрыха II. Пісаў лірычныя песні (у асн. пра каханне, часта з маральна-дыдактычным адценнем) і шпрухі — песні-павучанні. Насуперак традыцыі меланхалічнага мінезангу, што панавала пры Венскім двары, апяваў радасці жыцця і кахання, сцвярджаў права чалавека на зямное шчасце. Пераадольваючы схематызм мінезангу, узбагаціў яго каларытнымі жывапіснымі дэталямі і новымі матывамі (гал. гераіня верша «Каханая, хай Бог...» не высакародная дама, а простая дзяўчына са шчырым сэрцам). Упершыню ўвёў у куртуазную паэзію нар. песенныя структуры («У гаі, пад ліпкай...» — славутая песня з вясёлым нар. рэфрэнам «тандарадай» і інш.). Яго песні адметныя прастадушнасцю, дэмакратычнасцю, шчырасцю інтанацыі і вытанчанасцю.

Тв.:

Рус. пер. — Стихотворения М., 1985.

Г.​В.​Сініла.

т. 3, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЕЗІ́НГЕРЫ (ням. Minnesinger ад Minne каханне + Singer спявак),

нямецкія рыцарскія паэты-спевакі. Мастацтва М. узнікла ў 2-й пал. 12 ст. пад уплывам лірыкі правансальскіх трубадураў. Апявалі рыцарскае каханне, служэнне прыгожай даме, Богу і сюзерэну, ваен. жыццё рыцараў і крыжовыя паходы. Найб. вядомыя паэты-М. — Вольфрам фон Эшэнбах, Гартман фон Аўэ, Вальтэр фон дэр Фогельвайдэ. З крызісам рыцарскай культуры і ўзнікненнем т.зв. сельскага мінезангу паэзія М. заняпала і ў 14 ст. на змену ёй прыйшоў бюргерскі майстэрзанг (гл. Майстэрзінгеры). Вобраз М. ўвасоблены ў оперы Р.​Вагнера «Тангейзер і спаборніцтва спевакоў у Вартбургу» (1845).

т. 10, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІ́ЛЬДЭБРАНД, Гільдэбранд (Hildebrand) Адольф фон (6.10.1847, г. Марбург, Германія — 18.1.1921), нямецкі скульптар і тэарэтык мастацтва. Вучыўся ў Маст. школе ў Нюрнбергу (1864—66) і ў Мюнхене (1866—67). З 1867 перыядычна жыў у Італіі і Германіі. У мастацтве падзяляў погляды неаідэалізму, што абумовіла рысы яго твораў: унутр. замкнёнасць і своеасаблівая холаднасць вобразаў, статычнасць формы і пластычная яснасць, лаканізм і архітэктанічная дакладнасць кампазіцыі: «Адам» (1878), фантан «Вітэльсбах» (1894), партрэты А.​Бёкліна (1897) і В. фон Бодэ (1900). Вывучаў асн. заканамернасці ўзаемадзеяння формы і прасторавых уяўленняў у мастацтве. Яго тэарэт. канцэпцыі развіты ў ням. мастацтвазнаўстве канца 19 — пач. 20 ст.

А. фон Хільдэбранд. Фантан «Вітэльсбах». 1894.

т. 17, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РМАХТ (ням. Wehrmacht),

1) у Веймарскай рэспубліцы неафіц. назва ўзбр. сіл (гл. Рэйхсвер).

2) Афіц. назва ўзбр. сіл фаш. Германіі ў 1935—45. Створаны ў парушэнне Версальскага мірнага дагавора 1919 на базе рэйхсвера пасля выдання 16.3.1935 дэкрэта аб увядзенні ў Германіі ўсеагульнай воінскай павіннасці. Вярх. галоўнакамандуючы — рэйхсканцлер А.​Гітлер. Вышэйшы орган ваен. кіраўніцтва — галоўнакамандаванне, якое да 1938 узначальваў ваен. міністр В. фон Бломберг, пасля — Гітлер. Складаўся з сухап. войск (галоўнакамандуючыя: у 1935—38 В. фон Фрыч, у 1938—41 В. фон Браўхіч, у 1941—45 Гітлер), ВПС (у 1935—45 Г.​Герынг) і ВМФ (у 1935—43 Э.​Рэдэр, у 1943—45 К.​Дзёніц) на чале з галоўнакамандаваннямі. З 1940 у склад вермахта ўваходзілі таксама палявыя войскі СС. Вермахт быў гал. сілай у здзяйсненні заваёўніцкіх планаў нацыстаў, асабліва вырас у 2-ю сусв. вайну (ад 3 млн. чал. у 1939 да 11 млн. у снеж. 1943).

Літ.:

Messerschmidt M. Die Wehrmacht im NS-Staat. Hamburg, 1969.

т. 4, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВА́ЛІС [Novalis; сапр. Гардэнберг (Hardenberg) Георг Філіп Фрыдрых фон; 2.5.1772, каля г. Мансфельд, Германія — 25.3.1801],

нямецкі пісьменнік, філосаф; прадстаўнік іенскіх рамантыкаў. Вучыўся ў Іенскім, Лейпцыгскім, Вітэнбергскім ун-тах (1790—94), скончыў Горную акадэмію ў Фрайбургу (1798). Ўласную філасофію «магічнага ідэалізму» (абсалютная ўлада чалавека ў духоўным і матэрыяльным свеце) развіваў у паэтычна-філас. «Фрагментах» (1798), аповесці «Вучні ў Саісе» (1800). Лірычны цыкл «Гімны да ночы» (1800) — філасофска-містычнае асэнсаванне праблемы жыцця і смерці. У «Духоўных песнях» (выд. 1802) Свяшчэннае Пісанне трактуе ў духу піетызму. У незавершаным рамане-міфе «Генрых фон Офтэрдзінген» (выд. 1802) ідэал гарманічнага чалавека ўвасоблены ў вобразе паэта; твор адметны лірызмам і шматзначнай сімволікай. Аўтар лірычных вершаў, публіцыстычнай кн. «Хрысціянства і Еўропа» (1799).

Тв.:

Рус. пер. — Гейнрих фон Офтердинген;

Фрагменты;

Ученики в Саисе. СПб., 1995;

Гимны к ночи. М., 1996;

Лира Новалиса в переложении Вячеслава Иванова. Томск, 1997.

Літ.:

Берковский Н.Я. Романтизм в Германии. Л., 1973.

С.​Дз.​Малюковіч.

т. 11, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАЎН (Braun) Вернер фон (23.3.1912, г. Выжыск, Польшча — 5.6.1977),

канструктар ракетнай і касм. тэхнікі. Вучыўся ў Цюрыхскім і Берлінскім тэхнал. ін-тах, Берлінскім ун-це. Гал. канструктар балістычнай ракеты «Фау-2», якая выкарыстана для абстрэлу Вялікабрытаніі і Нідэрландаў у час 2-й сусв. вайны. Адзін з кіраўнікоў ваен. даследчага ракетнага цэнтра Германіі ў Пенемюндзе (1937—45). З 1945 у ЗША, дзе ўзначальваў Службу праектавання і распрацоўкі ўзбраення арміі ЗША. Пад яго кіраўніцтвам распрацаваны ракеты «Рэдстоўн», ракеты-носьбіты «Юпітэр», «Сатурн», ШСЗ «Эксплорэр», касм. караблі «Апалон».

В. фон Браўн.

т. 3, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЫШ (Frisch) Карл фон (20.11.1886, Вена — 12.6.1982),

нямецкі вучоны ў галіне фізіялогіі і эталогіі. Замежны чл. Лонданскага каралеўскага т-ва. Скончыў Венскі ун-т (1910). З 1919 і з 1925 у Заал. ін-це г. Мюнхен, з 1921 у Ростакскім, з 1923 у Брэслаўскім ун-тах (цяпер г. Вроцлаў, Польшча). З 1950 праф. Мюнхенскага ун-та. Навук. працы па вывучэнні органаў пачуццяў рыб і насякомых, інстынктыўных паводзінах жывёл. Расшыфраваў механізм перадачы інфармацыі пчоламі («ганцы пчол»). Прэмія ЮНЕСКА 1959. Нобелеўская прэмія 1973 (з К.Лорэнцам і Н.Тынбергенам).

В.​Ф.​Ермакоў.

К. фон Фрыш.

т. 16, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЙЦЗЭКЕР (Weizsäcker) Рыхард фон (н. 15.4.1920, г. Штутгарт, Германія),

палітычны і дзярж. дзеяч Германіі. Юрыст. Чл. Хрысц.-дэмакр. саюза з 1954. У 1964—70 і 1979—81 прэзідэнт Ням. евангелістычнага царк. сабора. Дэп. (1969—81) і нам. старшыні (1979—81) бундэстага. У 1981—84 кіруючы бургамістр Зах. Берліна. Прэзідэнт ФРГ у 1984—94. У сваёй прамове 8.5.1985, прысвечанай 40-годдзю заканчэння 2-й сусв. вайны ў Еўропе, выказаўся пра адказнасць немцаў за злачынствы нацыянал-сацыяліст. рэжыму. Аўтар твораў «Палітычная сіла культуры» (1987), «Масты да ўзаемаразумення» (1990), «З Германіі ў Еўропу» (1991) і інш.

Р. фон Вайцзэкер.

т. 3, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЕ́ЙДЭНСТАМ (Heidenstam) Карл Густаў Вернер фон (6.7.1859, Ольсхамар, Швецыя — 20.5.1940),

шведскі пісьменнік. Чл. Швед. акадэміі (з 1912). Дэбютаваў неарамант. зб. паэзіі «Паломніцтва і гады вандровак» (1888). У эсэ «Рэнесанс» (1889) выступіў супраць натуралізму. Спалучэнне аўтабіягр. рыс з фантаст. элементамі ў рамане ў прозе і вершах «Ханс Аліенус» (1892), напісаным пад уплывам ідэй Ф.В.Ніцшэ. Патрыят. паэзія ў неарамант. духу ў зб-ках «Вершы» (1895), «Народ» (1899). У зб-ках «Новыя вершы» (1915) і «Апошнія вершы» (апубл. 1942) зварот да класіцыстычнага метаду. У зб-ках навел «Каралінцы» (т. 1—2, 1897—98), «Святы Георгій і дракон» (1900), раманах «Паломніцтва святой Біргіты» (1901), «Род Фолькунгаў» (т. 1—2, 1905—07) і інш. гераізаваны вобраз мінулага Швецыі. Палемізаваў з Ю.А.Стрындбергам («Распад і ўпадак пралетарскай філасофіі», 1911). Аўтар мемуараў «Калі цвілі каштаны» (апубл. 1941). На бел. мову асобныя яго вершы пераклаў Л.​Баршчэўскі. Нобелеўская прэмія 1916.

Тв.:

Бел. пер. — [Вершы] // Далягляды, 92. Мн., 1992;

Рус. пер. — у кн.: Хейденстам В. фон. Воины Карла ХІІ;

Лагерквист П. Улыбка вечности. М., 1994.

Л.​П.​Баршчэўскі.

К.Г.В. фон Хейдэнстам.

т. 17, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА,

назва р. Волга ў ант. аўтараў першых стагоддзяў н.э. (К.Пталамей, Аміян Марцэлін і інш.), зрэдку ў сярэдневяковых аўтараў (напр., у З. фон Герберштэйна).

т. 13, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)