ША́РПЛЕС (Sharpless) Карл Бары (н. 28.4.1941, г. Філадэльфія, ЗША),
амерыканскі хімік-арганік. Чл.Нац.АН ЗША (1985), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1984), Ганаровы чл. Каралеўскага т-ва хіміі (1998). Скончыў Станфардскі ун-т (1968). У 1970—77 і 1980—90 у Масачусецкім тэхнал. ін-це (з 1975 праф.), у 1977—80 у Станфардскім ун-це. З 1990 праф. Даследчага ін-та Скрыпса (г. Ла-Холья, ЗША). Навук. працы па распрацоўцы новых каталізатараў для арган. сінтэзу, па сінтэзе біялагічна актыўных малекул. Развіў метады асіметрычнага каталізу хіральных малекул шляхам акіслення, якія выкарыстоўваюцца для сінтэзу новых лек. сродкаў. Адкрыў новыя каталітычныя і стэхіяметрычныя рэакцыі акіслення арган. злучэнняў: асіметрычныя эпаксідацыю (1980), дыгідраксіліраванне (1988) і амінагідраксіліраванне (1996). Медаль Б.Франкліна (2001). Нобелеўская прэмія 2001 (з У.С.Ноўлсам і Р.Наёры, гл.Дадатак).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПІН-АРБІТА́ЛЬНАЕ ЎЗАЕМАДЗЕ́ЯННЕ,
узаемадзеянне часціц, залежнае ад значэнняў і ўзаемнай арыентацыі іх арбітальнага і спінавага момантаў імпульсу, адзін з рэлятывісцкіх эфектаў. Вядзе да тонкага расшчаплення ўзроўняў энергіі сістэмы (гл.Тонкая структура).
Фіз. тлумачэнне С.-а.ў. атрымліваецца, напр., пры разглядзе атама вадароду: электрон, які рухаецца вакол ядра, удадатак да спінавага магн. моманту (гл.Спін) мае арбітальны мех. момант і прапарцыянальны яму арбітальны магн. момант. У выніку С.-а.ў. электрон набывае дадатковую энергію, якая залежыць ад лікавых значэнняў і ўзаемнай арыентацыі арбітальнага і спінавага магн. момантаў электрона. Двум магчымым спінавым станам электрона (праекцыі спіна роўныя +1/2 ці -1/2) адпавядае розная энергія ўзаемадзеяння з арбітальным момантам. У выніку С.-а. ў. ўзроўні энергіі атама вадароду і адпаведныя спектральныя лініі расшчапляюцца на 2 блізкія падузроўні (дублетная структура спектра).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭНТР ПАДРЫХТО́ЎКІ КАСМАНА́ЎТАЎ імя Ю.А.Гагарына (з 1968). Засн. ў 1960. Знаходзіцца ў Зорным гарадку. Прызначэнне — адбор і падрыхтоўка касманаўтаў да палётаў на ўсіх тыпах пілатуемых касмічных апаратаў па нац. і міжнар.касм. праграмах.
Мае вучэбна-трэніровачную (баракамеры, сурдакамеры, тэрмакамеры і інш. трэнажоры, поўнапамерныя макеты касм. караблёў і адсекаў арбітальных станцый і інш.), даследчую, лётную (самалёты і верталёты для ўдасканалення навыкаў пілатавання, мадэліравання стану бязважкасці і інш.) базы. У Цэнтры прайшлі падрыхтоўку (на 1.1.2003) больш за 300 сав. (рас.) касманаўтаў і прадстаўнікоў інш. краін (паводле праграм «Інтэркосмас», «Еўра-Мір», «Мір-НАСА», «Міжнар.касм. станцыя» і інш.), у т. л. 5 прадстаўнікоў Беларусі (У.В.Кавалёнак, П.І.Клімук, Б.М.Белавусаў, А.І.Дзядкоў і А.У.Шчукін — гл.Дадатак). Першы нач. Цэнтра — Я.А.Карпаў (1960—63), з 1991 — Клімук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШУЛ (Shull) Кліфард Глінвуд (23.9.1915, г. Пітсбург, ЗША — 31.3.2001),
амерыканскі фізік, адзін з заснавальнікаў нейтроннай дыфрактаметрыі. Чл.Нац.АН ЗША (1975), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1956). Скончыў Тэхнал.ін-т Карнегі (1937) і Нью-Йоркскі ун-т (1941). З 1946 у Ок-Рыджскай нац. лабараторыі (штат Тэнесі). У 1955—86 праф. Масачусецкага тэхнал. ін-та. Навук. працы па развіцці метадаў нейтроннага рассеяння, распрацоўцы і выкарыстанні нейтронных дыфрактометраў для вывучэння структуры рэчыва. Разам з інш. развіў метад дыфракцыі нейтронаў (1946), які знайшоў шырокае выкарыстанне пры даследаванні ўласцівасцей нуклонаў і структуры ядра, у фізіцы цвёрдага цела. Эксперыментальна пацвердзіў прапанаваную Л.Э.Ф.Неелем тэорыю антыферамагнетызму (1951). Нобелеўская прэмія 1994 (з Б.Н.Брокхаўсам, гл.Дадатак).
К.Г.Шул.
Тв.:
Рус.пер. — Раннее развитие физики нейтронного рассеяния // Успехи физ. наук. 1995. Т. 165, № 12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́ТЭРЛЕ (Ketterle) Вольфганг (н. 21.10.1957, г. Гайдэльберг, Германія),
нямецкі і амерыканскі фізік. Чл.Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1999), Еўрапейскай акадэміі навук і мастацтваў (2002), замежны чл.Нац.АН ЗША (2002). Скончыў Мюнхенскі тэхн. (1982) і Мюнхенскі (1986) ун-ты. З 1985 у Ін-це квантавай оптыкі М.Планка (г. Гархінг, Германія). З 1990 у Масачусецкім тэхнал. ін-це (з 1997 праф.). Навук. працы па атамнай фізіцы, малекулярнай і лазернай спектраскапіі, лазернай дыягностыцы працэсаў гарэння. Атрымаў новы агрэгатны стан рэчыва (1995) лазерным ахаладжэннем да звышнізкіх т-р разрэджанага газу з атамаў натрыю (т.зв. кандэнсат Бозе—Эйнштэйна), на аснове чаго стварыў «атамарны лазер», прамень якога ўтвораны часціцамі з ненулявой масай спакою (1997). Нобелеўская прэмія 2001 (з К.Э.Віманам і Э.Э.Корнелам; гл.Дадатак).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РНЕЛ (Cornell) Эрык Элі (н. 19.12.1961, г. Пала-Альта, ЗША),
амерыканскі фізік. Чл.Нац.АН ЗПІА (2000). Скончыў Станфардскі ун-т (1985) і Масачусецкі тэхнал.ін-т (1990). З 1992 уНац. ін-це стандартаў і тэхналогіі (г. Боўлдэр; з 1995 праф.). Навук. працы па атамнай фізіцы, спектраскапіі адзінкавых іонаў, фізіцы нізкіх т-р. Атрымаў новы агрэгатны стан рэчыва — кандэнсат Бозе—Эйнштэйна — ахаладжэннем разрэджанай пары рубідыю да т-ры 20 нК умагн.-аптычнай пастцы і вызначыў яго ўласцівасці (1995; з К.Віманам). Медалі Лорэнца (1998), Франкліна (1999). Нобелеўская прэмія 2001 (з К.Э.Віманам, В.Кетэрле; гл.Дадатак).
Тв.:
Рус.пер. — Бозе-Эйнштейновская конденсация в разреженом газе. Первые 70 лет и несколько последних экспериментов (разам з К.Э.Віманам) // Успехи физ. наук. 2003. Вып. 11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРО́МЕР (Kroemer) Герберт (н. 25.8.1928, г. Веймар, Германія),
нямецкі і амерыканскі фізік. Замежны чл.Нац.інж. акадэміі ЗША (1997), Нац.АН ЗША (2003). Скончыў Гётынгенскі ун-т (1952). З 1952 ун.-д. установах і фірмах Германіі і ЗША. З 1968 праф. ун-та штата Каларада ў г. Боўлдэр, з 1976 Каліфарнійскага ун-та ў г. Санта-Барбара. Навук. працы па фізіцы паўправаднікоў. Абгрунтаваў магчымасць стварэння біпалярнага транзістара на гетэрапераходах і паказаў перспектыўнасць выкарыстання паўправадніковых гетэраструктур у мікраэлектроніцы (1957). Прапанаваў канструкцыю паўправадніковага інжэкцыйнага лазера на падвойнай гетэраструктуры (1963, незалежна ад Ж.Л.Алфёрава). Нобелеўская прэмія 2000 (з Алфёравым, Дж.Кілбі; гл.Дадатак). Яго імем названа малая планета.
Тв.:
Рус.пер. — Квазиэлектрическое поле и разрывы зон. Обучение электронов новым фокусам // Успехи физ. наук. 2002. Т. 172, №9.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КУР’Е́Р ЛІТЭ́ЎСКІ»
(«Kurier Litewski», «Літоўскі веснік»),
1) інфармацыйная штотыднёвая газета, якая выдавалася ў 1760—64 у Вільні на польскай мове. Рэдактары Ф.Папроцкі (1760—62) і А.Янушкевіч (1763—64).
2) Інфармацыйная газета, што выдавалася ў 1796—1840, да 1797 у Гродне, потым у Вільні, да 1833 на польск., з 1834 на рус. (пад назвай «Литовский вестник») і польск. мовах. Выдавец Т.Влодэк. З пач. 19 ст. перададзена ў арэнду Віленскаму ун-ту, у 1800—32 яе рэдагавалі Я.Ясінскі, К.Даніловіч, Э.Славацкі, А.Марціноўскі; з 1834 — орган мясц. улад. Мела дадатак «Wiadomości literackie» («Літаратурныя навіны»). З 1841 яе працягам стала газ.«Виленский вестник». Змяшчала матэрыялы з пецярбургскіх выданняў, артыкулы бел. тэматыкі.
3) Прыватная штодзённая газета, якая выдавалася ў 1905—15 у Вільні. Выдаўцы: І.Корвін-Мілеўскі, Ф.Завадскі, В.Бараноўскі, Э.Навіцкі, Т.Дэмбоўскі; у 1906—09 фактычным уладальнікам газеты быў віленскі біскуп Э.Роп. Орган кансерватыўнай плыні «краёвага кірунку» польскага руху ў Літве і Беларусі. Супрацоўнічала з аб’яднаннямі польскіх дэпутатаў ад Беларусі і Літвы ў I—IV Дзярж. думах. У 1905 — пач. 1906 бел.нац. рух разглядала як «антыпольскую інтрыгу» царскай адміністрацыі, бел. мову называла «мовай цемры і невуцтва». З сярэдзіны 1906 стаўленне да беларусаў стала больш прыхільным, выказвалася за неабходнасць дапамогі бел.нац. адраджэнню. Станоўча ацэньвала дзейнасць газеты «Наша ніва». Але патрабаванні бел.нац. руху, якія закраналі інтарэсы палякаў (радыкальная аграрная рэформа, увядзенне бел. мовы ў богаслужэнні), не падтрымлівала, самастойнае нац. і паліт. жыццё беларусаў лічыла малаверагодным. Увер. 1910 газета забаронена. Укастр. 1910 пачала выходзіць пад назвай «Kurier Wileński» («Віленскі веснік»). 1(14).6.1911 рэдакцыя газеты аб’ядналася з рэдакцыяй газ. «Goniec codzienny» («Штодзённы веснік»). 31.12.1911 (13.1.1912) газета вярнула назву «К.Л.», паступова стала пераходзіць на пазіцыі польскай партыі нац. дэмакратаў. На апошнім этапе свайго існавання выступала супраць бел. і літ.нац. рухаў. У 1906—09 мела дадатак «Zycie ilustrowane» («Ілюстраванае жыццё», штотыднёвы ілюстраваны часопіс).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ ШКО́ЛА Ў ЛА́ТВІІ»,
штомесячны навук.-папулярны, пед. і літ.-грамадскі часопіс. Засн. як орган «Таварыства беларускіх вучыцеляў у Латвіі» і пед.дадатак да газ.«Голас беларуса». Выдаваўся ў 1926—29 і 1932—33 у Рызе на бел. мове. З 1933 (з № 4) выходзіў 1 раз у 2 месяцы. Узнімаў актуальныя грамадска-паліт. і асв. пытанні жыцця бел. меншасці, шырока асвятляў работу і становішча бел. гімназій і школ у Латвіі, арганізацыю ў іх навуч. працэсу, дзейнасць «Таварыства бел. вучыцеляў у Латвіі» і «Беларускага навукова-краязнаўчага т-ва ў Латвіі». Пісаў пра гіст. падзеі 1917—19 на Беларусі. Змяшчаў артыкулы па гісторыі, культуры Беларусі, пра выдатных бел. дзеячаў. Рабіў агляды культ. жыцця беларусаў у Літве, Зах. Беларусі, БССР, Чэхаславакіі. Выйшлі 24 нумары. Закрыты ў сувязі з устанаўленнем у Латвіі аўтарытарнай дыктатуры К.Ульманіса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МИ́НСКИЙ ГО́ЛОС»,
штодзённая грамадска-паліт. газета ліберальна-бурж. кірунку. Выдавалася з 1(14).11. 1909 да 29.11.1918 у Мінску на рус. мове. Асвятляла міжнар. і ўнутр. становішча Расіі, дзейнасць Дзярж. думы, грамадска-побытавыя праблемы Мінска і губерні, выкрывала нападкі газ.«Минское слово» і рас. «Нового времени» на бел.культ.-нац. рух, выступала за правы беларусаў на сваю нац. мову і культуру. Змясціла артыкул рэдактара «Нашай нівы» А.Уласава «Край з пяццю нацыянальнасцямі» пра неабходнасць мірнага супрацоўніцтва ўсіх народаў краю і развіцця іх культур. У перакладзе на рус. мову надрукавала вершы М.Багдановіча «Мая душа», Я.Купалы «Я не паэта», рэцэнзію на зб. вершаў А.Гаруна «Матчын дар» і яго верш «Хто сказаў: «І я з народам...». Прапагандавала творчасць рус. і інш. пісьменнікаў. У 1912—14 выдавала дадатак — газ. «Северо-Западная копейка».