КУНЦЭ́ВІЧ (Іасафат) (у свеце Іван; 1580, г. Уладзімір-Валынскі, Украіна — 12.11.1623),
уніяцкі царкоўны дзеяч. Вывучаў багаслоўе ў семінарыі пры Віленскім Троіцкім манастыры. З 1604 манах, у 1609 пасвячоны ў святара. У 1613—17 настаяцель Быценскага, Жыровіцкага і Віленскага Троіцкага манастыроў. Разам з мітрапалітам Іосіфам Руцкім удзельнічаў у стварэнні ордэна базыльян. У 1618—23 архіепіскап полацкі. Аўтар палемічных твораў у абарону Брэсцкай уніі 1596 на старабел. і польскай мовах. Энергічна распаўсюджваў уніяцтва, у т. л. прымусовымі сродкамі, што выклікала супраціўленне гараджан. Канцлер ВКЛ Л.Сапега ў лісце да К. абвінавачваў яго ў «гвалтоўным уціску чалавечага сумлення». Забіты ў час Віцебскага паўстання 1623. У хуткім часе абвешчаны блажэнным, у 1867 — святым каталіцкай царквы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЛЯ́ШША, Падляссе,
гістарычная вобласць на З этнічнай тэр. беларусаў у бас.Зах. Буга і Нарава, стараж. зона рассялення яцвягаў, дрыгавічоў, валынян. У 13—14 ст. увайшло ў ВКЛ, адыгрывала важную ролю ў бел. этнакультурным працэсе. У 1520 утворана Падляшскае ваяводства. Напярэдадні Люблінскай уніі 1569 перададзена Польшчы. Паводле 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) большая частка П. дасталася Прусіі. Паводле Тыльзіцкага міру 1807 у Рас. імперыі, у 1808 тут створана Беластоцкая вобласць (у 1842 скасавана, тэр. далучана да Гродзенскай губ.). Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 у складзе Польшчы (з гэтага часу польскае насельніцтва стала колькасна пераважаць). У 1939—44 у БССР, у 1944 большая частка П. перададзена Польшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІНО́ДЫЯ (ад грэч. palinōdia перапеў),
твор вершаванай формы, у якім аўтар адракаўся ад таго, што было ім напісана ў папярэднім творы. У старажытнасці асаблівай папулярнасцю карысталіся П. стараж.-грэч. паэта Стэсіхора. Пазней П. называлі ўсякае адрачэнне. На Беларусі гэты від творчасці быў пашыраны ў 1-й пал. 17 ст. ў перыяд росквіту палемічнай літаратуры. Адна з першых П. належыць М.Сматрыцкаму, напісаная ў 1610-я г. супраць свайго ж твора «Трэнас» (не захавалася). У далейшым пад П. разумелі твор, напісаны супраць пэўнага твора процілеглага паліт. ці рэліг. зместу. Найб. значны такі твор — «Палінодыя...» З.Капысценскага (1621—22), накіраваны супраць кнігі уніяцкага апалагета Л.Крэўзы «Абарона уніі» (1617).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНУ́ФРЫЕЎСКІ МАНАСТЫ́Р.
Існаваў у канцы 14—19 ст. каля в. Сялец Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. Заснаваны як праваслаўны мсціслаўскім князем Лугвенам-Сімяонам, сынам вял.кн.ВКЛ Альгерда (паводле некат. звестак Юрыем, сынам Лугвена). У 1635 кароль Уладзіслаў IV перадаў манастыр грэка-каталіцкай царкве, яго настаяцелем быў архіепіскап смаленскі і северскі. Да 1809 манастыру належаў і фальварак. Усе манастырскія будынкі былі драўляныя, у апошняй трэці 18 ст. пабудаваны мураваныя царква св. Ануфрыя і жылы корпус. Б-ка Ануфрыеўскага манастыра мела 302 кнігі, у т. л. рукапісныя. Манастыр зачынены пасля скасавання Брэсцкай уніі (1839). Захавалася царква — помнік архітэктуры барока. Мураваны 1-нефавы храм з паўцыркульнай апсідай і высокай 5-яруснай чацверыковай вежай-званіцай. Цяпер прыходскі праваслаўны храм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДАКУМЕ́НТЫ ПА́ПСКІХ НУ́НЦЫЯЎ ПА ГІСТО́РЫІ УКРАІ́НЫ І БЕЛАРУ́СІ»
[«Litterae nuntiorum Apostolicorum (in Polonia, Austria, Venetiis etc.) historiam Ucrainae et Bielarussjae illustrantes», vol 1—13 (1550—1683)],
серыйнае рымскае выданне дакумент. матэрыялаў, складзеных папскімі нунцыямі (пасламі) у Польшчы (з 1569 — Рэчы Паспалітай). Распачаў яго ў 1959 (1-ы том ахоплівае матэрыялы 1550—93) укр. археограф, протаархімандрыт ордэна базыльян Анастасій (Грыгорый) Вялікі, працягваюць інш. ватыканскія гісторыкі; выйшла 14 тамоў. Большая частка дакументаў на лац. і італьянскай мовах. Змяшчае справаздачы і пасланні нунцыяў у Рым, іх перапіску з царк. дзеячамі і інш. дакументы з Ватыканскага архіва.
З’яўляецца важнай крыніцай для вывучэння гісторыі каталіцкай царквы на землях Польшчы, Літвы, Беларусі, Украіны, Брэсцкай уніі 1596.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТЫ́ЛІЯ (Castilla ад castello замак),
дзяржава ў цэнтр.ч. Пірэнейскага п-ва ў 11—15 ст. З 923 графства ў складзе каралеўства Леон, з 1035 каралеўства са сталіцай у г.Бургас. Стала найб. магутнай дзяржавай Пірэнейскага п-ва (сталіца — г. Таледа), калі аб’ядналася з Леонам (1037—65, 1072—1157, канчаткова ў 1230). Адыграла вядучую ролю ў Рэканкісце, пашырыла сваю тэрыторыю да паўд. ўзбярэжжа. У выніку перамяшчэння насельніцтва з Пн на Пд на працягу 11—13 ст. заселены Новая Кастылія, Эстрэмадура і б.ч. Андалусіі. Гараджане з сярэдзіны 13 ст. атрымалі доступ у картэсы. Імкненне феадалаў запрыгоніць сялян выклікала шэраг сял. хваляванняў у 15 ст. У выніку дынастычнай уніі К. і Арагона ў 1479 увайшла ў склад Іспаніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАІ́Л (у свеце Галубовіч; 1800, Літоўская губ. — 18.3.1881),
уніяцкі, потым правасл.царк. дзеяч. Д-р багаслоўя і царк. права. Скончыў Віленскую гал. семінарыю. З 1828 выкладаў у Літ. духоўнай семінарыі ў Жыровічах, потым служыў у Літ. уніяцкай духоўнай кансісторыі, быў архімандрытам Быценскага кляштара базыльян. На Полацкім царкоўным саборы 1839 разам з інш. вышэйшым духавенствам падпісаў Саборны акт пра скасаванне Брэсцкай уніі 1596 і далучэнне уніяцкай царквы да праваслаўя. З 1839 вікарны епіскап пінскі (з 1840 наз. брэсцкі), з 1848 епіскап, у 1853—68 архіепіскап мінскі. Аўтар перакладу на польск. мову правасл. катэхізіса для б. уніяцкіх святароў, якія не ведалі або дрэнна ведалі рус. мову.
Літ.:
Кісялёў Г. Дыярыуш Міхала Галубовіча // Голас Радзімы. 1998. 29 кастр., 5 лістап.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАХА́СКА ((Prochaska) Антоні) (13.3.1852, в. Малыя Залешчыкі Бучацкага р-на Цярнопальскай вобл., Украіна — 23.9.1930),
польскі гісторык. Чл. Польск. АН у Кракаве (1927), д-р філасофіі (1874). Вучыўся ў Львоўскім (1871—73) і Венскім (1873—74) ун-тах. У 1878—1929 працаваў у Краёвым архіве гродскіх і земскіх актаў (Земскі архіў) у Львове. Даследаваў гісторыю Польшчы, ВКЛ, Рэчы Паспалітай 14—17 ст. Аўтар манаграфій пра жыццё і дзейнасць вял.кн.ВКЛ Вітаўта, Ягайлы, гетмана С.Жулкеўскага, праблемы уніі Польшчы і ВКЛ, адносіны з Нямецкім і Інфлянцкім ордэнамі. Выдаў «Эпісталярны кодэкс Вітаўта» (1882), «Архіўныя матэрыялы, узятыя галоўным чынам з Літоўскай метрыкі, з 1348 да 1607 г» (1890), «Архіў дому Сапегаў» (1892), «Гродскія і земскія акты» (т. 16—24, 1894—1931).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВІЛЕ́Й 1387,
першы агульназемскі заканадаўчы акт ВКЛ, выдадзены вял.кн.Ягайлам у Вільні 20.2.1387 пасля заключэння Крэўскай уніі 1385. Зацвярджаў феад. правы баяр, якія прынялі і прымалі хрышчэнне паводле каталіцкага абраду ў час хрысціянізацыі язычніцкай Літвы. П. гарантаваў такім баярам поўную ўласнасць на іх родавыя маёнткі з правам свабодна распараджацца імі. Правы баяр-католікаў прыраўноўваліся да правоў шляхты Польскага каралеўства, што падкрэслівала інтэграцыйную палітыку Ягайлы. Маёнткі і насельніцтва баяр вызваляліся ад розных работ на карысць дзяржавы, за выключэннем буд-ва і рамонту дзярж. замкаў. П. захаваў феад. павіннасць баяр выходзіць у вайсковы паход за свой кошт. Паліт. мэтай П. было з’яднаць вакол вял. князя літ. баяр у барацьбе з незалежніцкімі тэндэнцыямі літ. і бел. феадалаў ВКЛ. Напісаны на лац. мове.
дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Сын Радзівіла Осцікавіча (гл. ў арт.Радзівілы). З 1481 намеснік смаленскі, з 1488 кашталян трокскі і намеснік навагрудскі, што дазволіла яму ўвайсці ў склад Рады ВКЛ. З 1492 ваявода віленскі і канцлер ВКЛ. У выкананне завяшчання вял.кн.Казіміра IV у 1492 забяспечыў пераход улады ў ВКЛ да вял.кн.Аляксандра. Выступаў за шлюб Аляксандра з Аленай Іванаўнай, дачкой вял.кн. маскоўскага Івана III. Быў адным з ініцыятараў падпісання ў 1499 новага акта уніі паміж ВКЛ і Польшчай. Кіраваў ВКЛ пры адсутнасці ў дзяржаве вял. князя. Згодна з завяшчаннем Аляксандра, садзейнічаў перадачы ў 1506 трона ВКЛ Жыгімонту I.
В.С.Пазднякоў.
М.Радзівіл Стары. Гравюра з альбома «Выявы роду князёў Радзівілаў». Нясвіж, 1758.