ПАРАМАГНЕТЫ́ЗМ (ад пара... + магнетызм),

уласцівасць рэчываў слаба намагнічвацца ў напрамку знешняга магн. поля; адзін з відаў магнетызму. Характэрны для рэчываў (парамагнетыкаў), часціцы якіх (атамы, малекулы, іоны, атамныя ядры) маюць уласныя магн. моманты. У адсутнасці знешняга магн. поля яны арыентаваны хаатычна, так што намагнічанасць рэчыва роўная нулю.

Пры наяўнасці знешняга поля магн. моманты арыентуюцца пераважна ўздоўж поля і намагнічанасць вызначаецца формулай J = χH , дзе χ — магнітная ўспрыімлівасць (для парамагнетыкаў пры т-ры ≈ 293 К χ ⁓ 10​−7—10​−4), H — напружанасць знешняга магн. поля. З павелічэннем т-ры ўзрастае дэзарыентавальнае дзеянне цеплавога руху і χ памяншаецца (гл. Кюры закон, Кюры—Вейса закон). Існаванне ў атамаў (іонаў) магн. момантаў, якія абумоўліваюць П., можа быць звязана з арбітальным рухам электронаў у абалонцы атама — арбітальны П., іх спінам — спінавы П., а таксама (у меншай ступені) са спінам атамных ядраў — ядзерны П. (гл. Магнетон). Даследаванне П. дае інфармацыю пра мікраскапічныя магн. ўласцівасці і ўнутр. структуру рэчываў. П. выкарыстоўваецца для атрымання звышнізкіх т-р метадам магнітнага ахаладжэння, у квантавай электроніцы (гл. Мазер) і інш. Гл. таксама Электронны парамагнітны рэзананс, Ядзерны парамагнітны рэзананс.

Літ.:

Вонсовский С.В. Магнетизм. М., 1971;

Абрагам А., Гольдман М. Ядерный магнетизм: порядок и беспорядок: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1984;

Кринчик Г.С. Физика магнитных явлений. 2 изд. М., 1985.

Р.​М.​Шахлевіч.

т. 12, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАМЕ́ТРЫЯ (ад астра... + ...метрыя),

раздзел астраноміі, які вывучае ўзаемнае размяшчэнне нябесных целаў у прасторы і змену яго з цягам часу, а таксама памеры і форму планет і іх спадарожнікаў. Уключае фундаментальную астраметрыю (вызначае найб. дакладную сістэму сферычных каардынат), сферычную астраномію (распрацоўвае матэм. метады рашэння задач, звязаных з бачным размяшчэннем і рухам свяціл на нябеснай сферы), практычную астраномію (распрацоўвае астранамічныя інструменты і прылады). Да астраметрыі належыць таксама вызначэнне момантаў сонечных і месяцавых зацьменняў, вырашэнне праблем календара. На падставе астраметрычных назіранняў вызначаны шкала дакладнага часу, даныя пра становішча восі вярчэння Зямлі ў прасторы і ў целе Зямлі, сістэма астранамічных пастаянных, каталогі зорак, пунктаў зямной паверхні з астр. каардынатамі і пунктаў з планетаграфічнымі каардынатамі на паверхні Месяца, Марса, Меркурыя і інш. планет. Еўрапейскае касмічнае агенцтва ў 1989 запусціла астраметрычны спадарожнік «Гіпаркос», які вызначыў каардынаты, уласныя рухі і трыганаметрычныя паралаксы 118 тыс. зорак з дакладнасцю да 2-тысячных доляў вуглавой секунды і амаль для мільёна зорак з меншай дакладнасцю. Выкарыстанне ў астраметрыі сродкаў радыё-, электроннай і выліч. тэхнікі дазваляе выконваць арыентацыю касм. апаратаў у час працяглых міжпланетных палётаў, назіраць ШСЗ і інш. Метадамі астраметрыі карыстаюцца ў геадэзіі, картаграфіі і навігацыі.

Літ.:

Подобед В.В., Нестеров В.В. Обшая астрометрия. 2 изд. М., 1982;

Бакулин П.Н. Фундаментальные каталоги звезд. 2 изд. М., 1980;

Бакулин П.И., Блинов Н.С. Служба точного времени. 2 изд. М., 1977;

Положенцев Д.Д. Радио- и космическая астрометрия. Л., 1982.

Дз.​Дз.​Палажэнцаў.

т. 2, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУХО́ЎНА-РЫ́ЦАРСКІЯ О́РДЭНЫ,

ваенна-рэлігійныя аб’яднанні, арганізаваныя на ўзор каталіцкіх манаскіх ордэнаў. Узніклі ў час крыжовых паходаў як брацтвы для дапамогі паломнікам у Палесціне, з 12 ст.ваен. арг-цыі для аховы і пашырэння хрысц. уладанняў на Усходзе, барацьбы з мусульманамі і язычнікамі. З канца 11 ст. да 1300 заснавана 12 Д.-р.о.: Ордэн коннікаў шпіталя св. Яна Іерусалімскага (шпітальеры, прыбл. з 1070); Ордэн бедных рыцараў Хрыста і Саламонава храма (тампліеры, з 1116 або 1119); Авіскі ордэн (з 1162 або 1166); Ордэн св. Міхаіла (з 1167); ордэн мечаносцаў (з 1202); Ордэн прускіх рыцараў Хрыстовых з Добжыні (з пач. 13 ст.) і інш. Іх члены давалі зарокі ўстрымання, паслушэнства, беднасці, падзяляліся на братоў-воінаў, капеланаў (святароў) і братоў-служыцеляў. Ордэн узначальваў вял. магістр (выбіраўся пажыццёва), якому падпарадкоўваліся камандзіры мясц. аддзелаў (правінцый і бальяжаў) — магістры (прыёры), прэцэптары, камандоры, канэтабль і інш. і пры якім перыядычна склікаўся ген. капітул (савет), які валодаў заканад. уладай. Д.-р.о. былі незалежныя ад мясц. свецкіх і духоўных улад і падпарадкоўваліся непасрэдна рым. папу, які даваў ім значныя прывілеі. Найб. магутнымі былі т.зв. «інтэрнацыянальныя» ордэны (шпітальеры, тампліеры, Тэўтонскі ордэн), якія мелі аддзелы ва ўсіх краінах Зах. Еўропы, уласныя арміі, вял. зямельныя ўладанні і грашовыя сродкі. Пасля страты ў 13 ст. ўладанняў на Усходзе Д.-р.о. перанеслі дзейнасць на Зах. Еўропу, дзе яны сталі адной з вядучых ваен. і паліт. сіл. З умацаваннем каралеўскай улады б.ч. ордэнаў перастала існаваць.

Літ.:

Печников Б.А. «Рыцари церкви»: Кто они? М., 1991.

Дз.​М.​Чаркасаў.

т. 6, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНАЯ АКАДЭМІ́ЧНАЯ СІМФАНІ́ЧНАЯ КАПЭ́ЛА РАСІ́І.

Створана ў 1991 у Маскве ў выніку зліцця Дзярж. камернага хору СССР (існаваў з 1971) і Дзярж. сімфанічнага аркестра Мін-ва культуры СССР (існаваў з 1957). Маст. кіраўнік і гал. дырыжор капэлы В.​Палянскі. Капэла ўяўляе сабой арган. адзінства двух муз. арганізмаў, якія захоўваюць пэўную творчую самастойнасць (маюць уласныя канцэртныя праграмы, гастрольныя планы, здзяйсняюць запісы). Дзякуючы асаблівай сінт. структуры калектыў мае магчымасць выконваць узоры класічнай музыкі — месы і араторыі, рэквіемы і кантаты, прызначаныя для выканання салістамі, хорам і аркестрам, у т. л. «Глорыя» А.​Вівальдзі, «Месія» Г.​Ф.​Гендэля, месы В.​А.​Моцарта і Ф.​Шуберта, рэквіемы Л.​Керубіні, Дж.​Вердзі, Моцарта, І.​Брамса, А.​Брукнера, «Званы» С.​Рахманінава, «Вяселейка» І.​Стравінскага, многія оперы ў канцэртным выкананні. Капэла — першы выканаўца многіх твораў А.​Шнітке, М.​Сідзельнікава, С.​Губайдулінай і інш. Выступленням капэлы ўласцівыя глыбіня інтэрпрэтатарскіх канцэпцый, высокая ансамблевая культура, бездакорнае пачуццё стылю, каларыстычнае багацце гукавой палітры. Аркестр быў створаны як оперна-сімф. аркестр Усесаюзнага радыё і тэлебачання (арганізатар і першы маст. кіраўнік С.Самасуд), з 1981 яго ўзначальваў Г.Раждзественскі, пад кіраўніцтвам якога калектыў на высокім узроўні выканаў у канцэртах і запісаў на радыё ўсе сімфоніі Брукнера, Дз.​Шастаковіча, А.​Анегера, Шнітке і інш. Хор (арганізатар і кіраўнік Палянскі) набыў найб. вядомасць пасля ўдзелу ў Міжнар. конкурсе поліфанічных хароў «Гвіда д’Арэца» ў Італіі, дзе стаў лаўрэатам. Яго рэпертуар вялікі і разнастайны, выкананне адметнае высокай вакальна-харавой тэхнікай, прыгожым роўным гучаннем, крышталёвай яснасцю і дакладнасцю інтанавання.

т. 6, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЁД (лац. Iodum),

I, хімічны элемент VII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 53, ат. м. 126,9045, адносіцца да галагенаў. У прыродзе 1 стабільны ізатоп ​127І. У зямной кары 4∙10​−5% па масе, уласныя мінералы (напр., ёдаргірыт AgI) сустракаюцца рэдка. Прамысл. колькасць Ё. маюць падземныя воды нафтавых і газавых радовішчаў (0,01—0,1 кг/м³), салетравых адкладаў (да 1%). Мікраэлемент неабходны для жыццядзейнасці жывёл і чалавека. Адкрыты ў 1811 франц. хімікам-тэхнолагам Б.​Куртуа.

Ё. — чорна-фіялетавыя крышталі з метал бляскам, tпл 113,5 °C, шчыльн. 4940 кг/м³ (20 °C). Лёгка ўтварае фіялетавую пару (адсюль назва — грэч. iōdēs фіялетавы), пры награванні сублімуе. Раствараецца ў бензоле, этаноле, эфіры, серавугляродзе, водных растворах ёдыдаў металаў; дрэнна — у вадзе. З кіслародам, серай, азотам непасрэдна не рэагуе. З фторам, хлорам, бромам утварае міжгалагенныя злучэнні (напр., Ё. пентафтарыд IF5, цяжкая вадкасць, шчыльн. 3210 кг/м³, Ё. трыхларыд ICl3, жоўтыя крышталі, раскладаюцца пры 64 °C), з водным растворам аміяку — выбуховы ёдзісты азот NI3. Вядомы шэраг кіслародзмяшчальных злучэнняў Ё. (напр., пентааксід дыёду I2O5, бясколерныя крышталі, раскладаюцца пры 300 °C; ёднаватая кіслата і інш.). Пры награванні ўзаемадзейнічае з вадародам (гл. Ёдзісты вадарод) і многімі металамі. Атрымліваюць з буравых вод акісленнем ёдыдаў хлорам. Выкарыстоўваюць для ёдыднага рафінавання металаў (тытану, цырконію і інш.), як каталізатар у арган. сінтэзе, у медыцыне як антысептык і антытырэоідны сродак, радыеактыўныя ізатопы (​125I, ​131I, ​132I) для дыягностыкі і лячэння захворванняў шчытападобнай залозы. Атрутны, пара раздражняе слізістыя абалонкі, ГДК у паветры 1 мг/м³.

І.​В.​Боднар.

т. 6, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАСА́ЕЎ (сапр. Смідовіч) Вікенцій Вікенцьевіч

(16.1.1867, г. Тула — 3.6.1945),

рускі пісьменнік, літ.-знавец, перакладчык. Скончыў гіст.-філас. ф-т Пецярбургскага ун-та (1888), мед. ф-т Дэрпцкага ун-та (г. Тарту, 1894). Працаваў урачом у Туле, Пецярбургу. У аповесцях «Без дарогі» (1895), «На павароце» (1902), апавяданні «Пошасць» паказаў бесперспектыўнасць народніцкага руху. Аповесць «Два канцы» (ч. 1—2, 1899—1903) пра цяжкі і жахлівы побыт рабочых. Папулярнасць прынесла вострапубліцыстычная кн. «Запіскі ўрача» (1901). У 1900-я г. ўваходзіў у літ. групу «Серада» (Масква). Як урач удзельнічаў у рус.-яп. вайне 1904—05. Ваен. ўражанні ў аснове серыі «Апавяданняў пра вайну» (1906; поўны тэкст «На японскай вайне», 1928) і публіцыстычных нарысаў «На вайне: Запіскі» (1907—08). У творах пераацэнка рэв. мінулага, паварот да філасофіі Ф.​Ніцшэ і А.​Бергсона (аповесць «Да жыцця», 1909), непрыняцце тагачаснага тэрору (раман «У тупіку», 1922), погляд інтэлігенцыі на прымусовую калектывізацыю (раман «Сёстры», 1933), эпоха праз уласныя ўспаміны (кн. «У юныя гады», 1927; «У студэнцкія гады», 1929; «Успаміны», 3-е выд., 1946). Аўтар літ.-філас. даследавання «Жывое жыццё» [ч. 1 — «Пра Дастаеўскага і Льва Талстога», 1911; ч. 2 — «Апалон і Дыяніс (пра Ніцшэ)», 1915], дакумент.-біягр. прац «Пушкін у жыцці» (1926—27), «Гогаль у жыцці» (1933), «Спадарожнікі Пушкіна» (1934—36) і інш. Перакладаў антычных паэтаў Гесіёда («Дні і турботы», 1927), Гамера («Іліяда», 1949; «Адысея», 1953) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1943.

Тв.:

Полн. собр. соч. Т. 1—16. М., 1929—31;

Собр. соч. Т. 1—5. М., 1961;

Соч. Т. 1—2. М., 1982.

С.​Ф.​Кузьміна.

В.В.Верасаеў.

т. 4, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ДНЫ (Сымон) (каля 1530, в. Буды, цяпер Беластоцкае ваяв., Польшча — 13.1.1593),

дзеяч бел. культуры, гуманіст, філосаф, асветнік; актыўны ўдзельнік рэфармацыйнага руху; адзін з заснавальнікаў навук. крытыкі Бібліі. Скончыў Кракаўскі ун-т (паступіў у 1544), магчыма, і Базельскі пратэстанцкі ун-т. З 1558 выкладаў на бел. мове ў пратэстанцкай школе ў Вільні, з 1560 кальвінісцкі прапаведнік у Клецку. Заснавальнік (з Л.​Крышкоўскім і М.​Кавячынскім) Нясвіжскай друкарні, дзе выдаў на бел. мове «Катэхізіс», свае творы «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам» і інш. Незадаволены памяркоўнасцю кальвінізму, перайшоў на радыкальныя пазіцыі антытрынітарызму. З 1573 прапаведнік у Лоску (Валожынскі р-н). У 1574 у створанай ім Лоскай друкарні надрукаваў свой пераклад Новага Запавету з прадмовай, каментарыямі і заўвагамі, уласныя творы «Пра дзве сутнасці Хрыста», «Супраць хрышчэння дзяцей», «Кароткі доказ, што Хрыстос не з’яўляецца такім жа Богам, як айцец...» і інш. Меў сяброўскія кантакты з І.Фёдаравым і П.Мсціслаўцам, вёў перапіску з багасловам Арцеміем, Феадосіем Касым, удзельнічаў у рабоце арыянскіх сінодаў, дыспутах з езуітамі, палемізаваў з ідэолагамі арыянства Пятром з Ганёндза, Якубам з Калінаўкі, М.​Чаховіцам. Ідэі Буднага паўплывалі на развіццё еўрап. рацыяналізму 17 ст., садзейнічалі фарміраванню вальнадумства. Як прадаўжальнік традыцый Ф.Скарыны, выступаў за роўнасць усіх саслоўяў перад законам і справядлівасць правасуддзя. Яго паліт. ідэал — асветная манархія. Не адмаўляючы сутнасці прыгонніцтва, патрабаваў абмежавання феад. самавольства. Лічыў, што простаму народу патрэбны мір, што феадалы павінны клапаціцца пра яго адукацыю. Шмат зрабіў для развіцця бел. мовы, выступаў за выкарыстанне жывой нар. мовы ў рэліг. пісьменстве і царк. набажэнствах, за ўсебаковае супрацоўніцтва ўсіх славянскіх народаў.

Літ.:

Парэцкі Я.І. Сымон Будны. Мн., 1975;

Саверчанка І.В. Сымон Будны: Гуманіст і рэфарматар. Мн., 1993.

С.Будны.

т. 3, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ваганні (фіз.) 1/303, 592; 2/538; 3/68, 69, 196, 285, 362, 458; 4/326, 370; 7/477; 10/67, 464; 11/46

- » - гарманічныя, гл. Гарманічныя ваганні

- » - затухальныя, гл. Затухальныя ваганні

- » - ўласныя, гл. Уласныя ваганні

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МАРА́ЛЬ (франц. morale ад лац. moralis маральны, духоўны),

асаблівая форма грамадскай свядомасці і від грамадскіх адносін (маральныя адносіны); адзін з асн. спосабаў нарматыўнай рэгуляцыі дзеянняў чалавека ў грамадстве. Узнікла на ранніх ступенях развіцця чалавечага грамадства і выяўлялася ў розных маральных сістэмах, якія развіваліся і змянялі адна адну. Рэгулюе паводзіны чалавека ва ўсіх сферах яго грамадскага жыцця — у працы, побыце, палітыцы, навуцы, сям’і, унутрыгрупавых, міжнар. адносінах, а таксама яго адносіны з прыродай. Адлюстроўвае цэласную сістэму поглядаў на сац. жыццё, якая змяшчае разуменне сутнасці грамадства, гісторыі, чалавека і яго быцця. Уяўляе сабой усведамленне людзьмі грамадска неабходнага тыпу паводзін і іх рэалізацыю ў свабодных дзеяннях з апорай на ўласныя перакананні і грамадскую думку. Нормы М. пастаянна абнаўляюцца з улікам гіст. традыцый, духоўнай і нац.-культ. спадчыны, жаданняў людзей. У М. вял. роля належыць індывід. свядомасці (уласныя перакананні, матывы, самаацэнка), якія дазваляюць чалавеку кантраляваць свае дзеянні, самастойна вызначаць сваю лінію паводзін у грамадстве. У разнастайнасці грамадскай дзейнасці чалавека спецыфічна маральны бок паводзін можна адрозніць толькі паводле спосабу, якім рэгулююцца ўчынкі. Напр., эканам. рэгуляванне ажыццяўляецца праз матэрыяльныя інтарэсы людзей; ‘нормы права замацоўваюцца ў афіц. заканадаўстве; адм. формы кантролю здзяйсняюцца праз размеркаванне абавязкаў і афіц. паўнамоцтваў паміж асобамі; у паўсядзённым жыцці патрабаванні М. кантралююцца грамадскай думкай. Аўтарытэт чалавека ў пытаннях М. з’яўляецца духоўным аўтарытэтам і залежыць ад таго, наколькі правільна чалавек разумее сэнс маральных патрабаванняў і выконвае іх. Ён не звязаны з афіц. паўнамоцтвамі, рэальнай уладай або грамадскім становішчам. У адрозненне ад звычаяў, нормы М. набываюць сэнс агульначалавечых каштоўнасцей і прынцыпаў і падтрымліваюцца ў выніку заведзенага і агульнапрынятага парадку.

Літ.:

Мораль, сознание и поведение. М., 1986;

Библер В.С. Нравственность. Культура. Современность. М., 1990;

Сорокин П.А. Человек. Цивилизация. Общество. М., 1992;

Моральные ценности и личность. М., 1994.

В.​В.​Краснова.

т. 10, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВА́НТАВАЯ МЕХА́НІКА, хвалевая механіка,

тэорыя, якая ўстанаўлівае спосаб апісання і законы руху мікрачасціц (электронаў у атаме, атамаў у малекуле, нуклонаў у ядрах і інш.). Дае магчымасць апісаць структуру атамаў і зразумець іх спектры, устанавіць прыроду хім. сувязі, растлумачыць перыяд. сістэму элементаў і г.д. З’яўляецца тэарэт. асновай атамнай і ядз. фізікі, фізікі цвёрдага цела.

Мікрааб’ектам уласціва своеасаблівая дваістасць: у залежнасці ад умоў яны могуць паводзіць сябе як часціцы ці як хвалі (гл. Карпускулярна-хвалевы дуалізм). Таму тэарэт. апісанне мікраскапічных з’яў патрабуе аб’яднання ўзаемна несумяшчальных фіз. характарыстык, чаго нельга ажыццявіць у межах класічнай фізікі ўнутрана несупярэчлівым спосабам (гл. Дапаўняльнасці прынцып). Пры гэтым немагчыма адначасовае выкарыстанне некаторых фіз. велічынь, напр., каардынат і імпульсу часціцы. Для мікрачасціцы не мае сэнсу, напр., такое паняцце, як рух уздоўж траекторыі; усе тэарэт. сцвярджэнні адносна выніку пэўных узаемадзеянняў маюць імавернасны характар.

К.м. ўзнікла як развіццё ўяўленняў М.Планка (1900) адносна квантавання дзеяння, А.Эйнштэйна (1905, 1916) пра карпускулярныя ўласцівасці святла (гл. Планка закон выпрамянення), напаўкласічнай мадэлі атама Н.Бора (1913, гл. Бора тэорыя), ідэі Л. дэ Бройля адносна хвалевых уласцівасцей мікрачасціц (гл. Хвалі дэ Бройля). Фундаментальнае развіццё К.м. атрымала ў працах В.Гайзенберга (1925), Э.Шродынгера і П.Дзірака (1926). Паводле К.м. ўсю інфармацыю пра фіз. стан мікрасістэмы змяшчае хвалевая функцыя. Яна вызначае размеркаванне імавернасці для розных фіз. велічынь, якія характарызуюць сістэму (становішча ў прасторы, імпульс, энергія і г.д.; М.Борн, 1926). Кожнай класічнай фіз. велічыні ў К.м. адпавядае пэўны аператар, уласныя значэнні якога супадаюць з назіральнымі значэннямі фіз. велічыні (гл. Аператары). Магчымыя станы сістэмы апісваюцца адпаведнымі ўласнымі функцыямі. У залежнасці ад таго, дыскрэтную ці неперарыўную паслядоўнасць утвараюць уласныя значэнні аператара, адпаведная фіз. велічыня з’яўляецца квантаванай ці неквантаванай (гл. Квантаванне). Калі аператары 2 фіз. велічынь (L і M) не камутуюць, г. зн. што вынік дзеяння аператараў L і M на хвалевую функцыю Ψ залежыць ад парадку іх дзеяння ( L^ M^ Ψ M^ L^ Ψ ) , то рэалізацыя такіх станаў мікрасістэмы, у якіх адпаведныя фіз. велічыні адначасова мелі б пэўнае значэнне, немагчыма; найперш гэта датычыць аператараў каардынат і імпульсу (гл. Неазначальнасцей суадносіны). Камутатыўнасць аператараў пэўных фіз. велічынь з аператарам энергіі азначае, што гэтыя фіз. велічыні з цягам часу не мяняюцца, г. зн. з’яўляюцца інтэграламі руху. Асн. інтэграл руху ў К.м. — энергія. Для дакладнага вызначэння стану мікрасістэмы неабходна ведаць энергію і інш. ўзаемна камутатыўныя інтэгралы руху, якімі, напр., для часціцы ў полі цэнтральных сіл з’яўляюцца квадрат моманту імпульсу і адна з яго праекцый. Калі інтэгралы руху маюць дыскрэтны спектр, стан сістэмы вызначаецца з дапамогай квантавых лікаў.

Прадказанні К.м. пераходзяць у адпаведныя вынікі класічнай механікі, калі для фіз. сістэмы велічыні размернасці дзеяння становяцца значна большымі, чым пастаянная Планка h (гл. Адпаведнасці прынцып). Абагульненне асн. ідэй К.м. на выпадак, калі энергія руху часціц параўнальная з энергіяй спакою (гл. Адноснасці тэорыя), дало магчымасць прадказаць існаванне антычасціц, стварыць тэорыю ўласнага моманту колькасці руху (гл. Спін) і інш. К.м. з’яўляецца мех. тэорыяй, таму не можа паслядоўна разглядаць працэсы паглынання святла і эл.-магн. выпрамянення. Яна дае набліжаныя метады разліку, дастатковыя для патрэб атамнай і часткова ядз. фізікі. Паслядоўную тэорыю ўзаемадзеяння фатонаў з электрычна зараджанымі часціцамі дае квантавая электрадынаміка. Ураўненні К.м. даюць магчымасць дакладна вылічыць магчымыя ўзроўні энергіі (гл. Шродынгера ўраўненне) мікрасістэмы, а таксама імавернасць пераходаў паміж імі. Гл. таксама Квантавая тэорыя поля, Абменнае ўзаемадзеянне.

На Беларусі работы па К.м. пачаты ў 1930-я г. ў БДУ (Ф.​І.​Фёдараў), у пасляваен. гады вядуцца пераважна ў БДУ і Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі.

Літ.:

Фейнман Р., Лейтон Р., Сэндс М. Фейнмановские лекции по физике: Пер. с англ. Вып. 8—9. М., 1966—67;

Ландау Л.Д., Лифшиц Е.М. Теоретическая физика. Т. 3. Квантовая механика;

Нерелятивистская теория. 4 изд. М., 1989;

Борисоглебский Л.А. Квантовая механика. 2 изд. Мн., 1988.

Л.​М.​Тамільчык.

т. 8, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)