«СЛА́ЎНАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ»,
прынятая ў гіст. л-ры назва бяскроўнага дзярж. перавароту 1688—89 у Англіі (звяржэнне караля Якава II Сцюарта, абвяшчэнне каралём Вільгельма III Аранскага пры абмежаванні каралеўскай улады), які канчаткова адхіліў абсалютызм як форму праўлення і ўсталяваў у краіне канстытуцыйную манархію. Гл. Англійскія рэвалюцыі 17 стагоддзя.
т. 14, с. 510
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКІ КАМІТЭ́Т НАЦЫЯНА́ЛЬНАГА ВЫЗВАЛЕ́ННЯ (ПКНВ),
часовы орган улады на тэр. Польшчы, якая была занята сав. войскамі ў 1944. Створаны 21.7.1944 пасля перагавораў у Маскве прадстаўнікоў Краёвай Рады Нарадовай (КРН) з сав. урадам. Старшыня ПКНВ — Э.Асубка-Мараўскі, намеснікі — В.Л.Васілеўская і А.Вітас. Уключаў членаў Польскай рабочай партыі, Польскай сацыялістычнай партыі і інш. левых партый. 22.7.1944 у г. Хэлм быў выдадзены маніфест ПКНВ, які абвясціў Польскі ўрад у эміграцыі самачынным, а адзінай легальнай крыніцай улады ў Польшчы — КРН, якая дзейнічала на аснове канстытуцыі 1921. У далейшым знаходзіўся ў г. Люблін. 26.7.1944 падпісаў з сав. урадам пагадненне аб прызнанні сав.-польскай мяжы паводле «Керзана лініі». 1.8.1944 сав. ўрад прызнаў ПКНВ як адзіны афіц. ўрад Польшчы. У вер. 1944 ПКНВ абвясціў аб правядзенні аграрнай рэформы і нацыяналізацыю буйной прам-сці. 31.12.1944 ператвораны ў часовы ўрад Польскай Рэспублікі.
т. 12, с. 486
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДМІНІСТРА́ЦЫЯ (ад лац. administratio кіраўніцтва),
1) сукупнасць органаў выканаўчай улады, што ажыццяўляе мерапрыемствы па кіраванні краінай, рэгіёнам, горадам, прадпрыемствам і г.д. (раённая адміністрацыя, абл. адміністрацыя, адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Кабінет Міністраў Рэспублікі Беларусь).
2) Службовыя асобы, кіраўнікі, персанал установы, прадпрыемства ці яго структурнай часткі (адміністрацыя завода, адміністрацыя цэха).
т. 1, с. 119
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУНЧУ́К (цюрк.),
1) доўгае дрэўка з шаром ці вастрыём на верхнім канцы, з пасмамі конскіх валасоў і кутасамі. Сімвал улады ў тур. пашэй, у 16—18 ст. таксама польск., літ., укр. гетманаў і атаманаў рус. казацкага войска.
2) Ударны музычны інструмент, упрыгожаны дэкаратыўнымі конскімі хвастамі, у некаторых вайсковых аркестрах.
т. 3, с. 339
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНАРО́ВЫ ГРАМАДЗЯНІ́Н,
1) прывілеяванае званне, устаноўленае ў Рас. імперыі ў 1832 для асобных груп гараджан. Ганаровы грамадзянін вызваляўся ад падушнага падатку, рэкруцкай павіннасці, цялесных пакаранняў.
2) Званне, якое ў Рэспубліцы Беларусь і некаторых інш. краінах надаецца мясц. органамі дзярж. улады асобам за іх асабістыя заслугі перад пэўным горадам.
т. 5, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМІНА́Т (ад лац. dominatus панаванне),
неабмежаваная манархія, устаноўленая ў Стараж. Рыме замест прынцыпату ў часы імператара Дыяклетыяна [284—305]. Д. характарызаваўся ўзмацненнем абсалютнай улады імператара, якому надаваліся рысы бажаства. Сенат страціў самаст. паліт. значэнне. Пры двары быў уведзены цырыманіял на ўсх. ўзор (напр., знакі пашаны імператару аказваліся стоячы на каленях).
т. 6, с. 32
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ТНІК,
1) назва пасады ў некат. прадстаўнічых органах дзярж. улады (міністэрствах, пасольствах і пад.), таксама асоба, якая займае гэтую пасаду. Напр., С. юстыцыі, С. пасольства.
2) У дарэв. Расіі С. наз. чыны розных класаў паводле іерархіі рангаў, што існавалі ў цывільнай службе (напр. надворны С., тытулярны С., калежскі С.).
т. 14, с. 55
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́БАРЧЫ ЎЧА́СТАК,
частка выбарчай акругі, дзе галасуе пэўная колькасць выбаршчыкаў. У Рэспубліцы Беларусь ствараюцца для выбараў прадстаўнічых органаў дзярж. улады і Прэзідэнта. На выбарчыя ўчасткі падзяляецца тэр. раёнаў, гарадоў, раёнаў у гарадах. Выбарчыя ўчасткі ствараюцца таксама ў вайсковых часцях, могуць быць створаны і ў санаторыях, дамах адпачынку, бальніцах і інш.
т. 4, с. 300
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРАНТАКРА́ТЫЯ [ад грэч. gerōn (gerontos) стары + kratos улада],
прынцып кіравання, пры якім улада належыць старэйшым. Тэрмін герантакратыі ўведзены ў этнаграфіі ў пач. 20 ст. і выкарыстоўваецца для аналізу структур улады на ранніх формах грамадскага ладу, пазней у класавым грамадстве. У пераносным сэнсе герантакратыя сімвалізуе адсталасць, кансерватызм, застойнасць мыслення і бяздзейнасць.
т. 5, с. 168
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАКО́Н,
у міфалогіі многіх народаў крылаты (часам шматгаловы) вогненны змей, тулава якога складалася з частак цела змяі, кракадзіла, птушкі, рыбы, льва, сабакі і інш. У краінах Усх. Азіі лічыўся бажаством вады, якое прыносіць урадлівасць, пазней — сімвал улады. Д. былі пераможаны Гераклам (Гідра, Ладон), Апалонам (Піфон, Тыфон), Георгіем Пераможцам і інш.
т. 6, с. 196
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)