ВАЛМЯ́НСКАЕ БАЛО́ТА, Волма-Слоўст, Волма,

у Беларусі, у Чэрвеньскім, Мінскім, Смалявіцкім і Пухавіцкім р-нах Мінскай вобл., пераважна ў вадазборы р. Волма і яе прытока Слоўст (бас. Свіслачы). Нізіннага (80%), вярховага (10%) і пераходнага (10%) тыпаў. Пл. 6,5 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 5 тыс. га. Глыб. торфу да 6,6 м, сярэдняя 2,3 м. На асушаных землях сеюць травы, часткова збожжавыя і прапашныя культуры. На неасушаных участках пераважаюць гіпнава-асаковыя нізінныя ўчасткі, месцамі трапляюцца бяроза і вольха.

т. 3, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСАХВО́СТ, батлачык (Alopecurus),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 50 відаў. Пашыраны ва ўмераных і халодных паясах і ў гарах тропікаў. На Беларусі 5 відаў Л.: лугавы (A. pratensis), каленчаты (A. geniculatus), роўны (A. aequalis), мышахвоснікападобны (A. myosuroides), трысняговы (A. arundinaceus). Трапляюцца пераважна на лугах.

Шматгадовыя, радзей аднагадовыя травы выш. 20—120 см з прамастойнымі ці каленчата-прыўзнятымі сцёбламі. Лісце плоскае, вузкае, шурпатае. Суквецце — мяцёлка. Каласкі сціснутыя з бакоў, аднакветныя. Плод — зярняўка. Кармавыя расліны.

Лісахвост лугавы.

т. 9, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯБЕ́ДНІК (Atriplex),

род кветкавых раслін сям. лебядовых. Больш за 200 відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных паясах. На Беларусі 8 відаў. Найб. вядомыя Л.: раскідзісты (A. patula), татарскі (A. tatarica), кап’ялісты (A. prostrata).

Адна- і шматгадовыя травы, паўкусты і кусты. Лісце чаргаванае, часта, як і сцёблы, з мучністым налётам. Кветкі у клубочках, сабраных у коласападобныя ці мяцёлчатыя суквецці, песцікавыя пераважна без калякветніка. Плод — аднанасенны арэшак. Харч., тэхн., кармавыя, лек., дэкар. расліны; ёсць ядавітыя і пустазелле.

Лябеднік татарскі.

т. 9, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДСНЕ́ЖНІК (Galanthus),

род кветкавых раслін сям. амарылісавых. 18 відаў. Пашыраны ў Зах. Еўропе, на Каўказе, у М. Азіі, Іране. Трапляюцца ў горных лясах, на высакагорных лугах. На Беларусі часта наз. П. раннеквітучыя расліны (кураслеп дуброўны, пралеска высакародная і інш.); вырошчваюць П. беласнежны (G. nivalis), складкаваты (G. plicatus), Эльвеза (G. elwesii).

Шматгадовыя цыбульныя травы выш. да 30 см. Лісце (звычайна 2) лінейнае. Кветанос з адной паніклай белай кветкай. Размнажаюцца насеннем, якое разносяць мурашкі. Дэкар. расліны.

Падснежнік беласнежны.

т. 11, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІ́ АРАШЭ́ННЯ,

зямельныя ўчасткі, якія выкарыстоўваюцца для дадатковай біялагічнай ачысткі сцёкавых вод шляхам фільтрацыі праз глебавыя гарызонты і адначасова для арашэння с.-г. раслін. Ствараюць у комплексе з ачышчальнымі збудаваннямі пераважна на лёгкіх пясчаных і супясчаных глебах і грунтах. На П.а. размяшчаюць звычайна кармавыя культуры: шматгадовыя травы, караняплоды і інш. Арашэнне праводзіцца камунальнымі, вытв. (ад прамысл. і с.-г. прадпрыемстваў), мяшанымі сцёкавымі водамі, якія адпавядаюць аграмеліярац. і сан. патрабаванням і прайшлі папярэднюю мех., хім. ці біял. ачыстку.

т. 11, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ТВІЦА (Lotus),

род кветкавых раслін сям. бабовых. Больш за 100 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы і Амерыцы. На Беларусі 2 віды Р.: багнавая (L. uliginosus) і рагатая (L. corniculatns), нар. назвы заечая трава, рута польная, трызаўка. Трапляюцца на лугах, схілах, каля дарог, у вільготных лясах. Уведзены ў культуру.

Шматгадовыя, радзей адна- і двухгадовыя травы ці паўкусты. Лісце няпарнаперыстае. Кветкі залаціста-жоўтыя, адзіночныя або ў парасонападобных суквеццях. Плод — струк. Кармавыя, лек., фарбавальныя, меданосныя, дэкар. расліны.

В.​М.​Прохараў.

Рутвіца рагатая.

т. 13, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАСКУ́РЫН (Пётр Лукіч) (22.1.1928, пас. Косіцы Сеўскага р-на Бранскай вобл., Расія—26.10.2001),

рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1988). Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1964). Друкаваўся з 1958. Першая кніга — зб. апавяд. «Таежная песня» (1960). У філас. трылогіі «Лёс» (1972, Дзярж. прэмія Расіі, 1974; паводле рамана кінадылогія «Каханне зямное», 1974, і «Лёс», 1977), «Імя тваё» (1977), «Адрачэнне» (кн. 1—2, 1989—90) лёс рус. народа на трагічных пераломах гісторыі, непадзельнасць лёсу асобнага чалавека з лёсам краіны. Раман «Камень сердалік» (1968) і аповесць «Чорныя птушкі» (1981) пра творчую інтэлігенцыю. Падзеі Вял. Айч. вайны ў раманах «Глыбокія раны» (1960), «Зыход» (1966). Раманы «Карані агаляюцца ў буру» (1961), «Горкія травы» (1964) пра пасляваен. жыццё. Аўтар рамана «Сёмая варта» (1995), зб-каў аповесцей і апавяд. «Цана хлеба» (1961), «Каханне чалавечае» (1965), «Шостая ноч» (1970), вершаў, кінасцэнарыяў і інш. Прозе П. ўласцівы псіхалагізм, драматызм сітуацый, маштабнасць ахопу падзей. Раманы «Горкія травы», «Імя тваё» інсцэніраваны. Дзярж. прэмія СССР 1979.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—5. М., 1981—83;

Порог любви: Повесть встреч и дорог. М., 1987;

Лики земли. М., 1990.

Літ.:

Шагалов А. Петр Проскурин. М., 1979;

Чалмаев В. Сотворение судьбы: Творческий путь П.​Проскурина. М., 1983;

Майданюк П., Ольвовский П. Жанр романа в творчестве П.​Проскурина и В.​Шукшина. Ташкент, 1988.

П.Праскурын.

т. 13, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІМО́ЗА (Mimosa),

род кветкавых раслін сям. бабовых. 400—500 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках Амерыкі, некат. віды — у Афрыцы і Азіі. На Беларусі — у аранжарэях.

Шматгадовыя травы, кусты (часам ліяны), дрэвы, часта з калючкамі. Лісце двойчыперыстае. У некат. відаў (напр., вечназялёнага кусціка М. сарамлівай (M. pudica)] лісце здольнае да рухаў (настый). пры дакрананні ці наступленні цемнаты складваецца і апускаецца. Кветкі дробныя, у галоўчатых або коласападобных суквеццях. Плод — боб, пры выспяванні распадаецца на членікі. М. няправільна называюць акацыю серабрыстую.

Мімоза сарамлівая.

т. 10, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДАЛЕ́ШНІК (Asarum),

род кветкавых раслін сям. кірказонавых. Каля 100 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 1 від — П. еўрапейскі (A. europaeum), нар. назвы канячыя капыткі, дзікі перац, церазгрывіца. Трапляецца ў цяністых лясах, хмызняках.

Шматгадовыя карэнішчавыя травы выш. да 10 см з вострым пахам перцу. Сцёблы кароткія, слабаразвітыя з лускавінкамі. Лісце (2—3) буйное, зялёнае, скурыстае, зімуючае, на доўгіх чаранках з глыбокай выемкай. Кветкі адзіночныя, званочкавыя, на паніклых кветаножках. Плод — каробачка. Ядавітыя, лек., дэкар. расліны.

В.​В.​Маўрышчаў.

Падалешнік еўрапейскі.

т. 11, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́РХАЎКА (Bovista),

род базідыяльных грыбоў парадку дажджавіковых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляюцца на адкрытых месцах, сярод травы, радзей у лясах з чэрв. па вер. П. чарнеючая (B. nigrescens) і свінцова-шэрая (B. leumbea).

Пладовыя целы — шарападобныя, дыям. да 6 см. Абалонка (перыдый) двухслойная, вонкавы слой напачатку белы, потым шараваты, унутраны — танкаскурысты свінцова-шэры ці чорны. Мякаць (глеба) белая, потым аліўкава-бурая, парошыстая. Споры шарападобныя, з доўгім прыдаткам. У маладым узросце ядомыя.

Порхаўка чарнеючая.

т. 12, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)