ЗУЛЬФІЯ́ (сапр.Ісраілава Зульфія; н. 14.3.1915, Ташкент),
узбекская паэтэса. Нар. паэтэса Узбекістана (1965). Герой Сац. Працы (1984). У паэт. зб-ках «Старонкі жыцця» (1932), «Блізкія сэрцу майму» (1958), «Сэрца ў дарозе» (1966), «Спатканне» (1972), «Радкі памяці» (1974; Дзярж. прэмія СССР 1976), «Роздум і пачуцці» (1982) і інш. вострае адчуванне сучаснасці, услаўленне жанчыны-працаўніцы, гуманістычны пафас. Змест кн. «Размова з сяброўкамі» (1953) — асэнсаванне ролі ўзб. жанчыны ў сям’і і ў грамадскім жыцці. Дзярж. прэмія Узбекістана імя Хамзы 1970, Міжнар. прэміі імя Дж.Нэру 1968 і «Лотас» 1970. Пераклала на ўзб. мову творы Я.Купалы, Я.Коласа, П.Броўкі, М.Танка, Э.Агняцвет, Е.Лось. На бел. мову асобныя творы З. пераклалі Э.Агняцвет, Р.Барадулін, А.Вярцінскі, С.Грахоўскі, А.Грачанікаў, В.Іпатава, А.Лойка і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАД-ЗО́ДЭН (Bad Soden am Taunus),
Зодэн, бальнеакліматычны курорт у Германіі. Побач з г. Франкфурт-на-Майне, у адгор’ях Таўнуса. Міжнар. вядомасць набыў у 19 ст. Каля 30 крыніц цёплых і халодных мінер. водаў (многія выкарыстоўваліся з 15 ст.) для лячэння хвароб суставаў, органаў дыхання, сасудаў і сэрца. Санаторыі, пансіянаты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСТРЭ́С-СІНДРО́М,
хвароба нованароджаных у першыя гадзіны жыцця, якая праяўляецца цяжкімі дыхальнымі расстройствамі. Прычыны Д.-с. — заганы развіцця лёгкіх, сэрца, родавая траўма, унутрывантробныя інфекцыі, заўчасныя роды, хваробы цяжарных (вірусная інфекцыя, цукровы дыябет, анемія і інш.). Прыкметы: частае дыханне, цыяноз, вяласць, санлівасць, прыгнечанасць рэфлексаў, страта прытомнасці, сардэчная недастатковасць, ацёкі, паніжэнне т-ры цела і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МА,
у старажытнаіндыйскай міфалогіі бог кахання. Паводле ведаў, К. выйшаў («саманарадзіўся») з сэрцавярх. бога Брахмы; у эпасе ён — сын багіні прыгажосці Лакшмі. К. звычайна ўяўлялі ў выглядзе юнака з лукам і стрэламі, якімі ён насылаў на людзей каханне. Адмаўляць «дары» К. лічылася цяжкім грахом. Вобраз К. часта выкарыстоўваецца ў інд. л-ры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРОВАПУСКА́ННЕ,
выдаленне пэўнай колькасці крыві (200—400 мл) з крывянога рэчышча ў лек. мэтах. Робяць пры цяжкіх гіпертанічных крызах (зніжае крывяны ціск), сардэчнай недастатковасці (зніжае прыток крыві да сэрца), ацёку лёгкіх, некат. хваробах крыві, урэміі, атручэннях, таксікозах цяжарнасці і інш. Робяць пракол ці разрэз вены (радзей артэрыі) або з дапамогай п’явак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТЭ́РЫІ (грэч. artēria),
крывяносныя сасуды, па якіх кроў рухаецца ад сэрца ва ўсе органы і часткі цела. Да артэрый належыць аорта і ўсе яе разгалінаванні, у т. л. самыя дробныя — артэрыёлы. Артэрыі нясуць кроў, багатую кіслародам (толькі лёгачныя накіроўваюць вянозную кроў ад сэрца ў лёгкія).
Сценкі артэрый маюць 3 абалонкі. Вонкавая злучальнатканкавая абалонка надае артэрыям трываласць і эластычнасць, што дае магчымасць ім вытрымліваць унутраны ціск, расшырацца і звужацца; багатая сасудамі і нервамі. Сярэдняя абалонка складаецца з эластычных валокнаў і гладкіх мышачных клетак, скарачэнне або расслабленне якіх рэгулюе дыяметр прасвету артэрый і, адпаведна, колькасць крыві, што падаецца да органа. Унутраная абалонка ўтворана эндатэліем і злучальнай тканкай, мае ўнутраную эластычную мембрану, што робіць сценкі больш трывалымі. Асобныя ствалы адной або некалькіх суседніх артэрый часта злучаюцца паміж сабой і ўтвараюць анастамозы (больш дробныя артэрыі). Артэрыі, што не маюць анастамозаў, наз. канцавымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛА́ПС (лац. collapsus аслабелы, знясілены) у медыцыне, вострая сасудзістая недастатковасць. Характарызуецца зніжэннем сасудзістага тонусу і аб’ёму цыркулюючай крыві. Пры гэтым памяншаецца прыток вянознай крыві да сэрца, зніжаецца сардэчны выкід, паніжаецца артэрыяльны і вянозны ціск, парушаецца перфузія тканак і абмен рэчываў, узнікае гіпаксія галаўнога мозга, прыгнечваюцца жыццёва важныя функцыі. Прычыны ўзнікнення К.: уздзеянне інфекц., таксічных, фіз., алергічных і інш. фактараў на сасудзістую сценку, сасударухальны цэнтр, сасудзістыя рэцэптары, памяншэнне масы цыркулюючай крыві (напр., пры вял. страце крыві і плазмы), глыбокі наркоз, недастатковасць наднырачнікаў, хваробы сэрца (інфаркт міякарда, парушэнне сардэчнага рытму і інш.), тромбаэмбалія лёгачных артэрый, хуткі пераход з гарыз. становішча ў верт., доўгі пасцельны рэжым, калі чалавек доўга стаіць і інш. Прыкметы: раптоўная слабасць, бледнасць скуры і слізістых абалонак, халодны пот, прыгнечаны, затарможаны стан, часты пульс, галавакружэнне; прытомнасць звычайна не траціцца (гэтым К. адрозніваецца ад непрытомнасці). Лячэнне: аксігенатэрапія, лякарствы для стымулявання кровазвароту і дыхання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАГІ́НСКІ (Барыс Маркавіч) (17.1.1926, г. Кіеў — 30.8.1972),
бел. вучоны-тэрапеўт і вітамінолаг. Д-рмед.н. (1969), праф. (1970). Скончыў Кіеўскі мед.ін-т (1947). З 1963 у Гродзенскім мед. ін-це. Навук. працы па клінічнай вітаміналогіі, паталогіі печані, атэрасклератычных пашкоджаннях сасудаў і сэрца.
Тв.:
Роль витаминов в патогенезе и лечении атеросклероза и гипертонической болезни. Мн., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАНТРАБЯ́НКА,
традыцыйны бел. мясны выраб. Лакальная назва патрашанка. Адвараныя, дробна парэзаныя, пасоленыя свіныя вантробы (лёгкія, печань, сэрца, ныркі), а таксама галавізна, прыпраўленыя часнаком, перцам і інш. спецыямі, перамешваюць, кладуць у тоўстыя свіныя кішкі ці страўнік і зноў вараць або падпякаюць у печы. Потым на 1—1,5 сутак прыціскаюць гнётам. Ядуць халодную. На З Беларусі вантрабянку называюць сальцісонам.