ДЭПРЭ́СІЯ (ад лац. depressio прыгнечанне, падаўленне) у псіхалогіі, афектыўны стан, які характарызуецца адмоўным эмацыянальным фонам, змяненнем матывацыйнай сферы і агульнай пасіўнасцю паводзін. Чалавек у стане Д. суб’ектыўна адчувае цяжкія, пакутлівыя эмоцыі і перажыванні (прыгнечанасць, тугу, смутак, роспач). Характэрнымі з’яўляюцца думкі пра ўласную адказнасць за розныя непрыемныя, цяжкія падзеі ў асабістым жыцці або ў жыцці блізкіх людзей. Валявая актыўнасць, самаацэнка рэзка зніжаны. Адрозніваюць функц. стан Д., магчыма ў здаровых людзей у межах нармальнага псіхічнага функцыянавання, і паталаг. Д. як адзін з асн. псіхіятрычных сіндромаў.
т. 6, с. 354
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНЕ́РТНАСЦЬ [ад лац. iners (inertis) бяздзейны, нерухомы],
інерцыя ў механіцы, уласцівасць матэрыяльных цел захоўваць стан раўнамернага і прамалінейнага руху ці спакою адносна інерцыяльнай сістэмы адліку, калі знешнія ўздзеянні на цела (сілы) адсутнічаюць ці ўзаемна ўраўнаважаныя. Пры дзеянні на цела неўраўнаважанай сістэмы сіл І. выяўляецца ў тым, што змена стану спакою або руху цела (змена скорасцей яго пунктаў) адбываецца паступова, а не імгненна. Пры гэтым стан цела змяняецца тым павольней, чым большая яго І. Мерай І. цела з’яўляецца інертная маса. Гл. таксама Ньютана законы механікі.
т. 7, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРФА́ЗА (ад лац. inter паміж + фаза),
інтэркінез, частка жыццёвага цыкла клеткі паміж двума паслядоўнымі мітатычнымі дзяленнямі. У клетках, якія страцілі здольнасць дзялення (напр., нейронах) — перыяд ад апошняга мітозу да смерці клеткі. Да І. адносіцца таксама часовы выхад клеткі з цыкла (стан спакою). У І. сінтэзуюцца рэчывы, неабходныя для існавання і наступнага дзялення клеткі, узнікаюць структуры, што забяспечваюць яе спецыфічныя тканкавыя функцыі. Працягласць І. складае 90% часу ўсяго клетачнага цыкла. Прыкмета інтэрфазных клетак — дэспіралізаваны стан храмаціну (выключэнне — палітэнныя храмасомы двухкрылых і некат. раслін, што захоўваюцца на працягу ўсёй І.).
т. 7, с. 289
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВЕ́РСІЯ ў фізіцы — нераўнаважны стан рэчыва, у якім заселенасць верхніх узроўняў энергіі большая за заселенасць ніжніх. Стварэнне І. ў актыўных асяроддзях — неабходная ўмова работы квантавых генератараў.
т. 7, с. 221
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАХЕКСІ́Я (грэч. kachexia, ад kakos дрэнны + hexis стан),
крайняя ступень знясілення арганізма, якая характарызуецца рэзкім схудненнем, знясіленнем, фіз. слабасцю, атрафіяй, зніжэннем фізіял. функцый, астэнічным, пазней апатычным сіндромам.
т. 8, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫТЫ́ЧНАЕ МАГНІ́ТНАЕ ПО́ЛЕ ў звышправадніках,
значэнне напружанасці магн. поля, пры дасягненні якога магн. поле пранікае ў звышправаднік і выклікае яго пераход у нармальны (незвышправодны) стан. Гл. Звышправоднасць.
т. 8, с. 521
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНЕ́ТЫКА (ад грэч. kinētikos які прыводзіць у рух),
раздзел механікі, у якім вывучаецца механічны стан цела ў сувязі з фіз. прычынамі, што яго вызначаюць. Уключае статыку і дынаміку.
т. 8, с. 269
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫТЫ́ЧНЫ ТОК у звышправадніках,
максімальнае значэнне пастаяннага незатухальнага эл. току, які можа працякаць праз звышправаднік без супраціўлення. Пры перавышэнні К.т. звышправаднік пераходзіць у нармальны (незвышправодны) стан. Гл. Звышправоднасць.
т. 8, с. 522
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЛІКВІ́ДЫ,
залішнія або непатрэбныя прадпрыемству таварна-матэрыяльныя каштоўнасці і гатовыя вырабы, якія цяжка рэалізаваць. Наяўнасць Н. замаруджвае абарачальнасць абаротных сродкаў, пагаршае фін. стан аб’ектаў гаспадарання. Гл. таксама Ліквіднасць.
т. 11, с. 280
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМАВЕ́РНАСЦЬ ТЭРМАДЫНАМІ́ЧНАЯ,
колькасць спосабаў, пры дапамозе якіх можа быць рэалізаваны пэўны стан фізічнай сістэмы.
У тэрмадынаміцы стан сістэмы вызначаецца значэннямі шчыльнасці, ціску, т-ры і інш. вымерных велічаць, т. зв. параметраў стану, якія характарызуюць сістэму ў цэлым (макрастан). Канкрэтны макрастан сістэмы можа рэалізавацца мноствам спосабаў (мікрастанаў), якія адрозніваюцца класічным ці квантавым размеркаваннем часціц сістэмы па каардынатах, імпульсах і энергіях. У адрозненне ад матэм. імавернасці Р (Р≤1), І.т. W≥1. Сувязь паміж І.т. і энтрапіяй выражаецца Больцмана прынцыпам. І.т. выкарыстоўваецца ў статыстычнай фізіцы для вызначэння характарыстык сістэмы, якая знаходзіцца ў тэрмадынамічнай раўнавазе.
т. 7, с. 207
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)