АНІ́СІМАЎ Іван, збройнік 17 ст., майстар шабельнай справы. Родам з Глыбокага (Віцебская вобл.). Разам з інш. бел. майстрамі працаваў у Аружэйнай палаце Маскоўскага Крамля. У 1662—65 па загадзе цара вучыўся ў Астрахані «рабіць чаркаскія шаблі». Вярнуўшыся, разам з 7 «таварышчы» зрабіў «5 ножан шабельных на чаркаскае дзела з меднаю аправаю мінулага».

т. 1, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЕ́СТНИК МИ́НСКОГО ГУБЕ́РНСКОГО ЗЕ́МСТВА»,

часопіс. Выдаваўся ў 1914—15 у Мінску на рус. мове. Асвятляў дзейнасць губернскіх і павятовых земстваў, пытанні сельскай гаспадаркі і меліярацыі, лясной справы, эканам. жыцця губерні. Змяшчаў хроніку, распараджэнні ўрада і сената па земскіх справах. Апублікаваў агляд дзейнасці Мінскага земства за 3 гады, нарыс «Кароткая характарыстыка Палесся». Выйшла 20 нумароў.

т. 4, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫГО́Р’ЕЎ (Самуіл) (Самошка),

майстар-цаніннік 2-й пал. 17 ст. Родам з Копысі (Аршанскі р-н). У 1654 узяты патрыярхам Ніканам у Валдайскі манастыр для цаніннай справы, потым на будоўлю Новаіерусалімскага храма ў г. Істра. Працаваў у Аружэйнай палаце ў Маскве. У 1667—68 рабіў кафлі для Каломенскага палаца цара Аляксея Міхайлавіча.

т. 5, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКУЛА́ЕЎ Фёдар, гравёр і ювелір 2-й пал. 17 ст. «Чаканнай і чэрневай справы жалаваны майстар». Выхадзец з Беларусі. З 1663 працаваў у Сярэбранай палаце Маскоўскага Крамля. У 1669 зрабіў чаканныя абклады абразоў, посуд і інш. начынне для маскоўскіх храмаў. Сярод інш. работ: чаканныя арлы да панцыраў і посуд для царскага двара, гравіраваныя дзярж. пячаткі.

т. 10, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕ́МСКІ СУД,

1) на Беларусі, Літве і Украіне пав. шляхецкі суд у 16—1-й пал. 19 ст. Разглядаў крымін. і грамадз. справы, выконваў натарыяльныя функцыі, запісваў скаргі на незаконныя дзеянні службовых асоб павета. Складаўся з суддзі, падсудка і пісара. Выбіраўся пав. шляхтай з мясц. шляхціцаў (хрысціян), якія ведалі права, мелі маёнткі. Сесіі З.с. збіраліся З разы на год. Судаводства вялося на падставе Бельскага прывілея 1564 і Статутаў ВКЛ 1566 і 1588, да сярэдзіны 17 ст. на бел., потым на польск. мове. Дзейнічаў да 30.10.1831.

2) У Расіі мясц. судовы і адм.-паліцэйскі орган у 2-й пал. 18—2-й пал. 19 ст. Створаны паводле «Устанаўлення для кіравання губерняў 1775». Падзяляўся на Ніжні (разглядаў дробныя крым. і грамадз. справы, дзейнічаў як паліцэйска-адм. пав. орган; у 1862 заменены пав. паліцэйскім упраўленнем) і Верхні (саслоўны суд. орган для дваран і апеляцыйная інстанцыя для пав. судоў, дваранскіх апек і ніжніх З.с.). Скасаваны ў 1796.

т. 7, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХНЮ́К (Уладзімір Мікалаевіч) (н. 27.9.1947, в. Грушчаны Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1987), праф. (1991). Скончыў Гродзенскі пед. ін-т (1969). З 1992 дырэктар Бел. НДІ дакументазнаўства і архіўнай справы. У 1997—98 заг. аддзела Камісіі па міжнар. справах і нац. бяспецы Савета Рэспублікі Нац. сходу Рэспублікі Беларусь. З 1998 у БДУ. Адзін з аўтараў «Нарысаў гісторыі Беларусі» (ч. 2, 1995), аўтараў і складальнікаў зб-каў дакументаў і матэрыялаў «Знешняя палітыка Беларусі» (т. 1—2, 1997—99), «Антон Луцкевіч: матэрыялы следчай справы НКУС БССР» (1997).

Тв.:

Крестьянство Белоруссии на пути к социализму: Историогр. очерк. Мн., 1979;

Становление и развитие исторической науки Советской Белоруссии (1919—1941 гг.). Мн., 1985;

Историческая наука БССР, 80-е годы. Мн., 1987 (разам з П.​Ц.​Петрыкавым);

Арыштаваць у высылцы: Дак. нарыс пра Алеся Дудара. Мн., 1996;

Споведзь у надзеі застацца жывым: Аўтабіягр. Браніслава Тарашкевіча. Мн., 1999 (разам з А.​І.​Валахановічам).

т. 10, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РУ́СКАЯ ГІСТАРЫ́ЧНАЯ БІБЛІЯТЭ́КА»

(«Русская историческая библиотека»),

зборнікі дакументаў і літ. помнікаў 14—17 ст., выдадзеных Археаграфічнай камісіяй у 1872—1927. У 39 тамах апублікаваны акты, што адносяцца да ўнутр. і знешняй палітыкі Расіі, «Запісныя кнігі Маскоўскага стала» (т. 9, 10, 11), «Данскія справы» (т. 18, 24, 26, 29), «Справы тайнага прыказа» (т. 21, 22, 23, 38), «Прыходна-расходныя кнігі Маскоўскіх прыказаў» (т. 28), дакументы з царк. і манастырскіх архіваў (т. 5, 12, 14, 25, 37), ч. «Літоўскай метрыкі» (т. 20, 27, 30, 33), пісцовыя кнігі, фрагменты летапісаў, аповесці і паданні пра «смутны час» (т. 13), творы А.М.Курбскага (т. 31), Авакума (т. 39), узноўлены унікальныя старадрукаваныя выданні і рукапісы (т. 4, 7, 19). Над «Р.г.б.» працавалі рас. гісторыкі і археографы: Я.​Л.​Барскоў, А.​П.​Барсукоў, С.​А.​Белакураў, І.А.Бычкоў, С.Б.Весялоўскі, П.А.Гільтэбрант, Б.​Дз.Грэкаў, М.І.Кастамараў, М.В.Каяловіч, А.С.Лапа-Данілеўскі, А.​С.​Паўлаў, С.Ф.Платонаў, Ф.І.Успенскі і інш. «Р.г.б.» — адна з найб. буйных серый дакумент. публікацый у рас. археаграфіі.

т. 13, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў Андрэй, разьбяр па дрэве 2-й пал, 17 ст. Паходзіў з Беларусі. Майстар беларускай рэзі. Працаваў у Аружэйнай палаце ў Маскве (з 1667 «разьбяной справы жалаваны майстар»). Пад кіраўніцтвам старца Арсенія разам з інш. майстрамі ўдзельнічаў у аздабленні сабора Васкрасенскага Нова-Іерусалімскага манастыра (да 1667), драўлянага царскага палаца ў с. Каломенскае (1667—68), палацавай мэблі.

т. 7, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫМІНА́ЛЬНА-ПРАЦЭСУА́ЛЬНАЕ ПРА́ВА,

сукупнасць юрыд. норм, што вызначаюць задачы, прынцыпы, кола ўдзельнікаў крымінальнага судаводства, іх правы і абавязкі; адна з галін права Рэспублікі Беларусь. Рэгламентуе ўсе стадыі крымін. судаводства: узбуджэнне крымін. справы, дазнанне і папярэдняе следства, адданне пад суд і суд. разгляд, перагляд прыгавораў, вызначэнняў і пастаноў, выкананне прыгавору. Асн. крыніца К.-п.п. — Крымінальна-працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь.

т. 8, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРАВЫ́ СУД,

ніжэйшае звяно суд. сістэмы шэрагу дзяржаў. Разглядае справы -пра малазначныя злачынствы і правапарушэнні, а таксама дробныя грамадз. спрэчкі паміж прыватнымі асобамі. М.с. звычайна выбіраюцца насельніцтвам і дзейнічаюць у складзе аднаго суддзі (міравы суддзя). Упершыню створаны ў Англіі (14 ст.), потым ў Паўн. Амерыцы (17 ст.), Францыі (канец 18 ст.), Рас. імперыі (2-я пал. 19 ст.).

т. 10, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)