ПАДВО́ДНЫ СПОРТ,

від спорту. Уключае падводнае арыентаванне. плаванне ў ластах, падводныя спартыўныя паляванне і стральбу па мішэнях, падводны турызм. Спарт. інвентар: акваланг, дыхальная трубка, ласты, маска і інш.

П.с. узнік у 1920-я г., інтэнсіўна развіваецца пасля вынаходства акваланга. Сусветная канфедэрацыя падводнай дзейнасці (падводнага спорту) створана ў 1959 (Манака); першы прэзідэнт Ж.А.Кусто. Канфедэрацыя аб’ядноўвае 112 краін (2000). Чэмпіянаты свету і Еўропы па падводным паляванні праводзяцца з 1950-х г., па падводным арыентаванні і плаванні ў ластах — з 1960-х г. (з 1967 кожны год), спаборніцтвы на Кубак Еўропы — з 1969.

На Беларусі культывуюцца (з 1959) падводныя спарт. паляванне і стральба па мішэнях, плаванне ў ластах. Чэмпіянаты рэспублікі і спаборніцтвы на Кубак Беларусі па падводным паляванні і плаванні ў ластах праводзяцца з 1972. У чэмпіянатах свету бел. спартсмены ўдзельнічаюць з 1976. Федэрацыя П.с. Беларусі створана ў 1992. Майстры спорту Беларусі В.​Сашынскі (чэмпіён Беларусі, 1996, 1997) і А.​Шапавалаў (чэмпіён Беларусі, 1998, 1999).

С.​А.​Патрыкееў.

т. 11, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МНАГАБО́Р’І ЛЁГКААТЛЕТЫ́ЧНЫЯ,

спартыўныя практыкаванні, якія складаюцца з некалькіх (ад 3 да 10) відаў бегу, скачкоў і кіданняў. Класічнымі мнагабор’ямі лічацца: у мужчын дзесяцібор’е (бег на 100, 400, 1500 м і 110 м з бар’ерамі, скачкі ў вышыню, даўжыню, з шастом, кіданні дыска, кап’я і штурханне ядра), у жанчын пяцібор’е (бег на 100 м з бар’ерамі і 800 м, скачкі ў вышыню і даўжыню, штурханне ядра) і сямібор’е (акрамя відаў пяцібор’я — бег на 200 м і кіданне кап’я).

Паходзяць з часоў Стараж. Грэцыі; на Алімп. гульнях асн. відам спорту лічыўся пентатлон (пяцібор’е). Першыя спаборніцтвы па дзесяцібор’і праведзены ў Швецыі (1911), у праграму Алімп. гульняў уключаны з 1912 (Стакгольм). Чэмпіянаты Еўропы праводзяцца з 1934, камандныя спаборніцтвы на Кубак Еўропы па мнагабор’ях — з 1973. Першыя міжнар. спаборніцтвы па пяцібор’і адбыліся на жаночай Алімпіядзе (1922, г. Монтэ-Карла, Манака), чэмпіянаты Еўропы праводзіліся ў 1950—80, у праграме Алімп. гульняў — у 1964—80. Спаборніцтвы па сямібор’і праводзяцца з 1981; у праграме Алімп. гульняў — з 1984 (г. Лос-Анджэлес, ЗША).

Сярод беларускіх мнагаборцаў вызначыліся: у дзесяцібор’і — Дз.​Сухамазаў, бронз. прызёр Універсіяды (1995, Японія); у сямібор’і — жаночая каманда ў складзе Т.​Алісевіч, А.​Атрошчанка, С.​Бурага, Н.​Сазановіч, пераможца Кубка Еўропы (1995, Нідэрланды).

т. 10, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІСТАЛЕ́Т (франц. pistolet, ням. Pistole),

індывідуальная стралк. зброя для паражэння цэляў на адлегласці да 70 м; некат. ўзоры П. (напр., 9-міліметровы П. І.​Я.​Сцечкіна) даюць магчымасць весці агонь кароткімі чэргамі на адлегласці да 200 м пры стральбе з прымкнутым кабурой-прыкладам. Акрамя баявых П. бываюць сігнальныя і спартыўныя; паводле канструкцыі падзяляюцца на неаўтаматычныя і аўтаматычныя Маса П. 0,7—1 кг, калібр 5,35—11,43 мм, ёмістасць магазіна 8—12 і больш патронаў; існуюць таксама цывільныя П., якія маюць масу — 0,35—0,4 кг і калібр каля 6,5 мм.

Кнотавыя П. з’явіліся ў Еўропе і Азіі ў 16 ст. У 17 ст. распаўсюдзіліся П. з крамянёвым замком, у 19 ст. — капсульным. Да сярэдзіны 19 ст. П. звычайна былі гладкаствольныя і зараджаліся з дульнай часткі ствала. У 1850-х г. прыняты на ўзбраенне наразныя рэвальверы (з’явіліся ў 16 ст.), з канца 19 ст. — самазарадныя аўтам. П. (гл. Аўтаматычная зброя).

У сучасных арміях краін СНД, у т. л. Беларусі, на ўзбраенні знаходзіцца П. канструкцыі М.Ф.Макарава (ПМ), Сцечкіна (АЛС); у інш. краінах распаўсюджаны амер. «Кольт», англ. «Браўнінг», герм. «Вальтэр» і інш.

Літ.:

Гл. пры арт. Зброя.

Пісталеты: 1 — з калясцовым замком (Еўропа, 17 ст.); 2 — сігнальны (Расія); 3 — кішэнны «Лама» (Іспанія); 4—5 — мадэрнізаваны М.​Ф.​Макарава ПММ і бясшумны ПБ (Расія).

т. 12, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯЦІБО́Р’Е сучаснае,

спартыўныя комплексныя спаборніцтвы. Уключаюць верхавую язду (канкур з пераадоленнем 12 перашкод), фехтаванне на шпагах (па кругавой сістэме, да першага ўколу), стральбу з пнеўматычнага пісталета (на адлегласці 10 м), плаванне (вольны стыль, дыстанцыя 200 м), крос (дыстанцыя 3 км).

Вядома са стараж. часоў (пентатлон у праграме Алімп. гульняў у Стараж. Грэцыі). З 1912 — у праграме Алімп. гульняў. З 1948 — сучасная назва. Міжнар. саюз П. і біятлону засн. ў 1948 (Лондан). Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1949 штогод (акрамя гадоў правядзення Алімп. гульняў), для юніёраў — з 1965. Жанчыны ўдзельнічаюць у міжнар. спаборніцтвах з 1970-х г. Найб. развіццё П. атрымала ў Венгрыі, Германіі, ЗША, Італіі, Польшчы, Расіі, Фінляндыі, Францыі, Швецыі і інш.

На Беларусі П. развіваецца з 1954, першыя спаборніцтвы адбыліся ў 1957. Федэрацыя П. створана ў 1992. Каманда юніёраў Беларусі — чэмпіён Еўропы (1999), бронз. прызёр чэмпіянатаў свету (1993, 1994); жаночая каманда — бронз. прызёр чэмпіянатаў свету (1999, 2000) у эстафеце. Сярод бел. пяціборцаў найб. вызначыліся: П.​Доўгаль — бронз. прызёр XXVII Алімп. гульняў (2000, г. Сідней, Аўстралія), чэмпіён свету сярод юніёраў (1995); чэмпіёны свету сярод юніёраў — С.​Герасімовіч (1987), С.​Коршун (1993); сярод дарослых — В.Бялоў (1969), Ж.​Шубянок (1996); чэмпіёны Еўропы І.​Шухаўцава (1987), А.​Барысенка, Ж.​Далгачова (Гарленка) (1991) і інш.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 13, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІ́НСКІ (Эдвард Станіслававіч) (н. 23.9.1936, Масква),

рускі пісьменнік, драматург. Скончыў Маскоўскі гісторыка-архіўны ін-т (1959). Першая п’еса — «Мара мая... Індыя» (1960). П’есы на сучасныя тэмы «104 старонкі пра каханне» (паст. 1964, другая назва «Яшчэ раз пра каханне», экранізавана 1968), «Турбаза» (паст. 1974), «Спартыўныя сцэны 1981 года» (1986), «Я стаю каля рэстарана...» (1987), «Наш Дэкамерон» (1989), гіст. «Размовы з Сакратам» (паст. 1975), «Тэатр часоў Нерона і Сенекі» (1982), «Апошняя ноч апошняга цара» (1997). Мастацка-гіст. даследаванне «Божа..., выратуй і ўціхамір Расію». Мікалай II: жыццё і смерць» (1993) засн. на раней малавядомых фактах. Аўтар зб-каў прозы «Загадкі гісторыі» (1996), «Загадкі кахання» (1997), аповесцей «Маналог пра шлюб» (1970), «Некалькі сустрэч з нябожчыкам панам Моцартам» (1992), дакумент.-біягр. кн. «Сталін» (1997), кінасцэнарыяў, тэлеапавяданняў пра персанажаў рус. і еўрап. гісторыі. П’есы Р. ставіліся на Беларусі: «Яшчэ раз пра каханне» ў Бел. т-ры імя Я.​Купалы (1965), Гродзенскім абл. драм. т-ры (1967), «Рулетка» (паводле Ф.​Дастаеўскага) у Дзярж. рус. драм. т-ры (1996), «Яна ў адсутнасці кахання і смерці» ў Брэсцкім абл. драм. т-ры (1980).

Тв.:

Соч.: В 7 т. Т. 1—5. М. 1998—99;

Беседы с Сократом: Пьесы. М., 1982;

«Последняя из дома Романовых»: Повести в диалогах: (Торопливая проза). М. 1989;

Наш Декамерон. М., 1990;

Николай II: жизнь и смерть. М. 2000.

т. 13, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІДА́ННІ ЛЁГКААТЛЕТЫ́ЧНЫЯ,

спартыўныя практыкаванні ў кіданні на далёкасць спарт. снарадаў (кап’ё, дыск, молат, мяч, граната), у штурханні ядра. Спаборніцтвы па кіданні дыска і кап’я ўваходзілі ў праграму стараж.-грэч. Алімп. гульняў (з 708 да н.э.). К.л. ўключаны ў праграму сучасных Алімп. гульняў (кіданне дыска і штурханне ядра — з 1896, кіданне молата — з 1900, кап’я — з 1906), чэмпіянатаў свету, Еўропы па лёгкай атлетыцы і інш. буйнейшых спаборніцтваў. На Беларусі спаборніцтвы па Кл. праводзяцца з 1913 (г. Гомель, кіданні дыска і кап’я). Першы чэмпіянат рэспублікі па лёгкай атлетыцы, у т. л. па Кл., адбыўся ў 1924 (Мінск).

Бел. спартсмены неаднаразова дасягалі перамог: у кіданні дыска — Г.​Калнаотчанка (уладальнік Кубка свету, 1985, чэмпіён СССР, 1983, 1985), Э.​Зверава (чэмпіёнка свету, 1995); у кіданні кап’я — М.​Грэбнеў (уладальнік Кубка Еўропы, 1977, чэмпіён СССР, 1977), Н.​Каленчукова (дзявочае Ермаловіч; чэмпіёнка СССР, 1984—85, 1987), Н.​Шыкаленка (сярэбраны прызёр XXV Алімп. гульняў, 1992, г. Барселона, Іспанія, чэмпіёнка свету, 1995); у кіданні молата — І.​Астапковіч (сярэбраны прызёр XXV Алімп. гульняў, чэмпіён Еўропы, 1990), А.​Балтоўскі (чэмпіён СССР, 1962), Р.​Клім (чэмпіён XVIII Алімп. гульняў, 1964, Токіо, сярэбраны прызёр XIX Алімп. гульняў, 1968, Мехіка, чэмпіён Еўропы, 1963, 1965—66, шматразовы чэмпіён СССР); М.​Крываносаў (сярэбраны прызёр XVI Алімп. гульняў, 1956, г. Мельбурн, Аўстралія; чэмпіён Еўропы, 1954; чэмпіён СССР, 1952, 1954—55, 1957—58); В.​Рудзянкоў (чэмпіён XVII Алімп. гульняў, 1960, Рым, чэмпіён СССР, 1959—61); у штурханні ядра — С.​Каснаўскас (рэкардсмен СССР, 1984).

т. 8, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭРАДРО́М (ад аэра... + грэч. dromos месца для бегу, бег),

тэрыторыя з паветранай прасторай, комплексам збудаванняў і абсталявання, якія прызначаны для ўзлёту, пасадкі, размяшчэння і абслугоўвання самалётаў, верталётаў і планёраў. Асн. элементы аэрадрома: лётная зона, лётнае поле, лётная паласа, канцавыя і бакавыя палосы бяспекі, паветр. падыходы, рулёжныя дарожкі, навігацыйнае абсталяванне (радыёмаякі, радыёлакацыйныя станцыі і інш.), святлосігнальныя сістэмы і інш.

Бываюць аэрадромы грамадзянскія, ваенныя і сумеснага базіравання, трасавыя — для эксплуатацыі самалётаў і верталётаў, якія перавозяць па авіялініях пасажыраў, грузы, пошту (да іх належаць усе аэрадромы аэрапортаў) і спец. прызначэння (напр., с.-г., лясной і санітарнай авіяцыі), заводскія, вучэбныя, клубна-спартыўныя. Адрозніваюць аэрадромы з адной або некалькімі ўзлётна-пасадачнымі палосамі (УПП) са штучным пакрыццём і аэрадромы з грунтавымі УПП. У залежнасці ад памераў УПП і трываласці штучных пакрыццяў грамадзянскія аэрадромы падзяляюцца на класы. Ваен. аэрадромы паводле прызначэння бываюць вайсковыя (флоцкія), вучэбныя і спецыяльныя (для выпрабавання лятальных апаратаў і інш. мэтаў); паводле характару выкарыстання — асноўныя, запасныя, несапраўдныя (для падману праціўніка) і аэрадромы манеўру. Паводле геагр. (прыродных) умоў адрозніваюць аэрадромы палярныя, пустынныя (тундравыя), горныя, водныя (гідрааэрадромы), лядовыя; па ступені абсталявання — пастаянныя і палявыя (часовыя). У залежнасці ад даўжыні і шырыні УПП і трываласці пакрыцця, абсталявання сродкамі тэхн. забеспячэння палётаў ваен. аэрадромы падзяляюцца на пазакласныя, 1, 2, 3, 4-га класаў і пасадачныя пляцоўкі. Пры вял. грамадзянскіх аэрадромах узводзяцца аэрапарты.

Да арт. Аэрадром. Схематычны план грамадзянскага аэрадрома: 1 — канцавыя палосы бяспекі; 2 — узлётна-пасадачная паласа са штучным пакрыццём; 3 — грунтавая ўзлётна-пасадачная паласа; 4 — бакавыя палосы бяспекі; 5 — рулёжная дарожка; 6 — пляцоўка для запуску рухавікоў; 7 — перон; 8 — месца стаянкі самалётаў; 9 — пляцоўка для ліквідацыі дэвіяцыі.
Да арт. Аэрадром. Схематычны план пастаяннага ваеннага аэрадрома з адной лётнай паласой: 1 — узлётна-пасадачная паласа са штучным пакрыццём; 2 — грунтавыя ўзлётна-пасадачныя палосы; 3, 4 — канцавыя і бакавыя палосы бяспекі; 5 — палосы паветраных падыходаў; 6, 7, 8 — магістральная, злучальная, дапаможная рулёжныя дарожкі; 9, 10 — групавое, індывідуальныя месцы стаянкі; 11, 12 — спецыяльныя пляцоўкі; 13 — службова-тэхнічныя будынкі; 14 — казармы; 15 — пад’язныя і ўнутрыаэрадромныя дарогі; 16 — чыгунка.

т. 2, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНЕ́Ж (франц. manège) у архітэктуры, 1) прамавугольны ці круглы ў плане будынак без унутр. перагародак (часам агароджаная пляцоўка) для трэніроўкі коней, навучання верхавой яздзе, конна-спарт. спаборніцтваў. Падлога ў М. глінабітная, укрыта слоем пяску і драўняных апілак. Даўж. дарожкі ў закрытым прамавугольным М. да 130 м, у круглым — да 100 м, на адкрытым М. яна дзёрнавая, шчыльная грунтавая, пясчаная або тартанавая. Сучасныя М. будуюць звычайна пры іпадромах. У арх. адносінах найб. выразныя М. 18—19 ст.: класіцыстычныя — конна-гвардзейскі ў С.-Пецярбургу (1804—07, арх. Дж.​Кварэнгі), Маскве (1817—25, інж. Л.​Л.​Карбанье, паводле праекта А.​Бетанкура, арх. В.​І.​Баве; з 1957 выставачная зала). На Беларусі драўляныя прамавугольныя ў плане М. для трэніроўкі коней і навучання верхавой яздзе існавалі ў 2-й пал. 18—19 ст. ў Альбе пад Нясвіжам, Слуцку, Клецку і інш. Дзейнічае М. пры іпадроме конна-спарт. базы «Ратамка».

2) М. спартыўныя бываюць спецыялізаваныя (для аднаго віду спорту) і універсальныя, у якіх трансфармацыя арэны дае магчымасць праводзіць заняткі і спаборніцтвы па розных відах спорту. Найб. распаўсюджаны М.с. для заняткаў футболам і лёгкай атлетыкай. Футбольныя манежы маюць арэну для гульні ў міні-футбол (60 × 40 м); для спаборніцтваў рэсп. і міжнар. ўзроўняў — стандартнае футбольнае поле. Іх выкарыстоўваюць і для інш. відаў спорту (барацьба, бокс, валейбол, гандбол, гімнастыка, рэгбі, тэніс і інш.). Манежы для лёгкай атлетыкі маюць залы (не менш за 126 × 42 м) з прамымі і замкнёнымі бегавымі дарожкамі (звычайна з сінт. пакрыццём), сектары для скачкоў, штурхання ядра і інш., таксама трэніровачныя залы, басейны, сауны і інш. Буйныя М. маюць месцы для гледачоў. Будуюць таксама ў складзе комплексаў навуч. устаноў фіз. культуры і спорту. На Беларусі існуюць лёгкаатлетычныя М. спарт. к-та Узбр. сіл Беларусі (1976; цяпер Мінскі палац лёгкай атлетыкі), спарт. комплексу «Працоўныя рэзервы» (1989) у Мінску, у Гомелі (1980).

3) М. цыркавы, гл. Арэна.

4) Пераносная загародка для дзяцей, якія пачынаюць хадзіць.

С.​А.​Сергачоў.

Да арт. Манеж. Унутранае абсталяванне лёгкаатлетычнага манежа спартыўнага комплексу «Працоўныя рэзервы».

т. 10, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМА́ДСКІЯ БУДЫ́НКІ,

тыпалагічная разнавіднасць будынкаў, прызначаных для размяшчэння дзярж. і грамадскіх устаноў, прадпрыемстваў сац. абслугоўвання насельніцтва. Паводле функцыян. прызначэння падзяляюцца на адм.-дзелавыя, грамадскіх арг-цый, устаноў фінансавання, крэдытавання, страхавання, сувязі, н.-д., праектных, канструктарскіх устаноў і арг-цый, навуч.-адукацыйныя, выхавання, аховы здароўя, спартыўныя збудаванні, культ.-асв. і відовішчныя, гандлю і быт. абслугоўвання, грамадскага харчавання, транспартныя, камунальныя, гасцініцы, культавыя збудаванні і інш. Паводле функцый могуць быць шматфункцыянальныя (грамадска-культ. цэнтры, палацы моладзі, дамы тэхнікі, спарт. цэнтры) і спецыялізаваныя (тэатральныя будынкі, музеяў і выставачных залаў будынкі, бібліятэкі), унікальныя, створаныя па індывід. праектах, і масавыя, паводле тыпавых (паўторных) праектаў.

Грамадскія будынкі вядомы з глыбокай старажытнасці. Найб. пашыраны былі культавыя збудаванні. У Стараж. Грэцыі і Рыме былі адм. будынкі (прытанеі, булеўтэрыі), спарт.-вучэбныя (гімнасіі, палестры, стадыі), т-ры, б-кі, тэрмы і інш. У перыяд феадалізму будаваліся ратушы, дамы цэхавых брацтваў, купецкіх гільдый; у эпоху капіталізму — офісы, біржы, камерц. банкі, крытыя рынкі, вакзалы, бальніцы, гандл. і выставачныя залы, клубы, у т. л. прыватныя. У СССР пабудаваны шматлікія грамадскія будынкі шырокай наменклатуры. Грамадскія будынкі маюць вял. горадабудаўнічае значэнне ў фарміраванні грамадскіх цэнтраў гарадоў і сельскіх нас. пунктаў, іх арх.-маст. аблічча.

На Беларусі ў ліку буйнейшых грамадскіх будынкаў: у Мінску Дом урада Рэспублікі Беларусь, рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (1939—47, арх. А.​П.​Воінаў, У.​Вараксін), будынак Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, Акадэмія навук Беларусі, Бібліятэка нацыянальная Беларусі, Дом афіцэраў, гар. Універмаг (1951), Мінскі галоўны паштамт, Мінскі палац спорту, ЭКСПА-цэнтр (павільён міжнар. выставак; 1988), вучэбна-лабараторныя карпусы Мінскага мед. ін-та (1980), Бел. політэхн. акадэміі (1982), Дом літаратара (1976); у Брэсце Брэсцкі аэравакзал; у Віцебску вучэбна-лабараторны корпус мед. ін-та (1981); у Гомелі Гомельскі лёгкаатлетычны манеж; у Гродне абл. драм. т-р (1984); у Магілёве Магілёўскі Дом Саветаў (1937—39); у Бабруйску Магілёўскі абл. т-р драмы і камедыі (1978), вялікія грамадскія будынкі ў Баранавічах, Барысаве, Оршы, Маладзечне, Пінску, Салігорску, Светлагорску, Наваполацку, у сельскіх нас. пунктах.

Літ.:

Орловский Б.Я., Сербинович П.П. Архитектура гражданских и промышленных зданий: Обществ. здания. М., 1978;

Страмцова Т.С. Проектирование и строительство жилых и общественных зданий в Белоруссии. Мн., 1965;

Воинов А.А. История архитектуры Белоруссии: (советский период). Мн., 1975;

Филимонов С.Д. Архитектура общественных зданий Белоруссии. Мн., 1985;

Архитектура Советской Белоруссии. М., 1986.

В.​І.​Анікін.

т. 5, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРК (ад позналац. parricus абгароджанае месца),

зямельны ўчастак з натуральнай або спец. пасаджанай расліннасцю, з дарогамі, алеямі, вадаёмамі, прызначаны для адпачынку, прагулак, гульняў. П., як і сады, ствараюцца ў гар. і сельскай мясцовасці сродкамі ландшафтнай архітэктуры і з’яўляюцца асн. элементамі азелянення і садова-паркавага мастацтва. Могуць размяшчацца ў масавай гар. забудове, у буйных лесапаркавых зонах або водна-зялёных дыяметрах, якія аб’ядноўваюць унутрыгарадскую і прыгарадную сістэмы азелянення. Бываюць малыя (да 10 га), сярэднія (10—30 га) і вял. (больш за 30 га). Паркавую кампазіцыю ствараюць масівы дрэў, алеі, адзіночныя пасадкі, жывыя агароджы, газоны, баскеты, дэкар. расліны, кветнікі і інш. Вял. значэнне мае выкарыстанне архітэктуры малых формаў. Парадным месцам П. з’яўляецца партэр.

П. былі вядомы ў Стараж. Егіпце, Грэцыі, Рыме і інш. Дэкаратыўнасцю вызначаліся П. феад. эпохі ў Японіі, Кітаі, Індыі і інш. Перыяду класіцызму характэрны рэгулярны парк франц. тыпу з дакладнай геам. планіроўкай (П. у Версалі, Францыя, 17 ст.). Уплыў рамантызму выявіўся ў пейзажных парках англ. тыпу, якім уласціва свабодная планіроўка тэрыторыі і маляўнічая кампазіцыя аб’ектаў (П. Стоу у Англіі, 18 ст.). У 18 ст. ствараліся палацава-паркавыя ансамблі Сан-Сусі ў г. Патсдам (Германія), Пецяргофа, Летні сад у Пецярбургу (рэгулярныя П.), пейзажныя П. ў Паўлаўску (Ленінградская вобл.), Уманскі дэндрапарк «Сафіеўка» (Украіна).

На Беларусі найб. старадаўнія П., што захаваліся, адносяцца да 18 ст. Узоры рэгулярных П. — Бачэйкаўскі парк, Дубайскі парк, П. у в. Вялікае Мажэйкава Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. У канцы 18—19 ст. былі пашыраны пейзажныя П. (гл. Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс, Гомельскі палацава-паркавы ансамбль і інш.). У 19 ст. з’явіўся новы тып П. — грамадскі «гарадскі сад» (у Мінску, Віцебску, Магілёве і інш.). З 1920-х г. ствараюцца паркі культуры і адпачынку, дзіцячыя (імя М.​Горкага ў Мінску) і спартыўныя (у Баранавічах Брэсцкай вобл.), паркі мемарыяльныя, заалагічныя (у Гродне). Гл. таксама Садова-паркавае мастацтва.

Літ.:

Антипов В.Г. Парки Белоруссии. Мн., 1975;

Косаревский И.А. Искусство паркового пейзажа. М., 1977;

Горохов В.А., Лунц Л.Б. Парки мира. М., 1985;

Федорук А.Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. Мн., 1989.

В.​Р.​Анціпаў, Г.​С.​Ларкін.

Дзіцячы парк імя М.​Горкага ў Мінску.
Парк Сан-Сусі ў г. Патсдам (Германія). 18 ст.

т. 12, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)