род кветкавых раслін сям. парасонавых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў субтрапічным і ўмераным паясах Еўразіі. На Беларусі К. звычайны (C. carvi) трапляецца на лугах, лясных палянах, каля дарог. Культывуецца як эфіраалейная культура. Пашыраны сорт Хмяльніцкі.
К. звычайны — двухгадовая расліна выш. 30—80 см. Сцябло простае, разгалінаванае. Лісце двойчы- або тройчыперыстарассечанае.
Кветкі ў складаных парасоніках, белыя, ружаватыя. Плод — сямянка. У 1-ы год утварае разетку лісця і тоўсты корань, на 2-і — сцябло, кветкі, плады. У пладах 2,7—7,2% эфірнага алею. Выкарыстоўваецца ў хлебапякарнай, лікёра-гарэлачнай, парфумернай, фармацэўтычнай прам-сці, медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСЛІ́НА, аліўкавае дрэва (Olea),
род кветкавых раслін сям. маслінавых. Каля 60 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках. Характэрны элемент цвердалістых хмызнякоў і рэдкастойных лясоў. У культуры М. вядома з 3—2-га тыс. да н.э.
Вечназялёныя дрэвы ці кусты выш. 10—15 м. Лісце супраціўнае, ланцэтнае, скурыстае. Кветкі дробныя, белаватыя, духмяныя, у пазушных суквеццях. Плод — касцянка цёмна-фіялетавага ці чорнага колеру. Плады алейнай расліны М. культурнай. ці еўрапейскай (O. europaea), маюць 25—80% невысыхальнага алею; іх соляць, кансервуюць (зялёныя і спелыя). Са свежых алівак атрымліваюць мед., харч. (лепшы сорт праванскі), тэхн. алей. Макуха — корм для жывёл, драўніна ідзе на сталярныя і такарныя вырабы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДБЕ́КІЯ (Rudbeckia),
род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Паўн. Амерыцы. Завезены ў Еўропу ў 17 ст. Лёгка дзічэюць. На Беларусі ў лугавых згуртаваннях, каля жылля, дарог, па берагах рэк трапляюцца Р. рассечаная (R. laciniata) і шурпатая (R. hirta). У культуры вырошчваюць Р.: бліскучую (R. fulgida), глянцавітую (R. nitida), двухколерную (R. bicolor), Залаты Шар (махровы сорт Р. рассечанай), рассечаную, шурпатую і інш.
Адна-, двух- ці шматгадовыя карэнішчавыя травы. Сцёблы высокія, разгалінаваныя, голыя або апушаныя, Лісце суцэльнае ці перыстараздзельнае. Кветкі ў буйных адзіночных кошыках з камбінаванай жоўтай, пурпуровай і карычневай афарбоўкай. Плод — сямянка. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЖЫ́НА, маліна шызая (Rubus caesius),
кустовая расліна сям. ружавых. Пашырана ў краінах Еўропы, Амерыкі, Афрыкі, Сярэдняй Азіі; на Беларусі ўсюды, асабліва на Палессі. Расце па берагах рэк, на заліўных лугах, узлесках, у хмызняках, утварае густыя, непраходныя зараснікі. Прыдатная для лесамеліярацыйных работ, замацавання яроў.
Кусты выш. 60—150 см. Надземныя парасткі двухгадовыя, фіялетава-шызыя, звычайна ўкрытыя шыпамі і шчацінкамі. Лісце няпарнаперыстараздзельнае з 3—5 лісцікамі. Кветкі двухполыя, белыя, дыям. да 3 см. Цвіце ў чэрв.—ліп., плады сакавітыя салодкія складаныя касцянкі, чорныя з шызым налётам, выспяваюць у сярэдзіне жніўня. У аматарскім садоўніцтве культывуецца сорт Агавам, найб. прыстасаваны да клімат. умоў Беларусі. З пладоў гатуюць сокі, варэнне, жэле, яны багатыя цукрамі, к-тамі, вітамінамі, карацінамі, танідамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТО́НАЎКАзвычайная,
старадаўні рускі зімовы сорт яблыні нар. селекцыі. Пашыраны ў многіх абласцях Расіі, на Украіне, у Прыбалтыцы, Казахстане, Кыргызстане, а таксама ў Польшчы. На Беларусі раянаваны ва ўсіх зонах.
Дрэвы выш. 6—8 м, крона паўшарападобная. Плады масаю 80—140 г, розныя па форме, жаўтавата-зялёныя. Мякаць белая, сакаўная, вінна-салодкая з характэрным моцным пахам. Дрэвы зімаўстойлівыя, жывуць да 60—70 гадоў, непатрабавальныя да глебы. Пладаносяць на 6—7-ы год пасля пасадкі. Плады выспяваюць у канцы верасня. Антонаўка ўстойлівая да хвароб, у дажджлівыя гады пашкоджваецца паршой. У культуры вядомы таксама антонаўка камянічка, антонаўка шасцісотграмовая і інш. (адрозніваюцца асобнымі марфалагічнымі прыкметамі, лёжкасцю пладоў і смакам).