АЎТО́ЛІЗ (ад аўта... + ...ліз),

распад бялкоў у тканках арганізма пад уздзеяннем уласных ферментаў. Пры жыцці арганізма ў адсутнасць паталогіі распад бялкоў цалкам кампенсуецца сінтэзам. Пасля смерці арганізма аўтоліз рэзка ўзмацняецца. Аўтоліз адбываецца і пры выспяванні мяса, цеста, ферментацыі чаю, тытуню, сіласаванні кармоў і інш.

т. 2, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ПДАЙК ((Updike) Джон) (н. 18.3.1932, Шылінгтан, штат Пенсільванія, ЗША),

амерыканскі пісьменнік. Скончыў Гарвардскі ун-т (1954). На пачатку літ. дзейнасці пісаў фельетоны, апавяданні, вершы, эсэ, пародыі: зб-кі вершаў «Драўляная курыца і іншыя ручныя стварэнні» (1958), апавяданняў «Тыя ж дзверы» (1959), «Галубінае пер’е» (1962). Вядучая тэма творчасці — побыт, псіхалогія, маральныя каштоўнасці радавога амерыканца (аповесць «Ферма», 1965; раманы «Кірмаш у багадзельні», 1959; «Трус, уцякай», 1960; «Трус, які вылечыўся», 1979; «Трус разбагацеў», 1981, і інш.). У рамане Апдайка «Кентаўр» (1963) праблема смерці і бессмяротнасці пераплятаецца з пошукамі сэнсу жыцця, пераадоленнем адчужэння, са сцверджаннем дабрыні; у раманах «Месяц адпачынку» (1975), «Давай пажэнімся» (1976), «Іствікскія ведзьмы» (1984) і інш. імкненне перамагчы боязь смерці любоўю, сексуальным «адраджэннем»; раман-дыспут «Версія Роджарса» (1985) пра «навук. доказы быцця божага». Аўтар зб. апавяд. «Даверся мне» (1986).

Тв.:

Рус. пер. — Кролик, беги;

Кентавр;

Ферма. Кишинев, 1984.

Дж.Апдайк.

т. 1, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ННА КАМНІ́НА (Anna Komnēnē; 1.12.1083, г. Канстанцінопаль, цяпер г. Стамбул, Турцыя — каля 1154),

візантыйскі гісторык, пісьменніца. Дачка імператара Аляксея I Камніна, жонка дзярж. дзеяча і гісторыка Нікіфара Врыенія. Вывучала л-ру, філасофію, гісторыю, геаграфію і інш. Пасля смерці бацькі (1118) узначаліла няўдалую змову з мэтай скінуць свайго брата Іаана II Камніна і пасадзіць на трон мужа. Трапіўшы ў апалу, канец жыцця правяла ў манастыры. Пасля смерці мужа (каля 1140) давяла да канца яго няскончаныя «Гістарычныя запіскі» (пазней выкарыстала іх у «Алексіядзе»). У 1148 завяршыла свой гіст. твор «Алексіяда», які ахоплівае падзеі 1069—1118. Нягледзячы на суб’ектывізм і тэндэнцыйнасць, твор — адзін з лепшых помнікаў візант. прозы, каштоўная крыніца па гісторыі Візантыі і 1-га крыжовага паходу.

Тв.:

Рус. пер. — Алексиада. СПб., 1996.

Літ.:

Удальцова З.В. Византийская культура. М., 1988;

Dalven R. Anna Comnena. New-York,1972.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 5, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІСТРА́ЛЬ (Mistral) Габрыэла [сапр. Гадой Алькаяга

(Godoy Alcayaga) Лусіла; 7.4.1889, г. Вікунья, Чылі — 10.1.1957], чылійская паэтэса, дыпламат. Друкавалася з 1903. Першы паэт. зб. «Санеты смерці» (1914). У зб-ках вершаў «Адчай» (1922),

«Пяшчота» (1924), «Высечка лесу» (1938), «Давільня» (1954) тэмы кахання і смерці, чалавека і Бога, дзіцяці і мацярынства, сац. няроўнасці. Яе паэзія адметная экспрэсіўнасцю, псіхалагізмам, насычана біблейскімі і індаамер. фалькл. матывамі. На бел. мову асобныя вершы М. пераклаў Р.​Барадулін. Нобелеўская прэмія 1945.

Тв.:

Бел. пер. — Ветраліст. Мн., 1984;

У кн.: Кахаць — гэта значыць...: Старонкі з паэзіі свету. Мн., 1986;

Рус. пер. — Стихи. М., 1959;

Лирика. М., 1963;

У кн.: Поэты Чили. М., 1972.

Літ.:

Алегрия Ф. Горизонты реализма: Пер. с исп. М., 1974;

Мамонтов С.П. Испаноязычная литература стран Латинской Америки XX в. 2 изд. М., 1983.

Е.​А.​Лявонава.

Г.Містраль.

т. 10, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЎКІ, наўкі,

ва ўсходнеславянскай міфалогіі злыя духі, якія часта прыносяць смерць, русалкі. Паводле ўкр. павер’яў, у М. ператвараюцца дзеці, што памерлі да хрышчэння. Імя М. (наўкі) утворана ад наў (увасабленне смерці). Паводле міфалагічных уяўленняў, М. спераду маюць чалавечае цела, а спіны ў іх няма і таму відаць усе вантробы.

т. 10, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНІХІ́ДА (сярэднягрэч. pannychida літар. усяночная),

хрысціянская царк. служба па нябожчыку, а таксама ў гадавіну яго смерці. Існуюць таксама ўсяленскія П. ў памяць пра ўсіх памерлых. П. грамадзянская — агульны сход тых, хто прыйшоў на пахаванне, прысвечаны памяці памерлага; жалобны мітынг каля труны (урны з прахам) з развітальнымі прамовамі перад пахаваннем.

т. 12, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬБЕ́РТ II ((Albert)) (н. 6.6.1934, Брусель),

бельгійскі кароль з 1993. Скончыў ваенна-марское вучылішча ў г. Бруге, камандор ВМС. У канцы 2-й сусв. вайны дэпартаваны ў Германію, у 1950 вярнуўся ў Бельгію. Да жн. 1993 прынц, пасля смерці старэйшага брата Бадуэна — кароль (6-ы). Ганаровы прэзідэнт Нац. алімпійскага к-та.

т. 1, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБДАЛА́Х ІБН АЛЬ-САІ́Д МУХА́МЕД (Халіфа) (1846 — ліст. 1899),

правіцель незалежнай суданскай дзяржавы [1885—вер. 1898] пасля смерці Махдзі. Ліквідаваў сепаратызм правадыроў плямёнаў, умацаваў дзяржаву махдзістаў, стварыў моцную армію. Узначаліў супраціўленне суданцаў англ. каланізатарам у 1896—98. Пасля перамогі англічан пры Амдурмане (вер. 1898) кіраўнік партыз. барацьбы. Забіты ў баі.

т. 1, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБУ́-БЕКР, Абдалах ібн Асман (572 ці 573 — жн. 634),

першы халіф [632—634] у Араб. халіфаце. Адзін з бліжэйшых паплечнікаў Мухамеда, разам з ім перасяліўся ў Медыну (622). Абраны халіфам пасля смерці Мухамеда. Задушыў паўстанні араб. плямёнаў, сепаратысцкія рухі ў Аравіі. Ваяваў супраць сасанідскага Ірана (633) і візантыйцаў у Палесціне (634).

т. 1, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА,

у старажытнаегіпецкай міфалогіі адзін з элементаў чалавечай існасці або адна з душ чалавека. Першапачаткова — увасабленне жыццёвай сілы багоў і цароў і іх магутнасці. Пазнейшыя міфы прыпісваюць наяўнасць К. ўсім людзям. Гэта духоўнае «другое я» кожнага чалавека, якое нараджаецца разам з ім, прадвызначае яго лёс і застаецца пасля яго смерці.

т. 7, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)