«Ляда», бел.нар. гульня. Вядома ўсім усх.-слав. народам. Верагодна, была прымеркавана да веснавых аграрна-магічных абрадаў, элементы якіх арганічна спалучаліся са шлюбнай сімволікай. Удзельнікі становяцца ў 2 рады (хлопцы насупраць дзяўчат) і, узяўшыся за рукі, спяваюць па чарзе: «Дзеўкі проса сеялі, сеялі» — «А мы проса вытапчам, вытапчам». Заканчваецца песня словамі: «Мы дзевачку забяром, забяром» — «Мы вам коней аддаём, аддаём». Затым хлопцы забіраюць дзяўчыну ў свой рад або ловяць удзельніка, які бяжыць паміж радамі («Ляда»). Гульня спыняецца, калі ўсе ўдзельнікі з аднаго рада пяройдуць у другі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТАПО́ЛК Ю́Р’ЕВІЧ (? — 19.4.1190),
князь тураўскі. Сын тураўскага кн.Юрыя Яраславіча. Упершыню ўпамінаецца ў 1156, калі князь Яраслаў Уладзіміравіч Асмамысл пасылаў С.Ю. да вял.кн. Юрыя Далгарукага прывесці ў Галіч зняволенага кн. Івана Расціславіча Бярладніка. Як князь тураўскі С.Ю. вядомы з 1162, калі хадзіў разам з інш. князямі выганяць са Слуцка Уладзіміра Мсціславіча. У 1168 С.Ю. удзельнічаў у вял. паходзе вял.кн. Мсціслава Ізяславіча на полаўцаў. У 1170 дапамагаў выгнанаму з Кіева Мсціславу Ізяславічу вярнуць свой трон. С.Ю. пахаваны ў Кіеве ў Міхайлаўскім Залатаверхім саборы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАЯ АРЦЕ́ЛЬ,
калектыўная сялянская гаспадарка; добраахвотнае аб’яднанне грамадзян для сумеснай вытв-сці с.-г. прадукцыі. Паводле цывільнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь грунтуецца на членстве яе ўдзельнікаў, якія абавязаны ўнесці свой паявы ўзнос, прымаць асабісты прац. ўдзел у дзейнасці арцелі і несці субсідыярную адказнасць па яе абавязацельствах. Прававое становішча С.а., правы і абавязкі іх членаў вызначаюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам аб вытв. кааператывах. Устаноўчым дакументам С.а. з’яўляецца статут, зацверджаны агульным сходам яе членаў. Вышэйшым органам кіравання С.а. з’яўляецца агульны сход, выканаўчымі органамі — праўленне і яго старшыня. Гл. таксама Калгас.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЙЛЯ ПІСЬМО́,
пісьмо для сляпых, заснаванае на рэльефна-кропкавым шрыфце. Распрацаваў франц. тыфлапедагог Л.Брайль. У аснове Б.п. ляжыць шрыфт Лана, складзены яшчэ ў сярэднія вякі на падставе 12 кропак. Брайль спрасціў гэтую сістэму, заснаваў свой шрыфт на камбінацыі 6 выпуклых кропак (для лічбаў — да 8). Б.п. дае магчымасць не толькі абазначаць літары, лічбы, знакі прыпынку, але і матэм., хім. і нават нотныя знакі. Першая кніга, надрукаваная Б.п., — «Гісторыя Францыі» (1837). Б.п. прыняты ва ўсіх краінах свету.
А.А.Кожынава.
Да арт.Брайля пісьмо: рускі алфавіт рэльефнага шрыфту Брайля (злева); лічбы паводле Брайля (уверсе справа); знакі прыпынку паводле Брайля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНАБАКО́ВАЯ ПАВЕ́РХНЯ,
паверхня, якая не мае двух розных бакоў, чым і адрозніваецца, напр., ад сферы, куба ці квадрата. Размешчаная ў прасторы аднабаковая паверхня з зафіксаваным на ёй пунктам неперарыўнай дэфармацыяй абарачальна ператвараецца ў такую, на якой праз гэты пункт будзе праходзіць некаторы замкнёны шлях (абход), уздоўж якога можна пабудаваць нармаль, што неперарыўна мяняе свой кірунак да паверхні; праходзячы гэты шлях, нармаль вяртаецца ў зыходны пункт з напрамкам, процілеглым першапачатковаму. Характарыстыка аднабаковай паверхні — яе неарыентаванасць (гл.Арыентацыя). Для трохмернай прасторы сапраўдна і адваротнае: кожная неарыентаваная паверхня будзе аднабаковай паверхняй. Прыклады аднабаковай паверхні: Мёбіуса ліст, Клейна паверхня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЦКІЯ ШКО́ЛЫ,
пачатковыя і сярэднія навучальныя ўстановы, якія ствараліся праваслаўнымі брацтвамі ў канцы 16—18 ст. на Беларусі, Украіне і ў Літве. Адыгралі значную ролю ў развіцці асветы. Былі адкрыты ў Вільні (каля 1584), Магілёве (1590), Брэсце (1591), Мінску (1612), Пінску, Слуцку, Кіеве, Луцку і інш. гарадах. Мелі свой статут, які вызначаў змест і арганізацыю навучання. Вывучаліся царк.-слав., грэч., руская (беларуская), лац., польская мовы, творы ант. мысліцеляў, майстэрства вершаскладання, музыка, арыфметыка, астраномія і інш. Брацкія школы мелі архівы і б-кі. Многія іх настаўнікі былі аўтарамі падручнікаў (С.Зізаній, Л.Зізаній, М.Сматрыцкі, Сімяон Полацкі), палемічных твораў (Л.Карповіч, С.Косаў і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЫНЕ́Ц (Мікалай Іванавіч) (н. 3.4.1921, в. Цалевічы Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. жывапісец. Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1940). Працуе ў жанры партрэта і пейзажа. Аўтар партрэтаў невядомага салдата (1946), франтавой медсястры (1949), мастакоў С.Андруховіча (1964) і Л.Лейтмана (1974), сына Мікалая (1985), лётчыка В.І.Коўзана (1990) і інш.; пейзажаў «Залатая восень», «Рэчка ў Чамярах» (1950), «Млын на Банцараўшчыне» (1955), «Універсітэцкі гарадок» (1995), «Раніца ў Белавежскай пушчы» (1996) і інш. У шматпланавым творы «Касмічная паэма» (1986—94) увасобіў свой погляд на мінулае, сучаснасць і будучыню чалавецтва, на суіснаванне чалавека і прыроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЫ́,
бел.нар. гульня. Колькасць удзельнікаў не абмежаваная. Гульцы выбіраюць вядучага — адгадчыка, які выходзіць у суседні пакой або адыходзіць убок. Кожны выбірае назву горада, і калі вяртаецца адгадчык, яму гавораць: «Гарадоў прыгожых многа, ты знайдзі да іх дарогу, лепшы горад выбірай ды хутчэй называй!» Вядучы адгадвае да трох разоў. Калі адгадае, мяняецца месцам з гаспадаром правільна названага горада, калі не — яму кажуць: «Ну і ад’язджай у свой...» (назва горада, што сказаў адгадчык). Вядучы адыходзіць, гульцы выбіраюць назвы інш. гарадоў, і гульня паўтараецца. Выбіраюць гарады адной краіны ці вобласці, аб чым паведамляецца адгадчыку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕМО́ЛІЗ (ад гема... + ...ліз),
працэс разбурэння чырвоных крывяных цельцаў (эрытрацытаў). У арганізме чалавека і жывёл адбываецца пастаянна як фізіял. працэс гібелі эрытрацытаў, што канчаюць свой жыццёвы цыкл; можа быць паталагічным (гемалітычная хвароба, гемалітычныя анеміі і інш). Эрытрацыты, якія старэюць, і тыя, што маюць дэфекты, разбураюцца ў селязёнцы, няспелыя — у касцявым мозгу, эрытрацыты са значнымі дэфектамі — у печані. Гэта ўнутрыклетачны гемоліз, дзе асн. вытворным з’яўляецца білірубін. Каля 10% эрытрацытаў у норме разбураюцца ўнутры сасудзістага рэчышча, дзе б.ч. гемаглабіну разбураных эрытрацытаў злучаецца са спецыфічным бялком — гаптаглабінам, а лішак трапляе ў ныркі і выдзяляецца з мачой (гемаглабінурыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БАВЫ ПРО́ФІЛЬ,
вертыкальны разрэз глебавай тоўшчы ад паверхні да мацярынскай пароды. Мае слаістую будову, утварае сукупнасць генетычна ўзаемазвязаных глебавых гарызонтаў і падгарызонтаў. Магутнасць ад дзесяткаў сантыметраў да некалькіх метраў. Паводле глебавага профілю вызначаюцца назвы глеб і іх месца ў глебавай класіфікацыі. Адрозніваюць прыродныя і змененыя дзейнасцю чалавека глебавыя профілі (меліяраваныя, акультураныя і інш.). Кожны від глебы мае свой спецыфічны глебавы профіль і яго будову. Паводле характару суадносін глебавых гарызонтаў глебавыя профілі падзяляюць на простыя і складаныя, сярод якіх вылучаюць некалькі тыпаў будовы: прымітыўныя, нармальныя, слабадыферэнцыраваныя, парушаныя (эрадзіраваныя і перагорнутыя), рэліктавыя і інш.