Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́ТРАНА-РАКЕ́ТНЫ РУХАВІ́К,
камбінаваны рэактыўны рухавік, у якім спалучаюцца рабочыя цыклы паветрана-рэактыўнага рухавіка і ракетнага рухавіка. Бываюць ракетна-праматочныя, у якіх ажыццяўляюцца цыклы праматочнага паветрана-рэактыўнага рухавіка і вадкаснага ракетнага рухавіка, і ракетна-турбінныя, у якіх ажыццяўляюцца цыклы турбарэактыўнага і вадкаснага ракетнага рухавіка. Могуць выкарыстоўвацца для паветрана-касм. лятальных апаратаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ДКАСНЫ РАКЕ́ТНЫ РУХАВІ́К,
ракетны рухавік, які працуе на вадкім паліве; асн. тып рухавікоў касм. апаратаў. Схему рухавіка распрацаваў К.Э.Цыялкоўскі (1903). Адрозніваюць асноўныя (для разгону ракеты) і дапаможныя (рулявыя, тармазныя і інш.). У залежнасці ад акісляльніку бываюць кіслародныя, азотнакіслотныя, фторныя і інш. Гаручае — газа, вадарод, аміяк і інш.
Складаецца з камеры згарання, рэактыўнага сапла, сістэм сілкавання, рэгулявання падачы і ўзгарання паліва і дапаможных агрэгатаў. Сістэма сілкавання палівам — выцясняльная (газабалонная) ці турбапомпавая. Гаручае і акісляльнік змешваюцца і ўзгараюцца ў камеры, адкуль газавы струмень праз сапло з вял. скорасцю выкідваецца ў навакольнае асяроддзе і стварае цягу. Асн. ахалоджванне камеры ажыццяўляецца цёкам гаручага па каналах у сценцы. У сучасных вадкасных ракетных рухавіках выкарыстоўваецца двухкампанентнае ракетнае паліва (складаецца з акісляльніку і гаручага, якія захоўваюцца ў асобных баках) і аднакампанентнае (вадкасць, здольная да каталітычнага раскладання). Выкарыстоўваюцца таксама ў балістычных ракетах далёкага дзеяння, зенітных кіроўных ракетах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́ТРАНА-РЭАКТЫ́ЎНЫ РУХАВІ́К (ПРР),
рэактыўны рухавік, у якім для гарэння паліва выкарыстоўваецца кісларод атмасфернага паветра, што ўсмоктваецца ў камеру згарання. Пры выкарыстанні хім. паліва кісларод паветра служыць акісляльнікам, што абумоўлівае высокую эканамічнасць ПРР у параўнанні з хім. ракетнымі рухавікамі.
Паводле спосабу сціскання паветра, што паступае ў камеру згарання, ПРР падзяляюцца на бескампрэсарныя і кампрэсарныя. У бескампрэсарных ПРР сцісканне адбываецца ў паветразаборніку за кошт кінетычнай энергіі набягаючага паветр. патоку. Да такіх рухавікоў адносяцца праматочныя ПРР (згаранне паліва ў іх адбываецца ў скразным — праматочным канале; выкарыстанне іх мэтазгодна ў апаратах са звышгукавымі скарасцямі палёту, а для разгону патрэбны дадатковы рухавік) і пульсуючыя (згаранне паліва адбываецца кароткімі паслядоўнымі ўспышкамі; могуць развіваць цягу на месцы; апараты з такімі рухавікамі не патрабуюць сілавых стартавых паскаральнікаў). У кампрэсарных ПРР сцісканне паветра, акрамя паветразаборніка, робіцца спец. кампрэсарамі. Такімі рухавікамі з’яўляюцца турбарэактыўныя рухавікі і турбавінтавыя рухавікі. Да ПРР адносяцца таксама некаторыя камбінаваныя рухавікі (напр., турбапраматочныя). Цяга ПРР залежыць ад вышыні і скорасці палёту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУХАВІ́К УНУ́ТРАНАГА ЗГАРА́ННЯ,
від цеплавога рухавіка, у якім хім. энергія, выдзеленая пры згаранні паліва, пераўтвараецца ў мех. энергію або ў кінетычную энергію рэактыўнага струменя. Падзяляюцца на поршневыя, газатурбінныя рухавікі і рэактыўныя рухавікі.
Поршневыя Р.ў.з. маюць крывашыпна-шатунны (ці ротарны; гл.Ротарная машына) і газаразмеркавальны механізмы, сістэмы сілкавання, запальвання, ахаладжэння, змазкі і рэгулявання. Бываюць 2- і 4-тактавыя (найб. пашыраны). Акрамя таго, адрозніваюць газавыя рухавікі і рухавікі вадкага паліва (лёгкага, напр., бензіну і цяжкага, напр., дызельнага), а таксама рухавікі з унутр. і знешнім сумесеўтварэннем. Да Р.у.з. адносяць карбюратарныя (гаручая сумесь утвараецца ў карбюратары), помпава-карбюратарныя (сумесь утвараецца ва ўсмоктвальным трубаправодзе, куды паліва ўпырскваецца помпай) і газазмяшальныя (сумесь газавага паліва і паветра ўтвараецца ў газазмяшальніку). Запальванне ў такіх рухавіках прымусовае ад іскры ці факела. У рухавіках з унутр. сумесеўтварэннем запальванне гаручай сумесі ажыццяўляецца ад напаленай дэталі камеры згарання (каларызатара) ці ад нагрэтага сціснутага паветра (гл.Дызель). Р.ў.з. выкарыстоўваюцца на аўтамаб., чыг. і марскім транспарце, у ваеннай справе, энергетыцы і інш.
Літ.:
Двигатели внутреннего сгорания: Теория поршневых и комбинированных двигателей. 4 изд. М., 1983.
Я.А.Старадзетка, Ч.Б.Драбышэўскі.
Схема работы двухтактнага рухавіка ўнутранага згарання: а — сцісканне гаручай сумесі ў цыліндры і запаўненне крывашыпнай камеры; б — прадуўка прадзіманне* і выпуск; 1 — цыліндр; 2 — карбюратар; 3 — упускное акно; 4 — выпускное акно; 5 — крывашыпная камера.Схема работы чатырохтактнага карбюратарнага рухавіка ўнутранага згарання: 1 — упусканне; 2 — сцісканне; 3 — рабочы ход; 4 — выпусканне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ТА (Otto) Нікалаўс Аўгуст [10.6.1832, г. Гольцгаўзен, Германія — 26.1.1891], нямецкі канструктар і прадпрымальнік. Скончыў рэальнае вучылішча (1848). Разам з інж. Э.Лангенам стварыў атм.рухавікунутр. згарання (1867). Пабудаваў 4-тактавы газавы рухавік (1876). Прапанаваў сістэму эл. запальвання (1884), што дало магчымасць выкарыстоўваць у рухавіках вадкае паліва. Рухавік О. атрымаў шырокае выкарыстанне.