БАХРУ́ШЫН (Аляксей Аляксандравіч) (31.1.1865, Масква — 7.6.1929),

рускі тэатр. дзеяч. На аснове сабраных ім матэрыялаў па гісторыі рус. т-ра ў 1894 стварыў музей (гл. Тэатральны музей імя Бахрушына). З 1918 старшыня музейна-архіўнай секцыі пры Тэатр. аддзеле Наркамасветы РСФСР.

А.А.Бахрушын.

т. 2, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАКРЫ́ШКІН (Пётр Пятровіч) (1870—1921),

рускі архітэктар і рэстаўратар. Акад. архітэктуры (1909). Вывучаў і рэстаўрыраваў помнікі, у т. л. на Беларусі: Полацкі Сафійскі сабор (1909), Супрасльскую царкву-крэпасць, Лідскі замак (1908—10), Гродзенскую Барысаглебскую царкву (упершыню зрабіў рэканструкцыю гэтага храма, 1904—06).

т. 11, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАБАДА́ (Андрэй Мітрафанавіч) (26.6.1871, г. Швенчоніс, Літва — 1.1.1931),

украінскі фалькларыст, этнограф і літ.-знавец. Акад. АН Украіны (1922). Чл.-кар. АН СССР (1923). Скончыў Кіеўскі ун-т (1894), з 1898 у ім працаваў (з 1904 праф.) У 1921—30 кіраваў Этнагр. камісіяй АН Украіны. У 1923—28 віцэ-прэзідэнт АН Украіны. Аўтар прац пра слав. эпас, гісторыю рус. і ўкр. л-ры, т-р, этнаграфію, краязнаўства: «Рускі валатоўскі эпас» (1896), «Народнасць у рускай музычнай драме сто гадоў назад» (1899), «Рускія быліны пра сватанне» (1902—04), «П.​А.​Куліш — этнограф» (1918), «Краязнаўства на Украіне», (1925), «Лёсы этнаграфіі на Украіне ў 1917—1925 гг.» (1926) і інш. Даследаваў бел. фальклор («Беларуская народная паэзія і рускі былінны эпас», 1895).

Літ.:

Музиченко С. Андрій Лобода // Народна творчість та етнографія. 1971. № 3.

І.​У.​Саламевіч.

т. 9, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯ́ТНІЦКІ (Мітрафан Яфімавіч) (3.7.1864, с. Аляксандраўка Варонежскай вобл., Расія — 21.1.1927),

рускі збіральнік і выканаўца нар. песень. Засл. арт. Рэспублікі (1925). Вучыўся ў духоўным вучылішчы ў Варонежы, браў урокі спеваў у Л.​Абразцова, К.​Эверардзі. З 1903 чл. Муз.-этнагр. камісіі пры Маскоўскім т-ве аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі. Выконваў рус. нар. песні ў канцэртах камісіі. Вёў навук.-этнагр. работу. Запісваў песні з голасу і пры дапамозе фанографа (каля 400 песень пераважна варонежскіх; часткова апубл. ў 1904 і 1914). У 1910 стварыў хор з нар. спевакоў Варонежскай і Разанскай губ. (з 1927 хор яго імя, гл. Рускі народны хор імя М.​Я.​Пятніцкага). У 1921—25 выкладаў спевы ў студыі МХТ. Сабраў вял. калекцыю нар. інструментаў і касцюмаў.

Літ.:

Казьмин П.М. Страницы из жизни М.​Е.​Пятницкого. М., 1961.

т. 13, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РМА,

рускі дойлід 16 ст. У 1555—60 з І.​Поснікам (паводле некаторых меркаванняў, Барма і Поснік — адна і тая ж асоба) стварыў у Маскве на Краснай плошчы унікальны помнік архітэктуры — Пакроўскі сабор (гл. Васіля Блажэннага храм).

Літ.:

Брунов Н.И. Мастера древнерусского зодчества. М., 1953.

т. 2, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́МУТ-МАЛІНО́ЎСКІ (Васіль Іванавіч) (13.3.1779, С.-Пецярбург — 28.7.1846),

рускі скульптар-манументаліст. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1785—1800) у М.І.Казлоўскага, выкладаў там у 1808—36; праф. з 1813, рэктар па аддзеле скульптуры з 1836. Пенсіянер АМ у Рыме (1803—06). Выканаў разам з С.​С.​Піменавым аздабленне ў стылі ампір шэрагу арх. збудаванняў. Аўтар манум.-дэкар. скульптурнай групы «Выкраданне Празерпіны» перад гал. фасадам Горнага ін-та (1809—11), барэльефаў Міхайлаўскага палаца (цяпер Рускі музей, 1823—25), скульпт. групы на атыку Гал. штаба на Дварцовай пл. (1827—28, усе ў Пецярбургу) і інш. Творам уласцівы гераічны лад вобразаў, урачысты рытм і яснасць кампазіцыйных вырашэнняў, арган. адзінства з архітэктурай. Працаваў у станковай (у т. л. партрэтнай) і надмагільнай пластыцы (надмагіллі М.​І.​Казлоўскага, 1802—03; М.​Б.​Барклая дэ Толі, 1823, і інш.).

В.Дэмут-Маліноўскі. Надмагілле М.​І.​Казлоўскага. 1802—03.

т. 6, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕГА́Т (Мікалай Густававіч) (27.12.1869, Масква — 24.1.1937),

расійскі артыст балета, педагог, балетмайстар. Скончыў Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1888), выкладаў у ім у 1896—1914. З 1888 вядучы класічны танцоўшчык, з 1910 гал. балетмайстар Марыінскага т-ра. Валодаў бездакорнай тэхнікай і акцёрскім дараваннем. Сярод партый: Зігфрыд, Дэзірэ («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Альберт («Жызэль» А.​Адана), Базіль («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Жан дэ Брыен («Раймонда» А.​Глазунова), Арлекін, Лука («Арлекінада», «Чароўная флейта» Р.​Дрыга), Франц («Капелія» Л.​Дэліба). З 1922 у эміграцыі. Выкладаў у трупе Рускі балет Дзягілева (1925—26). Адкрыў школу ў Лондане (1923). Сярод вучняў: Г.Паўлава, М.Фокін, Т.Карсавіна, В.Ніжынскі, А.Ваганава, Ф.Лапухоў, М.Фантэйн і інш. Аўтар кн. «Апавяданне пра рускую школу» (1932), альбома «Рускі балет у карыкатурах» (1903, з С.​Легатам).

Літ.:

Красовская В.М. Русский балетный театр начала XX в. [Ч. 1]. Хореографы. Л., 1971;

Кшесинская М. Воспоминания. М., 1992.

т. 9, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЯ́Н,

легендарны рускі пясняр (11—12 ст.). Упершыню згадваецца ў «Слове пра паход Ігаравы», аўтар якога называе яго ўнукам Вялеса (язычніцкага Бога ўсіх славян), з пашанай гаворыць пра яго паэтычнае майстэрства. Паводле меркаванняў, Баян быў дружыннікам кн. Святаслава Яраславіча і складаў песні-«славы» ў гонар князя і яго дружыны.

т. 2, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМВРО́СІЙ (1426 або каля 1430 — каля 1494),

рускі разьбяр і ювелір. Працаваў у Троіцка-Сергіевай лаўры. Створаны ім разьбяны абразок-складзень з выявай Тройцы (1456) — выдатны помнік стараж.-рус. мініяцюры. У гэтым творы, а таксама ў работах інш. майстроў, што працавалі з Амвросіем, прыкметны ўплыў А.Рублёва.

А.​К.​Лявонава.

т. 1, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯСТУ́ЖАЎ-РУ́МІН (Канстанцін Мікалаевіч) (26.5.1829, с. Кудрашкі Ніжагародскай губ. — 14.1.1897),

рускі гісторык. Скончыў Маскоўскі ун-т (1851). З 1865 праф. Пецярбургскага ун-та, з 1890 акадэмік. У 1878—82 узначальваў Вышэйшыя жаночыя курсы ў Пецярбургу (Бястужаўскія). Чл. Археаграфічнай камісіі, Рус. геагр. т-ва і інш. Распрацоўваў пытанні крыніцазнаўства, шматлікія працы прысвечаны пытанням гістарыяграфіі.

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)