ПОЛІМЕТАЛІ́ЧНЫЯ РУ́ДЫ,

свінцова-цынкавыя руды, комплексныя руды, кампаненты якіх — свінец (Pb) і цынк (Zn), спадарожныя — медзь, золата, серабро, кадмій, радзей вісмут, волава, індый і галій. У некат. П.р. прамысл. каштоўнасць маюць барыт, флюарыт і сера. Гал. рудныя мінералы П.р. — галеніт, сфалерыт, таксама прысутнічаюць пірыт, халькапірыт, радзей арсенапірыт, касітэрыт і бляклыя руды. Колькасць асн. кампанентаў у прамысл. радовішчах П.р. змяняецца ад некалькіх працэнтаў да 10% і больш. Колькасныя суадносіны свінцу і цынку ў рудах радовішчаў розных тыпаў вагаюцца ў шырокіх межах, да ўтварэння ўласна цынкавых, радзей свінцовых руд. Звычайная колькасць свінцу ў рудах 1—2%, цынку — 2—4%. Паводле сумарнай колькасці свінцу і цынку П.р. падзяляюцца на багатыя (больш за 7%), радавыя (4—7%) і бедныя (2—4%). Радовішчы П.р. падзяляюцца на дробныя (з запасамі менш за 0,5 млн. т сумы металаў), сярэднія (0,5—2 млн. т), буйныя (2—10 млн.т) і унікальныя (больш за 10 млн. т). Першасныя П.р. фарміраваліся ў розныя геал. эпохі (ад дакембрыю да кайназою) шляхам крышталізацыі з гідратэрмальных раствораў. Паводле ўмоў утварэння падзяляюцца на экзагенна-эндагенныя (часцей пластавыя, сярод асадкава-вулканагенных і тэрыгенна-флішоідных адкладаў) і эндагенныя (жылы, ўкрапанікі ў карбанатных пародах). Другасныя (акісленыя) П.р. ўтвараюцца у выніку выветрывання паверхневых ч. рудных цел (да глыб. 100—200 м). Найб. радовішчы ў Канадзе (Пайн-Пойнт), ЗША, Аўстраліі і інш.

т. 12, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РГАНЦАВЫЯ РУ́ДЫ,

прыродныя мінер. ўтварэнні, якія выкарыстоўваюць для прамысл. здабычы марганцу, які прысутнічае ў рудах у выглядзе аксідных злучэнняў, карбанатаў, сілікатаў. Гал. мінералы: браўніт (62,5%), гаўсманіт (60%), манганіт (62,5%), піралюзіт (63,2%), псіламелан (45—60%) і інш. Генетычна радовішчы М.р. падзяляюцца на асадкавыя, вулканагенныя, метамарфізаваныя і кор выветрывання. Сярэдняя колькасць марганцу ў М.р.: у асадкавых радовішчах 23,4—52% (аксідныя псіламелан-піралюзітавыя і манганітавыя руды) і 11,4—25,2% (карбанатныя радахразітныя і мангана-кальцытавыя); у радовішчах кары выветрывання 40,4—57,3% (астаткавыя). Асн. запасы М.р. на Украіне, у Грузіі, Казахстане, Паўд. Афр. Рэспубліцы, Аўстраліі, Габоне, Бразіліі, Індыі, Гане, таксама на дне Ціхага, Індыйскага і Атлантычнага акіянаў.

У.​Я.​Бардон.

т. 10, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́РНЫЯ РУ́ДЫ,

прыродныя і мінеральныя ўтварэнні, сыравіна для атрымання бору і інш. карысных кампанентаў. Прадстаўлены баратамі (пераважна натрыю, кальцыю, магнію), борасілікатамі і інш. мінераламі. Частку борных руд выкарыстоўваюць як угнаенні або перапрацоўваюць у борасуперфасфаты. Буйнейшыя радовішчы ў КНР, ЗША, Турцыі, Аргенціне, КНДР, Перу, Чылі.

т. 3, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРЫ́ЛІЕВЫЯ РУ́ДЫ,

прыродныя мінер. ўтварэнні, якія маюць берылій у колькасцях, дастатковых для прамысл. атрымання. Гал. мінералы: берыл, фенакіт, бертрандыт, гельбертрандыт, хрызаберыл, гельвін, гентгельвін, эўклаз, лейкафан і інш. Радовішчы эндагенныя постмагматычныя. Аксіду берылію BeO у берыліевых рудах ад 0,05—0,09 да 0,7%. Радовішчы ў Бразіліі, Аргенціне, ЗША, Мексіцы, ПАР і інш.

т. 3, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛА́ЦІНАВЫЯ РУ́ДЫ,

прыродныя мінеральныя ўтварэнні, якія змяшчаюць плацінавыя металы ў прамысл. канцэнтрацыях. Гал. мінералы: плаціна самародная, паліксен, фераплаціна, плаціністы ірыдый, неўянскіт, сысерцкіт і інш. Карэнныя радовішчы пераважна магматычнага паходжання, маюць канцэнтрацыі плаціны ад доляў грама да некалькіх кілаграм на тону. Гал. здабыўныя краіны: Паўд. Афрыканская Рэспубліка, ЗША, Зімбабве, Канада, Калумбія.

т. 12, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНА́ДЫЕВЫЯ РУ́ДЫ,

прыродныя мінеральныя ўтварэнні, сыравіна для атрымання ванадыю. Гал. мінералы ванадыевых руд: ванадыніт, дэклуазіт, купрадэклуазіт, карнатыт і інш. Радовішчы магматычныя, кантактава-метасаматычныя, гідратэрмальныя, большасць — комплексныя, з іх атрымліваюць таксама жалеза, тытан, уран, свінец, цынк, медзь, алюміній, фосфар. Колькасць V2O5 у рудзе ад 0,1 да 29%. Буйнейшыя радовішчы ў ПАР, ЗША, Фінляндыі, Намібіі, Чылі.

т. 3, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІО́БІЕВЫЯ РУ́ДЫ,

прыродныя мінеральныя ўтварэнні, якія выкарыстоўваюць ў прам-сці для здабычы ніобію. Звычайна трапляюцца з танталавымі рудамі. Гал. рудныя мінералы ніобію: пірахлор (40—80% аксіду ніобію Nb2O5, калумбіт (50—78%) і лапарыт (7—20%). Н.р. падзяляюцца на ўласна ніобіевыя і тантала-ніобіевыя. Паходжанне магматычнае, пнеўматаліта-гідратэрмальнае, метасаматычнае, экзагеннае. Спадарожна ніобій здабываюць з пегматытаў, якія змяшчаюць тантала-ніабаты.

т. 11, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЬФРА́МАВЫЯ РУ́ДЫ,

прыродныя мінеральныя ўтварэнні, сыравіна для атрымання вальфраму. Гал. мінералы: вальфраміт (74—76% WO3), шэеліт (80% WO3), гюбнерыт. Мінім. колькасць WO3 у рудзе 0,4—0,5%. Асн. прымесі: малібдэн, волава, берылій, золата, медзь, свінец, цынк і інш. Радовішчы вальфрамавых руд эндагенныя (пегматытавыя, скарнавыя, грэйзенавыя, гідратэрмальныя) і экзагенныя (дэлювіяльныя і алювіяльныя россыпы). Буйныя радовішчы ў Расіі, ЗША, Паўд. Карэі, КНР, Аўстраліі, Балівіі, Канадзе, Турцыі.

т. 3, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛІБДЭ́НАВЫЯ РУ́ДЫ,

прыродныя мінер. ўтварэнні, якія выкарыстоўваюць для прамысл. здабычы малібдэну і яго злучэнняў. Змяшчаюць 0,06—1% і больш малібдэну, у комплексных рудах 0,001—0,01%. Абагачаюцца метадам флатацыі (у канцэнтраце да 89 % малібдэну). Гал. мінерал — малібдэніт, выкарыстоўваюць таксама вульфеніт, павяліт і ферымалібдыт. Сярод М.р. вылучаюць малібдэнавыя, медна-малібдэнавыя і вальфраммалібдэнавыя прамысл. тыпы. Радовішчы пераважна эндагенныя: гідратэрмальныя, скарнавыя і грэйзенавыя. Радовішчы ў Расіі, ЗША, Канадзе, Чылі, Кітаі, Мексіцы, Аўстраліі і інш.

т. 10, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫШ’ЯКО́ВЫЯ РУ́ДЫ,

прыродныя мінер. ўтварэнні, якія выкарыстоўваюцца ў прам-сці для здабычы мыш’яку. У прыродзе вядома больш за 120 мінералаў мыш’яку, гал. з іх арсенапірыт (да 46% As, часта з прымессю золата), лёлінгіт (да 72,8% As), рэальгар (да 70,1% As) і аўрыпігмент (да 61% As). Пераважна мыш’як здабываюць спадарожна з поліметал. руд у комплексе з золатам, серабром, свінцом, меддзю, кобальтам, волавам і інш. Паходжанне эндагеннае (гідратэрмальнае, метасаматычнае). Радовішчы ў Расіі, ЗША, Швецыі, Мексіцы, Японіі, Балівіі і інш.

т. 11, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)