тэмпературная шкала, устаноўленая Міжнар. к-там мер і вагі ў 1968 на аснове 11 першасных узнаўляльных тэмпературных пунктаў (рэперных пунктаў; напр., трайны пункт вады, пункты кіпення неону, зацвердзявання серабра), кожнаму з якіх нададзена пэўнае значэнне т-ры. Адрозніваюць міжнар. практычныя т-ры Кельвіна (T68) і Цэльсія (t68), пры гэтым t68 = T68−273,15 К, 1 °C = 1 К. Т-ра, вызначаная па МПТШ-68, у межах хібнасцей вымярэнняў супадае з т-рай па тэрмадынамічнай шкале, якая прынята ў фізіцы за асноўную.
графічнае адлюстраванне залежнасці паміж параметрамі стану фіз.хім. сістэмы (т-ра, ціск) ці паміж імі і некаторымі інш. яе параметрамі (саставам, структурай, канцэнтрацыяй). Звычайна Д.с. паказвае сувязь паміж т-рай, ціскам і саставам сістэмы, калі ў ёй больш чым адзін кампанент. Д.с. аднакампанентнай сістэмы паказвае сувязь паміж ціскам і т-рай.
Д.с. розных сістэм будуюцца на аснове эксперыменту метадамі фізіка-хімічнага аналізу. На Д.с. вады на гарыз. восі адкладваюцца т-ры (у градусах Кельвіна), на вертыкальнай — ціск (у паскалях). У т.зв. трайным пункце (т-ра 273,16 К і ціск 611 Па) сістэма складаецца з лёду, вады і пары, якія знаходзяцца ў раўнавазе. Лініі дыяграмы адлюстроўваюць стан раўнавагі: 1 — лёду з парай, 2 — лёду з вадой, 3 — вады з парай. У т.зв. палях паміж лініямі сістэма складаецца з рэчыва H2O толькі ў адным агрэгатным стане (лёд, вада, пара). З дапамогай Д.с. вызначаюць т-ру плаўлення сплаваў, выбіраюць т-ру гарачай апрацоўкі ціскам, устанаўліваюць рэжымы тэрмічнай апрацоўкі сплаваў, ствараюць сплавы з загадзя зададзенымі ўласцівасцямі і інш.
Літ.:
Захаров А.М. Диаграммы состояния двойных и тройных систем. 3 изд. М., 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДЗІЛО́ВІЧ (Аляксандр Фауставіч) (26.2.1829, в. Жэрчыцы Бельскага пав. Беластоцкай вобл. — пасля 1870),
удзельнік рэв. руху 1860-х г. Скончыў Полацкую духоўную семінарыю (1853), але ад кар’еры святара адмовіўся. З 1854 на вайск. службе, у 1859 атрымаў афіцэрскі чын. На пач. 1860-х г. актыўны дзеяч падп.Камітэта рускіх афіцэраў у Польшчы. У пач. 1863 арыштаваны ў сувязі са знойдзенай у яго нелегальнай л-рай і з вер. 1863 у адстаўцы ў чыне падпаручніка. За правоз зброі ў лют. 1864 арыштаваны ў Дынабургу (цяпер Даўгаўпілс) і высланы ў Пермскую губ. Па амністыі 1867 вызвалены, пасяліўся ў Польшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУШ (франц. douche ад італьян. doccia вадасцёкавая труба),
прылада для аблівання цела тонкімі вадзянымі струменямі. Таксама гігіенічная і лячэбная водная працэдура, якая заключаецца ва ўздзеянні на цела чалавека струменяў вады рознай т-ры і ціску.
Выкарыстоўваюць Д. халодны (т-ра ніжэй за 20 °C), субхалодныя (да 34 °C), індыферэнтныя (34—36 °C), цёплыя (38—39 °C), гарачыя (40 °C і вышэй), кантрастныя (з пераменнай т-рай 10—25 і 45 °C); з лек.-прафілакт. мэтамі выкарыстоўваюць звычайна дажджавы, ігольчасты, пылавы, цыркулярны, узыходны, Д. Шарко, шатландскі; ціск вады ад 0,3 да 4 атм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІШ (Алена Андрэеўна) (1896, в. Лен ша Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 1949),
бел.нар. мастачка. Рабіла маляваныя дываны з казачна-экзатычнымі сюжэтамі («Ліст да каханага», «Дзева на водах», «Рай», «У райскім садзе» і інш.), адметныя кампазіцыйным майстэрствам, своеасаблівым бачаннем і унікальнай вобразнасцю; у іх яскрава выявіўся наіўна-рэаліст. характар творчасці мастачкі. Блізкасць да традыцый мясц.нар. размалёўкі выявілася ў дэкаратыўнасці прапрацаваных дэталяў, лакальнасці колераў, шырокім выкарыстанні расл. элементаў, акаймоўцы дываноў. Іл.гл. таксама да арт.Дываны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАПІ́ЎНІЦА,
рэакцыя арганізма на энда- і экзагенныя раздражняльнікі, якая праяўляецца раптоўнай высыпкай на скуры (іншы раз на слізістай гартані) і моцным свербам. Абумоўлена апёкамі крапівой і інш. раслінамі, укусамі насякомых, дзеяннем тэмпературных, хім., харч., фіз. (холад, сонца і інш.), мех., нерв., эндакрынных, мікробных фактараў, павышанай адчувальнасцю да медыкаментаў, стомленасцю, страўнікава-кішачнымі інтаксікацыямі, гліснымі інвазіямі, хваробамі крыві, парушэннямі абмену рэчываў і інш. Працякае востра (пухіры ўзнікаюць раптоўна, знікаюць праз мінуты ці гадзіны) і хранічна (высыпка або яе рэцыдывы цягнуцца тыдні ці месяцы), іншы раз з дрыжыкамі, ліхаманкай, недамаганнем, павышанай т-рай цела. Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́СУХА,
перыяд працяглага (1—2 месяцы) недахопу ападкаў, які суправаджаецца павышанай т-рай паветра і паніжанай вільготнасцю паветра і глебы. Бывае пры антыцыкланальным надвор’і. Прыводзіць да зніжэння і нават гібелі ўраджаю с.-г. культур. Адрозніваюць атмасферную і глебавую З. Найчасцей здараецца ў трапічных абласцях, у зоне стэпаў і паўпустынь, радзей у лесастэпавай, звычайна летам, а таксама ў канцы вясны і пач. восені. Для барацьбы з З. выкарыстоўваюць штучнае арашэнне, снегазатрыманне і інш. агратэхн. прыёмы. накіраваныя на захаванне вільгаці ў глебе. На Беларусі 1 месяц бывае засушлівы раз у 5—10 гадоў, 2 месяцы запар — раз у 10—15 гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫКЛАДНО́Е ТЭЛЕБА́ЧАННЕ,
комплекс тэлевізійнай апаратуры для перадачы і прыёму візуальнай інфармацыі для навук., арганізац., вытв. і інш. прыкладных мэт. У адрозненне ад вяшчальнага тэлебачання П.т. разлічана на прыём відарыса абмежаванай колькасцю прыёмнікаў і з’яўляецца замкнёнай тэлевізійнай сістэмай.
Бывае чорна-белае, каляровае, мона- і стэрэаскапічнае, шматракурснае і галаграфічнае. Кіраванне тэлевізійнай перадавальнай камерай, як правіла, дыстанцыйнае. Лінія сувязі (кааксіяльны кабель, аптычнае валакно, радзей радыёлінія) перадавальнай і прыёмнай апаратуры мае невял. працягласць. Параметры сістэм П.т. вызначаюцца галіной іх выкарыстання. Апаратура П.т. можа ўстанаўлівацца ў агрэсіўных асяроддзях, пад вадой, у месцах з павышанай радыяцыяй, высокай т-рай і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСФАЛЬТАБЕТО́Н, асфальтавы бетон,
будаўнічы матэрыял, які атрымліваюць ушчыльненнем спецыяльна прыгатаванай у нагрэтым стане сумесі друзу, пяску, мінер. парашку і бітуму. Для надання асфальтабетону аднароднасці і паляпшэння яго якасці ў сумесь дабаўляюць таксама паверхнева-актыўныя рэчывы.
Адрозніваюць асфальтабетон гарачы — мае ў сабе вязкі бітум і ўкладваецца пры т-ры не ніжэй за 120 °C; цёплы — малавязкі, з т-рай укладкі 40—85 °C, халодны — з вадкім бітумам, які ўкладваецца пры т-ры навакольнага асяроддзя, але не ніжэй за 10 °C. Асфальтабетон бывае буйна-, дробназярністы і пясчаны (памеры зерня 40, 20 і 5 мм адпаведна). Выкарыстоўваецца для буд-ва пакрыццяў і асновы аўтамабільных дарог, аэрадромаў, гарадскіх вуліц і плошчаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЁК,
пашкоджанне тканак арганізма, якое выклікаецца высокай т-рай (тэрмічны апёк), хім. сродкамі (хімічны апёк), электрычным токам (электрычны апёк), сонечнымі і рэнтгенаўскімі прамянямі (сонечны і радыяцыйны апёк). У чалавека і жывёл адрозніваюць 4 ступені апёку: 1-я — пачырваненне скуры, ацёк; 2-я — узнікненне пухіроў; 3-я — амярцвенне скуры на ўсю таўшчыню; 4-я — амярцвенне падскурнай тлушчавай клятчаткі, мышцаў і касцей (абвугліванне). Лячэнне залежыць ад памераў апечанай паверхні, агульнага стану арганізма і г.д., уключае барацьбу з шокам, хірург. апрацоўку апечаных месцаў, тэрапеўтычныя метады. У раслін бываюць апёкі кары (напр., сонечны апёк пладовых дрэў), лісця і пладоў пры няправільным карыстанні ядахімікатамі, пашкоджанні грыбковымі і бактэрыяльнымі хваробамі.