Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЯНО́К (Сяргей Уладзіміравіч) (н. 31.5.1954, пас. Баярка Кіеўскай вобл.),
бел. графік. Скончыў Львоўскі паліграф.ін-т імя І.Фёдарава (1980). У 1980—89 маст. рэдактар выд-ва «Універсітэцкае». Аформіў кнігі: «Прадаецца планета» (зборнік фантастыкі), «Люлька для кошкі» К.Вонегута, «Выбранае» М.Булгакава і інш. Аўтар твораў: «Птушка, якая п’е ваду з лужыны», «Кавалачак памяці» (абодва 1985), «Выпадковае танга» (1988) і інш., у якіх паэтычная летуценнасць мастака, яго ўяўленне пра шчасце, гармонію чалавека і прыроды, налёт лёгкага смутку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЯ САВА́, палярная сава (Nyctea scandiaca),
птушкасям. савіных атр. совападобных. Пашырана кругапалярна, характэрна для Арктыкі і Субарктыкі: у тундрах Еўразіі, Паўн. Амерыкі і на а-вах Паўн. Ледавітага ак. Вандроўная птушка. На Беларусі вельмі рэдкі зімуючы від.
Даўж. цела 56—65 см, маса 1,4—2,5 кг. Самкі большыя за самцоў. Апярэнне белае з бураватымі стракацінамі розных памераў або э бурымі папярочнымі палоскамі. Самцы больш светлыя, чым самкі, зрэдку зусім белыя. Дзюба і кіпцюры чорныя. Радужына ярка-жоўтая. Гняздо на зямлі ў выглядзе ямкі. Корміцца мышападобнымі грызунамі, птушкамі, зайцамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУМКА́Ч, груган (Corvus corax),
птушкасям. крумкачовых. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. і Цэнтр. Амерыцы, Паўн. Афрыцы. Жыве ў лясах, гарах, пустынях. На Беларусі трапляецца ўсюды: на палях, каля населеных месцаў, трымаецца невял. (да 10 асобін) чародамі, у час гнездавання — у хваёвых лясах парамі. Нар. назвы воран, крук.
Самая буйная птушка ў атр. вераб’інападобных: даўж. да 70 см, маса да 1,6 кг. Апярэнне чорнае, з сінім, зеленаватым ці фіялетавым метал. адлівам. Пёры валля падоўжаныя, ланцэтападобныя. Дзюба моцная, чорная. Усёедны, пераважае жывёльны корм. Гняздуецца на дрэвах, скалах. Нясе 4—6 яец.